Кірха́ць ’пець пісклявым голасам (пра маладых пеўнікаў)’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. літ. kirkauti ’тс’ (там жа, 465). Такім чынам, існуе імавернасць балтыйскага паходжання слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вероя́тие ср., уст. імаве́рнасць, -ці ж.; (правдоподобие) праўдападо́бнасць, -ці ж.;

сверх вся́кого вероя́тия напо́перак (насу́перак) імаве́рнасці;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

АДБО́РУ ПРА́ВІЛЫ ў фізіцы,

умовы, што вызначаюць магчымасць пераходу квантавых сістэм (ядраў, атамаў, малекул і інш.) з пачатковага стану ў канчатковы пры фіз. працэсах, звязаных з выпрамяненнем і паглынаннем энергіі.

Адбору правілы выражаюць выкананне пэўных захавання законаў у дадзеным працэсе і фармулююцца ў выглядзе суадносін паміж квантавымі лікамі. Аснова тэарэт. вызначэння адбору правілаў — патрабаванне адрознення ад нуля імавернасці пераходу паміж пач. і канчатковым станамі сістэмы, напр., імавернасць дыпольных пераходаў, звязаных з выпрамяненнем святла атамам, адрозніваецца ад нуля пры змене квантавых лікаў; ΔL = ±1, Δs = 0, ΔI = 0 або ±1 (за выключэннем, калі I = 0 у пач. і канчатковым станах), дзе I, L і s — адпаведна квантавыя лікі поўнага моманту імпульсу электроннай абалонкі, арбітальнага моманту і агульнага спінавага моманту электронаў. Пераходы, якія падпарадкоўваюцца адбору правілам дыпольнага выпрамянення, наз. дазволенымі, у адваротным выпадку — забароненымі (іх імавернасць у атамах вельмі малая). Адпаведныя адбору правілы існуюць у ядз. спектраскапіі і фізіцы элементарных часціц.

Л.​М.​Тамільчык.

т. 1, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Wahrschéinlichkeit f - вераго́днасць, праўдападо́бнасць, імаве́рнасць;

áller ~ nach па ўсёй вераго́днасці [імаве́рнасці]

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

СТАТЫСТЫ́ЧНАЯ ВАГА́ ў квантавай механіцы,

кратнасць выраджэння ўзроўню энергіі. С.в. ў квантавай статыстыцы — колькасць квантавых станаў фіз. сістэмы з пэўнай энергіяй (ці з энергіяй у дадзеным вузкім інтэрвале, калі яна мае неперарыўныя значэнні). С.в. ў класічнай статыстыцы — значэнне элемента аб’ёму ў фазавай прасторы для макраскапічнай фіз. сістэмы. С.в. ў тэрмадынаміцы — тое, што імавернасць тэрмадынамічная.

т. 15, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭФЕКТЫ́ЎНАЕ СЯЧЭ́ННЕ ў квантавай механіцы,

фізічная велічыня, якая характарызуе імавернасць пераходу сістэмы з 2 часціц пры іх рассеянні ў пэўны канечны стан (гл. Рассеянне мікрачасціц). Роўнае адносінам ліку такіх пераходаў за адзінку часу да ліку часціц, якія праходзяць за адзінку часу праз адзінкавую пляцоўку, перпендыкулярную да іх вектара скорасці. Гл. таксама Сячэнне.

т. 18, кн. 1, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНФАРМА́ЦЫІ ТЭО́РЫЯ,

раздзел кібернетыкі, які вывучае працэсы захоўвання, пераўтварэння і перадачы інфармацыі. У І.т. выкарыстоўваюцца метады тэорый імавернасцей, лікаў, графаў, гульняў, матэм. статыстыкі, алгебры. Інтэнсіўнае развіццё абумоўлена патрэбамі сродкаў сувязі, электроннай выліч. і кіравальнай тэхнікі, радыёлакацыі і інш.

