КУЗНЯЦО́Ў (Васіль Іванавіч) (15.1.1894, г. Усолле Пермскай вобл., Расія — 20.6.1964),
удзельнік абарончых баёў і вызвалення Беларусі ў Вял.Айч. вайну, ген.-палк. (1943), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў курсы «Выстрал» (1926) і ўдасканалення каманднага саставу (1929), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1936). У арміі з 1915. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. У пач.Вял.Айч. вайны камандуючы 3-й арміяй Зах. фронту, якая вяла абарончыя баі пад Мінскам, у раёне Гродна, Ліды, Навагрудка. Са жн. 1941 камандуючы арміяй, са снеж. 1943 нам. камандуючага 1-м Прыбалт. фронтам. Пасля вайны на адказных пасадах у Мін-ве абароны СССР. Дэп. Вярх. СаветаСССР у 1946—50, 1954—58.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУТКО́Ў (Сцяпан Дзмітрыевіч) (1.1.1911, г. Апочна Лодзінскага ваяв., Польшча — 10.4.1978),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1943), ген.-лейт. авіяцыі (1955). Скончыў Арэнбургскую ваен. школу лётчыкаў (1936), Ваен. акадэмію Генштаба (1949). У Чырв. Арміі з 1933. У Вял.Айч. вайну маёр П. да лютага 1943 зрабіў 43 баявыя вылеты. Знішчальная дывізія на чале з П. у чэрв.—ліп. 1944 наносіла ўдары па ворагу ў раёнах Оршы, Барысава, Мінска, Гродна; на чыг. участку Орша—Барысаў лётчыкі дывізіі паралізавалі рух у тыле праціўніка, нанеслі значныя страты ворагу ў мінскім «катле». Да 1971 у Сав. Арміі. Ганаровы грамадзянін г. Ліда Гродзенскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВІ́ЦКІ (Валянцін Мікалаевіч) (н. 27.9.1919, в. Звянячы Талачынскага р-на Віцебскай вобл),
бел. жывапісец. Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1939). Працуе ў галіне тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа. Сярод твораў: «Вечар над Нёманам». (1949), «М.В.Фрунзе ў штабе Заходняга фронту» (1957), «Занёманскія будні» (1963), «У гады вайны» (1965), «Гродна. Каложа» (1967), «Вуліца першых дэманстрацый» (1969), «Свяшчэнныя камяні» (1975), «Ізумруд палёў» (1971), «Абнаўленне зямлі» (1977), «Партызаны-падрыўнікі» (1980), «На Нёмане» (1981), «Салдаты крэпасці» (1988), «Асенняя цішыня» (1997), «Год 1941» (1998), «Дні юнацтва майго пакалення» (1999), «Успаміны» (2000). Для твораў характэрны пастозная манера пісьма, сакавіты каларыт, выразнасць дэталей карціны.
