від спорту, які ўключае комплексы прыёмаў, што выкарыстоўваюцца ў практыцы тушэння пажараў. Спаборніцтвы праводзяцца па 6 асн. відах: пераадоленне паласы перашкод (даўж. 100 м); падыманне па штурмавых драбінах у акно 4-га паверха вучэбнай вежы; устаноўка высоўных драбін і падыманне па іх у акно 3-га паверха вучэбнай вежы; двухбор’е (пераадоленне паласы перашкод і падыманне па штурмавых драбінах); пажарная эстафета з перашкодамі (4 × 100 м); баявое разгортванне. Спаборніцтвы праводзяцца ў асабістым, камандным, асабіста-камандным і кваліфікацыйным заліках у 4 узроставых групах.
П.-п.с. узнік у СССР, першыя спаборніцтвы (пажарнай аховы НКУС) адбыліся ў 1937. З 1960-х г. развіваецца і ў інш. краінах. Першыя міжнар. спаборніцтвы праведзены ў 1968 (С.-Пецярбург).
На Беларусі П.-п.с. развіваецца з 1947. Першыя рэсп. спаборніцтвы праведзены ў 1948 (у закрытых памяшканнях — у 1983, г.Віцебск), першы чэмпіянат рэспублікі — у 1961. Федэрацыя П.-п.с. Беларусі заснавана ў 1998. Вял. ўклад у развіццё П.-п.с. зрабілі засл. трэнеры Беларусі А.С.Новікаў і І.В.Шульга (чэмпіён СССР 1973, 1976). Сярод бел. спартсменаў: чэмпіёны СССР В.Нямілаў (1975—78), А.Грабцоў і В.Забойка (1976).
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Бакінскім палітэхнікуме (1919—20). Першае апавяд. «Лорд Байран» (1928, з Б.Пільняком). Зб-кі «Азіяцкія апавяданні» (1929), «Стамбул і Турцыя» (1930), «Анатолія» (1932) у традыцыях рамант. «усходняй» л-ры. Аўтар раманаў «Барыкады» (1932), «Шчасце» (1947, Дзярж. прэмія СССР 1948), «Рускай аповесці» (1942), кн. «Падарожжа ў Туркменістан» (1932), «Італьянскія ўражанні» (1951), п’ес, артыкулаў, нарысаў, успамінаў і інш. За кінасцэнарыі «Аляксандр Неўскі» (1938, з С.Эйзенштэйнам), «Клятва» (1946), «Падзенне Берліна» (1949) Дзярж. прэміі СССР 1941, 1947, 1950. У нарысах «Капітан Гастэла» (з П.Крыловым; адно з першых паведамленняў у друку пра подзвіг лётчыка на бел. зямлі), «З запісных кніжак ваенных гадоў (Ад Паўночнага Каўказа да Прыбалтыкі, 1942—45)», «Віцебск, 26 чэрвеня», «Што адбылося», «На Барысаў», «Канец адной нямецкай дывізіі», «Па дарогах Беларусі і Літвы», апавяданнях «На шашы», «У наступленні», «Ініцыятыва», «Манеўр» — падзеі, звязаныя з вызваленнем Беларусі ад ням.-фаш. акупантаў. На бел. мове выйшлі яго раман «На Усходзе» (1938) і аповесць «Стэпавае сонца» (1950, пер. М.Лупсякоў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЕПА́РХІЯ,
найстарэйшая хрысціянская епархія на Беларусі. Засн. як адм.-тэр. адзінка Кіеўскай мітраполіі (традыц. дата заснавання 992). Кафедральным храмам стаў Полацкі Сафійскі сабор. У 1511 епархія атрымала статус архіепіскапіі, што сведчыла пра яе высокі духоўны аўтарытэт. У выніку Брэсцкай уніі 1596 стала уніяцкай. У 17 ст. двойчы рабіліся спробы прызначыць на полацкую кафедру правасл. епіскапа. У 1833 епархія адноўлена, у 1839 архірэйскі дом пераведзены ў Віцебск. У 1920-я г. ў сувязі з антырэліг. палітыкай улад царк. жыццё заняпала, у канцы 1930-х г. дзеючых храмаў не было. У 1942 абвешчана аднаўленне епархіі ў складзе Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, аднак у ваен. умовах гэты акт меў фармальны характар. Пасля вайны епіскапы не прызначаліся. У 1989 П.