акт пра арганізацыйнае аб’яднанне правасл. царквы з каталіцкай на тэр. Рэчы Паспалітай, абвешчаны 9.10.1596 на царк. саборы ў Брэсце (праходзіў 6—10.10.1596). Зацверджана каралём Жыгімонтам III Вазай. Паводле Брэсцкай уніі правасл. царква прызнавала вяршэнства папы рымскага і каталіцкі догмат аб зыходжанні Св. Духа не толькі ад Бога-айца, але і ад Бога-сына (з часам прынята і іншая каталіцкая дагматыка) і ператваралася ў грэка-каталіцкую (уніяцкую) царкву. Аднак уніяцкая царква захоўвала ўласную арганізац. структуру і іерархію, многія правасл. абрады, царк.-слав. і бел. мовы (на Украіне — укр.) у богаслужэнні, рэліг. л-ры, казаннях. Прыняцце Брэсцкай уніі праводзілася на аснове Фларэнційскай уніі 1439, якую спрабаваў увесці ў ВКЛ у сярэдзіне 15 ст. мітрапаліт Грыгорый Балгарын. Гал. прычынай заключэння уніі было імкненне да кансалідацыі царк. і свецкіх феадалаў ВКЛ і Польшчы пасля Люблінскай уніі 1569. Правасл. іерархі ВКЛ не жадалі падпарадкоўвацца маск. патрыярху, які прыняў гэты тытул у 1589 і меў намер пашырыць сваю ўладу на ўсю тэр.б. Кіеўскай Русі. Адначасова яны разлічвалі атрымаць усе прывілеі каталіцкіх біскупаў, абаперціся на падтрымку каталіцкай царквы ў нарастаючым канфлікце з брацтвамі і ў барацьбе з рэфармацыйным рухам. Папства праз Брэсцкую унію імкнулася пашырыць свой уплыў на Усход. Гал. тэарэтыкам уніі быў польскі езуіт П.Скарга, які абгрунтаваў сваю задуму ў кнізе «Пра еднасць касцёла Божага» (1577). Непасрэднымі ініцыятарамі падпісання Брэсцкай уніі сталі епіскап уладзімірскі і берасцейскі І.Пацей і епіскап луцкі і астрожскі К.Цярлецкі, якія ў 1595—96 наведалі Рым і падрыхтавалі з папам Кліментам VIII тэкст уніі. Унію падтрымала большасць іерархаў, у т. л. мітрапаліт кіеўскі М.Рагоза, які захаваў свой тытул. Аднак частка духавенства і свецкіх феадалаў на чале з кн. К.Астрожскім не прыняла Брэсцкую унію і правяла ў Брэсце свой сабор адначасова з уніяцкім. Правасл. царква ў Рэчы Паспалітай захавалася як самастойная побач з грэка-каталіцкай. Частка насельніцтва (асабліва мяшчане) змагаліся супраць уніі, аднак у канцы 18 ст. уніятамі было ўжо 75% жыхароў Беларусі. Брэсцкая унія скасавана ў Рас. імперыі Полацкім царкоўным саборам 1839 (за выключэннем Люблінскай, Сувалкаўскай і Сядлецкай губ., дзе уніяцтва існавала да 1875), у 1946 — у зах. абласцях Украіны (б. Галіцыя, знаходзілася ў складзе Аўстра-Венгрыі). Пра гісторыю уніяцтва гл. ў арт.Беларуская грэка-каталіцкая царква, Украінская грэка-каталіцкая царква.
