Ртуць ’хімічны элемент, вадкі цяжкі метал’ (ТСБМ), народная назва — жыво́е серабро́ (Ласт.). Рус., укр. ртуть, чэш. rtuť, славац. ortuť, польск. rtęć. Стараж.-рус. рътуть (Сразн., 3, 206) — разглядаецца як праславянскі дзеепрыметнік цяперашняга часу незалежнага стану *rьtǫtь (як могуть, словуть), звязаны з літ. rìsti, 1 ас. адз. л. ristù ’каціць, качаць’, лат. rist, 1 ас. адз. л. ritu ’каціць, каціцца’, а таксама літ. riēsti ’гнуць; скручваць; скурчваць; згортваць’, rietė́ti ’каціцца’, лат. riest ’адпадаць, аддзяляцца’, што ўзыходзяць, магчыма, да і.-е. *ret(h)‑ ’бегчы, каціцца’ (Фасмер, 3, 509; Чарных, 2, 124–125). Паводле больш ранняй версіі Міклашыча (285) якая, аднак, сутыкаецца з цяжкасцямі ў фанетычных адносінах, назва элемента паходзіць з араб. `utārid ’ртуць’ пры пасрэдніцтве тур. utaryd ’тс’. Першапачаткова араб. `utārid — назва планеты Меркурый, якая перайшла на хімічны элемент дзякуючы яго “лятучасці”, рухомасці. Параўн. франц. mercure, іт., ісп. mercurio, англ. mercury ’ртуць’. Назва планеты — паводле імені старажытнага рымскага бога гандлю і абаронцы вандроўнікаў Меркурыя — Mercurius (Чарных, 2, 124–125).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Та́кса 1 ’расцэнка тавараў або памер аплаты’ (ТСБМ), сюды ж таксава́ць ’вылічаць, ацэньваць’ (Нас., ТСБМ, Некр. і Байк.), таксо́ўшчык ’ацэншчык’ (Байк. і Некр.), такса́тар, таксо́ўнік ’тс’ (Некр. і Байк.), відаць, працяг ст.-бел. такса ’такса, расцэнка’ (1563 г.) < ст.-польск. taksa, што да с.-лац. taxa; са ст.-польск. taksować і ст.-бел. таксовати (Булыка, Лекс. запазыч., 78, 81). У сучасныя мовы, хутчэй за ўсё, запазычана з заходнееўрапейскіх моў, параўн. франц. taxer ’устанаўліваць цвёрды кошт’ — з лац. taxāre ’ацэньваць, вызначаць кошт’, уласна ’абмацваць (прыцэньваючыся)’, што этымалагічна звязана з лац. tangere ’датыкацца, чапаць, спрабаваць’, ням. Taxe ’ацэнка, расцэнка’ і інш. (Чарных, 2, 225–226; Фасмер, 4, 13; ЕСУМ, 5, 505).

Та́кса 2 ’сабака Canis vertagus’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Выводзіцца (праз рус. такса?) з ням. Dachshund ’такса’, якое літаральна азначае ’барсуковы сабака’, спецыяльная парода сабак, выведзеная для палявання на звяроў, што хаваюцца ў норах (ЕСУМ, 5, 505; Чарных, 4, 13; Фасмер, 4, 13).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тра-ля-ля́ — выклічнік, які выражае радасць, весялосць, асабліва ў спевах, прыпеўка (Цых.); сюды ж траляля́каць ’прысоўваць’, мянушка Тралялёначка (Ф. Багушэвіч). Параўн. укр. тра‑ла‑ла́ — выгук для выражэння радасці, рус. тра‑ля‑ля́ ’тс’, польск. tra la la ’тс’, чэш. trala, tralala ’тс’, tralalovati ’спяваць tralala’, славен. trȃlala ’тс’. Гукаперайманне, аналагічнае ўтварэнням у іншых мовах, параўн. літ. talala, talalúoti ’балбатаць, трашчаць, плявузгаць’, ідыш tralaláj ’прысоўванне’, tralalajken ’тралялякаць’ (Астравух, Ідыш-бел. сл.), ням. tralla, trallala — выгук, што перадае мелодыю без слоў, trällern ’прысоўваць’, франц. tralala, іт. trallalà — імітуюць спевы без слоў. Уключае т. зв. першасныя інтэр’екцыі тра, ля, якія прысутнічаюць і ў складзе выклічнікаў тра‑ра‑ра, тра-та-та, ля‑ля‑ля і пад. Смаль–Стоцкі (Приміт., 178) бачыць у іх перайманне гукаў, якія выдаюць музычныя інструменты (барабан, труба і інш.). Гл. таксама Махэк₂, 649; Duden, Etymologie, 859; Сной₂, 776 (для славенскай мяркуе пра запазычанне з заходнееўрапейскіх моў); ЕСУМ, 5, 617.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тфу — выклічнік, імітуе плявок, пляванне для выказвання абурэння, незадаволенасці, злосці, расчаравання, часам здзіўлення і інш. (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., Федар. 4, Пятк. 3, Вруб.): усе яны проціў яго тфу! (Сержп. Прымхі), тху (Пятк. 2), птху (ТС), ту: ту на цябе! (Нас.), цю (тю): тю на тебе! (Растарг.), цьфу (Бяльк.). Параўн. укр. тьху, тьфу, тьфе, тфу, рус. тьфу, тфу, пфу, фу, польск. tfu, pfu; чэш. fuj, pfuj, pfy, pf pff, славац. tfi, pfi,fuj, славен. fȅj, fȕj, серб. фуј, пих, харв. fȕj, балг. фу, тю, макед. па. Гукапераймальныя ўтварэнні, якія перадаюць натуральныя гукі пры дзеянні, што першапачаткова мела культавы характар (Германовіч, Междом., 28). Для ўсх.-слав. тфу, тьфу няма падстаў дапускаць запазычанне, як гэта робіць Арол (4, 127), гл. Норман, IJSLP, 35–36, 176; параўн. у беларускім ідышы tfu, нова-в.-ням., н.-ням. pfui, франц. fi, ісп. puf, англ. fie, грэч. φῦ, φεῦ, лац. fū, тур. pu, puf (Фасмер, 4, 134; ЕСУМ, 5, 692; Сной₂, 162).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

НАЦЮРМО́РТ (франц. nature morte літар. мёртвая прырода),

1) жанр выяўленчага мастацтва (пераважна станковага жывапісу і графікі), прысвечаны адлюстраванню неадушаўлёных прадметаў, размешчаных у адзіным асяроддзі і арганізаваных праз пэўныя эстэт. і сэнсавыя сувязі ў групу. Можа адлюстроўваць і аб’екты жывой прыроды, ізаляваныя ад іх натуральных сувязей і ператвораныя ў рэч (рыба на стале, кветкі ў букеце і інш.), або якія дапаўняюць асн. матыў Н. (выявы птушкі, звера, чалавека).

2) Твор гэтага Жанру. Н. найчасцей складаецца спецыяльна для таго, каб быць адлюстраваным. Гэта абумоўлівае спецыфіку яго кампазіцыі, якая набывае выразна дэманстратыўны характар і з’яўляецца асноваўтваральнай уласцівасцю жанру. Адлюстраванне рэчаў у Н. можа мець самаст. значэнне, падпарадкоўвацца рашэнню дэкар. задач, ствараць складаны сэнсавы падтэкст, што адлюстроўвае сац. становішча, асаблівасці і характар жыцця гаспадара рэчаў, светапогляд мастака і яго адносіны да рэчаіснасці, пэўны сімвалічны змест, асацыяцыі і маст. паралелі і інш. Спецыфіка жанру вызначае павышаную ўвагу да праблем выразнасці маст. формы: архітэктонікі кампазіцыі, структуры і дэталяў аб’ёму, фактуры, характару арганізацыі прасторы ці плоскасці. Вял. ролю ў Н. адыгрываюць традыцыі жанру.

