БЕЛАБАРО́ДАЎ (Афанасій Паўланцьевіч) (31.1.1903, в. Акініна-Баклашы Іркуцкай вобл., Расія — 1.9.1991),
генерал арміі (1963), двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1936). У Вял.Айч. вайну з кастр. 1941 на Зах., Паўд.-Зах., Калінінскім, 1-м Прыбалтыйскім франтах, камандаваў дывізіяй, корпусам, арміяй. Пад яго камандаваннем войскі 43-й арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту вызначыліся ў Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944. У 1963—68 камандуючы войскамі Маскоўскай ваен. акругі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р 1338,
пагадненне паміж Лівонскім ордэнам і ВКЛ. Заключана ад імя лівонскага магістра і вял. князя ВКЛ («караля») Гедзіміна. Паводле дагавора на сумежжы абедзвюх краін устанаўлівалася паласа зямлі, на якой павінен быў заўсёды захоўвацца мір; войскі кожнага з бакоў павінны былі ўстрымлівацца ад забойстваў і рабаванняў. Купцам ВКЛ і Лівоніі дазвалялася свабодна ездзіць па тэр. абедзвюх дзяржаў, па ўсёй Дзвіне і яе берагах. Дагавор рэгуляваў суд. парадак разгляду цывільных і крымінальных спраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́СТЫНГС, Хейстынгс (Hastings),
горад на ПдУ Вялікабрытаніі, на беразе праліва Па-дэ-Кале. Каля 100 тыс.ж. (1994). У раёне Гастынгса 14.10.1066 войскі герцага Нармандыі Вільгельма нанеслі паражэнне англа-саксонскім войскам караля Гаральда, які загінуў у бітве, і Вільгельм стаў англ. каралём (Вільгельм I Заваёўнік). Месца правядзення штогадовых міжнар. шахматных турніраў (з 1920). Прыморскі кліматычны курорт. Вял. пясчаны пляж, мяккі марскі клімат забяспечваюць умовы эфектыўнага кліматалячэння нерв., сардэчна-сасудзістых, лёгачных і інш. хвароб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БЛЕНЦКАЯ ЭМІГРА́ЦЫЯ,
антырэспубліканская паліт. групоўка французаў перыяду Французскай рэвалюцыі 1789—99. Знаходзілася пераважна ў г. Кобленц (Германія, адсюль назва). Гуртавалася вакол братоў Людовіка XVI — графа Праванскага і графа д’Артуа. На сродкі манархаў Вялікабрытаніі, Расіі і Швецыі ў Кобленцы фарміраваліся атрады дваран-эмігрантаў, якія склалі т.зв. «армію прынцаў» (на чале з прынцам Кандэ), што ў 1792 удзельнічала ў аўстра-прускім узбр. уварванні ў Францыю. У 1794 франц.рэсп.войскі занялі Кобленц, што паклала канец К.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЧУГО́Ў (Дзмітрый Міхайлавіч) (8.11. 1911, г. Ульянаўск, Расія — 14.5.1943),
Герой Сав. Саюза (1943). Беларус. Скончыў Севастопальскую школу ваен. лётчыкаў (1933). У Чырв. Арміі з 1932. У Вял.Айч. вайну з 1941 на фронце ў складзе ВПС Чарнаморскага флоту. Авіяэскадрылля на чале з М. бамбіла караблі, камунікацыі, войскі і тэхніку ворага на Адэскім, Перакопскім, Севастопальскім і Каўказскім участках, ваен. аб’екты ў Бухарэсце. Маёр М. зрабіў 118 баявых вылетаў, з іх 41 ноччу. Загінуў у баі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКІ КАНФЛІ́КТ 1920—39,
