Сельская гаспадарка Беларусі — важная галіна нар.-гасп. комплексу. Ад яе стану залежыць харчовая бяспека краіны, яна пастаўляе асн. масу сыравіны для харчовай і часткова для лёгкай прамысловасці. На долю сельскай гаспадаркі ў 2003 прыпадала 11% валавога ўнутр. прадукту, 15,9% асн. фондаў, 15,2% вытв-сці прадукцыі і паслуг; у ёй занята 12,2% працаздольнага насельніцтва. Нягледзячы на крызісныя з’явы ў эканоміцы 1990-х г., многія с.-г. прадпрыемствы апынуліся ў цяжкім становішчы, значна пагоршаным дэпапуляцыяй сельскага насельніцтва і наступствамі Чарнобыльскай катастрофы 1986.
На Беларусі с.-г. дзейнасць узнікла, як мяркуюць, у канцы неаліту (канец 5-га — пач. 4-га тыс. да н.э.). Археолагі выявілі наяўнасць у тыя часы свойскіх жывёл (буйная рагатая жывёла, свінні, авечкі) у бас. рэк Прыпяць і Сож. Паўсюдна на тэр. Беларусі жывёлагадоўля і земляробства ўсталяваліся ў бронзавым веку. У жывёлагадоўлі жал. веку ўжо былі пашыраны буйная і дробная рагатая жывёла, свінні і коні; у земляробстве ўсталявалася падсечна-агнявая(лядная) сістэма. Асноўнымі с.-г. культурамі былі пшаніца і ячмень; вырошчвалі таксама проса, гарох, віку. У канцы 1 тыс.н.э. падсечна-агнявая сістэма замянілася ворыўнай, валоданне зямлёй стала абшчынным, а вядзенне гаспадаркі — індывідуальным. Эвалюцыя сельскай гаспадаркі ішла шляхам дыферэнцыяцыі ўладальнікаў зямлі, ростам прыватнай уласнасці, фарміраваннем сацыяльна-эканам. шматукладнасці гаспадаркі, што спрыяла паступоваму пераходу да феадалізму. У 13—14 ст. сфарміраваліся асн. віды феадальнага землеўладання (княжацкае, баярскае, царкоўнае), іх формы (вотчыны, маёнткі) і адпаведныя ім формы феадальнай залежнасці сялян. Земляробства было асн. заняткам амаль 90% сялянства. З гэтай галіною цесна звязана і жывёлагадоўля, якая мела мясны і мяса-малочны кірункі, давала харч. прадукты, сыравіну, угнаенні, пастаўляла цяглавую сілу. Вырошчвалі жыта, авёс, пшаніцу, ячмень, грэчку, проса, гарох, сачавіцу, лён-даўгунец, каноплі. Ураджайнасць збожжавых культур была нізкая: 4—5 ц/га. Неад’емнай часткай сельскай гаспадаркі заставаліся разнастайныя промыслы: бортніцтва, паляванне, рыбалоўства, рамёствы.
У канцы 15 ст. пачаўся ўздым сельскай гаспадаркі Беларусі, узнікалі фальваркі, арыентаваныя на вытв-сць таварнай прадукцыі, пашырыліся жалезныя с.-г. прылады, што значна павысіла прадукцыйнасць земляробчай працы. У канцы 16 — пач. 17 ст. праведзена першая аграрная рэформа, якая ўдасканаліла сістэмы землекарыстання і феадальных павіннасцей у выглядзе валочнай памеры. У зах. і цэнтр. частках Беларусі сялянская гаспадарка стала індывідуальнай: абшчыннае землекарыстанне замянілася падворным. Рэформы ў сельскай гаспадарцы Беларусі стымуляваліся значным попытам на збожжа і інш.с.-г. прадукцыю ў краінах Еўропы, ростам колькасці насельніцтва ў бел. гарадах, узнікненнем станоўчай рыначнай кан’юнктуры.
