ПО́ЯС,

пас, доўгая вузкая стужка (са скуры або плеценая, тканая, вітая з нітак) для падпяразвання. Вядомы з сярэдзіны 1-га тыс. н.э. ў многіх народаў свету. Неад’емная частка нац. адзення беларусаў. Бытавалі пераважна П. тканыя, плеценыя, вітыя, а таксама вязаныя пруткамі і кручком. Яны мелі даўж. 150—300 см, шыр. 1,5—30 см. Арнаментыка нар. П. вызначаецца разнастайнасцю геам. узораў: падоўжаныя, папярочныя і касыя палоскі, крыжыкі, ромбы і інш. Іх аздаблялі кутасамі, махрамі, бісерам, уплеценым паміж тканымі палоскамі, саламянымі ўстаўкамі, нашытымі кавалачкамі тканіны. Пераважала спалучэнне чырвонага колеру з белым фонам (у невял. колькасці ўводзіўся зялёны, сіні, жоўты і інш.). Паліхромнасць уласціва для П. Зах. Палесся. Сусветную вядомасць набылі шаўковыя слуцкія паясы. П. падпяразвалі кашулі і верхняе адзенне (мужчынскія П. былі звычайна шырэйшыя за жаночыя і дзіцячыя). Завязвалі іх вузлом спераду або збоку; у залежнасці ад памераў абкручвалі вакол стану 1—3 разы, падтыкалі па баках так, каб канцы звісалі на 20—40 см. На П. ці за П. насілі сякеру, нож, шабету, капшук, грабеньчык, ключы. У лес або ў поле на П. неслі збан з вадой, каробку, палатняную торбу, спарыш з абедам. Спец. П. — спавівачом — спавівалі немаўлят, вузкія ўзорыстыя П.-подвязкі служылі і аборамі. П.-крайкі прышывалі да спадніц і фартухоў, а вузкімі плеценымі або вітымі П. абшывалі каўняры, барты і рукавы світ, падолы спадніц. П. паўсюдна выраблялі да 1940-х г. У наш час вырабляюцца асобнымі майстрамі і некат. фабрыкамі маст. вырабаў.

В.​І.​Селівончык.

Беларускі народны жаночы касцюм з поясам. Вёска Ляхаўцы Маларыцкага раёна Брэсцкай вобл. 1900—20.
Паясы. Заходняе Палессе. Канец 19 — пач. 20 ст.

т. 12, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́ХАРАЎ (Аляксандр Міхайлавіч) (н. 11.7.1916, г. Атэртан, Аўстралія),

расійскі фізік, адзін з заснавальнікаў квантавай электронікі. Акад. Рас. АН (1966, чл.-кар. 1960). Замежны чл. Нац. АН Беларусі (1995), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1972) і АН інш. краін. Двойчы Герой Сац. Працы (1969, 1986). Скончыў Ленінградскі ун-т (1939). У 1939-41 і 1944—82 у Фіз. ін-це АН СССР (з 1968 нам. дырэктара). Адначасова з 1954 праф. Маскоўскага ун-та, з 1973 заг. кафедры Маскоўскага фіз.-тэхн. ін-та, у 1973—92 акад.-сакратар Аддз. агульнай фізікі і астраноміі Рас. АН, у 1982—98 дырэктар Ін-та агульнай фізікі Рас. АН (з 1998 ганаровы дырэктар). З 1969 старшыня Навукова-рэд. савета выд-ва «Вялікая Расійская энцыклапедыя»; у 1969—78 гал. рэдактар 3-га выд. Вял. Сав. Энцыклапедыі. Навук. працы па тэорыі нелінейных ваганняў, фізіцы сінхратроннага выпрамянення, радыёспектраскапіі, квантавай электроніцы, фізіцы цвёрдага цела і магн. з’яў, радыёфізіцы, нелінейнай і валаконнай оптыцы, лазернай фізіцы і тэхніцы, дастасаваннях лазераў у прам-сці, медыцыне, сувязі і інш. Разам з М.Г.Басавым стварыў першы квантавы генератар — мазер (1954), прапанаваў метад стварэння асяроддзяў з адмоўным паглынаннем (1955), які выкарыстаны ў першым лазеры. Прапанаваў адкрыты рэзанатар для субміліметровых хваль (1958). Нобелеўская прэмія 1964 (разам з Басавым, Ч.Таўнсам). Ленінская прэмія 1959. Дзярж. прэмія СССР 1980. Залаты медаль імя Ламаносава АН СССР (1988).

Тв.:

Методы изготовления астрономической оптики. М., 1980 (разам з Э.​А.​Вітрычэнкам, Я.​В.​Трушыным);

Научные основы прогрессивной технологии. М., 1982 (у сааўт.);

Квантовая электроника. М., 1996.

Літ.:

А.​М.​Прохоров. М., 1989.

М.​М.​Касцюковіч.

Аляксандр Міхайлавіч Прохараў.