Літ.:
Коялович М.О. Литовская церковная уния. Т. 1—2. СПб., 1859—61;
Жукович П.М. Сеймовая борьба православного западнорусского дворянства с церковной унией. Вып. 1—6. СПб., 1901—12;
Мараш Я.Н. Роль Ватикана в подготовке и утверждении Брестской унии 1596 г. // Вопросы истории религии и атеизма: Сб. ст. М., 1963. Т. 11;
Никольский Н.М. История русской церкви. Мн., 1990;
Likowski E. Dzieje kościoła unickiego na Litwie I Rusi w XVIII і XIX wieku. Cz. 1. 2 wyd. Warszawa, 1906;
Panucevič V. Bierasciejskaja vunija. Chicago, 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АПАКРЫ́СІС»,
Апокрысіс, «Апокрисис, албо отповедъ на книжкы о съборе Берестейском...», помнік стараж.бел. пісьменства; твор царкоўна-палемічнай літаратуры. Апубл. ў 1597 у Вільні на польск. мове, перавыд. у 1598 у Астрозе ў перакладзе на старабел. мову. Аўтар (мяркуюць — валынскі пратэстант Марцін Бранеўскі) па даручэнні кн. Канстанціна Астрожскага выступіў у абарону нац.-рэліг. незалежнасці праваслаўных Украіны і Беларусі пасля Брэсцкай уніі 1596 і ў адказ на кнігі яе апалагетаў П.Скаргі і І.Пацея, схаваўшыся пад псеўданімам Хрыстафор Філалет. Аўтар паказаў, што царк. саюз уніяцкіх і каталіцкіх епіскапаў абумоўлены не праблемамі багаслоўскай ісціны і маралі, а імкненнем да гарантаваных матэрыяльных выгод, высокіх дзярж. пасад, рэліг. прывілеяў і паліт. правоў. У «Апакрысісе» выкарыстаны шырокі арсенал літ. і фалькл. мастацкіх сродкаў: анекдатычныя гісторыі, байкі, сатыр. бытавыя замалёўкі, трапныя прыказкі і прымаўкі, каларытныя эпітэты і параўнанні. «Апакрысіс» — яркая старонка антыуніяцкай публіцыстыкі. Ён адыграў значную ролю ў кансалідацыі ўкр. і бел. народаў у іх барацьбе за нац.-культ. самабытнасць. Раскрыўшы вострую супярэчнасць паміж феад. вярхамі двух асн. веравызнанняў Рэчы Паспалітай, аўтар змагаўся за традыцыі і веру народа з пазіцый мясц. знаці, якая баялася, каб палітыка уніяцка-каталіцкага духавенства не прывяла дзяржаву да ўнутр.сац. і нац.-вызв. вайны. Таму ён заклікаў знаць да салідарнасці і сумесных дзеянняў.
Літ.:
Яременко П.К. Український письменник-полемист Христофор Філалет і його «Апокрисис». Львів, 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯГО́МЛЬ,
гарадскі пасёлак у Беларусі, у Докшыцкім р-не Віцебскай вобл. За 30 км ад Докшыц, 37 км ад чыг. ст. Параф’янава на лініі Маладзечна—Полацк. Аўтадарогамі злучаны з Мінскам, Віцебскам, Барысавам, Докшыцамі. 3,4 тыс.ж. (1995).
У гіст. крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1582 як сяло ў Мінскім пав ВКЛ. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Бягомль у складзе Рас. імперыі. Уваходзіў у Докшыцкі, з 1802 у Барысаўскі пав. Мінскай губ. З 1861 мястэчка, цэнтр воласці Барысаўскага пав. У канцы 19 ст. Бягомль — сяло, 470 ж., 43 двары, валасное праўленне, царква, школа, бальніца. У 1918 акупіраваны войскамі Германіі, з 1919 — польскімі войскамі. З 17.7.1924 цэнтр Бягомльскага раёна, з 27.9.1938 гар. пасёлак. 2.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Бягомлі і раёне 3,3 тыс.чал. У ліп. 1941 — вер. 1942 дзейнічала Бягомльскае патрыятычнае падполле. 20.12.1942 партызаны разграмілі ў Бягомлі ням. гарнізон і аднавілі на тэр. раёна сав. ўладу (гл.Бягомльская аперацыя 1942). З сак. 1943 у Бягомлі дзейнічаў партыз. аэрадром. Бягомль вызвалены 1.7.1944 войскамі 3-га Бел. фронту ў ходзе Мінскай аперацыі 1944. З 1960 у Докшыцкім р-не. У 1970 у Бягомлі 2,9 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы машынабудавання, па вытворчасці буд. матэрыялаў, дрэваапрацоўчыя. Сярэдняя, дапаможная і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, помнікі партыз. славы, ахвярам фашызму. Бягомльскі музей народнай славы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЫ́НЬ, Валынская зямля,
гістарычная вобласць у бас.паўд. прытокаў Прыпяці і вярхоўях Зах. Буга (цяпер тэр. Валынскай, Ровенскай, Жытомірскай, паўн.ч. Цярнопальскай і Хмяльніцкай абл. Украіны, усх.ч. Бельска-Падляскага, Хэлмскага і Замойскага ваяв. Польшчы).