канфлікт паміж Польшчай і Літвой з-за Вільні і Віленскага краю. Паводле сав.-літ. дагавора ад 12.7.1920 Вільня і яе наваколле прызначаліся Літве. Правы Літвы на гэту тэр. пацверджаны і польска-літ. дагаворам ад 7.10.1920. Але 9.10.1920 войскі на чале з ген. Л.Жалігоўскім захапілі Вільню і Віленскі край. Ліга Нацый вырашыла правесці тут плебісцыт і для «забеспячэння парадку» ўвесці замежныя войскі. Літва адмовілася, яе падтрымаў і сав. ўрад. На польска-літ. перагаворах у 1921 Ліга Нацый спрабавала зрабіць Віленшчыну аўтаномнай з умовай уступлення Літвы ў унію з Польшчай. Літ. ўрад зноў адмовіўся. 8.1.1922 польскі ўрад правёў выбары ў часовы сейм т.зв.Сярэдняй Літвы, які 20.2.1922 прыняў рашэнне пра далучэнне Віленшчыны да Польшчы. 24.3.1922 гэта рашэнне пацвердзіў Варшаўскі сейм. Пастановай СМ Польшчы ад 6.4.1922 створана Віленская зямля на правах ваяводства. 15.3.1923 канферэнцыя паслоў Англіі, Францыі, Італіі і Японіі вызначыла польска-літ. граніцу, пакінуўшы Віленскую зямлю за Польшчай. Літ. і сав. ўрады не прызналі гэтага рашэння. 22.12.1925 Віленская зямля перайменавана ў Віленскае ваяводства. У пач. 2-й сусв. вайны ў вер. 1939 Чырв. Армія заняла Вільню і Віленшчыну. Паводле дагавора Літвы і СССР ад 10.10.1939 яны перададзены Літве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВА-САХАЛІ́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,
наступальная аперацыя сав. войск па вызваленні паўд.ч. в-ва Сахалін у час 2-й сусв. вайны 1939—45. Праведзена 11—25.8.1945 войскамі 16-й арміі 2-га Далёкаўсх. фронту ва ўзаемадзеянні з караблямі і часцямі марской пяхоты Паўн.-Ціхаакіянскай флатыліі. У наступленні ўдзельнічалі 56-ы стралк. корпус і інш. злучэнні і часці, да 30 караблёў, суднаў і катэраў, 186 самалётаў. Яп.войскі ў складзе 88-й пях. дывізіі, інш. часцей і рэзервістаў (каля 30 тыс.чал.) займалі доўгачасовыя абарончыя збудаванні, цэнтрам якіх быў Катонскі ўмацаваны раён. У ноч перад наступленнем марская авіяцыя нанесла бомбавыя ўдары па апорных пунктах праціўніка Наступленне пачалося 11 жн. пры падтрымцы 2 авіяц. дывізій. 16 жн. на зах. ўзбярэжжы ў раёне Тора (цяпер Шахцёрск) высадзіўся марскі дэсант. Да 18 жн.сав.войскі авалодалі ўсімі ўмацаванымі пунктамі ў прыгранічнай паласе. 19—25 жн. сумесным ударам з фронту і высадкай дэсантаў у портах Маока (цяпер Холмск), Атамары (цяпер Карсакаў) яп. групоўка войск была ліквідавана (пасля капітуляцыі больш за 18 тыс.чал. трапіла ў палон). Паўд. Сахалін, які з 1905 належаў Японіі (гл.Руска-японская вайна 1904—05), зноў стаў састаўной ч.СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯАЯ́НСКАЯ БІ́ТВА 1904,
баявыя дзеянні 24.8—3.9.1904 у раёне г. Ляаян (Паўн.-Усх. Кітай) паміж рус. Маньчжурскай арміяй і трыма (1, 2, 4-я) яп. арміямі ў час руска-японскай вайны 1904—05. Паводле плана яп. камандавання (маршал І.Аяма) прадугледжвалася рашучае наступленне з абходам флангаў рус. арміі. Але сілы яп. войск (каля 130 тыс.чал., 508 гармат) не дазвалялі ажыццявіць гэты план. Рус. армія (152 тыс.чал., 606 гармат) падрыхтавала для абароны тры рубяжы. План рус. камандавання (ген. А.М.Курапаткін) насіў пасіўна-чакальны характар і аддаваў ініцыятыву праціўніку. Таму нават нязначны поспех яп. войск (24—26 жн.) на адным з участкаў іх наступлення (раён Анпіліна) і адсутнасць у Курапаткіна дакладных звестак аб сілах праціўніка прымусілі яго аддаць загад пра адыход на 2-і рубеж абароны (за 8 км на Пд і ПдУ ад Ляаяна). Актыўнасць наступаючых, іх намаганні акружыць рус. армію зноў прымусілі (3 вер.) ген. Курапаткіна адступіць. Рус.войскі пакінулі Ляаян і адышлі за р. Шахэ. Страты яп. склалі 24 тыс.чал., рускіх — 16 тыс.чал. У выніку памылак рус. камандавання, яп.войскі дасягнулі ў гэтай аперацыі аператыўнага поспеху.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛАВІ́ДСКАЯ БІ́ТВА 1863.
