ФІЛІГРА́НЬ (італьян. filigrana ад лац. filum нітка+granum зерне),

1) скань, від ювелірнай тэхнікі; ювелірны выраб з тонкага залатога, сярэбранага ці меднага дроту. Бывае ажурная і фонавая (напайная). Ажурная Ф. (плоская і аб’ёмная) складаецца са спаяных паміж сабой драцяных элементаў; фонавая бывае глухая (напайванне ўзору на ліставы метал) і прасечная (высячэнне ці выпілоўванне фону пасля прыпайвання ўзору). Часта спалучаецца з чаканкай, зярненнем, эмалямі. Вядома са старажытнасці ў краінах Усходу, Еўропы, Сярэдняй Азіі, у Расіі з 12 ст. На Беларусі тэхніка Ф. вядома з 11—13 ст. (выраб лунніц, колтаў, пярсцёнкаў, бранзалетаў, скроневых кольцаў і інш.). Пашырылася ў 16—18 ст. У 17 ст. бел. майстры працавалі ў Сярэбранай і Аружэйнай палатах Маскоўскага Крамля, дзе ў тэхніцы Ф. выраблялі царк. начынне, посуд, ювелірныя ўпрыгожанні. У тэхніцы Ф. вядомы вырабы В.​Калістратава, А.​Карніенкі, Ю.​Любімава, Р.​Навіцкага, Г.​Наркевіча і інш. майстроў ф-к маст. вырабаў.

2) Накладныя метал. аздобы пераплёту кнігі.

3) Тое, што вадзяныя знакі.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Філігрань. Залатое ўпрыгожанне адзення. Кветка лотаса. Сярэдняя Азія. 13—14 ст.

т. 16, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮВЕЛІ́РНАЕ МАСТА́ЦТВА (ад ням. Juwel ці галандскага juweel каштоўны камень),

выраб мастацкіх рэчаў (упрыгожанняў, прадметаў побыту, культу, зброі і інш.) з каштоўных і інш. каляровых металаў у спалучэнні з каштоўнымі і паўкаштоўнымі камянямі, жэмчугам, бурштынам, косцю, перламутрам, шклом і інш.; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У Ю.м. выкарыстоўваюць розныя тэхнікі, ручныя і мех. спосабы апрацоўкі: коўку мастацкую і ліццё мастацкае, чаканку, гравіраванне, чарненне, філігрань, эмалі, разьбу мастацкую, зернь, інкрустацыю, траўленне, паліраванне, штампаванне, вальцоўку і інш.

Найб. стараж. вырабы Ю.м. вядомы з 3-га тыс. да н.э. ў Стараж. Егіпце. Двухрэччы, Індыі. краінах эгейскай культуры. З 14—12 ст. да н.э. Ю.м. развівалася ў Стараж. Кітаі, краінах Стараж. Амерыкі. Японіі. на Б. Усходзе. з 5—4 ст. да н.э. ў Стараж. Грэцыі, з 1 ст. да н.э. — 5 ст. н.э. ў Стараж. Рыме. У раннім еўрап. сярэдневякоўі выдатныя творы Ю.м. вырабляліся ў Візантыі, асабліва вылучаліся прадметы культу. 15—16 ст. — час росквіту італьян., 16—17 ст. — ням., 17—19 ст. — франц. Ю.м. Выдатныя маст. якасці вылучаюць залатыя ўпрыгожанні і маст. пасудзіны скіфаў і сарматаў (Паўн. Прычарнамор’е. Прыкубанне. Ніжняе Паволжа). Высокім майстэрствам славіліся ювеліры Кіеўскай Русі (залатыя вырабы з перагародчатай эмаллю. чаканеныя аклады абразоў). У 16 ст. агульнарус. цэнтрам Ю.м. стала Масква. у 18 ст. — Пецярбург. З сярэдзіны 19 ст. пачаўся масавы механізаваны выпуск ювелірных вырабаў. У Ю.м. 20 ст. з’явіліся новыя матэрыялы, творчыя кірункі сталі больш разнастайныя. Побач з арнаментамі, якія імітуюць розныя гіст. стылі. у сярэдзіне 20 ст. сустракаюцца вобразныя вырашэнні, звязаныя з праблематыкай сучаснай культуры (напр., касм. тэма). Вытокі сучаснай арнаментыкі Ю.м. — у сімволіцы язычніцкіх вераванняў, калі магічны змест выяў крыжа, круга, кола, разетак, зорак. надаваў прадметам значэнне засцерагальнікаў. У многіх ювелірных вырабах адлюстроўвалася шанаванне жывёл. Паступова язычніцкая сімволіка была выцеснена геам., расл., тэраталагічным арнаментамі. У сучасным Ю.м. зацвердзіўся кірунак, звязаны з выкарыстаннем дызайнерскіх форм, дзе адсутнічае арнамент. Ювелірныя ўпрыгожанні вырабляюць на ювелірных фабрыках, ствараюць асобныя мастакі.

