ЛЯВО́ННЫ (Юрка) (сапр.Юркевіч Леанід Мікалаевіч; 29.7.1908, г.Чавусы Магілёўскай вобл. — 1937),
бел.паэт. Скончыў Бел. вышэйшы пед.ін-т (1934). Працаваў у газ. «Магілёўскі селянін», «Звязда», час. «Работніца і калгасніца Беларусі». Восенню 1936 беспадстаўна арыштаваны. Расстраляны ў Мінску. Друкаваўся з 1925. Аўтар зб-каў паэзіі «Камсамольскія вершы» і «Штурм» (абодва 1930), «Жалезныя віхуры» і «Разбег» (абодва 1931), «Стала і мужна» (1932), нарысаў «Крок пяцігодкі» (1931), прасякнутых рамантыкай сацыяліст.буд-ва. У некаторых творах пераважала рыторыка, палітычна-агітацыйны пачатак.
Тв.:
Выбранае. Мн., 1960.
Літ.:
Грахоўскі С. Савецкая, № 68: Трыццатыя гады...: Успаміны // Дзень паэзіі. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАВЕ́НЧЫЦЫ,
вёска ў Антонаўскім с/с Чавускага р-на Магілёўскай вобл. За 13 км ад Чавусаў, 50 км ад Магілёва, 10 км ад чыг. ст.Чавусы. 171 ж., 81 двор (1997). Клуб, б-ка. Брацкая магіла сав. воінаў.
Упершыню ўпамінаецца ў 1560 як сяло ў Магілёўскай воласці, дзярж. ўласнасць. У 1785 цэнтр памешчыцкага маёнтка Чавускага пав. Магілёўскага намесніцтва; 438 ж., 58 двароў, драўляная царква. У 1885 вёска ў Чавускай воласці, 256 ж., 52 двары, раз на год праводзіўся кірмаш. З 1924 да 1954 Галавенчыцы — цэнтр сельсавета Чавускага р-на. У Вял.Айч. вайну ў 1943 ням.-фаш. захопнікі спалілі 122 двары, загубілі 13 жыхароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ЛКІНД (Леанід Самойлавіч) (1861, г.Чавусы Магілёўскай вобл. — 17.9.1929),
удзельнік рэв.-народніцкага руху. Вучыўся ў Магілёўскай гімназіі. У 1880 далучыўся да «Народнай волі». З 1881 студэнт Кіеўскага ун-та, адзін з арганізатараў «Камуны магілёўцаў». У 1882 у нарадавольскай групе А.Бычкова (гл. ў арт.Бычковы), удзельнічаў у аднаўленні разгромленай нарадавольскай арг-цыі Кіева. У 1882 і 1883 арыштаваны, у 1884 высланы на 5 гадоў ва Усх. Сібір, дзе збіраў матэрыялы пра жыццё і дзейнасць дзекабрыстаў у ссылцы. З 1889 у Краменчугу, пасля 1917 у Маскве, заг. б-кі Політэхн. музея. Аўтар успамінаў пра народніцкі рух і яго дзеячаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТЛЯРО́Ў (Ізяслаў Рыгоравіч) (н. 21.2.1938, г.Чавусы Магілёўскай вобл.),
бел.паэт. Скончыў БДУ (1966). Працуе ў газ. «Светлагорскія навіны» на Гомельшчыне. Узначальвае ў Светлагорску карцінную галерэю «Традыцыя» (з 1992). Піша на рус. мове. Друкуецца з 1957. Аўтар зб-каў «Сябры мае — сведкі мае» (1981), «Тут, на трапяткой зямлі» (1989), «На адлегласці позірку і душы» (1990), «А душа і ў малітве баліць» (1994). Піша для дзяцей (зб-кі вершаў «Мой равеснік», 1975; «Цукеркавае дрэва», 1980; «Наш двор», 1997, з С.Шах). У творах тэмы пасляваен. дзяцінства, роздум над жыццём сучасніка і складанасцю чалавечых узаемаадносін. Аўтар мастацтвазнаўчых артыкулаў пра творчасць бел. мастакоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РКАЎ (Уладзімір Аляксеевіч) (н. 1.5.1946, г.Чавусы Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне хім. тэхналогіі і тэхнікі. Д-ртэхн.н. (1997), праф. (1999). Скончыў Бел.тэхнал.ін-т (1968). З 1970 у Бел.тэхнал. ун-це (з 1995 заг. кафедры). Навук. працы па даследаванні ўзаемадзеянняў і раздзяленні фаз у цепламасаабменных апаратах. Распрацаваў высокаэфектыўныя апараты-кантактары для газавай (асушка прыроднага газу) і інш. галін прам-сці.