Адбылася паміж паўстанцамі і рас. войскамі ў час паўстання 1863 — 64 у Польшчы, Беларусі і Літве. У сярэдзіне мая 1863 каля в. Мілавіды (цяпер Баранавіцкі р-н) сканцэнтравалася некалькі паўстанцкіх атрадаў (каля 800 чал.), лагер якіх знаходзіўся ў лесе паблізу шашы Брэст — Бабруйск. Камандаваў аб’яднанымі сіламі А.Лянкевіч. На ліквідацыю гэтых атрадаў былі накіраваны царскія войскі са Слоніма і Нясвіжа. З чэрв. яны з розных бакоў атакавалі лагер. Бой працягваўся некалькі гадзін, паўстанцы вытрымалі ўсе атакі. Калі стала цямнець, царскія войскі, страціўшы 50 чал. забітымі і параненымі, адступілі на зыходныя пазіцыі. Назаўтра наступленне аднавілася, але паўстанцы да гэтага часу пакінулі лагер (іх страты — 18 чал.). На месцы пахавання рас. салдат устаноўлены чыгунны крыж, на месцы пахавання паўстанцаў — Мілавідская мемарыяльная капліца. У 1990 пастаўлены яшчэ адзін памятны знак — камень з мемарыяльнай плітой і надпісам па-беларуску. У 1993 мілавідскай школе прысвоена імя А.Лянкевіча, памяць пра гэтыя падзеі захоўваецца тут і ў назве вуліцы Паўстанцаў.
Літ.:
Восстание в Литве и Белоруссии 1863—1864 гг.: Материалы и док. М., 1965;
Смирнов А.Ф. Восстание 1863 г. в Литве и Белоруссии. М., 1963;
Супрун В. Бітва пад Мілавідамі // Беларусь. 1973. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАРЫ́Ў,
стварэнне брэшы ў абарончых палосах (рубяжах, пазіцыях), занятых войскамі праціўніка.
Неабходнасць П. ўзнікла ў пач. 20 ст. ў сувязі з узнікненнем суцэльных франтоў на тэатрах ваен. дзеянняў: Шырока выкарыстоўваўся ў 1-ю сусв. вайну (напр., Брусілаўскі П. у час правядзення Паўднёва-Заходняга фронту наступлення 1916), у больш буйных маштабах — у 2-ю сусв. вайну, калі войскі прарывалі абарону праціўніка ў некалькіх месцах, развівалі наступленне рухомымі карпусамі і арміямі, акружалі і знішчалі вялікія групоўкі ворага (гл.Беларуская аперацыя 1944, Вісла-Одэрская аперацыя 1945 і інш.). П. ажыццяўлялі таксама войскі, што абаранялі блакіраваныя гарады ці парты (гл.Ленінградская бітва 1941—44), акружаныя партыз. злучэнні (напр., Полацка-Лепельская бітва 1944).
Для сучасных армій пры П. характэрны: хуткасць і рашучасць дзеянняў, выкарыстанне авіяцыі, ракетных войск і артылерыі, усіх відаў зброі і баявой тэхнікі. У канцы 20 ст. большасць войнаў, лакальных канфліктаў і аперацый (напр., «Бура ў пустыні», гл.Кувейцкі крызіс 1990—91), пачыналіся з П. і ліквідацыі сіл і сродкаў ППА праціўніка, дэзарганізацыі яго сістэм кіравання, стварэння спрыяльных умоў для сваіх авіяц. сіл, якія выконвалі асн. задачу па знішчэнні найб. важных ваен., адм. і гасп. аб’ектаў, груповак войск і інш.