ПАЎГРУБАШЭ́РСНЫЯ АВЕ́ЧКІ,

пароды авечак з неаднароднай паўгрубай воўнай, якая складаецца з пуху, пераходнага воласу і восці. У адрозненне ад грубашэрсных авечак воўна П.а. больш мяккая, мае пух даўж. да 8 см, восць больш тонкая. Воўну выкарыстоўваюць для вытв-сці дываноў, штучнага футра, коўдраў, тканін.

Да П.а. належаць сараджынская (Зах. Туркменістан) і таджыкская (Таджыкістан) пароды, алайская і горнакарпацкая пародныя групы. Сараджынскія П.а. маюць падцягнуты курдзюк, маса 60 кг (маткі), 80 кг (бараны); настрыг воўны 3—4,5 кг. Таджыкская парода з шырокім курдзюком, маса 70 кг (маткі), 120 кг (бараны); настрыг воўны 2,5—4 кг. Гл. таксама Авечкагадоўля.

А.​А.​Козыр.

т. 12, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРПЕНТА́РЫЙ [ад лац. serpens (serpentis) змяя],

памяшканне для масавага ўтрымання змей з мэтай атрымання ад іх яду; разнавіднасць тэрарыума. Бываюць таксама дэкар. і дэманстрацыйныя (у заапарках). Першы С. створаны ў Парыжы (1895), потым у Бразіліі (1899). На Беларусі С. існуюць у в. Шчытоўка Сенненскага р-на (з 1987), у пас. Бараўляны пад Мінскам (1988). С. Туркменіі і Азербайджана спецыялізуюцца на атрыманні яду гюрзы, кобры, эфы; Бішкекскі (Таджыкістан), Падмаскоўны (Расія), на Беларусі С. працуюць з гадзюкай звычайнай. Змяіны яд выкарыстоўваецца пераважна ў фармацэўтычнай і біяхім. прам-сці (вырабляецца больш за 30 лек. прэпаратаў).

т. 14, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ЎЧАНКА Ігар Міхайлавіч (н. 28.2.1957, г. Душанбе, Таджыкістан),

бел. вучоны ў галіне клінічнай медыцыны, анестэзіялогіі і рэаніматалогіі. Д-р мед. н. (2003). Скончыў Таджыкскі мед. ін-т (1980). З 1996 у Гомельскім мед. ун-це (з 2002 заг. кафедры). Навук. працы па вывучэнні ўплыву анестэзіялагічнага забеспячэння на гамеастаз парадзіх з экстрагенітальнай паталогіяй, па ўкараненні метадаў інтэнсіўнай тэрапіі пры абдамінальным сепсісе.

Тв.:

Анестезиологическое обеспечение и интенсивная терапия родоразрешения при экстрагенитальной патологии. Мозырь, 2001, Экстрагенитальная патология и оптимизация предродовой подготовки и анесгезиологического обеспечения // Здравоохранение. 2001. № 4;

Клинико-физиологические аспекты патогенеза экстрагенитальной патологии // Мед. новости. 2001. № 3.

т. 18, кн. 1, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЎЛЯ́НАВА Ханіфа Мухіддзінаўна (н. 1924, г. Худжант, Таджыкістан),

таджыкская спявачка (лірыка-драм. сапрана), педагог. Нар. арт. СССР (1968). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1959). З 1937 у Т-ры юнага гледача, муз.-драм. т-ры (Ленінабад), у 1943—83 салістка Таджыкскага т-ра оперы і балета (Душанбе). З 1969 заг. кафедры, з 1978 праф. Тадж. ін-та мастацтваў. Валодае моцным выразным гнуткім голасам прыгожага тэмбру. Сярод партый: Махін («Тахір і Зухра» А.​Ленскага), Гульру («Пулат і Гульру» Ш.​Сайфіддзінава), Малахат («Вяртанне» Я.​Сабзанава), Нісо («Бахціёр і Нісо» С.​Баласаняна), Таццяна, Ліза («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), «Тоска» («Тоска» Дж.​Пучыні), Аіда, Дэздэмона («Аіда», «Атэла» Дж.​Вердзі). Выканальніца макомаў.