На Беларусі першыя вырабы з каляровых металаў вядомы з пач. бронзавага веку (мяжа 3-га і 2-га тыс. да н.э.): бранзалеты, дыядэмы, акулярападобныя прывескі, скроневыя кольцы, грыўні і інш. З сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. ў Ю.м. выкарыстоўвалі ліццё, коўку з дроту і спец. загатовак, чаканку і інш. У канцы 1-га тыс. да н.э. з’явіліся фібулы з мясц. арнаментам — плоскім трохвугольным шчытком, у пач. 1-га тыс. — новыя тыпы бранзалетаў і пярсцёнкаў, накладкі для шчытоў, завушніцы, вырабы з выемчатымі эмалямі — лунніцы (гл. Абідзенскія эмалі), ажурныя фібулы, паясы. З 6—8 ст. выраблялі ўпрыгожанні з серабра, арнаментаваныя несапраўднай зерню. У дэкоры пераважаў геам. арнамент. Развіццё Ю.м. ў 9—13 ст. звязана з узнікненнем гарадоў, работай ювелірных майстэрняў у Мінску, Полацку, Навагрудку, Гродне, Брэсце і інш. Засвойваліся новыя тэхнікі (філігрань, чарненне, серабрэнне, агнявое залачэнне чырвоным золатам, гравіраванне, штампоўка, перагародчатыя эмалі), пашырыўся асартымент металу (свінец, волава, серабро, золата, сплавы). Найб. значныя помнікі Ю.м. таго часу — Крыж Ефрасінні Полацкай, залатыя пярсцёнкі з Полацка, скроневае кольца з Барысава, бранзалет з Мінска, колты з Вішчынскага замка (Рагачоўскі р-н), гравіраваны абразок з выявай св. Дзмітрыя з Ваўкавыска (усе 12 ст.). У шэрагу твораў адлюстравалася пераасэнсаванне маст. традыцый Візантыі, Кіеўскай Русі, краін Зах. Еўропы, Міжземнамор’я і Усходу: засваенне новых выяўл. і арнаментальных матываў, з’яўленне новых відаў быт. рэчаў — лыжачак. ключоў, званочкаў, — а таксама энкалпіёнаў, мініяцюрных распяццяў, абразкоў, 2—3-створкавых складанняў. З’явіліся новыя формы падвесак, скроневых кольцаў, шыйных грыўняў, якія адлюстроўвалі этн. прыналежнасць уладальнікаў. Высокімі маст. якасцямі вылучаюцца гравіраваныя накладкі на абклады Мсціжскага і Лаўрышаўскага евангелляў (14 ст.). Развіццю Ю.м. 15—17 ст. спрыяла стварэнне рамесных цэхаў у Мінску, Вільні, Полацку, Слуцку, Гродне, Брэсце і інш., якія аб’ядноўвалі меднікаў, злотнікаў, сярэбранікаў, збройнікаў і інш. майстроў ювелірнай справы (усяго на Беларусі ў 15—16 ст. працавала 105 такіх майстроў, у 17 ст. — 665, у 18 ст. — 909). Пераважаў выраб культавых рэчаў, а таксама побытавага посуду. Шмат майстроў-ювеліраў — выхадцаў з Беларусі — працавала ў 17 ст. ў Аружэйнай палаце ў Маскве, сярод іх Ларыён Афанасьеў, Іван Андрэеў, Фёдар Пракоп’еў, Іван Юр’еў, Гаўрыла Аўдакімаў, творы якіх зберагліся да нашага часу. У Ю.м. 15—18 ст. рысы зах.-еўрап. маст. стыляў (готыка, рэнесанс, барока, ракако) спалучаны з мясц. маст. традыцыямі. Для тагачаснай бел. школы Ю.м. характэрны спалучэнне ў адным творы розных тэхнік апрацоўкі металу, рэаліст. характар трактоўкі расл. матываў, наіўна-рэаліст. трактоўка кананічных іканаграфічных зводаў, плоскаснасць дэкору — асабліва выразныя ў дэкоры літургічнага посуду, крыжах, абкладах евангелляў і інш. царк. начыння, рэчах свецкага прызначэння (паясы, шкатулкі, кубкі і інш.). На Ю.м. 1-й пал. 19 ст. паўплываў стыль ампір, з 2-й пал. 19 ст. ў многіх вырабах назіраюцца эклектычныя рысы. Ю.м. 20 ст. актыўна развівалася з 1960-х г. Ювелірныя ўпрыгожанні, дэкар. пластыку, сувеніры, посуд стваралі ў майстэрнях Маст. фонду Беларусі і Мін-ва быт. абслугоўвання насельніцтва Беларусі; сучасныя ювелірныя вырабы — у індывідуальных майстэрнях, на прадпрыемствах (гл. Ювелірная прамысловасць). Бел. мастакі выкарыстоўваюць традыц. ювелірныя тэхнікі (скань, эмалі, ліццё, зернь і інш.), эксперыментуюць з новымі матэрыяламі. Сярод майстроў Г.​Асташонак, Ю.​Гудзіновіч, Б.​Дрозд, Р.​Іваноў, Ю.​Калістратаў, А.​Карніенка, М.​Кузьміч, Ю.​Любімаў, В.​Фёдараў, А.​Шостак і інш.