В.Савіцкі. М.В.Фрунзе ў штабе Заходняга фронту. 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫКО́ЎСКІ (Ігнацій Якса) (1750, в. Пяцеўшчына Мінскага р-на — 1819),
філосаф, пісьменнік, перакладчык. Пісаў на польскай мове. Вучыўся ў езуітаў у Мінску, з 1765 у піяраў у Віцебску разам з паэтам Ф.Д.Князьніным. У 1772—75 служыў у рус. арміі, ваяваў супраць туркаў. Пасля 1778 жыў у в. Воўчын (Камянецкі р-н), у Мінску, в. Хільчыцы (Жыткавіцкі р-н). У філас. трактатах «Праблема, прапанаваная для вырашэння...» (Мн., 1790), «Сялянскі роздум» (Вільня, 1799) у духу франц. Асветніцтва ўзняты этычныя і эстэт. пытанні. Асобныя палажэнні сугучныя з ідэямі франц. матэрыялістаў. Выдаў «Верш на імператара Паўла...» (Вільня, 1799). Як пісьменнік-сентыменталіст сфарміраваўся пад уплывам Князьніна, Ф.Карпінскага, з якімі сябраваў, а таксама С.Геснера і Э.Юнга. Аўтар паэт. зб-каў «Вясковыя вечары» (ч. 1—2, 1787—88), «Вершы» (1798), паэмы «Вясковыя ночы» (1788), аповесці «Клаўдзіна» (1799), успамінаў «Жыццё Ігнація Быкоўскага...» (1806) і інш. Асветніцкім гуманізмам прасякнуты твор Быкоўскага «Жыццё Зараастра, ці Паходжанне гвебраў». У трагедыі «Саул» асуджаў жорсткасць і амаральнасць некаторых персанажаў Бібліі. Паэтычна-экзістэнцыяльным жалем аб загубленым жыцці прасякнуты радкі аўтабіяграфіі Быкоўскага «Жыццё...» (засталася ў рукапісе). Пераклаў на польск. мову творы А.Сумарокава («Мсціслаў», 1788), Вальтэра, Ж.Мармантэля і інш. Выдаў некаторыя арыгінальныя і перакладныя кнігі: «рускі раман» А.Канстана д’Арвіля «Эма і Лемазаў» (Гродна, 1787), «Батмендзі, персідская аповесць» К.Фларыяна (Мн., 1790), «Сцежка да шчасця, мала каму вядомая» (Гродна, 1803) і інш.
Літ.:
Дорошевич Э.К. Философия эпохи Просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;
Mikulski T. Ze studiów nad Oswieceniem. Warszawa, 1956. S. 461—516.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТЫ́,
горад, цэнтр Мастоўскага раёна Гродзенскай вобл., на р. Нёман пры ўпадзенні ў яе р. Зальвянка. За 60 км ад Гродна. Вузел чыгунак і аўтадарог на Гродна, Ліду, Ваўкавыск. 18,5 тыс.ж. (1998).
Упершыню ўпамінаюцца ў Літоўскай метрыцы пад 1486 як мястэчка, цэнтр воласці Гродзенскага пав. [ а думку некат. даследчыкаў (А.С.Себасцьян, М.Ф.Спірыдонаў), у дакуменце мелася на ўвазе сучасная в. Правыя Масты, а ўласна М. ўзніклі ў пач. 20 ст.]. Пасля 1589 валасны цэнтр Гродзенскай эканоміі. У 17 ст. мястэчка атрымала некат. прывілеі паводле магдэбургскага права; праводзіліся 2 кірмашы штогод, значнае месца ў гандлі займаў лес (аж да 20 ст.), які сплаўлялі па Нёмане. З 1795 у Рас. імперыі, мястэчка Гродзенскага пав. У 1897—2633 ж. Да 1907 злучаны чыгункамі з Гроднам, Лідай, Ваўкавыскам. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Гродзенскага пав. Беластоцкага ваяв., у 1927 засн. фанерны з-д Канапацкіх. З 1939 у БССР, з 1940 рабочы пасёлак, цэнтр Мастоўскага раёна. 25.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў М. і раёне 2681 чал. Вызвалены 13.7.1944 у ходзе Беластоцкай аперацыі 1944. З 1949 гар. пасёлак, з 1955 горад. У 1962—65 у Ваўкавыскім р-не. У 1970—11,6 тыс. ж.
Прадпрыемствы дрэваапр. (Мастоўскі фанерна-дрэваапрацоўчы камбінат), лёгкай і харч. прам-сці. Мастоўскі музей «Лес і чалавек». Брацкія магілы: сав. воінаў; сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял Айч. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРУ́НЫ,
вёска ў Беларусі, у Ашмянскім раёне Гродзенскай вобласці. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Баруны». За 21 км на ПдУ ад Ашмян, 222 км ад Гродна, 20 км ад чыг. ст. Багданаў. 524 ж., 178 двароў (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі, касцёл.
У мінулым мястэчка Ашмянскага пав., адзін з цэнтраў уніяцтва. У 18 ст. ў Барунах пабудаваны Барунскі манастыр базыльян, пры якім у 1793 адкрыта школа. З 1795 у Рас. імперыі. У 1905 — 229 ж., 294 дзес. зямлі. Дзейнічала Барунская настаўніцкая семінарыя. З 1922 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, дзейнічала антыфаш. група. Летам 1944 спалены.
