ПРЖЫЯЛКО́ЎСКІ (Віктар Уладзіміравіч) (н. 2.3.1930, г. Серпухаў Маскоўскай вобл.),
бел. і рас. вучоны ў галіне вылічальнай тэхнікі. Д-р тэхн. н., праф. (1984). Герой Сац. Працы (1983). Скончыў Маскоўскі энергет. ін-т (1953). З 1959 на Мінскім з-дзе выліч. машын, гал. канструктар ЭВМ «Мінск-2», «Мінск-23», «Мінск-32», ЕС-1020. З 1971 у Маскоўскім н.-д. цэнтры электронна-выліч. тэхнікі. Дзярж. прэмія СССР 1970.
Тв.:
Электронная вычислительная машина «Минск-32» М., 1972 (разам з В.Я.Пыхціным, Г.Дз.Смірновым);
Электронная вычислительная машина ЕС-1020. М., 1975 (у сааўт.);
Технические и программные средства Единой системы ЭВМ (ЕС ЭВМ-2). М., 1980 (разам з Ю.С.Ломавым).
М.П.Савік.
т. 13, с. 37
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЕ́ДЭ ((Priede) Гунарс) (17.3.1928, Рыга — 22.12.2000),
латышскі драматург. Засл. дз. культ. Латвіі (1976). Нар. пісьменнік Латвіі (1988). Скончыў Латвійскі ун-т (1953). Друкаваўся з 1955. Аўтар больш як 40 п’ес, у т. л. «Лета малодшага брата» (1955), «Дзяўчына Нармунда» (1958, Дзярж. прэмія Латвіі 1959), «Першы баль Вікі» (1961), «Тваё добрае імя», «Трынаццатая» (абедзве 1965), «Атылія і яе нашчадкі», «Касцёр каля станцыі» (абедзве 1970), «Блакітная» (1972), «Чакаючы Айвара» (1974), «Песня сарокі» (1978), «Пах грыбоў» (апубл. 1987) пра сучасную моладзь. Пісаў кінасцэнарыі, п’есы для дзяцей, артыкулы па праблемах культуры, гісторыі і л-ры (кн. «Што нам тут вучыцца?», 1987) і інш.
Тв.:
Рус. пер. — Пьесы. М., 1963: Портрет Лива в Старой Риге: Пьесы. М., 1978.
т. 13, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫХО́ЦЬКА (Антаніна Фёдараўна) (26.4.1906, г. Пяцігорск, Расія — 29.9.1995),
украінскі фізік; заснавальнік укр. навук. школы фізікаў. Акад. АН Украіны (1964). Засл. дз. нав. Украіны (1966), Герой Сац. Працы (1976). Скончыла Ленінградскі політэхн. ін-т (1930). З 1930 у АН Украіны: у Фізіка-тэхн. ін-це (г. Харкаў), з 1941 у Ін-це фіз. хіміі, з 1944 у Ін-це фізікі (у 1965—70 дырэктар). Навук. працы па нізкатэмпературнай спектраскапіі цвёрдага цела, оптыцы малекулярных крышталёў. Устанавіла асн. заканамернасці паглынання і выпрамянення святла арган. крышталямі, выканала першыя нізкатэмпературныя вымярэнні нармальнай і анамальнай дысперсіі святла ў іх. Эксперыментальна выявіла і даследавала эксітоны ў малекулярных крышталях. Ленінская прэмія 1966. Дзярж. прэмія Украіны 1977.
А.І.Болсун.
т. 13, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУАНКАРЭ́ ((Poincaré) Раймон) (20.8.1860, г. Бар-ле-Дзюк, Францыя — 15.10.1934),
французскі паліт. і дзярж. дзеяч. Адвакат. Вучыўся ў Парыжскім ун-це. У 1887—1903 дэп. парламента, у 1903—13 і з 1920 сенатар. З 1893 неаднаразова займаў міністэрскія пасады. У 1912—13, 1922—24 і 1926—29 прэм’ер-міністр, у 1913—20 прэзідэнт Францыі. Праводзіў мілітарысцкую палітыку (празванне «П.-вайна»), Мацуючы франка-рас. саюз супраць Германіі, у 1912 і 1914 наведаў Пецярбург. У 1918—20 адзін з арганізатараў антысав. інтэрвенцыі, стваральнікаў Версальска-Вашынгтонскай сістэмы. Дамагаўся ваен. і эканам. гегемоніі Францыі ў Еўропе. З 2-й пал. 1920-х г. стаў на шлях збліжэння з Германіяй, каб выкарыстаць яе ў барацьбе супраць СССР. Аўтар мемуараў.
т. 13, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУРЫШКЕ́ВІЧ (Уладзімір Мітрафанавіч) (24.8.1870, Кішынёў — лют. 1920),
расійскі паліт. дзеяч. Адзін з заснавальнікаў чарнасоценнага Саюза рускага народа (1905), пасля расколу якога ўзначаліў Саюз Міхаіла Архангела (1908). Дэп. 2—4-й Дзярж. думы, быў адным з лідэраў крайне правых. У 1-ю сусв. вайну патрабаваў «моцнай улады» для дасягнення перамогі. Удзельнік забойства Р.Я.Распуціна (30.12.1916). Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 выступаў за разгон Саветаў і аднаўленне манархіі. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 узначаліў антыбальшавіцкую змову ў Петраградзе. Арыштаваны і прыгавораны сав. судом да прымусовых работ. Пасля амністыі (1.5.1918) супрацоўнічаў з белагвардз. рухам на Пд Расіі, выдаваў у Растовена-Доне газ. «Благовест».
Тв.:
Дневник «Как я убил Распутина». М., 1990 [рэпр. выд.: Рига, 1924].
