БЕРАСЦЕ́ЙСКАЯ СУСТРЭ́ЧА 1409,

перагаворы паміж каралём Польшчы Ягайлам і вял. князем ВКЛ Вітаўтам у час Вялікай вайны 1409—11. Адбылася ў снеж. 1409 у Брэсце (Берасці). Прысутнічаў хан Джэлаладдзін (сын хана Тахтамыша), якому падпарадкоўвалася залатаардынская конніца, што была на службе ВКЛ. На Берасцейскай сустрэчы быў прыняты план летняй кампаніі 1410 супраць войскаў Тэўтонскага ордэна, вызначаны час і месца збору аб’яднаных ваен. сіл, прынята рашэнне аб пабудове пантоннага моста для пераправы цераз Віслу. Паводле дамоўленасці саюзная армія складалася з 91 харугвы (палка), з іх 51 рыхтавала Польшча, 40 — ВКЛ. План, распрацаваны на Берасцейскай сустрэчы, прывёў да перамогі саюзных армій у Грунвальдскай бітве 1410.

т. 3, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ГМА (ад грэч. dogma меркаванне, рашэнне, вучэнне),

палажэнне, якое прымаецца на веру як бясспрэчная ісціна. Характэрная рыса Д. — сляпая вера ў аўтарытэты, абарона застарэлых, памылковых або недаказаных палажэнняў. У ант. л-ры тэрмін «Д.» абазначаў агульнавядомае палажэнне, якое з’яўлялася бясспрэчнай ісцінай; такую ж назву мелі некат. дзярж. ўказы і пастановы. У стараж.-грэч. філасофіі дагматыкамі называлі філосафаў, якія ў процілегласць скептыкам сцвярджалі што-небудзь станоўчае. Аснову любых рэлігій складаюць догматы рэлігійныя, што прымаюцца на веру і абавязковыя для ўсіх. У галіне навукі Д. набываюць нязменныя формы, застарэлыя палажэнні, якія прымаюцца без уліку гіст. умоў, абараняюцца кансерватыўна мыслячымі вучонымі. Дагматычнае мысленне перашкаджае развіццю навукі, скоўвае творчасць.

т. 6, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯЧЭ́БНА-ПРАЦО́ЎНЫЯ ЎСТАНО́ВЫ,

прафілакторыі, установы закрытага тыпу, якія ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляюць прымусовае ўздзеянне ў адносінах да хранічных алкаголікаў і наркаманаў, што ў сувязі са злоўжываннем алкаголем і ўжываннем наркатычных сродкаў сістэматычна парушаюць грамадскі парадак і правы інш. асоб. Паводле рашэння раённага (гар.) суда такія парушальнікі могуць быць ізаляваны на тэрмін 1—1,5 года ў Л.-п., для іх мед.-сац. рэадаптацыі з абавязковым прыцягненнем да працы. Рашэнне аб прызнанні асобы хранічным алкаголікам або наркаманам прымаецца камісійна ўрачамі-спецыялістамі ўстаноў органаў аховы здароўя. Л.-п.ў. знаходзяцца ў падпарадкаванні МУС Рэспублікі Беларусь. Пытанні, звязаныя з Л.-п.ў. рэгулююцца заканадаўствам.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 9, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАБЛІ́ЖАНАЕ ВЫЛІЧЭ́ННЕ,

атрыманне набліжаных рашэнняў розных матэм. задач (напр., задач, якія ўзнікаюць пры матэматычным мадэліраванні рэальных працэсаў і з’яў). Выкарыстоўваецца ў ядз. фізіцы, касманаўтыцы, машынабудаванні і інш.

Найб. пашыраныя задачы Н.в.: рашэнне алг. і трансцэндэнтных ураўненняў, а таксама сістэм такіх ураўненняў; набліжэнне і інтэрпаляцыя функцый, набліжанае дыферэнцаванне, набліжанае інтэграванне і інш. Для рашэння пэўнай матэм. задачы выбіраецца (ці будуецца) адпаведны лікавы метад — алгарытм (распрацоўваецца і вывучаецца ў тэорыі лікавых метадаў). Для Н.в. шырока выкарыстоўваюцца ЭВМ (алгарытмы рашэнняў задач, якія найб. часта ўзнікаюць на практыцы, уваходзяць у іх матэматычнае забеспячэнне). У інж. разліках часта карыстаюцца графічнымі вылічэннямі і намаграмамі. (Гл. таксама Вылічальная матэматыка.)

Л.​А.​Яновіч.

т. 11, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЮБО́ЎНЫ СУД, кампрамісарскі суд,

часовы трацейскі суд у BKJI у 16—18 ст. Разглядаў усе справы, акрамя крымінальных, звязаных з інтарэсамі грамадскага скарбу, і спраў паміж трымальнікамі каралеўскіх маёнткаў. Дзейнасць суда рэгламентавалася Статутамі ВКЛ 1566 і 1588. Складаўся з некалькіх суддзяў-камісараў, якія выбіраліся бакамі з асоб аднолькавага з імі саслоўя і звання. Выракі П.с. мелі моц рашэнняў дзярж. судоў і апеляцыі не падлягалі, аднак у выпадку нязгоды паміж суддзямі пакрыўджаны бок мог падаць апеляцыю ў Трыбунал ВКЛ. Пры нязгодзе аднаго з бакоў выконваць рашэнне П.с. іншы бок прад’яўляў вырак земскаму суду, які забяспечваў яго выкананне. Скасаваны Мікалаем I 7.7.1840.