Вытокі Н. ў дэкар., сімвалічным і рытуальным адлюстраванні рэчаў у стараж. мастацтве (фрэскі і рэльефы Егіпта, Грэцыі, Рыма), сярэдневяковым рэліг. мастацтве Еўропы, класічным мастацтве Кітая і Японіі 11—18 ст. Як самаст. жанр склаўся ў эпоху Адраджэння ў Італіі (першы вядомы Н. — «Курапатка са стралой і пальчаткамі» Якопа дэ Барбары, 1504). Н. італьян., ісп. і нідэрл. мастакоў таго часу вызначаліся асаблівай увагай да матэрыяльнага свету рэчаў, ілюзіяністычна дакладнага іх адлюстравання (т. зв. Н.-падманкі).

Пераважна адлюстроўвалі інтэр’еры кухняў і корчмаў (т.зв. бадэгон, у якім аднолькавая ўвага аддавалася і рэчаваму асяроддзю, і персанажам), накрытыя сталы, т.зв. ванітас (тып Н., дзе прадметы, якія сімвалізуюць багацце прыроды і дзейнасці чалавека, супрацьпастаўляюцца элементам, што нагадваюць пра смерць). Станаўленне і росквіт Н. прыпадае на 17 ст., што звязана з ростам цікавасці да побыту, прыватнага жыцця чалавека, пашырэннем метаду маст. асваення свету, развіццём нац. школ жывапісу. У гэты перыяд вызначаліся ўсе асн. разнавіднасці, тэматычныя і іканаграфічныя варыянты Н. («сняданкі», «дэсерты», «рыбы», «кветкі і садавіна», «трафеі палявання», «кладоўкі», «бітая дзічына», «рынкі» і інш.). Стылістычныя асаблівасці італьян. і ісп. Н. у вял. ступені вызначылі маст. рэформы М.​Караваджа (творы П.​П.​Бонцы, М.​Кампідольё, Дж.​Рэка, Дж.​Б.​Руапола, Э.​Баскеніса, Італія; Х.​Санчэса Котана, Ф.​Сурбарана, А.​Перэды, Іспанія). У кампазіцыях галандскіх мастакоў Н. набыў камерны характар, дэмакратызм і паэтычнасць вобразаў у спалучэнні з дакладнай жывапіснай распрацоўкай прасторы і фактуры рэчаў, пластыкай форм (творы А.​Беерэна, Я.​Венікса, П. ван дэр Віліге, В.​Калфа, П.​Класа, В.​Хеды, Я.Д. дэ Хема, М.​Хондэкутэра і інш). У флам. мастацтве вызначаўся жыццесцвярджальным характарам, манументальнасцю і веліччу гучання, складанасцю і дынамізмам кампазіцый, дэкаратыўнасцю (творы П. дэ Воса, Д.​Сегерса, Ф.​Снейдэрса, Я.​Фейта). Развіваўся таксама ў ням. (Г.​Флегель) і франц. (Л.​Бажэн, А.​Ф.​Дэпорт, Ж.​Б.​Мануае, Ж.​Б.​Удры) мастацтве. У 18 ст. адной з асн. маст. мэт жанру стала дакладнае ілюзіяністычнае адлюстраванне рэчаў. Н., прызначаныя пераважна для аздаблення інтэр’ераў, набылі дэкар. характар, у іх кампазіцыі пераважалі кветкі і садавіна. Дэмакратызмам і глыбінёй зместу, багаццем кампазіцыйных і каларыстычных вырашэнняў вызначаліся Н. франц. мастака Ж.Б.​С.​Шардэна. У сярэдзіне 18 ст. ўзнік тэрмін «nature morte», які перадаваў непаважлівыя адносіны да Н. з боку акад. мастацтва, якое аддавала перавагу «жывой натуры» і жанрам, звязаным з яе адлюстраваннем. Рус. нацюрморт 18 ст. вызначаўся натуралістычна-дакладнай перадачай рэчавага асяроддзя (П.​Багамолаў, Р.​Цяплоў і інш.). У пач. 19 ст. Н. існаваў пераважна ў якасці акад. вывучэння натуры. Пэўны ўздым жанру быў уласцівы асобным творам мастакоў бідэрмеера і рус. мастакоў (Ф.​П.​Талстой, школа А.​Венецыянава). З кампазіцыі Н. знікаюць рукатворныя рэчы, пераважаюць матывы кветак, напісаныя па кампазіцыйных схемах флам. дэкар. Н. 17 ст. У жанры Н. спецыялізаваліся А.​Фантэн-Латур (Францыя), У.​Харнет, Ч.​У.​Піль (ЗША), звярталіся да яго Ф.​Гоя (Іспанія), Э.​Дэлакруа, Г.​Курбэ (Францыя) і інш. У 2-й пал. 19 ст. пераважалі крыху мадэрнізаваныя традыц. акад. схемы, франтальныя цэнтрычныя кампазіцыі, Н. эцюднага характару. Супраць уяўлення Н. як замкнёнай кампазіцыі са статычных аб’ектаў выступалі імпрэсіяністы, што часта прадстаўлялі яго ў інтэр’еры або пейзажы як часткі прыроды. Рус. перасоўнікаў быт. рэчы як тэма асобнага твора не цікавілі, лічыліся ўвасабленнем банальнасці жыцця і яго фальшывага бляску. Сярод эцюдаў Н. перасоўнікаў пераважалі «букеты» (І.​Крамской, І.​Рэпін, В.​Сурыкаў, В.​Паленаў). У канцы 19 — пач. 20 ст. адбыўся ўздым Н., вырасла яго роля як самаст. жанру. Праз яго мастакі-постімпрэсіяністы рэалізоўвалі новыя шляхі ў мастацтве (П.​Сезан у Францыі, В. ван Гог у Галандыі). У 20 ст. да Н., у якім адкрыліся бязмежныя магчымасці распрацоўкі ўласнай стылістыкі, эксперыментаў з формай і раскрыцця ўнутр. сутнасці прадметаў, адлюстравання светаўспрымання канкрэтнага чалавека пачалі звяртацца прадстаўнікі ўсіх маст. кірункаў. У жанры Н. стваралі кампазіцыі Ж.​Абей, Э.​Афрэ, Ж.​Брак, Ф.​Геры-Кала, Х.​Грыс, Ж.​Гузі, А.​Дэрэн, П.​Дзюкардо, К.​Івель, К.​Лепап, Р.​Магрыт, А.​Матыс, Ж.​Міро, П.​Пікасо (Францыя), Ю.​Гес, А.​Канальт (Германія), Р.​Гутуза, Ф.​Казараці, Дж.​Марандзі, Дж.​Северыні (Італія), Ф.​Эліяс (Іспанія), І.​Альберт, Дж.​Энсар (Бельгія), Б.​Кубіша, Э.​Філа (Чэхія), Дж.​Біл, У.​Бэйлі, Э.​Уает, Дж.​Фіш (ЗША), Жэнь Банянь, Цы Байшы (Кітай), А.​Акапян, М.​Сар’ян (Арменія), Л.​Свемп, Л.​Эндзеліна (Латвія), А.​Асмёркін, А.​Галавін, Н.​Ганчарова, І.​Грабар, П.​Канчалоўскі, К.​Каровін, П.​Кузняцоў, А.​Купрын, М.​Ларыёнаў, А.​Лянтулаў, І.​Машкоў, І.​Пуні, К.​Пятроў-Водкін, В.​Раждзественскі, М.​Сапуноў, С.​Судзейкін, Р.​Фальк, А.​Экстэр (Расія) і інш.

