вырабы ганчароў 12—19 ст. з г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. У 12—13 ст. выраблялі гаршкі з канаўкай на ўнутр. паверхні, аздобленыя на плечуках хвалістым арнаментам, насечкамі і наколкамі (такі дэкор захоўваўся да 15 ст.). Посуд 12—15 ст. меў на донцах клеймы ў выглядзе крыжоў, кругоў, ромбаў, трохвугольнікаў і інш. Посуд канца 16—пач. 18 ст (гаршкі, кубкі, куфлі, збаны, глякі, рынкі, талеркі, міскі) звонку і знутры пакрывалі зялёнай і карычневай палівай, аздаблялі шматрадковым лінейным або хвалістым узорам, радзей штампам, часам упрыгожвалі налепамі ў выглядзе кветак; выраблялі таксама чорназадымлены посуд. У 15—18 ст. рабілі і гартаваны посуд. З сярэдзіны 17—18 ст. выраблялі талеркі, паўміскі, збаны, куфлі, размаляваныя расл. арнаментам, паліваныя падсвечнікі, рукамыі, магчыма, люлькі, а таксама цэглу-пальчатку. Да канца 19 ст. асартымент вырабаў звузіўся і вытв-сць М.к. заняпала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКАЯ КА́ФЛЯ,
архітэктурна-дэкаратыўная кераміка 14—17 ст. з г. Навагрудак Гродзенскай вобл. У 14 ст. выраблялі кафлю з цыліндрычным тулавам і круглым вусцем, у 15 ст. — гаршковую з крыжападобным, сэрцападобным і трохвугольным вусцем, у 15—16 ст. — невысокую гаршковую з прамавугольным вусцем і дном, аздобленым рэльефнымі кругамі. Кафля 16—17 ст. мела прамавугольную вонкавую пласціну з рамкай па краі і румпу выш. 7—9 см. Паводле прызначэння падзялялася на сценную, карнізную, фрызавую, вуглавую, а таксама «каронкі» і «гарадкі», якімі завяршалі печы. У яе дэкоры былі пашыраны геам. (квадраты, ламаныя лініі), расл. (званочкі, валошкі, ружы, рамонкі), геральдычныя (гербы і манаграмы ўладальнікаў) арнаменты, выявы анёлаў, грыфонаў і інш., на кафлі 17 ст. — «дывановы» арнамент са стылізаваным расл. узорам.
Літ.:
Панічава Л.Р. Навагрудская кафля // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1980. № 2.
А.А.Трусаў.
Да арт.Навагрудская кафля. Паліваная кафля з малюнкам дывановага тыпу. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ СТАРЫ́ ЗА́МАК,
комплекс абарончых збудаванняў, культавых і свецкіх будынкаў 11—19 ст. Узнік як умацаваны дзядзінец на высокім берагавым мысе каля ўпадзення р. Гараднічанка ў Нёман, на месцы паселішча 11 ст. У пач. 12 ст. стаў княжацкай рэзідэнцыяй Гродзенскага княства. Тут былі ўзведзены Гродзенскі княжацкі церам, Гродзенская Ніжняя царква, Гродзенская Верхняя царква, інш. жылыя і гасп. пабудовы. У выніку шматлікіх аблог крыжакамі (1284, 1296, 1306, 1311, 1312, 1328, 1361, 1363, 1373, 1375, 1377, 1390, 1393 і 1402) Гродзенскі Стары замак часткова разбураўся, але быў адноўлены. У 1580 княжацкі церам перабудаваны для караля Рэчы Паспалітай Стафана Баторыя. Пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 замкавыя ўмацаванні прыйшлі ў заняпад. У замку размяшчаецца Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей. Да нашага часу зберагліся рэшткі муроў абарончых умацаванняў. Традыцыйна комплекс збудаванняў на Замкавай гары захаваў назву Стары замак. Уваходзіць у склад Гродзенскага гісторыка-археалагічнага запаведніка.
