ВАЕ́ННАЯ АЎТАМАБІ́ЛЬНАЯ ІНСПЕ́КЦЫЯ (ВАІ),

орган Мін-ва абароны Рэспублікі Беларусь, на які ўскладзены правядзенне мерапрыемстваў па папярэджанні дарожна-трансп. здарэнняў з вайсковым аўтамаб. транспартам, кантроль за дысцыплінай ваенных вадзіцеляў, выкананнем імі правіл руху і эксплуатацыі машын у гарнізонах і на дарогах, якія прылягаюць да іх. ВАІ ствараюцца ў гарнізонах, пры ўпраўленнях аб’яднанняў, а таксама на перыяд вучэнняў войск; забяспечваюцца трансп. сродкамі, сродкамі сувязі і сігналізацыі, маюць вызначаныя адметныя знакі.

т. 3, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫГАНЦІ́НА (італьян. brigantino),

1) марское паруснае двухмачтавае судна з прамымі парусамі на пярэдняй мачце (фок-мачце) і косымі на задняй (грот-мачце). У 17—19 ст. выкарыстоўваліся ў ваен. флоце як пасыльныя і разведвальныя караблі.

2) Парусна-вёславае судна ў рус. флоце 18 ст. для перавозкі войск і грузаў. Мела 2—3 гарматы. Брыганціна меншая за брыг. У 16—18 ст. Брыганцінай наз. лёгкія быстраходныя пірацкія судны.

Брыганціна.

т. 3, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБХО́Д,

1) манеўр войск з мэтай глыбокага пранікнення ў размяшчэнне праціўніка і нанясення яму ўдараў з флангаў і тылу або акружэння яго. Ажыццяўляецца ва ўзаемадзеянні з войскамі, што дзейнічаюць з фронту, пры наяўнасці адкрытых флангаў або прамежкаў у баявых парадках праціўніка. У ВМФ робіцца для нанясення ўдару па гал. аб’екце праціўніка без агнявога сутыкнення з сіламі яго прыкрыцця.

2) Участак лесу (адзін або некалькі кварталаў), які даглядаецца, абслугоўваецца адным лесніком.

т. 1, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСО́ЦКІ ((Wysocki) Юзаф) (1809, каля г. Тульчын, Украіна — 31.12.1873),

польскі паліт. дзеяч, генерал. Удзельнік паўстання 1830—31, пасля яго паражэння ў эміграцыі. Адзін з кіраўнікоў Польскага дэмакратычнага таварыства. На чале легіёна палякаў-добраахвотнікаў у 1848—49 змагаўся ў венг. рэв. арміі супраць габсбургскіх войск. У час паўстання 1863—64 часовы кіраўнік Ваен. камісіі ў Кракаве, на чале ўзбр. атрада змагаўся на Валыні. Пасля паражэння паўстання эмігрыраваў у Францыю.

т. 4, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРБО́ЎКА (польск. werbować ад ням. werben набіраць),

1) наём людзей на ваен. службу, адзін са спосабаў камплектавання войск. Выкарыстоўвалася са стараж. часоў. Найб. пашырэнне атрымала ў Зах. Еўропе ў 15—18 ст. У шэрагу сучасных замежных краін (ЗША, Вялікабрытанія, ФРГ і інш.), а таксама ў Расіі Узбр. сілы камплектуюцца поўнасцю ці часткова на кантрактнай аснове, г.зн. праз вярбоўку і наёмніцтва.

2) У СССР адзін са спосабаў арганізаванага набору рабочых.

т. 4, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРАШЭ́НКА (Пётр Дарафеевіч) (1627, г. Чыгірын, Украіна — 19.11.1698),

гетман Правабярэжнай Украіны ў 1665—76. Рэестравы казак, ген. есаул (1663). У 1659 пасол у Маскве. Прыхільнік цэласнай і незалежнай Украіны, не прызнаваў умовы Андросаўскага перамір’я 1667. У 1669 ва ўмовах пагрозы ўварвання польск. і крымскіх войск пайшоў на саюз з Турцыяй. У 1676 капітуляваў перад рас. войскамі, у 1677 памілаваны рас. царом. У 1679—82 ваявода ў Вятцы, пазней жыў пад Масквой.

т. 6, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЗЯРЫ́ШЧАНСКІ БОЙ 1942,

аперацыя 2-й імя Панамарэнкі і 4-й Бел. партыз. брыгад па разгроме ням.-фаш. гарнізона на чыг. ст. Езярышча Віцебскай вобл. 7 вер. ў Вял. Айч. вайну. Мэта — сарваць перавозкі па чыг. Невель—Віцебск. Кіраўніцтва аперацыяй ажыццяўляў нач. аб’яднанага штаба партыз. войск Полацкай зоны А.​Я.​Марчанка. У ходзе бою партызаны знішчылі чыг. станцыю, склады з боепрыпасамі, харчаваннем, папсавалі чыг. палатно, забралі апаратуру дыспетчарскага кіравання і радыёапаратуру.

т. 6, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛА́НДЗІН (Герман Капітонавіч) (15.12.1894, г. Нолінск Кіраўскай вобл., Расія — 27.10.1961),

удзельнік абарончых баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген. арміі (1948). Скончыў Ваен. акадэмію Генштаба (1938). У Чырв. Арміі з 1918. З чэрв. 1941 нач. штаба Зах. фронту і войск Зах. напрамку, нам. нач. штаба Зах. фронту. З ліст. 1941 нач. кафедры Ваен. акадэміі Генштаба. З 1943 на фронце Пасля вайны на камандных пасадах у Сав. Арміі.

т. 10, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯЧА́Й (Даніла) (? — 2.3.1651),

дзеяч нац.-вызв. руху на Украіне, герой вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. Брацлаўскі палкоўнік (з 1648). Вызначыўся ў бітвах казацка-сял. войска супраць войск Рэчы Паспалітай пад Піляўцамі (1648), Меджыбожам, Зборавам (1649). Адмовіўся прызнаць Збораўскі дагавор 1649 і ў канцы 1649 — пач. 1650 узначаліў нар. паўстанне на Брацлаўшчыне, Валыні і ў Падоліі. Загінуў у баі. Пра яго гераічныя подзвігі ўкр. народ склаў песні і думы.

т. 11, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАПРА́ВАЧНЫЯ СРО́ДКІ,

сродкі, якія выкарыстоўваюцца для пераправы войск і баявой тэхнікі пры пераадоленні водных перашкод. Бываюць табельныя (штатныя), індывідуальныя, мясц. і падручныя. Да табельных адносяцца пантонныя паркі, пераправачна-дэсантныя сродкі, мостаўкладчыкі, механізаваныя масты, разборныя метал. масты (гл. Мост ваенны), танкавыя плаўсродкі, дэсантныя лодкі і інш. Індывідуальныя П.с. — плавальныя касцюмы і выратавальныя камізэлькі. Выкарыстоўваюць таксама П.с. мясц. (судны, баржы, катэры, лодкі, паромы і інш.) і падручныя (бочкі, бітоны, бярвёны і інш.).

т. 12, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)