п.е. адноўлена як епархія Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхата, ахоплівала тэр. Віцебскай вобл. У 1992 пасля стварэння Віцебскай епархіі межы П.п.е. звузіліся і ахопліваюць цяпер тэр. Полацкага, Браслаўскага, Верхнядзвінскага, Глыбоцкага, Докшыцкага, Лепельскага, Міёрскага, Пастаўскага, Расонскага, Ушацкага і Шаркаўшчынскага р-наў Віцебскай вобл. На канец 2000 у епархіі было 86 прыходаў, 56 святароў, 5 дыяканаў, Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр (адноўлены ў 1990). З 1995 адноўлена выданне «Полоцких епархиальных ведомостей».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЎКА МАСТА́ЦКАЯ,
выраб рэчаў утылітарна-дэкар. прызначэння шляхам гарачага ці халоднага кавання металу; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Вядома з 4—3-га тыс. да н.э. ў Іране, Месапатаміі, Егіпце; халодная К.м. ў індзейцаў Паўн. і Паўд. Амерыкі да 16 ст.н.э. У перыяд сярэдневякоўя дасягнула росквіту ў Зах. Еўропе (рашоткі для балконаў, дзвярэй, агароджаў, ліхтары, святцы, акаваныя жалезам куфры, дзверы ў касцёлах і інш.). Традыцыі К.м. як сярэдневяковага рамяства захаваліся ў нар. мастацтве Да 19 ст. Сярод твораў 15—19 ст. вылучаюцца каваныя ліхтары, рашоткі, брамы Версаля (Францыя), Пецярбурга, Царскага Сяла (Расія). Шматлікія гарады спецыялізаваліся ў розных галінах кавальства: Герат (Афганістан), Масул (Ірак) — начынне, Дамаск, Мілан (Італія), Аўгсбург (Германія), Астрахань і Тула (Расія) — зброя, Нотынгем (Вялікабрытанія), Золінген (Германія), Паўлава (Расія) — нажы і інструменты. У 19 ст. ручная К.м. выцеснілася штампоўкай і ліццём. Традыцыі К.м. адрадзіліся ў 20 ст. ў творах прафес. мастакоў.
На Беларусі па-мастацку выкаваныя посуд, зброя, прадметы побыту вядомы з 11—12 ст. Росквіту К.м. дасягнула ў 16—17 ст. ў сувязі з арганізацыяй кавальскіх цэхаў (Брэст, Слуцк, Полацк, Віцебск, Магілёў і інш.), дзе выраблялі рэчы утылітарнага і маст. характару — дэкар. ліхтары, падстаўкі пад вазоны, надмагільныя і царк. крыжы «са ззяннем», накладкі на мэблю і дзверы, падсвечнікі і інш. Больш за 160 кавалёў з Беларусі ў 2-й пал. 17 ст. працавалі ў Маскоўскай дзяржаве. У 18 ст. буйнымі цэнтрамі кавальства былі Віцебск, Гродна, Пінск, Мінск, Магілёў, дзе выраблялі балконныя і аконныя рашоткі, агароджы, вароты, надкупальныя крыжы, алтарныя перагародкі, флюгеры, завесы, замкі, дзвярныя ручкі і інш.Асн. від дэкору каваных агароджаў — спалучэнні S- і C-падобных завіткоў, скручванне жалезных прутоў вакол падоўжнай восі, арнаментальныя матывы ў выглядзе разетак, бегункоў, меандру, картушаў. Накладкі на мэблі і дзвярах аздаблялі прасечкай, гравіроўкай, насечкай у выглядзе геам. узораў. У 2-й пал 19 ст. ў сувязі з развіццём прамысловасці К.м. ў гарадах заняпала, але захавала свае традыцыі ў нар. побыце. Сярод майстроў К.м. канца 19 — пач. 20 ст. П.Багрым, С.Манко, А.Уласік і інш. У 2-й пал. 20 ст. як маст. промысел выйшла з ужытку. У наш час К.м. вядома ў творчасці некаторых прафес.бел. мастакоў: А.Зайцава, Б.Казакова, Я.Карманава, С.Ларчанкі, Ю.Любімава, В.Сташчанюка, А.Сурскага і інш.