т. 12, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТАКО́Л (ад грэч. prōtokollon першы аркуш),

1) дакумент, складзены паводле пэўнай формы, які змяшчае запіс выступленняў удзельнікаў сходу, нарады, пасяджэння і прынятыя імі рашэнні.

2) Працэсуальны дакумент, у якім у пісьмовай форме фіксуюцца ход і вынікі працэсуальных дзеянняў, што ажыццяўляюцца следчым, асобай, якая вядзе дазнанне пры расследаванні крымін. спраў, і судом пры разборы крымін. і цывільных спраў, а таксама арбітражным або гасп. судом пры разборы спраў, аднесеных да іх кампетэнцыі.

3) Акт, складзены службовай асобай, які ўтрымлівае апісанне выкананых ёю дзеянняў і ўстаноўленых фактаў.

4) Рашэнне міжнар. канферэнцыі, якое мае сілу міжнар. дагавора.

5) Дыпламат. П. — сукупнасць правілаў, якія рэгулююць парадак выканання розных дыпламат. актаў.

т. 13, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСТЭРМІНО́ЎКА,

1) спосаб аплаты тавараў або паслуг, пры якім плацяжы ажыццяўляюцца не ў поўнай суме іх кошту, а па частках. Пры Р. плацяжу паміж контрагентамі ўзнікаюць крэдытныя абавязацельствы. У цывільным праве Рэспублікі Беларусь Р. найб. пашырана пры продажы рознічных тавараў у крэдыт.

2) У цывільным працэсуальным заканадаўстве суд, які пастанавіў рашэнне, правамоцны па заяве асоб, што ўдзельнічаюць у справе, зыходзячы з матэрыяльнага становішча бакоў або інш. акалічнасцей, растэрмінаваць або адтэрмінаваць выкананне рашэння. Такія заявы разглядаюцца ў суд. пасяджэнні. Пры наяўнасці акалічнасцей, якія ўскладняюць выкананне рашэння або робяць яго немагчымым, суд. выканаўца можа паставіць перад судом пытанне аб адтэрміноўцы або Р. выканання.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 13, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУР’Е́ МЕ́ТАД,

метад раздзялення пераменных пры рашэнні дыферэнцыяльных ураўненняў. Метад прапанаваў Ж.Л.Д’аламбер для рашэння хвалевага ўраўнення, развіў Ж.Б.​Ж.​Фур’е, у найб. агульнай форме сфармуляваў М.В.Астраградскі.

Паводле Ф.м. рашэнне дыферэнцыяльнага і ўраўнення з зададзенымі пачатковай аднароднай і краявой умовамі шукаецца ў выглядзе і суперпазіцыі рашэнняў, што задавальняюць краявыя ўмовы і прадстаўляюцца як здабытак функцый прасторавых пераменных і функцый часу. Знаходжанне такіх рашэнняў звязана з адшуканнем уласных функцый і ўласных значэнняў некат. дыферэнцыяльных аператараў і наступным раскладаннем функцый пачатковых умоў па знойдзеных уласных функцыях. У прыватнасці, раскладанне функцый у Фур’е шэраг ці Фур’е інтэграл звязана з выкарыстаннем Ф.м. для вывучэння задач ваганняў струны і цеплаправоднасці стрыжня.

т. 16, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГЕ́ЕЎ Сяргей Міхайлавіч (н. 22.3.1957, г. Варонеж, Расія),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1996). Скончыў Маскоўскі ун-т (1979). З 1982 у Брэсцкім ун-це (у 1995—2000 заг. кафедры). Навук. працы па геам. тапалогіі, тэорыі кампактных груп пераўтварэнняў. Устанавіў рэдукцыю гіпотэзы Гільберта—Сміта да тэорыі класіфіцыруючых свабодных прастораў. Распрацаваў аксіяматычны метад у тэорыі прастораў Менгера і Нёбелінга, у выніку чаго атрымана рашэнне класічнай праблемы характарызацыі прасторы Нёбелінга.

Тв.:

Классифицирующие пространства для свободных действий и гипотеза Гильберта—Смита // Матем. сб. 1992. Т. 183, № 1;

Характеризация свободного действия нульмерной компактной группы на k-мерном менгеровском компакте // Изв. РАН. Математика. 1995. Т. 59, № 2.

т. 18, кн. 1, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

галавало́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.

Складаная задача, загадка, рашэнне якой патрабуе кемлівасці, здагадлівасці. // перан. Пра што‑н. заблытанае, незразумелае. [Струшня] прыслаў не паведамленне, а галаваломку, ні слова аб падрабязнасцях. М. Ткачоў. Нярэдка побач з добрым празрыстым вершам даводзіцца чытаць і вершаваную галаваломку. Русецкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)