Узнікла ў канцы 1940-х г. на аснове прац амер. матэматыка К.​Шэнана; значны ўклад у яе абгрунтаванне зрабілі сав. вучоныя А.​М.​Калмагораў, А.​Я.​Хінчын, А.​А.​Харкевіч. Асн. частка І.т. — агульная тэорыя сувязі, якая распрацоўвае эфектыўныя метады перадачы інфармацыі па лініях сувязі, вывучае праблемы аптымальнага кадзіравання і фільтрацыі інфармацыі, выяўлення і прадказання сігналаў. І.т. зыходзіць з таго, што сігналы (паведамленні) паступаюць ад крыніцы ў выпадковай паслядоўнасці, маюць пэўную імавернасць, а таксама імавернасць таго, што паведамленні могуць скажацца ў час перадачы. У якасці меры такой неазначальнасці прымаецца сярэдняя колькасць двайковых знакаў, неабходная для запісу адвольнага паведамлення дадзенай крыніцы самым эканомным спосабам кадзіравання Гэтая мера не меншая за энтрапію мноства паведамленняў H = ∑ i = 1 n pi log2 ( 1 pi ) , дзе n — колькасць паведамленняў, Pi — імавернасць з’яўлення асобнага паведамлення. Колькасць інфармацыі ў паведамленні X адносна паведамлення Y вызначаецца суадносінамі I(X, Y) = H(X) + Y(Y) − H(X, Y), дзе H(X, Y) — энтрапія пары (X, Y). Скорасць V перадачы інфармацыі па канале сувязі не перавышае велічыні, вызначанай з суадносін Hv = C, дзе H — энтрапія крыніцы на сімвал, C — прапускная здольнасць дадзенага канала.

На Беларусі даследаванні па І.т. праводзяцца з 1960-х г. у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, БДУ, Бел. дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.

Літ.:

Шеннон К. Работы по теории информации и кибернетике: Пер. с англ. М., 1963;

Дивногорцев Г.П., Караченцева Н.Я., Яшин В.М. Передача данных в сетях вычислительных центров. Мн., 1971;

Липницкий С.Ф., Ярмош Н.А. Моделирование интеллектуальных процессов в инженерных информационных системах. Мн., 1996.

М.​А.​Ярмаш.

т. 7, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЛЬЦМАНА ПРЫ́НЦЫП,

фізічны прынцып, які ўстанаўлівае сувязь паміж энтрапіяй сістэмы і яе імавернасцю тэрмадынамічнай. Паводле Больцмана прынцып S = k lnW, дзе S — энтрапія і W — тэрмадынамічная імавернасць сістэмы, k — Больцмана пастаянная. Устаноўлены Л.Больцманам у 1872. На аснове Больцмана прынцыпу тлумачыцца стат. характар другога закону тэрмадынамікі: рэальныя працэсы пераводзяць тэрмадынамічную сістэму ў раўнаважны (найб. імаверны) стан, для якога значэнні S і W максімальныя.

т. 3, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАСТАТА́ ў тэорыі імавернасцей,

адносіны m/n ліку m паяўленняў некаторай падзеі ў дадзенай паслядоўнасці выпрабаванняў да агульнага ліку выпрабаванняў n. Калі выпрабаванні незалежныя і існуе пэўная імавернасць p паяўлення дадзенай падзеі ў асобным выпрабаванні, то паводле вялікіх лікаў закону Ч. гэтай падзеі набліжаецца да p пры неабмежаваным павелічэнні ліку выпрабаванняў. У матэм. статыстыцы Ч. наз. лік элементаў, выбраных з дадзенай сукупнасці па пэўнай прыкмеце.

т. 17, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫПАДКО́ВАЯ ПАДЗЕ́Я ў тэорыі імавернасцей,

падзея, якая пры выкананні пэўных умоў (правядзенні выпрабавання) можа як адбыцца, так і не адбыцца і для якой існуе пэўная імавернасць яе наступлення. Наяўнасць у выпадковай падзеі A пэўнай імавернасці p (0 ≤ p ≤ 1) тлумачыцца паводзінамі яе частаты: калі названае выпрабаванне ажыццяўляецца n разоў, а A з’яўляецца пры гэтым m разоў, то пры вялікіх n частата mn аказваецца блізкая да p. Гл. таксама Імавернасцей тэорыя.

т. 4, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)