Літ.:
Сахута Я.М. Народнае мастацтва кавальства. Мн., 1981.
А.І.Сямёнаў.
Да арт.Коўка мастацкая. Люстра работы П.Багрыма з Крошынскага касцёла (Баранавіцкі раён Брэсцкай вобл.). 2-я пал. 19 ст.Да арт.Коўка мастацкая Ю.Любімаў. Камінная рашотка. 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЕЙБО́Л (англ. volley-ball),
камандная спартыўная гульня з мячом. Гуляюць 2 каманды па 6 чал. на пляцоўцы 9 × 18 м, падзеленай на 2 роўныя ч. сеткай (выш. 2,43 м для мужчын і 2,24 м для жанчын). Пасля падачы мяча на пляцоўку саперніка той, скарыстаўшы не больш як 3 удары рукамі па мячы, прычым розных гульцоў, накіроўвае яго над сеткай на процілеглую пляцоўку так, каб мяч апусціўся на зямлю ў межах пляцоўкі ці сапернік у час прыёму мяча парушыў правілы. Гульня складаецца з 3—5 партый, у кожнай з якіх перамагае той, хто першы набярэ 15 ачкоў. Пры ліку 14:14 гульня доўжыцца да перавагі адной з камандаў у 2 ачкі.
Зарадзіўся валейбол у ЗША (1895), пазней пашырыўся ў краінах Усходу (Японія, Кітай), Еўропы. З 1947 дзейнічае Міжнар. федэрацыя валейбола (ФІВБ), з 1948 праводзяцца чэмпіянат Еўропы, з 1949 — свету. У праграме Алімпійскіх гульняў з 1964. У апошнія гады пашырыўся т.зв. пляжны валейбол.
На Беларусі развіваецца з пач. 1920-х г. (Віцебск, Гомель, Мінск). Жаночыя клубы з Мінска займалі 3-е месца ў чэмпіянатах СССР: «Спартак» (1966—67), «Камунальнік» (1986—87), апошні валодаў Кубкам уладальнікаў кубкаў еўрап. краін (1987). Сярод выхаванцаў бел. валейбола чэмпіён Алімпійскіх гульняў (1988), свету (1977) А.Сапега, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў (1988) Ю.Сапега.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ ГУБЕ́РНЯ,
адм.-тэр. адзінка ў 1802—1924 на тэр. сучасных Беларусі, Расіі, Латвіі. Утворана 11.3.1802 у выніку скасавання Беларускай губерні і падзелу яе тэр. на Магілёўскую губерню і Віцебскую губерню. Цэнтр — г.Віцебск. Увайшла ў склад Беларускага генерал-губернатарства. Падзялялася на 12 паветаў: Веліжскі, Віцебскі, Гарадоцкі, Дзвінскі, Дрысенскі, Лепельскі, Люцынскі, Невельскі, Полацкі, Рэжыцкі, Себежскі, Суражскі (скасаваны ў 1866). Паводле перапісу 1897 пл. 386,5 тыс. кв. вёрст, нас. 1489,2 тыс.чал., у т. л. 788 599 чал. беларусаў. Паводле веравызнання: праваслаўных 825 524, католікаў 356 939, іудзеяў 175 586 чал., старавераў 82 968, лютэран 46 139. З 7.11.1917 Віцебская губерня ў складзе Заходняй вобласці РСФСР, у студз.—лют. 1919 у БССР, потым у РСФСР. У сувязі з утварэннем Гомельскай губерні (крас. 1919) у Віцебскую губерню перададзены Сенненскі пав. Магілёўскай губ. (ліп. 1919) і Аршанскі пав. Гомельскай губ. (ліст. 1920). Паводле мірнага дагавора РСФСР з Латвіяй ад 11.8.1920 Дзвінскі, Люцынскі і Рэжыцкі пав. адышлі да Латвіі. У лют. 1923 у сувязі з узбуйненнем паветаў скасаваны Гарадоцкі, Дрысенскі і Сенненскі пав.; Лепельскі пав. перайменаваны ў Бачэйкаўскі. 10.3.1924 у сувязі з узбуйненнем БССР Віцебская губерня скасавана. Аршанскі, Бачэйкаўскі, Віцебскі, Полацкі пав. ўвайшлі ў БССР, а Веліжскі, Невельскі, Себежскі пав. — у Пскоўскую губ. РСФСР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІЯ ПАЎСТА́НЦКІЯ АТРА́ДЫ,
