які́, ‑ая, ‑ое; займ.

1. пытальны. Абазначае пытанне аб якасці, уласцівасці каго‑, чаго‑н. «Патрэбны тэмпы», — сказаў Куніцкі. — «Якія тэмпы?» — «Такія. Бальшавіцкія». Самуйлёнак. І хто яны? Якія людзі? Мо праўды светлае сыны? Куды ідуць? Чаго там блудзяць? З якою помстаю для суддзяў Нясуць на сэрцы кайданы? Трус. // Абазначае пытанне аб часе і парадку з’яўлення каго‑, чаго‑н. У якой колькасці і якім парадкам паедзем на палявыя работы? // Каторы іменна, каторы па парадку. Якая ж цяпер гадзіна? □ Ох, гэта дзецям знаць цікава, Калі якая будзе страва?.. Колас. // Ужываецца ў рытарычных пытаннях і воклічах у значэнні: «зусім не», «хіба», «ніякі». — Які з цябе будзе муж! — сказала Мальвіна, калі Адам прапанаваў выйсці за яго замуж. Корбан. І стралок з .. [Талаша] быў не кепскі: які ж ён быў бы паляшук, каб не ўмеў добра страляць? Колас.

2. азначальны. Выражае захапленне, здзіўленне якасцю, уласцівасцю каго‑, чаго‑н. Якія горы! А сады якія! Панчанка. Час не так вялікі, а якія змены! Колас. — І якая дзяўчына! — хваліў Веру Рыгор Паўловіч. — Партызанка, камсамолка, мае медаль «За баявыя заслугі». Арабей. // (у спалучэнні са словам «вось»). Такі. Латаны кажушак Ці такая ж світка, Лапці на сем вушак — Вось які Мікітка. Крапіва. Калі строга разбірацца ў фактах, то хата, аб якой была тут гутарка, не зусім дведава хата.. Шэсцьдзесят гадоў таму назад прыстаў Талаш у прымы да Насці Балыгі.. Вось якім парадкам стаў Талаш уладаром гэтай хаты. Колас. // (у спалучэнні са словам «хоць»). Любы, магчымы, усякі. Хоць які там салдацкі пачастунак, але ён, відаць, быў дарагі для дзіцяці. Няхай. Можа, хоць сукеначку [Нюрка] якую сабе справіць, пальцечка, не будзе локцямі свяціць. Гіль.

3. неазначальны. Разм. Які-небудзь, якісьці. Праз якіх хвілін пяток вартавы асцярожна падсунуў.. [Васілю Іванавічу] пад галаву нечую ватоўку, пакрыў шынялём. Лынькоў. Пільня патроху скрыпела, і не на адны толькі вайсковыя патрэбы. Праўда, цывільных рабочых тут было ўсяго якіх чалавек дзесяць. Чорны. [Люська:] — Хто той чарнявы? У будзёнаўцы?.. Брат ваш ці сваяк які блізкі-далёкі? Ракітны. // Каторы. Дзе ж вы хаваліся? Мой жа стары які дзень шукае вас па лесе. Дзенісевіч.

4. адносны. Падпарадкоўвае даданыя азначальныя сказы. Наперадзе.. цягнулася паласа альховых кустоў, праз якія працякаў ручай. Шамякін. Прыгоды, якія пачаліся яшчэ раніцой, не скончыліся для людзей пад самы вечар. Лынькоў. Чырвонаармеец узышоў на гнілы ганак, усходы якога ляжалі на падстаўленых камянях. Чорны. / Пры наяўнасці суадноснага слова ў галоўным сказе. З-пад гаці спакойна цякла рэчка, несучы тую порцыю вады, якую прызначалі ёй будаўнікі. Колас. [Русаковіч:] Я гавару пра тыя дасягненні, якія ўжо выкарыстоўваюцца на перадавых заводах. Крапіва.

5. адносны. Падпарадкоўвае даданыя дапаўняльныя сказы. Не гадаю, з якое дарогі ўбачу я край любы мой. Панчанка. Якая гэта была надзея, на што накіроўвалася яна, якая яе была сутнасць — Раман не мог разабрацца. Колас. / Пры наяўнасці суадноснага слова ў галоўным сказе. Помню, я думаў пра тое, які дзень там, у нас, за Дняпром. Шамякін.

6. адносны. Падпарадкоўвае даданыя выказнікавыя сказы. Які ты ў быту, такі ты і на справе. Корбан. [Ціхан:] — А наш народ угору ўзняўся, Васіль Іванавіч, не той ён, якім быў у тыя гады. Лынькоў. Якая работа, такая і плата. Прыказка.

