эмір (правіцель) Афганістана ў 1834—40 і 1842—63. Дваццаты сын Паінда-хана, правадыра племені баракзаяў. Пасля распаду Дуранійскай дзяржавы (1818) кіраваў (з 1826—27) Кабульскім і Газнійскім княствамі. У 1834 абвясціў сябе эмірам, заснаваў Баракзайскую дынастыю; намагаўся аб’яднаць афг. землі. У 1-ю англа-афг. вайну 1838—42 (гл.Англа-афганскія войны) паланёны англічанамі (канец 1840) і высланы ў Індыю. З 1842 зноў на афг. троне. У 1855—63 далучыў Кандагар, Усх. Сістан, Герат, землі на левабярэжжы Амудар’і.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГЫ́Т,
дынастыя правіцеляў Бухарскага эмірата ў 1753—1920. Заснавальнік дынастыі Мухамед Рахім
[1753—58] прыняў тытул эміра. Найб. вядомыя прадстаўнікі М.: Даніял-бей [1758—85],
Шах-Мурад [1785—1800], Хайдар [1800—26], Насрула [1826—60], Музафар-эд-дзін [1860—85]. Яны ажыццяўлялі палітыку цэнтралізацыі эмірата, падпарадкоўваючы сабе мясц. феадалаў, вялі барацьбу з Какандскім і Хівінскім ханствамі. Паводле дагавораў 1868 і 1873 прызналі пратэктарат Расіі над Бухарой. У вер. 1920 апошні эмір з М. Алім-хан — быў скінуты часцямі Чырв. Арміі на чале з М.В.Фрунзе і ўцёк у Афганістан. М. прысвечана праца таджыкскага пісьменніка і вучонага Айні «Гісторыя эміраў Мангыцкай дынастыі» (1923).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕДЫГЕ́Й, Ідыгу,
Ідыку (1352—1419),
эмір Белай Арды, заснавальнік Нагайскай Арды. Разам з ханам Цімур Кутлукам пачаў вайну з Тахтамышам. У 1397 узначаліў войска Залатой Арды. У бітве на Ворскле 1399 разбіў аб’яднаныя сілы вял.кн.літ. Вітаўта і Тахтамыша. Пасля смерці Цімур-Кутлука ў 1399 фактычна стаў на чале Залатой Арды, правёў аб’яднанне ўсіх ранейшых улусаў манг. палкаводца Джучы. У 1406 забіў Тахтамыша, у 1407 арганізаваў паход на г. Булгар. У 1408 напаў на Русь, разбурыў гарады Серпухаў, Дзмітраў, Растоў, Пераяслаў, Ніжні Ноўгарад, аблажыў Маскву, але не ўзяў яе. У час смуты 1410—12 Е. страціў уладу ў Ардзе і ўцёк у Харэзм. Забіты сынам Тахтамыша. Жыццю Е. прысвечаны гераічны эпас цюрк. народаў «Едыгей».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУІ́ДАЎ ДЗЯРЖА́ВА,
сярэдневяковая дзяржава на тэр. Ірака і Зах. Ірана ў 935—1055. Назва ад кіруючай дынастыі (родапачынальнік Абу Ш. Буях ці Бувейх). Браты Алі, Ахмед і Хасан Буіды (Бувейхіды) на чале атрадаў наёмнікаў падпарадкавалі сваёй уладзе Зах. Іран, пасля заваявання Багдада (945) пазбавілі Абасідаў свецкай улады, прысвоілі сабе тытул «эмір эміраў». Цэнтрамі Буідаў дзяржавы. былі гарады Багдад, Рэй (каля Тэгерана) і Шыраз. Найб. значны прадстаўнік дынастыі Адуд ад-Даула [949—983] аб’яднаў усе заваяваныя Буідамі тэрыторыі (Арабскі Ірак з гарадамі Багдад і Басра, вобласці Хузістан і Фарс, вакол г. Керман, раёны гарадоў Хамадан, Ісфахан і Рэй). У 1029 дзяржава страціла ўсх. землі (тэр. вакол Рэя і Ісфахана), якія захапіў султан Махмуд Газневі (гл. ў арт.Газневіды). У 1055 Буідаў дзяржаву заваявалі сельджукі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-АФГА́НСКІЯ ВО́ЙНЫ,
