АКУЛЕ́ВІЧ (Рыгор Раманавіч) (19.4.1907, в. Вял. Кракотка Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 28.10.1974),

удзельнік рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, дзеяч бел. эміграцыі. Адзін з арганізатараў гурткоў Бел. сялянска-работніцкай грамады і Т-ва бел. школы, б-кі імя Я.​Купалы на радзіме. Каб пазбегнуць арышту, у 1928 эмігрыраваў у Канаду. Удзельнічаў у выпуску газ. «Канадский гудок», якая мела бел. старонку. Адзін са стваральнікаў Федэрацыі рус. канадцаў і яе друкаванага органа газ. «Вестник». Аўтар кн. «Рускія ў Канадзе» (Таронта, 1952), брашуры «50 год Беларускай рэспублікі» (Таронта, 1968).

т. 1, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЕ СЛО́ВА»,

штотыднёвая грамадска-палітычная і літаратурная газета ў Зах. Беларусі. Выдавалася з 3.2.1926 да 9.2.1928 у Вільні на бел. мове. Выдавец — Часовая бел. рада, з № 20 за 1926 — Бел. нац. рада. У праграмных артыкулах заяўляла пра нац. адраджэнне, тэрытарыяльную і культ.-нац. аўтаномію Беларусі, перадачу зямлі сялянам, шырокі дэмакратызм, нац. царкву, барацьбу з камунізмам і далучэнне Усх. Беларусі да Заходняй. Асвятляла пытанні бел. школьніцтва, працаўладкавання бел. інтэлігенцыі, зямельнай справы і інш. Крытыкавала праграмы Бел. сялянска-работніцкай грамады, Бел. сялянскага саюза, Бел. хрысціянскай дэмакратыі. Выйшлі 74 нумары.

В.​І.​Дзяшко.

т. 2, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ НІ́ВА»,

газета, орган Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Выдавалася з 18.11.1925 да 16.3.1926 у Вільні на бел. мове тры разы на тыдзень. Адна з самых паслядоўных газет грамады. Адлюстроўвала паліт. і эканам. становішча Зах. Беларусі, пісала пра школьную справу ў Зах. Беларусі, унутраную і знешнюю палітыку польскіх улад, заклікала да саюзу рабочых і сялян у барацьбе за свае правы. Змяшчала рэпартажы з залы пасяджэнняў польскага сейма, прамовы і запыты бел. паслоў. Мела каля 3 тыс. падпісчыкаў. Выйшла 35 нумароў, 4 канфіскаваны. Закрыта ўладамі.

С.​В.​Говін.

т. 2, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІ́ШЧЫК (Міхаіл Трафімавіч) (16.10.1905, в. Була Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 8.2.1973),

дзеяч нац.-вызв. і рэв. руху ў Зах. Беларусі. З 1926 у Бел. сялянска-работніцкай грамадзе. З 1929 сакратар Слонімскага акр. к-та КСМЗБ, з 1934 — КПЗБ. Тройчы зняволены польск. ўладамі. З 1939 старшыня Слонімскага гарвыканкома. У Вял. Айч. вайну ў Чырв. Арміі, з 1943 у тыле ворага, пам. упаўнаважанага ЦК КП(б)Б і БШПР па Баранавіцкай вобл., сакратар Слонімскага падп. РК КП(б)Б, рэдактар падп. газеты «Вольная праца». Пасля вайны на парт. і сав. рабоце. Дэп. ВС БССР у 1955—63.

т. 1, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БАЯВА́Я ЎСКАЛО́СЬ»,

ілюстраваны часопіс. Выдаваўся ў ліп. 1949 — лют. 1950 у Зах. Германіі, у 1954—81 у Канадзе (Таронта) на бел. мове. Рэдактары М.​Панькоў (1949—50), С.​Хмара (1954—81). Орган літ. аб’яднання «Баявая ўскалось» (засн. ў 1949), створанага членамі нелегальнай аднайменнай літ. арг-цыі Зах. Беларусі (засн. ў 1937). Выказваўся за адзінства бел. культуры, незалежна ад месца пражывання яе творцаў, друкаваў творы бел. пісьменнікаў, што жылі ў эміграцыі, у БССР і на Беласточчыне, зах.-бел. рэв. паэзію, хроніку, кнігапіс і інш. Абапіраўся на ідэйную традыцыю Бел. сялянска-работніцкай грамады. Выйшла 18 нумароў.

Ю.​Туронак.

т. 2, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ СПРА́ВА»,

газета Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). Выдавалася ў Вільні з 9.4 да 31.7.1926 на бел. мове два разы на тыдзень. Замяніла забароненую ўладамі газету «Беларуская ніва». Была разлічана на сялян і рабочых Зах. Беларусі, на актыў БСРГ. Прапагандавала ідэі нац.-вызв. барацьбы, арганізац. формы грамадскага руху, асвятляла развіццё бел. культуры і асветы ў Зах. Беларусі і БССР, расказвала пра эканам. і паліт. становішча ў БССР, міжнар. жыццё. Змяшчала матэрыялы пра дзейнасць ТБШ, творы зах.-бел. пісьменнікаў. Выйшла 29 нумароў, 11 канфіскаваны. Забаронена ўладамі. З чэрв. 1926 БСРГ выдавала газету «Народная справа».

