ту́мбачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Памянш. да тумба (у 1, 2 знач.).

2. Невялікі столік-шафка, які ставяць звычайна каля ложка. На невысокай тумбачцы стаяў прыёмнік. Ваданосаў. На тумбачцы каля ложка хворага ў шкляным званка стаялі прыгожыя свежыя кветкі — белыя і ружовыя астры, цёмна-карычневыя гваздзікі. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́ля, ‑і, ж.

1. Бервяно, брус, забітыя ў грунт, якія служаць апорай розным пабудовам, збудаванням. Над замеценымі снегам берагамі нешырокай ракі выгнуўся мост на прысадзістых палях. Грахоўскі. Непадалёк ад прычалаў з вады, быццам чорныя іклы нейкага страшыдла, .. тырчалі вострыя абгарэлыя канцы паляў. Савіцкі.

2. Спец. Чыгунная тумба, да якой канатамі прымацоўваюць судна ў час стаянкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

на́даўбень, ‑бня, м.

1. Жалезабетонная рэйка, тумба ці бервяно, якія ўбіваюцца або ўкопваюцца ў зямлю як процітанкавая загарода. Пры ўваходзе ў горад на ўсіх вуліцах былі пастаўлены крыжавіны з рэек і ўкапаны надаўбні. Сабаленка. Дзесяткі і сотні тысяч жыхароў сталіцы.. пачалі капаць акопы, супрацьтанкавыя равы, будаваць надаўбні, каб перагарадзіць ворагу дарогу да сталіцы. Паслядовіч.

2. Лаянк. Пра тупога, неразважлівага чалавека. Ну і надаўбень жа ён!

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Стабу́рчыць ‘выгібаць, выкрыўляць, выстаўляць’ (Ласт.), ‘паказваць на цяжарнасць’: uže nasza pani staburczyć (Арх. Федар.), стабу́рчыцца ‘выстаўляцца’, стабу́рыцца ‘тапырыцца’ (Ласт.). Ведаць, вытворныя ад назоўніка, што ўзыходзіць да прасл. *stoborъ ‘слуп, пень’, параўн. стабу́ртумба, падстаўка’ (Ласт.), серб.-харв. сто̏бор, сто̀бор ‘агароджа; двор, вуліца’, балг. стобо́р ‘плот’, ст.-слав. стоборъ ‘слуп’, або *stъb(ъ)rъ, параўн. ст.-польск. steber, славен. stebȅr ‘слуп’, серб.-харв. ста̀бар, харв. дыял. stabȁr ‘сцябло’, ст.-слав. стъбръ ‘тс’, якім адпавядаюць літ. stãbaras ‘сухая галіна’, stùburas ‘пень’, лат. stuburs ‘пень, слуп’, а таксама ст.-дац. stafœr, швед. дыял. staver ‘кол’, што ўзыходзяць да і.-е. *steb(h)‑ ‘слуп, апора, аснова, бервяно’, а таксама ‘падперці, абаперці; стаць нерухомым’, працягам якога з’яўляецца ст.-інд. stabhnā́ti ‘падтрымлівае, падпірае’ (Скок, 3, 323, 336; Глухак, 579; Сной₂, 696).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

НАДМАГІ́ЛЛЕ,

твор скульптуры ці архітэктурнае збудаванне, якія прызначаюцца для ўвекавечвання памяці нябожчыка і ўстанаўліваюцца на яго магіле. Н. ствараюць у выглядзе бюстаў, статуй, рэльефаў, стэл, калон, абеліскаў і інш. Форма і характар Н. абумоўлены сац. і рэліг. патрабаваннямі, пануючым маст. стылем.

Вядомы з часоў неаліту ў выглядзе слупоў, менгіраў, у Стараж. Грэцыі — статуі, стэлы з выявай памерлага. З 11 ст. ў Зах. Еўропе асн. тыпам Н. была тумба (пустая каменная ці бронз. каробка). На сярэдневяковым Каўказе, у Румыніі, на Балканах пашыраны каменныя пліты з арнаментальнай разьбой. Кіт. Н. (верт. пліты) узводзіліся адна над адной і паступова пераўтвараліся ў мемар. сцены. У эпоху Адраджэння Н. выцеснены грабніцамі. У 17—18 ст. партрэтныя выявы часта спалучалі з сімваламі і алегарычнымі фігурамі; большую значнасць набылі надпісы 3 канца 18 — пач. 19 ст. Н. ўстанаўліваюцца на могілках. У Н. 2-й пал. 19—20 ст. рэліг.-дыдактычны пачатак паступова слабее, аздабленнем магілы часцей становіцца партрэт памерлага ці сімвалічна-мемар. эмблема.