2-я пал. 17 — І-я пал. 18 ст. з прычыны частых войнаў і іх наступстваў (разбурэнне гаспадаркі, скарачэнне колькасці насельніцтва) характарызавалася заняпадам сельскай гаспадаркі Беларусі. У выніку значна скараціліся аб’ёмы вытв-сці і плошчы апрацоўваемых зямель, асабліва ў дзярж. уладаннях. Паменшылася плошча сярэдняга сялянскага надзелу (часам да 1/6) Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі (канец 18 ст.) новаўтвораныя бел. губерні ўцягнуты ў яе гасп. сістэму, на іх тэрыторыях запанавала буйнапамеснае дваранскае землеўладанне. Пашырэнне рынкаў збыту с.-г. прадукцыі стымулявала рост яе вытв-сці Павялічылася ўдзельная вага тэхн. культур (лён-даўгунец, каноплі), бульбы; вызначыліся раёны пэўнай спецыялізацыі сельскай гаспадаркі. Аднак адсталыя аграрныя адносіны, заснаваныя на прыгонніцтве, не маглі падтрымліваць высокія тэмпы развіцця с.-г. вытв-сці, і ўжо ў сярэдзіне 19 ст. адбылося зніжэнне ўраджайнасці с.-г. культур і пагалоўя жывёлы, заняпад маёнткаў. Напярэдадні рэформы 1861 памешчыкі валодалі 70% зямлі, на долю сялянскіх гаспадарак прыпадала каля 27%, таварнасць сельскай гаспадаркі забяспечвалася пераважна таннай рабочай сілай. Радыкальная аграрная рэформа 1861 у асноўным дасягнула мэты ў зямельных адносінах і землекарыстанні, хоць недахоп зямлі, нізкая культура земляробства, вял. падаткі не дазвалялі большай частцы сялян весці самаст.гасп. дзейнасць. У першыя паслярэформенныя гады збожжавая гаспадарка была гал. таварнай галіной сельскай гаспадаркі Беларусі. Нізкая ўраджайнасць збожжавых культур, вырошчванне таннага збожжа ў чарназёмнай зоне Расіі і Украіны, а таксама вял. яго ўвоз у Еўропу з ЗША, Канады, Аргенціны і Аўстраліі зрабілі нявыгаднай яго таварную вытв-сць. У выніку асн. галіной на Беларусі стала малочная жывёлагадоўля, арыентаваная на вытв-сць масла і сыроў; важнымі таварнымі галінамі сталі льнаводства і танкарунная авечкагадоўля. Сельская гаспадарка Беларусі, асабліва ў Гродзенскай губ., набывала рысы капіталіст. вытв-сці. За 10 гадоў Сталыпінскай рэформы толькі ў зах. губернях было ўтворана каля 130 тыс. хутароў і водрубаў (12% усіх сялянскіх двароў). Напярэдадні 1-й сусв. вайны Беларусь была аграрнай краінай — каля 75% яе жыхароў былі заняты ў с.-г. вытв-сці, на долю якой прыпадала 57,5% нац. прыбытку. У 1913 сабрана 2,5 млн.т збожжа, 33 тыс.т ільновалакна, 4 млн.т бульбы, атрымана 219,3 тыс.т мяса (у забойнай вазе), 1,4 млн.т малака. У 1911—13 39% таварнай прадукцыі давалі льнаводства і канапляводства, 35% — жывёлагадоўля. Вайна значна пагоршыла стан сельскай гаспадаркі, прывяла да скарачэння пасяўных плошчаў на 15,6%, хатняй жывёлы — на 11,4%, збору жыта і пшаніцы — на 30%.
Рэвалюцыі 1917, грамадз. вайна і інтэрвенцыі не спрыялі аднаўленню вытв-сці. У гэты перыяд завяршыўся эвалюцыйны этап развіцця сельскай гаспадаркі, пачаўся даволі працяглы рэвалюцыйны шлях. Гэта рэвалюцыйнасць была выклікана неабходнасцю разбурэння былых аграрных адносін і пераадольвання значнага адставання ўзроўню вытв-сці с.-г. прадукцыі ад узроўняў еўрап. краін. Асн. прынцыпамі ў развіцці сельскай гаспадаркі сталі прынцыпы т.зв. дзяржаўнага сацыялізму. Эканам. разбурэнне патрабавала ўжо ў першыя гады сав. улады актыўнага дзярж. рэгулявання гаспадаркі, надзвычайных метадаў кіравання. Але «ваенна-камуністычныя» прынцыпы гаспадарання супярэчылі эканам. законам і не спрыялі развіццю сельскай гаспадаркі. Дэкрэт аб зямлі і законы аб яе сацыялізацыі карэнным чынам змянілі землекарыстанне. Ужо ў 1918 пачаўся перавод індывідуальнай сістэмы гаспадарання на калектыўную. У 1920 пасяўныя плошчы складалі 2/3 даваенных, валавы збор збожжа — менш за 1/2, бульбы і льновалакна — 1/3 збораў 1913. Колькасць коней скарацілася да 80%, буйной рагатай жывёлы — да 65,8%, свіней — да 44%. Валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі складала каля палавіны даваеннага аб’ёму.