савецкі заолаг, заснавальнік навук. школы паразітолагаў і мед. энтамолагаў. Акад.АМН (1945) і правадзейны чл. Польскай АН (1949), праф. (1920). Засл. дз. н. РСФСР (1947). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1913). З 1920 у Пермскім ун-це, з 1932 у Ін-це малярыі, мед. паразіталогіі і гельмінталогіі ў Маскве, з 1934 у Маскоўскім ун-це. Стварыў вучэнне пра малярыйныя ландшафты ў СССР, распрацаваў практычныя мерапрыемствы па ліквідацыі малярыі ў краіне. Навук. працы па параўнальнай анатоміі беспазваночных, біяцэналогіі, параўнальнай і эвалюцыйнай паразіталогіі. Дзярж. прэмія СССР 1944, 1952.
Тв.:
Учебник медицинской энтомологии. Ч. 1—2. М., 1949;
Основы сравнительной анатомии беспозвоночных. Т. 1—2. 3 изд. М., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРАМО́ВІЧ (Эміль Абрамавіч) (ліп. 1864, Гродна — 4.4.1922),
адзін з першых прапагандыстаў марксізму на Беларусі. Скончыў Гродзенскую гімназію (1882), вучыўся на мед. ф-тах Парыжскага (1882—84) і Дэрпцкага (Тартускага, 1884—88) ун-таў. У 1884 арганізаваў у Мінску гурток друкарскіх рабочых с.-д. кірунку. У 1886—87 вёў прапаганду ў Вільні, меў сувязі з народнікамі. У 1889 стварыў с.-д. гурток у Кіеве, дзе арыштаваны і высланы ў Сібір. У 1896 у Мінску, неўзабаве выехаў на Ленскія прыіскі. У 1912 за артыкул для «Правды» пра Ленскі расстрэл сасланы ў Табольскую губ. У 1914—15 служыў урачом у арміі. З 1917 працаваў у Саратаве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРЭ́ЖКІ,
вёска ў Беларусі, у Зэльвенскім с/с Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. За 2 км ад г.п. Зэльва, 200 км ад Гродна, 4 км ад чыг. ст. Зэльва. 157 ж., 86 двароў (1995). Б-ка. Брацкая магіла сав. воінаў і ахвяр фашызму.
Упамінаюцца ў дакументах 1478 як паселішча (дварэц) Копачаў для прыслугі, якая даглядала панскі статак. У 16—17 ст. тут сфарміравалася вёска і ўмацаваны панскі двор кн. Палубенскіх. З 1795 у складзе Рас. імперыі. У 1905 вёска Старавескай вол. Слонімскага пав. Гродзенскай губ., 464 ж. З 1921 у Польшчы, у Ваўкавыскім пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 у Зэльвенскім р-не. У 1962—66 у Ваўкавыскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГРАМАДЗЯ́НІН»,
газета левай фракцыі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Выдавалася 14.1—25.3.1919 у Вільні на бел. мове (з № 5 — лацінкай) 2 разы на тыдзень. Выступала ў абарону інтарэсаў сялян і рабочых Беларусі і Літвы, за самавызначэнне народаў, за стварэнне рэальнага народаўладдзя. Рэзка пратэставала супраць падзелу Беларусі (захавання ў РСФСР Віцебскай, Магілёўскай і зах. паветаў Смаленскай губ.). Падтрымлівала ідэю стварэння сусв. федэрацыі радавых (савецкіх) рэспублік з умовай, што Беларусь увойдзе ў яе як раўнапраўная адзінка з усімі сваімі этнічнымі землямі. Друкавала творы Я.Купалы, Я.Коласа, Ф.Аляхновіча, тэксты рэв. песень у перакладзе на бел. мову. Выйшла 20 нумароў. Закрыта ў сувязі з наступленнем польскіх легіёнаў і пераездам асн. аўтара (Т.Грыба) у Гродна.