т. 10, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯНДЖЫКЕ́НТ, Пенджыкент,

руіны стараж. сагдыйскага горада на паўд.-усх. ускраіне сучаснага г. П. (Таджыкістан). Інтэнсіўнае жыццё тут адбывалася ў 6 — сярэдзіне 8 ст. У 1-й чвэрці 8 ст. горад разбураны арабамі. У час археал. раскопак (з 1946) выяўлены сеткі вуліц, пабудовы ў выглядзе храмаў даісламскага часу, жылыя будынкі, рамесныя майстэрні і крамы; шматлікія помнікі выяўл. мастацтва, эпіграфікі (на сагдыйскай і араб. мовах), знойдзена некалькі тысяч бронзавых і сярэбраных манет (у т. л. мясц. чаканкі), манетныя скарбы, побытавыя рэчы з гліны, металаў і інш. Некропаль складаўся з невял. скляпоў (наусаў), куды ў асуарыях змяшчалі косці нябожчыкаў.

Літ.:

Скульптура и живопись древнего Пянджикента. М., 1959.

т. 13, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАРХА́Т (сапр. Хасанаў) Мухіддзін

(7.8.1924, кішлак Хаджанайсавор, Таджыкістан — 30.5.1984),

таджыкскі паэт, перакладчык. Скончыў Ленінабадскі пед. ін-т (1948). Працаваў у рэдакцыях газет, выдавецтве, з 1970 у Гал. навук. рэдакцыі Тадж. Сав. Энцыклапедыі. Друкаваўся з 1938. Аўтар зб-каў грамадз. і любоўнай лірыкі «Кветкі радасці» (1948), «Люблю» (1950), «Паэзія свабоды» (1955), «Песні пра каханне» (1962), «Горная рака» (1964), «Вясенняя крыніца» (1972), «Кніга сяброўства» (1976), «Белая чарэшня» (1981), твораў для дзяцей. Асобнымі кнігамі ў яго перакладзе выйшлі зб-кі выбраных вершаў Я.​Купалы «Сонцу» (1965) і «Доля беларуса» (1982), Я.​Коласа «Наш шлях» (1965). На бел. мову асобныя вершы Ф. пераклалі К.​Кірэенка, Р.​Няхай, У.​Скарынкін.

Тв.:

Рус. пер. — Жизнь. мечта, любовь. М., 1966.

т. 16, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМІ́РСКІЯ МО́ВЫ,

арэальная сукупнасць роднасных моў, якія адносяцца да іранскіх моў (усх. група). Пашыраны ў далінах зах. і паўд. Паміра (Таджыкістан, Афганістан, Пакістан, паўн. Індыя, Кітай). Да П.м. належаць: ваханская, язгулямская, ішкашымская мовы, шугнана-рушанская група моў (шугнанская, рушанская, хуфская, бартангская, арашорская, сарыкольская), па пэўных уласцівасцях — мунджанская і йідга, мёртвая стараж.-ванджская і, магчыма, саргулямская. Грамат. лад П.м. пераважна сінтэтычны. Іх структурнае падабенства і агульнасць лексічнага фонду даюць падставы меркаваць пра іх канвергентнае развіццё ў моўным саюзе. П.м. беспісьмовыя. Для носьбітаў большасці з П.м. мовай пісьма і адукацыі служыць таджыкская мова, для носьбітаў сарыкольскай мовы — уйгурская.