т. 13, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫКЛАДНА́Я ЛІНГВІ́СТЫКА,

раздзел мовазнаўства, які распрацоўвае метады рашэння практычных задач, звязаных з выкарыстаннем мовы. Традыц. кірункі П.л. — стварэнне граматык і слоўнікаў, навучанне мове, дэшыфроўка стараж. помнікаў на незнаёмых відах пісьма, устанаўленне аўтарства і часу напісання тэкстаў без выходных звестак, стварэнне штучных моў для інтэрнац. зносін разнамоўных людзей, распрацоўка алфавітаў, сістэм графікі для непісьменных моў і інш. У сувязі з камп’ютэрызацыяй інтэлектуальнай дзейнасці надзённай з’яўляецца аўтаматызацыя некат. відаў разумовай працы людзей, што немагчыма без усебаковай матэм. апрацоўкі і статыстычнай параметрызацыі мовы для машыннага перакладу з адной мовы на другую, аўтам. рэферыравання і анатавання пісьмовых тэкстаў, складання канкардансаў і інш. П.л. карыстаецца дасягненнямі матэматычнай лінгвістыкі, структурнай лінгвістыкі, інжынернай, камп’ютэрнай і традыц. лінгвістыкі для практычных патрэб, у першую чаргу для хуткай апрацоўкі і аналізу інфармацыі. Аўтам. апрацоўка пісьмовых тэкстаў на натуральных мовах вымагае іх строгага фармальнага апісання. Для гэтага праводзіцца шматаспектны аналіз мовы з дапамогай матэм. працэдур, ствараюцца штучныя мовы (напр., алгол, кабол, сінтол, фартран і інш.) для зносін у сістэме чалавек — машына (ЭВМ, АСУ, камп’ютэр і інш.), складаюцца частотныя, адваротныя слоўнікі, тэзаўрусы і інш. лексікаграфічныя працы. На Беларусі праблемы П.л. даследуюцца ў Нац. АН Беларусі, БДУ, Мінскім лінгвістычным і Гродзенскім ун-тах, у навукова-ведамасных установах на матэрыяле пісьмовых тэкстаў і шляхам аналізу вуснага маўлення.

Літ.:

Тайны древних письмен: Пробл. дешифровки: Пер. с англ., нем., фр. и итал. яз. М., 1976;

Новое в зарубежной лингвистике. Вып. 12. Прикладная лингвистика. М. 1983;

Мартынов В.В. Универсальный семантический код: УСК-3. Мн., 1984;

Совпель И.В. Инженерно-лингвистические принципы, методы и алгоритмы автоматической переработки текста. Мн., 1991;

Прикладное языкознание. СПб., 1996.

Б.​А.​Плотнікаў.

т. 13, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́НСКІЯ МО́ВЫ,

група моў індаеўрапейскай сям’і (гл. Індаеўрапейскія мовы), якія паходзяць ад лацінскай мовы. Адзінае меркаванне пра колькасць Р.м. адсутнічае. Звычайна ў Р.м. ўключаюць: партуг., ісп., каталанскую, франц., правансальскую, рэтараманскую, італьян., сардзінскую, рум. мовы. Больш за 60 краін выкарыстоўваюць Р.м. як нац. ці афіц. мовы (у т. л. франц. — 30, ісп. — 20, партуг. — 7, італьян. — 3 краіны). Адрозніваюць 3 зоны пашырэння Р.м.: «Старая Раманія» — тэр. Еўропы, якая ўваходзіла ў склад Рымскай імперыі і захавала раманскае маўленне, ядро фарміравання Р.м. (Італія, амаль уся Іспанія, Партугалія і Францыя, паўд. Бельгія, зах. і паўд. Швейцарыя, асн. тэр. Румыніі, Малдовы); пашырэнне Р.м. па-за межамі Еўропы ў выніку каланізацыі ў 16—18 ст. Паўн. і Паўд. Амерыкі, т.зв. «Новая Раманія» (ч. Паўн. Амерыкі, амаль уся Цэнтр. і Паўд. Амерыка, б.ч. Антыльскіх а-воў); краіны, у якіх у выніку калан. экспансіі Р.м. сталі афіц. мовамі, але не выцеснілі мясц. моў (значная ч. Афрыкі, невял. тэр. ў Паўд. Азіі і Акіяніі).

У параўнанні з лац. моваю Р.м. характарызуюцца эвалюцыяй у бок аналітызму. Імя згубіла катэгорыю склону (за выключэннем рум. мовы), развіла асобныя формы артыкля, дзеяслоў набыў сістэму складаных канструкцый на аснове спалучэння неасабовых форм і дапаможных дзеясловаў. У сінтаксісе тэндэнцыя да фіксаванага парадку слоў у сказе. Гіст. супольнасць Р.м. падтрымліваецца інтэграцыйнымі працэсамі шляхам запазычвання і асваення вял. колькасці лац. слоў, словаўтваральных мадэлей і сінтакс. канструкцый, а таксама ў выніку міжраманскага ўзаемаабмену, пераважна ў лексіцы. Пісьменства на аснове лацініцы.

Літ.:

Грамматика и семантика романских языков. М., 1978;

Алисова Т.Б., Репина Т.А., Таривердиева М.А. Введение в романскую филологию. 2 изд. М., 1987.

У.​В.​Макараў.

т. 13, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛІ́З (Belize),

дзяржава ў Цэнтр. Амерыцы, на ўсх. узбярэжжы п-ва Юкатан. На Пн мяжуе з Мексікай, на З і Пд — з Гватэмалай. Абмываецца Карыбскім морам. Пл. 23 тыс. км². Нас. 200 тыс. чал. (1994). Афіц. мова — англійская. Сталіца — г. Бельмапан. Нац. свята — Дзень незалежнасці (21 вер.).