У гэты час Беларусь была падзелена на 2 часткі (заходнюю і ўсходнюю), кожная з якіх развівалася ў розных сац.-эканам. умовах. На тэр.БССР развал сельскай гаспадаркі быў абумоўлены не толькі аб’ектыўнымі фактарамі, выкліканымі войнамі і інтэрвенцыямі, але і тагачаснай эканам. палітыкай «ваеннага камунізму», якая ігнаравала дзеянне эканам. законаў, пры ёй панаваў ваенна-адм. ціск на сялянства, харчразвёрстка, адсутнічалі стымулы да вытв. працы ў сялян.
З пераходам да новай эканам. палітыкі (нэп) пачалі выкарыстоўвацца эканам. стымулы, умацавалася сялянская індывідуальная гаспадарка. Спробы рэфармавання сельскай гаспадаркі ў сярэдзіне 1920-х г. былі скіраваны на развіццё серадняцкіх гаспадарак, на дасягненне рыначных адносін паміж горадам і вёскай. У землекарыстанні існавалі такія формы, як пасёлкі і хутары; калектыўныя гаспадаркі ў 1927 аб’ядноўвалі менш за 1% сялянскіх гаспадарак. Практыкавалася арэнда зямлі і праца па найме Ужо да 1925 адноўлены даваенныя памеры пасяўной плошчы, ураджайнасць і, адпаведна, валавыя зборы с.-г. культур Аднак у канцы 1920-х г. рост аграрнай вытв-сці запаволіўся. Спробы яго павелічэння бачыліся ў згортванні нэпа і ўзмацненні камандна-адм. сістэмы кіравання. У 1929 пачаўся карэнны пералом у жыцці вёскі праз калектывізацыю, якая суправаджалася раскулачваннем, рэпрэсіямі супраць сялянства, асабліва заможнага. Ужо ў 1935 у калгасах знаходзілася 85,6% гаспадарак, абагульнена 92,3% пасяўных плошчаў. Адчужэнне сялянства ад асн. сродкаў вытв-сці і вынікаў працы прывяло да падзення аб’ёмаў вытв-сці с.-г. прадукцыі. Збор збожжа ў 1932 у параўнанні з 1928 паменшыўся на 16,4%, бульбы — на 6,6%, ільновалакна — на 10,9%, пагалоўя буйной рагатай жывёлы — на 28,9%, свіней — на 30,7%, авечак — на 38,9%. Калектывізацыя сельскай гаспадаркі БССР мела і станоўчыя вынікі: узбуйнілася землекарыстанне, што дазволіла ўкараняць механізацыю с.-г. працэсаў, севазвароты, хім. сродкі аховы раслін і інш. Для забеспячэння с.-г. работ стваралася сетка машынна-трактарных станцый (МТС). З’явіліся н.-д. ўстановы, значна палепшылася якасць насення, жывёлы і інш.
Эканоміка Зах. Беларусі мела аграрны характар: 80% насельніцтва было занята ў сельскай гаспадарцы (у Польшчы — 63%). Панавала прыватная ўласнасць на зямлю, існавалі буйныя памешчыцкія латыфундыі. Аграрныя рэформы 1920—30-х г. былі скіраваны на развіццё капіталізму. Частка памешчыцкіх і дзярж. зямель падлягала парцэляцыі (продажу дробным уласнікам) і камасацыі (хутарызацыі). Ліквідацыя сервітутаў (права сялян сумесна карыстацца пашай і лясамі) падарвала малочную жывёлагадоўлю. Камасацыя нагадвала рас. Сталыпінскую зямельную рэформу, але ў адрозненне ад яе ўсе выдаткі па выхадзе на хутары неслі сяляне. Да 1939 у Зах. Беларусі на хутары расселена каля 70% сялянскіх гаспадарак.