Літ.:
Трусаў А.А., Собаль В.Е., Здановіч Н.І. Стары замак у Гродне XI—XVIII стст.: Гіст.-археал. нарыс. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙНІ́ЦА,
адтуліна ў сцяне абарончага збудавання для вядзення агню са стралковай зброі (закрытыя байніцы) або прасвет паміж зубцамі ў завяршэнні крапасных сцен, вежах і інш. (адкрытыя байніцы). З’явіліся ў стараж. свеце. Пашырыліся ў сярэднявеччы, калі пачалося буд-ва замкаў, крэпасцяў, умацаванняў гарадоў, з 14—15 ст. і ў палявых абарончых умацаваннях. На Беларусі існавалі са стараж. часоў у драўляных абарончых збудаваннях, з 13 ст. — у мураваных вежах (Камянецкая вежа). Асабліва пашырыліся ў 14 ст. (Лідскі, Крэўскі, Гродзенскі Стары замкі). Прызначаліся для стральбы з лукаў і арбалетаў. Мелі прамавугольную, трапецападобную або паўцыркульную форму. У 15—16 ст. набылі круглаватую форму, бо сталі шырока выкарыстоўвацца ручная агнястрэльная зброя (рушніцы, аркебузы, мушкеты) і лёгкія гарматы (гакаўніцы). У 17 ст. над байніцамі круглаватай формы з’явіліся прамавугольныя вертыкальныя прарэзы для прыцэльвання (Любчанскі замак, Камайскі касцёл, кляштар брыгітак у Гродне). На валах земляных умацаванняў адкрытымі байніцамі служылі прасветы паміж напоўненымі зямлёй лазовымі кашамі. Байніцы, прызначаныя для вядзення агню з гармат, наз.амбразурамі, для кідання камення — машыкулямі.
А.А.Трусаў.
Байніцы Лідскага (злева) і Гродзенскага Старога замкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ КЕРА́МІКА,
традыцыйныя ганчарныя вырабы рамеснікаў з г. Магілёў канца 15 — пач. 20 ст. Выраблялі посуд, цацкі і інш. прадметы хатняга ўжытку. У канцы 15—16 ст. гаршкі з прамой шыйкай і косым ці закругленым краем венчыка, макотры аздаблялі хвалістым арнаментам, наколкамі, насечкамі. Традыцыі арнаментацыі непаліваных гаршкоў захоўваліся да 17—18 ст. З 16 ст. пашырылася вытв-сць паліванай і чорназадымленай керамікі. У 17—18 ст. выраблялі гаршкі, кубкі, куфлі, міскі, паўміскі, збаны, макотры, глякі, талеркі. Паліваны посуд (міскі і талеркі) упрыгожвалі арнаментам у выглядзе кругоў і кветак, збаны з вял. ручкай — адбіткам пальцаў на яе краях і арнаментам у выглядзе наляпных кветак на плечуках, куфлі — выявамі гар. герба і пакрывалі зялёнай палівай. У 2-й пал. 17—18 ст. выраблялі посуд (талеркі, збаны), аздоблены ангобнаю размалёўкаю (геам. і расл. арнамент). Выраблялі таксама кафлю (гл.Магілёўская кафля), дзіцячы посуд (кубачкі, талерачкі), падсвечнікі, рукамыйнікі, цэглу-пальчатку, непаліваную (плоскую і паўцыркульную) і паліваную зялёную дахоўку, магчыма, чорназадымленыя і паліваныя люлькі.
А.А.Трусаў, Н.І.Здановіч.
Да арт.Магілёўская кераміка. Талерка. 2-я пал. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКАЕ ШКЛО,
шкляныя вырабы 16—19 ст. з г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. Выраблялі сталовы посуд, пасудзіны для вадкасцей, аконнае шкло. Посуд адметны складаным S-падобным профілем, размалёўкай каляровымі эмалямі, пластычным аздабленнем донцаў хвалістымі паддонамі, сценак — рыфленнем і накладнымі пячаткамі з нізкарэльефнымі выявамі гербаў, клеймаў гутнікаў, асобных літар і надпісаў. Шырока выкарыстоўваліся кальцавыя паддоны ў выглядзе гладкай шкляной дужкі. Асобныя формы і пластычны дэкор посуду блізкія да аздоб мсціслаўскай керамікі. У 16—18 ст. М.ш. фармавалі адвольна, у 19 ст. — прасаваннем і выдзіманнем у формы. Посуд 17 ст. сціпла дэкарыраваны шклянымі жгутамі, пячаткамі і інш., часам каляровымі эмалямі. У 18—19 ст. выраблялі збаны, куфлі, чаркі, бутлі, пляшкі, шкляніцы, кубкі, бакалы. Некат. вырабы аздаблялі шліфоўкай, гравіроўкай, шклянымі жгутамі і вял. стужкамі, тулавы размалёўвалі геам.-раслінным арнаментам, выкананым рознакаляровымі эмалямі. Аконнае шкло ў 17 ст. выдзімалі ў выглядзе круглых шыбак-дыскаў, у 18—19 ст. — прамавугольных шыбак.
