ПСАМАФІ́ЛЫ [ад грэч. psammos пясок + ...філ(ы)],
псамабіёнты, экалагічная група жывёл, прыстасаваных да жыцця пераважна ў сыпучых рухомых пясках. Да П. адносяць таксама арганізмы, якія жывуць у паверхневым слоі вільготнага пяску па берагах вадаёмаў вышэй узроўню вады (інфузорыі, калаўроткі, чэрві, лічынкі камароў, крабы і інш.). П. называюць экалагічную групу рыб, якія адкладваюць ікру на пясчанае дно, у вадаёмах трымаюцца месц з пясчаным грунтам.
Асаблівасці П.: здольнасць хутка перамяшчацца (бег, скачкі, палёт) як прыстасаванне да здабычы корму, абароны ад ворагаў і інш.; здольнасць хутка паглыбляцца ў пясок (круглагалоўка, удаўчык пясчаны і інш.); наяўнасць прыстасаванняў для перамяшчэння па рыхлым грунце (рагавыя грабяні на пальцах у круглагалоўкі, аваласенне і рагавыя вырасты на пальцах у танкапальцага сусліка і грэбеняпальцага тушканчыка) або ў яго тоўшчы (членікавыя лапкі тараканаў пясчаных). Сухапутныя П. — ксерафілы з надзвычай эканомным водным абменам і невысокім узроўнем метабалізму. Многія П. зімой і летам упадаюць у спячку або назапашваюць кармы ці робяць сезонныя міграцыі; многія вядуць начны спосаб жыцця.
С.Л.Максімава.
т. 13, с. 99
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
біярэдуцэ́нты
(ад бія- + лац. reducens, -ntis = які вяртае, аднаўляе)
арганізмы, якія мінералізуюць арганічнае рэчыва — раскладаюць яго на больш простыя неарганічныя злучэнні (пераважна грыбы, бактэрыі).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
гематазо́і
(ад гемата- + гр. zoon = асобіна)
аднаклетачныя арганізмы, якія паразітуюць у крыві пазваночных жывёл і чалавека і выклікаюць інфекцыйныя захворванні (малярыю, піраплазму і інш).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
паліфа́гі
(ад палі- + фагі)
арганізмы, якія ў адрозненне ад усёедных жывёл выкарыстоўваюць разнастайны корм пэўнай групы (раслінны, жывёльны ці мяшаны); параўн. пантафагі, манафагі, стэнафагі.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
тэрмафо́бы
(ад тэрма- + -фоб)
арганізмы, якія не развіваюцца пры высокай тэмпературы, напр. многія беспазваночныя і пазваночныя жывёлы, розныя бактэрыі, водарасці, грыбы, імхі, кветкавыя расліны.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
крыяфі́лы
(ад крыя- + -філ)
арганізмы (аднаклетачныя водарасці, некаторыя чэрві і насякомыя), якія жывуць на паверхні лёду і снегу, у вадзе, што прапітвае лёд (параўн. тэрмафілы).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
апабіясфе́ра
(ад апа- + біясфера)
высокія слаі атмасферы (вышэй за 60—80 км), да якіх не падымаюцца жывыя арганізмы, а біягенныя рэчывы трапляюць у нязначнай колькасці.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
біяты́чны
(гр. biotikos = які датычыць жыцця)
які адносіцца да жывых элементаў дадзенага асяроддзя;
б-ыя фактары — сукупнасць уплываў, якія аказвае на арганізмы жыццядзейнасць іншых арганізмаў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ві́русы
(лац. virus = яд)
найдрабнейшыя арганізмы, здольныя пранікаць у пэўныя жывыя клеткі і размнажацца толькі ўнутры гэтых клетак; узбуджальнікі заразных хвароб чалавека, жывёл і раслін.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
мутуалі́зм
(ад лац. mutuus = узаемны)
адзін з відаў сімбіёзу, пры якім арганізмы, якія знаходзяцца ў сужыцці, прыносяць адзін другому карысць (напр. рак-самотнік і актынія).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)