7. адносны. Падпарадкоўвае даданыя дзейнікавыя сказы. Сустракаліся і такія, якія нібы абмяклі адразу, страцілі ўсякую волю і жылі раслінным жыццём, абы дзень пражыць. Лынькоў.

•••

З якой (гэта) ласкі? гл. ласка.

Калі што якое гл. што.

На якое ліха (лаянк.) гл. ліха.

Не лезе ні ў якія вароты гл. лезці.

Ні за якія грошы гл. грошы.

Ні ў якім выпадку гл. выпадак.

Ні ў якой меры гл. мера.

Якая розніца? гл. розніца ​1.

Які з сябе (сабою)? — як выглядае? (пра знешнасць чалавека).

Якім ветрам (прыгнала, занесла, прынесла) гл. вецер.

Якім макарам гл. макарам.

Якога чорта гл. чорт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

двор 1, двара, м.

1. Участак зямлі пры доме, хаце, прадпрыемстве, абгароджаны плотам ці сценамі будынкаў. Выйсці з хаты на двор. Выехаць з двара. □ Прасторны, роўны двор вясёлы Заўсёды повен быў жывёлы. Колас. Хата мела ў сабе пяць акон: тры на двор і два на вуліцу. Гартны. // Абгароджаны ўчастак з будынкамі для скаціны. Скацінны двор. □ Меркавалася сена з грудоў прывезці да коннага двара. Чарнышэвіч.

2. Сялянскі дом, хата з усімі гаспадарчымі пабудовамі; асобная сялянская гаспадарка. Сяло Чмарава па ўзгор’і — вялікае, а хаты параскіданы як папала; некалькі двароў ёсць новых. Каваль. Вучняў было нямнога — вёска налічвала ўсяго сорак двароў. Кавалёў. / У значэнні падліковай адзінкі. З разлікам на кожны двор.

3. Гіст. Памесце, маёнтак. Ад родных ніў, ад роднай хаты У панскі двор дзеля красы Яны, бяздольныя, узяты. Ткаць залатыя паясы. Багдановіч. Памятаў Рыгор і тыя моманты, калі цёмныя лістападаўскія ночы асвятляліся вогненнымі факеламі з панскіх двароў. Гартны.

4. Гаспадарчы цэнтр сельскагаспадарчага прадпрыемства (калгаса, саўгаса і пад.). Калгасны двор — стайня і кароўнік — быў на загуменні. Лобан.

•••

Манетны двор — дзяржаўнае прадпрыемства, якое вырабляе манеты, ордэны, медалі і іншыя знакі і вырабы з металу, прымяняючы залачэнне, серабрэнне і ювелірныя эмалі.

Заезны двор (дом) (уст.) — памяшканне для начлегу з дваром для коней і фурманак, а таксама карчмой.

На дварэ — не ў хаце, на вуліцы, на адкрытым паветры.

На двор — па натуральнай патрэбе (схадзіць, папрасіцца, хацець і пад.).

Ні кала ні двара гл. кол ​2.

Прахадны двор — а) адкрыты двор, праз які можна прайсці чужым людзям; б) хата, дом і пад., куды часта прыходзяць людзі.

двор 2, двара, м.

У манархічных краінах — манарх і яго акружэнне. Будучы апазіцыйна настроеным да царскага двара, Сувораў не аднойчы трапляў у няміласць. «Беларусь».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

для, прыназ. з Р.

Спалучэнне з прыназоўнікам «для» выражае:

Аб’ектныя адносіны

1. Ужываецца пры абазначэнні асобы ці прадмета, для якіх што‑н. робіцца, прызначаецца. [Аксіння] жыла для дачкі, для яе не шкадавала нічога — ні сіл сваіх, ні здароўя. Шамякін. Анежка ўвесь час наглядала за Алесем і адзначала ўсё для сябе. Броўка.

2. Ужываецца пры абазначэнні асобы ці прадмета, у дачыненні да якога мае значэнне, сілу тая ці іншая з’ява, якасць, стан і пад. Для мяне камунізм — Не ікона, А праўда жыцця, без якой Я не даражыў бы сягоння Зямлёй. Танк. Для дружбы шчырасць даражэй за ветлівасць. Брыль. Спрэчкі былі гарачыя, бо для некаторых само пытанне было, так сказаць, цікавым і важным. Лынькоў.

