ПАТАПО́ВІЧ (Мікалай Іосіфавіч) (26.7.1922, в. Старына Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. — 12.5.1985),
поўны кавалер ордэна Славы. У Вял.Айч. вайну ў партыз. брыгадзе «За Савецкую Беларусь» Мінскай вобл., з 1944 на 3-м і 1-м Бел. франтах. Камандзір аддзялення разведчыкаў сяржант П. вызначыўся ў баях на тэр. Літвы і Германіі: каля г. Марыямпале захапіў у ворага прычэп з боепрыпасамі; 6.2.1945 з 4 байцамі знішчыў кулямёт з разлікам; 16.4.1945 знішчыў кулямётны разлік, захапіў мінамёт, склад з мінамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ТЧЫКАЎ (Генадзь Іванавіч) (10.3.1914, в. Міхееўка Кудымкарскага р-на Пермскай вобл., Расія — 10.12.1944),
удзельнік партыз. руху на Украіне і Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ленінградскую ваен. школу сувязі (1936). У сак. 1943 на чале групы разведчыкаў закінуты ў тыл ворага, дзейнічаў у раёне Гомеля, Чарнігава, Шчорса, Ноўгарада-Северскага, са снеж. 1943 у Баранавічах, Ваўкавыску, Слоніме, Бярозе, Ружанах; група перадала ў штаб 1-га Бел. фронту больш за 450 данясенняў. Загінуў у баі на тэр. Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЕ́ЦКІ (Пётр Антонавіч) (май 1919, в. Майдан Талачынскага р-на Віцебскай вобл. — 21.10.1942),
Герой Сав. Саюза (1965). У Вял.Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941. У канцы 1941 накіраваны ў тыл ворага ў партыз. атрад «Перамога», які дзейнічаў на Смаленшчыне і ў Віцебскай вобл. 21.10.1942 недалёка ад чыг. ст. Крынкі Лёзненскага р-на з узрыўчаткай кінуўся пад варожы эшалон, у складзе якога было больш за 40 цыстэрнаў з гаручым; падарваў яго і загінуў сам. На месцы подзвігу абеліск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМАНКО́Ў (Іван Пракопавіч) (27.2.1919, в. Яўкіна Шумяцкага р-на Смаленскай вобл., Расія — 8.11.1980),
Герой Сав. Саюза (1945). Беларус. Скончыў Маскоўскае ваен. вучылішча пагранвойск (1939), Вышэйшую школу прафс. руху (1951). У Вял.Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941, у снеж. 1941 — вер. 1943 у партыз. атрадзе на Смаленшчыне. Вызначыўся ў крас. 1945 пры фарсіраванні р. Шпрэе ў Берліне. Рота на чале з капітанам Гаманковым адбіла некалькі контратак праціўніка. Цяжка паранены, не пакінуў поля бою. Да 1969 на прафс. і гасп. рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́НІНСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКАМАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ.
Дзейнічала з ліст. 1941 да чэрв. 1942 у в. Калініна Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Падпольшчыкі (кіраўнікі І.Ф.Канцавой, Л.М.Кавальскі) прымалі па радыё і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, дапамагалі параненым чырвонаармейцам, трымалі сувязь з мясц.партыз. атрадамі, удзельнічалі ў дыверсіях на Гомельскім вагонарамонт. з-дзе і чыг. вузле. У чэрв. 1942 пры спробе падарваць эшалон ворага з жывой сілай падпольшчыкі арыштаваны: 4 з іх павешаны, 8 закатаваны ў гомельскай турме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКАШЭ́ВІЧ (Аляксей Сцяпанавіч) (3.6. 1924, в. Чарнавосава Крупскага р-на Мінскай вобл. —13.11.1943),
