А́НГСТРЭМ ((Ångström) Андэрс Іонас) (13.8.1814, г. Лёгдзё, Швецыя — 21.6.1874),
шведскі фізік, адзін з заснавальнікаў спектральнага аналізу. Скончыў Упсальскі ун-т (1839), дзе працаваў (з 1858 праф., у 1870—71 рэктар). Навук. працы Ангстрэма па спектральным аналізе, магнетызме, цеплавых з’явах і ўласцівасцях металаў. Вызначыў з вял. дакладнасцю даўжыні хваляў і склаў першы падрабязны атлас спектральных ліній сонечнага спектра. Адкрыў вадарод у сонечнай атмасферы. Імем Ангстрэма наз. адзінка даўжыні, роўная 10−10м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́РКА (Birka),
рэшткі стараж. горада (гарадзішча, могільнік) на в-ве Б’ёркё ў паўн.-ўсх. частцы воз. Меларэн (Швецыя). Горад заснаваны каля 800, знішчаны пажарам каля 975. Складаўся з замка на скале і вакольнага горада. На могільніку даследавана больш за 1200 пахаванняў (большасць курганныя), у т. л. багатых гараджан з рабынямі, коньмі, зброяй, каштоўнымі ўпрыгожаннямі, начыннем і інш.
А.В.Іоў.
Да арт.Бірка. Варажскі коннік ва ўсходнееўрапейскім узбраенні. Рэканструкцыя паводле матэрыялаў могільніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛЕ́Н ((Dalén) Нільс Густаў) (30.11.1869, г. Стэнстарп, Швецыя — 9.12.1937),
шведскі інжынер і вынаходнік. Чл. Шведскай каралеўскай акадэміі (1913), Шведскай акадэміі навук і тэхнікі (1919). Скончыў Ін-т Чалмерса ў г. Гётэбарг (1896). Працаваў у шведскіх кампаніях (карбідна-ацэтыленавай, газавых акумулятараў). Даследаваў паветр. турбіны і помпы, кампрэсары. Распрацаваў газавы акумулятар, эфектыўную печ, вынайшаў аўтам. рэгулятар для крыніц святла на маяках і буях (запальвалі ацэтыленавае полымя з наступленнем цемнаты і гасілі на світанні). Нобелеўская прэмія 1912.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МААСТРЫ́ХЦКІ ДАГАВО́Р 1992,
дагавор краін-удзельніц Еўрапейскіх эканамічных супольнасцей аб стварэнні Еўрапейскага саюза (ЕС), падпісаны ў г. Маастрыхт (Нідэрланды) 7.2.1992 дванаццаццю краінамі (Францыя, Германія, Італія, Бельгія, Нідэрланды, Люксембург, Вялікабрытанія, Данія, Ірландыя, Грэцыя, Іспанія, Партугалія). У 1995 да дагавора далучыліся Швецыя, Фінляндыя, Аўстрыя. Асн. мэтай М.д. было ўсебаковае паглыбленне інтэграцыі ў паліт., эканам., валютнай, сац. і інш. сферах, узмацненне грашовых сувязей краін-удзельніц ЕС і стварэнне агульнай грашовай адзінкі (еўра, уведзена з 1999).
шведскі паэт.Чл. Шведскай акадэміі (з 1904). Скончыў Упсальскі ун-т (1902). Дэбютаваў паэт.зб. «Песні пра дзікую прыроду і каханне» (1895). Аўтар зб-каў «Песні Фрыдаліна» (1898), «Сад Фрыдаліна» (1901), «Флора і Памона» (1906), «Флора і Белона» (1918), «Асенні горн» (1927), літ.-знаўчых прац. Паэзія К. адметная лірызмам, фалькл. сакавітасцю і этнагр. канкрэтнасцю. Нобелеўская прэмія 1931.