Літ.:

Штыхаў Г.В., Захаранка П.М. Старажытныя скарбы Беларусі. Мн., 1971;

Кацер М.С. Народно-прикладное искусство Белоруссии (от первобытного общества до 1917 г.). Мн., 1972;

Постникова-Лосева М.М. Русское ювелирное искусство, его центры и мастера. XVI—XIX вв. М., 1974;

Высоцкая Н.Ф. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стагоддзяў. Мн., 1984.

М.​М.​Яніцкая, Л.​Ф.​Салавей.

Да арт. Ювелірнае мастацтва. Завушніцы. Золата. Стараж. Егіпет. Каля 3 ст. да н. э.
Да арт. Ювелірнае мастацтва. Скроневае кольца Бронза. Гарадзішча Баронікі. Віцебская вобл. 5—4 ст. да н. э.
Да арт. Ювелірнае мастацтва. Фібула вікінгаў у форме шкатулкі. Пазалочаная і пасярэбраная бронза. Мартэнс, в-аў Готланд. 11 ст.
Да арт. Ювелірнае мастацтва. Крыж-мошчахавальнік. Майстэрні Маскоўскага Крамля. 17 ст.
Да арт. Ювелірнае мастацтва. А.​Шостак. Бранзалет. Серабро, ізумруд, брыльянты, мохавы агат, перламутр. 1992.

т. 18, кн. 1, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАНІ́ЛЬНАЯ СПРА́ВА,

апрацоўка паверхні прыродных і сінт. мінералаў-самацветаў і шкла для ювелірных і тэхн. мэт. Уключае працэсы рэзкі, абдзіркі, стварэння граней, паліраванне. Робіцца на спец. (у т. л. гранільных) станках з дапамогай алмазнага інструменту, паліравальных парашкоў і розных прыстасаванняў.

Зыходная сыравіна для вырабу ювелірных камянёў (уставак, пацерак, падвесак і да т.п.) — самацветы з высокім (больш за 1,54) паказчыкам пераламлення святла (пераважна алмазы), вырабныя каляровыя камяні прыгожых расфарбовак і натуральнага малюнка, бясколернае і афарбаванае шкло (празрыстае, без унутр. дэфектаў, якое імітуе аграначныя самацветы). Выраб брыльянтаў уключае распілоўку алмаза на часткі, абточванне па форме, агранку. Гатовыя брыльянты класіфікуюць і ацэньваюць. Мінералы-самацветы таксама распілоўваюць, ім надаюць папярэднюю форму, наносяць грані, паліруюць. Гранільная справа вядомая з 3-га тыс. да н.э. (Стараж. Егіпет, Месапатамія). Значнае развіццё пачалося з вынаходства ў 1456 у Галандыі гранільнага станка, які даў магчымасць рабіць найб. дасканалы від агранкі — брыльянтавую. У 19 і 20 ст. гранільная справа механізуецца, з’явіліся дасканалыя станкі, прыстасаванні і інструменты.

На Беларусі апрацоўкай алмазаў займаецца прадпрыемства «Крышталь» (Гомель). Гл. таксама Алмазная прамысловасць, Граненне.

Да арт. Гранільная справа. Каштоўныя камяні, апрацаваныя для калекцыі, і ювелірныя вырабы з кабашонамі.

т. 5, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛАДЗІ́МІРСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана ў цэнтры еўрап. ч. Рас. Федэрацыі. Утворана 14.8.1944. Пл. 29 тыс. км². Нас. 1604 тыс. чал.

(2000),

гарадскога 80%. Цэнтр — г. Уладзімір. Найб. гарады: Каўроў, Мурам, Гусь-Хрустальны, Аляксандраў, Кальчугіна, Вязнікі.

Паверхня — слабахвалістая раўніна. На ПнЗ Смаленска-Маскоўскае ўзв., якое пераходзіць ва Уладзімірскае Аполле (выш. да 236 м). На Пд і У забалочаныя Мяшчорская і Нерльская нізіны. Карысныя выкапні: вапнякі, гліны, кварцавыя пяскі, торф і інш. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -11 °C, ліп. 17 °C. Ападкаў 480—550 мм за год. Рэкі бас. Волгі — Ака з Клязьмай, прытокі Клязьмы — Шарна, Кіржач, Пекша, Нерль, Судагда. Глебы падзолістыя, дзярнова-падзолістыя, на аполлі шэрыя лясныя і цемнаколерныя карбанатныя, па далінах рэк алювіяльныя. Пад лесам (хвоя, бяроза, асіна, елка) каля 42% тэр. Нац. парк Мяшчора.