3. Ужываецца пры абазначэнні неадпаведнасці, несуразмернасці якой‑н. з’явы, падзеі, якасці і пад. з кім‑, чым‑н. Яны некуды спяшаліся, гэтыя людзі ў нязвыклым адзенні, у нязвыклым для Міколкі абутку. Лынькоў. Махнач падхапіўся залішне спрытна для сваёй камплекцыі. Шамякін.

Мэтавыя адносіны

4. Ужываецца пры абазначэнні мэты дзеяння. Ставяць новыя хаты і гумны, Ладзяць скрыпкі пад новыя струны Для вяселля, Для песень, Для славы. Танк. Для перагавораў вязні выбралі Паўла і некалькі іншых, як і ён, давераных таварышаў. Брыль. // Паказвае на прызначэнне прадмета ці асобы. Цэбар для вады. Абсталяванне для завода. Дапаможнік для настаўнікаў. □ Паход на вёску Ганусы ставіў пытанне аб назначэнні асобнага начальніка для партызан: іх было ўжо каля двух дзесяткаў. Колас.

Прычынныя адносіны

5. Ужываецца пры абазначэнні прычыны, падставы якога‑н. дзеяння; адпавядае па знач. прыназоўніку «з-за». Падмаглі жанчыны, якія гуртком сядзелі ля суседняй хаты і падышлі да нас для цікавасці. Пестрак.

•••

Для адводу вачэй гл. адвод.

Для прыліку гл. прылік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апусці́цца, апушчуся, апусцішся, апусціцца; зак.

1. на што і без дап. Перамясціцца ніжэй, знізіцца. Ніжэй апусцілася асенняе сонца. Шамякін. Торбачка з кнігамі і сшыткамі апусцілася амаль на цяглі. Брыль. Непрагляднае неба, здаецца, апусцілася на стрэхі хат. Пестрак.

2. на што і без дап. Знізіўшыся, сесці на што‑н. Пасля гадзіннага пералёту самалёт апусціўся на [адзін] з аэрадромаў горада. Лынькоў. Чапля апусцілася на вялікі сук каля гнязда. В. Вольскі.

3. Сесці або легчы на што‑н. Пярэднія байцы апусціліся на лёд і папаўзлі. Краўчанка. Анежка апусцілася на невялічкі курганок, навокал аброслы верасамі. Броўка. // Знізіцца, прыняўшы другую паставу. Апусціцца на калені.

4. на што і без дап. Наблізіўшыся да паверхні зямлі, ахінуць, ахутаць што‑н. Вячэрні змрок ужо апусціўся на горад. Хадкевіч. [Дзяўчына:] — А прыходзь, як пацямнее, Як апусцяцца туманы на зямлю. Русак. На двор павольна апусціўся На лёгкіх крылах сон. Корбан.

5. на (у) што. Сысці на ніжэйшае месца, на ніжэйшы паверх. Апусціцца ў вестыбюль.

6. Паглыбіцца ў што‑н., улезці ў сярэдзіну чаго‑н.; паглыбіўшыся, дасягнуць дна. [Андрэй] набраў як мага больш паветра ў лёгкія і апусціўся на дно. Скрыпка. Каршун апусціўся ў ваду аж па самае бруха. В. Вольскі. [Якавенка] падняўся на вежу, апусціўся ў люк. Мележ.

7. без дап. Спусціўшыся, перагарадзіць доступ куды‑н. Заслона апусцілася. Шлагбаум апусціўся. // Пахіліўшыся, звесіцца. Галава апусцілася. Апусцілася зламаная галінка.

8. перан.; без дап. Перастаць клапаціцца пра свой знешні выгляд. Пасля таго, як забралі бацьку, маці зусім апусцілася, ні сама не бралася за венік, ні Ліпачцы не загадвала. Сабаленка. // Дайсці да чаго‑н. непрыстойнага, няўхвальнага. Апусціцца да пошласці.

•••

Апусціцца на дно — аказацца сярод падонкаў грамадства.

Рукі апусціліся ў каго гл. рука.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прызна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. каго-што. Па якіх‑н. знешніх прыкметах выявіць, убачыць у кім‑, чым‑н. знаёмага або што‑н. знаёмае; пазнаць. [Марыя Іванаўна] добра да яго прыгледзелася, нават падышла бліжэй і з вялікім здзіўленнем прызнала ў ім былога ахоўніка завода. Няхай. Ледзь прызнаў яе. Некалі бачыў маленькай дзяўчынкай, а цяпер — нявеста. Пянкрат. Але Крыма сады, Як жа іх не прызнаць, І з якімі садамі Яны параўнаюцца?! Тарас.