Тв.:
Рус.пер. — у кн.: Западноевропейская поэзия XX в. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕЙДА́НСКІ ДАГАВО́Р 1655,
пагадненне пра аб’яднанне ВКЛ са Швецыяй. Заключаны ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у Кейданах (Жамойць) па ініцыятыве вял. гетмана ВКЛ Я.Радзівіла. Калі побач з маск. войскам у вайну супраць Рэчы Паспалітай уступіла і Швецыя (гл.Паўночная вайна 1655—60), Радзівіл летам 1655 абвясціў пра гатоўнасць прызнаць швед. караля Карла X Густава вял. князем ВКЛ. У Рыгу выехаў пасол ВКЛ Г.Любянецкі прасіць пратэкцыі і ваен. дапамогі. Быў прывезены праект пагаднення, падпісаны ў Кейданах 17 жн. Радзівілам, вольным гетманам ВКЛ В.А.Корвін-Гасеўскім, іерархамі каталіцкай царквы і многімі ваен. чынамі (436 чал.). Большасць шляхты не прыняла дакумент і заставалася на баку караля Яна II Казіміра. Пагадненне прадугледжвала аб’яднанне (унію) ВКЛ са Швецыяй на роўных правах. Унія ВКЛ з Польшчай аўтаматычна касавалася. Шведскі кароль абавязаўся выгнаць з ВКЛ маск. войска. З прычыны разладу ў лагеры прыхільнікаў дагавора 20 кастр. прыняты новы варыянт дакумента, які прадугледжваў у асн. тыя ж умовы аб’яднання ВКЛ са Швецыяй. У выніку К.д. Швецыя ўзяла пад ахову сваіх узбр. сіл частку зах. зямель ВКЛ. Пасля смерці гал. ініцыятара дагавора Радзівіла ў крас. 1656 у Жамойці адбылося антышведскае паўстанне. Шведская адміністрацыя і войска адышлі ў Інфлянты, К.д. канчаткова страціў сілу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ДЛЕРФЕЛЬТ ((Adlerfelt) Густаў) (1671—9.7.1709),
шведскі прыдворны. Вучыўся ва ун-тах Упсалы (Швецыя), Гале (Германія), падарожнічаў па краінах Еўропы. З 1700 гофюнкер, з 1701 пры двары Карла XII, суправаджаў яго ў паходах. Удзельнік Паўн. вайны 1700—21. Загінуў у баі пад Палтавай. Вёў дзённік ваен. падзей, у т. л. на Беларусі, дапаўняў яго афіц. дакументамі, інш. крыніцамі. Часткова надрукаваны (ананімна) у 1707 у Гамбургу, дапрацаваны сынам, выдадзены на франц., англ. і ням. мовах (1740—42); у арыгінале выдадзены ў 1919.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮДЖЭ́ТНЫ ГОД,
заканадаўча ўстаноўлены гадавы тэрмін складання, зацвярджэння і выканання бюджэту. У большасці краін бюджэтны год адпавядае каляндарнаму (Беларусь, Канада, Расія, Украіна, Францыя, ФРГ і інш.), у некаторых ахоплівае перыяд з 1 ліп. да 30 чэрв. (ЗША, Швецыя, Нарвегія і інш.), а ў іншых — з 1 крас. да 31 сак. (Вялікабрытанія, Данія, Індыя, Японія і інш.). Існуюць і інш. тэрміны бюджэтнага году. Але ў многіх краінах намячаецца пераход тэрміну бюджэтнага году да каляндарнага, што спрошчвае эканам. прагназаванне даходаў і расходаў дзярж. бюджэтаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДАЛІ́Н ((Gadolin) Юхан) (Іаган; 5.6.1760, г. Турку, Фінляндыя — 15.8.1852),
фінскі хімік. Чл.-кар.Пецярб.АН (1811). Вучыўся ва ун-тах у гарадах Аба і Упсала. У 1785—1822 працаваў ва ун-це ў г. Аба (з 1797 праф.). Навук. працы па неарган. хіміі. Пры даследаванні мінералу, знойдзенага каля г. Ітэрбюнс. Ітэрбю (Швецыя), адкрыў невядомую раней «зямлю» (сумесь аксідаў рэдказямельных металаў), якую назваў ітрыевай, што было пачаткам адкрыцця рэдказямельных элементаў. У яго гонар мінерал назвалі гадалінітам, а адзін з рэдказямельных металаў гадалініем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ НАВУКО́ВА-ТЭХНІ́ЧНЫ ЦЭНТР,
(МНТЦ), міжурадавая арганізацыя, якая садзейнічае пераарыентацыі ведаў і вопыту вучоных, звязаных з распрацоўкай і вытв-сцю зброі масавага знішчэння, на мірную дзейнасць. Засн. Еўрапейскім саюзам, Расіяй і ЗША (1992). Асн. мэты: фінансаванне грамадз. праектаў, заахвочванне і пашырэнне магчымасцей навук.-тэхн. супрацоўніцтва, а таксама фінансаванне і арганізацыя семінараў і навуч. курсаў. У 1994 да МНТЦ далучыліся з мэтай фінансавання Фінляндыя, Швецыя, Нарвегія, у 1998 — Карэя. Беларусь далучылася да МНТЦ у 1994, у 1996 адкрыта Бел. рэгіянальнае аддзяленне МНТЦ.