род кветкавых раслін сям. дымніцавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі і Паўн.Амерыцы. На Беларусі 2 інтрадукаваныя віды: Д. цудоўная (D. spectabilis, радзіма — Кітай, Карэя) і прыгожая, або амерыканская (D. formosa, радзіма — Паўн. Амерыка). Вырошчваюць у садах і кветніках. Размнажаюць дзяленнем кустоў і карэнішчаў.
Шматгадовыя травяністыя расліны з прамым разгалінаваным сцяблом і карэнішчам. Лісце трайчаста-раздзельнае, перыстарассечанае або складанае, зялёнае ці шызавата-зялёнае. Кветкі пляскатыя, сэрцападобныя (адсюль бытавая назва расліны — «разбітае сэрца»), пераважна ружовыя або пурпуровыя, у доўгіх аднабаковых гронках. Плод — каробачка. Дэкар. і лек. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯРВІ́ЛА (Diervilla),
род кветкавых раслін сям. бружмелевых. Вельмі блізкі да роду вейгела. 5 відаў. Пашыраны ў Паўн.Амерыцы і Усх. Азіі. На Беларусі 3 інтрадукаваныя віды: Д. бружмелевая (D. lonicera), сядзячалістая (D. sessilifolia) і прырэчная, або ручаёвая (D. rivularis). Вырошчваюцца пераважна ў бат. садах, дэндрарыях і парках. Размнажаюцца насеннем і вегетатыўна.
Лістападныя кусты выш. да 2 м з разгалінаванымі парасткамі і шчыльнай шарападобнай кронай. Лісце простае, супраціўнае, авальна-выцягнутае або падоўжанае, бліскучае, па краі пілаватае. Кветкі двухполыя, няправільныя, зеленавата-жоўтыя, даўж. да 1 см, у гронкападобных або мяцёлчатых суквеццях. Плод — 2-гнездавая каробачка. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКЛАРА́ЦЫЯ НЕЗАЛЕ́ЖНАСЦІ 1776. Прынята 4.7.1776 у г. Філадэльфія 2-м Кантынент. кангрэсам прадстаўнікоў 13 англ. калоній у час вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83. Аўтарам яе праекта быў Т.Джэферсан. Абвясціла аддзяленне калоній ад метраполіі і ўтварэнне новай незалежнай дзяржавы — Злучаных Штатаў Амерыкі, роўнасць усіх каланістаў перад законам і іх неад’емныя правы на «жыццё, свабоду і імкненне да шчасця», прынцып нар. суверэнітэту як аснову дзярж. ладу і інш. Была першай у сусв. гісторыі дэкларацыяй правоў чалавека. Дзень 4 ліпеня з’яўляецца нац. святам ЗША.
Літ.:
Война за независимость и образование США М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРНАСТА́Й (Mustela erminea),
млекакормячая жывёла сям. куніцавых атр. драпежных. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн.Амерыцы. Жыве каля вадаёмаў, на балотах, у лесе, зарасніках кустоў, лесастэпе. На Беларусі нешматлікі від, трапляецца ўсюды (падвід гарнастай сярэднярускі).
Даўж. цела да 38 см, хваста да 12 см, маса да 260 г. Футра кароткае, мяккае, густое. Летам спіна і бакі буравата-рыжыя, брушка белае з лімонна-жоўтым адценнем, зімой — снежна-белыя. Кончык хваста чорны. Корміцца пераважна дробнымі мышападобнымі грызунамі. Гнёзды ў норах, дуплах, ламаччы, пад тарпамі саломы. Нараджае да 18 дзіцянят (у сярэднім 4—8). Каштоўнае футра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖО́РДЖТАЎН (Georgetown),
горад, сталіца Гаяны. Размешчаны пры ўпадзенні р. Дэмерара ў Атлантычны ак. Каля 250 тыс.ж. з прыгарадамі (1994). Марскі порт. Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: цукр., мукамольная, тытунёвая, маргарынавая, піваварная, дрэваапрацоўчая. Ун-т. Музей Гаяны. Бат. сад. Самы вял. ў свеце драўляны сабор (1889—92).
Засн. ў 1781 галандцамі пад назвай Табрак (ці Стабрук), з 1812 сучасная назва. З 1784 цэнтр галандскіх калоній у Паўн.Амерыцы. З пач. 19 ст. пад уладай англічан. У 1831—1966 цэнтр Брытанскай Гвіяны. У 1945 і 1951 знішчаны пажарамі. З 1966 сталіца Гаяны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАРЫЁН (Hipporion),
род вымерлых трохпальцых коней атр. няпарнакапытных. Больш за 50 відаў. Існавалі з верхняга міяцэну да ранняга плейстацэну. Сфарміраваліся ў Паўн.Амерыцы, потым засялілі ўсе мацерыкі, акрамя Паўд. Амерыкі і Аўстраліі. Жылі вял. табунамі (да некалькіх тысяч галоў) на травяністых раўнінах тыпу саваннаў.
