сфармірава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; зак.

1. Набыць якую‑н. форму, выгляд у працэсе развіцця; утварыцца. Сцябло сфарміравалася ў ствол. □ Найлепшым прыкладам можа быць так званая Руская платформа .. Пасля таго як яна сфарміравалася, ніводзін з перыядаў гораўтварэння амаль не пакінуў на ёй ніякіх слядоў. Чаркасаў. // Набыць формы, склад цела або духоўнае аблічча дарослага чалавека.

2. Набыць устойлівыя, закончаныя рысы, якасці; скласціся. Беларуская мова сфарміравалася ў перыяд XIV–XV стагоддзяў у межах Літоўскага княства з абласных дыялектаў на тэрыторыі, якую раней займалі дрыгавічы, крывічы і радзімічы. Юргелевіч. // Скласціся як тып каго‑н. ва ўсёй сукупнасці характэрных для яго якасцей, уласцівасцей. У корані змянілася само сацыяльнае аблічча, сфарміраваўся якасна новы тып рабочага чалавека. Машэраў.

3. Арганізавацца, скласціся, стварыцца (пра калектыў, установу і пад.). У студзені 1928 г. сфарміравалася новае літаратурна-творчае аб’яднанне «Полымя». Пшыркоў. // Утварыцца шляхам камплектавання людзьмі і матэрыяльнай часткай (пра воінскія падраздзяленні). [Камарова] часць толькі што сфарміравалася і спешна рыхтавалася на фронт. Марціновіч.

4. Саставіцца ў выніку счаплення вагонаў. Эшалон сфарміраваўся хутка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Наці́на ’бацвінне, лісты гародніны’ (Нас., Гарэц., Янк. 1), ’сцябло агародніны’ (Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), ’сцябло агуркоў’ (Ян.), ’бульбоўнік’ (Мат. Маг.), ’сцёблы рэпы’ (Пятк. 2), ’ежа, прыгатаваная з лістоў рэпы’ (Крачк.), ’квашаныя верхнія лісты капусты’ (Вешт.), наці́ня ’раска’ (Сл. ПЗБ), укр. на́тина ’дзікая лебяда і ежа з яе’, нати́ня ’сцябло; бульбоўнік’, нать ’вусік, прычэпка ў расліны’, рус. нати́на ’сцёблы агародных раслін’, польск. nać, nacina ’лісты, сцёблы агародніны’, чэш. nať, славац. nat ’тс’, в.-луж. nać, н.-луж. naś ’тс’, славен. nȃt ’тс’, серб.-харв. nat ’расток, сцябло’. Прасл. *natь, *nati, род. скл. *natere (падобна да *mati, *matere, гл. маці), дакладныя адпаведнікі толькі ў балтыйскіх мовах: ст.-прус. noatis ’крапіва’, літ. notrė̃, nõterė ’тс’, лат. nâtre ’тс’ (Міклашыч, 211; Фасмер, 3, 48; Скок, 2, 505; Шустар-Шэўц, 13, 979; Бязлай, 3, 215). Менш верагодна прасл. *natь < *nakti‑, роднаснага літ. nókti ’спець’ (Трубачоў, ZfSl, 3, 1958, 5, 668) або збліжэнне з чэш. nýti, naviti (гл. ныць) па тыпу літ. vir̃kšti ’бульбоўнік’, virkščià ’гарохавіска’ ад virkšti ’жаўцець, вянуць’ (Махэк₂, 391). Прапанаваная яшчэ Насовічам (324) версія ад цяць, цінаць ’рэзаць, сячы’ знайшла працяг у этымалогіі Варбат (Прасл. морфонология, словообраз. и этимология. M., 1984, 200–201): форма *natь ад дзеяслова *tęti, *tьnǫ узнікла ў выніку пераразлажэння ў першаснай форме *na‑tina > nat‑ina і адваротнай дэрывацыі; удакладненні гэтай этымалогіі грунтуюцца на рус. дыял. ти́на ’націна, бульбоўнік’, вытворнага ад *tęti ’цягнуць’ і рэальнасці развіцця ў гняздзе і.-е. *ten‑ другаснай семантыкі ’апускаць’ (літ. tìnti), ’згуртавацца, стварыцца’ (ст.-рус. сътятися), што пацвярджаецца роднасцю слав. *bъtъva з *botěti (Варбат, АДД, 32), параўн. таксама тураўскі сцену́ць, сціну́ць ’ахапіць (вокам, холадам і інш.)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