Дзяржаўны лад. Беліз — канстытуцыйная манархія. Чл. брыт. Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1981. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, якога ў краіне прадстаўляе ген.-губернатар. Вышэйшы заканад. орган — 2-палатны Нац. сход, што складаецца з сената і палаты прадстаўнікоў. Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам (прызначаецца ген.-губернатарам).

Прырода. Рэльеф пераважна нізінны, шмат балотаў. На Пд горы Мая (выш. да 1122 м, пік Вікторыя). Клімат трапічны пасатны, вільготны. Т-ра паветра ўвесь год каля 25—27 °C. Ападкаў каля 2000 мм за год. Рэкі паўнаводныя, найбольшая Беліз. На б.ч. тэрыторыі вільготныя трапічныя лясы. Растуць чырвонае, ружовае, кампешавае, каўчукавае дрэвы, чыкле, кедр. На Пн лістападныя трапічныя лясы і ўчасткі саваннаў. Лясныя заказнікі, найбольшы Чыкібуль.

Насельніцтва. Жывуць негры і мулаты (44%), метысы (33%), індзейцы — мая і карыбы (у т. л. блізкія да іх негра-карыбскія метысы — «чорныя карыбы»), выхадцы з Індыі і інш. Найб. горад — Беліз. Паводле веравызнання 62% — католікі, 30% — пратэстанты. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 8,7 чал. на 1 км², б.ч. яго жыве паблізу ўзбярэжжа. Натуральны прырост каля 2% за год.

Гісторыя. Беліз вядомы як адно з месцаў ранніх паселішчаў плямёнаў мая. У пач. 16 ст. заваяваны іспанцамі. Паўн. ч. Беліза ўвайшла ў склад «Новай Іспаніі» (Мексіка), паўд. ч. — у ген.-капітанства Гватэмалы. У 17 ст. тут з’явіліся англ. пасяленцы, якія заснавалі першыя гарады, у т. л. Беліз (1638). Барацьба ісп. і англ. каланізатараў за тэр. Беліза скончылася ў 1798 на карысць англічан. З 1862 брыт. калонія, вядомая як Брыт. Гандурас (наз. 1840). У 1964 атрымаў поўную ўнутр. аўтаномію. У 1966 Гватэмала, якая лічыла Беліз сваёй тэр., аб’явіла яго сваім усх. дэпартаментам. З 1973 сучасная назва. З 1981 Беліз — незалежная дзяржава. Беліз — член ААН (з 1981), Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў, Карыбскай супольнасці і інш. У 1991 Гватэмала прызнала незалежнасць Беліза і ўстанавіла з ім дыпламат. адносіны.

Паліт. партыі: Народная аб’яднаная і Аб’яднаная дэмакратычная. Прафсаюзы: Аб’яднаны ўсеагульны саюз працоўных.

Гаспадарка. Беліз — эканамічна адсталая агр. краіна. У сельскай і лясной гаспадарцы занята каля 40% эканамічна актыўнага насельніцтва. Гал. экспартныя культуры: цукр. трыснёг, цытрусавыя (пераважна апельсіны і грэйпфруты), бананы, какава, ананасы. На ўнутр. патрэбы сеюць рыс, кукурузу, маніёк, фасолю. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (пераважна на Пд), свіней, птушку. Нарыхтоўка кампешавага і чырвонага дрэва, карыбскай хвоі. У прыбярэжных водах рыбалоўства, промысел амараў, крэветак, чарапах. Прам-сць: лесапільныя з-ды і прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (вытв-сць цукру, патакі, рому, кансерваў, сокаў, мыла, дубільных экстрактаў). Вытв-сць мэблі, буд. матэрыялаў, невял. рыбалоўных і спарт. суднаў; каля Беліза невял. сталепракатны з-д. Развіты саматужныя промыслы (выраб адзення, абутку, сувеніраў). Значныя сродкі дае турызм і зімовы адпачынак пераважна жыхароў ЗША у шматлікіх атэлях і пансіянатах на ўзбярэжжы і прыбярэжных астравах. Унутр. транспарт аўтамабільны, знешнія сувязі пераважна марскія. Гал. порт — Беліз. Паблізу міжнар. аэрапорт. Экспарт: цукар-сырэц, цытрусавыя, амары і крэветкі, драўніна. Імпарт: паліва, трансп. сродкі, харч. прадукты, машыны, хімікаты, тавары лёгкай прам-сці. Гал. гандл. партнёры: Вялікабрытанія і інш. краіны Зах. Еўропы, ЗША, Японія, Мексіка. Грашовая адзінка — долар Беліза.

Герб і сцяг Беліза.
Да арт. Беліз. Адміністрацыйны будынак у г. Беліз.

