АДАМО́ВІЧ (Алесь) (Аляксандр Міхайлавіч; 3.9.1927, в. Канюхі Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 26.1.1994),

бел. пісьменнік, крытык, літ.-знавец, грамадскі дзеяч. Чл.-кар. АН Беларусі (1980), д-р філал. н. (1962), праф. (1971). У Вял. Айч. вайну партызан. Скончыў БДУ (1950), у 1962—64 слухач Вышэйшых сцэнарных курсаў (Масква). З 1954 працаваў у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1987 дырэктар НДІ кінамастацтва (Масква). Літ. дзейнасць пачаў у 1953 як крытык. Найб. значныя літ.-знаўчыя манаграфіі «Беларускі раман» (1961), «Маштабнасць прозы» (1972), «Здалёк і зблізку» (1976), «Браму скарбаў сваіх адчыняю...» (1980), «Вайна і вёска ў сучаснай літаратуры» (1982), «Нічога важней» (1985). Як крытык змагаўся супраць дагматычных уяўленняў пра л-ру, дбаў пра эстэт. аналіз, спалучаў яго са сцвярджэннем гуманіст. каштоўнасцяў. Адраджаў і развіваў знішчаныя ў перыяд сталінізму метадалагічныя прынцыпы праўдзівасці і гістарызму. З 1959 выступаў як празаік. Пісаў на бел. і рус. мовах. У дылогіі «Партызаны» (раманы «Вайна пад стрэхамі», 1960, «Сыны ідуць у бой», 1963) раскрыў вытокі нар. супраціўлення акупантам у Вял. Айч. вайну (аднайм. кінадылогія на кінастудыі «Беларусьфільм», 1970, сцэнарый Адамовіча ў сааўт.). Змаганне з таталітарызмам у абліччы фашызму і камунізму складае асн. пафас «Хатынскай аповесці» (1972, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1976), рамана «Карнікі» (1980), аповесцяў «Венера» і «Нямко» (абедзве 1993). Па матывах «Хатынскай аповесці» кінафільм «Ідзі і глядзі» (сцэнарый Адамовіча і Э. Клімава, залаты медаль на Маскоўскім міжнар. кінафестывалі, 1985). У дакумент. кнізе «Я з вогненнай вёскі...» (1975, з Я.​Брылём і У.Калеснікам) расказана пра трагедыю бел. Хатыняў. У апошнія гады жыцця выявіў сябе як паліт. дзеяч, змагаўся з пагрозай ядзернай вайны. Публіцыстыка Адамовіча ў кн. «Выберы — жыццё» (1986), «Дадумваць да канца» (1988), «Мы — шасцідзесятнікі» (1991), «Апакаліпсіс па графіку» (1992).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. Мн., 1981—83.

Літ.:

Мележ І. Пра «Хатынскую аповесць» // Зб. тв. Мн., 1983. Т. 8;

Брыль Я. Алесь Адамовіч // Зб. тв. Мн., 1981. Т. 4;

Быкаў В. [Алесь Адамовіч] // Быкаў В. На крыжах. Мн., 1992;

Каваленка В. Святло вялікіх мэт // Полымя. 1977. № 9;

Дедков И. Во имя справедливости // Адамович А. Каратели. М., 1981.

М.​А.​Тычына.

Алесь Адамовіч.

т. 1, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АПО́ВЕСЦЬ ПРА ТРЫШЧА́НА»,