каланіяльныя войны Англіі супраць Афганістана. У першую англа-афганскую вайну (1838—42) англ. войскі занялі (1839) гарады Кандагар, Газні, Кабул. У выніку партыз. вайны, якая перарасла ў нар. паўстанне (1841), акупац. армія была знішчана. У 1842 Англія прызнала паражэнне і пакінула Афганістан. У час другой англа-афганскай вайны (1878—80) англ. войскі занялі г. Кандагар. Эмір Якубхан заключыў з Англіяй Гандамакскі дагавор, які выклікаў у 1879 нар. паўстанне. У 1880 пад Майвандам (каля Кандагара) афганцы разбілі англ. брыгаду. Англія адмовілася ад намеру заваяваць Афганістан, аднак дамаглася свайго кантролю над яго знешняй палітыкай. Трэцяя англа-афганская вайна пачалася ў маі 1919 пасля абвяшчэння Афганістанам незалежнасці. Паражэнне англ. войскаў у выніку паўстання пуштунскіх плямёнаў, а таксама ўздым рэв. руху ў Індыі змусілі Англію заключыць у чэрв. 1919 перамір’е, у жн. 1919 — прэлімінарны мірны дагавор.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРА́КСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1958,
антыманархічны ваен. пераварот у Іраку 14.7.1958. Падрыхтавана членамі падп. арг-цый Фронт нац. адзінства (ФНА) і «Свабодныя афіцэры», незадаволенымі знешнепаліт. курсам урада Саіда Нуры (арыентацыя на Вялікабрытанію і ЗША, дзейнасць Ірака ў межах Арганізацыі цэнтральнага дагавора, або Багдадскага пакта). Адбылася напярэдадні інтэрвенцыі дзяржаў-удзельніц Багдадскага пакта і ЗША у Ліван, у якой павінны былі ўдзельнічаць і 2 брыгады іракскай арміі. 14 ліп. гэтыя брыгады (камандзіры — А.К.Хасем і А.С.Арэф) уступілі ў Багдад, захапілі стратэг. пункты сталіцы і акружылі каралеўскі палац. Былі забіты кароль Фейсал II, эмір Абдул Ілах і яшчэ больш за 20 чал. Па закліку ФНА да вайскоўцаў, што паўсталі, далучылася насельніцтва, якое ўдзельнічала ў ліквідацыі ачагоў супраціўлення, затрымцы прыхільнікаў манархічнага рэжыму (15 ліп. забіты Саід Нуры), перадачы органаў дзярж. кіравання пад кантроль грамадскіх арг-цый і ваенных. У выніку рэвалюцыі Ірак абвешчаны рэспублікай, сфарміраваны кааліцыйны ўрад на чале з Касемам (яго нам. і міністрам унутр. спраў стаў Арэф).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ПАЛ,
1) у геалогіі — акруглае ў плане падняцце слаёў зямной кары. Адрозніваюць вулканічныя, гранітагнейсавыя, тэктанічныя і саляныя. Вулканічны К. выш. да 800 м, са стромкімі схіламі, узнікае за кошт выціскання вязкай лавы з вулканічнага канала ў суправаджэнні моцнага выбуху. Граніта-гнейсавы К. — ізаметрычная структура ў дакембрыйскіх пародах крышт. фундамента (Балтыйскі і Алданскі шчыты, Бел. антэкліза і інш.), радзей трапляецца ў больш маладых складкавасцях. Тэктанічны К. — антыклінальная складка горных парод, даўж. і шыр. якой аднолькавыя або блізкія. Саляны К. фарміруецца ў вял. упадзінах платформ і краявых прагінаў у выніку праяўлення саляной тэктонікі. З К. звязаны радовішчы каменнай солі, нафты, прыродных газаў і інш. 2) У геамарфалогіі — абазначэнне любой купалападобнай формы рэльефу або масіву горных парод.
3) У акіяналогіі — раён пад’ёму тэрмакліна да паверхні; на картах тэмператур на розных гарызонтах вылучаецца ў выглядзе некалькіх замкнёных ізатэрмаў з мінім. т-рай у цэнтры.