У.в. — індустр.-аграрны рэгіён Расіі. У структуры валавой прадукцыі на долю прам-сці і буд-ва прыпадае 42,8%, сельскай гаспадаркі 11,3%, сферы паслуг 45,9%. Гал. галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (41,7% кошту прамысл. прадукцыі), харчасмакавая (16,5%), электраэнергетыка (11,2%), лёгкая (5,8%), хім. (5,7%). Машынабудаванне і металаапрацоўка (вытв-сць трактароў і дэталей да іх, экскаватараў, цеплавозаў, электравозаў, электрарухавікоў, аўта- і радыёвымяральных прылад, станкоў, стралковай зброі, матацыклаў, тэлевізараў, абсталявання для тэлефонных станцый, тэкст. прам-сці і інш.), харчасмакавая (малочная, мясная, кансервавая, лікёра-гарэлачная і інш.).

Вытв-сць электраэнергіі 1,9 млрд. кВт∙гадз (1999), пераважна на ЦЭС. У лёгкай прам-сці вылучаюцца тэкст. (баваўняная, ільняная), швейная, трыкат., абутковая галіны. Развіта хім. (гумаватэхн. і пластмасавыя вырабы, смолы, шкловалакно), шкляная (тэхн. шкло, хрусталь, посуд), каляровая металургія (пракат, посуд), дрэваапр. (піламатэрыялы, мэбля), вытв-сць буд. матэрыялаў. Маст. промыслы (вышыўка, ювелірныя вырабы, лакавая мініяцюра). Сельская гаспадарка малочна-мяснога кірунку з развітым бульбаводствам. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 1 млн. га, пасяўныя пл. — 0,5 млн. га (1999). Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, жыта, ячмень, авёс), тэхн. (лён), бульбу і агародніну, кармавыя культуры. У раёнах Уладзімірскага Аполля — садоўніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коз, коней (уладзімірская цяжкавозная парода). Даўж. чыгунак 929 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 5522 км (2000). Гал. чыгункі Масква—Уладзімір—Ніжні Ноўгарад, Масква—Мурам—Казань, Масква—Аляксандраў—Іванава. Суднаходства па рэках Ака і Клязьма (у ніжнім цячэнні). Па тэр. У.в. праходзіць газаправод, які злучае Цэнтр. і Волжскую газаправодныя сістэмы.

т. 16, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЦТЭ́КІ (саманазва астэка),

самая вялікая індзейская народнасць Мексікі. 1,07 млн. чал. (1987). Мова — наўатль. У 13 ст. прыйшлі з Пн і пасяліліся ў даліне Мехіка. У 14 ст. стварылі ўласную паліт. структуру, т.зв. горад-дзяржаву Тэначтытлан (сучасны г. Мехіка). У 1428—30 у саюзе з гарадамі-дзяржавамі Тэскока і Тлакапан падпарадкавалі насельніцтва даліны Мехіка, што стала пачаткам стварэння імперыі ацтэкаў, якая ў канцы 15 ст. ўключала цэнтр., усх. і паўд. Мексіку (больш за 500 гарадоў-дзяржаў з нас. 5—6 млн. чал.). У ацтэкаў былі развіты сельская гаспадарка, рамёствы, медыцына, манум. мастацтва і архітэктура, распрацаваны варыянт іерогліфнага пісьменства, складаная сістэма календара. Найб. вядомы правіцель — кароль Мантэсума II. У 1519—21 ацтэкі заваяваны іспанцамі на чале з Э.​Картэсам.

Росквіт мастацтва ацтэкаў прыпадае на 14 — пач. 16 ст. Асн. манум. збудаванні — чатырохгранныя каменныя піраміды з храмам ці палацам на вяршыні. Сцены культавых будынкаў упрыгожвалі рэльефам, размалёўкай, узорыстай муроўкай. Культавая скульптура вызначалася грандыёзнасцю (статуя багіні Каатлікуэ, выш. 2,5 м). Захаваліся помнікі скульптуры 15 ст.: «Камень сонца», т.зв. каляндар ацтэкаў (базальтавы дыск дыяметрам 3,66 м і масай 24 т); выкананыя ў рэаліст. манеры каменныя галовы воінаў («Воін-арол», «Галава мерцвяка», «Смутны індзеец»), невял. каменныя і керамічныя фігуркі рабоў, дзяцей, жывёл. Па-майстэрску рабілі ацтэкі ўпрыгожанні з пер’я, паліхромную кераміку, мазаіку, вазы з абсідыяну, ювелірныя вырабы.

Да арт. Ацтэкі. Дэталь рукапіснага ліста з т.зв. «Кодэкса Барбонікус». 14—16 ст.
Да арт. Ацтэкі. Палац Мантэсумы.
Да арт. Ацтэкі. Каменная фігурка каёта.
Да арт. Ацтэкі. Статуя багіні Каатлікуэ.
Да арт. Ацтэкі. Нож ацтэкаў або міштэкаў з інкрустацыяй.

