археалагічная культура фінскіх плямён, якія ў 5—1-й пал. 9 ст. жылі ў бас.р. Чапца ва Удмурціі (Расія). Назва ад помнікаў каля с. Паломскае. Асн. заняткі насельніцтва — ляднае земляробства, жывёлагадоўля, паляванне. Найб. пашыраныя помнікі — гарадзішчы пл. 0,5—2 га і могільнікі. Жытлы — прамавугольныя драўляныя дамы зрубнай канструкцыі (12 × 7 м) з адкрытымі каменнымі агнішчамі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў грунтавых ямах гал. чынам галавой на Пн, найчасцей у драўляных трунах. Мужчын хавалі звычайна ў паясах, нярэдка з узбраеннем і рыштункам каня, сякерамі, каля галавы часта ставілі медны кацялок; жанчыны — у святочным адзенні з метал. ўпрыгожаннямі, часта трапляюцца грыўні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЬЧАТАКАРЭ́ННІК (Dactylorhiza),
род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Больш за 150 (па інш. звестках каля 30) відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 6 відаў. Найб. вядомыя П.: майскі (D. majalis), мяса-чырвоны (D. incarnata), плямісты (D. maculata), Фукса (D fuchsii). Трапляюцца ў вільготных лясах, на лугах, балотах, па берагах вадаёмаў.
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 60 см. Клубні сціснутыя, пальчатараздзельныя (адсюль назва). Сцёблы прамыя, шчыльныя. Лісце чаргаванае, падоўжана-яйцападобнае, зялёнае або з цёмнымі буравата-чырв. плямамі. Кветкі няправільныя, жоўтыя, пурпуровыя, ружовыя, фіялетава-чырв. ў коласападобных суквеццях. Плод — каробачка. Лек. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЮ́ДДЗЕ,
«хаджэнне па людзях», 1) аб’езд князем і яго дружынай падуладных зямель і плямён Кіеўскай Русі дзеля збору даніны. Вядома з 10 ст. Адбывалася ўвосень або зімою, неакрэсленасць памеру даніны прыводзіла да вял. злоўжыванняў, за адно з якіх у 945 у час П. драўляне забілі кн.Ігара. Удава Ігара кн.Вольга ўпершыню вызначыла памер даніны і месцы яе збору — пагосты.
2) Назва даніны. У 12 ст. ў Наўгародскай, Полацкай і Смаленскай землях П. — грашовая павіннасць, якую збіраў князь ці феадал. У ВКЛ у 15—16 ст. П. — даніна ў форме падарункаў ад насельніцтва намеснікам або княжацкім старастам пры аб’ездзе імі валасцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСА́ДСКІЯ ЛЮ́ДЗІ,
прынятая ў гіст. л-ры назвагандл.-рамеснага і прамысл. насельніцтва гарадоў і ч. паселішчаў гар. тыпу (пасадаў, слабод) Стараж. Русі і Расіі 10—18 ст. Тэрмін «Пл.» паходзіць ад слова «пасад» і сустракаецца ў крыніцах з 15 ст. П.л. аб’ядноўваліся ў абшчыны на чале з земскімі старастамі, якія адказвалі за своечасовую выплату падаткаў і выкананне розных дзярж. павіннасцей. Паводле Саборнага ўлажэння 1649 у склад Пл. увайшлі жыхары скасаваных прыватнаўласніцкіх гар. слабод. У 1775 урад падзяліў Пл. на гільдзейскае купецтва і мяшчан. Паводле Жалаванай граматы гарадам 1785 Пл. — бяднейшы з 6 разрадаў прамысл. і рамеснага насельніцтва гарадоў. У далейшым гэтая катэгорыя паступова злілася з мяшчанамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́НАЧКІ (Phylloscopus),
род птушак сям. валасянкавых атр. вераб’інападобных. 30 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, 1 від пранікае на Аляску. Жывуць у лясах, гаях, лесапарках, садах. Гняздуюцца на зямлі, часам на кустах. На Беларусі 4 пералётныя віды: П.-вяснічка (Ph. trochilus, нар.назва будаўнічок), П.-жаўтаброўка, або П.-трашчотка (Ph. sibilatrix), П. зялёная (Ph. trochiloides) і П.-цянькоўка (Ph. collybitus).
