КІЛІМАНДЖА́РА (Kilimanjaro),

вулканічны масіў ва Усх. Афрыцы, на ПнУ Танзаніі. Утвораны з трох конусаў патухлых вулканаў, якія зліліся: Кіба (выш. 5895 м, найвыш. пункт мацерыка), Мавензі і Шыра. Складзены пераважна з трахібазальтаў і фаналітаў. Кіба з актыўнай сальфатарнай дзейнасцю. На схілах саванны, горныя лясы, плантацыі кавы і бананаў, на вяршыні шматгадовыя снягі і ледавікі. Нац. парк Кіліманджара, уключаны ЮНЕСКА у Спіс сусв. спадчыны, утварае ч. рэзервата К.

т. 8, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ГА-АРХЕНЦІ́НА (Lago Aigentino),

Архенціна, возера ў Аргенціне, каля ўсх. падножжа Андаў, на выш. 187 м. Пл. 1400 км². Глыб. каля 300 м. Ледавіковага паходжання. Падпруджана марэнамі. На З да фіёрдападобных заліваў спускаюцца ледавікі. Упадае р. Леона (сцёк з воз. В’едма), выцякае р. Санта-Крус (упадае ў Атлантычны ак.). Зах. берагі возера ўваходзяць у нац. парк Лос-Гласьярэс, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

т. 9, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУАПЕ́ХУ (Ruapehu),

дзеючы вулкан у цэнтр. ч. Паўночнага в-ва Новай Зеландыі. Самая высокая вяршыня на Вулканічным плато, выш. 2796 м. Уяўляе сабой усечаны конус, складзены з андэзітаў. Мае 2 кратэры, адзін з іх запоўнены гарачай вадой, якая часам закіпае. На схілах лясы з чырв. буку і хмызнякі, вышэй за 1700—2000 м снягі, ледавікі. Уваходзіць у нац. парк Тангарыра, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

т. 13, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕРФЮ́С ((Zehrfuss) Бернар) (н. 20.10.1911, г. Анжэ, Францыя),

французскі архітэктар. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы. Зазнаў уплывы А.Перэ і Ш.Э.Ле Карбюзье. Адзін з прадаўжальнікаў функцыяналізму 1920—30-х г. Пабудовы З.: у Парыжы — будынак ЮНЕСКА (1953—57), Нац. цэнтр прам-сці і тэхнікі (1958, абодва ў сааўт.); з-ды «Рэно» (1953, Флен, Іль-дэ-Франс); шматлікія грамадскія і жылыя збудаванні ў Парыжы, Гаўры, Туры, Тунісе і Алжыры.

т. 7, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІГУАСУ́ (Iguaçu),

вадаспад на р. Ігуасу, на мяжы Аргенціны і Бразіліі, за 26 км ад месца ўпадзення яе ў р. Парана. Выш. 72 м, шыр. 2700 м. Вада спадае ў цясніну з 2 стромкіх базальтавых прыступак 275 струменямі, якія падзелены скалістымі астравамі. Сярэдні расход вады каля 1200 м³/с. Аднайменныя нац. паркі ў Аргенціне і Бразіліі (уключаны ЮНЕСКА у Спіс сусветнай спадчыны). Турызм. Адкрыты ў 1892 пад назвай Санта-Марыя.

т. 7, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКА́РАЎ (Уладзімір Васілевіч) (н. 21.11.1928, г. Цвер, Расія),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1973), праф. (1974). Скончыў Калінінскі пед. ін-т (1949). З 1964 працуе ў Мінскім лінгвістычным ун-це (у 1964—70 прарэктар, у 1990—95 рэктар). Аўтар прац па раманскім мовазнаўстве, франц. культуры: «Праблемы лексіка-семантычнай дыферэнцыяцыі раманскіх моў» (1972), «Аўтографы лёсу» (1993). У 1978—84 Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА).

т. 9, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕСКЕ́ВІЧ (Валерый Георгіевіч) (н. 19.8.1951, г. Брэст),

бел. архітэктар. Скончыў Брэсцкі інж.-буд. ін-т (1973). Працаваў у Гродзенскім філіяле ін-та «Белкалгаспраект», з 1974 у ін-це «Брэстграмадзянпраект» (з 1986 гал. архітэктар праектаў). Асн. работы (усе ў Брэсце): комплекс гаражоў (1978), будынак выд-ва газ. «Зара» (1984), жылы дом на бульвары Касманаўтаў (1985), Брэсцкі аэравакзал (1986, Дзярж. прэмія Беларусі 1988) — усе ў сааўт. Прэмія міжнар. конкурса ЮНЕСКА і Міжнар. саюза архітэктараў «Жыллё — заўтра» (1984).

т. 8, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́РГАС (Burgos),

горад на Пн Іспаніі, у аўт. вобл. Кастылія-Леон. Адм. ц. правінцыі Бургас. Засн. каля 856. 164 тыс. ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтамаб. дарог, гандл. цэнтр. Тэкст. (пераважна шарсцяная), харч., мэблевая прам-сць; вытв-сць сінт. валокнаў; металаапр., цэлюлозна-папяровыя прадпрыемствы. Атамная электрастанцыя. Турызм. Архіепіскапства. Арх. помнікі, у т. л. гатычны сабор 13—16 ст. (б. мячэць; занесена ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны); замак. Кірмаш і святы св. Пятра (чэрвень).

Саборы 13—16 ст. у Бургасе.

т. 3, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАА́ГСКАЯ АКАДЭ́МІЯ МІЖНАРО́ДНАГА ПРА́ВА,

няўрадавая ўстанова па вывучэнні міжнар. права і міжнар. адносін. Засн. ў 1923 у г. Гаага на сродкі і пад эгідай Фонду Карнегі. Ажыццяўляе навук. даследаванні па міжнар. прыватным і публічным праве, садзейнічае паляпшэнню ўзаемаразумення паміж юрыстамі і юрыд. арг-цыямі розных краін. Штогод у летнія месяцы ў акадэміі чытаюць лекцыі (на англ. і франц. мовах) вядучыя юрысты-міжнароднікі з розных краін свету. Мае кансультатыўны статус пры ЮНЕСКА. З 1923 выдае зборнікі лекцый.

т. 4, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́МАНТАВА ПЯЧО́РА (Mammoth Cave),

у заходніх перадгор’ях Апалачаў, у ЗША (штат Кентукі), каля г. Луісвіл; адна з буйнейшых карставых пячор свету. Складаная 5-ярусная сістэма поласцей у тоўшчы вапнякоў, якія залягаюць гарызантальна. Глыб. каля 300 м. Агульная даўж. поласцей 74 км, 225 праходаў, 47 высокіх купалаў, 23 глыбокія ямы (шахты). Падземныя рэкі звязаны з сістэмай р. Грын-Рывер. М.п. злучана з суседняй пячорай Флінт-Рыдж (іх агульная даўж. 500 км). Турызм. Нац. парк, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

т. 10, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)