МАРГАРЫ́ТА ДА́ЦКАЯ (Margarethe af Danmark; сак. 1353, Зёберг, Данія — 28.10.1412),

каралева Даніі і Нарвегіі (з 1387), Швецыі (з 1389). Дачка дацкага караля Вальдэмара IV Атэрдага і жонка нарв. караля Хокана VI. Замест малалетняга сына Олуфа (дацкі кароль з 1376, нарв. — з 1380) правіла Даніяй і Нарвегіяй. Пасля смерці сына (1387) — каралева Даніі і Нарвегіі, пасля перамогі ў дацка-швед. вайне 1389 — таксама і Швецыі. Ініцыіравала Кальмарскую унію (1397), пры заключэнні якой каралём Даніі, Швецыі і Нарвегіі (суправіцелем і спадкаемцам М.Д.) быў выбраны яе стрыечны пляменнік герцаг Эрык Памеранскі.

т. 10, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́НДЫ,

у сярэдневяковых сканд. краінах назва ўсіх вольных людзей (земляробы, жывёлаводы, паляўнічыя, рыбакі), якія не належалі да знаці; вольныя сяляне. Мелі сваю гаспадарку, жылі на адасобленых хутарах (у Нарвегіі, Ісландыі і некаторых раёнах Швецыі) ці ў невялікіх вёсках (у Даніі і б.ч. Швецыі) і, акрамя дацкіх бондаў, захоўвалі асабістую свабоду на працягу ўсяго сярэдневякоўя.

т. 3, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЛЬТ ((Bildt) Карл) (н. 15.7.1949, г. Хальмстад, Швецыя),

дзяржаўны і палітычны дзеяч Швецыі. Скончыў Стакгольмскі ун-т. У 1973—74 старшыня Свабоднага студэнцкага саюза Памяркоўнай кааліцыйнай партыі (ПКП). У 1974—76 старшыня Арг-цыі еўрап. студэнтаў-дэмакратаў, адначасова сакратар па паліт. пытаннях ПКП. З 1979 дэп. рыксдага (парламента). З 1986 старшыня ПКП. У 1991—94 — прэм’ер-міністр Швецыі. З 1995 пасрэднік Еўрап. саюза па ўрэгуляванні Баснійскага крызісу 1990-х г.

т. 3, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЛЬМЕ ((Palme) Свен Улаф) (30.1.1927, Стакгольм — 28.2.1986),

шведскі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. Скончыў Стакгольмскі ун-т (1951). З жн. 1944 журналіст у цэнтр. органе Кансерватыўнай партыі газ. «Svenska Dagbladet» («Шведская дзённая газета»). З 1953 асабісты сакратар прэм’ер-міністра Швецыі Т.Эрландэра. З 1958 дэп. парламента. З 1963 міністр-кансультант, з 1965 міністр камунікацый, з 1967 міністр асветы і культуры. З 1969 старшыня швед. С.-д. рабочай партыі. У 1969—76 прэм’ер-міністр Швецыі. Працягваў рэфарматарскі курс Эрландэра, выступаў за спыненне вайны ЗША у В’етнаме. У 1979—80 старшыня Паўн. савета. З вер. 1980 узначальваў створаную ім міжнар. няўрадавую «Незалежную камісію па раззбраенні і бяспецы» («Камісія П.»), якая распрацавала прапановы па стварэнні бяз’ядзернай зоны ў Цэнтр. Еўропе і шэраг інш. рэкамендацый для ААН. З 1982 зноў прэм’ер-міністр Швецыі. Застрэлены ў Стакгольме невядомым забойцам.

Літ.:

Похлебкин В.В. Олоф Пальме // Вопр. истории. 1990. № 7.

С.У.Пальме.

