помнік архітэктуры эклектыкі ў Магілёве. Узведзены ў 2-й пал. 19 ст. ў гіст. цэнтры горада, спалучае рысы стыляў позняга класіцызму і псеўдарускага. Мураваны будынак складаецца са злучаных 2 прамавугольных у плане аб’ёмаў: 3- і 2-павярховага. Гал. тарцовы фасад карнізнымі паясамі (цягамі) падзелены на 3 ярусы: 1-ы ярус масіўны, з 4 руставанымі пілонамі, мае невял. спараныя арачныя аконныя праёмы абапал параднага ўвахода; 2-і ярус вылучае група парадных памяшканняў, вырашаны ён больш багата: паміж падвойнымі пілонамі высокія арачныя спараныя вокны-біфорыумы, аздобленыя архівольтамі, калонамі, сандрыкамі; 3-і ярус рытмічна расчлянёны невял. прамавугольнымі аконнымі праёмамі, згрупаванымі па 3. Сцены завершаны высокім складаным па форме прафіляваным карнізам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАНЭ́ЧКАЎСКІ Ю́Р’ЕЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік драўлянага дойлідства 18—19 ст. у в. Паланэчка Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1751, у 1899 рэканструяваны (арх. К.Вайцяхоўскі) непадалёку ад Паланэчкаўскага палацава-паркавага ансамбля. У архітэктуры выкарыстаны элементы стылю несапраўднай готыкі Прамавугольны ў плане асн. аб’ём з 5-граннай апсідай. З У да апсіды прылягаюць 2 нізкія сакрысціі, аднасхільныя дахі якіх сіметрычна выступаюць за асн. аб’ём. З захаду на гал. фасадзе 2 вежы, завершаныя глухімі чацверыкамі з высокімі пірамідальнымі шатрамі. Паміж вежамі — франтон з люнетам. Гал. ўваход аформлены дэкар. ганкам з 2-схільным навесам на 2 калонках. У інтэр’еры арган, аздоблены віленскім майстрам Ф.Астрамескім (1897), 2-ярусны разьбяны алтар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАГА АКРУГО́ВАГА СУДА́ БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры класіцызму ў Магілёве. Узведзены ў 1770-я г. на Губернатарскай пл. (сучасная Савецкая пл.) як будынак ніжняга земскага суда, урачэбнай управы і архіва. Мураваны прамавугольны ў плане аб’ём быў падзелены капітальнымі сценамі на 3 часткі (для кожнай установы). Збоку дваровага фасада кожная з устаноў мела асобны дворык, абнесены мураванай сцяной (не захавалася). У 1883 надбудаваны 3-і паверх, дэкарыраваны гал. фасад, зменена ўнутр. планіроўка, будынак прыстасаваны пад акр.суд. У цэнтры гал. фасада — уваходны партал. Прамавугольныя аконныя праёмы ў простых ліштвах, на 1-м і 3-м паверхах аздоблены замковым каменем, на 2-м завершаны праз адзін сандрыкамі або трохвугольнымі франтонамі. Разбураны ў Вял.Айч. вайну. У 1950-я г. адноўлены і пераабсталяваны пад Магілёўскі абл. краязнаўчы музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ САБО́РНАЯ ПЛО́ШЧА,
горадабудаўнічы ансамбль канца 18—1-й пал. 19 ст. ў Магілёве (цяпер плошча перад гасцініцай «Дняпро» па вул. Першамайскай). Створана паводле праекта арх. М.Львова і В.Стасава. Плошча ў плане мела форму эліпса. Кампазіцыйным цэнтрам яе быў Магілёўскі Іосіфаўскі сабор, па баках яго знаходзіліся 1-павярховыя флігелі з вежамі-ратондамі, злучаныя з саборам мураванай сцяной з металічнымі ажурнымі кратамі. Насупраць сабора ў 1780 пабудавана манум. брама з 2 невял. флігелямі па баках (звязаны з брамай такой жа агароджай). У 1820—30-я г. ансамбль плошчы завершаны будынкам манежа, за ім разбіты гар. сквер (паводле праекта Стасава). Плошча атрымала замкнёную кампазіцыю і стала гал. кампазіцыйным цэнтрам горада. Ансамбль плошчы не захаваўся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ АРХІРЭ́ЙСКІ ПАЛА́Ц,