т. 3, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ВАЕ́ННАЯ АКРУ́ГА (БВА),

ваенна-адм. аб’яднанне вайск. часцей, злучэнняў, ваен. навучальных і інш. ваен. устаноў, улікова-мабілізацыйных органаў (ваенкаматаў), якія дыслацыраваліся на тэр. Беларусі. Існавала ў 1918—92. Утворана 28.11.1918 як Мінская ваен. акруга. 14.12.1918 перайменавана ў Зах. ваен. акругу, у склад якой увайшлі Мінская, Смаленская, Віцебская, Магілёўская і Віленскай губ. Кіраванне ажыццяўляў акруговы ваен. камісарыят (размяшчаўся ў Смаленску). 20.12.1918 створаны ваен.-акруговы штаб; фарміраваліся мясц. ваенна-адм. органы. Першыя акр. камісары — І.​Я.​Алібегаў і У.​С.​Селязнёў. У крас. 1918 ва ўмовах грамадз. вайны і іншаземнай інтэрвенцыі створаны Зах. ўчастак атрадаў заслоны, потым Заходні раён абароны 1918, які перайменаваны ў Заходнюю Армію 1918—19, з 19.2.1919 у Заходні фронт 1919—24. 8.4.1924 Зах. фронт перайменаваны ў Зах. ваен. акругу. У 1924—25 у войсках акругі праводзілася ваен. рэформа, якая прадугледжвала пераход да адзінаначалля, змену структуры кіравання акругай, перавод войскаў на новыя штаты, увядзенне тэр. прынцыпу камплектавання і падрыхтоўкі злучэнняў і часцей Чырв. Арміі, стварэнне нац. злучэнняў і часцей. Першае ў акрузе нац. фарміраванне — 2-я Бел. стралк. дывізія. 2.10.1926 Зах. ваен. акруга перайменавана ў БВА. У 1930-я г. на яе тэр. вялося будаўніцтва ўмацаваных раёнаў (Полацкага, Мінскага і Палескага), праводзілася тэхн. перааснашчэнне, упраўленне акругі аб’яднана са штабам. У 1935—38 тэрытарыяльныя стралк. дывізіі БВА пераўтвораны ў кадравыя. Беспадстаўныя рэпрэсіі ў 1937—38 супраць кіруючых работнікаў, камандзіраў і палітработнікаў сур’ёзна аслабілі ваен. кадры акругі. У 1938 БВА названа Бел. асобай ваен. акругай, у 1939 яе ўпраўленне пераведзена ў Мінск. 11.7.1940 БВА перайменавана ў Зах. асобую ваен. акругу, войскі пачалі аснашчацца новымі відамі зброі і тэхнікі. На пач. Вял. Айч. вайны 22.6.1941 акруга пераўтворана ў Заходні фронт 1941—44, які 24.4.1944 перайменаваны ў 3-і Бел. фронт. З 15.10.1943 на базе ўпраўлення Маскоўскай зоны абароны ў Смаленску (са жн. 1944 у Мінску) сфарміравана ўпраўленне БВА (камандуючы В.​Ф.​Якаўлеў). У ліп. 1944 у склад акругі ўключана тэр. Літ. ССР, і са студз. 1945 БВА стала называцца Бел.-Літ. ваен. акругай. 9.7.1945 яна падзелена на 2 акругі: Мінскую (аб’ядноўвала Мінскую, Полацкую, Маладзечанскую, Віцебскую і Магілёўскую вобл., упраўленне ў Мінску) і Баранавіцкую (Баранавіцкая, Брэсцкая, Гродзенская, Пінская, Бабруйская, Палеская і Гомельская вобл., упраўленне ў Бабруйску). 4.12.1946 яны зноў аб’яднаны ў адну акругу — БВА (упраўленне напачатку размяшчалася ў Бабруйску, са студз. 1947 — у Мінску). З 1950-х г. войскі БВА аснашчаліся новымі відамі зброі, у т. л. ракетнай зброяй рознага прызначэння, адбываліся змены ў арганізац. структуры існуючых злучэнняў, уведзены новыя роды войскаў, у т. л. ракетныя. 6.5.1992 БВА ліквідавана ў сувязі са стварэннем Мін-ва абароны Рэспублікі Беларусь і будаўніцтвам Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

У розны час войскамі акругі (франтоў) камандавалі: Я.​З.​Барсукоў (1918), М.​М.​Дамажыраў (1919), Дз.​М.​Надзёжны (1919), У.​М.​Гіціс (1919—20), М.​М.​Тухачэўскі (1920—21, 1922—24), П.​М.​Захараў (1921), А.​І.​Ягораў (1921—22, 1927—31), А.​І.​Кук (1924), А.​І.​Корк (1924—27), Е.​П.​Убарэвіч (1931—37), І.​П.​Бялоў (1937), М.​П.​Кавалёў (1938—40), Дз.​Р.​Паўлаў (1940—41), А.​І.​Яроменка (1941), С.​К.​Цімашэнка (1941, 1945—46, 1949—60), І.​С.​Конеў (1941, 1942—43), Г.​К.​Жукаў (1941—42), В.​Д.​Сакалоўскі (1943—44), І.​Д.​Чарняхоўскі (1944—45), А.​М.​Васілеўскі (1945), І.​Х.​Баграмян (1945), С.​Г.​Трафіменка (1946—49), У.​М.​Камароў (1960—61), В.​А.​Пянькоўскі (1961—64), С.​С.​Марахін (1964—67), І.​М.​Траццяк (1967—76), М.​М.​Зайцаў (1976—80), Я.​П.​Іваноўскі (1980—85), У.​М.​Шуралёў (1985—89), А.​І.​Кастэнка (1989—92).