На Беларусі Н. вядомы з 16 ст. Уяўлялі сабой каменныя або жал. пліты з тэкстам пра жыццё памерлага, выявамі герба, евангельскіх сцэн, іх клалі на магілу або ў храмах (надмагільная пліта епіскапа Цярлецкага, захоўваецца ў Музеі стараж.-бел. культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі). Паяўленне скульпт. Н. звязана з уплывам традыцый Адраджэння і дзейнасцю італьян. мастакоў. Захаваліся Н. 16 ст.: А.​Гаштольда — рэльефная выява памерлага (1539—41, скульпт. З.​Бернардзін), П.​Гальшанскага (1550, скульпт. Падавана; абодва ў Віленскім кафедральным саборы), фрагмент мармуровага Н. з выявай спячага дзіцяці з замка ў г.п. Мір (Гродзенскі гісторыка-археал. музей), надмагільны рэльеф М.​К.​Радзівіла Сіроткі (пасля 1616) і Н. ў выглядзе бюста другога яго сына (1608, абодва ў Нясвіжскім касцёле езуітаў), шматфігурная кампазіцыя на пліце ў памяць пра тых, што загінулі пад Хоцімам (пасля 1643, Навагрудскі фарны касцёл), Мікалая і Барбары Вольскіх — укленчаныя адзін супраць аднаго перад крыжам (пасля 1623, Георгіеўскі касцёл у в. Крамяніца Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл.), Л.​Сапегі і яго жонак (пасля 1633, касцёл Міхаіла ў Вільні), П.​Сапегі і трох жонак (пасля 1635, в. Гальшаны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл., цяпер у Музеі стараж.-бел. культуры). Рысы класіцызму выяўляюцца ў маст. вырашэнні надмагілля Б.​Біспінка з мармуровай выявай жанчыны, якая сядзіць на саркафагу (1789, скульпт. І.​Прукнер, Троіцкі касцёл, г.п. Ружаны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.), К.​Радзівіл (1825, Нясвіжскі касцёл езуітаў), графа М.​П.​Румянцава (1834, скульпт. В.​Дэмут-Маліноўскі, Гомельскі краязнаўчы музей), брата А.​Міцкевіча Аляксандра (пасля 1873, г. Кобрын Брэсцкай вобл.), А.​Чахоўскага (пасля 1858, в. Лунна Мастоўскага р-на), С.​Пац (19 ст., Троіцкі касцёл, г.п. Рось Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл.), А.​Тызенгаўза з бронзавай выявай сядзячай жанчыны і партрэтным медальёнам (1887, скульпт. Т.​Дукас, Гродзенскі касцёл езуітаў). У 2-й пал. 20 ст. створаны шэраг значных Н. дзярж. дзеячаў, вучоных, пісьменнікаў, артыстаў, мастакоў: Я.​Коласа (1970, скульпт. У.​Ананька, М.​Якавенка, арх. М.​Мызнікаў), Я.​Купалы (1971, скульпт. А.​Анікейчык і А.​Заспіцкі), І.​Жыновіча (1976, скульпт. З.​Азгур), І.​Мележа (1980, скульпт. С.​Вакар, арх. Ю.​Казакоў), П.​М.​Машэрава (1983, скульпт. Анікейчык, арх. Л.​Левін, Ю.​Градаў), Е.​Лось (1985, скульпт. Заспіцкі), І.​І.​Грамовіча (скульпт. М.​Рыжанкоў), А.​А.​Анікейчыка (абодва 1988, скульпт. А.​Фінскі), Ю.​А.​Карачуна (скульпт. У.​Лятун), В.​Ц.​Турава (абодва 1999, скульпт. Якавенка). У мемар. комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой» створана агульнае Н. над некропалем герояў, што загінулі ў крэпасці (1967—71, арх. У.​Кароль, Казакоў, В.​Волчак, В.​Занковіч, Г.​Сысоеў і інш.). Н.-стэлы ўстаноўлены ахвярам фашызму каля в. Маціёва Талачынскага р-на (1967) і ў г. Докшыцы (1968), на брацкай магіле партызан, ахвяр фашызму і землякоў у в. Масевічы Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл. (1975), гомельскім апалчэнцам і Ц.​С.​Барадзіну (1975, скульпт. Г.​Гарбанёў), на брацкай магіле чырвонагвардзейцаў у в. Калышкі Лёзненскага р-на Віцебскай вобл. (1983) і інш.

А.​К.​Лявонава.

Надмагілле Мікалая і Барбары Вольскіх у Георгіеўскім касцёле вёскі Крамяніца Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобл.
Да арт. Надмагілле. Помнік на магіле Янкі Купалы. 1971. Скульптары А.​Анікейчык і А.​Заспіцкі.

т. 11, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)