т. 2, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЦЦЁ МАСТА́ЦКАЕ,

тэхніка стварэння маст. вырабаў шляхам заліўкі расплаўленага металу ў форму, а таксама маст. творы, выкананыя гэтым спосабам; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Найб. пашыраны спосаб пераводу ў метал твораў скульптуры, а таксама вырабу метал. пасудзін, званоў і інш.

Л. м. зарадзілася ў эпоху асваення чалавекам спосабаў здабычы і апрацоўкі металу. З развіццём ліцейнай вытв-сці вылучылася ў асобную галіну. Маст. задачы вызначаюць спецыфічныя прыёмы фармоўкі мадэлі, метады ліцця, выбар металу або сплаву для пэўнага віду вырабу, дапрацоўку (часта аўтарскую) адлівак чаканкай, гравіраваннем, пацініроўкай. залачэннем і інш. Асн. тэхналогія Л. м. выпрацоўвалася пры выкарыстанні бронзы; з 4 ст. да н. э. выкарыстоўваюць волава (амулеты з копцкіх грабніц 4—7 ст.н.э.), з якога ў 16—18 ст. адлівалі плакеткі, медалі, пасудзіны і інш., што імітавалі больш каштоўнае серабро. З 15 ст. ў Германіі, пазней і ў інш. краінах Еўропы развівалася Л.м. з чыгуну (паркавая скульптура, надмагіллі, рашоткі, агароджы, садовая мэбля і інш.). Унікальныя помнікі рус. Л.м. 16—18 ст. — Цар-гармата (1586), Цар-звон (1733—35) у Маскве і інш. У 17—18 ст. адлівалася паркавая скульптура са свінцу (Версаль у Францыі, Петрадварэц у Расіі).

На тэр. Беларусі Л.м. вядома з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. З бронзы, пазней і з жалеза адлівалі ўпрыгожанні (спражкі, фібулы), наканечнікі коп’яў, стрэл. З 12 ст. пашырыўся спосаб ліцця ў каменныя ці гліняныя раздымныя формы. З медзі, бронзы, серабра, радзей з золата адлівалі ўпрыгожанні (бранзалеты, пярсцёнкі, спражкі, амулеты, падвескі ў выглядзе канькоў ці званочкаў), царк. начынне (свяцільні, крыжы і інш.), дэталі адзення, конскай збруі, зашчапкі для накладных кніжных пераплётаў; са свінцу выраблялі пячаткі і абразкі з гарэльефнымі сюжэтнымі выявамі. Літыя ювелірныя вырабы аздаблялі чаканкай, зярненнем, гравіраваннем, эмалямі. У 15 ст. пры Слуцкім Троіцкім манастыры працавалі майстры-алавяннікі. Высокага маст. ўзроўню Л. м. дасягнула ў 16—17 ст. з арганізацыяй у гарадах (Мінск, Магілёў, Нясвіж, Слуцк, Гродна) цэхаў рамеснікаў-металістаў, куды ўваходзілі і ліцейшчыкі — алавяннікі, людвісары (майстры па адліўцы гармат), канвісары (майстры па адліўцы званоў), ювеліры і інш. Акрамя вытв-сці ювелірных вырабаў, быт. рэчаў, царк. начыння пашырылася ліццё званоў у Полацку, Лагойску, Віцебску, Крычаве, Дзісне, Нясвіжы, Брэсце і інш. (гл. Дзісенскі звон, Крычаўскі звон, Моладаўскі звон). Алавяны посуд, свечачнікі адлівалі ў Магілёве, Ваўкавыску, Ружанах, Слуцку, Шклове, Друі, гарматы — у Магілёве, Брэсце, Мінску, Нясвіжы. Гарматы аздаблялі рэльефнымі паяскамі, гербамі, выявамі жывёл, анёлаў і інш., званы — расліннымі гірляндамі і арнаментальнымі надпісамі. У 18 ст. ўзніклі ліцейныя мануфактуры ў Гомелі, Вішневе (Валожынскі р-н), Кляцішчы (Стаўбцоўскі р-н, абодва Мінскай вобл.), Бакштах (Іўеўскі р-н), Рудні (Слонімскі р-н, абодва Гродзенскай вобл.) і інш., дзе выраблялі посуд, асвятляльныя і пісьмовыя прылады. Высокім маст. узроўнем вылучаліся рэчы культавага прызначэння (падсвечнікі, манстранцы і інш.). Буйным у 19 ст. быў Уладзімірскі чыгуналіцейны з-д у в. Старынка (Слаўгарадскі р-н Магілёўскай вобл.). У Горках (Магілёўская вобл.) адлівалі крыжы, у Высокім (Аршанскі р-н Віцебскай вобл.) — надмагільныя пліты, рашоткі і агароджы. З чыгуну адлівалі таксама вароты, распяцці, вадасцёкі, садовую мэблю, пячныя дзверцы, прасы і інш. Канструкцыйна-маст. элементы літых вырабаў — разнастайнае перапляценне раслінных парасткаў (рашоткі), гарэльефныя выявы жывёл, маскаронаў, ваен. атрыбутаў (хатняе начынне). Садовую мэблю і крыжы выконвалі ў выглядзе складана пераплеценых дубовых галінак, вінаграднай лазы. У вырабах 18—19 ст. прыкметны ўплыў маст. стыляў готыкі, барока, класіцызму. З 2-й пал. 19 ст. з развіццём металаапр. прам-сці Л. м. паступова заняпала. У наш час бел. мастакі ў гэтай тэхніцы ствараюць станковую скульптуру, мемар. медалі, ювелірныя вырабы, абклады да мініяцюрных сувенірных кніг і інш. Сярод майстроў С.​Ларчанка, Ю.​Любімаў і інш.