У пач.Вял.Айч. вайны акупацыйныя ўлады захавалі калгасную сістэму, у 1942 калгасы пераўтварылі ў абшчыны, а з 1943 праводзілі надзяленне сялян зямлёй. Асн. мэта аграрнай палітыкі акупантаў была накіравана на рабаванне харч. рэсурсаў Беларусі, што выклікала актыўнае процідзеянне насельніцтва. З утварэннем партыз. зон аднаўлялася вытв-сць у калгасах і саўгасах. У гады вайны сельская гаспадарка Беларусі панесла вял. страты: разбурана 10 тыс. калгасаў, 92 саўгасы, 316 МТС; пасяўныя плошчы скараціліся на 40%, пагалоўе буйной рагатай жывёлы — на 49%, коней — на 61%, свіней — на 89%, авечак і коз — на 78%, амаль поўнасцю разбурана матэрыяльна-тэхн. база сельскай гаспадаркі.
У пасляваенны перыяд прыняты шэраг мер па матэрыяльным стымуляванні, удасканаленні планавання і арганізацыі с.-г. вытв-сці, перавод яе на інтэнсіўны шлях развіцця; праведзена калектывізацыя і ў зах. частцы Беларусі. У 1954 дасягнуты даваенны ўзровень пасяўных плошчаў і аб’ёмаў жывёлагадоўчай прадукцыі, з 1950 па 1955 падвоілася колькасць трактароў (21,2 тыс.шт.).
За 1956—65 матэрыяльная база сельскай гаспадаркі ўмацавалася. У 1958 МТС рэарганізаваны, а іх тэхніка перададзена калгасам. У 1960 валавы збор збожжа перавысіў узровень 1953 на 36 %, вытв-сць мяса і малака — на 70%, яец — на 50%. У 1965 у рамках эканам. рэформы зроблена спроба паскарэння развіцця сельскай гаспадаркі, выхаду яе на інтэнсіўны шлях. У якасці першачарговых мер прадугледжвалася змена сістэмы нарыхтовак с.-г. прадукцыі, умацаванне матэрыяльна-тэхн. базы, пашырэнне гасп. самастойнасці калгасаў і саўгасаў Аднак па-ранейшаму захоўваліся адм.-камандныя метады кіравання, умяшанне ў дзейнасць с.-г. прадпрыемстваў. У 1965 пасяўныя плошчы дасягнулі 6 млн.га, ураджайнасць збожжавых культур у параўнанні з 1950 вырасла з 7,9 ц/га да 11,5 ц/га, бульбы — з 109 ц/га да 121 ц/га, агародніны — з 116 ц/га да 172 ц/гаВытв-сць мяса павялічылася ў 2,1 раза, малака — у 2,5 раза, яец — у 1,9 раза. Раслі інтэнсіфікацыя с.-г. вытв-сці, валавая прадукцыя, грашовыя даходы і аплата працадня. Паглыбілася спецыялізацыя сельскай гаспадаркі Беларусі ў агульнасаюзным падзеле працы. У 1965 на яе долю прыпадала 13,8% агульнасаюзнай вытв-сці бульбы, 23,8% ільновалакна, 5,7% малака, 5,1% мяса. Сельская гаспадарка перайшла на інтэнсіўны шлях развіцця; стала ажыццяўляцца маштабная меліярацыя балот і пераўвільготненых зямель.
У 1970-я — 1-й пал. 1980-х г. у выніку спецыялізацыі і канцэнтрацыі на аснове міжгасп. кааперацыі і аграпрамысловай інтэграцыі адбыўся рост с.-г. вытв-сці, але з-за экстэнсіўных метадаў кіравання ён быў недастатковым. Тэмпы прыросту раслінаводства і жывёлагадоўлі не забяспечвалі патрэбы насельніцтва ў прадуктах, абвастрылася харч. праблема.
Спробы радыкальных пераўтварэнняў сельскай гаспадаркі ў 2-й пал. 1980-х г. не далі станоўчых вынікаў. Звышцэнтралізаванае кіраванне і манапалізм у вытв-сці не спрыялі развіццю вытв. сіл. Пагоршылася дэмаграфічная сітуацыя ў сельскай мясцовасці (перавага людзей пенсіённага ўзросту, адмоўны прырост насельніцтва, адток працаздольных у гарады і інш.). Агульны паліт. і эканам. крызіс, Чарнобыльская катастрофа абвастрылі супярэчнасці ў сельскай гаспадарцы.