узброеныя фарміраванні ў паветах Віцебскай губ. ў час паўстання 1863—64. Сярод гал. прапагандыстаў і дзеячаў падрыхтоўкі паўстання ў Віцебску былі бел. пісьменнік А.І.Вярыга-Дарэўскі, М.Карафа-Корбут і інш. 25.4.1863 у Дынабургскім пав. выступіла група Л.Плятэра, якая захапіла пад Крэслаўкай транспарт са зброяй, але паўстанцы былі рассеяны; Плятэр па загадзе М.Мураўёва расстраляны ў Дынабургу. У Аршанскім пав. дзейнічаў атрад І.М.Будзіловіча. На Дзісеншчыне быў сфарміраваны паўстанцкі атрад Г.М.Дмахоўскага, які рушыў на Кублічы і Докшыцы, але 26.5.1863 быў разбіты, яго камандзір загінуў. У Лепельскім пав. О.Грабніцкім створаны паўстанцкі атрад, які таксама быў рассеяны. У раёне Бешанковічы—Бачэйкава дзейнічала паўстанцкая група, якая была разбіта, яе кіраўнік Дык сасланы на катаргу. На мяжы Себежскага і Дрысенскага пав. дзейнічаў атрад Б.М.Кульчыцкага, які 6.5.1863 быў разбіты; Кульчыцкі, каб пазбегнуць палону, застрэліўся. Паўстанцы Себежскага, Полацкага, Віцебскага, Веліжскага і Лепельскага пав. меркавалі злучыцца і рушыць на Полацк і Віцебск, а таксама захапіць Дынабург з багатымі арсеналамі зброі. Але гэтыя планы не ажыццявіліся. Паўстанцкія атрады і групы Віцебшчыны гінулі або рассейваліся, не паспеўшы разгарнуць дзейнасць. Сяляне не падтрымалі паўстаўшых. Атрады фарміраваліся пераважна са шляхты, разначынцаў, дробных чыноўнікаў, навучэнцаў. Пасля задушэння паўстання многія ўдзельнікі віцебскіх паўстанцкіх атрадаў былі пакараны ці перайшлі на нелегальнае становішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕШАНКО́ВІЧЫ,
гарадскі пасёлак у Беларусі, цэнтр Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл., прыстань на Зах. Дзвіне. За 51 км ад Віцебска, 38 км ад чыг. ст. Чашнікі на лініі Орша—Лепель. Вузел аўтадарог на Віцебск, Шуміліна, Улу, Лепель, Чашнікі, Сянно. 9,1 тыс.ж. (1995).
У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца пад 1447 (паводле А.П.Сапунова) або 1460 (паводле В.В.Турчыновіча). З пач. 16 ст. вёска Бешанковічы ўваходзіла ў Полацкае ваяв. З пач. 17 ст. мястэчка, з 1634 мелі магдэбургскае права. Са стараж. часоў вядома бешанковіцкая кераміка. З сярэдзіны 18 ст. Бешанковічы — горад, 5—6 тыс.ж. У канцы 18 ст. мястэчка ў Лепельскім пав. Паводле перапісу 1897 у Бешанковічах 4423 ж. У пач. 20 ст. цэнтр воласці. З крас. да вер. 1918 цэнтр Бешанковіцкага пав. З 1924 цэнтр раёна у Віцебскай акр. (да 1930), з 27.9.1938 гар. пасёлак у Віцебскай вобл. 4,3 тыс.ж. (1939). З 6.7.1941 да 25.6.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Бешанковічах і раёне 10 276 чал. У 1969 — 4,7 тыс.ж.