Літ.:

Петриченко А.М. Искусство литья. М., 1975;

Зотов Б.Н. Художественное литье. 3 изд. М., 1982.

Я.​М.​Сахута, А.​І.​Сямёнаў.

Да арт. Ліццё мастацкае. Манстранц. 1727.
Да арт. Ліццё мастацкае. А.​Чохаў. Цар-гармата. 1586.

т. 9, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРУЖЭ́ЙНАЯ ПАЛА́ТА ў Маскве,

1) дзярж. ўстанова на тэр. Маскоўскага Крамля ў будынку, пабудаваным у 1851 арх. К.​А.​Тонам. Упершыню ўпамінаецца ў 1547 як сховішча зброі, у 1640 пры ёй створана іканапісная, у 1683 — жывапісная майстэрні, уваходзіла палата разьбяных і сталярскіх спраў; у 1700 у Аружэйную палату ўліліся Залатая і Сярэбраная палаты. У ёй праводзіліся заняткі па маст. рамястве, іканапісе і жывапісе, працавалі жывапісцы І.​А.​Безмін, С.​Ф.​Ушакоў, І.​Уладзіміраў, гравёр А.​Ф.​Зубаў і інш. У 2-й пал. 17 ст. сярод майстроў палаты былі выхадцы з Беларусі: Хрыстафор Абросімаў, Пётр Абросімаў, Восіп Андрэеў, Іван Андрэеў, Арсеній, Сцяпан Іванаў (Палубес), Фёдар Мікулаеў, Максім Сямёнаў, Восіп Якаўлеў і інш. Бел. майстры выраблялі кафлю, зброю, аздаблялі яе арнаментальнымі ўзорамі, працавалі па серабры, рабілі па-мастацку аформленыя сталы, шафы, троны, крэслы, вырэзвалі іканастасы, чаканілі рэльефы на раках, упрыгожвалі разьбой карэты і інш. Бел. майстры ўпершыню прынеслі ў Рус. дзяржаву ажурна-аб’ёмную т.зв. флемскую разьбу, узбагацілі тэхніку вырабу шматкаляровай паліванай кафлі, наладзілі выраб буйных маёлікавых арх. дэталяў, стваралі рэльефныя выявы, блізкія да рэальных памераў чалавека. Бел. майстры ўпрыгожвалі арх. помнікі Масквы, Каломенскага, Ізмайлава, Разані і інш. У 1711 жывапісная школа закрыта, а майстры пераведзены ў Пецярбург. У 1720 Аружэйная палата аб’яднана з інш. царскімі майстэрнямі Крамля, з 1726 стала сховішчам каштоўных прадметаў.

2) Старэйшы рас. музей, створаны ў 1806. З 1960 у складзе Дзярж. музея Маскоўскага Крамля ў б. патрыяршых палатах на вул. Разіна. У Аружэйнай палаце прадстаўлена дэкар.-прыкладное мастацтва Расіі, Візантыі, Зах. Еўропы і шэрагу краін Пярэдняй Азіі 5 — пач. 20 ст., захоўваюцца рэдкія калекцыі старадаўняй маст. зброі (13—18 ст.), калекцыі залатога і сярэбранага посуду, тканін і адзення (14—19 ст.), дары паслоў, рэчы царскага і княжацкага ўжытку, ювелірныя вырабы і інш.

Літ.:

Писарская Л., Мартынова М. Оружейная палата. 6 изд. М., 1987.

Аружэйная палата. 1848−51.