Герой Сав. Саюза (1944). У Вял.Айч. вайну з крас. 1942 разведчык-падрыўнік партыз. атрадаў імя Сяргея і 28-га, якія дзейнічалі на тэр. Круглянскага, Талачынскага і Крупскага р-наў. Пусціў пад адхон 9 эшалонаў праціўніка, двойчы псаваў лінію сувязі са стаўкай ням. галоўнакамандавання. Трапіўшы ў засаду, цяжка паранены Л. апошняй процітанкавай гранатай падарваў сябе і ворагаў, што наблізіліся да яго. Помнік Л. ў в. Ухвала Крупскага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНКО́ВІЧ (Сцяпан Сцяпанавіч) (13.5. 1905, в. Беразіно Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. — 18.4.1978),
Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў ВПШ пры ЦКВКП(б) (1946). З 1929 на сав. і гасп. рабоце, з 1939 сакратар Бягомльскага райкома КП(б)Б. У Вял.Айч. вайну ў тыле ворага, з сак. 1942 у партызанах, камісар атрада, у вер. 1942—снеж. 1943 — партыз. брыгады «Жалязняк», адначасова сакратар Бягомльскага падп. райкома КП(б)Б. Пасля вайны на сав. і парт. рабоце. На радзіме перад школай пастаўлены бюст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСЛО́ЎСКАЯ (Ганна Іванаўна) (6.1. 1920, в. Курсевічы Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. — 11.11.1980),
Герой Сав. Саюза (1944). У Вял.Айч. вайну з чэрв. 1941 у Чырв. Арміі. Трапіўшы ў акружэнне, наладзіла сувязь з партызанамі, сакратар Пастаўскай падп. камсам. арг-цыі. З 1942 у партызанах, з мая 1943 нам. камісара па камсам. рабоце партыз. атрада імя А.Пархоменкі, потым чл. Пастаўскага падп. райкома ЛКСМБ, удзельнічала ў дыверсійных аперацыях. Пасля вайны стала прыёмнай маці 15 сірот, бацькі якіх загінулі ад рук фашыстаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ТАЛЬСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала ў 1941—43 на тэр. Мотальскага с/с Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Аб’ядноўвала больш за 60 чал. (кіраўнік І.М.Калілец). Падпольшчыкі вялі агітацыю сярод насельніцтва, збіралі зброю і боепрыпасы, учынялі дыверсіі, у т. л. ў канцы жн. 1941 разграмілі Мотальскую гміну, у маі 1942 сарвалі вываз моладзі на работы ў Германію. Летам 1942 частка падпольшчыкаў пайшла ў партызаны, удзельнічала ў стварэнні партыз. атрада. У барацьбе супраць ням.-фаш. захопнікаў загінула 12 падпольшчыкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ (БКА),
арганізацыя камуніст. кірунку на тэр. Мінскай і Гродзенскай губ. у 1920. Створана 1 студз. на аснове арг-цыі «Маладая Беларусь». У ЦК БКА уваходзілі У.М.Ігнатоўскі (старшыня), С.Г.Булат, І.П.Каранеўскі. Прызнаючы праграму і тактыку РКП(б), БКА дамагалася аднаўлення БССР, якая б будавала свае адносіны з РСФСР на федэратыўных асновах. Імкнулася праводзіць палітыку ў інтарэсах бел. народа, была як бы зародкам бел. нацыянал-бальшавізму. Яднала левыя элементы партыі бел. эсэраў сярод навучэнцаў, сельскага настаўніцтва, сялянства і накіроўвала іх у рэчышча барацьбы з польск. інтэрвентамі. Члены БКА садзейнічалі аб’яднанню партыз. атрадаў у Мінскую паўстанцкую арг-цыю. Пасля яе разгрому польск. дэфензівай у крас. 1920 ЦК БКА уключыў сваіх прадстаўнікоў у Бел. паўстанцкі к-т, які кіраваў баявымі дзеяннямі партызанаў. Пад кіраўніцтвам БКА дзейнічалі партыз. Атрады ў Докшыцах, Маладзечне, Старых Дарогах, Ігумене, Слуцку, Барысаве, Дукоры, Лідзе, Ашмянах і інш. Пасля вызвалення Мінска ад польск. інтэрвентаў БКА уключылася ў работу па адраджэнні нац. дзяржаўнасці бел. народа, удзельнічала ў падпісанні Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці БССР (31.7.1920). 20.8.1920 прынята ў склад КП(б)Б. У канцы 1920-х — 1930-я г. амаль усе б. члены БКА абвінавачаны ў правядзенні нац.-дэмакр. ідэалогіі і рэпрэсіраваны.