пры́ткі, ‑ая, ‑ае.
1. Скоры, хуткі, імклівы. Дзяўчына ішла прыткай хадой, як бы і не чуючы таго маленькага чамаданчыка, які яна несла ў руках. Краўчанка. // Вёрткі, спрытны. — Чаго гарланіш! У баі быў бы такі прыткі — не лямантаваў бы цяпер. М. Ткачоў. — А тут за сцяною куры. Хадзем, але каб толькі не павыскаквалі, яны ў нас прыткія. Галавач.
2. перан. Які прагне хутчэй дасягнуць чаго‑н., зрабіць што‑н. Да навукі прыткі [дзед], З тэхнікай дружыў. Зуёнак. — Ого, які прыткі! Можа праліцца кроў! Лепш не пачынаць [біцца]! — заўважыў нехта. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пялёнка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Суцэльны покрыў (туману, дажджу, снегу, дыму і пад.), які завалаквае, зацягвае што‑н. з усіх бакоў. І вось цяпер.. [снег] адразу шчодра заслаў зямлю сваёй пушыстай пялёнкай. М. Ткачоў. Лёгкі марозік зацяг[в]аў лужынкі тонкай пялёнкай лёду. Колас.
2. Прасцінка для ўкручвання, спавівання грудных дзяцей. Спрактыкаванымі рукамі жанчына ўкруціла дзіця ў пялёнку і пачала забаўляць. Даніленка. Каб заняць чым час, Саша бясконца перамывала пялёнкі і шыла што-небудзь для дзіцяці. Шамякін.
•••
З пялёнак — з ранняга дзяцінства.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разве́яць, ‑вею, ‑вееш, ‑вее; зак., што.
Разнесці ў розныя бакі (ветрам); пусціць па ветры. Ветрык развеяў туман, перастала імжыць. П. Ткачоў. Каля плёсу віхор падхапіў шматкі сухога сена, падняў іх угару і развеяў. Федасеенка. // перан. Рассеяць, знішчыць, разагнаць. Развеяць трывогу. □ Пачуўся ўсплёск, успыхнула злосць у душы рыбака, а злосць гэтую развеяў звонкі дзявочы смех. Брыль. Каб як-небудзь развеяць сумны настрой, Максім спытаў у Сяргея: — Як табе тут жывецца ў горадзе? Машара. Нясмелы агеньчык развеяў паўзмрок, і хата зноў стала пустой і ціхай. Шашкоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
талко́вы, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Разумны, кемлівы; дзелавіты. [Апейка:] — Актывістаў арганізуй, каб памаглі. Падбяры групу талковых, сумленных, пагавары шчыра. Мележ. І калгасныя справы .. [Васіль] павёў так, што хутка стаў вядомы як здольны, талковы рахункавод. Васілевіч. — Канечне, — гаварыў дзед Нічыпар, — старшынёй трэба выбраць чалавека пісьменнага, талковага. П. Ткачоў. // Змястоўны, разумны, дзелавы. Талковы даклад. □ [Тарасевіч:] — А як трэба нашай прамысловасці разумная, удумлівая парада вучонага-эканаміста, талковая рэкамендацыя. Арабей.
2. Ясны, зразумелы, пераканаўчы (пра думкі, словы і пад.). Звычайна паліцэйскія былі альбо п’янчугі, альбо людзі тупыя, не здольныя вымавіць ніводнага талковага слова. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
харчава́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. харчавацца і харчаваць.
2. Паступленне і засваенне пажыўных рэчываў, неабходных для жыццядзейнасці жывога арганізма.
3. Тое, чым хто‑н. харчуецца; характар, якасць ежы. Дыетычнае харчаванне. □ Жывуць яны багата, бо як ні кажы, а харчаванне амаль нічога не каштуе, і Зося не пакрыўджана. Лупсякоў.
4. Прыпасы прадуктаў. Сяляне дзяліліся з народнымі мсціўцамі харчаваннем, адзеннем. «Звязда». [Доктар:] — Ён [Янка] і яшчэ двое юнакоў састаў з харчаваннем прывезлі ў Маскву. П. Ткачоў.
•••
Грамадскае харчаванне — сістэма забеспячэння насельніцтва харчаваннем праз сталовыя, рэстараны, закусачныя і пад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шапту́н, ‑а, м.
