Трайні́ла, трайня́, трэйня́ ’вілкі, што злучаюць задок воза з перадком’ (Сл. ПЗБ; гродз., кам., чавус., касцюк., ЛА, 2), параўн. польск. дыял. trei̯niła ’кавалак дрэва з развілкай’. Меркаванне пра запазычанне з літ. trainìlas ’тс’ (Грынавяцкене, Сл. ПЗБ, 5, 112) не пераконвае, параўн. трайня2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Труі́зм ‘агульнавядомая, заезджаная, збітая ісціна’ (ТСБМ). Праз рускую ці польскую мову з англ. truism ‘тс’, якое ад англ. true ‘правільны’ < ст.-англ. trēowe ‘верны, надзейны’, суадноснага са ст.-н.-ням. triuwi ‘тс’, літ. drū́tas ‘моцны’, роднасным прасл. *dervo ‘дрэва’ (ЕСУМ, 5, 662).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Туршкане́нна ‘хутка’ (Мат. Гом.). Няясна, відаць, выводзіцца з *туршком (гл. турхаць), аналагічна да штуршком ‘адным рухам’ (штуршок, ад штурхаць, гл.) з экспрэсіўнай суфіксацыяй, параўн. страшэ́нна. Аднак незвычайнае спалучэнне зычных сведчыць пра магчымы балцкі ўплыў, параўн. літ. tùrškinti ‘рваць, драць’, turškineti ‘плюхаць’ і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВА́ЛТАРЫ ((Waltari) Міка Тоймі) (19.9.1908, Хельсінкі — 27.8.1979),

фінскі пісьменнік. Чл. Фінскай АН (з 1957). Вывучаў тэалогію, філасофію і гісторыю л-ры ў Хельсінкскім ун-це. Падарожнічаў па розных краінах Еўропы, працаваў журналістам, займаўся літ. крытыкай. Дэбютаваў зб. мадэрнісцкіх вершаў «Уцёкі ад бога» (1925). З 1938 прафесійны літаратар. Праблемам сучаснасці прысвяціў раманы «Вялікія ілюзіі» (1928), «Апельсінавае зярнятка» (1931), «Чужак прыйшоў на двор» (1937), зб. навел «Волаты ўсе памерлі» (1930). Еўрап. вядомасць прынеслі гіст. раманы «Сінухе, егіпцянін» (1945), «Турмс Неўміручы» (1955), «Рымлянін Мінут» (1964), дзеянне якіх разгортваецца ў эпоху стараж. цывілізацый. Аўтар п’ес, перакладаў.

Тв.:

Рус. пер. — Синухе, египтянин. М., 1995;

Тайна царствия. Киев, 1995.

Л.​П.​Баршчэўскі.

т. 3, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРЛАА́М (свецкае імя Шышацкі Рыгор; 1750, в. Красілаўка Чарнігаўскай вобл., Украіна — 1821 ці 1823),

праваслаўны царк. дзеяч. Скончыў Пераяслаўскую духоўную семінарыю і Кіеўскую духоўную акадэмію. У 1776 прыняў манаства, у 1780—95 ігумен і архімандрыт манастыроў у Расіі, на бел. і літ. землях Рэчы Паспалітай. У 1793 памагаў мінскаму архіепіскапу Віктару (Садкоўскаму) вяртаць уніятаў да праваслаўя. З 1805 епіскап, з 1808 архіепіскап магілёўскі і віцебскі. У час вайны 1812 падтрымаў французаў, загадаў служыць набажэнствы за Напалеона. Пасля выгнання акупантаў прыцягнуты да адказнасці па справе аб здрадзе, у 1813 пазбаўлены сану і сасланы простым манахам у Ноўгарад-Северскі і Спаса-Праабражэнскі манастыр.

В.​В.​Антонаў.

т. 4, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕ́СТНИК ЗА́ПАДНОЙ РОССИ́И»,

палітычны і гіст.-літ. часопіс. Выдаваўся ў 1862—64 у Кіеве пад назвай «Вестник Юго-Западной и Западной России» і ў 1864—71 у Вільні на рус. мове ў 4 кнігах асобнымі тамамі (ад 4 да 12 на год). Напачатку выступаў з пазіцый нац. адраджэння ўкраінцаў і беларусаў, але хутка адышоў ад такога кірунку і стаў правадніком ідэі заходнерусізму. Падтрымліваў палітыку рас. улад, накіраваную на стварэнне ў Беларусі рускамоўнай школы, насаджэнне расійскага чыноўніцтва і інш. Выступаў супраць польск. і бел. дваранства, каталіцкага духавенства, уніяцтва. Змяшчаў матэрыялы па археалогіі, краязнаўстве, статыстыцы, этнаграфіі Беларусі, Літвы, Украіны. Друкаваў маст. творы.