Літ.:
Яніцкая М.М. Сташкевіч А.Б. Мсціслаўскае шкло XVI—XIX стст. // Помнікі культуры: Новыя адкрыцці. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКАЯ КА́ФЛЯ,
архітэктурна-дэкаратыўная кераміка 15—18 ст. з г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. У 15—16 ст. выраблялі гаршковую кафлю з крыжападобным, квадратным або круглым вусцем, пазней — каробчатую тэракотавую і паліваную (паліхромную і размаляваную), пакрытую зялёнай, светла- і цёмна-карычневай палівай. Тэракотавая кафля 16—17 ст. з рэльефнай вонкавай пласцінай без рамкі была паліхромная (пераважалі зялёны, сіні і белы колеры) або з 2-прыступкавай рамкай і раслінным арнаментам на вонкавай пласціне. У сярэдзіне — 3-й чвэрці 17 ст. яна мела рамку па краі вонкавай пласціны, багата аздаблялася раслінным арнаментам, у канцы 17 ст. рамка адсутнічала, аздаблялася барэльефным дывановым арнаментам; з пач. 18 ст. мела вял. памеры, з тоўстай вонкавай пласцінай, упрыгожанай раслінным або геральдычным арнаментам (высокі рэльеф). У кафлі 2-й пал. 18 ст. малюнак на вонкавай пласціне адсутнічаў. Паводле прызначэння М.к. падзялялася на сценную, карнізную (простую, складаную і вуглавую), паясную, каронкі (гарадкі). У аздабленні пашыраны расл., геральдычны, геам., зааморфны, сюжэтны арнаменты. У 2-й пал. 17 ст. мсціслаўскія цаніннікі (найб. вядомы С.Палубес) працавалі ў Маскоўскай дзяржаве, дзе выраблялі арх. кафлю.
А.А.Трусаў.
Да арт.Мсціслаўская кафля. Паліваная кафля з геральдычнай выявай. 18 ст.Да арт.Мсціслаўская кераміка. Фрагменты керамічнага посуду сярэдзіны 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ РА́ТУША.
Існавала ў 17—20 ст. у Магілёве. У канцы 17 ст. ратуша — мураваны 2-павярховы будынак з 8-граннай 5-яруснай вежай пасярэдзіне гал. фасада. У 1679—81 пад кіраўніцтвам майстра Феські збудаваны прамавугольны ў плане (28 × 10,5) будынак ратушы. У 1682—86 майстрам Крузбергам з Быхава ўзведзена вежа на выш. каля 26 м (абвалілася). У 1692 майстрам Ігнатам з арцеллю ўзведзена новая вежа выш. да 38 м, якая стала верт. дамінантай горада. Вежа 5-ярусная, завяршалася гранёным купалам са шпілем, мела балкон з метал. кратамі, вял. гадзіннік. Аконныя праёмы з невял. круглаватымі шыбамі мелі прыгожыя алавяныя рамы-аканіцы. Гал. і дваровы ўваходы вылучаліся ганкамі. Будынак накрыты плоскай чырвонай дахоўкай, аздоблены пазалочанымі флюгерамі-ветранікамі на франтоне, на дахах ганкаў і на вежавым шпілі. У 1773 ратуша капітальна перабудавана, дах накрыты бляхай. Гарыз. пояс падзяляў сцяну будынка на 2 ярусы: 1-ы руставаны, аконныя праёмы 2-га мелі абрамленні. Архітэктура фасадаў стала адпавядаць архітэктуры дамоў губернатара і віцэ-губернатара, узведзеных побач у стылі класіцызму. Да будынка прылягаў гасціны двор. У час Вял.