Былі памерам з невял. каня (выш. ў карку да 1,5 м). Мелі карэнныя зубы больш нізкія, чым у сучасных коней. Бакавыя пальцы (2-і і 4-ы) невял., маглі шырока рассоўвацца ў бакі. Гіпарыёна змянілі аднапальцыя коні, якія лепш прыстасаваліся да жыцця ў стэпах і рассяліліся з Паўн. Амерыкі на інш. кантыненты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАКСІ́НІЯ (Gloxinia),
род кветкавых раслін сям. геснерыевых. 6 відаў. Пашыраны ў Амерыцы ад Мексікі да Бразіліі. Пад назвай глаксінія ў кветкаводстве больш вядомая група гібрыдаў, атрыманых ад відаў блізкага роду сінінгія (Siningia). На Беларусі іх часта вырошчваюць у пакоях і аранжарэях.
Шматгадовыя травяністыя расліны з пакарочаным сцяблом і клубнямі. Лісце эліпсападобнае, чаранковае, цёмна-зялёнае, апушанае, сабранае ў разетку. Кветкі буйныя, яркія, званочкавыя, разнастайныя па колеры. Цвіце ў маі—верасні (за сезон на адной расліне ўтвараецца да 50—100 кветак). Плод — шматнасенная каробачка. Прыгожаквітучыя дэкар. расліны. Размнажаюцца насеннем, сцябловымі і ліставымі чаранкамі, дзяленнем клубняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАСЦЁР (Rhamnus),
род кветкавых раслін сям. крушынавых. Больш за 140 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы і Паўн.Амерыцы. На Беларусі 1 дзікарослы барэальны еўрапейскі від — Ж. слабіцельны (Rh. cathartica), расце на схілах рачных тэрас, у лясах, сярод хмызнякоў, і 18 інтрадукаваных: Ж. фарбавальны (Rh. tinctona), Ж. вальховалісты (Rh. alnifolia), Ж. дыяментавы (Rh. diamantiaca), Ж. усурыйскі (Rh. ussuriensis) і інш.
Кусты і невял. дрэвы, часта з калючымі галінкамі і пупышкамі, укрытымі лускавінкамі. Лісце супраціўнае, шчыльнае, яйцападобнае з травяністымі прылісткамі. Кветкі малапрыкметныя, жаўтавата-зялёныя вузказваночкавыя. Плод — сакаўная касцянка. Лек., дэкар., фарбавальныя, дубільныя расліны, меданосы. Выкарыстоўваюцца ў азеляненні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖО́ЎЦЕВЫ ГРЫБ, воўчы грыб (Tylopilus felleus),
шапкавы базідыяльны грыб сям. балетавых. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн.Амерыцы. На Беларусі расце ў лясах. Вельмі падобны да баравіка, адрозніваецца ружовым колерам гіменафора і горкім смакам мякаці. Неядомы. можа выклікаць атручэнне. Выкарыстоўваецца як жаўцягонны сродак (адсюль назва).
Шапка дыям. 3—8 см, пукатая, сухая, бураватая або бурая. Мякаць мяккая, белая, на зломе ружовая, без асаблівага паху. Гіменафор прырослы або выемчаты, трубачкі белыя, потым брудна-шаравата-ружовыя. Ножка падоўжана-клубнепадобная або цыліндрычная, суцэльная, уверсе з яўна бачным чорна-бурым сеткавым малюнкам. Споры верацёнападобнападоўжаныя, гладкія, светла-ружавата-бураватыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЙЦЫ́ (Lepus),
род млекакормячых сям. зайцавых атр. зайцападобных. Каля 23 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн.Амерыцы і Афрыцы. Найб. вядомыя З.: бяляк (L. timidus), русак (L. europaeus), талай (L. tolai). На Беларусі 2 віды: бяляк і русак.
Даўж. да 75 см, маса да 7 кг. Заднія канечнасці звычайна значна даўжэйшыя за пярэднія. Вушы доўгія, хвост кароткі. Размнажаюцца да 5 разоў за год. Дзіцяняты (2—8) нараджаюцца відушчыя, укрытыя поўсцю, здольныя адразу бегаць. Кормяцца травяністай расліннасцю, карой, пупышкамі, галінкамі дрэў і кустоў, сенам і інш. Аб’екты палявання.
Зайцы: 1 — бяляк, 2 — русак, 3 — талай (а — летам; б — зімой).