Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КРУГАВЫ́Я ФУ́НКЦЫІ,
тое, што адваротныя трыганаметрычныя функцыі. Тэрмін часам выкарыстоўваецца як назва трыганаметрычных функцый, напр., кругавы сінус (у адрозненне ад гіпербалічнага).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУЛЬ ФУ́НКЦЫІ,
пункт x0, у якім зададзеная функцыя 𝑓(x) ператвараецца ў нуль, г.зн. 𝑓(x0)=0. Напр., для функцыі 3x−2 пункт x0 = 2/3 ёсць Н.ф. Некаторыя функцыі не маюць Н.ф., напр.ex; у іншых, напр., у трыганаметрычных функцый, колькасць Н.ф. бясконцая. Н.ф.𝑓(x) — тое самае, што і карані адпаведнага ўраўнення 𝑓(x)=0.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗРЫ́ЎНЫЯ ФУ́НКЦЫІ,
функцыі, якія ў некаторых пунктах (пунктах разрыву) не з’яўляюцца неперарыўнымі функцыямі. Узнікаюць пры інтэграванні па параметры элементарных функцый, вылічэнні сумы функцыянальных (напр., трыганаметрычных) радоў, задачах аптымальнага кіравання і інш.
Пункт разрыву (ПР) x0функцыі ƒ(x) наз. ПР 1-га роду, калі існуюць лева- і правабаковы ліміты ƒ(x) у гэтым пункце. Іншыя ПР наз. ПР 2-га роду. Напр., пункт x0=1 — ПР 1-га роду для функцыі ƒ(x)=0 пры x ≤ 1 і ƒ(x)=1 пры x > 1; пункт x0=0 — ПР 2-га роду для функцыі ƒ(x)=sin(1/x). Мноства ПР можа мець складаную структуру. Існуюць Р.ф. ў кожным пункце, напр., функцыя Дырыхле: ƒ(x)=0, калі x — ірацыянальны лік, і ƒ(x)=1, калі x — рацыянальны лік.