т. 12, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭДУ́КЦЫЯ (гіст.),

адабранне каралеўскай уладай некат. еўрап. дзяржаў у 16—17 ст. былых каронных зямель, якія па розных прычынах перайшлі ў рукі феад. арыстакратыі. Найб. значэнне і памеры Р. набыла ў Швецыі ў 2-й пал. 17 ст., дзе яна мела на мэце ўмацаванне каралеўскага абсалютызму. Пры Каралю Карле X [1654—60] на рыксдагу 1655 прынята пастанова аб частковай Р. Пры карле XI [1660—97] праведзена т.зв. вял. Р., распачатая ў 1680 і ў асн. завершаная да 1700. У выніку гэтай Р. памеры буйнога дваранскага землеўладання ў Швецыі і падуладных ёй землях (у т. л. ў Ліфляндыі, што ў 1629 перайшла ад ВКЛ да Швецыі) скараціліся прыблізна ўдвая. У Польшчы рашэнне аб Р. («экзекуцыі», «рэвіндацыі») каралеўскіх маёнткаў, што былі раздадзены магнатам пасля 1504, было прынята на сейме 1562—63 па патрабаванні шляхты. Р. ў Польшчы была этапам барацьбы ўнутры класа феадалаў за пераразмеркаванне зямельнай уласнасці.

т. 13, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕН,

адм.-тэр. адзінка ў Швецыі (24 у 1998); узначальваецца губернатарам, падзяляецца на сельскія камуны і гарады.

2) Тое, што феод.

т. 9, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

э́рэ

(сканд. ore)

разменная манета Швецыі, Нарвегіі і Даніі, роўная 1/100 кроны2 1.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АНЬЯ́ЛЬСКІ САЮ́З,

палітычная групоўка афіцэраў шведскай арміі (113 афіцэраў-дваран), якая выступіла ў 1788 супраць абсалютызму караля Густава III. 12.8.1788 у мяст. Аньяла (Паўд. Фінляндыя) яны склалі «Дэкларацыю аньяльскіх канфедэратаў», або «Умову фінскай арміі», дзе патрабавалі ад караля спыніць распачатую ім без згоды парламента вайну з Расіяй, уступіць з ёю ў перагаворы аб міры, вярнуцца да канстытуцыйнага праўлення; ч. афіцэраў дамаглася дзярж. аддзялення Фінляндыі ад Швецыі. Удзельнікі саюза ўступілі ў кантакт з рас. урадам. Не атрымаўшы падтрымкі ў Швецыі і Пецярбургу, Аньяльскі саюз распаўся восенню 1788, яго ўдзельнікі арыштаваны і асуджаны.

т. 1, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САА́МСКАЯ МО́ВА, лапарская мова, лапландская мова,

адна з фіна-ўгорскіх моў, якая складае асобую галіну гэтай сям’і; мова саамаў. Блізкая да прыбалт.-фінскіх моў. Пашырана ў паўн. Нарвегіі, Швецыі, Фінляндыі, Расіі (на Кольскім п-ве). Мае 2 групы дыялектаў: зах. (на тэр. Нарвегіі, Швецыі, часткова Фінляндыі) і ўсх. (на тэр. Расіі і Фінляндыі). С.м. ўласцівы: у фанетыцы — розныя ступені працягласці галосных і зычных, вял. колькасць зычных фанем, сістэма чаргаванняў галосных па якасці, зычных па якасці і колькасці; у марфалогіі — наяўнасць у большасці дыялектаў парнага ліку; у сінтаксісе — адсутнасць дапасавання прыметнікаў-азначэнняў з назоўнікамі ў ліку і склоне.

Пісьменнасць С.м. Швецыі, Нарвегіі, Фінляндыі з 17 ст. на аснове лац. графікі; у Расіі з пач. 1930-х г. на аснове лац. графікі, пазней пераведзена на рус. графіку (існавала да 1937). У 1980-я г. пісьменнасць саамаў у Расіі адноўлена на аснове рус. графікі; створаны буквар і слоўнік для школ.

Літ.:

Керт Г.М. Саамский язык: Фонетика, морфология, синтаксис. Л., 1971.

т. 14, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫКСДА́Г (швед. riksdag),

аднапалатны парламент у Швецыі. Выбіраецца на ўсеагульных выбарах. Прымае законы, устанаўлівае падаткі, выбірае кіраўніка ўрада, валодае шырокімі правамі ў розных галінах жыцця краіны.

т. 13, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)