помнік бел. перакладной л-ры. Папулярны рыцарскі раман. Перакладзены на бел. мову ў 2-й пал. 16 ст. з сербскай крыніцы (апошняя з італьян. арыгінала). Бел. пераклад збярогся ў Пазнанскім рукапісным зборніку. У аснове твора — паэт. кельцкая легенда пра ўзнёслае каханне рыцара Трыстана і каралевы Ізольды (у бел. рэдакцыі — Трышчана і Іжоты), што ў шматлікіх літ. апрацоўках на працягу стагоддзяў бытавала сярод народаў Еўропы. «Аповесць пра Трышчана» — класічны ўзор жанру рыцарскага рамана, пабудаванага на авантурна-прыгодніцкай фабуле і любоўнай інтрызе. Гал. герой — ідэальны рыцар, які служыць прыгожай даме і праводзіць свой час у няспынных прыгодах і рыцарскіх турнірах. У барацьбе за прыгожую Іжоту, дачку ірландскага караля, якую герой здабывае ў паядынках з рознымі сапернікамі свайму дзядзьку, каралю Марку, Трышчан выходзіць пераможцам. Аднаго ён не можа пераадолець — сваіх пачуццяў да Іжоты. Каханне прыносіць героям вял. пакуты: Іжота належыць каралю Марку, сеньёру Трышчана, і становіцца яго жонкай. У зах.-еўрап. версіях легенды зроблена спроба знайсці выйсце: гал. герой жэніцца на другой Ізольдзе. Аднак такі ўчынак прыносіць новыя пакуты закаханым. Усёпаглынальная любоўная страсць паскарае заўчасную смерць гал. герояў. Фінал твора гучыць як гімн вял. каханню. У бел.-сербскай «Аповесці пра Трышчана» падзеі заключнай часткі выкладзены інакш: Трыстан не жэніцца з другой жанчынаю, а застаецца верны сваёй каханай да канца, дзеянне ў творы не даведзена да трагічнага фіналу. У бел. апрацоўцы асн. ўвага сканцэнтравана на апісанні незвычайных прыгод, паядынкаў і рыцарскага гераізму Трышчана; аптыміст. канец лепш стасуецца з агульнай ідэйна-маст. канцэпцыяй аповесці, у якой, насуперак аскетычным прынцыпам хрысціянства, апяваюцца пачуцці і перажыванні чалавека, яго зямныя радасці і страсці, паэтызуецца пераможная сіла кахання. «Аповесць пра Трышчана» — унікальны слав. варыянт літаратурнай апрацоўкі славутай легенды, каштоўны помнік бел. літ. мовы 16 ст. Перакладзена на сербскахарвацкую (Бялград, 1966), англ. (Лідс, 1977; Нью-Йорк, 1988), італьян. (Фларэнцыя, 1983) мовы.

Публ.:

Легенда о Тристане и Изольде. М., 1976.

В.​А.​Чамярыцкі.

«Аповесць пра Трышчана» (фрагмент). 16 ст.

т. 1, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЖЭ́ШКА (Orzeszkowa; дзявочае Паўлоўская) Эліза

(6.6.1841, б. маёнтак Мількаўшчына, Гродзенскі р-н — 18.5.1910),

польская пісьменніца. У фарміраванні яе светапогляду выключную ролю адыгралі паўстанне 1863—64 і сялянскі рух 1860—80-х г. на Беларусі. Была звязана з дзеячамі славянскай культуры: Ф.​Багушэвічам, І.​Франко, М.​Салтыковым-Шчадрыным і інш. Літ. дзейнасць пачала ў 1866 (апавяд. «Малюнак з галодных гадоў»). Творчасць 1870-х г. зведала ўплыў ідэй «варшаўскага» пазітывізму, асветнай працы з народам. Выступала за раўнапраўе жанчын (аповесці «Апошняе каханне», 1868, «Пан Граба», 1869—70, «Марта», 1873), з крытыкай шляхецкай арыстакратыі і саслоўных прымхаў (раман «Пампалінскія», 1876), з гуманіст. пазіцый адстойвала інтарэсы працоўных (зб. апавяд. «З розных сфер», т. 1—3, 1879—82). У рамане «Над Нёманам» (1887) адлюстравала вострыя праблемы тагачаснай польскай рэчаіснасці. У аповесцях «Нізіны» (1884), «Дзюрдзі» (1885), «Хам» (1888), апавяданнях «Рэха», «Тадэвуш», «У зімовы вечар» і інш. паказала жыццё паслярэформеннай бел. вёскі. Пра фальклор і духоўнае багацце беларусаў нарысы «Людзі і кветкі на берагах Нёмана» (1888—91). У 1890-я г. ў яе творах вастрыня сац. праблематыкі саступае месца псіхал. заглыбленасці («Два полюсы», 1893, зб. апавяд. «Меланхолікі», 1896). Апошні зб. навел «Gloria victis» («Слава пераможаным!», 1910) прысвечаны героям паўстання 1863—64. Інсцэніраваныя творы Ажэшкі ставіліся Першай бел. трупай І.​Буйніцкага («Хам», «У зімовы вечар», 1910—12), Бел. муз.-драм. гуртком у Вільні («Хам», 1913), Першым т-вам бел. драмы і камедыі («Хам», «У зімовы вечар», 1917), трупай У.​Галубка («Рысь», 1923), Бел. дзярж. т-рам («У зімовы вечар», «Хам», 1920—21) і інш.; паводле аповесці «Хам» паст. аднайменны шматсерыйны тэлефільм (1990, рэж. Дз.​Зайцаў; кінаварыянт пад назвай «Франка»). На бел. мову перакладзены творы А. «Гэдалі» (1907), «У зімовы вечар» (1927). Асобным выданнем выйшла яе кн. «Выбранае» (1975, пер. Я.​Брыля і Я.​Бяганскай). У Гродне ў 1929 пастаўлены помнік Ажэшцы, яе імем названа адна з гал. вуліц.