На Беларусі Н. вядомы з 16 ст. ў кніжнай графіцы: гравюра «Взор стола на немже бе хлеб посвященный» у кнізе Ф.​Скарыны «Зыход», алегарычную ролю адыгрывае прадметнае асяроддзе ў партрэце да яго «Бібліі». Элементы Н. трапляюцца ў ілюстрацыях да «Хронікі ўсяго свету» М.​Бельскага (16 ст.), паліванай кафлі 16—17 ст., іканапісе («Нараджэнне Марыі» П.​Яўсеевіча з Галынца, 1649; «Тройца», 18 ст., і інш.), сармацкіх партрэтах 16—18 ст. (атрыбуты ўлады, зброя і інш.). У 19 ст. выдатным майстрам Н. быў І.​Хруцкі, які праз адлюстраванне рэчаў перадаваў асабістае адчуванне радасці быцця. У 1-й пал. 20 ст. лірычныя Н. стваралі І.​Ахрэмчык, В.​Волкаў, Я.​Красоўскі, Д.​Парахня, М.​Станюта, М.​Тарасікаў і інш. У 2-й пал. 20 ст. бел. Н. узбагаціўся новымі матывамі і вобразна-пластычнымі якасцямі. Пашырыліся тэмы Вял. Айч. вайны, дзе праз свет рэчаў раскрываюцца памяць і смутак народа пра тых, хто загінуў, нац. культурнай спадчыны, т.зв. сялянскі Н. і інш. У 1990-я г. вял. ўвагу ў Н. аддавалі асацыяцыям, сімвалам, знакавай сутнасці рэчаў, фармальным элементам кампазіцыі. У жанры Н. працавалі і працуюць Дз.​Алейнік, Б.​Аракчэеў, Я.​Батальёнак, Э.​Балагураў, Г.​Бржазоўскі, Н.​Варвановіч, Г.​Вашчанка, Н.​Воранаў, А.​Гугель, Ф.​Гумен, М.​Данцыг, Л.​Дударэнка, В.​Жолтак, Г.​Ізергіна, А.​Замай, М.​Ісаёнак, Б.​Казакоў, А.​Карпан, Р.​Кудрэвіч, С.​Лі, А.​Малішэўскі, Б.​Малкін, А.​Марачкін, В.​Маркавец, А.​Марыкс, У.​Мінейка, Н.​Паплаўская, А.​Паслядовіч, А.​Пашкевіч, Я.​Радзялоўская, В.​Сахненка, В.​Свентахоўская, У.​Сулкоўскі, В.​Сумараў, У.​Тоўсцік, У.​Хадаровіч, Я.​Харытоненка, А.​Шаўчэнка, Л.​Шчамялёў, Н.​Шчасная, В.​Цвірка і інш. Н. ў дэкар.-прыкладным мастацтве стварылі В.​Грыдзіна, В.​Крывашэева (габелены), М.​Байрачны, А.​Паддубны, В.​Прыешкін, Т.​Сакалова, У.​Угрыновіч (кераміка) і інш.

Літ.:

Кузнецов Ю.И. Западноевропейский натюрморт. Л.;

М., 1966;

Ракова М.М. Русский натюрморт конца XIX — начала XX в. М., 1970;

Пружан И.Н., Пушкарев В.А. Натюрморт в русской и советской живописи. Л., 1971;

Герчук Ю.Я. Живые вещи. М., 1977;

Герасімовіч П.М. Нацюрморт: Тв. бел. мастакоў. Мн., 1982;

Натюрморт в европейской живописи XVI — начала XX в.: Кат. М., 1984.

М.​Л.​Цыбульскі.

Да арт. Нацюрморт. М.​Караваджа. Кошык з садавінай. 1596.
Да арт. Нацюрморт. І.​Хруцкі. Садавіна і свечка. 1840-я г.
Да арт. Нацюрморт. Х.​Грыс. Нацюрморт. 1917.
Да арт. Нацюрморт. В.​Маркавец. Нацюрморт з кларнетам. 1975.
Да арт. Нацюрморт. А.​Замай. Водар лесу. 1986.
Да арт. Нацюрморт. У.​Хадаровіч. На Каляды. 1990.

т. 11, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЖЫ́Р, Алжырская Народная Дэмакратычная Рэспубліка,

АНДР (Аль-Джумхурыя аль-Джазаірыя Дэмакратыя аш-Шаабія), дзяржава ў Паўн. Афрыцы, у зах. ч. Міжземнаморскага басейна. Мяжуе з Марока і Зах. Сахарай (на З), Маўрытаніяй і Малі (на ПдЗ), Нігерам (на ПдУ), Лівіяй і Тунісам (на У). Пл. 2382 тыс. км². Нас. 27,9 млн. чал. (1994). Афіц. мова арабская, дзярж. рэлігія — іслам суніцкага кірунку. Сталіца — г. Алжыр. Падзяляецца на 48 вілаяў (правінцый). Нац. свята — Дзень Рэвалюцыі (1 ліст.).

Дзяржаўны лад. Паводле канстытуцыі 1989 Алжыр — нар.-дэмакр. рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. У студз. 1992 сфарміраваны Вышэйшы дзярж. савет (ВДзС), на які ўскладзены функцыі калект. прэзідэнта. У сувязі з роспускам Нац. нар. сходу (парламента) ВДзС надзелены правам выдаваць дэкрэты, якія маюць сілу законаў. У лют. 1992 створаны Нац. кансультатыўны савет, закліканы «дапамагаць ВДзС у ажыццяўленні яго функцый, ствараць неабходныя ўмовы для нармальнага функцыянавання ўстаноў і канстытуцыйнага ладу».

Прырода. Краіна невысокіх гор і ўзвышаных раўнін. На Пн хрыбты Атласкай горнай сістэмы, у межах якой вылучаюць горны ланцуг Тэль-Атлас (масіў Варсеніс, выш. да 1995 м), масівы Вял. і Малой Кабіліі (выш. да 2308 м), Сахарскі Атлас (масівы Ходна, Арэс, выш. да 2328 м). Паміж імі міжгорныя пласкагор’і і раўніны Высокіх плато (800—1200 м). У цэнтр. іх частцы вял. салёныя азёры (себхі). Поўдзень Алжыра займае ​1/4 частку пустыні Сахара. Пераважаюць камяністыя плато (выш. каля 500 м) і пясчаныя пустынныя вобласці — эргі з высокімі дзюннымі градамі (В. Зах. Эрг, В. Усх. Эрг, Эрг Ігіды, Эрг Шэш і інш.), камяністыя пустыні-хамады (Танезруфт на Пд). На Пд Алжырскай Сахары пустыннае нагор’е Ахагар з вяршыняй Тахат (3003 м, найвышэйшая ў краіне). Нетры Алжыра багатыя нафтай, прыродным газам (па запасах нафты 3-е, газу 1-е месца ў Афрыцы, б.ч. радовішчаў на ПнУ Алжырскай Сахары), рудамі ртуці, цынку, свінцу, жалеза, урану, сурмы, фасфарытамі, ёсць медзь, волава, вальфрам, золата, каменны вугаль і інш. Клімат паўн. Алжыра субтрапічны міжземнаморскі, сярэдняя т-ра студз. 5—12 °C, ліп. 25 °C, ападкаў у гарах 1200 м (Кабілія), на міжгорных раўнінах 200—400 мм. Клімат Алжырскай Сахары пустынны, трапічны, сутачныя ваганні т-р да 30 °C, ападкаў менш як 50 мм за год, у асобныя гады не бывае зусім. Частыя пясчаныя буры. Большасць рэк належаць да тыпу вадзі, якія запаўняюцца вадой пасля рэдкіх дажджоў. Самая вял. р. Шэліф (Вадзі). Рэкі часткова выкарыстоўваюцца на арашэнне і для атрымання гідраэнергіі. У пустынных раёнах на арашэнне і водазабеспячэнне ідуць падземныя воды. На ўзбярэжжы міжземнаморскі тып расліннасці з цвердалістых хмызнякоў і нізкарослых дрэў. На Пн у гарах да выш. 800 м растуць сухалістыя хмызнякі (маквіс), да 1500 м — коркавы і каменны дубы, вышэй за 1500 м — туя і ядловец. У Сахары расліннасць пустынная і паўпустынная, месцамі салянкі, эфемеры, трава альфа, асобныя хмызнякі; вял. прасторы без расліннасці. Глебы на ўзбярэжжы карычневыя і шэра-карычневыя, у горных раёнах лясныя буразёмы, вакол салёных азёраў (шотаў) — алювіяльныя і засоленыя. У Сахары прымітыўныя глебы пустыні. Жывёльны свет на Пн амаль знішчаны. У Сахары грызуны, паўзуны, шакалы, газелі, антылопы і інш. Нац. паркі: Джурджура, Акфаду, Тасілін-Аджэр і інш.

