ВЕ́ЙДЭМЕЕР ((Weydemeyer) Іосіф Арнольд Вільгельм) (2.2.1818, г. Мюнстэр, Германія — 20.8.1866),

дзеяч ням. і амер. рабочага руху. У 1839—45 афіцэр прускай арміі. У 1845—47 займаўся журналістыкай. Чл. Саюза камуністаў з 1847. У час рэвалюцыі 1848—49 адзін з арганізатараў рабочых саюзаў і дэмакр. т-ваў у Вестфаліі. У 1851 эмігрыраваў у ЗША, дзе выдаваў штотыднёвую газ. «Die Revolution» («Рэвалюцыя»), працы К.​Маркса і Ф.​Энгельса і разам з Ф.​А.​Зорге заснаваў Пралетарскі саюз (1852), уваходзіў у кіраўніцтва заснаванага ням. эмігрантамі Амер. рабочага саюза (з 1853), удзельнічаў у працы Камуніст. к-та ў Нью-Йорку (з 1857) і інш. У час Грамадзянскай вайны ў ЗША палкоўнік арміі паўночнікаў (1861—65).

т. 4, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЛДЭ ((Velde) Хенры) (Анры) Клеменс ван дэ (3.4.1863, г. Антверпен, Бельгія — 25.10.1957),

бельгійскі архітэктар і майстар дэкар. мастацтва. Вучыўся ў АМ у Антверпене (1881—83) і ў Парыжы. Адзін з заснавальнікаў ням. Веркбунда (1907). Кіраваў маст.-прамысл. школай у Веймары (1902—14), Нац. вышэйшай школай дэкар. мастацтваў у Бруселі (з 1926). Ініцыятар стылю мадэрн, пазней тэарэтык і лідэр функцыяналізму. Сярод яго твораў інтэр’еры Фолькванг-музея ў Хагене (1901—02), дом Эшэ ў Хемніцы (1902—03), тэатр Веркбунда ў Кёльне (1914; усе ў Германіі); музей Кролер-Мюлер у Отэрла (Галандыя, 1926—37), бібліятэка ун-та ў Генце (Бельгія, 1935—40).

Х. ван дэ Велдэ. Тэатр Веркбунда ў Кёльне. 1914.

т. 4, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНТУ́РЫ (Venturi),

італьянскія мастацтвазнаўцы. Бацька і сын. Ураджэнцы г. Мадэна, Італія. Адольфа (4.9.1856—10.6.1941). У 1888—98 гал. інспектар мастацтваў у Рыме, з 1931 праф. Рымскага ун-та. Адзін з заснавальнікаў (1888) час. «Archivio Storico dell Arte» («Гістарычны архіў мастацтва», з 1898 «L’Arte» — «Мастацтва»). Аўтар «Гісторыі італьянскага мастацтва» (т. 1—25, 1901—40), якая ахоплівае 13—16 ст. Ліянела (25.4.1885—14.8.1961), праф. ун-таў у Турыне (1915—32) і Рыме (з 1945). Працы Вентуры па гісторыі мастацтва і мастацтвазнаўства («Джарджоне і джарджанізм», 1913; «Гісторыя мастацкай крытыкі» і «Сезан», 1936; «Жывапіс і жывапісцы», 1945; «Італьянскі жывапіс», т. 1—3, 1950—52) адметныя шырынёй ахопу гіст. праблем, трапнасцю характарыстык, аналогіяй абсалютнай свабоды ў самавыяўленні мастака.

т. 4, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАМЕ́Й-ПАБЯДЗІ́НСКІ (сапр. Верамей) Мікалай Сцяпанавіч

(1898, в. Кавальцы Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 3.11.1939),

удзельнік рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыў Невельскую настаўніцкую семінарыю, Пражскі электратэхн. ін-т (1929). З 1919 чл. Камуніст. рабочай партыі Польшчы (КПРП), з 1922 — Бел. рэв. арг-цыі (БРА), з 1923 — КПЗБ. Супрацоўнічаў з бел. рабоча-сял. пасольскім клубам «Змаганне». У 1930 ЦК КПЗБ накіраваў яго ў БССР. Быў арганізатарам і дырэктарам энергет. ін-та ў Мінску (1930). З 1931 у польск. секцыі Камінтэрна ў Маскве; з канспіратыўных меркаванняў яму дадзена прозвішча Пабядзінскі. 18.8.1933 арыштаваны і высланы ў г. Арцёмаўск Хабараўскага краю, дзе і загінуў. Рэабілітаваны ў 1957.

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 4, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЗЕ (Уладзімір Юльевіч) (5.3.1886, г. Пушкін, Расія — 19.2.1954),

савецкі акіянолаг, даследчык Арктыкі. Чл.-кар. АН СССР (1933). З 1928 супрацоўнік Арктычнага ін-та, з 1945 праф. у Ленінградскім ун-це. У 1912—14 удзельнік экспедыцыі Г.Я.Сядова, у 1921—22 — экспедыцыі на «Таймыры», у 1924, 1928 і 1931 — на «Малыгіне». Навук. кіраўнік экспедыцый на «Георгіі Сядове» (1930), «Сібіракове» (1932) і «Латке» (1934). Аўтар прац па акіянаграфіі, метэаралогіі. Распрацаваў метады лядовых прагнозаў. Дзярж. прэмія СССР 1946. Імем Візе названы востраў у Карскім м., ледавік, мыс і бухта на в-ве Новая Зямля.

Тв.:

Основы долгосрочных ледовых прогнозов для арктических морей. М., 1944;

Моря Советской Арктики. 3 изд. М.; Л., 1948.