Тв.:

Рус. пер.Соч. Т. 1—5. М., 1953—54.

Літ.:

Гапава В.І. Эліза Ажэшка: Жыццё і творчасць. Мн., 1969.

В.​І.​Гапава.

Э.Ажэшка.

т. 1, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДВА́ЖНЫ (Вінцук) (сапр. Германовіч Язэп Станіслававіч; 4.3.1890, в. Гальшаны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. — 26.12.1978),

бел. пісьменнік. Скончыў Віленскую духоўную семінарыю (1913). Служыў ксяндзом. За казанні на бел. мове зазнаў ганенні польскіх улад. У 1924 у Друі ўступіў у ордэн марыянаў. У 1932 выехаў у Харбін (Кітай), у 1936 вярнуўся ў Вільню, адтуль выселены ў Польшчу, потым зноў выехаў у Харбін. У 1948 арыштаваны кіт. ўладамі і перададзены ў СССР, дзе беспадстаўна асуджаны на 25 гадоў. Вызвалены ў 1955, выехаў у Польшчу, потым у Італію, Англію, дзе рэдагаваў час. «Божым шляхам». Друкаваўся з 1917. Празаічная гутарка «Як Казюк сабраўся да споведзі» (1928) пра маральнае самаўдасканаленне зах.-бел. моладзі. Самадурства чыноўнікаў выкрыў у вершаваным апавяданні «Як Гануля збіралася ў Аргентыну» (1930). Аўтар зб-каў вершаў «Беларускія цымбалы» (Вільня, 1933), «Байкі і іншыя вершы» (Лондан, 1973) і інш., аповесці «Хлопец» (Вільня, 1935), успамінаў «Кітай—Сібір—Масква» (Мюнхен, 1962).

В.Адважны.

т. 1, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ДНЫ (Дзям’ян) (сапр. Прыдвораў Яфім Аляксеевіч; 13.4.1883, в. Губаўка Кіраваградскай вобл., Украіна — 25.5.1945),

рускі паэт. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1904—08). Першы зб. «Байкі» (1913). Вершы, песні, байкі, вершаваныя аповесці і фельетоны ў зб. «Дзіва дзіўнае і іншыя казкі» (1916), «Кожны Ерамей пра сябе разумей», «Праўда і няпраўда» (абодва 1917) і інш. Аўтар героіка-сатыр. эпапеі «Пра зямлю, пра волю, пра рабочую долю» (1917), паэм «Запаветная зямля» (1920), «Галоўная вуліца» (1922). У грамадз. вайну папулярныя былі яго песні («Праводзіны»), сатыр. творы («Маніфест барона фон Урангеля»), жартоўныя вершы («Танька-Ванька»). У 1920 некаторыя творы ўпершыню надрукаваны ў бел. газ. «Звязда» («Нашым братам — польскім сялянам», «Вялікая штука — навука», «Пан Кміта» і інш.). Творчасць Беднага блізкая да фальклору, многія радкі з вершаў сталі прыказкамі. На бел. мову творы Беднага перакладалі А.​Александровіч, А.​Дзяркач, А.​Астрэйка, Ю.​Свірка, Э.​Валасевіч і інш.