Насельніцтва. Жывуць арабы (80%), берберы (каля 20%; кабілы шаўіі, туарэгі і інш.), невял. колькасць французаў, італьянцаў, іспанцаў. Натуральны прырост 30 чал. на 1 тыс. за год. Сярэдняя шчыльн. 11,6 чал. на 1 км² (1994). Больш за 95% насельніцтва сканцэнтравана ў паўн. Алжыры, дзе яго шчыльн. 300 чал. на 1 км²; у пустынных абласцях каля 0,3 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва больш за 50% (1994). Найб. гарады: Алжыр, Аран, Канстанціна, Анаба, Сетыф, Бліда, Тызі-Узу, Эш-Шэліф.

Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 59, жанчын 62 гады. Узровень нараджальнасці 32 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць 58 на 1 тыс. нованароджаных (1994).

Гісторыя. Сляды першабытнага чалавека на тэр. Алжыра адносяцца да ніжняга і сярэдняга палеаліту (300—400 тыс. г. назад). З эпохі верхняга палеаліту тут зафіксаваны носьбіты астэрыйскай, ібера-маўрусійскай і капсійскай археал. культур. З пераходам да неаліту (4-е тыс. да н.э.) «капсійцы» выцеснілі ібера-маўрусійцаў. У канцы 12 ст. да н. э. на ўзбярэжжы Алжыра з’явіліся фінікійцы, якія ў 8 ст. да н.э. трапілі пад уладу Карфагена. На мяжы 3—2 ст. да н.э. на тэр. Алжыра ўтворана дзяржава Нумідыя. Канфлікт з Рымам прывёў да ўключэння Нумідыі ў склад Рымскай імперыі. У 439 н.э. Карфаген захапілі вандалы і зрабілі яго сталіцай свайго каралеўства. З 534 Вандальскае каралеўства пад уладай Візантыі; яго ўнутраныя раёны кантралявалі плямёны бербераў, якія стварылі шэраг незалежных дзяржаў. У канцы 7 ст. н.э. тэр. Алжыра заваявалі арабы-мусульмане і ўключылі яе ў склад Арабскага халіфата. Карэнныя берберскія плямёны паступова прынялі іслам і араб. мову, што вызначыла іх як араба-ісламскую краіну. З 16 ст. Алжыр у складзе Асманскай імперыі, залежнасць ад якой у 17 ст. стала фармальнай; на чале Алжыра быў правіцель — дэй, якога выбіралі са свайго асяроддзя янычарскія камандзіры. У гэты час акрэсліліся граніцы Алжыра, якія размежавалі яго з Тунісам і Марока. У 18 — пач. 19 ст. Алжыр прыйшоў у заняпад, што дало магчымасць у 1830 франц. войскам захапіць г. Алжыр. У 1832—47 вызв. барацьбу алж. народа супраць франц. панавання ўзначаліў эмір Абд аль-Кадзір. У антыкаланіяльным Мукрані паўстанні 1871—72 удзельнічала каля 800 тыс. чал. Найбольшы размах антыкаланіяльны рух набыў пасля 2-й сусв. вайны. У маі 1945 паўстанне ва Усх. Алжыры жорстка задушана. У 1946 засн. партыя Рух за перамогу дэмакр. свабод, якая ўзначаліла барацьбу супраць калан. рэжыму. Створаны ёю Рэв. к-т адзінства і дзеянняў (з 1954 Фронт нацыянальнага вызвалення, ФНВ) пачаў узбр. барацьбу, стварыў Армію нац. вызвалення; 1.11.1954 адначасова ў 30 пунктах краіны пачалося ўзбр. паўстанне. У 1955—56 амаль усе нацыяналіст. партыі і арг-цыі ўліліся ў ФНВ. Вызваленчая вайна скончылася Эвіянскім пагадненнем 1962 аб самавызначэнні Алжыра. 5.7.1962 абвешчана незалежная дзяржава. Першы прэзідэнт А.Бен Бела абвясціў праграму «алжырскага сацыялізму». Была нацыяналізавана ўласнасць еўрап. уладальнікаў, пануючае становішча ў эканоміцы заняў дзярж сектар. У выніку ваен. перавароту 19.6.1965 улада перайшла да Рэв. савета на чале з Х.Бумедзьенам. Канстытуцыя 1976 замацавала сацыяліст. арыентацыю Алжыра. Новы прэзідэнт Ш.​Бенджадзід (з 1979) прадоўжыў курс папярэдніка. Эканам. крызіс 1980-х г. і дэмаграфічны выбух (у 1966—87 насельніцтва Алжыра павялічылася з 12 да 23 млн. чал.) абвастрылі сац. напружанасць і прывялі да масавых беспарадкаў. З канца 1988 кіраўніцтва Алжыра пачало радыкальныя змены ў эканам. і паліт. сістэме Алжыра, узяло курс на развіццё рыначнай эканомікі. Гэтыя змены замацавала канстытуцыя 1989. Уведзена шматпартыйнасць, з’явілася больш за 50 партый і грамадскіх арг-цый. На першых выбарах у органы мясц. улады, якія адбыліся на шматпарт. аснове 12.6.1990, перамаглі фундаменталісты Ісламскага фронту выратавання (ІФВ). Іх праграма прадугледжвала датэрміновыя выбары ў Нац. нар. сход (парламент), умацаванне ў грамадска-паліт. жыцці нормаў шарыяту, фарміраванне «Ісламскага грамадства». У 1-м туры парламенцкіх выбараў 1991 перамаглі ісламісты. У 1992 прэзідэнт Бенджадзід вымушана пайшоў у адстаўку. Улада перайшла да Вышэйшага дзярж. савета. Прэзідэнтам стаў М.​Буджаф; парламент распушчаны, і ўведзены рэжым надзвычайнага становішча. У сак. 1992 распушчаны ІФВ. У чэрв. 1992 прэзідэнт Буджаф забіты, яго змяніў А.​Кафі. Тэрарыстычныя акты, арганізаваныя фундаменталістамі, вымусілі ўлады прадоўжыць (лют. 1993) рэжым надзвычайнага становішча на неакрэслены тэрмін. Прэзідэнт Алжыра (з 1994) Л.​Зеруаль. Алжыр — член ААН (1962), Лігі арабскіх краін і інш. міжнар. арг-цый.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Фронт сацыяліст. сіл, Аб’яднанне за культуру і дэмакратыю, Хамас, Ан-Нахда і інш.; Усеагульны саюз алжырскіх працоўных, Нац. саюз алжырскіх сялян, Нац. саюз алжырскай моладзі, Нац. саюз алжырскіх жанчын, Нац. арг-цыя муджахідаў і інш.

