перасушы́ць, ‑сушу, ‑сушыш, ‑сушыць; зак., што.

1. Прасушыць зноў, яшчэ раз. Відаць, непрыбраныя рады сена трэба падвярнуць, перасушыць. Кандрусевіч.

2. Зрабіць вельмі сухім. Перасушыць тытунь. Перасушыць бялізну.

3. Высушыць усё, многае. Перасушыць коўдры, падушкі. □ Ледзь-ледзь мы .. перасушылі [фасолю] і ссыпалі ў мяшкі. Але высушылі, відаць, не вельмі суха, бо суп патыхае прэлым. Сяркоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слупня́к, ‑у, м.

Вострая інфекцыйная хвароба, якая прыводзіць да сутаргі мышцаў. — А ты ведаеш, што ў зямлі могуць быць мікробы слупняку, — закрычала Клава, хуценька дастаючы з сумкі ёд і бінт. Рунец. / у перан. ужыв. На Саньку напаў слупняк. Я таксама лыпаю вачамі.. — Ну добра, — схамянуўся нарэшце мой прыяцель і грозна бліснуў вачамі. Сяркоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наўме́, прысл.

У галаве, у думках. Гэтыя словы бацька вымавіў у адзін дых — няйнакш, даўно насіў іх наўме і толькі чакаў зручнага выпадку, каб сказаць. Сачанка. У нас абодвух наўме адно войска, што ідзе па шашы. Сяркоў. // (з адмоўем «не»). Не да таго, не да гэтага. [Наталля:] Я і рада, што так выйшла. Не наўме цяпер вяселле. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чарадзе́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які валодае магічнай, звышнатуральнай сілай. Чарадзейнае зелле. □ Вельмі шкада, што цуды бываюць толькі ў казках, што толькі з чарадзейнага рога ўсяго многа. Сяркоў.

2. Незвычайны па сіле ўплыву, уздзеяння; які захапляе, чаруе. [Міхась Чарот] мне неяк прызнаваўся, што гэтая жанчына мела над ім нейкую чарадзейную ўладу. Рамановіч. Слова ў літаратурным мастацкім творы — гэта чарадзейны знак. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

луза́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

1. Разгрызаючы, ачышчаць ад шалупін і есці (гарбузікі, сланечнік і пад.); лушчыць (у 2 знач.). На адыходзе бабка.. насыпала.. [Стасю] гарбузікаў яшчэ і ў кішэню. — Бяры, унучак, па дарозе будзеш яшчэ лузаць. Вітка.

2. Тое, што і лушчыць (у 1 знач.). Лузаць гарох. □ Да самага снегу мы пакрысе лузалі сухія стручкі [фасолі], малацілі іх на падлозе пранікамі. Сяркоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расхля́баны, ‑ая, ‑ае.

1. У якім аслаблі мацаванні (ад неахайнага доўгага карыстання); расхістаны. А потым высветлілася, што .. [піяніна] расхлябанае, як старыя калёсы, і іграць на ім могуць толькі такія артысты, як мы з Санькам. Сяркоў.

2. перан. Няцвёрды, віхлясты. Расхлябаная паходка. □ Зноў шаша і зноў аднастайны, расхлябаны крок. Навуменка. // Недысцыплінаваны, неарганізаваны. [Метак:] — А, урэшце, дакуль ты будзеш такі ... расхлябаны? Пара брацца за розум. Бажко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

худзі́зна, ‑ы, ж.

1. Знешні выгляд худога ​1. Худзізна [палоннага] ўразіла Ядзю можа больш, чым раны, бруд, зарослы сівой барадой твар. Асіпенка. Нягледзячы на худзізну, .. [жарабок] аказаўся даволі жвавым. Сяркоў.

2. Разм. Пра худога чалавека або жывёлу. Цяпер конь.. [Кастуся] ўжо не быў той здарожанай, хоць і маладой, худзізнай. Чорны. Навалач нейкую знайшла, прымака. Худзізна — скура ўжо не на рэбрах, а пад рэбрамі. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суце́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак.

Перастаць гаварыць, плакаць; супакоіцца. [Марына Андрэеўна] ішла сюды суцешыцца ад вялікага асабістага гора, а цяпер шукала ў думках суцяшэння яшчэ і ад таго балючага, што ўразіла яе тут. Марціновіч. Але ў хуткім часе бабка перастала так часта ўспамінаць сваю прапажу і крыху суцешылася. Сяркоў. // Знайсці для сябе суцяшэнне, супакаенне ў чым‑н. Ціхай надзеяй суцешуся я: Мабыць, спатрэбіцца песня мая? Чарнушэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

церушы́цца, цярушыцца; незак.

1. Не густа сыпацца, рассыпацца. Ну і пайшла ж весялуха, аж захісталася Язэпішына хата і скрозь шчыліны ў столі пачала церушыцца кастрыца. Сяркоў. Іголкі на .. [соснах] былі дробныя, растапыраныя; жаўцелі і церушыліся на мох. Пташнікаў.

2. Ісці (пра дробны снег, дождж); імжэць. Снег ужо не падаў, як раней, а церушыўся дробным, калючым пылам. Асіпенка. / у вобразным ужыв. Цярушыцца сцежкай імглістай Сутоннага змроку парча. А. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павалачы́ся, ‑лакуся, ‑лачэшся, ‑лачэцца; ‑лачомся, ‑лачацеся; пр. павалокся, ‑лаклася, ‑лося; зак.

1. Тое, што і павалачыцца (у 1 знач.). Замест таго, каб паехаць на саломе, я заблытаўся ў вяроўках і павалокся жыватом па голым таку. Сяркоў.

2. Разм. Пайсці (звычайна павольна, з цяжкасцю). Пастагнаў [бацька] уночы, маці нашмаравала бакі тарпатынаю, а раніцаю павалокся на абход. Лужанін. [Дзямян:] — Як мяне ўжо збілі з ног, .. конь пайшоў... Няйначай павалокся з чужымі падводамі па іншай дарозе. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)