З набыццём Рэспублікай Беларусь незалежнасці парушэнне адзінай эканам. прасторы, разрыў былых эканам. сувязей адмоўна паўплывалі на спецыялізацыю сельскай гаспадаркі і аб’ёмы вытв-сці с.-г. прадукцыі.
Часткова стабілізаваць становішча ў сельскай гаспадарцы краіны дазволілі рэалізацыя Праграмы неадкладных мер па выхадзе эканомікі Рэспублікі Беларусь з крызісу і Асноўных напрамкаў сацыяльна-эканам. развіцця Рэспублікі Беларусь. У апошнія гады аграпрамысловы комплекс Беларусі стабільна забяспечвае харч. бяспеку і нарошчвае экспарт с.-г. прадукцыі. Шэраг гаспадарак па сваіх эканам. паказчыках выйшаў на агульнаеўрап. ўзровень. Але ў цэлым аграрны комплекс Беларусі не адпавядае гэтаму ўзроўню, у т. л. і з-за розніцы ў прыродных умовах. У адрозненне ад большасці еўрап. краін Беларусь знаходзіцца ў зоне рызыкоўнага земляробства. Паводле ацэнак Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН (ФАО) біякліматычны патэнцыял Беларусі ацэньваецца ў 100—121 бал (у Германіі 125—140, Аўстрыі 140—150, Балгарыі 150—170 балаў).
У наш час пры станоўчых тэндэнцыях у вытв-сці с.-г. прадукцыі застаюцца нізкімі прадукцыйнасць раслінаводства і жывёлагадоўлі, захоўваецца высокі узровень выдаткаў на вытв-сць і, як вынік, нездавальняючае становішча ў сельскай гаспадарцы многіх раёнаў краіны. У 2003 колькасць стратных гаспадарак у параўнанні з 1990 павялічылася ў 187 разоў і дасягнула 1,5 тыс. (67,3% агульнай іх колькасці). У выпадку немагчымасці гаспадаркі самастойна выконваць вытв. працэсы праводзіцца яе структурная трансфармацыя: перадача шляхам продажу альбо арэнды маёмасці гаспадаркі камерцыйным структурам або інш. юрыдычным асобам; далучэнне да эканамічна моцнай с.-г. арганізацыі; стварэнне на тэр. бесперспектыўнай гаспадаркі сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак з далейшым іх аб’яднаннем у саюзы (асацыяцыі); перавод на інш. віды дзейнасці, у т. л. нясельскагаспадарчай.
Разбурэнне сістэмы дзярж. датацый сельскай гаспадаркі і рост стратнасці галіны прывялі да рэзкага скарачэння закупак тэхнікі і да дэградацыі матэрыяльна-тэхн. базы (гл.табл. 1). У 2003 на 1 тыс.га ворыва прыпадала 13 трактароў (у 1,5 раза менш, чым у 1995), нагрузка на адзін трактар плошчы ворыва за гэты перыяд вырасла ў 1,5 раза і склала 75 га. Значна вырасла нагрузка і на інш. тэхніку, у т. л. на камбайны ў 1,4 раза. Закупкі новай тэхнікі, больш прадукцыйнай і дасканалай, у значнай ступені паправілі сітуацыю.
Асновай сучаснай сельскай гаспадаркі з’яўляецца энергетыка. За гады існавання калект. гаспадарак быў дасягнуты значны прырост энергетычных магутнасцей у калгасах і саўгасах. Ужо ў 1967 усе калгасы і саўгасы, а таксама ўсе населеныя пункты з колькасцю двароў больш за 10 былі электрыфікаваны. Ажыццяўляецца газіфікацыя сельскай мясцовасці, асабліва ў раёнах, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. З 1990 знізіліся энергетычныя магутнасці, у т. л. ў разліку на 100 га пасяўных плошчаў, вырасла энергаўзброенасць аднаго работніка (гл.табл. 2). З-за недахопу грашовых сродкаў і памяншэння колькасці аўтамабіляў, трактароў і камбайнаў адбываецца падзенне аб’ёмаў набытага для асн. дзейнасці гаручага. За 1990—2003 спажыванне бензіну паменшылася ў 6 разоў, дызпаліва ў 2,6. Найб. механізаваныя галіны — збожжавая гаспадарка і жывёлагадоўля, асабліва на буйных жывёлагадоўчых комплексах.