Гаспадарка. Пасля атрымання незалежнасці для Алжыра характэрны высокі ўзровень нацыяналізацыі прыродных рэсурсаў, прам-сці, транспарту, фінансаў і інш. З канца 1980-х г. пачаліся рэформы і перавод гаспадаркі на рыначную аснову. Валавы ўнутраны прадукт (ВУП) 40,5 млрд. дол. (1991). Вядучая галіна прам-сці — здабыча нафты (41 млн. т, 1992) і прыроднага газу (126,61 млрд. м³). Здабываюцца руды каляровых металаў, жал. руда, фасфарыты, барыты, сурма. Апрацоўчая прам-сць: чорная металургія (металург. комплекс у Анабе), машынабудаванне (вытв-сць халадзільнікаў, тэлевізараў, радыёпрыёмнікаў, трактароў і аўтамабіляў), нафтаперапрацоўка, электратэхн., транспартнае абсталяванне, вытв-сць мінер. угнаенняў, буд. матэрыялаў. Перапрацоўка с.-г. сыравіны: мукамольныя, вінаробныя, масларобныя, кансервавыя, тытунёвыя прадпрыемствы. Развіта тэкстыльная, швейная, нафтахім. прам-сць (сінт. смолы, пластмасы, мыйныя сродкі). Вытв-сць электраэнергіі 16,8 млн. кВт∙гадз (1992). Сельская гаспадарка дае больш за 8% ВУП. Асн. культуры: пшаніца, ячмень, вінаград, алівы, цытрусавыя, фінікі, міндаль, кукуруза, тытунь, бавоўнік; у аазісах — фінікавыя пальмы, на ўзбярэжжы і каля буйных гарадоў — гародніна (часткова на экспарт) і бульба. Нарыхтоўваюць кару коркавага дуба і траву альфа (сыравіна для вытв-сці высакаякаснай паперы, каля 100 тыс. т за год). Жывёлагадоўля пераважна экстэнсіўнага кірунку. У пустынных горных раёнах гадуюць авечак, козаў, вярблюдаў, на Пн краіны і каля вял. гарадоў — буйн. раг. жывёлу. У прыбярэжных водах марское рыбалоўства. На Пн Алжыра густая сетка шашэйных дарог — 130 тыс. км (1989), у т. л. з цвёрдым пакрыццём больш за 50 тыс. км; дзейнічае транссахарская шашэйная дарога. Чыгункі 4,2 тыс. км (1989). У Алжыры буйныя нафта- і газаправоды. Разам з Італіяй пабудаваны трансміжземнаморскі газаправод. Гал. парты: Беджаія, Алжыр, Арзеу, Аран, Анаба. Асн. прадукты экспарту — нафта і нафтапрадукты, звадкаваны газ, віно, цытрусавыя, жал. руда, мінер. сыравіна, тытунь. У імпарце пераважаюць машыны і абсталяванне, прадукты і спажывецкія тавары. Асн. гандлёвыя партнёры — Францыя, Германія, Італія, Іспанія, ЗША, Японія (каля 80% тавараабароту). Грашовая адзінка — алжырскі дынар.

Узброеныя сілы Алжыра: нац. нар. армія, нац. жандармерыя, рэсп. і прэзідэнцкая гвардыя; ёсць паўваен. фарміраванні грамадз. абароны і нац. службы. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У склад нац. нар. арміі ўваходзяць сухапутныя войскі (аснова ўзбр. сіл), ВПС (складаюцца з авіяэскадрылляў) і ППА (зенітныя брыгады і дывізіёны, радыётэхн. войскі), ВМС (падводныя лодкі, караблі, катэры розных класаў). Узбр. сілы камплектуюцца паводле закона аб усеаг. воінскай павіннасці, набор ажыццяўляецца 2 разы на год, прызыўны ўзрост 19—27 гадоў, тэрмін абавязковай ваен. службы 1,5 года. Афіцэрскія кадры рыхтуюць у агульнавайсковай акадэміі, ваен. вучылішчах і за мяжой.

Асвета, навуковыя і культурна-асветныя ўстановы. Сістэма адукацыі Алжыра склалася ў выніку рэформаў 1970-х г. (ВНУ), 1980 (пач. школа) і 1984 (сярэдняя школа). Агульную адукацыю (абавязковая для дзяцей 6—16 гадоў) даюць базавыя школы (9 гадоў навучання). Лепшых вучняў адбіраюць для агульных або тэхн. (паводле профілю спецыялізацыі) ліцэяў (поўны курс сярэдняй адукацыі да 13 гадоў навучання). У 1987/88 навуч. г. ў Алжыры працавала 14 тыс. базавых школ (больш за 5 млн. вучняў), 600 сярэдніх навуч. устаноў (600 тыс. навучэнцаў), 700 цэнтраў прафес. падрыхтоўкі, у сістэме прафес. Навучання 250 тыс. чал. У сістэме вышэйшай адукацыі 20 ун-таў і універсітэцкіх цэнтраў, каля 30 ін-таў і інш. ВНУ. Найбуйнейшыя: Алжырскі ун-т (засн. ў 1879) з філіяламі ў Аране і Канстанціне, ун-т прыродазнаўчых навук і тэхналогіі, нац. ін-ты нафты, газу і хіміі; лёгкай прам-сці; агранамічны, вышэйшая вет. школа і інш. У 1987/88 навуч. г. ў ВНУ каля 150 тыс. чал., больш за 12 тыс. выкладчыкаў. Самыя вял. б-кі: Нац. б-ка, б-ка ун-та ў Алжыры, Муніцыпальная б-ка ў Канстанціне. Музеі: Нац. музей Алжыра, Нац. музей прыгожых мастацтваў, Нац. музей антычнасці, этнаграфічны, Музей нац. вызвалення. Навук. даследаванні ў галіне ядз. фізікі, электронікі, акіянаграфіі, біялогіі, біяхіміі, ветэрынарыі, сельскай гаспадаркі вядуцца ва ун-тах і НДІ; мед. праблемы даследуюць анкалагічны цэнтр, ін-т Пастэра, ін-т гігіены, сетка доследна-селекцыйных станцый. Працуюць астранамічная, астрафізічная і метэаралагічная абсерваторыі.

Друк, радыё, тэлебачанне. У Алжыры больш за 150 перыяд. выданняў (агульны тыраж каля 1,7 млн. экз.). Афіцыйны орган урада — газета «El Moudjahid» («Змагар»). Дзярж. інфарм. агенцтва Альжэры Прэс Сервіс (з 1962, г. Алжыр). Нац. тэлерадыёкампанія «Радыётэлевізьён альжэр’ен» (з 1962) вядзе перадачы на араб., франц. і кабільскай мовах. Тэлецэнтр у г. Алжыр.