Схемы канструкцый купалаў: а — рабрыстая; б — сеткавая, в — шматгранная; г — у выглядзе танкасценнай абалонкі; д — з некалькіх скляпенняў-абалонак.Купал царквы Сан-Ларэнца ў Турыне. Арх. Г.Гварьші. 1668—87.Купал з ліхтаром.Купал маўзалея Гур-Эмір у Самаркандэе. 1404.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХРЭ́ЙН, Дзяржава Бахрэйн,
дзяржава (эмірат) у Паўд.-Зах. Азіі, на а-вах Бахрэйн у Персідскім зал. Бліжэйшыя суседзі — Саудаўская Аравія і Катар. Пл. 620 км². Нас. 600 тыс.чал. (1994). Сталіца — г.Манама. Дзярж. мова — арабская, дзярж. рэлігія — іслам. Нац. свята — Дзень прыняцця Канстытуцыі (16 снеж.).
Дзяржаўны лад. Бахрэйн — незалежная канстытуцыйная манархія з 1971. Паводле канстытуцыі 1973 кіраўнік дзяржавы — эмір. Заканад. ўлада належыць 1-палатнаму Нац. сходу, у склад якога ўваходзяць усе члены кабінета і 30 дэпутатаў (выбіраюцца на ўсеагульных выбарах на 4 гады). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае эмір. Пасля ўрадавага крызісу 1975 эмір распусціў Нац. сход, з таго часу выбары не праводзіліся.
Прырода. У склад Бахрэйна ўваходзяць 33 мацерыковыя і каралавыя а-вы. Найб. з іх Бахрэйн (пл. каля 570 км²). Іншыя значныя а-вы: Мухарак, Ум-Наасан, Сітра, Хавар. У цэнтр. частцы в-ва Бахрэйн — вапняковае плато, над якім узвышаюцца ўзгоркі да 130 м. На астравах і ў тэрытарыяльным моры — радовішчы прыроднага газу (запасы каля 250 млрд.м³) і нафты (у значнай ступені вычарпаныя, запасы каля 20 млн.т). Клімат пераходны ад трапічнага да субтрапічнага, гарачы і сухі. Сярэдняя т-растудз. 16 °C, ліп. 37 °C. Ападкаў каля 90 мм за год, выпадаюць зімой. Расліннасць пустынная, рэдкая: засухаўстойлівыя хмызнякі, палын, астрагал і інш. Жывёльны свет бедны, прыбярэжнае мора багатае рыбай, шматлікія каралы, малюскі-жамчужніцы.
Насельніцтва. 62% складаюць карэнныя жыхары — арабы-бахрэйнцы, 38% — выхадцы з суседніх араб. краін, Індыі, Пакістана, Ірана. Сярэдняя шчыльн. каля 1 тыс.чал. На 1 км². Гар. насельніцтва больш за 90%. Найб. гарады: Манама (121 тыс.ж.; 1991), Сітра, Іса.
Гісторыя. Упершыню Бахрэйн упамінаецца ў 3-м тыс. да нашай эры. У 2000—1800 да нашай эры партовы і гандлёвы цэнтр. На пач. нашай эры Бахрэйн — араб. княства. У 4—6 ст. у складзе дзяржавы Сасанідаў, потым — Арабскага халіфата. У канцы 9 ст. захоплены карматамі, у 10—11 ст. цэнтр іх дзяржавы. У сярэдзіне 13 ст. Бахрэйн стаў незалежны, але ў хуткім часе далучаны да эмірата Армуз. У 1521—1602 належаў Партугаліі, потым Персіі (да 1782). У 1783 захоплены араб. шэйхамі з роду Аль-Халіфа, якія абвясцілі незалежнасць Бахрэйна. Гэты род пануе ў Бахрэйне і цяпер. На пач. 19 ст. ўзмацніўся ўплыў Вялікабрытаніі, якая заключыла з шэйхамі шэраг дагавораў (1820, 1847, 1861), а ў 1871 усталявала свой пратэктарат, пацверджаны дагаворамі 1880 і 1892, і фактычна зрабіла Бахрэйн сваёй калоніяй. У 1934 зацверджаны «новы статус» Бахрэйна — паводле саюзнага дагавора ён стаў падпарадкоўвацца Вялікабрытаніі. У 1968—71 Бахрэйн у складзе Федэрацыі Арабскіх Эміратаў. 14.8.1971 абвешчаны незалежнай краінай. Дзейнасць паліт. партый і прафсаюзаў забаронена.
Бахрэйн — член ААН (з 1971), Лігі арабскіх дзяржаў, удзельнік Руху недалучэння; з 1981 у Савеце супрацоўніцтва арабскіх дзяржаў Персідскага заліва.