т. 1, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЯРЫ́НЫ СТЫЛЬ,

у мастацтве, умоўная назва шырока распаўсюджанага ў стараж. мастацтве стылізаванага ўвасаблення жывёл, частак іх цела ці кампазіцый з некалькіх жывёл. Узнік у бронзавым веку, найб. пашыраны ў жал. веку і мастацтве раннекласавых дзяржаў. Першапачаткова звязаны з культам жывёлы (гл. Татэмізм). Найб. стараж. ўзоры З.с. вядомы ў Егіпце і Месапатаміі, Закаўказзі і Паўн. Каўказе (3-е тыс. да н.э.), у Пярэдняй і Сярэдняй Азіі, Індыі, Кітаі, Паволжы, Паўд. Сібіры (2-е тыс. да н.э.). Найб. развіты ў скіфа-сармацкім мастацтве Паўн. Прычарнамор’я і мастацтве плямён Паўд. Сібіры 1-га тыс. да н.э. і першых стагоддзяў н.э. Скіфскі З.с. склаўся пад уплывам мастацтва Ірана і Пярэдняй Азіі, Прычарнамор’я — стараж.-грэч. мастацтва. Для яго характэрны дынамічнасць кампазіцыі, рэаліст. перадача форм і рухаў жывёл. Найб. пашыраны зааморфныя выявы. Прыёмы ўвасаблення разнастайныя: гравіроўка па метале, ліццё, разьба па дрэве і косці, аплікацыі са скуры і лямцу; вядома таксама татуіроўка чалавечага цела ў З.с. Пераплеценыя целы жывёл, што ўтваралі арнаментальныя кампазіцыі, аздабляліся каляровымі ўстаўкамі з эмалі, шкла і інш. З часам рэаліст. пачатак быў выцеснены рысамі дэкар. умоўнасці і стылізацыі. З.с. мастацтва нарманаў (8 ст.) характарызуецца экспрэсіўнасцю, надзвычай стылізаваным адлюстраваннем звяроў, птушак і змей, што губляюцца ў складаных перапляценнях геам. ўзору. У 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. З.с. паступова страціў сваё значэнне. Дэкар. выявы жывёл, пазбаўленыя свайго першапачатковага магічнага сэнсу, працягвалі існаваць у сярэдневяковым мастацтве (ювелірныя вырабы, кніжная мініяцюра, разьба па дрэве, косці і камені, каменны арх. дэкор і інш.) і нар. творчасці.

Літ.:

Тяжелов В.Н. Искусство средних веков в Западной и Центральной Европе. М., 1981.

Да арт. Звярыны стыль. Арліны грыфон раздзірае казла. Аплікацыя.
Да арт. Звярыны стыль. Залатая бляха — грыф з казлом у кіпцюрах.
Да арт. Звярыны стыль. Паясная зашпілька — скурчаная пантэра. Золата.
Да арт. Звярыны стыль. Паясная зашпілька — скурчаная пантэра. Золата.

І.​М.​Каранеўская.

т. 7, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́ЛІ,

горад, сталіца Індыі і адм. ц. саюзнай тэр. Дэлі. Знаходзіцца на Пн краіны на р. Джамна (прыток р. Ганг), каля паўн.-ўсх. падножжа ўзгорыстай грады Аравалі. 7,2 млн. ж., з прыгарадамі 8,4 млн. ж. (1991). Складаецца са Старога Д. (Шахджаханабада, гіст. ядро горада), тэр. ваен. пасялення і Новага Д. (Нью-Дэлі з нас. 301,3 тыс. ж., 1993), які лічыцца афіц. сталіцай. Вузел 5 чыгунак і 11 аўтадарог. Міжнар. аэрапорт (Палам). Буйны прамысл., фін. і культ. цэнтр краіны. Развіты галіны прам-сці, што абслугоўваюць патрэбы сталіцы: тэкст. (баваўняныя і шарсцяныя тканіны), швейная, трыкат., хім., фармацэўтычная, гарбарна-абутковая, шклокерамічная, металаапр., паліграф., буд., некат. галіны машынабудавання (станкабудаванне, радыёэлектронная прам-сць). Маст. рамёствы (філігранныя сярэбраныя і залатыя ювелірныя вырабы, кераміка, разьбярства па слановай косці і камені, вырабы з пап’е-машэ), саматужнае ткацтва. Цэнтр турызму. 4 ун-ты. Акадэмія музыкі, танца і драмы.

Паводле «Махабхараты» ў 1-м тыс. да н.э. горад быў рэзідэнцыяй царскай дынастыі Пандаваў і меў назву Індрапрастха. Сучасная назва з 736 пасля буд-ва на месцы стараж. гарадзішча г. Дхіліка (Дэлі). У 1206—1526 сталіца мусульман Дэлійскага султаната, з 1658 — імперыі Вялікіх Маголаў. У 1803 захоплены англічанамі, якія ў 1858 перанеслі сталіцу ў Калькуту. Адзін з цэнтраў Індыйскага народнага паўстання 1857—59. З 1911 сталіца Брыт. Індыі, з 1947 — дамініёна, з 1950 — Рэспублікі Індыя.