т. 2, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́ЗАН ((Brĕzan) Юрый) (н. 9.6.1916, Рэкельвіц, Германія),

сербалужыцкі і нямецкі пісьменнік. Чл. АМ ГДР. Піша на сербалужыцкай і ням. мовах. Друкуецца з 1946. Аўтар зб-каў вершаў «Да новага часу» (1950), «Свет будзе прыгажэйшы» (1952), «Наш дзень звычайны» (1955), «Пасма лета» (1958), зб-каў апавяд. «Першая баразна» (1951), «Старая Янчова» (1952), аповесці «Мая жонка Магдалена» (1949), п’ес «Пачаткі» (1955), «Марыя Янчова» (1960), кн. нарысаў «Па вуліцы і на вуліцу» (1955). Найб. вядомыя творы — аўтабіягр. трылогія «Фелікс Гануш — пакаленне горкага досведу» (1958—64); раманы гіст. «52 тыдні складаюць год» (1953), міфалагічны «Крабат, ці Пераўтварэнне свету» (1976), філас. «Партрэт бацькі» (1982). Нац. прэмія ГДР 1951, 1964. На бел. мову яго творы перакладалі Н.​Гілевіч, А.​Зарыцкі, А.​Траяноўскі.

Тв.:

Бел. пер. — Крыста. Мн., 1966;

[Вершы] // Там, дзе Шпрэвя шуміць. Мн., 1969;

Чорны млын: Аповесць-казка. Мн., 1984;

рус. пер. — История одной любви. М., 1969.

І.​А.​Чарота.

т. 3, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМФІТЭА́ТРАЎ (Аляксандр Валянцінавіч) (26.12.1862, Калуга — 26.2.1938),

рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1885). Аўтар зб-каў апавяданняў «Псіхапаты. Праўда і выдумка» (1893), «Мроі і цені» (1896), раманаў «Атручанае сумленне» (1890; аналіз псіхал. матываў злачынства), «Жар-кветка» (1895; тэма спірытызму і акультызму), «Вікторыя Паўлаўна» (1903; пытанне жаночай эмансіпацыі), «Мар’я Лусьева» (1903; праблема прастытуцыі), гіст. твора «Звер з прорвы» (1911—14), фельетонаў, літ.-крыт. артыкулаў. Раманы-хронікі са шматтомнай серыі «Канцы і пачаткі. Хроніка 1880—1910» — спроба асэнсаваць жыццё рас. грамадства на рубяжы стагоддзяў. З 1921 у эміграцыі. Выдаў раман «Зачараваны стэп» (1921), кн. нарысаў «Тужлівыя нататкі» (1922), зб. «Неўтаймаваная Русь: Дэманічныя аповесці XVII ст.» (1929) і інш. На бел. мову творы Амфітэатрава перакладаў В.​Ластоўскі.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—30, 33—35, 37. Спб., 1911—16;

Закат старого века. М., 1989;

Мертвые боги. М., 1991;

Бел. пер. — Хілібертава пакута;

Вярба;

Палятуха. Вільня, 1912.