скла́сціся, складуся, складзешся, складзецца; складзёмся, складзяцеся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Утварыцца з асобных частак, элементаў. З асобных карцін паступова склалася галерэя. // Разм. Арганізавацца, стварыцца. У Мінскім Савеце .. з самага пачатку склалася трывалае бальшавіцкае ядро. «Беларусь». Пасля гэтага ўсе вырашылі, што кампанія склалася досыць незвычайная і цікавая, і з вясёлым гоманам і смехам накіраваліся ў рэстаран. Рамановіч.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Узнікнуць у працэсе творчасці (пра верш, песню і пад.). Пра дзікія гулянкі [пана Скірмунта] з нечалавечымі ўчынкамі склаліся жудасныя легенды. Чарнышэвіч. У такой вось неразбярысе пачуццяў, рытмаў і слоў і склаліся ў Ганькі тыя вершы. Васілевіч. // Узнікнуць, з’явіцца ў думцы, вырысавацца ў свядомасці, уяўленні. Расказваў я далёка не так складна, як гэта было ўжо склалася ў маёй галаве. Колас. Ва ўяўленні склаўся вобраз чалавека, зачараванага народнай песняй, чалавека, які аддаў ёй сваё гарачае сэрца. «Полымя».

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Набыць якую‑н. закончаную форму, выпрацавацца, устанавіцца, сфарміравацца. У мяне ўжо склалася звычка па прыездзе на канікулы дадому здымаць вучнёўскую форму, апранацца па-вясковаму і працаваць разам з сям’ёй. Сяргейчык. З тых кароценькіх паездак у .. [бабулі] на ўсё жыццё склалася ўяўленне аб горадзе. Ракітны. // Набыць той ці іншы ход, кірунак (пра жыццё, абставіны і пад.). Эрна Гурбіна лічыла, што жыццё яе склалася няўдала. Навуменка. Прыйшоў бы на сход сам, ды абставіны склаліся так, што прыйсці не магу... Шахавец. Справа склалася так, што лепшыя сілы атрада і штаб былі коннымі. Брыль. // Пайсці на лад, атрымацца. Сям’я склалася дружная. // Устанавіцца, узнікнуць. Дружба склалася моцная.

4. Вызначыцца ва ўсёй сукупнасці асаблівасцей, якасцей; сфарміравацца. У гэты ж перыяд [14–15 стст.] у межах цэнтралізаванай Маскоўскай дзяржавы склаўся рускі народ і яго мова. Юргелевіч. Карн выступае ў асноўным са сфарміраваным характарам, які склаўся за гады жыцця пры савецкай уладзе. Дзюбайла. У пачатку 30‑х гадоў выразна акрэсліліся погляды Чорнага на жыццё і мастацтва, склаўся яго светапогляд. Луфераў. // Дасягнуць майстэрства, дасканаласці ў якой‑н. галіне. [Сцяпан:] — Бартуль не склаўся яшчэ як паэт. Ён шукае свайго голасу, а можа і шляху. Машара.

5. Набыць якую‑н. форму, выгляд (пра губы, рукі, ногі, цела чалавека). Поўныя губы [агранома] склаліся ў лагодную ўсмешку. Бядуля. // Сагнуўшыся, наблізіцца асобнымі рухомымі часткамі і набыць кампактны выгляд. Сцізорык лёгка склаўся.

6. Разм. Даць грошы на якую‑н. агульную справу; зрабіць складчыну. Будучыя семінарысты склаліся разам і нанялі балагола, які завёз іх у Нясвіж. С. Александровіч.

7. Разм. Спакаваць свае рэчы (звычайна для ад’езду). Скласціся для ад’езду.

8. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Атрымацца ў выніку пошукаў. Асобныя рысы склаліся ў пэўную карціну. □ К гэтаму часу ў мастака цалкам склаўся эскіз карціны пра Кастуся Каліноўскага. Ліс.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)