У 6—10 ст. на Валыні жылі дулебы, бужане, валыняне. У канцы 10 ст. ўключана ў склад Кіеўскай Русі, у 988 кіеўскі вял.кн. Уладзімір Святаславіч пасадзіў на княжанне ў Валыні свайго сына Усевалада. У час яго княжання заснаваны г. Уладзімір, які ў 12 ст. стаў цэнтрам Уладзіміра-Валынскага княства. У 1199, з далучэннем да яго Галіцкага княства, утварылася Галіцка-Валынскае княства. З сярэдзіны 12 ст. пад уладай валынскіх князёў знаходзілася і Берасцейская зямля. У 1240 Валынь спустошана манголамі і трапіла ў залежнасць ад Залатой Арды. Пасля 1340-х г. у ВКЛ. У сярэдзіне 14 ст. за Валынь і Галіччыну змагаліся ВКЛ, Польшча і Венгрыя. У 1349 Польшча захапіла Галіцкія землі, у 1377 — Зах. Валынь з гарадамі Холм і Белз. У складзе ВКЛ статус Валыні вызначаўся ўстаўнымі граматамі (каля 1427, у 1501, 1509. 1547). Паводле Люблінскай уніі 1569 Валынь далучана да Польшчы, утворана Валынскае ваяводства. У выніку 2-га (1793) і 3-га (1795) падзелаў Рэчы Паспалітай Валынь далучана да Рас. імперыі. З 1918 усх. Валынь ў складзе Украіны. У выніку Рыжскага мірнага дагавора 1921зах. Валынь перададзена Польшчы. З 1939 у складзе Украіны (акрамя зах. Ускраін).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЫБО́КАЕ,
горад, цэнтр Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл., чыг. ст. на лініі Крулеўшчына—Варапаева, на аўтадарозе Полацк—Вільня. За 200 км ад Віцебска. У межах горада азёры Кагальнае і Вялікае. 18,5 тыс.ж. (1997).
Упершыню ўпамінаецца ў Метрыцы ВКЛ у 1414. У розны час належала Зяновічам, Корсакам, Радзівілам, Вітгенштэйнам. З 16 ст. мястэчка. Тут быў пабудаваны Глыбоцкі замак. У ходзе войнаў Лівонскай (1558—83) і Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—67) Глыбокае займалі рус. войскі. У канцы 16—18 ст. заснаваны кальвінскі збор, касцёл св. Міхаіла, царква Тройцы, Ільінская капліца, сінагога. З 1793 у Рас. імперыі, у складзе Дзісенскага пав. У 1897 у Глыбокім 5564 ж. З 1921 у Польшчы, цэнтр Дзісенскага пав. Віленскага ваяв. 9,7 тыс.ж. (1939). З 1939 у БССР, з 15.1.1940 горад, цэнтр Глыбоцкага р-на. У Вял. Айч. вайну з 2.7.1941 да 3.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія знішчылі ў Глыбокім і раёне 10 133 чал., стварылі Беразвецкі лагер смерці. 7,3 тыс.ж. у 1959, 11,9 тыс.ж. у 1970.
Прадпрыемствы харч. (Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат, мясакамбінат, Глыбоцкі кансервавы завод, камбікормавы завод і інш.), мясц. прам-сці. Помнікі архітэктуры: Глыбоцкі касцёл і кляштар кармелітаў, Глыбоцкі Троіцкі касцёл, Ільінская капліца, Мемарыяльная калона (абедзве — канец 18 ст.). Магілы сав. і італьян. ваеннапалонных, брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАСЦЕ́ЙСКІ ЗА́МАК,
комплекс умацаванняў у Брэсце (Берасці) у 14—18 ст. Размяшчаўся каля сутокаў Мухаўца і Зах. Буга на трохвугольным у плане мысавым гарадзішчы. Пляцоўка замкавага дзядзінца (пл. больш за 2 га) была ўмацавана земляным валам, на якім знаходзілася 5 вежаў (драўляных, акрамя Берасцейскай вежы) і драўляныя абарончыя сцены-гародні з 129 «каморамі». Дзве вежы былі з брамамі, ад якіх праз Мухавец вялі масты ў горад; на адной з іх быў устаноўлены гадзіннік. Ніжнія паверхі сцен-гародняў выкарыстоўваліся як сховішчы для гараджан