Гаспадарка. Эканоміка Бахрэйна заснавана на здабычы газу і нафты, перапрацоўцы імпартуемай нафты і залежыць ад замежнага капіталу (вядучыя галіны знаходзяцца пад кантролем дзяржавы). Здабыча (1993) прыроднага газу каля 1,5 млрд.м³, нафты каля 2 млн. т. Працуюць: нафтаперапр.з-д (магутнасць 14 млн.т за год; 2-і па велічыні на Блізкім і Сярэднім Усходзе), які перапрацоўвае нафту, пераважна імпартаваную з Саудаўскай Аравіі (больш як 10 млн.т за год); комплекс па вытв-сці алюмінію (120—170 тыс.т за год; на гліназёме з Аўстраліі і таннай мясц. электраэнергіі); док па рамонце супертанкераў; 11 ЦЭС агульнай магутнасцю каля 1400 МВт; прадпрыемствы па вытв-сці буравога абсталявання, алюмініевых, пластмасавых і лакафарбавых вырабаў, трубаў, вадкага кіслароду, прапану і бутану са спадарожнага газу. Ёсць цэм.з-д, прадпрыемствы лёгкай і харч. прам-сці, верфі па буд-ве невял. суднаў. Развіты саматужна-рамесніцкія промыслы. Сельская гаспадарка развіта слаба. Апрацоўваецца каля 5% тэрыторыі, пераважна ў аазісах. Гал. культура — фінікавая пальма. Вырошчваюць агародніну (батат, памідоры, баклажаны і інш.), пшаніцу, кукурузу, ячмень, садавіну (грэцкі арэх, папайю, персікі). Жывёлагадоўля мае другараднае значэнне. Гадуюць козаў, авечак, зебупадобных кароў, аслоў. Птушкагадоўля. Лоўля рыбы, крэветак, здабыча губак і жэмчугу. Бахрэйн — важны цэнтр міжнар.трансп. камунікацый. Гал. парты — Манама, Сітра. Міжнар. аэрапорт Мухарак (штогод каля 3 млн. пасажыраў) — адзін з буйнейшых у зоне Персідскага зал. Аўтадарог з цвёрдым пакрыццём каля 200 км. Аўтапарк — каля 150 тыс. аўтамашын. Сувязь паміж найб. а-вамі па насыпных дамбах. В-аў Бахрэйн злучаны з Аравійскім п-вам (Саудаўская Аравія) дамбай даўж. каля 25 км з мостам (Сауда-Бахрэйнская шаша). Бахрэйн — буйны банкаўскі цэнтр (каля 150 устаноў, якія аперыруюць больш як 60 млрд.дол. ЗША). Даходы ад фінансавых аперацый даюць каля 16% валавога нац. прадукту. Краіна з’яўляецца цэнтрам транзітнага гандлю — больш за 40% тавараў рээкспартуецца (пераважна ў Саудаўскую Аравію і інш. суседнія краіны). Развіваецца турызм. Экспарт: нафтапрадукты, алюміній, пластмасы, крэветкі і інш. Імпарт: прамысл. абсталяванне і машыны, будматэрыялы, харч. і спажывецкія тавары. Асн.гандл. партнёры: Японія, ЗША, Вялікабрытанія, Саудаўская Аравія, ФРГ, Аўстралія. Грашовая адзінка — бахрэйнскі дынар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЎЗАЛЕ́Й (лац. mausoleum ад грэч. Mausōleion),
манументальнае пахавальнае збудаванне. Назва ад пахавальні карыйскага цара Маўсола ў г.Галікарнас (цяпер Турцыя; сярэдзіна 4 ст. да н.э.). Стараж. М. ўключалі камеру (часта падземную), у якой знаходзіліся астанкі памерлага, і часам памінальную залу. Як тып арх. збудавання вядомы ў Стараж. Рыме (М. Аўгуста, Адрыяна і інш.), у сярэднія вякі ў Сярэдняй Азіі (Гур-Эмір у Самаркандзе), Азербайджане, Індыі, Казахстане (М.-мячэць Хаджа Ахмеда Ясаві ў г. Туркестан) і інш. Архітэктура М. заснавана на выкарыстанні аб’ёмнай кампазіцыі ў спалучэнні з багатым маст. і арх. дэкорам. У 1-й пал. 20 ст. ў некат. краінах М. спалучалі з трыбунамі (Г.Дзімітрова ў Сафіі, 1949, арх. Г.Аўчараў, Р.Рыбараў). У асобных краінах М. ўзводзяць у гонар гіст. значных асоб [Ібн Сіны (Авіцэны) у Іране, 1952].