Літаратура. Развіваецца на арабскай, кабільскай і франц. мовах. Літаратура на арабскай і кабільскай мовах узнікла ў 16—18 ст. у эпоху барацьбы супраць ісп. экспансіі і тур. панавання, калі духоўнае жыццё краіны выяўлялася пераважна ў вуснай нар. творчасці. У 19 ст. л-ра адлюстроўвала працэс фарміравання алж. нацыі. Нар. паэты (медахі) заклікалі да супраціўлення франц. каланізатарам. Патрыят. паэзія Абд аль-Кадзіра, Саіда Абдалаха, Мухамеда Белькаіра і паэта Кабіліі Сі Маханда блізкая па духу да нар. песень. Нац.-вызв. барацьба — гал. тэма ў паэзіі 1950—60-х г. (вершы Абу аль-Касіма Саадала, Муфдзі Закарыя, аўтара нац. гімна) і прозы (ат-Тахір Ватар, «Фадзіля Масудзі). Пачынальнік жанру апавядання і аўтар першага алж. рамана на араб. мове — Ахмед Рыда-Хуху («Дзяўчына з Меккі», 1947). У 1967 з’явіўся раман Мухамеда Мані «Голас кахання». Пра жыццё краіны ў 1970-я г. раманы Ватара («Землетрасенне»), Абд аль-Хаміда Бенхедугі («Вецер з поўдня» і «Канец учарашняга дня») і інш. Літаратура на французскай мове пачала развівацца ў 1940—50-я г. Абуджэнне нац. самасвядомасці алжырцаў паказалі празаік Жан Амруш, паэты Аіт Джафер, Мустафа Лашраф, рэаліст. творы Мухамеда Дыба (трылогія «Алжыр»), Мулуда Ферауна (раманы «Сын бедняка» і «Дарога ў гару», дылогія «Зямля і кроў»), Мулуда Мамеры (раманы «Забыты пагорак», «Калі спіць справядлівасць»), Малека Уары (раман «Зернетка ў жорнах») і інш. Пра алж. інтэлігенцыю ў час нац.-вызв. вайны раманы Малека Хадада «Апошняе ўражанне» і «Набярэжная кветак не адказвае». Стварэнне незалежнай рэспублікі ў 1962 адкрыла новую эпоху ў л-ры Алжыра: раманы Мурада Бурбуна «Муэдзін», Рашыда Буджэдры «Адрынутасць», Асіі Джэбар «Наіўныя жаваранкі». Вяршыня рэаліст. л-ры Алжыра гэтага часу — раман Мамеры пра нац.-вызв. вайну «Опіум і дубінка». Укладам у алж. л-ру 1960—80-х г. стала творчасць Мулуда Ашура, Джамаля Амрані, Кадура М’Хамсаджы, Ахмеда Акаша, Мустафы Тумі, Набіля Фарэса, Айшы Лемсін, Джамаля Алі Хаджы, Мустафы Хасіяна і інш.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Найб. старажытныя помнікі мастацтва на тэр. Алжыра адносяцца да неаліту (наскальныя выявы жывёл, людзей, сцэны палявання і рытуальных абрадаў у гарах Тасілін-Аджэр, Тасілін-Ахагар). Захаваліся рэшткі гарадоў часоў фінікійскага, рымскага і візантыйскага панавання: Джаміла, Гіпон, Тымгад, Тыпаса, Шэршэль з руінамі ўмацаванняў, храмаў, тэатраў, тэрмаў, трыумфальных арак, акведукаў, жылых дамоў. Пры раскопках выяўлены творы скульптуры, мазаікі з міфалаг. і быт. сцэн. Пасля араб. заваявання ў гарадах будаваліся ўмацаванні, мячэці, медрэсэ, лазні, рынкі, палацы (г. Кала-Бені-Хамад, 11 ст.). У 10—13 ст. у гарадах Алжыр, Тлемсен, Канстанціна ўзведзены мячэці, вежы-мінарэты, палацы, грамадскія будынкі, арнаментаваныя разьбой па стука, кафляй. Дойлідства і дэкар.-прыкладное мастацтва Алжыра 16—18 ст. вызначаліся пышнасцю, багаццем формаў і разнастайнасцю арнаментыкі (палацы і вілы тур. намеснікаў). Гараджане жылі ў невял. 2—3-павярховых дамах з плоскімі дахамі, з замкнёнымі дворыкамі. У 1881 у г. Алжыр засн. Нац. школа архітэктуры і прыгожых мастацтваў. З 1930-х г. у Алжыры працавалі франц. архітэктары і інжынеры Ле Карбюзье, П.​А.​Эмеры, Б.​Зерфюс, Л.​Мікель, П.​Турнон. У гарадах узводзіліся шматпавярховыя жылыя і адм. будынкі, вілы, асабнякі, набліжаныя да еўрап. архітэктуры. Дэкар.-прыкладное мастацтва прадстаўлена тканінамі, дыванамі, вышыўкай, размаляванай керамікай, вырабамі рамеснікаў. У выяўл. мастацтве 19 — пач. 20 ст. працавалі пераважна франц. мастакі, з 1920—30-х г. — мастакі-алжырцы (Мухамед і Амар Расім, Тэмам Ранем і інш.), з сярэдзіны 20 ст. — жывапісцы, графікі, скульптары (Х.​Бенанбур, М.​Будзід, І.​Самсом, М.​Адан, М.​Хада, Ш.​Меслі і інш.). У маст. жыцці сучаснага Алжыра вядучую ролю адыгрывае Нац. саюз работнікаў выяўл. мастацтва.

Музыка Алжыра мае шмат агульнага з музыкай Туніса, Марока, інш. краін рэгіёна. У ёй спалучаюцца араба-іранскія і турэцкія элементы з муз. традыцыямі лакальных этнасаў Алжыра (берберы, туарэгі, негрскія народы Сахары). Арабская класічная музыка Алжыра засн. на дасягненнях т.зв. зах. (андалузскай) школы. Асн. яе форма — алжырская нуба, разгорнутая 5-часткавая вак.-інстр. кампазіцыя з інстр. уверцюрай (тушыя); у аснове муз. развіцця рэгіянальныя разнавіднасці макамаў (вак.-інстр. цыклічная форма, засн. на шэрагу ладоў-макамаў). Сярод муз. інструментаў — уд (арабская лютня), рэбаб (струнны смычковы), канун (72-струнная цытра), духавыя, ударныя (бубны дэф і тар, барабан дарабука). З вак. жанраў вядомы касыды. З пач. 20 ст. развіваюцца формы сучаснай гар. музыкі — песенны жанр аль-джад (сярод майстроў кампазітар і спявак Хадж Мухамед аль-Анка) і муз. драма ў стылі аль-джад («Фако», «Дар Бібі» М.​Бахтарзі). Муз. кадры ў Алжыры рыхтуюць вышэйшыя і сярэднія муз. навуч. ўстановы, кансерваторыя музыкі і дэкламацыі (з 1920) і Нац. ін-т музыкі.

Тэатр. Нац. тэатр у Алжыры існаваў у выглядзе выступленняў «гаўалі» (апавядальнікаў) і ценявога т-ра з удзелам Гарагуза (алж. Пятрушкі). У сучасных формах т-р узнік у канцы 19 — пач. 20 ст. Пасля 1-й сусв. вайны першую тэатр. трупу арганізаваў Р.​Ксенціні. Справу яго прадоўжыў драматург Б.​Махіддзін. У рэпертуары былі п’есы алж. драматургаў, зах.-еўрап. класікаў. З пачаткам вызв. вайны (1954) многія акцёры пакінулі радзіму і стварылі за мяжой (у Тунісе) алж. маст. ансамбль, на базе якога пасля абвяшчэння незалежнасці Алжыра ў 1962 створаны Алжырскі нац. т-р (з 1963 у г. Алжыр).

Кіно. Нац. кінематаграфія ў Алжыры зарадзілася ў перыяд вызв. вайны 1954—62. Пасля 1962 вытворчасць хранік.-дакумент. фільмаў павялічылася, зняты першыя маст. фільмы на фалькл.-этнагр. сюжэты ці прысвечаныя падзеям вайны 1954—62. У 1964 створаны нац. цэнтр кінематаграфіі, у 1974 — Савет аўдыёвізуальных мастацтваў (прафсаюз работнікаў кіно і тэлебачання). Сярод лепшых фільмаў 1970—80-х г.: «Бітва за Алжыр», «Вецер з Арэса», «Хроніка вогненных гадоў», «Амар Гатлата», «Анатомія адной змовы». Вядучыя рэжысёры: М. аль-Ахдар Хаміна, А.​А.​Тульбі, М.​Алуаш, М.​Буамары, М.​С.​Рыяд, А.​Рашдзі.

Літ.:

Алжир: (справ.). М., 1977;

Ланда Р.Г. Кризис колониального режима в Алжире, 1931—1954. М., 1980;

Яго ж. История алжирской революции, 1954—62. М., 1983.

П.​І.​Рогач (прырода, гаспадарка), У.​С.​Кошалеў (гісторыя), Б.​А.​Лазука (выяўл. мастацтва), А.​М.​Гарахавік (музыка).

Герб і сцяг Алжыра.
Алжыр. У гарах Кабіліі.
Да арт. Алжыр. Цэнтральная частка горада Эль-Уэд.
Горад Алжыр.
Да арт. Алжыр. Наскальныя малюнкі ў Тасілін-Аджэры.
Наскальныя выявы ў Тасілі на поўдні Алжыра.
Да арт. Алжыр. Плато Тасілін-Аджэр.
Да арт. Алжыр. Трыумфальная арка Траяна ў г. Тымгад. Канец 2 ст.