т. 13, с. 127
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́ВА (Марына Уладзіміраўна) (н. 6.2.1934, Рыга),
бел. артыстка балета, педагог. Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыла Маскоўскае харэагр. вучылішча (1952). У 1952—72 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, адначасова ў 1968—71, 1973—75 і з 1980 выкладае ў Бел. харэагр. каледжы. Выканала гал. партыі ў бел. балетах: Джулія, Няўзіра («Альпійская балада», «Выбранніца» Я.Глебава), Рузя («Падстаўная нявеста» Г.Вагнера); у спектаклях класічнага і сучаснага рэпертуару: Аўрора, Маша («Спячая прыгажуня», «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Ліза («Марная засцярога» П.Гертэля), Гамзаці, Вулічная танцоўшчыца («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Гюльнара («Карсар» А.Адана), Вакханка («Вальпургіева ноч» Ш.Гуно), Крыўляка («Золушка» С.Пракоф’ева), Анель («Блакітны Дунай» І.Штрауса), Эгіна («Спартак» А.Хачатурана).
А.І.Калядэнка.
т. 13, с. 166
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЦЬКО́ (Валерый Іванавіч) (н. 30.1.1940, г.п.Пагранічны Прыморскага краю, Расія),
бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі. Канд. тэхн. н. (1975). Скончыў Разанскі радыётэхн. ін-т (1964). З 1969 у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, з 1992 у Навук. цэнтры праблем механікі машын, адначасова з 1989 у БДУ. Навук. працы па тэорыі і метадах лічбавай фільтрацыі сігналаў, аўтаматызацыі паскораных выпрабаванняў дынамічных аб’ектаў. Распрацаваў дыферэнцыяльна-структурны метад пераўтварэння графічнай інфармацыі, алгарытмы апрацоўкі эксперым. інфармацыі ў геафізіцы. Дзярж. прэмія Беларусі 1986.
Тв.:
Модификация дискретного преобразования Фурье для обработки процессов в реальном времени. Мн., 1988 (разам з У.Я.Куконіным);
Цифровая фильтрация и обработка сигналов. Мн., 1995 (разам з У.Я.Куконіным, М.Б.Шыхавым).
М.П.Савік.
т. 13, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБАНІ́ (Бархануддзін) (н. 1941, г. Файзабад, Афганістан),
афганскі дзярж. і грамадскі дзеяч. Скончыў тэалагічны ф-т Кабульскага ун-та і ун-т аль-Азхар (Егіпет). З 1968 праф. тэалогіі Кабульскага ун-та. У 1975 адзін з кіраўнікоў паўстання супраць рэжыму М.Дауда. У 1976 стварыў у эміграцыі ў Пакістане Ісламскае т-ва Афганістана, якое разам з інш. ўзбр. групоўкамі вяло ўзбр. барацьбу супраць рэжыму Народна-дэмакратычнай партыі Афганістана, а ў 1979—89 і сав. войск (гл. Муджахіды). У 1988—92 міністр аднаўлення і замежных спраў у створаным у Пакістане пераходным урадзе Афганістана. З чэрв. 1992 прэзідэнт Ісламскай Дзяржавы Афганістан. У вер. 1996 пад націскам атрадаў руху Талібан пакінуў Кабул. Прызнаецца сусв. супольнасцю законным прэзідэнтам Афганістана.
т. 13, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЦЫРА́КА ((Ratsiraka) Дзідзье) (н. 4.11.1936, Ватамандры, Мадагаскар),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Мадагаскара. Скончыў Ін-т інжынераў сувязі і вышэйшае ваен.-марское вучылішча ў Тулоне (Францыя, 1969). Адмірал. Служыў у ВМФ, быў ваен. аташэ пры мадагаскарскім пасольстве ў Францыі. У 1972—75 міністр замежных спраў Мадагаскара. У выніку дзярж. перавароту з чэрв. 1975 старшыня Вярх. Рэв. Савета, са снеж. 1975 прэзідэнт Мадагаскара. З 1976 ген. сакратар партыі Авангард малагасійскай рэвалюцыі. Абвясціў сваёй мэтай пабудову на Мадагаскары сацыяліст. грамадства. Праводзіў палітыку супрацоўніцтва з СССР і інш. сацыяліст. краінамі. Пад націскам нар. выступленняў быў вымушаны правесці ў 1993 свабодныя прэзідэнцкія выбары, на якіх прайграў прадстаўніку апазіцыі. У лют. 1997 зноў абраны прэзідэнтам Мадагаскара.
т. 13, с. 382
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСЛА́НАВА (Лідзія Андрэеўна) (27.10.1900, с. Чарнаўка Саратаўскай вобл., Расія — 20.9.1973),
расійская эстр. спявачка (кантральта). Засл. арт. Расіі (1942). Выступаць пачала ў 1917. З 1933 артыстка муз.-эстр. ўпраўлення Дзярж. аб’яднання муз., эстр. і цыркавых прадпрыемстваў. У 1945 рэпрэсіравана. З 1953 артыстка Усерас. гастрольна-канцэртнага аб’яднання. Дасканала валодала майстэрствам імправізацыі. Гал. месца ў рэпертуары займалі рус. нар. песні, якія выконвала распеўна, з праніклівай сардэчнасцю, лірызмам і гумарам. Аднавіла (аўтар) многія нар. песні, у т. л. «Валёнкі». Першая выканаўца многіх песень рас. кампазітараў, у т. л. «Кацюшы» М.Блантэра. У 1967 разам з Л.Уцёсавым, К.Шульжэнка і М.Бернесам узначаліла 1-ы Усесаюзны фестываль сав. песні.
Літ.:
Л.Русланова в воспоминаниях современников. М., 1981.
т. 13, с. 470
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)