КРЭБС ((Krebs) Ханс Адольф) (25.8.1900, г. Гільлэйсгайм, Германія — 22.11.1981),

англійскі біяхімік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1947), Нац. АН ЗША (1964) і інш. Скончыў Гамбургскі ун-т (1925). У 1926—30 у Берлінскім ун-це, працаваў у О.Г.Варбурга, з 1932 у Фрайбургскім ун-це. У 1933 эмігрыраваў, працаваў у Кембрыджскім, з 1935 у Шэфілдскім, у 1954—67 у Оксфардскім ун-тах. Навук. працы па абмене вугляводаў. Апісаў цыклы: арніцінавы і трыкарбонавых кіслот (К. цыкл). Нобелеўская прэмія 1953 (разам з Ф.А.Ліпманам).

Х.А.Крэбс.

т. 8, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЧА́ЛЬСКІ (Дзмітрый Канстанцінавіч) (15.2.1908, С.-Пецярбург — 20.12.1988),

расійскі жывапісец. Нар. маст. Расіі (1969). Нар. маст. СССР (1980). Правадз. чл. АМ СССР (1973). Скончыў Ленінградскую АМ (1936). З 1937 выкладаў у Маскоўскім маст. ін-це імя В.​Сурыкава (з 1950 праф.). Аўтар твораў ваен. тэматыкі, лірычных жанравых сцэн: «Перамога. Берлін, 1945 год» (1947), «Пасля дэманстрацыі» (1949), цыклы «Людзі цаліны», «Цаліннікі» (1950—70-я г.) і інш. Дзярж. прэмія Расіі імя І.​Рэпіна 1967.

Дз.Мачальскі. Навасёлы. З палаткі ў новы дом. 1957.

т. 10, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ТЧЭЛ ((Mitchell) Уэслі Клэр) (5.8.1874, г. Рашвіл, штат Ілінойс, ЗША — 29.10.1948),

амерыканскі эканаміст і статыстык, прадстаўнік гарвардскай школы. Скончыў Чыкагскі ун-т. Праф. Каліфарнійскага (1909—12) і Калумбійскага (1914—19, 1922—44) ун-таў. У 1920—45 узначальваў Нац. бюро эканам. даследаванняў. Навук. працы і даследаванні ў галіне аналізу эканам. цыклаў і кан’юнктуры, па стат. даследаваннях, гісторыі грашовага абарачэння і інш. Спрабаваў выкарыстоўваць статыстыку для доказу палажэнняў інстытуцыяналізму. Пасля эканам. крызісу 1929—33 адзін з тэарэтыкаў «рэгулюемага капіталізму». Асн. праца «Эканамічныя цыклы» (1913).

т. 10, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЦЕ́ЙКА (Людміла Леанідаўна) (н. 13.3.1947, г. Бабруйск Магілёўскай вобл.),

бел. мастак. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1975). Сярод твораў: габелены «Свята жыцця» (1984), «Палессе» (1985), «Кветкі Усць-Ілімску» (1986), «Вясна» (1990), трыпціх «Мой родны кут» (1997), жывапісныя кампазіцыі «Экспромт» (1986), «Вясковае лета» (1988), «Песня вясны», «Метамарфозы» (абедзве 1989), цыклы «Святло» (1991), «Кветкі зямлі» (1997—2000); серыя акварэляў «Вясна ў Гурзуфе» (1986) і інш. Творы вылучаюцца вытанчанасцю рысунка, багатай нюансіроўкай колеравых суадносін, ураўнаважанасцю кампазіцыі.

Л.​Ф.​Салавей.

Л.Пуцейка. Габелен «Вясна». 1990.

т. 13, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО ЦЗЮІ́, Бо Лэцянь,

Бо Чанцін (772, прав. Шаньсі, Кітай — 846),

кітайскі паэт. Займаў высокія дзярж. пасады. Чл. імператарскай акадэміі «Ханьлінь». За крытыку прадажнасці чыноўнікаў і феад. парадкаў аддалены ад імператарскага двара. Напісаў каля 3 тыс. вершаў. Аўтар лірычных чатырохрадкоўяў, выкрывальніцкіх вершаў (цыклы «Цыньскія напевы», «Новыя народныя песні»), паэм «Песня пра бязмежную тугу», «Лютня», «Піпа». Адлюстроўваў светапогляд і жыццё танскага грамадства 8—9 ст., асэнсоўваў тэмы: чалавек і час, чалавек і прырода, чалавек і яго асяроддзе. Творам паэта ўласцівыя прастата мовы, жыццярадаснасць і чалавекалюбства.

Тв.:

Рус. пер. — Стихотворения. М., 1978.

т. 3, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ХМА, Брама,

у брахманізме і індуізме адзін з асн. багоў, творца Сусвету, яго ўвасабленне і душа. Яго ўяўляюць чырвоным, з барадой, чатырохтварым і васьмірукім. Практычна культ Брахмы адсутнічае. Лічыцца, што Брахма трансфармаваў рэчаісны свет з Адзінага; канчатковай жа мэтай усіх вернікаў індуісцкіх рэлігій з’яўляецца дасягненне супрацьлеглага — растварэння ў Вечным і Адзіным. Індуісцкія ўяўленні пра касм. цыклы стварэння і разбурэння звязаны з «днём», «ноччу», «годам» Брахмы.