Тв.:
Анализ движения взвешенных частиц в роторном сепараторе (разам з Ф.У.Пруднікавым) // Инженерно-физ. журн. 1991. Т. 60, № 3;
К расчету устройств для сепарации капель жидкости // Весці НАН Беларусі. Сер. фіз.-тэхн. навук. 1998. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРГУ́НСКІ (Сцяпан Парфёнавіч) (6.1. 1912, г.Чавусы Магілёўскай вобл. — 26.12.1978),
бел. правазнавец. Чл.-кар.АН Беларусі (1953). Д-рюрыд.н. (1970), праф. (1972). Скончыў Маскоўскі ун-т (1946), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦКВКП(б) (1951). З 1945 у ЦККПБ. З 1951 гал. вучоны сакратар прэзідыума АН Беларусі, з 1956 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі. Асн.навук. працы па пытаннях тэорыі і гісторыі станаўлення і развіцця бел.сав. дзяржаўнасці. Пад яго кіраўніцгвам выдадзена «Гісторыя дзяржавы і права Беларускай ССР» (т. 1—2, 1970—76).
Тв.:
Создание и упрочение белорусской государственности 1917—1922. Мн., 1958;
Государственное строительство БССР в годы восстановления народного хозяйства (1921—1925). Мн., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ АКРУ́ГА,
адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—30. Утворана 17.7.1924. Цэнтр — г.Магілёў. Пл. 11 602 км² (1926), нас. 512,7 тыс.чал. (1924). Уключала 10 раёнаў (Быхаўскі, Бялыніцкі, Журавіцкі, Кармянскі, Лупалаўскі, Магілёўскі, Прапойскі, Чавускі, Чачэвіцкі, Шклоўскі), 4 гарады (Стары Быхаў, Магілёў, Чавусы, Шклоў), 3 мястэчкі (Бялынічы, Карма, Прапойск), 161 сельсавет. У сувязі са скасаваннем Калінінскай акр. 9.6.1927 у М.а. перададзены Бялынкавіцкі, Касцюковіцкі, Клімавіцкі, Краснапольскі, Крычаўскі, Мілаславіцкі, Хоцімскі, Чэрыкаўскі р-ны. 4.8.1927 скасаваны Бялынкавіцкі р-н (яго тэр. далучана да Касцюковіцкага р-на) і Мілаславіцкі р-н (яго тэр. далучана да Клімавіцкага р-на). Акруговая газ. «Магілёўскі селянін». На 1.1.1930 у М.а. 16 раёнаў, 6 гарадоў, 7 мястэчак, 259 сельсаветаў, у т. л. 3 польскія і 2 латышскія нацыянальныя. 26.7.1930 М.а. скасавана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЕ́ВІЧ (Леў Яфімавіч) (20.8.1898, г.Чавусы Магілёўскай вобл. — 11.5.1945),
ваенны разведчык, Герой Сав. Саюза (1965), камбрыг (1938). Скончыў Вышэйшую школу штабной службы камсаставу РСЧА (1921), Ваен. акадэмію РСЧА (1924), вучыўся ў Ваен.-паветр. акадэміі імя Жукоўскага. У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны. Перад 2-й сусв. вайной у некат. краінах Еўропы быў вядомы як камерсант, уладальнік камерцыйных фірм; на самай справе вёў разведку (псеўд.Эцьен, Конрад Кертнер, Старасцін). У канцы 1936 арыштаваны і італьян. асобым трыбуналам асуджаны да 12 гадоў зняволення, якое адбываў у турмах і канцлагерах. У 1943 перададзены гітлераўцам, прайшоў канцлагеры Маўтхаўзен, Мельк, Эбензе. Адзін з арганізатараў падполля, кіраўнік падп. арг-цыі ў канцлагеры Эбензе (Аўстрыя). Вызвалены 6.5.1945 амер. войскамі безнадзейна хворы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́СЯ,