т. 2, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІМН (грэч. hymnos),

урачыстая песня. У сучасным разуменні разам з дзярж. гербам і дзярж. сцягам з’яўляецца афіц. сімвалам дзяржавы (гімн дзяржаўны). Існуюць таксама гімны рэв., парт., вайск., рэліг., спарт., прысвечаныя пэўным гіст. падзеям, святам, героям і інш. Іх выконваюць у час афіц. дзярж. мерапрыемстваў, масавых маніфестацый, святкаванняў, мітынгаў, сходаў, спарт. спаборніцтваў і інш. Прызначэннем гімна абумоўлены іх муз.-паэт. асаблівасці: заклікальнасць, узнёсласць, рытарычнасць муз. лексікі, велічнасць, шырыня, рытмічная размеранасць (часта маршавасць) музыкі. У розныя часы ствараліся і сатырычна-парадыйныя гімны. Змест паняцця гімна змяняўся ў працэсе гіст. развіцця. Найстаражытнейшыя гімны — малітоўныя песнапенні лірычнага характару (Егіпет, Месапатамія). У Стараж. Грэцыі гімнамі называлі харавыя песні ў гонар багоў і герояў, разнастайныя культавыя песнапенні (дыфірамб, праомія, прасодыя, пеон і інш.). У перыяд ранняга хрысціянства гімнамі лічыліся страфічныя духоўныя песні. У богаслужэнне хрысц. Рымскай царквы гімн ўведзены ў 4 ст. н. э., у інш. краінах Зах. Еўропы — у 5—6 ст. З 14 ст. вядомы ўзоры гімнічнага шматгалосся (творы Г.Дзюфаі). Сац.-рэліг. рух 15—16 ст. спарадзіў новыя, аддаленыя ад царк. абраду формы гімна, разнастайныя пратэстанцкія гімны, у якіх адчувальны ўплыў нац. фальклору. На Беларусі пашырэнне рэфармацыйных ідэй суправаджалася пранікненнем пратэстанцкіх песнапенняў. Своеасаблівай разнавіднасцю гімна сталі распаўсюджаныя на Беларусі з 2-й пал. 16 ст. канты і псальмы (свецкія харавыя песні) — носьбіты сутнасных рыс беларусаў, адлюстраваных у муз.-паэт. вобразнасці гэтых твораў (напр., героіка-патрыят. кант «Даруй спакой» А.​Філіповіча, 1646). Канты-гімны друкаваліся ў канцыяналах, багагласніках, у т. л. ў адных з першых ва Усх. Еўропе друкаваных зб-ках «Брэсцкі канцыянал» (1558), «Нясвіжскі песеннік» (1563). Да 19 ст. гімн сфарміраваўся як урачыстая песня свецкага характару. У працэсе рэв. і нац.-вызв. барацьбы з’явілася шмат песень-гімнаў, у т. л. «Марсельеза» К.​Ж.​Ружэ дэ Ліля, «Гімн свабодзе» Ф.​Гасека, «Гімн розуму» Э.​Мегюля (Францыя), «Гімн Гарыбальдзі» А.​Аліўеры (Італія), «Гімн Рыега» Ф.​Уэрты (Іспанія), «Ракацы-марш» (Венгрыя), «Мазурка Дамброўскага» (Польшча). «Інтэрнацыянал» П.​Дэгейтэра стаў гімнам салідарнасці працоўных. На Беларусі ў час паўстання 1863—64 пашырыліся баявыя (ваяцкія) песні-гімны (таксама польскія і бел. паўстанцкія гімнічныя песні на вершы Ф.​Ражанскага). Шмат бел. песень-гімнаў напісана ў час рэв. руху пач. 20 ст.: «А хто там ідзе?» Л.​Рагоўскага, «Не пагаснуць зоркі ў небе» М.​Янчука, «Гэй, наперад, покі сэрца б’ецца» (усе на вершы Я.​Купалы), «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» М.​Тэраўскага на вершы М.​Краўцова, «Пагоня» М.​Куліковіча-Шчаглова на словы М.​Багдановіча і інш.

У 1955 Дзярж. гімнам Рэспублікі Беларусь зацверджана песня «Мы беларусы», напісаная кампазітарам Н.​Сакалоўскім на словы М.​Клімковіча. У характары і стылістыцы гімна шмат песень створана бел. кампазітарамі: «Радзіма мая дарагая» У.​Алоўнікава на словы А.​Бачылы, «Беларусь — мая песня» Ю.​Семянякі на словы М.​Браўна, «Песня пра Нёман» Сакалоўскага на словы А.​Астрэйкі, а таксама «Жыві, Беларусь» А.​Багатырова, «На родных прасторах» Р.​Пукста, «Красуй, Беларусь» Я.​Цікоцкага, «Беларусь — наша родная маці» Сакалоўскага. У пач. 1990-х г. песні-гімны створаны У.​Мулявіным («Пагоня» на словы М.​Багдановіча), В.​Раінчыкам («Жыве Беларусь» на словы Л.​Пранчака), В.​Войцікам («Патрыятычны кант» на словы аўтара) і інш. Жанравыя рысы гімна маюць асобныя часткі, фрагменты, тэмы ў буйных муз. творах розных жанраў (фінал 9-й сімфоніі Л.​Бетховена, 8-я сімфонія Г.​Малера, хор «Слаўся» з оперы «Іван Сусанін» М.​Глінкі, «Гімн вялікаму гораду» з балета «Медны коннік» Р.​Гліэра, «Гімн жыццю» — фінал 10-й сімфоніі М.​Аладава, «Жыццесцвярджэнне» — фінал 5-й сімфоніі Цікоцкага і інш.).