Літ.:

Дюмезиль Ж. Верховные боги индоевропейцев: Пер. с фр. М., 1986;

Мифы народов мира: Энцикл. М., 1991. С. 185—186.

А.​В.​Гурко.

т. 3, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЧАРА́Н (Сурэн Акімавіч) (5.9.1904, Тбілісі — 1979),

артыст эстрады, чытальнік. Нар. арт. Арменіі (1945). Нар. арт. Расіі (1967). Скончыў Маскоўскую арм. драм. студыю (1925). У 1925—32 акцёр Арм. т-ра імя Г.​Сундукяна ў Ерэване. З 1939 у Маскоўскай філармоніі. Стварыў каля 30 літ. кампазіцый: цыклы «Скарбы сусветнай літаратуры», «Армянская і руская класіка», «Творы савецкіх пісьменнікаў», «Віцязь у тыгравай шкуры» Ш.​Руставелі, «Адысея» Гамера, «Шахразада» (паводле зб. казак «Тысяча і адна ноч») і інш. Дзярж. прэмія СССР 1951.

Тв.:

В поисках живого слова. М., 1960.

т. 8, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТО́ЧНАЕ БУДАЎНІ́ЦТВА,

метад арганізацыі будаўнічай вытворчасці, пры якім тэхналагічны працэс падзяляецца на састаўныя часткі, што выконваюцца брыгадамі (звеннямі) пастаяннага складу. Пры П.б. аб’екты разбіваюцца на секцыі, пралёты, паверхі, часткі памяшканняў і збудаванняў; комплекс буд. мантажных работ расчляняецца на цыклы. Кожная брыгада спецыялізуецца на выкананні пэўнага цыкла работ і аснашчаецца адпаведнымі машынамі, механізмамі, прыстасаваннямі. Скончыўшы работу на адным участку брыгада пераходзіць на наступны, а на яе месцы інш. брыгада выконвае работы па сваёй спецыялізацыі. Такі метад дае найб. поўнае сумяшчэнне работ у часе, высокія і ўстойлівыя тэмпы буд-ва.

т. 12, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАЛАДА́Я БЕЛАРУ́СЬ»,

літаратурнамастацкі і грамадска-паліт. альманах. Выдаваўся ў 1912 (сш. 1—2) і 1913 (сш.

3) у Пецярбургу на бел. мове бел. выдавецкай суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца». Друкаваўся кірыліцай і лацінкай адначасова. Меў літ.-маст., сац.-паліт. і навук.-краязнаўчы аддзелы. Выступаў з ідэяй пашырэння бел. нац. асветы, культуры, школьнай справы. Сваёй задачай абвясціў «патрапіць першы раз да сэрца несвядомага беларуса, каб... мець у ім беларуса-грамадзяніна» («Да чытачоў», сш. 1). У артыкулах «На дарозе да новага жыцця» (сш. 1), «К пытанню аб нацыянальных адносінах у Беларусі і Літве» (сш.

2) А.​Навіны (А.​Луцкевіч) абгрунтаваў адраджэнскую канцэпцыю бел. гісторыі. Упершыню апублікаваў многія маст. творы, у т. л. паэму Я.​Купалы «Сон на кургане» (сш. 1), цыклы вершаў Ц.​Гартнага з яго аўтабіяграфіяй (сш. 2), гіст.-літ. эцюд А.​Янулайціса «Аб маладым паэце з Крошына» (пра П.​Багрыма, сш. 3), вершаваныя творы «Батрак» і «Як Янка забагацеў» Я.​Коласа, апавяданні «Асеннія лісты» і «Зялёнка» Цёткі, «Амерыканец» А.​Новіча (А.​Ціхановіча), «Апошняе спатканне», «Парабкі» і «Шчырае каханне» У.​Галубка, «Прывід» і «Сябра з каўбасой» Власта (В.​Ластоўскага), першае апавяданне «Хутара-ра, Хутара!» Л.​Гмырака, цыклы вершаў А.​Паўловіча, Ф.​Чарнышэвіча, А.​Гурло, Я.​Журбы, А.​Петрашкевіча. Інфармаваў пра дзейнасць бел. выдавецкай суполкі ў Пецярбургу, змяшчаў бел. бібліяграфію, рэцэнзіі, рэкламу бел. друку.

У.​М.​Конан.

т. 9, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЙРА́ЧНЫ (Мікалай Іванавіч) (н. 22.12.1950, г. Баку),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва, графік. Скончыў Бел. дзярж. тэатр.-маст. ін-т (1976). Працуе ў галіне керамікі, кніжнай графікі, мультыплікацыі. Яго работы вызначаюцца бел. нац. каларытам, тонкім разуменнем матэрыялу, багаццем пластычных вобразаў. Асн. творы: дэкар. скульптуры «Гарачы вецер» (1982), «Сентыментальная гісторыя» (1985), «Пераможца» (1992), «У самы поўдзень», «Пакуль зямля яшчэ круціцца» (1993), «Куды ідзеш?» (1994); цыклы скульптур «Тэатр» для Малой залы Рус. драм. тэатра (1990, Мінск), «Падарожжа ў краіну фантазій» (1994, Полацк). Мастак мультфільмаў «Хто» (1986), «Мая мама Чараўніца» (1990) і інш.

Б.​А.​Крапак.

М.Байрачны. Пераможца. 1992.

т. 2, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)