2. каго-што. Палічыць кім‑, чым‑н., за каго‑, што‑н., якім‑н. Востраў гэты, праўда, не кожны прызнаў бы за востраў — аб яго не плёскаліся ні марскія, ні нават азёрныя хвалі. Мележ. І не такі .. [Мартын] чалавек, каб бяссільна палажыць вясло і прызнаць сябе пераможаным. Колас.

3. каго-што. Палічыць законным, зацвердзіць сваёй згодай права на існаванне чаго‑н. Прызнаць дзяржаву. □ Лепей згінуць у змаганні за сваю волю, за права будаваць сваё жыццё па-свойму, чым прызнаць панскую ўладу і панскую волю. Колас.

4. каго-што. Ацаніць каго‑, што‑н. па заслугах. І ўсё ж... карціну не прызналі; Адна з прычын тае бяды: Блакіт і сонца — ўсе дэталі Не з неба ўзяты, а з вады. Непачаловіч.

5. што і з дадан. сказам. Дапусціць рэальнасць, наяўнасці, чаго‑н.; згадзіцца з чым‑н. Прызнаць свае памылкі. □ [Хлапец] з вінаватай, кплівай усмешкай пакруціў галавою, перад усімі прызнаў кволасць сваю: — Запарыўся!.. Мележ. Сцёпка змушан быў прызнаць сваё паражэнне. Колас. Чалавек сумленны, Міхал таксама не мог не прызнаць, што начальнік цэха меў рацыю. Карпаў. // Прыйсці да якога‑н. заключэння, вываду; устанавіць. Жанчына ляжала, як нежывая. — Ад хворых нерваў, — прызнаў доктар. Чорны. Грышка рад, бо ўсе прызналі, Што найлепшы ён стралок. А. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стук 1, ‑у, м.

1. Кароткі адрывісты гук ад удару або падзення цвёрдых прадметаў. А сёння падвечар пад самымі вокнамі свайго дома .. [Макар] пачуў ажыўлены гоман, вясёлы смех і стук абуха аб сухое дрэва. Дуброўскі. Прыгадвалася [Сяргею] рознае, і часцей за ўсё дробязь: вясковы вечар, вогнішчы на вуліцы — вараць бульбу; стук праніка на сажалцы ранняй вясной. М. Стральцоў. / Пра гукі, якія ўтвараюцца машынай, рознымі механізмамі. Стук цягніка аддаляўся, заціхаў, пакідаючы тут цішыню і пустэчу невялічкай станцыі. Арабей. З сярэдзіны будынка прабіваўся рытмічны стук лінатыпаў і прыглушаны гул ратацый. Хадкевіч. / Пра гук выстралу (выстралаў). Замоўк той кулямёты стук, Вось-вось яшчэ паўторыцца, баюся. Я пад нагамі згледзеў сук І першы раз цябе спалохаў, бусел. Маляўка. // Шум, які ўтвараецца рытмічнымі скарачэннямі сэрца. [Андрэй] пачуў стук сэрца і адчуў цеплыню ў грудзях. Шамякін.

2. Удар (у дзверы, акно і пад.), які апавяшчае аб прыходзе або просьбе дазволіць зайсці. Не бачыла [настаўніца], як аднаго разу ў клас зайшоў кіраўнік школы, нізенькі, даўганосы. Зайшоў без стуку, не зачыніўшы за сабою дзверы. Адамчык. Да матулі заехаў — пабыць у гасцях. І калі яна выйшла на стук нецярплівы, — Колькі радасці стрэціў у родных вачах! Колькі ўцехі!.. І быў я бясконца шчаслівы. Гілевіч. Лёгкі стук у шыбу сігналізаваў Лапку, што ён апазнаны. Колас.

•••

Ні стуку ні груку — ціха, без шуму.

стук 2, выкл.

1. Выкарыстоўваецца гукапераймальна для абазначэння адрывістых гукаў. Раптам нехта ў дзверы — стук, стук! Якімовіч. І ён [Дрозд] забракаваў Вавёрчыну работу, Матывы падабраў і не пусціў у друк. Бяжыць Вавёрка ў рэдакцыю. «Стук, стук!» Да Дзятла. Корбан.

2. у знач. вык. Ужываецца паводле знач. дзеясл. стукаць — стукнуць. [Уладзік:] — Выцягнуў — куніца! Я яе мордачкаю аб хвою — стук! стук! ды на дол. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тачы́ць 1, тачу, точыш, точыць; незак., што.