Асноўныя вытворцы с.-г. прадукцыі — калект. гаспадаркі рознага тыпу (акцыянерныя таварыствы, асацыяцыі, кааператывы), сялянскія і фермерскія гаспадаркі. На 1.1.2004 у краіне 2230 с.-г. прадпрыемстваў (у 1985 іх было 2676), 2493 фермерскія гаспадаркі. На долю фермерскіх гаспадарак прыпадае 2% с,г. угоддзяў і 1,2% валавога збору збожжа, 0,6% вытв-сці малака, 0,7% мяса. Значная роля ў вытв-сці с.-г. прадукцыі належыць асабістым дапаможным гаспадаркам. У 2003 яны выраблялі 90,9% бульбы, 85% агародніны, 27% мяса і 35% малака. Аднак гэтыя аб’ёмы ў значнай ступені залежаць ад падтрымкі індывідуальных вытворцаў с.-г. прадпрыемствамі ў апрацоўцы зямлі, забеспячэнні кармамі жывёлы асабістых сялянскіх гаспадарак.
У краіне створаны сельскія пасёлкі з даволі высокім узроўнем інфраструктуры, пабудаваныя паводле генпланаў: Верцялішкі ў Гродзенскім р-не, Сноў у Нясвіжскім, Леніна ў Горацкім, Крупіца ў Мінскім, Сарачы ў Любанскім, Казловічы ў Слуцкім, Малеч у Бярозаўскім р-не і інш.
На Беларусі з даваенных часоў склалася сетка навуч. і навук. устаноў у галіне сельскай гаспадаркі. У сістэме дзейнічаюць НДІ земляробства, глебазнаўства і аграхіміі, бульбаводства, плодаагародніцтва, аховы раслін, жывёлагадоўлі, меліярацыі і лугаводства і інш., комплексныя абласныя с.-г. доследныя станцыі, эксперым. гаспадаркі, Бел.с.-г. акадэмія, галіновыя універсітэты і акадэміі, каледжы і інш.Навук. і кадравае забеспячэнне мае высокі патэнцыял і не страціла сваіх магчымасцей у наш час.
У сувязі з неспрыяльнымі эканам. фактарамі і сац. ўмовамі замацаванне кваліфікаваных кадраў у сельскай мясцовасці невялікае. Толькі 2/3 выпускнікоў ВНУ і 1/2 тэхнікумаў і каледжаў прыбываюць на месца працы. У большасці гаспадарак існуюць вакантныя месцы спецыялістаў розных кірункаў. Недастаткова высокі ўзровень кваліфікацыі кіраўнікоў і спецыялістаў: асобы з вышэйшай адукацыяй сярод іх складаюць толькі 1/3, з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй — больш за палавіну.
Табліца 1 Парк сельскагаспадарчай тэхнікі (ва ўсіх катэгорыях гаспадарак, тыс. штук)
1985
1990
1995
2000
2002
2003
Трактары
116,2
113,4
97,4
72,9
62,4
58,8
Грузавыя аўтамабілі
64,8
74
63,3
42,5
38,7
35,9
Камбайны, у т. л.
збожжаўборачныя
33,9
30,3
22,5
17,1
13,8
13,3
бульбаўборачныя
10,1
8,7
7,2
3,1
2,5
2,2
буракаўборачныя
0,8
1,7
1,5
0,8
0,6
0,8
сіласа- і кормаўборачныя
11
9,3
8,9
7,2
5,7
5,0
ільноўборачныя
4,8
4,7
3,2
1,8
1,4
1,2
Плугі
48,7
42,4
30,8
20,5
17,3
16,5
Сеялкі
38
37,4
27,6
17,6
14,7
13,6
Культыватары
52,9
56,1
38,2
26,1
22
20,8
Касілкі
37,4
29,7
18,7
15,2
12,5
11,8
Жняяркі
6,7
5,4
3
1,6
1,4
1,3
Машыны для ўнясення ўгнаенняў
32,9
32,1
24,9
16,2
13,2
12,2
Табліца 2 Энергетычныя магутнасці (ва ўсіх катэгорыях гаспадарак)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЕ КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАЕ,
афіцыйная назва Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае [у бел. гістарыяграфіі Беларуска-Літоўская дзяржава (гаспадарства), у расійскай 19 — пач. 20 ст.Літоўска-Руская дзяржава, у літ. — Літоўска-Беларуская дзяржава], феадальная дзяржава ва Усх. Еўропе, якая займала тэр. Беларусі і Літвы (у 13—18 ст.), Жамойціі (з 1422), частку ўкр. зямель (Кіеўская, Чарнігаўская, Валынская землі ў 14 ст. — 1569), частку вялікарасійскіх зямель (у 14 — пач. 16 ст.). Ядром дзяржавы пры яе ўтварэнні былі бел. землі верхняга і сярэдняга Панямоння, т.зв. Чорная Русь, ці гістарычная Літва, і землі па верхнім цячэнні р. Віліі. Першая сталіца дзяржавы — г. Навагрудак (Новагародак). ВКЛ узнікла ва ўмовах няспыннай барацьбы з крыжацкай агрэсіяй і пад пагрозай мангола-татарскага нашэсця. Уключэнне бел. зямель у склад навастворанай у сярэдзіне 13 ст. дзяржавы мела добраахвотны характар, яно ажыццяўлялася праз пагадненні вял. князёў літ. з феадаламі бел., а потым і ўкр. зямель пры захаванні льгот, прывілеяў і пэўнага самакіравання.