т. 4, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКІ ЦЭНТРА́ЛЬНЫ ПАЎСТА́НЦКІ КАМІТЭ́Т, Галоўны камітэт, Польскі часовы ўрад у Літве,

орган паўстання 1830—31. Арганізаваны ў канцы 1830 — пач. 1831 для каардынацыі дзеянняў паўстанцаў на Беларусі і ў Літве. У к-т увайшлі пераважна кансерватары, якія выражалі інтарэсы заможнай шляхты: С.​Шумскі, М.Балінскі, А.​Гарэцкі, Л.​Замбжыцкі, Э.​Ромер, Ю.​Храбніцкі, Л.​Рагальскі, В.​Пяткевіч. К-т падтрымліваў сувязі з варшаўскім нар. урадам і пав. ўрадамі (к-тамі). Аднак ён не адыграў значнай ролі і па сутнасці не стаў кіруючым цэнтрам паўстання на Беларусі і ў Літве. Кансерватыўная частка адцягвала тэрмін паўстання, чакаючы дапамогі і загадаў ад варшаўскага ўрада. Бяздзейнасць к-та паскорыла разгром паўстання 1830—31 царскімі войскамі.

В.​В.​Швед.

т. 4, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛКАЎ (Віталь Васілевіч) (н. 16.6.1939, г. Екацярынбург, Расія),

бел. выканаўца на трубе. Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Уральскую кансерваторыю (1964). У 1968—88 саліст і канцэртмайстар групы труб Дзярж. акад. сімф. аркестра Рэспублікі Беларусь, з 1990 — мінскага духавога аркестра «Няміга». Адначасова педагог Бел. акадэміі музыкі (праф. з 1991), Мінскага ін-та культуры (1976—78). Выступае як трубач-саліст. Яго выкананне адметнае сакавітым, прыгожым гучаннем інструмента, тэхн. свабодай. Першы выканаўца многіх твораў для трубы бел. кампазітараў М.​Аладава, А.​Туранкова, П.​Падкавырава, А.​Мдывані, У.​Дамарацкага і інш. Аўтар апрацовак бел. нар. мелодый, аранжыровак і транскрыпцый для духавога аркестра, саліруючых інструментаў і ансамбляў рознага складу. Чл. Сусв. гільдыі трубачоў (1995).

І.​І.​Зубрыч.

т. 4, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫШЭ́ЙШЫ КАЛЕ́ДЖ СУ́ВЯЗІ Міністэрства сувязі і інфарматыкі Рэспублікі Беларусь.

Засн. 1.7.1993 у Мінску на базе Мінскага і Віцебскага электратэхнікумаў сувязі, Мінскага філіяла Усесаюзнага завочнага электратэхн. ін-та сувязі і Рэсп. цэнтра падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі работнікаў сувязі. Навучанне вядзецца паводле прынцыпу шматузроўневай бесперапыннай прафес. падрыхтоўкі як адзіны навуч. працэс, што дазваляе скараціць тэрмін навучання на наступных узроўнях. З 1994 — 2 узроўні падрыхтоўкі: 1-ы, або ўзровень каледжа, дае сярэднюю спец. адукацыю, 2-і — вышэйшую без звання бакалаўра (1-я ступень універсітэцкай вышэйшай адукацыі). У 1996/97 навуч. г. ф-ты: электрасувязі; эканомікі і пошты; падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае. Мае філіял у Віцебску.

т. 4, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛУХО́ЎСКІ ((Gołuchowski) Юзаф) (11 або 14.4.1797, мяст. Лончкі Кухарскія, Польшча — 22.11.1858),

польскі філосаф, адзін са стваральнікаў т.зв. нац. філасофіі. Праф. філасофіі Віленскага ун-та (1823—24). Паслядоўнік Ф.Шэлінга. Праціўнік матэрыялізму. Аўтар канцэпцыі «дзяржава—народ» як боскае стварэнне са своеасаблівым нац. духам. Мэтай філасофіі лічыў выражэнне гэтага духу. Аўтар прац «Філасофія ў яе адносінах да жыцця ўсяго чалавецтва і кожнага чалавека паасобку» (1822), «Разважанні над найгалоўнейшымі праблемамі чалавека...» (т. 1—2, 1861) і інш. Выступаў супраць усеўладдзя розуму, прызнаваў першынство пачуццёвасці і інтуіцыі. Выказваў ідэі класавага супрацоўніцтва, быў праціўнікам радыкальнага вырашэння сял. пытання і падтрымліваў прыгон. Паўплываў на філаматаў, філарэтаў і іншыя т-вы на Беларусі і ў Літве.

т. 4, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРА́ЧКІН (Васіль Прохаравіч) (29.1.1868, в. Выкса Ніжагародскай вобл., Расія — 21.9.1935),

рускі вучоны, заснавальнік навукі пра с.-г. тэхніку. Акад. УАСГНІЛ (1932); ганаровы чл. АН СССР (1932). Скончыў Маскоўскія ун-т (1890) і вышэйшае тэхн. вучылішча (1894). З 1913 кіраваў арганізаванай ім машынавыпрабавальнай станцыяй пры Маскоўскім с.-г. ін-це. У 1919—20 рэктар Пятроўскай (цяпер Ціміразеўская) с.-г. акадэміі, у 1929 дырэктар, потым кансультант Усесаюзнага ін-та с.-г. механікі (пазней — с.-г. машынабудавання). Распрацаваў тэарэт. асновы разліку і пабудовы с.-г. машын і прылад, метады іх эксперым. даследаванняў.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. 2 изд. М, 1968.

Літ.:

Дубровский А.А. Академик В.​П.​Горячкин: Биогр. очерк. М., 1960.

В.П.Гарачкін.

т. 5, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)