БО́ЧКА, у архітэктуры,

дах у форме паўцыліндра з прыўзнятым і завостраным верхам, які на фасадзе ўтварае кілепадобны франтон. Бочкі вядомыя ў рус. архітэктуры 17—18 ст., пераважна ў драўлянай (цэрквы рус. Поўначы, у т. л. Праабражэнская царква на в-ве Кіжы; палац у Каломенскім, не захаваўся), радзей у мураванай (царква ў пас. Тайнінскае Маскоўскай вобл.). Перакрыжаванне дзвюх бочак утварае крыжападобную бочку, ці кубаватае пакрыццё.

Бочкі Праабражэнскай царквы на востраве Кіжы. 1714.

т. 3, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ГА (Святлана Фёдараўна) (н. 26.12.1937, г. Карукаўка Чарнігаўскай вобл., Украіна),

бел. вучоны-фітапатолаг. Д-р с.-г. н. (1988). Скончыла Ленінградскі с.-г. ін-т (1961). З 1968 на Мінскай доследнай станцыі, з 1971 у Бел. НДІ аховы раслін. Навук. працы па вывучэнні ўзбуджальнікаў хвароб збожжавых культур, выкарыстанні лек прэпаратаў, біял. метадаў аховы раслін, маніторынгу адчувальнасці папуляцый грыбоў — узбуджальнікаў хвароб да фунгіцыдаў.

Тв.:

Интегрированная система защиты ячменя от болезней. Мн., 1990.

т. 3, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУГЛО́Ў (Яўген Данілавіч) (н. 29.10.1924, в. Стрыжанёва Лёзненскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. вучоны-патафізіёлаг. Д-р мед. н. (1972). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1951). З 1955 у Бел. НДІ гематалогіі і пералівання крыві (з 1973 дырэктар). Працы па функцыянальных сувязях страўнікава-кішачнага тракту і печані, стабілізацыі донарскай крыві з дапамогай валакністага сарбенту — фасфату цэлюлозы.

Тв.:

Получение бесцитратной крови с применением фосфата целлюлозы. Мн., 1971 (у сааўт.).

т. 3, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЖА́Н (Хведар Сілавіч) (1896—?),

бел. пісьменнік. Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1932, Гомель). У 1907—15 рабочы тартака. Працаваў таксама аб’ездчыкам, лесніком, ляснічым у Буда-Кашалёўскім і Парыцкім р-нах, нам. дырэктара Уздзенскага леспрамгаса. У Вял. Айч. вайну ў Новасібірскай вобл. Пасля вайны жыў у Чарнаўцах на Украіне. Першыя допісы апубл. ў 1921 у газ. «Беларуская вёска». Друкаваў вершы, апавяданні. Аповесць «Леснікі» (1932) пра жыццё леснікоў і лесарубаў.

т. 3, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́КТАРАЎ (Георгій Аляксандравіч) (6.8.1925, г. Ягор’еўск Маскоўскай вобл., Расія — 29.8.1974),

савецкі энтамолаг. Чл.-кар. АН СССР (1972). Скончыў Маскоўскі ун-т (1951). З 1952 у Заалагічным ін-це АН СССР, з 1955 у Ін-це эвалюцыйнай марфалогіі і экалогіі жывёл АН СССР. Навук. працы па дынаміцы колькасці папуляцый насякомых і сістэматыцы насякомых-энтамафагаў, праблемах біял. барацьбы з насякомымі-шкоднікамі, экалогіі перапончатакрылых. Прапанаваў канцэпцыю змены фактараў у рэгуляцыі колькасці шкодных насякомых.

т. 4, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНДЗО́РСКАЯ,

сорт грушы, выведзены ў Нідэрландах. На Беларусі (акрамя Віцебскай вобл.) рэкамендаваны ў прысядзібным садаводстве.

Дрэва моцнарослае, крона пірамідальная, сярэдняй гушчыні. Пачынае плоданашэнне на 4—5-ы год. Сорт сярэднезімаўстойлівы, высокаўраджайны, амаль не пашкоджваецца хваробамі. Плады сярэдняй велічыні (100—120 г). Скурка зеленавата-жоўтая, з невял. карычняватым румянцам. Мякаць белая, сярэдняй сакавітасці, паўмасляністая, кіславата-салодкая, крыху даўкая, здавальняючага смаку. Спажывецкая спеласць настае ў пач. жніўня.

М.​Р.​Мялік.

Віндзорская груша.

т. 4, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛКА,

рака ў Слуцкім і Капыльскім р-нах Мінскай вобл., левы прыток р. Морач (бас. Прыпяці). Даўж. 35 км. Пл. вадазбору 250 км². Пачынаецца каля в. Славіна ў Слуцкім р-не, далей цячэ ў Капыльскім р-не па Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Даліна невыразная, месцамі скрынкападобная або трапецападобная, шыр. 2—3 км. Пойма двухбаковая, шыр. 500 м — 3 км. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае; на рацэ плаціна і 2 сажалкі.

т. 4, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛЬШЫЦА,

возера ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сергуч (цячэ праз возера), за 40 км на У ад г. Докшыцы. На тэр. Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Пл. 3,98 км², даўж. 3,32 км, найб. шыр. 1,9 км, найб. глыб. 2,7 м, даўж. берагавой лініі 9,75 км. Пл. вадазбору 113 км². Схілы катлавіны і берагі нізкія, забалочаныя. Дно плоскае, высланае сапрапелямі, месцамі глеямі. Празрыстасць вады да дна. Моцна зарастае.

т. 4, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДРАЎ (Сямён Іосіфавіч) (24.5.1920, в. Засарыхіна Гарадзецкага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 16.12.1980),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў Горкаўскае тэатр. вучылішча (1952). З 1959 у Гродзенскім абл. драм. т-ры. Выканаўца драм. і характарных роляў, спалучаў псіхал. і пластычны малюнак вобраза. Сярод роляў: Сенатар («Францыск Скарына» А.​Петрашкевіча), Моцкін («Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка), Бераст («Платон Крэчат» А.​Карнейчука), Трыстан («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі).

т. 1, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯШКЕ́ВІЧ (Іван Баніфатавіч) (26.11.1900, в. Ізабеліна Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. — 2.7.1977),

бел. хірург. Д-р мед. н., праф. (1949). Засл. дз. нав. Беларусі (1969), засл. ўрач Беларусі (1959). Скончыў Кіеўскі мед. ін-т (1926). З 1949 заг. кафедры ў Віцебскім мед. ін-це, з 1965 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па хірург. лячэнні хвароб страўнікава-кішачнага тракту і жоўцевага пузыра, траўматычным шоку, анаэробнай інфекцыі.

т. 1, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)