ВІ́ЛАНД (Wieland) Генрых (4.6.1877, г. Пфорцгайм, Германія — 5.8.1957),

нямецкі хімік-арганік і біяхімік. Д-р філасофіі (1901), праф. (1909). Замежны чл.-кар. АН СССР (1929). Вучыўся ў Мюнхенскім і Берлінскім ун-тах, Вышэйшай тэхн. школе ў Штутгарце. У 1899—1917 і 1925—52 у Мюнхенскім ун-це, у 1917—18 у Ін-це хіміі ў Берліне, у 1921—25 у Фрэйбургскім ун-це. Навук. працы па хіміі гармонаў, стэроідаў, алкалоідаў, жоўцевых кіслот і інш. Прапанаваў тэорыю дэгідрыравання, што растлумачыла механізм акісляльных рэакцый, у т. л. працэс біял. акіслення. Нобелеўская прэмія 1927.

Г.Віланд.

т. 4, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́НДАЎС (Windaus) Адольф (25.12.1876, Берлін — 9.6.1959),

нямецкі хімік і біяхімік. Праф. (1913). Вучыўся ў Берлінскім і Фрэйбургскім ун-тах. З 1900 у Берлінскім, у 1901—13 у Фрэйбургскім, з 1913 у Інсбрукскім ун-тах. У 1915—44 дырэктар Ін-та хіміі Гётынгенскага ун-та. Навук. працы па вывучэнні будовы стэрынаў, у прыватнасці халестэрыну. Вызначыў утварэнне вітаміну D з эргастэрыну пад уздзеяннем УФ прамянёў. Сінтэзаваў гістамін. Адначасова з Г.Віландам вызначыў будову жоўцевых кіслот (1913) і даказаў іх роднасць з халестэрынам. Вывучаў хім. будову сапанінаў, сардэчных гліказідаў і інш. біялагічна актыўных рэчываў. Нобелеўская прэмія 1928.

А.Віндаўс.

т. 4, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНЬЁ (Vigneaud) Вінсент Дзю (18.5.1901, г. Чыкага, ЗША — 11.12.1978),

амерыканскі біяхімік. Чл. Нац. АН ЗША (1944). Скончыў Ілінойскі ун-т (1923) і Мед. школу Рочэстэрскага ун-та (1927). З 1929 у Ілінойскім ун-це, з 1932 праф. ун-та Дж.​Вашынгтона, у 1938—75 Корнелскага ун-та. Навук. працы па хіміі гармонаў, вітамінаў, антыбіётыкаў. Даследаваў хім. будову інсуліну і біяціну, устанавіў структуру і сінтэзаваў вазапрэсін, аксітацын, вітаміны групы В. Прапанаваў метады сінтэзу, ачысткі і вылучэння антыбіётыкаў. Нобелеўская прэмія 1955.

Літ.:

Волков В.А., Вонскнй Е.В., Кузнецова Г.И. Выдающиеся химики мира: Биогр. справ. М., 1991. С. 157.

В. дзю Віньё.

т. 4, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЙРАЎСКІ (Heyrovský) Яраслаў (20.12.1890, Прага — 27.3.1967),

чэшскі хімік, стваральнік паляраграфіі. Чл. Чэхаславацкай АН (1952). Скончыў Пражскі ун-т (1918), з 1922 праф. гэтага ун-та, у 1926 працаваў у Сарбоне (Парыж). У 1950—67 дырэктар Дзярж. паляраграфічнага ін-та ў Празе, які з 1964 носіць яго імя. Пры даследаванні электролізу на ртутна-кропельным электродзе ўстанавіў залежнасць паміж патэнцыяламі аднаўлення і акіслення рэчываў і іх прыродай, а таксама паміж велічынёй дыфузійнага току і канцэнтрацыяй рэчыва ў электраліце (1922), што дало пачатак паляраграфіі. Нобелеўская прэмія 1959.

Тв.:

Рус. пер. — Основы полярографии. М., 1965 (разам з Я.​Кута).

Я.Гейраўскі.

т. 5, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РЦБЕРГ (Herzberg) Герхард (н. 25.12.1904, г. Гамбург, Германія),

канадскі фізік і фізікахімік. Чл. Канадскага каралеўскага т-ва (з 1939). Скончыў Тэхн. ін-т у г. Дармштат (1927), дзе працаваў у 1930—35. У 1935 эмігрыраваў у Канаду. З 1949 у Нац. даследчым цэнтры ў г. Атава. Навук. працы па атамнай і малекулярнай спектраскапіі. Вызначыў энергію дысацыяцыі малекулы кіслароду (1930), знайшоў малекулярны вадарод у атмасферы планет. Ідэнтыфікаваў спектры малекул аксіду і дыаксіду вугляроду, аксіду азоту (II), ацэтылену, метану (1946—48), даследаваў спектры больш як 30 свабодных радыкалаў. Аўтар кнігі «Спектры і будова простых свабодных радыкалаў» (1974). Нобелеўская прэмія 1971.