з іх скарбам. На верхнім ярусе знаходзілася крытая стрэшкай баявая галерэя («бланкаванье»), У лінію абарончых сцен былі ўключаны і жылыя памяшканні — «светлицы», пастаўленыя глухімі фасадамі ў бок «поля». У 1566 ў цэйхгаузе Берасцейскага замка знаходзілася метал. даспехаў на 100 чал., 12 гармат, 1 марціра, 96 гакаўніц і інш. У замку былі помпы для скрытай падачы вады, якая ішла па падземных драўляных трубах. Помпы прыводзіліся ў дзеянне вадзяным млынам. У 14 ст. Берасцейскі замак быў захоплены рыцарамі Тэўтонскага ордэна, палякамі, у 1500 вытрымаў аблогу крымскіх татараў, у 1525 згарэў, у 1648 у час антыфеадальнай вайны 1648—51 разбураны, адноўлены ва ўмовах вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У 1657 захоплены шведамі, у 1660 і 1661 — рускімі, у 1705 у час Паўн. вайны 1700—21 — шведамі. Пасля Паўн. вайны драўляныя ўмацаванні заменены 5-бастыённымі пабудовамі, якія пазней былі ўключаны ў склад новаўтворанай Брэсцкай крэпасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТО́ЎКА,
від літаратуры і сродак масавай інфармацыі, актуальны паводле зместу і аператыўны ў распаўсюджванні. Выдаецца эпізадычна з мэтай агітацыйна-паліт., ідэалаг.-выхаваўчага і інфарм.-арыентацыйнага ўплыву на шырокія слаі грамадства, адлюстравання актуальных падзей і з’яў свайго часу. Выконваецца ў выглядзе друкаванага або рукапіснага тэксту на аркушах паперы пераважна малых памераў. Тэкст можа быць арыгінальны (адозвы, аб’явы) ці запазычаны з інш. крыніц (афіц. дакументы, маст. творы).
Л. — адна з форм масавай рэв. прапаганды. Папярэднікі рэв.Л. — рукапісныя пісьмы і граматы з заклікамі да паўстанняў. Л. выпускалі Вольная рус. друкарня ў Лондане, народніцкія арг-цыі, першыя рабочыя гурткі, Пецярбургскі «Саюз барацьбы за вызваленне рабочага класа». На Беларусі рукапісныя Л. вядомы з 17 ст. У форме зваротаў выдаваліся ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, у вайну 1812, у час паўстання 1863—64; у выглядзе Л. друкавалася газ. «Мужыцкая праўда». Шырока выкарыстоўваліся Л. ў час рэв. 1905—07, Лютаўскай і Кастр. рэвалюцый 1917, герм. і польск. акупацыі ў 1918—20. У Вял.Айч. вайну Л. на тэр. Беларусі выдавалі і распаўсюджвалі партызаны, падпольшчыкі, парт.-дзярж структуры з-за лініі фронту. Герм.акупац. ўлады і прадстаўнікі калабарацыі выдавалі антысав. Л. на бел., рус., польск. і ням. мовах.
Л. — важны сродак масавай інфармацыі і цяпер. Яны выкарыстоўваюцца паліт. партыямі і рухамі Беларусі ў час выбарчых кампаній і падрыхтоўкі рэферэндумаў, у рэкламных мэтах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́БЛІНСКАЯ У́НІЯ 1569,
міжнародна-прававы акт аб’яднання Вялікага княства Літоўскага і Польшчы ў адну федэратыўную дзяржаву — Рэч Паспалітую. Прыняты 1.7.1569 у Любліне.
Перадумовамі Л.у. былі: доўгае існаванне асабістай унііВКЛ і Польшчы; паступовае збліжэнне паліт. і дзярж. інстытутаў абедзвюх краін, паліт. менталітэту пануючага класа; у асноўным адзіная палітыка ў міжнар. адносінах; адзіная структура каталіцкай царквы. Шляхта ВКЛ праз унію спадзявалася атрымаць правы, якія мела шляхта Польшчы, польская шляхта разлічвала на землі і дзярж. пасады ў ВКЛ. Непасрэднай прычынай Л.у. былі няўдачы войска ВКЛ у Лівонскай вайне 1558—83.