т. 1, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЗІМАЎ ((Asimov) Айзек) (2.1.1920, в. Пятровічы Шумяцкага р-на Смаленскай вобл. — 6.4.1992),

амерыканскі пісьменнік. Праф. біяхіміі Бостанскага ун-та (з 1979). У 1923 сям’я эмігрыравала ў ЗША. Вядомасць Азімаву прынеслі аповесці і зб-кі апавяданняў пра робатаў («Я, робат», 1950; «Робаты і імперыя», 1985; «Мары робата», 1986, і інш.), раманы серыі «Канец станаўлення» («Станаўленне», 1951; «Станаўленне ў небяспецы», 1982; «Станаўленне і Зямля», 1986, і інш.) пра галактычную гісторыю чалавецтва, раманы «Канец вечнасці» (1955) і «Самі багі» (1972) — перасцярога ад бяздумнага ўмяшання ў законы развіцця прыроды і чалавецтва, навук.-папулярныя кнігі («Жыццё і энергія», 1962; «Сціслая гісторыя біялогіі», 1965; «Нейтрына», 1966, і інш.). Яго творам уласцівыя займальнасць, дакладнае абгрунтаванне навук. дапушчэнняў, уменне спалучыць навук. і фантастычнае.

Тв.:

Mind transfer. New York, 1988;

Рус. пер. — Конец вечности;

Сами боги. М., 1990;

Основание;

Основание и Империя;

Второе основание: Романы. Мн., 1992;

Камешек в небе. Мн., 1993.

т. 1, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫ́ЧКА (Хведар Дзмітрыевіч) (н. 20.3.1927, пас. Марс Жлобінскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага ў Маскве (1959). Служыў на флоце, працаваў у прэсе, у выд-вах «Беларусь» і «Мастацкая літаратура», у 1972—76 гал. рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва». Друкуецца з 1947. Паэтызуе рамантыку марской службы, працу, хараство роднай прыроды (зб. «Стой на вахце, сэрца», 1961, «Настой», 1968, «Абрус», 1985, і інш.). У вострасюжэтных апавяданнях і аповесцях для дзяцей раскрывае сталенне характару юнага героя («Каштанавы «Масквіч», 1959, «Піфагоравы штаны», 1961, «Зброю бяруць сыны», 1964, «Дзе растуць бяссмертнікі», 1967, «Букет вяргіняў», 1970, «Дзень будзе ясны», 1981). На бел. мову пераклаў многія творы чэш., польскіх і славацкіх пісьменнікаў, драму Л.​Украінкі «Лясная песня», аповесці М.​Алейніка «Леся», Б.​Ногейла «Паводка» і інш.

Тв.:

Абеліск. Мн., 1973;

Карэц калодзежнай вады. Мн., 1983;

Абдымкі сонца. Мн., 1988;

Сонца скача па траве. Мн., 1989.

т. 6, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ЛЬЧАНКА (Аляксандр Елісеевіч) (4.6.1909, г. Харкаў, Украіна — 16.9.1994),

украінскі пісьменнік. Друкаваўся з 1929. Першая кніга — зб-к нарысаў «Днепрэльстан» (1932). Аўтар аповесці, пабудаванай на матэрыяле жыцця Т.​Шаўчэнкі, «Сэрца чакае» (1939; перапрацаваны варыянт — п’еса «Пецярбургская восень», 1941, паст. 1954). Героіку Вял. Айч. вайны адлюстраваў у кн. апавяданняў і нарысаў «Байцы з нашых мясцін» (1941), «Горны пейзаж» (1942), «Крываўнік» (1946). У лірыка-гумарыстычным рамане «Казацкаму роду няма зводу, ці Мамай і Агонь-Маладзіца» (кн. 1—2, 1958) адлюстраваў гіст. падзеі на Украіне ў 2-й пал. 17 ст., у бурлескным стылі стварыў вобраз героя-запарожца, які ўвасабляе ідэю бессмяротнасці нац. духу, імкненне ўкраінскага народа да свабоды. Творы І. прасякнуты багатым укр. фальклорам. Зб. аповесцей, нарысаў і замалёвак «Аснова, або Хто там стукае ў дзверы? Пастскрыптум жыцця публіцыста» (1984) — філас. роздум пра жыццё, літ. творчасць, культуру.

Тв.:

Вибрані твори. Т. 1—2. Київ, 1989.

В.​А.​Чабаненка.

т. 7, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)