Стром ‘спілаванае завіслае дрэва’, ‘схіл страхі’, ‘куча галля’ (ТС), ‘прыстасаванне для лазення на дрэва’ (ЛА, 1), ‘строп страхі’ (узд., ЛА, 5), стро́ма ‘дах’ (Шушк., Сл. Брэс.), ‘круты схіл, абрыў’ (ТСБМ, Гарэц.), страмо́віна ‘выварочанае з коранем дрэва’ (Нар. Гом.). Укр. дыял. стром ‘фруктовае дрэва’, ‘круча’, стрім ‘схіл; тое, што тырчыць угору’, рус. стро́мы ‘кроквы; поручні’, польск. дыял. strom ‘дрэва; фруктовае дрэва’ (ведаць, з чэш., славац.Борысь, 580), чэш., славац. strom ‘дрэва’, старое н.-луж. strom ‘дрэва’, старое серб. стром, харв. strum ‘ствол дрэва’, славен. strȍm ‘тс’, ‘страха над загарадкай для авец’. Прасл. *stromъ ‘тое, што ўзносіцца ўгару, стаіць вертыкальна’, адпрыметнікавы назоўнік ад прым. *stromъ ‘стромкі, круты’ (Борысь, 580) ці паралельны да прыметніка аддзеяслоўны назоўнік ад *strьměti ‘тырчаць, выдавацца’ (Борысь, Etymologie, 181); гл. яшчэ Фасмер, 3, 781 з аглядам літ-ры. Бязлай (3, 332) праславянскае слова лічыць першасным nomen agentis ад дзеяслова *strēmti > прасл. *stręti, *stręnǫ, параўн. застра́ць ‘застрагнуць у праходзе, захраснуць’ (Нас.). Сюды ж строме́ц ‘козлы, якія прыціскаюць салому на вільчыку’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Струп1 ‘корка на ране’ (ТСБМ, Ласт., Гарэц., Байк. і Некр., Сержп., Федар. 4, Сл. ПЗБ), ‘прышч’ (Сл. ПЗБ), стру́піна ‘засохлы струп’ (Нас.), зборн. стру́пʼя, стру́пʼе ‘адходы пры прадзенні кудзелі’ (Нас., Сл. ПЗБ; мёрск., Шатал.); сюды ж стру́пля ‘праказа’ (Ласт.). Параўн. укр., рус. струп, стараж.-рус. струпъ ‘рана; труп’, польск. strup ‘струп’, strupy ‘воспа; перхаць’, в.-луж. trup, н.-луж. tšup, чэш., славац. strup, серб.-харв. стру̑п ‘парша’, славен. strup ‘яд’, балг. струп ‘струп’, макед. струп ‘кароста’, ст.-слав. строупъ ‘рана, болька’. Прасл. *strupъ ‘струп’ параўноўваецца з ст.-в.-ням. strûben ‘падымацца, стаяць строма, уздымаць, гарчэць’, с.-в.-ням. strúben, с.-н.-ням. strȗf ‘шурпаты, грубы’, ст.-сакс. strûf ‘узлахмачаны’, грэч. στρῡφνός ‘цвёрды, мулкі, моцны’ (гл. Фасмер, 3, 784; там жа і літ-ра), якія ўзыходзяць да і.-е. кораня *streu̯p‑/*streu̯b‑ < *ster‑ ‘мулкі, цвёрды’ (Борысь, 583). На іншую думку, звязана чаргаваннем галосных з ц.-слав. стръпътъ ‘шурпатасць, мулкасць’ і збліжана да грэч. ρύπον ‘бруд, нечыстата’ (Сольмсен, KZ, 37, 600; Покарны, 1004; Бязлай, 335–336). Махэк₂ (584) славянскае слова параўноўвае з літ. raũpas ‘воспа’, raũpsas ‘праказа’, лат. raupa ‘гусіная скура’ і польск. rupić się ‘скрабці’ і мяркуе аб рухомым ‑s‑ і ўстаўным ‑t‑ у славянскіх формах. Гэтую этымалогію лічыць найбольш прымальнай Мяркулава (Этимология–1970, 189 і наст.). Менш верагодныя роднасць з ст.-ісл. hriúfr ‘грубы, няроўны; пракажоны’, hrufa ‘парша’, ст.-в.-ням. hruf ‘тс’, як мяркуе Уленбек (гл. Фасмер, там жа). Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 454.

Струп2 (strüp) ‘верхняя частка даху’ (Тарн.), струпо́к ‘верх, вяршыня’ (Сл. Брэс., Клім.). Да строп (гл.) з палескім пераходам о > у ў закрытых складах. Сюды ж, відаць, і струп у фразеалагізме: пад адзін струп ‘адно пад адным (дзеці з малою розніцаю ў гадах)’ (Янк. БФ., 292).

Струп3 ‘ніжняя частка снапа’ (жыле., Выг.). Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)