БІБРА́КТА (Bibracte),

галоўны горад стараж. племя эдуяў (цяпер гарадзішча Мон-Бёўрэ за 27 км ад г. Ацён, Францыя). Пл. каля 135 га, умацаваны валам, сцяной з каменю і дрэва, ровам. Раскопкамі выяўлены каменныя падмуркі жытлаў, майстэрняў, багатых віл. Знойдзена шмат керамікі, а таксама позналатэнскія фібулы, манеты, зброя і інш. У 58 да н. э. Юлій Цэзар разбіў тут кельцкае племя гельветаў. Каля 5 да н. э. насельніцтва горада перасялілася ў г. Аўгустадун (цяпер Ацён), у Бібракце да 4 ст. н. э. заставалася яшчэ свяцілішча мясц. багіні.

А.​В.​Іоў.

т. 3, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́ДРА ((Vydra) Вацлаў) (29.4.1876, г. Пльзень, Чэхія — 13.4.1953),

чэшскі акцёр. Нар. арт. Чэхаславакіі (1946). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1893. У 1907—22 у Гарадскім т-ры ў Пльзене, потым у Празе, у Гарадскім т-ры на Вінаградах, з 1922 у Нац. т-ры (у 1945—49 маст. кіраўнік). Сцэн. вобразы, створаныя Выдрам, адметныя майстэрствам псіхал. аналізу, тэмпераментам: Атэла, Кароль Лір, Юлій Цэзар (аднайм. п’есы У.​Шэкспіра), Геро, Войнар («Геро», «Войнарка» А.​Ірасека), Ранк («Нора» Г.​Ібсена) і інш. Аўтар кніг «Прашу слова» (1954) і «Мае падарожжы ў жыцці і мастацтве» (4-е выд., 1976).

т. 4, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІПА́РСКІ ((Kiparsky) Валянцін Юлій Аляксандр) (4.7.1904, С.-Пецярбург — 15.5.1983),

фінскі філолаг-славіст, балтыст, германіст. Акад. Фінскай АН (1977). Скончыў Хельсінкскі ун-т (1929), вучыўся ў Празе. У 1947—63 праф. Хельсінкскага, Індыянскага (г. Блумінгтан, ЗША), Бірмінгемскага (Вялікабрытанія), Вольнага (Берлін) ун-таў. Аўтар манаграфій: «Агульнаславянскія запазычаныя словы з германскіх моў» (1934), «Чужое ў мове балтыйскіх немцаў» (1936), «Курскае пытанне» (1939; пра мёртвы балт. дыялект), «Фінляндыя ў рускай літаратуры» (1943), «Поўнач у рускай літаратуры» (1947), «Англійскія і амерыканскія тыпы ў рускай літаратуры» (1964), «Руская гістарычная граматыка» (т. 1—3, 1963—75), артыкулаў па пытаннях этымалогіі.

А.​Я.​Супрун.

т. 8, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫКТА́ТАР (лац. dictator ад dicto дыктую, прадпісваю),

1) у лац. гарадах стараж. Італіі штогадова абраны правіцель, які меў неабмежаваную ўладу, у т. л. кіраўнік Лацінскага саюза.

2) У Стараж. Рыме перыяду Рэспублікі (5—2-я пал. 1 ст. да н.э.) надзвычайная службовая асоба (магістрат) з неабмежаванымі грамадскімі і вайск. паўнамоцтвамі, якая прызначалася консуламі паводле рашэння сената ў выключных выпадках (унутр. беспарадкі, ваен. небяспека) максімальна на 6 месяцаў. У 2—1 ст. да н.э. былі выпадкі бестэрміновай дыктатуры (Карнелій Сула, Юлій Цэзар). Пасада скасавана ў 44 да н.э. Маркам Антоніем.

3) Носьбіт дзярж. улады ў краінах з недэмакр. (аўтарытарным бо таталітарным) праўленнем (гл. Дыктатура).

т. 6, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́ЛГУД ((Gielgud) Джон Артур) (н. 14.4.1904, Лондан),

англійскі акцёр і рэжысёр. Тэатр. адукацыю атрымаў у Каралеўскай акадэміі драм. мастацтва. З 1921 у т-рах «Олд Вік», Шэкспіраўскім мемарыяльным і інш. Асабліва вядомы па шэкспіраўскім рэпертуары (таксама і як рэжысёр): Гамлет, Кароль Лір, Рычард III, Юлій Цэзар (аднайм. п’есы; дзве апошнія ролі і ў кіно), Бенядзікт («Многа шуму з нічога») і інш. Значнымі ў яго творчасці былі ролі ў п’есах А.​Чэхава, Г.​Грына, Э.​Олбі і інш. Інсцэніраваў «Злачынства і пакаранне» Ф.​Дастаеўскага (1946, выканаў ролю Раскольнікава). З 1932 у кіно: «Сакрэтны агент», «Забойства ва Усходнім экспрэсе», «Дырыжор», «Гандзі», «На паляванні» і інш.