помнік архітэктуры позняга барока ў Магілёве. Узведзены ў 1762—85 паводле праекта арх. І.К.Глаўбіца. Уваходзіў у арх. ансамбль Магілёўскага Спаскага манастыра. З’яўляўся рэзідэнцыяй архіепіскапа Г.Каніскага ў 1785—95 (па яго ініцыятыве пабудаваны), з 1797 — А.Братаноўскага. Мураваны 3-павярховы будынак (3-і паверх — атыкавы ў цэнтр. частцы), прамавугольны ў плане з сіметрычнымі 2-павярховымі рызалітамі па баках, накрыты высокім ламаным дахам. Гал. і дваровы фасады маюць крывалінейныя пераходы да рызалітаў, прамавугольныя аконныя праёмы з ліштвамі, філянговыя нішы, тонкапрафіляваныя карнізы. Гал. ўваход вылучаны арачным парталам з казырком на металічных калонках. Пасля 1853 на тэр. архірэйскага двара як гал. ўезд пабудавана мураваная брама: 2 масіўныя пілоны, аздобленыя 2 дарычнымі паўкалонамі і завершаныя франтонамі; да іх паўкругам далучаны мураваныя слупы, аб’яднаныя ажурнай металічнай агароджай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ЦАРКВА́ АЛЯКСА́НДРА НЕ́ЎСКАГА,
помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рус. стылю ў Мінску. Пабудавана ў 1898 на Вайсковых могілках як храм-помнік у гонар перамогі ў рус.-тур. вайне 1877—78. Мураваны крыжова-купальны 4-стаўповы 3-нефавы храм з 3-граннай апсідай. Мае асіметрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, над сяродкрыжжам якой узвышаецца масіўны купал на 8-гранным светлавым барабане, завершаны цыбулепадобнай галоўкай. Дамінанта кампазіцыі — 2-ярусная вежа-званіца з шатровым пакрыццём — размешчана над прытворам. Пластыку фасадаў узбагачаюць аркатурныя паясы, складаныя дэкар. арачкі над аконнымі і дзвярнымі праёмамі, разеткі, складана-прафіляваны карніз, арнаментальны фрыз. Інтэр’ер багата дэкарыраваны. У прытворы — мемар. дошка з імёнамі воінаў-беларусаў 30-й артыл. брыгады і 119-га Каломенскага палка, якія загінулі пад Плеўнай (Балгарыя).
Літ.:
Церковь Святого Благоверного Великого Князя Александра Невского, 1898—1998 / Автор текста Г.Шейкин. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́СКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры класіцызму ў г.п. Рось Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1801 з цэглы. У 1908 на ПдУ ад касцёла пастаўлена 2-ярусная мураваная званіца. Храм прамавугольны ў плане, з крыху выступаючым трансептам і паўцыркульнай апсідай. Гал. (паўд.) фасад завершаны трыгліфным фрызам з развітым карнізам, над якім атыкавы франтон з паўкруглым аконным праёмам у тымпане. Бакавыя фасады дэкарыраваны рустоўкай і завершаны прафіляваным карнізам. На сценах, скляпеннях асн. аб’ёму і алтарнай ч. жывапісныя кампазіцыі на біблейскія тэмы і дэкар.-арх. размалёўка, якая стварае ілюзорнае ўяўленне прасторы. Драўляны разны алтар 2-ярусны, расчлянёны калонамі карынфскага ордэра, дэкарыраваны накладной пазалочанай разьбой і скульптурай. Захаваўся абраз 17 ст. «Маці Божая з дзіцем» (перанесены з капліцы в. Мачульна ў 1945).
В.В.Церашчатава, Т.І.Чарняўская.