т. 1, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛІ́СТЫКА,

навука пра рух артыл. снарадаў, куляў, авіябомбаў, некіроўных ракет і інш. целаў. Грунтуецца на законах механікі, газадынамікі, тэрмадынамікі, тэорыі імавернасцяў і інш.

Узнікла пад уплывам прац італьян. вучонага Н.​Тартальі (16 ст.), а таксама грунтоўных даследаванняў Г.​Галілея, І.​Ньютана, Л.​Эйлера. Тэрмін балістыка прапанаваў франц. вучоны М.​Мерсен (1644). Важкі ўклад у развіццё балістыкі зрабілі выхадзец з Беларусі К.Семяновіч, расійскія вучоныя М.​В.​Астраградскі, М.​У.​Маіеўскі, вучоныя б. СССР А.​М.​Крылоў, Д.​А.​Вентцэль, С.​А.​Хрысціяновіч і інш., а таксама вучоныя Дэ Сакр, П.​Шарбанье (Францыя), Д.​Біянкі (Італія) і інш.

Адрозніваюць унутраную і вонкавую балістыку. Унутраная балістыка вывучае рух снарадаў у канале ствала і заканамернасці працэсаў, што адбываюцца ў час выстралу (гарэнне пораху, газаўтварэнне пры яго згаранні і інш.). Выяўляе залежнасці змены ціску парахавых газаў, скорасці снарада і інш. параметраў на шляху снарада і ад часу яго руху па канале ствала. Уключае таксама балістычнае праектаванне зброі — вызначэнне канструкцыйных асаблівасцяў канала ствала, умоў зараджання, пры якіх снарад пэўнага калібру і масы атрымае пры вылеце зададзеную (дульную) скорасць. Вонкавая балістыка вывучае рух у прасторы снарадаў, куляў, некіроўных ракет і інш. пасля заканчэння сілавога ўзаемадзеяння іх са ствалом, пускавой устаноўкай, а таксама фактары, якія ўплываюць на гэты рух. Метадам вонкавай балістыкі карыстаюцца пры вывучэнні заканамернасцяў руху касм. апаратаў і кіроўных ракет, даныя балістыкі знаходзяць таксама практычнае выкарыстанне ў крыміналістыцы.

Літ.:

Серебряков М.Е. Внутренняя баллистика ствольных систем и пороховых ракет. 3 изд. М., 1962;

Дмитриевский А.А., Лысенко Л.Н., Богодистов С.С. Внешняя баллистика. 3 изд. М., 1991;

Иванов Н.М., Дмитриевский А.А., Лысенко Л.Н. Баллистика и навигация космических аппаратов. М., 1986.

Да арт. Балістыка. Рыс. 1. Крывыя змены ціску (P) парахавых газаў і скорасці (V) снарада ў залежнасці ад шляху (l) снарада (ln — адлегласць, на якой заканчваецца ўздзеянне парахавых газаў на снарад у перыяд паслядзеяння; lg — даўжыня шляху снарада да дульнага зрэзу). Рыс. 2. Крывыя перамены ціску (P) парахавых газаў і скорасці снарада ў залежнасці ад часу (t) (Po — ціск фарсіравання; Pm — максімальны ціск; Pg — дульны ціск; Vg — дульная скорасць). Рыс. 3. Элементы траекторыі і асноўныя сілы, якія дзейнічаюць на снарад у палёце; O — пункт вылету снарада; S — вяршыня траекторыі; C — пункт падзення; Vo — пачатковая скорасць снарада; θo — вугал кідання; x і y — бягучая гарызантальная далёкасць і вышыня палёту снарада; V — бягучая скорасць снарада; Y — вышыня траекторыі; X — поўная гарызантальная далёкасць палёту; Vc — канцавая скорасць снарада; θc — вугал падзення; R — сіла супраціўлення паветра; q — сіла цяжару.

т. 2, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЭІ́ЗМ (франц. athéisme ад грэч. atheon бязбожжа),

сістэма поглядаў, якая адмаўляе існаванне Бога, звышнатуральных сутнасцяў. Існуюць некалькі формаў атэізму. Агнастычны атэізм аспрэчвае сцвярджэнне, паводле якога Бог, нават калі ён і існуе, не можа быць пазнаны ў якой-н. ступені людзьмі. Быў пашыраны ўжо сярод філосафаў стараж. Грэцыі і Рыма: Дэмакрыт, Крытый, Эпікур і інш., сафісты (Пратагор, Горгій), раннія кінікі і скептыкі, а таксама Лукрэцый. У 20 ст. падобныя праявы ў працах пазітывістаў (Б.​Расел, Л.​Вітгенштэйн і інш.). Радыкальны атэізм у прынцыпе адмаўляе існаванне Бога. Характэрны для паслядоўнікаў матэрыялізму (Д.​Дзідро, К.​Гельвецый, П.​Гольбах, Ж.​Ламетры, а таксама Л.​Феербах). Найб. рэльефна яго рысы выяўлены ў поглядах К.​Маркса, У.​І.​Леніна і іх паслядоўнікаў, у ідэалогіі камуністаў. Пастулатыўны атэізм лічыць веру ў боскага заканадаўцу несумяшчальнай з этыкай каштоўнасцяў. Яго гал. прадстаўнік ням. Філосаф Н.​Гартман — заснавальнік г.зв. крытычнай (новай) анталогіі. Ён лічыў, што мэтавы дэтэрмінізм боскага наканавання адмаўляе этычную свабоду, разам з тым і ўсялякія перадумовы этычнага выбару і маральных паводзін. У адрозненне ад тэарэтычнага атэізму існуе г. зв. стыхійны атэізм, уласцівы многім людзям, занятым у матэрыяльнай вытв-сці і ў розных галінах духоўнай дзейнасці (у навуцы, асабліва ў прыродазнаўстве, палітыцы, мастацтве). Ён зыходзіць з прызнання самадастатковасці прыроды і чалавека без звышнатуральных з’яў. Яго праявы вельмі разнастайныя: ад інтуітыўных уяўленняў да цвёрдых перакананняў, падстава для якіх — вопыт жыцця і веды ў розных сферах рэчаіснасці.

На Беларусі ідэі атэізму пачалі пашырацца ў 16—17 ст. (К.​Бекеш, С.​Лован, К.​Лышчынскі і інш.). Крыніцай атэізму служылі вальнадумства і ерасі; моцны штуршок для яго развіцця даў рэфармацыйны і гуманіст. рух і звязаны з імі рэліг. скептыцызм (С.​Будны, В.​Цяпінскі, Я.​Ліцыній Намыслоўскі). Атэістычныя тэндэнцыі рэльефна праяўляліся ў творчасці К.​Каліноўскага, Ф.​Багушэвіча, А.​Гурыновіча, Я.​Лучыны і інш. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 пачалося глабальнае разбурэнне рэлігійнасці і ператварэнне атэізму ў дзярж. ідэалогію. Але пасля таго, як Беларусь набыла сваю дзярж. незалежнасць (1991), пачалася светапоглядная трансфармацыя, сфера распаўсюджання атэізму рэзка звузілася. Калі ў 1989 веруючымі дэкларавалі сябе 22% насельніцтва Беларусі, то ў 1994 — 43,4%. У 1995 дэкларавалі сваю прыналежнасць да няверуючых 35% апытаных.