Для прыняцця уніі ў Любліне 10.1.1569 скліканы сейм ВКЛ і Польшчы. Але большасць дэпутатаў ВКЛ, не згодная з польскім праектам уніі, перагаворы прыпыніла. Намаганнямі польскай шляхты і караля Жыгімонта ІІ Аўгуста да Польшчы далучаны Падляскае і Кіеўскае ваяв., Валынь і Падолле, што было падтрымана мясц. шляхтай. Шляхта Мазырскага пав. адмовілася далучыцца да Польшчы, павятовы сеймік прьїняў рашэнне выйсці з Кіеўскага ваяв. і далучыцца да Мінскага ваяв.ВКЛ. Тэр.ВКЛ зменшылася да этнічных бел. і літ. зямель. Пасля вяртання дэпутатаў ВКЛ на сейме быў выпрацаваны кампрамісны варыянт уніі, зацверджаны 1.7.1569. Паводле ўмоў Л.у. на чале Рэчы Паспалітай знаходзіўся польскі кароль (ён жа і вял. князь літ.), якога пажыццёва выбірала шляхта абедзвюх дзяржаў. Збіраўся агульны сейм, але ВКЛ і Польшча захавалі асобныя дзярж. адміністрацыю, войска, фінансы, законы, мытную сістэму, дзярж. мовы. Л.у. дзейнічала да 1795.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ́ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́ЙЗасн. ў 1867 у Магілёве як Магілёўскі музей. У 1918 аб’яднаны з Магілёўскім царкоўна-археалагічным музеем, з 1924 быў аддзяленнем Бел.дзярж. музея, з 1929 Магілёўскі дзярж. музей. Меў філіялы: музей гісторыі і атэізму (1935—41), мемар. музей Р.К.Арджанікідзе (1937—41). У пач.Вял.Айч. вайны ўсе экспанаты разрабаваны. У 1949 аднавіў дзейнасць як гісторыка-краязн., з 1953 сучасная назва. Меў філіялы: музей гісторыі бітвы пад Лясной (1958—85, Слаўгарадскі р-н), музей дзекабрыстаў (1985—96). Пл. экспазіцыі 1390 м2, больш за 105 тыс. экспанатаў асн. фонду (1999). Сярод экспанатаў знаходкі з археал. помнікаў Магілёўшчыны, берасцяная грамата 13 ст., калекцыі крыжоў 11—17 ст., зброя 14—19 ст., манеты ВКЛ, Рэчы Паспалітай і інш.; кнігі Магілёўскай друкарні, калекцыя абразоў, жывапісу 18 ст., катэхізіс 18—19 ст.; матэрыялы пра сац.-эканам. становішча, рэв. барацьбу працоўных пач. 20 ст., устанаўленне сав. улады, калектывізацыю, рэпрэсіі. У экспазіцыі Вял.Айч. вайны матэрыялы пра Магілёва абарону 1941, Магілёўскае народнае апалчэнне, партыз. рух, дзейнасць падполля, ваенна-аператыўных груп, пра Лупалаўскі лагер смерці, Магілёўскую аперацыю 1944 і інш. У аддзеле прыроды экспанаты флоры і фауны краю, глебавыя і кліматычныя карты, узоры карысных выкапняў. Зберагаюцца работы сучасных нар. майстроў разьбы па дрэве, керамікі, габеленаў, ткацтва, вышыўкі, узоры нар. адзення. Філіял — Магілёўскі музей этнаграфіі.
В.М.Аненкаў.
Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.В.Масленікава. Фрагмент экспазіцыі.Будынак Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П.В.Масленікава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІ́БАВА,
вёска ў Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл. За 23 км на 3 ад Ваўкавыска, за 1 км ад чыг. ст. Мсцібава на лініі Ваўкавыск — Бераставіца, 81 км ад Гродна. 364 ж., 182 двары (1999). Базавая школа, б-ка, аптэка, магазін, клуб. Помнік архітэктуры Мсцібаўскі касцёл Іаана Хрысціцеля. Каля вёскі гарадзішча 12—13 і 15—17 ст.
Першае паселішча на месцы М. — гарадзішча — сфарміравалася ў 12—13 ст. У 15 ст. велікакняжацкія двор і вёска пад назвай Мсцібогаў. У 1492 згадваецца ў дакументах як М. Ваўкавыскага пав. У 1572 і 1576 у М. адбываліся з’езды шляхты Рэчы Паспалітай, на апошнім з якіх вырашана абраць каралём Стафана Баторыя. У 17—18 ст. цэнтр староства ў Ваўкавыскім пав., складалася з мястэчка і замка. У 1744 атрымала магдэбургскае права. У 1792 каля М. адбылася бітва войска ВКЛ з кааліцыяй рас. войск і атрадаў Таргавіцкай канфедэрацыі. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст.дзярж. мястэчка, цэнтр воласці Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ. У 1886—1040 ж., 103 двары, 2 царквы, касцёл, сінагога, пошта, багадзельня, 6 крам, 5 корчмаў, 3 кірмашы штогод. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Ваўкавыскім пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Ваўкавыскага р-на. З 28.7.1967 у Гнезнаўскім с/с, у складзе саўгаса «Гнезна».