ПАПАНДРЭ́У ((Papandreu) Андрэас) (5.2.1919, в-аў Хіяс, Грэцыя — 23.6.1996),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Грэцыі. Сын Г.Папандрэу. Вучыўся ў Гарвардскім ун-це (г. Кеймбрыдж, ЗША). З пач. 1940-х г. у эміграцыі, да 1964 быў грамадзянінам ЗША. З 1961 у Грэцыі, пасля ваен. перавароту 1967 зноў у эміграцыі, дзе стварыў Усягрэчаскі вызв. рух. Пасля падзення ваен. дыктатуры (1974) вярнуўся ў Грэцыю. Заснавальнік (1974) і старшыня (з 1984) партыі Усягрэчаскі сацыяліст. рух (ПАСОК). Прэм’ер-міністр Грэцыі ў 1981—89 і 1993 — студз. 1996. Працы ў галіне эканомікі.

т. 12, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ПЕЛЬ (Вітаўт Яўхімавіч) (н. 30.5.1927, Мінск),

грамадскі дзеяч бел. эміграцыі, гісторык, бібліёграф. Д-р геал. н. (1955). Ганаровы праф. Гродзенскага ун-та (1993). Сын Я.Кіпеля, муж З.Кіпель. Скончыў Каталіцкі ун-т у г. Лёвен (Бельгія, 1953) і Ратгерскі ун-т у г. Нью-Брансуік (ЗША, 1962). У 1935—42 разам з маці жыў у г. Арол. У 1942 сям’я вярнулася ў Мінск. З 1944 у эміграцыі ў Германіі. У 1945—48 вучыўся ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы. З 1955 у ЗША, працаваў у навук.-прамысл. кампаніях і Балтымарскім ун-це. У 1962—85 супрацоўнік Нью-Йоркскай публічнай б-кі, займаўся складаннем і апрацоўкай бел. бібліяграфіі. З 1982 старшыня Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку. З 1993 нам. старшыні згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Аўтар прац па гісторыі Беларусі і бел. эміграцыі. Разам з З.​Кіпель склаў бібліяграфію «Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе» (1985), хрэстаматыю і бібліяграфію «Беларуская дзяржаўнасць» (1988).

Тв.:

Беларусы ў ЗША Мн., 1993.

т. 8, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ХАЎРУ́С у Францыі,

культурна-асветная арг-цыя бел. эміграцыі. Засн. ў 1930 у Парыжы. Арганізоўваў лекцыі па эканоміцы, земляробстве, гісторыі Беларусі, знаёміў з бел. культурай і мастацтвам. Пры парыжскім аддзяленні дзейнічалі курсы па падрыхтоўцы спецыялістаў у розных галінах эканомікі, вывучэнні франц. мовы, працавала бібліятэка-чытальня. У 1937 засн. 3 філіі (Біянкур, Па-дэ-Кале, Каньяк). Выдаваў «Бюлетэнь...» (з 1937) і газ. «Рэха» (з 1938). У час 2-й сусв. вайны спыніў дзейнасць, аднавіў у 1947. Падтрымлівае сувязі з інш. бел. суполкамі ў эміграцыі, садзейнічае пашырэнню інфармацыі пра Беларусь у свеце.

Т.​А.​Папоўская.

т. 2, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́ЛАС ЧА́СУ»,

рэлігійна-грамадскі часопіс правасл. беларусаў. Выдаецца з ліп. 1989 у Лондане на бел. мове правасл. бел. суполкай, якая гуртуецца вакол прыхода Ефрасінні Полацкай у Лондане Бел. правасл. царквы на эміграцыі. Выходзіць раз у 2 месяцы. Рэдактар Ю.​Весялкоўскі. Асвятляе пытанні гісторыі хрысціянства, яго ролі ў развіцці культуры народаў свету, у т. л. Беларусі (нарыс Весялкоўскага «Хрысціянства ад Галілеі да Беларусі»), гісторыі Беларусі ад часоў ВКЛ да нашых дзён, праблемы бел. нац. адраджэння. Інфармуе пра жыццё бел. эміграцыі, паліт., эканам. і культ. становішча ў Рэспубліцы Беларусь і інш.

Л.​У.​Языковіч.

т. 5, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПО́ЛАЦАК».

беларускамоўны грамадскі, гісторыка-культуралагічны і літ. ілюстраваны часопіс, які выдаваўся ў 1991—97, у г. Кліўленд (ЗША) бел.-амерыканскім культ.-асв. цэнтрам «Полацак». Гал. мэта выдання часопіса — спрыянне паяднанню беларусаў замежжа і Бацькаўшчыны. Раздзелы і рубрыкі: «Наша гісторыя», «Роднае слова», «Чарнобыльскі шлях», «Вобразы Бацькаўшчыны», «З жыцьця эміграцыі», «З эмігранцкіх выданьняў» і інш. Апублікаваў дакументы 19-й і 20-й сустрэч беларусаў Паўн. Амерыкі, I з’езда беларусаў свету, сустрэчы кіраўнікоў бел. суполак у замежжы, артыкулы па гісторыі і сучасным стане бел. эміграцыі, матэрыялы пра бел. асветнікаў і інш. Выйшла больш за 40 нумароў.

А.​С.​Ляднёва, А.​Я.​Белы.