Роскі Троіцкі касцёл.Роскі Троіцкі касцёл. Фрагмент галоўнага алтара.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ВАРВА́РЫНСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры неараманскага стылю. Першапачаткова мураваны касцёл быў пабудаваны ў 1785 на каталіцкіх могілках, побач — мураваная капліца (у 1800 новая) і драўляны дом-плябанія. Пабудовы мелі мураваную агароджу з трохпралётнай уязной брамай. У 1885 касцёл перабудаваны (інж.-арх. В.Піятроўскі), стаў 3-нефавай 2-вежавай базілікай. У цэнтры гал. фасада — арачны партал з трохвугольным франтонам, над ім 3 арачныя нішы. Двух’ярусныя вежы завершаны высокімі шатрамі. Першы ярус вежаў 4-гранны, кожная з граней прарэзана трохарачнымі праёмамі, другі — 6-гранны, кожная грань мае па аднаму арачнаму праёму, скошаная і завершана трохвугольным франтонам. Ярусы аддзяляюцца карнізам з шырокім арнаментальным поясам. У дэкоры неатынкаваных фасадаў касцёла выкарыстаны дэталі з лякальнай цэглы: карнізы з зубчастым поясам, аркатурны пояс, пілястры, калонкі, нішы і інш. У Вял.Айч. вайну будынкі і агароджа часткова разбураны. У 1990 рэстаўрыраваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ ДОМ ГУБЕРНА́ТАРА Існаваў у 2-й пал. 18—1-й пал. 20 ст. ў Магілёве. Пабудаваны ў 1778 на б. Губернатарскай пл. ў стылі класіцызму. З’яўляўся рэзідэнцыяй магілёўскіх губернатараў
(у 1872—93 А.С.Дамбавецкага). Мураваны 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак, завершаны вальмавым дахам. Гал. фасад вылучалі 3 рызаліты (цэнтральны з нязначным выступам завершаны трохвугольным франтонам, бакавыя аздоблены вуглавымі пілястрамі),
падзелены карнізным поясам на 2 ярусы. 1-ы ярус аздоблены рустам. Рытм фасадаў стварала сетка прамавугольных аконных праёмаў, завершаных у 2-м ярусе плоскімі сандрыкамі, на цэнтр. рызаліце — трохвугольнымі франтончыкамі. Двор быў абнесены каменнай сцяной, да якой прыбудаваны стайня, свірны і інш.гасп. пабудовы. Уваход у двор афармляла манум. брама ў выглядзе плоскага 4-калоннага порціка з арачным праездам у цэнтры, яна злучала дом з Магілёўскім губернскага праўлення будынкам, утвараючы адзіны ансамбль. У 1944 узарваны ням.-фаш. захопнікамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ КАСЦЁЛ І КАЛЕ́ГІУМ ЕЗУІ́ТАЎ.
Існавалі ў 17—20 ст. у Магілёве. Комплекс пабудаваны ў канцы 17 — пач. 18 ст. ў стылі барока. Уключаў мураваныя будынкі калегіума (закладзены каля 1686), школы (абодва закончаны ў 1699) і касцёла св. Францыска Ксаверыя і Анёлаў Ахоўнікаў (пасля 1833 правасл. Васкрасенская царква). Касцёл — 3-нефавая базіліка з паўкруглым завяршэннем цэнтр. нефа. Гал. фасад завяршаўся 2 вежамі з барочнымі купаламі. Інтэр’ер аздоблены карынфскімі пілястрамі, размалёўкай. Калегіум засн. Я.Здановіч. 2-павярховы, мураваны, прамавугольны ў плане будынак. Гладкія сцены прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. З 1820 туг была ваен.-афіцэрская школа, у 1826 следчая камісія вяла допыт дзекабрыстаў — чл. «Паўднёвага таварыства» С.І. і М.І.Мураўёвых-Апосталаў, М.П.Бястужава-Руміна і інш. Касцёл і часткова калегіум разабраны пасля Вял.Айч. вайны. Рэшткі калегіума (падвалы, паўд.-зах. дваровы фасад) выкарыстаны пры буд-ве філіяла абл. краязнаўчага музея — музея дзекабрыстаў.