Айч. вайны моцна пашкоджана, у 1957 знесена. Паводле архіўных і археал. матэрыялаў створаны праект адбудовы ратушы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКАЯ БАРЫСАГЛЕ́БСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры 12—17 ст. у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Пабудавана на месцы храма 1-й пал. 12 ст., сцены якога былі складзены з вапняковых туфавых блокаў і нязначных уставак плінфы. Пазней вакол храма ўзведзена галерэя, зробленая з плінфы ў тэхніцы муроўкі «са схаваным радам», што характэрна для полацкай школы дойлідства 12 ст. Храм быў размаляваны фрэскамі, меў прыгожую маёлікавую падлогу з разнастайных паліваных керамічных плітак (квадратных, прамавугольных і трохвугольных). Дах быў накрыты свінцовымі лістамі. У час яго пабудовы выкарыстаны галаснікі. З 14 ст. пры храме існаваў мужчынскі правасл. манастыр (з 1624 — жаночы, з 1628 — мужчынскі манастыр базыльян, з 1839 правасл. царква). У пач. 16 ст. і асабліва ў 1-й чвэрці 17 ст. храм цалкам перабудаваны: знікла галерэя, значна павялічыліся яго памеры. Узведзены 3-нефавы зальны будынак з 5-граннай апсідай, зорчатымі скляпеннямі ў стылі позняй готыкі. Фасады падзелены шматлікімі радамі тонкіх верт. калон-лапатак, якія ў верхняй ч. пераходзяць у пояс са спічастых арак. Вуглы будынка ўмацаваны 6-граннымі контрфорсамі. Падлога з квадратных і фігурных паліваных і непаліваных плітак (таўшчыня 4—5 см). У 17 ст. храм быў накрыты паліванай зялёнай і светла-карычневай дахоўкай. У 19 ст. фасады храма цалкам перабудаваны.
Літ.:
Трусов О.А. Борисоглебская церковь XII в. из Новогрудка // Памятники старины. Концепции. Открытия. Версии. СПб.;
Псков, 1997. Т. 2.
А.А.Трусаў.
Навагрудская Барысаглебская царква. Выгляд з боку апсіды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКАЯ КРЭ́ПАСЦЬ,
комплекс абарончых збудаванняў у Бабруйску 1-й пал. 19 ст. Пабудавана ў 1807—36 у гіст. цэнтры горада на месцы Бабруйскага замка ў сутоках рэк Бярэзіна і Бабруйка. Будаўніцтва вялося ў 2 этапы. 1-ы (1807—12) ажыццяўляўся ва ўмовах набліжэння вайны 1812. Крэпасць будавалася паводле праекта ўпраўляючага інж. экспедыцыяй Ваеннага мін-ваген. К.І.Опермана, яе ўзводзілі тысячы салдатаў і прыгонных сялян Магілёўскай, Мінскай і Чарнігаўскай губ. Да пач. вайны пабудаваны 5 асн. бастыёнаў, частка ўнутр. збудаванняў, насыпаны валы, выкапаны глыбокія равы. У вайну 1812 крэпасць вытрымала 4-месячную аблогу (гл.Бабруйская абарона 1812). На 2-м этапе буд-ва (1812—36) тэр. крэпасці павялічана, узведзены 17 дадатковых бастыёнаў (да 1820), вежы, форт «Фрыдрых Вільгельм» (1822). У арх. аздабленні будынкаў крэпасці выкарыстаны элементы стылю класіцызм (арх. А.Штаўберт). У Бабруйскай крэпасці распрацаваны Бабруйскі план дзекабрыстаў 1823. У лют. 1826 прапаршчык С.І.Трусаў спрабаваў узняць паўстанне раскватараванага тут Палтаўскага палка. Пасля задушэння дзекабрысцкага руху крэпасць ператворана ў катаржную турму. Пасля паражэння нац.-вызв. паўстання 1863—64 тут было зняволена каля 2 тыс. яго ўдзельнікаў. У рэв. 1905—07 у крэпасці размяшчаўся дысцыплінарны батальён, адбылося Бабруйскае выступленне салдатаў 1905. У час акупацыі Бабруйска польскімі войскамі (жн. 1919 — ліп. 1920) на тэр. крэпасці знаходзіўся лагер ваеннапалонных. У Вял.Айч. вайну ням. фашысты ператварылі крэпасць у Бабруйскі лагер смерці. У чэрв. 1944 сав. войскі акружылі і знішчылі тут варожы гарнізон (гл.Бабруйская аперацыя 1944).
Літ.:
Ненадавец А.М. Крэпасць на Бярэзіне. Мн., 1993.
Бабруйская крэпасць у 1811. З карціны Б.Залескага.Адзін з фортаў Бабруйскай крэпасці.