1. Той, хто шэпча (у 1 знач.) або шэпчацца з кім‑н. Аднак Кірыла не ўсіх пераканаў, чуліся галасы шаптуноў: Калі ты такі порсткі, дык ідзі сабе, а нам і дня хопіць, не гарыць. Гурскі. [Гудкевіч:] — Гэй, шаптуны! Годзе спрачацца. Языкі за зубы — пад’язджаем да вёскі. М. Ткачоў.
2. Той, хто займаецца даносамі, тайна паклёпнічае, распаўсюджвае якія‑н. чуткі. [Харытон:] — Ды хіба ж аб гэтым варта каму хваліцца? І сярод парабкаў шаптуны ёсць. Бажко.
3. Знахар, чараўнік. Фэлька не прызнаваў ні дактароў, ні шаптуноў. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
асядла́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Прымацаваць сядло на спіне каня. Прачнуўся Дубяга далёка да дня, Хутчэй асядлаў баявога каня. Танк.
2. Разм. Сесці верхам на што‑н. Асядлаць бервяно. □ [Сцёпка] нарэшце ўхапіўся за галіну, падцягнуўся і асядлаў яе. П. Ткачоў. // Размясціцца па абодва бакі чаго‑н. Асядлаць дарогу. □ Танкавы корпус асядлаў абедзве шашы: на Смаленск і Сураж. Асіпенка.
3. перан. Разм. Поўнасцю падпарадкаваць сабе, прымусіць дзейнічаць па свайму жаданню. [Міхась:] — З нейкімі косамі ўсе ды з мянташкамі — па старым парадку. А мы са шваграм тэхніку асядлаем. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
азёрны, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да возера. Азёрная затока. Азёрны басейн. Азёрная вада. □ Праз азёрны прасцяг Прывандруюць крылатыя [гусі-лебедзі] Па шляхах, па агнях, Над ляснымі Дрысвятамі. Лужанін. // Які жыве ў возеры. Калі Лемяшэвіч падчапіў першага невялічкага шчупачка, белага, прыгожага, не падобнага да сваіх чорных азёрных братоў, Аляксей бег паглядзець на яго метраў за дзвесце. Шамякін. // Які прызначаны для плавання па возеры. Азёрны флот. Азёрнае судна. Азёрная лайба. // Багаты на азёры. Нарачанскі азёрны край. Браслаўшчына і Полаччына — азёрны куток Беларусі. □ У азёрным краі, дзе багністыя мелі І пясчаныя берагі, жыла сям’я кулікоў. П. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
но́раў, ‑раву, м.
1. Характар, сукупнасць псіхічных якасцей. Круты нораў. Вясёлы нораў. □ Нораву.. [Кірыла] быў неспакойнага. Лупсякоў. [Маўра] не стала пярэчыць [мужу]. Не магла. Гэта было не ў яе нораве. М. Ткачоў. / у перан. ужыв. На што вада, але і тая Не ўсюды роўны нораў мае. Спакойна ў ямах і заторах, Але капае дол у горах. Колас. Калгасныя коні .. былі розныя — і па выгляду, і па звычках, і па нораву. Ракітны.
2. звычайна мн. (но́равы, ‑аў). Звычай, уклад жыцця, звычка. Учора ў клубе Барыс праслухаў лекцыю аб норавах капіталістычнага грамадства. Жычка.
•••
З норавам — упарты, наравісты.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пані́зіць, ‑ніжу, ‑нізіш, ‑нізіць; зак., каго-што.
1. Зрабіць больш нізкім, меншым па вышыні. Панізіць ўзровень вады.
2. Паменшыць ступень, узровень, інтэнсіўнасць і пад. чаго‑н. Панізіць ціск. Панізіць цэны. // Пагоршыць, аслабіць. Панізіць якасць прадукцыі.
3. Зрабіць больш ціхім (голас, гук і пад.). Лясніцкі памаўчаў, аглянуўся навокал і панізіў голас. Шамякін. // Набыць больш нізкае гучанне. Вось гармонік панізіў тон, і ў марозную цішыню ўрэзаўся тонкі дзявочы голас. Шашкоў.
4. Перавесці на больш нізкую пасаду. Аднаго і другога [афіцэраў] панізілі на рабоце. М. Ткачоў. — На той час мяне, праўда, трошкі панізілі. На райпрамкамбінат кінулі. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)