т. 5, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЧА́ЛАЎ (сапр. Шверубовіч) Васіль Іванавіч

(11.2.1875, Вільня — 30.9.1948),

расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1936). Беларус па паходжанні. З 1900 у трупе МХАТа. Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Мастацтва К. вызначалася глыбокім трагізмам, майстэрствам пераўвасаблення, псіхал. і жыццёваю дакладнасцю. Сярод лепшых роляў: Трафімаў, Тузенбах («Вішнёвы сад», «Тры сястры» А.​Чэхава), Барон, Захар Бардзін («На дне», «Ворагі» М.​Горкага), Чацкі («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Гамлет, Юлій Цэзар (аднайм. п’есы У.​Шэкспіра), Іван Карамазаў («Браты Карамазавы» паводле Ф.​Дастаеўскага), Вяршынін («Браняпоезд 14—69» У.​Іванава). Майстар маст. слова. Стварыў жанр эстр. выканання драм. твораў, т. зв. мантажы, дзе выканаў некалькі роляў. Дзярж. прэмія СССР 1943.

В.І.Качалаў.

т. 8, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́НАГ ((Vanags) Юлій Пятровіч) (8.7.1903, в. Медню Екабпілскага р-на, Латвія — 12.10.1986),

латышскі пісьменнік. Засл. дз. культуры Латвіі (1953). Засл. работнік культуры Беларусі (1979). У 1954—65 сакратар праўлення СП Латвіі. Друкаваўся з 1927. Аўтар зб-каў вершаў і паэм «У варотах сонца» (1946), «Горкія кветкі» (1960), «Паэзія» (1973), «Успомні, маладосць мая» (1976), п’ес «Сустрэча на беразе» (1948), «Караблі выходзяць у мора» (1955) і інш. На лат. мову пераклаў творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, А.​Адамовіча, Я.​Брыля, І.​Мележа, І.​Шамякіна, А.​Якімовіча. Творы Ванага на бел. мову перакладалі Я.​Брыль, В.​Вітка, П.​Галубцова, Х.​Жычка. Літ. прэмія імя А.​Фадзеева 1980.

Тв.:

Бел. пер. — Вялікія справы маленькага Мікіня. Мн., 1957.

Ю.П.Ванаг.

т. 3, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́ПІЛ ((Kvapil) Яраслаў) (25.9.1868, Худзеніцы каля г. Клатаві, Чэхія — 10.1.1950),

чэшскі пісьменнік і рэжысёр. Нар. арт. Чэхіі (1940). Скончыў Карлаў ун-т у Празе. У 1900—21 і з 1929 рэжысёр і кіраўнік драм. трупы Нац. т-ра ў Празе, у 1921—28 маст. кіраўнік Дзярж. т-ра на Вінаградах. Аўтар п’ес: «Змрок» (1895), «Вандроўны агеньчык» (1896), «Казка пра прынцэсу Дзьмухавец» (1899), «Аблокі» (1903), «Сірата» (1906), «Андэрсен» (1914) і інш. Сярод пастановак: «Фауст» І.​В.​Гётэ, «Валенштэйн» Ф.​Шылера, «Атэла», «Сон у летнюю ноч», «Макбет», «Гамлет», «Юлій Цэзар» і інш. У.​Шэкспіра, «Вайнарка», «Бацька», «Ліхтар», «Ян Гус» А.​Ірасека і інш. Аўтар лібрэта да опер А.​Дворжака і інш. Перакладаў асобныя п’есы Г.​Ібсена.

т. 8, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБІКО́Н (лац. Rubico),

рака, якая сцякала са схілаў Апенін і ўпадала ў Адрыятычнае м. на Пн ад г. Арымін (цяпер г. Рыміні). Да 42 да н.э. па Р. праходзіла мяжа паміж Італіяй і рым. правінцыяй Цызальпінская Галія. Атрымала вядомасць пасля таго, як 10.1.49 да н.э. Юлій Цэзар насуперак закону (як праконсул мог узначальваць войска толькі па-за межамі Італіі) перайшоў цераз Р. і пачаў гэтым грамадз. вайну. Адсюль крылаты выраз «перайсці Р.» — прыняць беспаваротнае рашэнне. Дакладная ідэнтыфікацыя Р. з якой-н. з сучасных рэчак ускладнена тым, што з часоў антычнасці напрамкі цячэння рэк у гэтай мясцовасці значна змяніліся. У 1932 р. Ф’юмічына афіц. атрымала назву Рубікон.

А.​Г.​Зельскі.

т. 13, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́СЕН (Юлій Ісідаравіч) (Іуда Ізраілевіч; 20.3.1871, г. Адэса, Украіна — 22.8.1939),

гісторык. Д-р гіст. н. (1939). Да 1917 займаўся гісторыяй яўрэяў у Рас. імперыі, у т. л. гісторыяй яўрэяў на Беларусі. Адзін з ініцыятараў стварэння «Яўрэйскай энцыклапедыі» на рус. мове (т. 1—16, 1908—13), у якой узначальваў аддзел «Яўрэі ў Расіі з 1772» і быў аўтарам многіх артыкулаў. Пасля 1917 пераважна даследаваў гісторыю рас. рабочага класа. З 1921 пад яго рэдакцыяй у Ленінградзе выдаваўся «Архіў гісторыі працы ў Расіі», «Рускае мінулае», у 1925 — «Хрэстаматыя па гісторыі рабочага класа ў Расіі». З 1930 рэдактар «Вестника АН СССР».

Тв.:

История еврейского народа в России. Т. 1—2. 2 изд. Л., 1925—27;

История горнорабочих СССР. Т. 1—2. Л., 1926—29.

т. 5, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)