С.​В.​Говін.

т. 4, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРА́ЦКАЯ МО́ВА,

адна з мангольскіх моў; мова буратаў, што жывуць у Бураціі, Іркуцкай і Чыцінскай вобл. Расіі, на Пн Манголіі і ПнУ Кітая. Падзяляецца на 4 тэр.-дыялектныя групы: зах. (эхірыт-булагацкую), прамежкавую (алара-тукінскую), усх. (харынскую) і паўд. (цангола-сартульскую). У аснову сучаснай літ. бурацкай мовы пакладзены харынскі дыялект. Граматычны строй — аглюцінатыўны. Асаблівасці фанетыкі — наяўнасць кароткіх і доўгіх галосных, а таксама дыфтонгаў, марфалогіі — 7 склонаў, адсутнасць уступальных і ўмоўных дзеепрыслоўяў; у лексіцы шмат запазычанняў з тыбецкіх, кіт., стараманг., цюрк., тунгуса-манчжурскіх і рус. моў. З канца 17 ст. бураты карысталіся стараманг. пісьменствам. З 1931 пісьменства на аснове лац., з 1939 — рус. графікі.

т. 3, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́РСАЎ (Іван Цярэнцьевіч) (н. 19.12.1927, г. Клімавічы Магілёўскай вобл.),

рускі паэт, перакладчык. Скончыў Літ. ін-т імя Горкага ў Маскве (1962). Працаваў у час. «Нёман», у выд-ве «Молодая гвардия» (Масква). Друкуецца з 1953. Аўтар зб-каў паэзіі «Грамата гадоў» (1977), «Пясочны гадзіннік» (1981), «Круг» (вершы, паэма, 1986), кніг вершаў і казак для дзяцей «Едзе лес» (1961), «Вясёлыя небыліцы» (1970), «Краіна Блакітнага Сонца» (1973), «Казкі, поўныя цудаў» (1979), «Сорак сарок» (1988) і інш. Перакладае з бел. і ўкр. моў на рускую (зб-кі паэзіі А.​Астрэйкі, Р.​Барадуліна, Д.​Бічэль-Загнетавай, П.​Броўкі, Г.​Бураўкіна, В.​Зуёнка, У.​Караткевіча, Е.​Лось, К.​Цвіркі і інш.).

т. 3, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БХУ́ТА (Беназір) (н. 21.6.1954, г. Карачы, Пакістан),

палітычны і дзярж. дзеяч Пакістана. Дачка З.А.Бхута. Вучылася ў Гарвардскім (ЗША) і Оксфардскім (Вялікабрытанія) ун-тах. У час дыктатуры ген. М.Зія-уль-Хака знаходзілася пад дамашнім арыштам (1977—84), жыла ў эміграцыі ў Лондане (1984—86), рабіліся замахі на яе жыццё (крас. 1986 і студз. 1987). З 1982 кіраўнік Пакістанскай нар. партыі. Прэм’ер-міністр краіны ў 1988—90 (адначасова міністр абароны і міністр фінансаў) і з 1993 (першая жанчына—кіраўнік урада ў мусульм. свеце).

Тв.:

Рус. пер. — Дочь Востока // Наука и религия. 1990. N° З.

Літ.:

Москаленко В., Сумский В. Беназир Бхутто // Азия и Африка сегодня. 1990. № 4.

т. 3, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЯ́ЕЎ (Аляксандр Раманавіч) (16.3.1884, Смаленск — 6.1.1942),

рускі пісьменнік. Адзін з пачынальнікаў навук.-фантастычнага жанру ў рус. л-ры. Аўтар раманаў (больш за 50), у якіх — праблемы навукі і тэхнікі будучага, асваення Сусвету і міжпланетных палётаў, біялогіі, медыцыны і фізікі («Галава прафесара Доўэля», 1925; «Чалавек-амфібія», «Барацьба ў эфіры», абодва 1928; «Скачок у нішто», 1933, «Зорка КЭЦ», 1936, «Пад небам Арктыкі», 1938; «Арыэль», 1941; «Калі патухне святло», апубл. 1960, і інш.). У яго творах — сац. вастрыня, спалучэнне навуковасці, займальнасці і гумару.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—5. Л., 1983—85.

Літ.:

Ляпунов Б. А.​Беляев: Критико-биогр. очерк. М., 1967.

С.​Ф.​Кузьміна.

т. 3, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)