Прадпрыемствы лёгкай і харч. прам-сці. Бешанковіцкі гісторыка-краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: Бешанковіцкі палацава-паркавы ансамбль, Бешанковіцкая Ільінская царква. Курган Славы на ўшанаванне памяці сав. воінаў, партызанаў і землякоў, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Брацкая магіла сав. воінаў, магілы ахвяраў фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДО́К,
горад, цэнтр Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл., на р. Гаражанка. За 30 км ад Віцебска, 2 км ад чыг. ст. Гарадок на лініі Віцебск—Невель. 14,6 тыс.ж. (1995).
У летапісах 2-й пал. 13 ст. ўпамінаецца як «Гарадок каля Полацка» ў сувязі з бітвай паміж палачанамі і літ. войскамі на чале з Мінгайлам, у выніку якой Гарадок быў знішчаны. У 16 ст. ў Гарадку быў замак з 5 вежамі і магутнымі абарончымі валамі. На карце Т.Макоўскага (1613) Гарадок пазначаны як мястэчка Віцебскага ваяв.ВКЛ. У 1650 упамінаецца Ільінская царква. З 1772 у Рас. імперыі, з 1777 цэнтр Гарадоцкага павета, атрымаў статус горада і герб. У 1887 у Гарадку 23 прадпрыемствы, бальніца, царк.-прыходскае вучылішча, рамесная школа. У 1897 — 5023 ж. З 1924 цэнтр Гарадоцкага раёна. У 1939 — 7,3 тыс.ж. У Вял.Айч. вайну з 10.7.1941 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія амаль поўнасцю разбурылі горад, у Гарадку і раёне загубілі 5084 чал. Вызвалены 24.12.1943 войскамі 1-га Прыбалт. фронту ў выніку Гарадоцкай аперацыі 1943. У 1959 было 7,6 тыс., у 1969 — 9 тыс. жыхароў.
Ільнозавод, цэх Полацкага аўтарамонтнага з-да, прадпрыемствы дрэваапр., лёгкай, буд. матэрыялаў, харч. прам-сці. Цэнтр ганчарнага рамяства. Мемар. комплекс на вайсковых могілках, магіла ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБА́РСТВА,
рамяство па вырабе скур для пашыву абутку. На Беларусі сыравінай служылі скуры рагатай жывёлы, зрэдку коней, свіней. Традыц. тэхніка вырабу скур уключала падрыхтоўчыя аперацыі (мачэнне, заленне, мяздрэнне, ачыстка ад шэрсці, абяззольванне, квашанне), дубленне (каб скура стала вільгаценепранікальнай) і апрацоўку (фарбаванне, пакрыццё тлушчам, глянцаванне і інш.). Гатовыя скуры адрозніваліся па гатунках: юхт (скура для верху абутку), падэшвенная, апойка (скура з цяляці-сысунка), саф’ян (мяккая скура з казліных, цялячых, авечых скур), замша (авечая ці аленевая скура без верхняга пласта), лайка (з авечых скур). Гарбарства на Беларусі было пашырана пераважна ў мястэчках і гарадах, а з сярэдзіны 19 ст. і ў вёсках, калі заможныя сяляне пачалі шыць скураны абутак. У канцы 19 — пач. 20 ст. гарбарная вытворчасць развівалася як фабрычна-заводская і саматужная (апошняя пераважала). Тыповымі былі невялікія гарбарні, у якіх працаваў гаспадар з 2—4 рабочымі або членамі сям’і. Найбольш вядомымі цэнтрамі гарбарства былі Гродна, Мір, Ліда, Пружаны, Кобрын, Ашмяны, Смаргонь, Віцебск, Полацк, Лепель, Магілёў, Давыд-Гарадок, Тураў, Слуцк, Мазыр і інш. Высокай якасцю славіліся магілёўскія і мазырскія скуры, якія карысталіся вял. попытам і за межамі Беларусі. У 1920—40-я г. саматужнае гарбарства было забаронена. У 1950-я г. кааператыўна-прамысловыя арцелі рэарганізаваны ў дзярж. прадпрыемствы. Гл. таксама Гарбарная прамысловасць.