С.​В.​Говін.

т. 2, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ СЯЛЯ́НСКІ САЮ́З (БСС),

бел. нац. партыя парламенцкага тыпу ў Зах. Беларусі ў 1925—29. Створана ў Вільні бел. пасламі ў польскім сейме В.​Ц.​Рагуляй і Ф.​Ярэмічам у процівагу Беларускай сялянска-работніцкай грамадзе. Адбыліся 1-я (24.3.1926, прынята праграма і абраны ЦК) і 2-я (ліп. 1927) канферэнцыі. У ЦК БСС увайшлі Рагуля, Ярэміч (старшыні), А.​Більдзюкевіч, Б.​Туронак (віцэ-старшыні). Цэнтр. орган — газ. «Сялянская ніва». БСС выступаў за падзел памешчыцкіх зямель, самастойнасць бел. народа на ўсіх яго землях, аб’яднаных у незалежную бел. рэспубліку, і інш. Разам з Бел. хрысціянскай дэмакратыяй стварыў Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры. Распаўся ў пач. 1929.

У.​Ф.​Ладысеў.

т. 2, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЖЫЦЦЁ БЕЛАРУ́СА»,

газета рэв.-дэмакр. кірунку. Орган Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). Выдавалася 19.8—12.11.1925 у Вільні 3 разы на тыдзень на бел. мове. Асвятляла эканам. і асв. праблемы, задачы, пытанні стратэгіі і тактыкі вызв. руху ў Зах. Беларусі. Змяшчала матэрыялы пра ўнутр. і знешнюю палітыку Польшчы, аналізавала сац. асновы, эканам. стан і перспектывы развіцця краіны. Узнімала пытанні правоў чалавека ў Зах. Беларусі і Польшчы, змагалася за асвету на роднай мове. Інфармавала пра падзеі культ. жыцця ў БССР, культурна-грамадскі бел. рух у Латвіі, Літве, Чэхаславакіі, Амерыцы. Публікавала маст. творы вядомых і пачынаючых літаратараў. Выйшла 20 нумароў, з іх 5 канфіскаваны. Забаронена польскімі ўладамі.

А.​С.​Ліс.

т. 6, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́САЎСКІ РАССТРЭ́Л 1927 у Заходняй Беларусі,

расстрэл польск. ўладамі дэманстрацыі працоўных у г. Косава, якія выступілі ў абарону Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). Па закліку Косаўскага райкома КПЗБ 3.2.1927 у Косава на дэманстрацыю пратэсту супраць разгрому польск. ўладамі БСРГ сабралася больш за 1,5 тыс. сялян. З чырв. сцягамі і транспарантамі, на якіх былі надпісы «Вызваліць рабоча-сялянскіх дэпутатаў, вызваліць усіх палітзняволеных!», «Далоў фашысцкую дыктатуру Пілсудскага!», з рэв. песнямі дэманстранты прайшлі па вуліцах Косава, правялі мітынг. Атрады самаабароны прагналі паліцыю, якая спрабавала яго разагнаць. Калі дэманстранты зноў рушылі па горадзе, паліцыя пачала страляць. Забіта 6 чал., некалькі дзесяткаў паранена. Пахаванне забітых вылілася ў маніфестацыю пратэсту супраць самавольства паліцыі і дыктатарскага рэжыму Пілсудскага.

І.​П.​Хаўратовіч.

т. 8, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАРО́ДНАЯ СПРА́ВА»,

газета рэв.-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі, орган Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). Выдавалася з 19.6 да 27.11.1926 у Вільні на бел. мове 2 разы на тыдзень замест закрытай газ. «Беларуская справа». Выдавец П.​Мятла. Крытыкавала ўнутр. і знешнюю палітыку Польшчы, пісала пра стварэнне новых арг-цый, правядзенне павятовых з’ездаў БСРГ, пра эканам. і паліт. становішча ў БССР і інш. Падрабязна інфармавала насельніцтва Зах. Беларусі пра забастоўку вуглякопаў Англіі. Друкавала творы Цёткі, М.​Васілька, А.​Салагуба, П.​Пестрака, Улад-Ініцкага, Я.​Маланкі і інш., артыкулы пра Цётку і Я.​Коласа. Адзначыла 20-годдзе выхаду газет «Наша доля» і «Наша ніва». Выйшла 39 нумароў, з іх 6 канфіскаваны. Закрыта польск. ўладамі.

С.​В.​Говін.

т. 11, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)