Літ.:

Бернштейн Н.Д. История национальных гимнов. Пг., 1914;

Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971;

Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. Мн., 1975;

Gerber R. Zur Geschichte des mehrstimmigen Humnus. Musikwissenschaftliche Arbeiten. B. 21. Kassel, 1965.

Т.​А.​Дубкова.

т. 5, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТЫШЫ́ (саманазва латвіешы),

нацыя, асноўнае насельніцтва Латвіі (1390 тыс. чал.; 1992). Жывуць таксама ў краінах СНД, у т. л. на Беларусі 2658 чал. (перапіс 1989), Зах. Еўропы, у ЗША, Канадзе, Аўстраліі. Агульная колькасць 1,54 млн. чал. (1992). Гавораць на латышскай мове. Вернікі пераважна пратэстанты, часткова — католікі, праваслаўныя.

У этнагенезе Л. удзельнічалі балцкія, фіна-угорскія і часткова слав. плямёны. Кансалідаваліся ў народнасць да пач. 17 ст. У 19 ст. фарміруецца лат. нацыя. Традыц. паселішчы Л. — невял. вёскі і хутары. Асн. заняткі — земляробства і жывёлагадоўля, на ўзбярэжжы — рыбалоўства. Найб. развітыя рамёствы — ткацтва, кавальства, ганчарства, дрэваапрацоўка, піва- і сыраварэнне. Нац. адзенне: у жанчын тунікападобная вышытая кашуля, паласатая або ў клетку спадніца з ліфам, узорысты пояс і інш.; характэрная частка лат. гарнітура — пакрывала-плед, прышпіленае на плячы або на грудзях вял. круглай спражкай-брошкай (сактас); у мужчын — кароткая вышытая кашуля, белыя паласатыя або ў клетку штаны, кафтан, капялюш і інш.

Этнакулы. сувязі бел. і лат. народаў маюць даўнія традыцыі. Яшчэ ў 13 ст. жыхары Полацкай зямлі разам з латгаламі і інш. балцкімі плямёнамі змагаліся супраць ням. рыцараў. У 16—18 ст. у склад ВКЛ, а пасля Рэчы Паспалітай уваходзілі т.зв. Польскія Інфлянты, частка Ліфляндыі, населеная пераважна каталіцкім насельніцтвам. Балцкая яго частка сфарміравала народнасць латгальцаў, якія разглядаюцца як частка лат. народа. Перасяленне Л. на У і ПнУ бел. зямель найб. інтэнсіўна ішло ў 1860—80-я г. У 1897 значныя групы Л. жылі ў Віцебскім (каля 4 тыс.), Аршанскім (да 3,7 тыс.), Полацкім (каля 1,7 тыс.) і Быхаўскім (каля 1 тыс.) паветах. У 1-ю сусв. вайну колькасць Л. на Беларусі павялічылася (больш за 20 тыс. чал.), у 1920—30-я г. зменшылася (14 тыс. чал.; перапіс 1926). У 1910-я г. ў Віцебску існавала Лат. дабрачыннае т-ва, у наваколлі Лёзна — правасл. брацтва. У 1910—20-я г. ў Віцебску дзейнічала культ.-асв. т-ва «Прометэйс». У 1920-я г. было Лат. бюро пры ЦК КП(б)Б і ЛКСМБ, консульства Латв. Рэспублікі ў Віцебску. У 1910—30-я г. сярод вернікаў-латышоў Магілёўшчыны існавала група евангельскіх хрысціян, т.зв. апусталі. Працавала 5 нац. лат. сельсаветаў, калгасы (23 у 1935), у месцах кампактнага пражывання Л. — лат. школы (24 у 1930/31 навуч. г., 12 лат., 2 бел.-лат., 1 лат.-літ. ў 1935/36 навуч. г.). Гісторыю лат. перасяленчага руху, матэрыяльную і духоўную культуру Л. на Беларусі вывучала Лат. камісія Інбелкульта (засн. ў 1927), з 1929 — лат. сектар Бел. АН, з 1933 — лат. секцыя Ін-та нацменшасцей АН Беларусі. У 1929 апублікавана «Праграма даследавання латышскіх калоній», якая прадугледжвала збіранне і вывучэнне этнагр. і фалькл. матэрыялаў. У 1929—30 праведзены экспедыцыі ў раёны кампактнага пражывання Л. на Віцебшчыне і Полаччыне. Былі выдадзены некалькі навук. прац на лат. мове па гісторыі лат. насельніцтва Беларусі. У 1930—40-я г. колькасць Л. на Беларусі значна зменшылася. Пасля Вял. Айч. вайны адбывалася міграцыя часткі Л. Беларусі ў Латвію, на тэр. Беларусі ішло перасяленне пэўнай колькасці Л. з Латвіі. У 1959 на Беларусі было 2631 Л., у 1970—2660, у 1979—2617. Мігранты з Латвіі (пасляваен.) і нашчадкі колішніх перасяленцаў на Беларусі, знаходзячыся ў пастаянных этнакульт. кантактах з мясц. насельніцтвам, захоўваюць некаторыя этнічныя асаблівасці (мову, абрады, рэлігію і інш.). З 1995 дзейнічае Саюз латышоў Віцебскай вобл. «Даўгава».