Літ.:

Из истории свободомыслия и атеизма в Белоруссии. Мн., 1978;

Свободомыслие и атеизм в древности, средние века и в эпоху Возрождения. М., 1986;

Основы религиоведения. М., 1994;

Thrower J. A short history of western atheism. London, 1971.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 2, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯСФЕ́РА (ад бія... + сфера),

абалонка Зямлі, састаў, структура і энергетыка якой абумоўлены сукупнай дзейнасцю і ўплывамі жывых арганізмаў. Першыя ўяўленні пра біясферу сфармуляваў франц. вучоны Ж.​Б.​Ламарк (1802). Тэрмін «біясфера» ўвёў аўстр. геолаг Э.​Зюс (1875). Стварэнне цэласнага вучэння пра біясферу належыць рус. вучонаму У.​І.​Вярнадскаму (1926). Біясфера ўключае арганізмы (каля 3 млн. відаў), іх рэшткі, прыземную ч. атмасферы да вышыні азонавага экрана (20—30 км), усю гідрасферу і верхнюю частку літасферы; усе яны ўзаемазвязаны працэсамі міграцыі рэчыва і энергіі. Ніжняя мяжа біясферы на сушы на глыб. да 3—4 км ад паверхні зямной кары, у Сусветным ак. на 1—2 км ніжэй за дно. У біясферы (паводле Вярнадскага) адрозніваюць 7 розных, але ўзаемазвязаных тыпаў рэчываў: жывое рэчыва (расліннае, жывёльнае і мікраарганізмы), біягеннае рэчыва (прадукты жыццядзейнасці жывых арганізмаў — гаручыя выкапнёвыя, вапнякі і інш.), косныя рэчывы (горныя пароды магматычнага, неарган. паходжання, вада і інш.), біякосныя рэчывы (прадукты распаду і перапрацоўкі горных і асадкавых парод жывымі арганізмамі), радыеактыўнае рэчыва, рассеяныя атамы і рэчыва касм. паходжання (метэарыты, касм. пыл). Асн. функцыя біясферы — выкарыстанне сонечнай энергіі (фотасінтэз) і біялагічны кругаварот рэчываў і энергіі, які забяспечвае развіццё ўсіх жыццёвых працэсаў. Жывыя арганізмы (жывое рэчыва) і іх жыццёвае асяроддзе арганічна звязаны паміж сабой і ўтвараюць сістэмы глабальнага, рэгіянальнага і лакальнага ўзроўняў. У рэгіянальных і лакальных сістэмах вылучаюць структурныя адзінкі біясферы: біёмы, біягеацэнозы (экасістэмы), прыродныя зоны на раўнінах і вышынныя (вертыкальныя) прыродныя паясы ў гарах. Біясфера мазаічная паводле структуры і саставу адлюстроўвае геахім. і геафіз. неаднароднасць аблічча Зямлі (мацерыкі і акіяны, прыродныя зоны і паясы, раўніны і горы і інш.) і нераўнамернасць у размеркаванні жывога рэчыва. Больш за 90% усяго жывога рэчыва біясферы прыпадае на наземную расліннасць. Агульная маса жывога рэчыва ў Б. ацэньваецца ў 1,8—2,5∙10​12 т (у пераліку на сухое рэчыва) і складае нязначную ч. масы біясферы (3∙10​18 т). На стан біясферы моцна ўплывае гасп. дзейнасць чалавека. Антрапагеннае ўздзеянне стымулюе пераход біясферы ў якасна новы стан — наасферу. Ахова біясферы прадугледжвае сістэму мерапрыемстваў: вядзенне біясфернага маніторынгу, арганізацыю біясферных запаведнікаў і інш., накіраваных на захаванне арганізмаў і біягеацэнозаў. Праводзіцца комплексная міжнар. праграма «Чалавек і біясфера». Гл. таксама Ахова прыроды, Забруджванне навакольнага асяроддзя.

Літ.:

Вернадский В.И. Химическое строение биосферы Земли и ее окружения. 2 изд. М., 1987;

Никитин Д.П., Новиков Ю.В. Окружающая среда и человек 2 изд. М., 1986;

Сытник К.М., Брайон А.В., Гордецкий А.В. Биосфера, экология, охрана природы: Справ. пособие. Киев, 1987.

Г.​А.​Семянюк.

Агульная структура біясферы.

т. 3, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬФО́НСЫ (Alfonso),

правіцелі ў іспанскіх сярэдневяковых каралеўствах.

Альфонс I Ваяўнік (1084 ? — 8.9.1134), кароль Арагона і Навары [1104—34]. Адваяваў у маўраў Сарагосу і зрабіў яе сталіцай (1118).

Альфонс II Нявінны (1132, г. Барселона — 25.4.1196), кароль Арагона [1162—96]. Змагаўся з маўрамі, адваяваў Праванс, у 1179 атрымаў у спадчыну Русільён.

Альфонс III Вялікі (838 — 20.12.912), кароль Астурыі [866—910]. Адваяваў у маўраў шэраг раёнаў на Пн ад р. Таха. У выніку барацьбы з феад. Арыстакратыяй, якую ўзначалілі яго сыны, быў вымушаны адрачыся ад прастола. Яго сын Гарсія заснаваў дынастыю каралёў Леона.

Альфонс V Велікадушны (1396, г. Медына-дэль-Кампа — 27.6.1458), кароль Арагона [1416—58]. У 1442 заваяваў Неапалітанскае каралеўства, у якім (разам з Сіцыліяй) правіў пад імем Альфонса I [1442—58]. Заснаваў першую ў Італіі гуманістычную акадэмію.

Альфонс VI Храбры (1030 — 30.6.1109), кароль Леона [1065—1109] і Кастыліі (з 1072). Пасля перамогі ў братазабойчых войнах за панаванне ў хрысц. Іспаніі ў 1077 абвясціў сябе ісп. імператарам. Адваяваў у маўраў Таледа (1085), Валенсію, Альмерыю. Пасля паражэнняў ад Альмаравідаў каля Салакі (1086) і Уклеса (1108) страціў шэраг адваяваных раней зямель.

Альфонс VII (1104 ці 1105, Галісія — 21.8.1157), кароль Кастыліі і Леона [1126—57]. Унук Альфонса VI. Імкнуўся да аб’яднання дзяржаў хрысц. Іспаніі; устанавіў свой сюзерэнітэт над Арагонам, Наварай, Партугаліяй і шэрагам франц. тэрыторый. У 1135 на картэсах у Леоне абвешчаны імператарам Іспаніі. Паспяхова ўдзельнічаў у Рэканкісце (паходы ў Андалусію, Эстрэмадуру, на Кордава). У 1150-я г. ваяваў з Альмахадамі.

Альфонс VIII (11.11.1155, г. Сорыя — 6.10.1214), кароль Кастыліі [1158—1214]. У 1212 у саюзе з каралямі Навары, Арагона і з дапамогай еўрап. рыцарскага войска дабіўся вырашальнай перамогі над маўрамі пры Лас-Навас-дэ-Талоса (каля г. Хаэн).

Альфонс IX (1171, г. Самора — 24.9.1230), кароль Леона і Астурыі [1188—1230]. У 1188 упершыню склікаў картэсы Леона з удзелам прадстаўнікоў 3-га саслоўя. Адваяваў у маўраў Бадахос (1227), Касерэс і Мерыду (1229).

Альфонс X Мудры (23 ці 26.11.1221, г. Таледа — 4.4.1284), кароль Кастыліі і Леона [1252—84]. Адваяваў у маўраў Херэс (1255), Кадыс (1262) і інш. гарады. Дамагаўся свайго абрання імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі. Яго палітыку цэнтралізацыі не прыняла знаць. У 1282 ён фактычна адхілены ад улады і правіць стаў яго сын Санча. Альфонс X быў паэтам, дбаў пра навукі, у т. л. пра астраномію.

Альфонс XI (27.9.1311, г. Саламанка — 26.3.1350), кароль Кастыліі і Леона [1312—50]. Самастойна правіў з 1325. Атрымаў перамогу над маўрамі пры р. Рыо-Салада (1340). Праводзіў палітыку цэнтралізацыі. У 1348 выдаў статут, які фіксаваў асабістую свабоду сялян.

т. 1, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)