рака ў Беларусі, у Віцебскай і Магілёўскай абл., правы прыток Проні (бас. Дняпра). Даўж. 104 км. Пл. вадазбору 955 км². Пачынаецца на Смаленскім узв. на паўд. ускраіне в. Анціпенкі Дубровенскага р-на, працякае па Аршанска-Магілёўскай раўніне ў Аршанскім раёне Віцебскай вобл., Горацкім, Дрыбінскім, Шклоўскім, Чавускім р-нах Магілёўскай вобласці. Асн. прытокі: Лімна, Аўчоса, Руза (справа), Паўна, Галубіна, Чарніца, Касінка (злева).
Даліна скрынкападобная, шыр. 300—500 м. Пойма двухбаковая, парэзаная старыцамі і далінамі прытокаў; яе шыр. 150—300 м. Рэчышча ўмерана звілістае, слабаразгалінаванае, у верхнім цячэнні на 18 км каналізаванае, на асобных участках расчышчанае; шыр. ў сярэднім і ніжнім цячэнні 10—15 м. Берагі стромкія. Найвыш. ўзровень разводдзя ў канцы сак., сярэдняя выш. над межанным узроўнем 2,5 м, найб. 3 м. Замярзае ў пачатку снеж., крыгалом ў 3-й дэкадзе сакавіка. У басейне ракі 39 невял. прытокаў агульнай даўж. 96 км, 295 км адкрытай меліярац. сеткі. За 3 км вышэй за вусце — г.Чавусы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКЛО́НСКІ (Канстанцін Вацлаў Юр’евіч) (? — пасля 1661),
бел. военачальнік у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, палкоўнік. У пач. вайны перайшоў на бок рас. цара Аляксея Міхайлавіча, ад якога атрымаў званне бел. палкоўніка. Войска П. складалася з 6 тыс.чал. На працягу жн. 1654 узяў Чавусы і Магілёў (разам з арміяй ваяводы М.Ваейкава). На падуладных тэр.усх. Беларусі спрабаваў праводзіць самаст. палітыку, незалежную ад царскага ўрада і ўкр. казакоў, што прывяло да жорсткага супрацьстаяння і баявых дзеянняў з наказным гетманам укр. казацкага войска І.Залатарэнкам. Да канца 1654 казакі былі выцеснены з Магілёўскага пав. У 1655 перайшоў на бок ВКЛ, пацярпеў паражэнні ад рас. войск пад Барысавам і Койданавам, ад казакоў Залатарэнкі пад Ашмянамі. З восені 1655 завербаваны ў войска брандэнбургскага электара Фрыдрыха Вільгельма, саюзніка Рэчы Паспалітай. Праз некалькі месяцаў, з-за здрады электара, удзельнічаў у паходзе на Прусію пад кіраўніцтвам В.Гасеўскага. 22.10.1656 у час бітвы са шведамі пад Філіпавам трапіў у палон, зняволены ў Мальбаркскай крэпасці. Пасля вызвалення на вайсковую службу не пайшоў, уласныя сродкі ахвяраваў на ўзбраенне войск ВКЛ.