Даўж. да 14,5 см, маса да 12,5 r. Апярэнне пераважна няяркае, бураватае або зеленаватае, ніз цела жаўтаваты; у некат. над вокам светлая палоска. Кормяцца насякомымі, павукамі, часам ягадамі. Нясуць да 8 яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕНТАГО́Н (англ. Pentagon ад грэч. pentagōnon пяцівугольнік),
назваваен. ведамства ЗША, якое размяшчаецца ў пяцівугольным будынку на беразе р. Патомак у г. Арлінгтан каля Вашынгтона (штат Віргінія). Налічвае каля 23 тыс.чал. персаналу ваен. і цывільных спецыялістаў. У П. размяшчаюцца асн. ўстановы, упраўленні і службы мін-ва абароны, камітэт нач. штабоў (КНШ) і яго аб’яднаны штаб, мін-ва арміі ЗША. У будынку П. знаходзяцца асн. камандны цэнтр КНШ і асн. камандныя пункты відаў узбр. сіл. Кіраўнік П. — міністр абароны ЗША. Будынак П. пастаўлены ў 1941—43 паводле праекта ген. Б.Б.Сомвіла. Гл. таксама раздзел Узброеныя сілы ў арт.Злучаныя Штаты Амерыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАПІСНЫ́Я КНІ́ГІ,
1) зводныя дакументы пра колькасць насельніцтва Рас. дзяржавы ў сярэдзіне 17—1-й пал. 18 ст. З’явіліся ў сувязі з заменай пасошнага падаткаабкладання падворным. У сярэдзіне 17 — пач. 18 ст. падворныя П.к. складаліся пры правядзенні як усеагульных перапісаў цяглага (абкладзенага падаткамі) насельніцтва (1646—48, 1676—78, 1710 і 1716), так і перапісаў насельніцтва асобных раёнаў або катэгорый. П.к. 1720-х і 1740-х г. адлюстроўвалі вынікі падушнага перапісу (гл.Падушны падатак).
2) У канцы 16 — пач. 17 ст.назва «апісных кніг» (апісанні гарадоў, сёл, манастыроў) і «глядзенных кніг» (звесткі пра месцазнаходжанне населеных пунктаў, адлегласці і дарогі паміж імі) Рас. дзяржавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЛАМУ́ТРАЎКІ,
група родаў матылёў сям. німфалід. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і, пераважна ва ўмеранай зоне. Жывуць у разнастайных ландшафтах. На Беларусі каля 14 відаў. П. балотная (Boloria aquilonaris) і П. Фрыга (Clossiana Frigga) занесены ў Чырв. кнігу.
Размах крылаў да 12 см (на Беларусі да 8 см). Верхні бок іх звычайна рыжаваты з чорнымі плямамі і палосамі, ніжні — рознай афарбоўкі, часта з бліскучымі перламутравымі (адсюль назва) або серабрыстымі плямамі і перавязямі. Вусені жывуць на травяністых раслінах (кормяцца пераважна на фіялках).
С.Л.Максімава.
Перламутраўкі: 1 — палявая (1а — яе вусень); 2 — Фрыга; 3 — Адыпа; 4 — Аглая (4а, 4б — яе вусень і кукалка); 5 — балотная; 6 — зеленаватая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕР-ЛАШЭ́З (Pére-Lachaise),
могілкі ў Парыжы [б. маёнтак духоўніка караля Людовіка XIV патэра (франц. père) Лашэза; адсюль назва], дзе пахаваны многія найбуйнейшыя дзеячы культуры (Ж. дэ Лафантэн, Мальер, А.Дадэ, А.Бальзак, П.Ж. дэ Беранжэ, Ф.Шапэн, Дж.Расіні, Э.Дэлакруа, Ф.Ж.Тальма і інш.), ваен. дзеячы (маршалы М.Ней, А.Масена і інш.). 27.5.1871 каля паўн.-ўсх. сцяны могілак расстраляны карнікамі захопленыя ў баі за П.-Л. абаронцы Парыжскай камуны 1871. На гэтым месцы пастаўлены помнік («Сцяна камунараў»), каля якога пахаваны П.Лафарг, М.Тарэз і інш. дзеячы рабочага руху, удзельнікі руху Супраціўлення ў 2-ю сусв. вайну. У 1964 на П.-Л. адкрыты помнік ахвярам фаш. лагера смерці Бухенвальд (скульптар Л.Бансель).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЗС-МАТРЫЦА,
святлоадчувальная інтэгральная схема, у аснову работы якой закладзены прынцып захоўвання лакалізаванага эл. зараду; цвердацельны аналаг перадавальных тэлевізійных трубак.
Асн. элемент — паўправадніковая прылада з зарадавай сувяззю (ПЗС, адсюль назва). Калі матрыца з такіх прылад, размешчаных на 1 крышталі паўправадніка, знаходзіцца ў факальнай плоскасці аб’ектыва, то ў кожнай ячэйцы матрыцы збярэцца зарад, які адпавядае асветленасці ў дадзеным пункце, і відарыс будзе «запісаны» ў выглядзе такіх зарадавых пакетаў. У канцы кожнага радка размяшчаецца счытвальнае прыстасаванне і ўзмацняльнік. Калі падаваць на электроды ПЗС-м. тактавыя імпульсы, якія забяспечваюць перадачу зарадавых пакетаў выхадной прыладзе, з выхаднога ўзмацняльніка здымецца паслядоўнасць імпульсаў, адпаведных зыходнаму відарысу.