У 1924 у Маскве на Краснай плошчы каля Крамлёўскай сцяны пабудаваны М. У.І.Леніна (паводле праекта А.Шчусева) — драўляны, увянчаны пірамідай куб з 2 бакавымі прыбудовамі. У 1929—30 М. у ранейшай канфігурацыі зроблены з мармуру, граніту, лабрадарыту, парфіру з трыбунамі (арх. Шчусеў, І.Француз, Г.Якаўлеў). У яго буд-ве ўдзельнічалі майстры з Беларусі (з в. Грабаўка Гомельскай вобл.). У 1945 над М. надбудавана цэнтр. трыбуна (арх. Шчусеў), якая да 1990-х г. была ўрадавай у час ваен. парадаў, дэманстрацый, мітынгаў і інш. У 1953—61 у М. знаходзілася цела І.В.Сталіна (іл.гл. да арт.Красная плошча).
С.А.Сергачоў.
Маўзалей у гонар Ібн-Сіны (Авіцэны) у Іране. 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ПАЛ (італьян. cupola купал, скляпенне ад лац. cupula бочачка) у архітэктуры, прасторавая апорная канструкцыя пакрыццяў (або само пакрыццё), форма якой блізкая да паўсферы ці іншай паверхні вярчэння. Перакрывае без апор значныя па памерах памяшканні пераважна круглыя, шматвугольныя, эліптычныя ў плане.
Вядомы са старажытнасці, першапачаткова ў выглядзе т. зв. несапраўдных К., дзе гарыз. рады муроўкі навісалі адзін над адным і не перадавалі сценам намаганняў распору (будынкі ў г. Эшнуна ў Двухрэччы, цяпер Ірак, пач. 3-га тыс. да н.э.). Удасканалены ў архітэктуры Стараж. Рыма (Пантэон, каля 125), Візантыі, Еўропы, Каўказа (паявіліся знешнія абалонкі, канфігурацыя якіх адрознівалася ад уласна К.). Быў пашыраны ў рус. сярэдневяковай архітэктуры, у збудаваннях Сярэдняй Азіі (маўзалей Гур-Эмір у Самаркандзе, 1404). Сярод выдатных купальных збудаванняў — сабор Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ ў Фларэнцыі (1420—36, арх. Ф.Брунелескі), царква Сан-Ларэнца ў Турыне (абодва Італія; 1668—87, арх. Г.Гварыні), Казанскі сабор у Санкт-Пецярбургу (1801—11, арх. А.Вараніхін) і інш.
На Беларусі вядомы з 11—12 ст. Ужываліся ў крыжова-купальных храмах (Сафійскі сабор і Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку, Благавешчанская царква ў Віцебску). Пашыраны ў архітэктуры стыляў рэнесансу, барока, дзе адыгрывалі важную ролю ў інтэр’еры і вонкавым выглядзе збудаванняў. Ставілі К. над сяродкрыжжам крыжова-купальных базілік (касцёлы езуітаў у Нясвіжы і Гродне, Успенскі сабор у в. Жыровічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.). З канца 18 ст. шырока выкарыстоўваліся ў культавай і грамадз. архітэктуры класіцызму (палац і Петрапаўлаўскі сабор у Гомелі). Купальныя вярхі былі пашыраны і ў драўляным дойлідстве 18—19 ст. (Міхайлаўская царква ў в. Рубель Столінскага р-на Брэсцкай вобл.). У 20 ст. з развіццём маналітнага і зборнага жалезабетону, танкасценных скляпенняў-абалонак і метал. канструкцый павялічылася разнастайнасць структур і форм К.: рабрыстыя, рабрыста-кальцавыя, сеткавыя, з хвалістай унутр. паверхняй, «геадэзічныя» (утвораныя са стандартных шматвугольных элементаў), зборныя і інш. Жалезабетоннымі К. накрыты будынкі цыркаў у Мінску і Гомелі. Ствараюцца новыя тыпы К. з палімерных матэрыялаў, з падвойнай надзіманай абалонкай і інш.
Літ.:
Кузнецов А.В. Тектоника и конструкция центрических зданий. М., 1951;
Гохарь-Хармандарян И.Г. Большепролетные купольные здания. М., 1972.