Г.Герцберг.

т. 5, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫ́ДЖМЕН (Bridgman) Персі Уільямс (21.4.1882, г. Кеймбрыдж, штат Масачусетс, ЗША — 20.8.1961),

амерыканскі фізік і філосаф, заснавальнік фізікі высокіх ціскаў. Чл. Нацыянальнай АН ЗША. Скончыў Гарвардскі ун-т (1905), дзе і працаваў (у 1926—54 праф.). Распрацаваў метады атрымання ціскаў да 42,5 ГПа (425 тыс. атм.), даследаваў уласцівасці многіх рэчываў пры высокіх цісках, што прывяло, у прыватнасці, да стварэння штучных алмазаў і цвёрдага (металічнага) вадароду. Заснавальнік аперацыяналізму — філас. кірунку, які тэарэт. веды зводзіць да эмпірычных працэдур вымярэння. Аўтар кніг «Аналіз размернасцяў» (рус. пер. 1934) і «Фізіка высокіх ціскаў» (рус. пер. 1935). Нобелеўская прэмія 1946.

П.У.Брыджмен.

т. 3, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫЯ́Н (Briand) Арыстыд (28.3.1862, г. Нант, Францыя — 7.3.1932),

дзяржаўны дзеяч Францыі, дыпламат. Адвакат па адукацыі. З 1880-х г. удзельнік сацыяліст. руху. У 1902 абраны ў парламент. У 1906 увайшоў у склад урада, за што быў выключаны з Сацыяліст. партыі. У 1909—31 займаў пост прэм’ер-міністра 11 разоў і міністра замежных спраў 17 разоў. Пасля 1-й сусв. вайны праводзіў палітыку раззбраення і бяспекі. У 1909—31 выступаў за «прымірэнне» з Германіяй. Адзін з ініцыятараў Лакарнскай канферэнцыі 1925, Келага—Брыяна пакта 1928, праекта стварэння «Пан-Еўропы». Нобелеўская прэмія міру 1926 (разам з Г.Штрэземанам).

т. 3, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́АЛЬС (Waals) Ян Дыдэрык ван дэр (23.11.1837, г. Лейдэн, Нідэрланды — 9.3.1923),

нідэрландскі фізік. Чл. Нідэрландскай, Парыжскай, Берлінскай АН, Нацыянальнай АН ЗША. У 1862—65 вольны слухач Лейдэнскага ун-та. Праф. Амстэрдамскага ун-та (1877—1907). Навук. працы па малекулярнай фізіцы і нізкатэмпературных з’явах. Вывеў Ван-дэр-Ваальса ўраўненне і ўстанавіў неперарыўнасць газападобнага і вадкага станаў рэчыва. Разгледзеў пытанне пра малекулярныя сілы ў газападобным і вадкім станах у сувязі з будовай рэчываў. Распрацаваў тэорыю бінарных сумесяў і тэрмадынамічную тэорыю капілярнасці. Нобелеўская прэмія 1910.

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970.

Я.Д.Ваальс.

т. 3, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЙНБЕРГ (Weinberg) Стэвен (н. 3.5.1933, Нью-Йорк),

амерыканскі фізік-тэарэтык. Чл. Нацыянальнай АН ЗША (1972). Скончыў Карнельскі ун-т (1954). З 1957 праф. розных ун-таў ЗША, з 1973 — Гарвардскага ун-та. Навук. працы па фізіцы элементарных часціц, тэорыі гравітацыі, касмалогіі. Незалежна ад А.Салама прапанаваў адзіную мадэль слабага і эл.-магн. ўзаемадзеяння (тэорыя Вайнберга—Салама), выказаў гіпотэзу глюонаў. заклаў асновы кіральнай дынамікі — новага кірунку ў тэорыі элементарных часціц. Нобелеўская прэмія 1979.

Тв.:

Гравитация и космология. М., 1975;

Единые теории взаимодействия элементарных частиц // Успехи физ. наук. 1976. Т. 118, вып. 3;

Первые три минуты. М., 1981.

С.Вайнберг.

т. 3, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМ (Dam) Генрык Карл Петэр (21.2.1895, Капенгаген — 17.4.1976),

дацкі біяхімік. Чл. Каралеўскай АН Даніі. Д-р філасофіі (1934), праф. біяхіміі (1941). Скончыў Капенгагенскі політэхн. ін-т (1920). З 1923 у Капенгагенскім ун-це. З 1940 выкладаў у ЗША і Канадзе, з 1942 працаваў у Рачэстэрскім ун-це, з 1946 у Капенгагенскім політэхн. ін-це, у 1956—62 у Дацкім савеце па даследаванні тлушчаў. Навук. працы па біяхіміі стэрынаў і вітамінаў. Вынайшаў вітамін K1 (філахінон). Вызначыў, што адсутнасць вітаміну Е у рацыёне жывёл выклікае мышачную дыстрафію. Нобелеўская прэмія 1943 (разам з Э.А.Дойдзі).

Г.Дам.

т. 6, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)