Літ.:

Пахалина Т.Н. Памирские языки. М., 1969;

Яе ж. Исследование по сравнительно-исторической фонетике памирских языков. М., 1983.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 12, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧАРБАКО́Ў Дзмітрый Іванавіч (13.1.1893, г. Навазыбкаў Бранскай вобл., Расія — 25.5.1966),

расійскі геолаг і геахімік. Акад. АН СССР (1953, чл.-кар. 1946). Вучань У.І.Вярнадскага і А.Я.Ферсмана. Скончыў Крымскі ун-т (1922). З 1922 ва ўстановах АН СССР, з 1953 акадэмік — сакратар Аддз. геолага-геагр. навук АН СССР, з 1964 заг. аддзела геахіміі Ін-та геалогіі рудных радовішчаў, петраграфіі, мінералогіі і геахіміі АН СССР. Удзельнік навук. экспедыцый на Памір, у Таджыкістан, Забайкалле і інш. Асн. працы па геалогіі і геахіміі радовішчаў рэдкіх металаў і радыеактыўных элементаў, па акіяналогіі і гісторыі геал. навук. Яго імем наз. мінерал — шчарбакавіт. Ленінская прэмія 1965.

Тв.:

Избр. труды. Т. 1—3. М., 1969—71.

Літ.:

Д.​И.​Щербаков: Жизнь и деятельность, 1893—1966. М., 1969.

т. 17, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯРМА́ТАЎ Каміль Ярматавіч (2.5.1903, г. Канібадам, Таджыкістан — 17.11.1978),

узбекскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1959). Герой Сац. Працы (1973). Скончыў Дзярж. ін-т кінематаграфіі (1931). У кіно з 1924. З 1957 маст. кіраўнік кінастудыі «Узбекфільм» (з 1979 яго імя). Зняўся ў фільмах «З-пад скляпенняў мячэці» (1928), «Апошні бек» (1930). Рэжысёрскі дэбют — фільм «Далёка на мяжы» (1931). Яго фільмы «Алішэр Наваі» (1948), «Авіцэна» (1957), «Бура над Азіяй» (1965, Дзярж. прэмія Узбекістана 1967) паўплывалі на развіццё узб. кіно. Сярод інш. пастаўленых фільмаў: «Эмігрант» (1934, і роля Каміля), «Сябры сустракаюцца зноў» (1939), «Мы пераможам» (1941), «Вершнікі рэвалюцыі» (1969), «Гібель чорнага консула» (1971), «Адна сярод людзей» (1974), «Далёкія блізкія гады» (1977) і інш. Аўтар шэрагу кінасцэнарыяў. Дзярж. прэмія СССР 1948.

Літ.:

Тешабаев Д. Камил Ярматов. М., 1964;

Яго ж. Счастье мастера. Ташкент, 1975.

т. 18, кн. 1, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕРГА́НСКАЯ ДАЛІ́НА, Ферганская катлавіна,

міжгорная катлавіна ў Сярэдняй Азіі, ва Узбекістане, Кыргызстане і Таджыкістане. Абмежавана на Пн гарамі Цянь-Шаня, на Пд — Гісара-Алая; на З злучаецца з Галодным стэпам. Даўж. каля 300 км, шыр. да 170 км. Выш. днішча ад 330 м на З да 1000 м на У. Складзена з алювіяльных і пралювіяльных адкладаў. Карысныя выкапні: нафта, гаручыя газы, вугаль, сурма, ртуць, жал., медныя, поліметал. руды, сера. На ПдУ паласа адыраў, на ПнЗ нізкагорныя грады (выш. да 1009 м). Клімат кантынентальны, сухі. Сярэдняя т-ра студз. -3 °C, ліп. 24—27 °C. Ападкаў ад 100 мм у цэнтр. ч. да 500 мм на У. Гал. рака Сырдар’я. Вялікі Ферганскі канал, Паўд. Ферганскі канал, Кайраккумскае вадасховішча. Участкі пясчанай пустыні, саланчакі. Большая ч. тэр. пад бавоўнікам, садамі і вінаграднікамі. Шаўкаводства. Гал. гарады: Худжанд (Таджыкістан), Андыжан, Каканд, Наманган, Фергана (Узбекістан), Ош (Кыргызстан).

т. 16, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)