Літ.:

Шкільтэр К. Латышскія калоніі на Беларусі: Гіст. развіццё латыш. сялянскіх гаспадарак. Мн., 1931.

І.​В.​Карашчанка.

т. 9, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСАБО́Н (Lisboa),

горад, сталіца Партугаліі. Адм. ц. акругі Лісабон. Размешчаны на паўн. беразе эстуарыя р. Тэжу (Таха), за 15 км ад Атлантычнага ак. 678 тыс. ж. (1991), з прыгарадамі ўтварае агламерацыю Вял. Л. з нас. каля 2,3 млн. ж. (1996). Гал. порт Партугаліі. Міжнар. аэрапорт Партэла-дэ-Сакавен. Пачатковы пункт чыгунак, якія звязваюць Л. з Мадрыдам, Парыжам і Пн краіны. Найб. эканам., культ. і гандл. цэнтр. Прам-сць: хім. (вытв-сць фармацэўтычных вырабаў, сінт. каўчуку, мінер. угнаенняў), чорная і каляровая металургія, маш.-буд. (у т. л. вагона- і суднабудаванне, суднарамонт, электратэхнічнае і радыёэлектроннае), нафтаперапрацоўчая, дрэваапр., вытв-сць шкла, фарфору, керамічных вырабаў, перапрацоўка корку; у прыгарадах і гарадах-спадарожніках галіны, звязаных з вытв-сцю прадметаў шырокага ўжытку: харч., тэкст., швейная, гарбарная. Метрапалітэн. Лісабонская АН. 3 ун-ты, у т. л. Лісабонскі універсітэт, НДІ атамнай энергіі. Нац. б-ка. Тэатры. Бат. сад. Бальнеалагічны курорт; на З ад Л. ўздоўж паўн. берага эстуарыя р. Тэжу і Атлантычнага акіяна — зона адпачынку Кошта-ду-Сул (Сонечны бераг) са шматлікімі кліматычнымі курортамі. Міжнар. турызм. Штогадовыя муз. фестывалі.

У старажытнасці наз. Алісіпа (лац. Olisipo) — гал. паселішча іберыйскага племя лузітан. У 2 ст. да н.э. захоплены рымлянамі (наз. Феліцытас-Юлія), у 6 ст. — вестготамі, у 714 — арабамі (наз. Аль-Ашбуні ці Лішбуна). У 1147 заваяваны партуг. каралём Альфонсам 1 з дапамогай рыцараў (пераважна французскіх), якія накіроўваліся марскім шляхам у 2-і крыжовы паход. З 1260 рэзідэнцыя партуг. каралёў, сталіца. У 1290—1537 месцазнаходжанне ун-та (з перапынкамі). У 15—17 ст. гал. гандл. цэнтр партуг. каланіяльнай імперыі. У 1581 далучаны да Іспаніі. У 1640 тут адбылося паўстанне, якое вызваліла краіну ад ісп. панавання. У 1531, 1551, 1755 разбураўся землетрасеннямі, адбудаваны ў канцы 18 ст. У час напалеонаўскіх войнаў акупіраваны франц. войскамі (1807—08). У 1910 у Л. абвешчана рэспубліка; 25.4.1974 скінута дыктатура М.​Каэтану.

Ва ўсх. частцы Л. захаваліся фрагменты стараж.-рым. сцен, уключаных у араб. крэпасць (9 ст., з 14 ст. замак Сан-Жоржы), раманскі сабор (1160—86, майстры Рабер і Бернар, перабудаваны ў 18 ст.; хор і клуатр 14 ст.), гатычны кляштар кармелітаў (1389—1423, арх. Гоміш Мартынш і інш.; цяпер Археал. музей). У стылі «мануэліна» пабудаваны кляштар Жэранімуш (Белен; 1502—20, арх. Баітак, Ж. ды Каштылью і інш.) з царквой Санта-Марыя ды Белен (16 ст., арх. Баітак і інш.; грабніцы Васка да Гамы, Л.​Камоэнса, Мануэла I) і вежай-маяком Торы ды Белен (1515—20, арх. Ф. ды Аруда); усе яны ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Помнікі архітэктуры: стары каралеўскі палац (перабудаваны ў 16 ст., арх. Д. ды Аруда, Ф.​Тэрцы), базіліка да Эштрэла (пач. 18 ст., арх. М.​Вісенты ды Алівейра, Р.М. душ Сантуш) і інш. цэрквы і палацы ў стылі барока. У цэнтры горада рэгулярная забудова (арх. М. да Мая, планіроўка арх. Э. і Р.М. душ Сантуш) з прамавугольнай пл. Праса ду Камерсіу і палацам Ажуда (з 1802, арх. Ф.​К.​Фабры). У зах. частцы Л. раён Буэнуж-Айрыш (з 1930-х г.) і жылыя кварталы з перыметральнай і свабоднай забудовай. Манументы: Жазэ I (1770—75, Ж.​Машаду ды Каштру), Адкрыццяў (1940, арх. Ж.​А.​Катынелі Тэлму, скульпт. Л. ды Алмейда). Музеі: Нац. музей стараж. мастацтва, сучаснага мастацтва, археалогіі, этнаграфіі, рэліг. мастацтва і інш.