У Старым горадзе захаваліся гар. муры з брамамі (часткова), Саборная мячэць (1644—58), крэпасць Лал-Кіла (Чырвоны форт, 1639—48, з палацамі Ранг-Махал, Дывані-Ам, Дывані-Кхас, усе 1639—48, і Жамчужнай мячэццю, каля 1660). На Пд ад Старога горада — руіны г. Фіразабад (1351—88), палацава-крапасны ансамбль Пурана-Кіла (закладзены ў 1540; мячэці Кулан, 1380, і Кілаі-Кухна, 1545), маўзалей Хумаюна (2-я пал. 16 ст.). Прыкладна за 20 км на Пд ад Старога горада — 4 гарады-крэпасці: Сіры (будаваўся з 1303), Джаханпанах (14 ст.), Туглакабад (1325; маўзалей Гіяс-ад-дзіна) і Лал-Кот (канец 12 ст.; жал. калона, 415; руіны мячэці Куват-уль-Іслам, пачата ў 1193; мінарэт Кутб-Мінар, каля 1200—20; маўзалей Ільтутмыша, пасля 1235). Новы Д. — буйны раён з шэрагам плошчаў, паркаў і вуліц, якія радыяльна ад іх разыходзяцца. Уключае ансамбль урадавых будынкаў 1912—30-х г., «Браму Індыі» (помнік салдатам, якія загінулі ў сусв. войнах), нац. стадыён, абсерваторыю Джантар Мантар (1725), храм багіні Лакшмі Нараян (1938—39), мемар. музей М.​Гандзі (канец 1960-х г., арх. А.​Канвіндэ). Музеі: Нац. музей Індыі, нац. галерэя сучаснага мастацтва, Міжнар. музей лялек, мемар. музеі М.​Гандзі, Дж.​Нэру і інш.

Літ.:

Короцкая А.А., Сапожников Б.Н. Дели. Л., 1983.

Да арт. Дэлі. Брама ў Чырвоным форце.
Да арт. Дэлі. Храм багіні Лакшмі. Нараян. 1938—39.

т. 6, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІЯ КАРАЛЕ́ЎСКІЯ МАНУФАКТУ́РЫ,

прамысловыя прадпрыемствы, заснаваныя ў 2-й пал. 18 ст. ў Гродзенскай эканоміі і Берасцейскай эканоміі па ініцыятыве гродзенскага старосты А.Тызенгаўза. Налічвалася 21 прадпрыемства, у т. л. 8 у Гродне — па вырабе метал. прадметаў, ігральных картаў (абодва з 1760), пацерак, карункаў; збройнае, гарматнае, камлотнае і паркаленабіўное; 8 на Гарадніцы (цяпер у межах Гродна) — залататкацкае (1779—83, 30 работнікаў), карэтнае (1770—83, 50 работнікаў), гарбарня (1777—1860, 50 работнікаў), па вырабе палатна (1770—1845, 30 работнікаў), фарбавальнае (1770—94), па вытворчасці сукна (1770—94, 150 работнікаў), панчох (1768—83, 50 работнікаў) і шаўкаткацкае (1770—1888, 150 работнікаў). Суконна-капялюшная мануфактура знаходзілася ў Азёрах (да 1845), тонка-суконная (1766—1860, 30 работнікаў) — у Ласосне (3 км ад Гродна, пры ўпадзенні р.Ласосна ў Нёман), астатнія — у Брэсцкай эканоміі. У 1766 заснавана «Кампанія шарсцяных мануфактур», якая адкрыла суконныя мануфактуры ў Гарадніцы, Ласосне, Брэсце. Буйнейшая ў Гарадніцы мануфактура мела прадзільнае, ткацкае, валяльнае, стрыгальнае, варсавальнае і фарбавальнае аддзяленні, прадзільні з ням. і галандскімі верацёнамі, 40 ткацкіх станкоў і інш. абсталяванне. У 2-й пал. 18 ст. Гродна стала буйным цэнтрам маст. ткацтва ў Беларусі (ткалі дываны, шаўковыя, «літыя» паясы). На карэтнай мануфактуры выраблялі дарагія экіпажы і збрую; на залататкацкай — тонкія залатыя і сярэбраныя ніткі, ордэны, галуны, ювелірныя вырабы; на мануфактуры метал. вырабаў — жалезныя і медныя цвікі, замкі, рыдлёўкі, дзвярныя завесы, напільнікі, іголкі, шпількі інш.; на панчошнай — шарсцяныя і шаўковыя шкарпэткі і інш. Усяго на мануфактурах працавала каля 1500 чал. і столькі ж было падручных рабочых і надомных прадзільшчыц. Рабочых пераважна набіралі прымусова з сем’яў прыпісных дзярж. сялян, існавала практыка вольнага найму. Кіравалі мануфактурамі кваліфікаваныя майстры, часцей наёмныя з Францыі, Швейцарыі, Германіі, Расіі і інш. (каля 70 чал.). У 1780—90-я г. большасць прадпрыемстваў закрылася (прадукцыя не мела збыту, 1790 дэфіцыт мануфактур склаў 190 тыс. злотых). Пасля далучэння зах. часткі Беларусі да Рас. імперыі дзейнасць некат. мануфактур адноўлена з выкарыстаннем наёмнай працы.

т. 5, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)