КРУЧКО́ВА (Ніна Міхайлаўна) (н. 31.3.1939, г. Бабруйск Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне гідраэкалогіі. Д-р біял. н. (1985), праф. (1991). Скончыла БДУ (1961) і працуе ў ім (у 1985—95 заг. кафедры). Навук. працы па вывучэнні ролі зоапланктону ў працэсе трансфармацыі рэчываў і энергіі ў водных экасістэмах.

Тв.:

Краткий экологический словарь. Мн., 1988 (у сааўт.);

Трофические взаимоотношения зоо- и фитопланктона. М., 1989.

т. 8, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́БЕДЗЕЎ (Мікалай Іванавіч) (6.1.1919, в. Гнілаўка Цвярской вобл., Расія — 9.11.1985),

бел. вучоны ў галіне эпідэміялогіі. Д-р мед. н. (1973), праф. (1974). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1953), з 1957 працаваў у ім (з 1969 заг. кафедры). Навук. працы па клініцы, эпідэміялогіі і прафілактыцы шкарлятыны, сальманелёзаў, тэорыі эпідэмічнага працэсу, проціэпідэмічным забеспячэнні насельніцтва.

Тв.:

Сальмонеллезы: Эпидемиология, клиника и профилактика. Мн. 1980.

т. 9, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ВІН (Арон Самуілавіч) (28.1.1895, Мінск — 15.8.1970),

бел. вучоны ў галіне педыятрыі. Д-р мед. н. (1957), праф. (1960). Скончыў Жэнеўскі ун-т (1919). З 1946 у Бел. НДІ удасканалення ўрачоў (з 1955 заг. кафедры). Навук. працы па паталогіі органаў дыхання і сардэчна-сасудзістай сістэмы ў дзяцей.

Тв.:

Очерки по педиатрии. Мн., 1961;

Абдоминальный синдром у детей // Здравоохранение Белоруссии. 1970. № 3.

т. 9, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕВІ́Т (Зігфрыд Натанавіч) (31.3.1919, г. Чарнаўцы, Украіна — 21.3.1978),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1969), праф. (1970). Скончыў Свярдлоўскі пед. ін-т (1944). З 1952 выкладаў у Мінскім пед. ін-це замежных моў. Гал. працы: «Курс французскай лексікалогіі» (1963), «Да праблемы аналітычнага слова ў сучаснай французскай мове» (1968), «Нарысы па лексікалогіі сучаснай французскай мовы» (1969) і інш.

І.​К.​Германовіч.

т. 9, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ДЭБУР ((Ledebour) Карл Фрыдрых) (8.7.1785, г. Штральзунд, Германія — 4.7.1851),

нямецкі батанік. Скончыў Грайфсвальдскі ун-т (1805). З 1805 дырэктар Бат. сада і праф. ун-та (1811—36) у г. Дэрпт (цяпер г. Тарту, Эстонія). Сабраў і апісаў каля 400 відаў раслін Алтая, склаў зводку больш чым па 6,5 тыс. відаў сасудзістых раслін Расіі Аўтар працы «Флора Расіі» (т. 1—4, 1842—53).

т. 9, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ЙДЫГ ((Leydig) Франц) (21.5.1821, г. Ротэнбург, Германія — 13.4.1908),

нямецкі гістолаг. Замежны чл.-кар. Пецярбург. АН (1897). Праф. ун-таў у Цюбінгене (1857) і Боне (1875). Навук. працы па параўнальнай гісталогіі органаў і тканак пазваночных жывёл і чалавека, гісталогіі беспазваночных. Разам з ням.гістолагам і эмбрыёлагам Р.​А.​Кёлікерам распрацаваў морфафізіял. класіфікацыю тканак (1857), апісаў від тканкі мужчынскай палавой залозы (прамежкавая тканка Л.).

т. 9, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКАРЭ́ЎСКІ (Аляксей Мікалаевіч) (29.3.1863, Смаленская вобл., Расія — 15.10.1942),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Магістр вет. н. (1916), праф. (1920). Скончыў Харкаўскі вет. ін-т (1904). У 1925—29 заг. кафедры ў Віцебскім вет. ін-це. Навук. працы па ўнутр. хваробах свойскай рагатай жывёлы, эпізааталогіі, гельмінталогіі.

Тв.:

Запаленне лёгкіх у рагатай жывёлы. Мн., 1930;

Сухоты свойскае жывёлы: (Пераважна ў быдла). Мн., 1930.

т. 9, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РКУС ((Marcus) Рудольф Артур) (н. 21.7.1923, г. Манрэаль, Канада),

амер. фізікахімік. Чл. Нац. АН ЗША (1970), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1973). Скончыў ун-т Мак-Джыла (Манрэаль; 1946). З 1949 выкладаў у розных навуч. установах ЗША. З 1978 праф. Каліфарнійскага тэхнал. ін-та (Пасадэна). Навук. працы па тэорыі хім. рэакцый электроннага пераносу. Нобелеўская прэмія 1992.

Б.​В.​Корзун.

Р.Маркус.

т. 10, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРТО́Н ((Martonne) Эмануэль дэ) (1.4.1873, г. Шабры, Францыя — 25.7. 1955),

французскі географ, прадстаўнік франц. школы «геаграфіі чалавека». Чл. Парыжскай АН (1942). Праф. Сарбоны (1909). Скончыў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы. З 1938 прэзідэнт Міжнар. геагр. саюза (з 1952 ганаровы прэзідэнт). Навук. працы па пытаннях геаграфіі чалавека, агульнай і рэгіянальнай фіз. геаграфіі, краіназнаўстве і інш. Распрацаваў адну з класіфікацый кліматаў Зямлі.

т. 10, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХАРО́ВІЧЫЧ ((Mohorovičić) Андрэй) (23.1.1857, г. Апатыя, Харватыя — 18.12.1936),

харвацкі геафізік і сейсмолаг. Чл. Харвацкай АН (1898). З 1910 праф. Заграбскага ун-та. У 1892—1921 дырэктар Дзярж. ўпраўлення метэаралагічнай і геадынамічнай службы і абсерваторыі ў Заграбе. Вызначыў існаванне паверхні падзелу паміж зямной карой і мантыяй Зямлі (1909), якую назвалі Махаровічыча паверхня. Распрацаваў методыку рэгістрацыі землетрасенняў і прапанаваў канструкцыю шэрагу геафіз. прылад.

т. 10, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)