1. Рабіць вострымі рэжучую частку, лязо чаго‑н. з дапамогай тачыла, бруска і пад. Тачыць нож. □ Адшукаўшы ў сенцах заржавеўшую сякеру, .. [Захар] пайшоў да Дзяніса Пляцінскага, узяў у яго брусок і, прыстроіўшыся пасярод хаты, пачаў тачыць сякеру. Чорны. // Надаваць патрэбную форму (пра ногці). // Рабіць прыдатным для карыстання (пра аловак).

2. Вырабляць што‑н. з дрэва, металу і пад., надаючы патрэбную форму зрэзваннем знешніх або ўнутраных слаёў матэрыялу на такарным станку. Тачыць ручкі. Тачыць шахматы. □ Сядзеў бы я і сёння ў курнай хаце, Тачыў бы верацёны пры лучыне. Грахоўскі. // без дап. Працаваць на такарным станку. Тачыць на станку.

•••

Лясы тачыць — займацца пустымі размовамі.

Тачыць зуб (зубы) — тое, што і вастрыць зуб (зубы) (гл. вастрыць).

Тачыць нож на каго — задумваць зло супраць каго‑н.

тачы́ць 2, тачу, точыш, точыць; незак.

1. што. Грызучы, праядаючы, рабіць дзіркі ў чым‑н., пашкоджваць што‑н. (пра насякомых, грызуноў). Было чутно, як недзе пад ложкам шашаль тачыў бервяно. Чыгрынаў. Мерзнуць мільёны мурашак, і мільёны іх на лета вясной точаць зямлю, — вылазяць з норак і паўзуць з таго боку, дзе сонца, уверх па дрэве... Пташнікаў. / Пра дзеянне вады, ветру. Па вуліцах ліліся жвавыя раўчукі, яны тачылі снег і, прабраўшыся да ракі, ліліся ў яе з высокага берага тысячамі маленькіх вадаспадаў. Чарнышэвіч. І ўсё ж Дняпро, амаль зусім адступіўшы ў летняе рэчышча, не можа супакоіцца і ляніва точыць нізы берага... Караткевіч.

2. перан.; каго-што. Неадступна мучыць, паступова пазбаўляючы сіл (пра хваробу, думкі, пачуцці і пад.). Яго [Адама Блецьку] тачыла думка, што ўсё тут добра было толькі тады, калі ў яго было сваё ўласнае аселішча. Чорны. Не было ні дня, ні гадзіны, каб помста і нянавісць не тачылі яго [Багуцкага] сэрца. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хі́тры, ‑ая, ‑ае.

1. Вынаходлівы, умелы, дасціпны. — Ну і хітры ж мужык ты, Васіль Захаравіч. На тры аршыны пад сабою бачыш, — сказаў Розаў. Грахоўскі. Бульбу, хоць і скараспелку, капаць яшчэ ранавата было. Таму яе хітрыя гаспадыні нейкі час не капаюць, а «падкопваюць», гэта значыць выбіраюць пад карчамі большую, а малую пакідаюць, прысыпаючы зямлёю. Якімовіч. // Які дзейнічае скрытна, не яўна. Аленка бачыла Сцёпку. Стаяла ў хаце каля акна і бачыла, як Сцёпка прайшоў па вуліцы. Падумайце, якая хітрая! Стаілася каля акна і за Сцёпкам цікуе, а сама не паказваецца. Колас. / Пра жывёл, птушак. Часам я можа б і сам адважыўся пакінуць Паўла і павесці сваю кабылу ў гурт, але гэтаму перашкаджала тое, што мая стракатая была жывёлінай натурыстай і вельмі хітрай. Кулакоўскі. // Які выражае хітрасць. [Маці:] Па вачах пазнаю, вачэй не пераменіш. Вунь якія яны.. Калючыя ды хітрыя. Крапіва. [Камендант:] — А гаспадарыць хто? — Мы, — адказала настаўніца з хітрай усмешкай. Маўр. Голас [Сарокі] быў ліслівы, прытоена хітры. Мележ.

2. Разм. Які для дасягнення чаго‑н. ідзе не прамым, падманным шляхам. Хітры бандзюга, ён [Смілга] не хацеў ні паміраць, ні здавацца.. Ён не быў нават паранены, але ляжаў як нежывы. Ён думаў, што цяпер на яго ніхто не будзе звяртаць увагі, і пакуль ішла перастрэлка, яму ўдалося дакаціцца да ўсходцаў. Чарнышэвіч.