т. 12, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКАЛА́Й (у свеце Мацукевіч Міхаіл; н. 2.6.1917, хутар Суяцін Саратаўскай вобл., Расія),

бел. рэлігійны і грамадскі дзеяч у эміграцыі. Бацькі паходзілі з в. Моталь Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл., у 1-ю сусв. вайну выехалі ў Паволжа і ў 1921 вярнуліся на радзіму. Скончыў укр. духоўную семінарыю ў Вініпегу (Канада, 1954). У 1939 служыў у Войску Польскім. У час ням.-фаш. акупацыі Беларусі ў крас. 1944 вывезены на прымусовую працу ў Германію. З сак. 1945 у Англіі, адзін са стваральнікаў Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі. Са жн. 1951 у Канадзе. У маі 1952 пасвячоны ў святара, з 1954 настаяцель прыхода св. Кірылы Тураўскага ў г. Таронта Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) на эміграцыі. У 1966 прыняў манаства, у 1968 пасвячоны ў епіскапа турава-пінскага і таронцкага. У маі 1983 на Надзвычайным Саборы БАПЦ выбраны яе першаіерархам. Адзін з ініцыятараў стварэння Бел. к-та дапамогі ахвярам радыяцыі (1989, у эміграцыі). Выдаў. «Праваслаўны малітоўнік» (1966) і «Службоўнік» (1980).

Літ.:

Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст. Мн.;

Мюнхен, 1999. С. 124—125.

Л.​У.​Языковіч.

т. 10, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗА́ПИСЫ»,

навуковы часопіс бел. эміграцыі. Выдаецца з 1952 на бел. мове (кн. 1—22; у 1952—54 і з 1974 у Нью-Йорку; у 1962—70 у Мюнхене, Германія) Беларускім інстытутам навукі і мастацтва ў Нью-Йорку. Гал. рэдактары В.​Тумаш, С.​Станкевіч, Т.​Бэрд. Мае раздзелы: «Даследаванні», «Рэфератныя працы», «Нарысы», «Успаміны», «Дакументы», «Зацемкі», «Бібліяграфія», «Хроніка беларускага жыцця ў беларускім замежжы», «Кнігапіс». Друкуе працы па бел. гісторыі, мове, л-ры, мастацтве, эканоміцы, матэрыялы пра дзеячаў гісторыі і культуры Беларусі, рэцэнзіі на беларусазнаўчыя выданні, хроніку бел. навук.-культ. жыцця на эміграцыі. За час існавання «З.» сталі цэнтрам гуртавання інтэлектуальных сіл зах. бел. дыяспары.

А.​С.​Ляднёва.

т. 6, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУН (Юльян) (парт. псеўд. Спіс, Брановіч; 21.4.1886, Варшава — 28.4.1942),

рэвалюцыйны дзеяч і публіцыст КПП і КПЗБ. Чл. СДКПіЛ з 1905, КПП з 1919. Пасля рэвалюцыі 1905—07 у эміграцыі ў Францыі, Балгарыі. З 1919 чл. Цэнтр. рэдакцыі КПРП у Польшчы. У 1924 арыштаваны польскімі ўладамі і засуджаны на 8 гадоў турмы. У выніку абмену паліт. зняволенымі з 1926 у СССР. З 1929 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі, прадстаўнік ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б. Чл. ЦК КПП у 1923—30, чл. ЦК КПЗБ у 1929—38. Адзін з рэдактараў часопіса ЦК КПП «Nowy przegląd» («Новы агляд»). У 1936—41 у эміграцыі ў Бельгіі, Францыі. Перад Вял. Айч. вайной жыў у СССР.

т. 3, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ЛЕШ ((Illés) Бела) (22.3.1895, г. Кошыцы, Славакія — 1.5.1974),

венгерскі пісьменнік. Скончыў Будапешцкі ун-т. Удзельнік рэв. 1919 у Венгрыі, потым у эміграцыі. З 1921 у Аўстрыі, Чэхаславакіі, у 1923—45 у СССР. У 2-ю сусв. вайну служыў у Чырв. Арміі. Аўтар раманаў «Нататкі доктара Пала Утрыуша» (1917), «Ціса гарыць» (на рус. мове 1929—33, венг. — 1957), «Вяртанне радзімы» (кн. 1—3, 1952—54), трылогіі «Карпацкая рапсодыя» (на рус. мове. 1941, венг. — 1945), аповесцей, апавяданняў. Гал. тэмы твораў — рэв. рух венг. рабочых, сац. абуджэнне сялянства, падзеі 2-й сусв. вайны, лёс венг. эміграцыі.

Тв.:

Бел. пер. — Тыса гарыць: Раман. Кн. 1—3. Мн., 1932—34;

Рус. пер. — Избранное. М., 1974.

Е.​А.​Лявонава.

т. 7, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНГЕ́ ((Longuet) Шарль) (14.2.1839, г. Кан, Францыя — 5.8.1903),

дзеяч франц. і міжнар. сацыяліст. руху, журналіст. З пач. 1860-х г. супрацоўнік і рэдактар шэрагу апазіц. газет, удзельнік апазіц. руху супраць Другой імперыі. У 1865—70 у эміграцыі ў Бельгіі. З 1865 чл. Інтэрнацыянала 1-га, у 1866—68 і 1871—72 чл. яго Ген. савета. У 1871—80 у эміграцыі ў Вялікабрытаніі. У франка-прускую вайну 1870—71 удзельнічаў у абароне Парыжа, чл. Парыжскай камуны 1871 і гал. рэдактар яе друкаванага органа. У 1880-я г. супрацоўнічаў з пасібілістамі. Дэлегат 1-га (1889) і 5-га (1900) кангрэсаў Інтэрнацыянала 2-га. Пераклаў на франц. мову (1901) твор К.​Маркса «Грамадзянская вайна ў Францыі».

т. 9, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)