Лісабон.
Гандлёвы цэнтр у Лісабоне.
Да арт. Лісабон. Вежа-маяк Торы ды Белен. 1515—20.

т. 9, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІ́НКА (Міхаіл Іванавіч) (1.6.1804, с. Наваспаскае Смаленскай вобл. — 15.2.1857),

рускі кампазітар. Заснавальнік рус. муз. класікі. Паходзіў са стараж. бел. шляхецкага роду герба «Тшаска». Музыцы вучыўся ў Дж.​Філда і Ш.​Маера, але ў асн. авалодаў тэхнікай кампазіцыі і інструментоўкі самастойна. У 1820-я г. вядомы як піяніст і спявак. Да таго ж часу адносяцца і яго першыя творы (камерна-інстр., аркестравыя, фп., вакальныя). У 1830—34 удасканальваў муз. адукацыю ў Італіі і Германіі (у Берліне займаўся ў тэарэтыка З.​Дэна), дзе знаёміўся з муз. жыццём буйнейшых еўрап. гарадоў, вывучаў мастацтва бельканта. Сталы перыяд яго творчасці адкрывае опера «Жыццё за цара» (1836, пазней ставілася пад назвай «Іван Сусанін»), дзе ён выступіў як наватар у галіне муз. драматургіі: упершыню ў рус. музыцы ўвасобіў метад цэласнага сімф. развіцця опернай формы, поўнасцю адмовіўся ад размоўных дыялогаў. Ідэя патрыятызму ўвасоблена ў паслядоўным муз.-драматург. развіцці, заснаваным на крышталізацыі і разгортванні тэмы заключнага хору «Слаўся» — велічнага нар. гімна. У 1837—39 служыў капельмайстрам Прыдворнай пеўчай капэлы ў Пецярбургу. У канцы 1830 — пач. 1840-х г. створаны «Вальс-фантазія» (1839 для фп., арк. рэд. 1845 і 1856), музыка да трагедыі Н.​Кукальніка «Князь Холмскі» (1840), найлепшыя рамансы «Начны зефір», «У крыві гарыць агонь жадання», «Я помню дзіўнае імгненне» на вершы А.​Пушкіна, у якіх дасягнуў поўнай гармоніі музыкі і тэксту; элегія «Сумненне» і вак. цыкл «Развітанне з Пецярбургам» на словы Кукальніка. Першы ўзор рус. нар.-эпічнай оперы — «Руслан і Людміла» паводле Пушкіна (паст. 1842), у якой Глінка заснаваў драматургію на чаргаванні казачна-маляўнічых эпізодаў-карцін, прасякнутых сімф. развіццём. У оперы арганічна спалучаюцца фантаст. і рэальныя вобразы, рус. нар. песеннасць і мелодыка народаў Усходу. У 1844 жыў у Парыжы, у 1845—47 — у Іспаніі. Пад уражаннем паездкі стварыў «іспанскія уверцюры» — «Арагонская хота» (1845) і «Ноч у Мадрыдзе» (1848), дзе выкарыстаў свае запісы ісп. нар. песень і танцаў і зрабіў пачатак распрацоўкі ісп. фальклору ў еўрап. музыцы. У 1848 напісаў найб. значны сімф. твор «Камарынскую», у якой раскрыў спецыфічныя асаблівасці нац. муз. мыслення, сінтэзаваў багацце нар. музыкі і высокае прафес. майстэрства. З 1852 жыў у Расіі і за мяжой, займаўся літ. дзейнасцю, вывучаў стараж. муз. лады. Памёр у Берліне. Творчасць Глінкі дала магутны імпульс развіццю рус. муз. культуры, зрабіла вял. ўплыў на фарміраванне розных нац. кампазітарскіх школ. З 1960 праводзіцца конкурс вакалістаў імя Глінкі. Выдадзены поўны збор яго муз. твораў у 18 тамах (1955—69). У Беларусі ставіліся опера «Іван Сусанін» (1891, 1954, 1984), фрагменты «Руслана і Людмілы» (1887), выконваюцца яго сімф. і камерныя творы.

Літ. тв.: Литературное наследие. Т. 1. Автобиографические и творческие материалы; Т. 2. Письма и документы. Л.; М., 1952—53; Полн. собр. соч.: Лит. произв. и переписка. Т. 1—22(б). М., 1973—77.

Літ.:

Асафьев Б. М.​И.​Глинка. Л., 1978;

Канн-Новикова Е. М.​И.​Глинка. Вып. 1—3. М.; Л., 1950—55;

Ливанова Т., Протопопов В. Глинка. Т. 1—2. М., 1955;

Одоевский В.Ф. Музыкально-литературное наследие. М., 1956;

Стасов В.В. Избранные статьи о М.​И.​Глинке. М., 1955;

Серов А.Н. Избранные статьи. Т. 1. М.; Л., 1950;

Ларош Г.А. Избранные статьи о Глинке. М., 1953;

Памяти Глинки, 1857—1957: Исслед. и материалы. М., 1958;

Левашева О.Е. М.​И.​Глинка. Кн. 1—2. М., 1987—88.

Т.​А.​Дубкова.

М.І.Глінка. Малюнак невядомага мастака. 1843.

т. 5, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)