3. Разм. Зроблены з вялікім умельствам, выдумкай, сакрэтам. Выбірае замок для дзвярэй чалавек, Выбірае замок, ды такі, каб — навек! Самы моцны з усіх, самы хітры замок, Каб ключы падабраць аніхто ўжо не змог! Гілевіч. Пад хітрай цацкаю нахмурыў бровы, Каб здагадацца: што там за нутро? Гаўрусёў. А летам гасцінцы дзед носіць з лесу — то шапку суніц, то хітры кошык з бяросты. Лынькоў. // Які патрабуе асаблівай праніклівасці, кемлівасці. Не хітрая, урэшце, справа Адолець атам урана. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цяга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Тое, што і цягнуць (у 1, 2, 5, 6, 8, 10 і 13 знач.) з той розніцай, што цягаць абазначае шматразовае дзеянне, якое адбываецца ў розныя часы і ў розных напрамках. Самае страшнае — смерць Казачэнкі, начальніка штаба, які цягаў з сабой сумку з дакументамі. Навуменка. [Ілья:] — Сёння рыбка павінна здорава брацца. Толькі паспяваў цягаць. Васілёнак. Аліку, відаць, было весела, бо ён з захапленнем цягаў за вяровачку свой сіненькі грузавік. Арабей. Малое такое, што ні яго дома пакінуць, ні яго з сабою цягаць. Крапіва. Дарэмна здалёку Паўнюткія вёдры цягала [маці], Той камень у спёку Вадой і слязьмі палівала. Куляшоў. / у перан. ужыв. Цяпер і ён такі ж прапашчы, Ланцуг жыцця цягае ледзь. Жылка.

2. Красці. [Дзямід:] — Ліса яшчэ часам малых парасят цягае. В. Вольскі. — Прыкусі язык! — крыкнуў.. [Сяўрук] на Хвядосіху. — Ты думаеш, што як пры немцах тут усё валакла, цягала, дык і цяпер... Кулакоўскі.

3. Насіць доўгі час (адзенне). Тое, што маці берагла на свята, Дар’я пачала цягаць штодня. Паслядовіч. — Не пужайце вельмі, не баімся! — злавалася Каця [на брыгадзіра]. — Апошняе зімовае паліто на работу цягаю — ніхто не бачыць. Мыслівец.

4. Тузаць за што‑н. Абапёршыся плячом на сцяну, стаяла Каця, .. якую Рыгор не раз цягаў за косы. Ваданосаў. Віктар успомніў, як прыйшоў да іх Адам і пачаў цягаць Паўла за вушы. Гроднеў. Здаецца, зусім нядаўна ён [Міша] з іншымі малышамі цягаў ноччу за гэты дрот, адводзіў увагу гаспадара і сабакі ад таго месца, дзе іншыя хлопцы абіралі яблыкі. Карпюк.

5. Валачы па зямлі. Цягаць хустку па зямлі. □ Віцю, разведчыка, эсэсаўцы прывязалі да хваста каня і цягалі па бруку вуліц. Брыль.

•••

Ледзь ногі цягаць (цягнуць, валачы, перастаўляць) — а) з цяжкасцю ісці; б) пра старога, слабага чалавека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дарма́ і да́рма, прысл.

1. Бескарысна, дарэмна, марна. Сцёпка сваё вядзе: чытае, піша, думае, разважае. Ні адзін вечар вольны не прападаў дарма. Колас. // Без дастатковых падстаў, беспрычынна. [Вярхоўскі:] Дарма, грамадзянін, злуяцеся. Маўзон.

2. Бясплатна, за нішто. У Ксавэра Блецькі цяпер толькі клопату ў галаве, каб Антон не еў дарма хлеба. Чорны. // Незаслужана, беспадстаўна. Наш сябра тытул атрымаў. Ну што ж, насі, такая справа. Ці па заслугах, ці дарма — Не так, прызнацца, і цікава. Гілевіч.

3. у знач. часціцы. Хай, так і быць. Не хопіць ці хлеба, ці бульбы? — Дарма! Дадасі яшчэ бобу. Дубоўка.

4. у знач. вык. Дробязь, не мае значэння. Баіцца — будзе ёй адплата — Чакаць дабра з таго дарма. Колас.

•••

Дарма што (уступальны злучнік) — хоць; нягледзячы на тое, што. Сядзіць Андрэйка з татам. Добра так умасціўся, дарма што трасе трохі. Юрэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)