Гістарычны нарысда Люблінскай уніі 1569. Утварэнне ВКЛ з цэнтрам у Новагародку адносіцца да 1240-х г., калі тут стаў княжыць Міндоўг [сярэдзіна 1230-х г. — 1263]. У 1251 Міндоўг быў ахрышчаны паводле каталіцкага абраду, у 1253 ён каранаваны ў Новагародку каралеўскай каронай, прысланай ад імя папы Інакенція IV (Міндоўг — адзіны кароль ВКЛ). Пасля забойства Міндоўга ў выніку змовы ў 1263 велікакняжацкі пасад заняў Транята, але ён быў забіты слугамі Міндоўга. Вял. князем стаў сын Міндоўга Войшалк [1264—67], які значна пашырыў тэр. дзяржавы. Барацьбу за ўмацаванне ВКЛ вялі яго наступнікі Шварн [1267—70] і Трайдзень [1270—82]. Узмацненне велікакняжацкай улады адносіцца да перыяду панавання Віценя [каля 1295—1316], у час княжання якога да ВКЛ далучана Полацкае княства (1307). Значна пашырылася тэр.ВКЛ пры вял. князю Гедзіміне [1316—41], у склад дзяржавы ўвайшлі Віцебская, Берасцейская, Тураўская землі, Менскае (Мінскае) княства. У 1323 Гедзімін перанёс сталіцу ў Вільню. Яшчэ пры жыцці Гедзіміна ён перадаў сынам удзельныя княжанні. Яго малодшы сын Яўнут стаў вял. князем [1341—45], але ў выніку змовы старэйшых братоў Альгерда і Кейстута быў пазбаўлены трона. Вял. князем стаў Альгерд [1345—77]. У час яго панавання ў ВКЛ увайшлі бел. падняпроўскія землі, Мазырская і Брагінская воласці, Бранскае княства, Кіеўская, Чарнігаўская, Падольская і Валынская землі. Было падначалена і Смаленскае княства. Барацьба супраць Тэўтонскага ордэна ішла з пераменным поспехам. Альгерд праводзіў актыўную палітыку на Усходзе, намагаючыся аб’яднаць пад сваёй уладай усе землі былой Кіеўскай Русі. У 1368, 1370 і 1372 ён зрабіў тры паходы на Маскву, але захапіць яе не змог. За час княжання Альгерда тэр.ВКЛ павялічылася ўдвая. Пасля яго смерці вял. князем літоўскім стаў Ягайла Альгердавіч (1377—92). Барацьбу з Ягайлам пры дапамозе крыжакоў вёў князь Вітаўт Кейстутавіч. Урэшце паміж дваюраднымі братамі было заключана пагадненне, і Вітаўт атрымаў у княжанне Гародню (Гродна) і Бярэсце (Брэст), а потым і Трокі. З мэтай супрацьдзеяння крыжацкай агрэсіі і ўмацавання сваёй улады Ягайла заключыў Крэўскую унію 1385, паводле якой перайшоў у каталіцтва, прыняў імя Уладзіслаў, ажаніўся з польскай каралевай Ядвігай і быў абвешчаны польскім каралём. Ён абяцаў правесці хрышчэнне літоўцаў паводле каталіцкага абраду і далучыць да Польшчы землі ВКЛ. Супраць падпарадкавання ВКЛ Польшчы выступіў Вітаўт на чале групоўкі літоўскіх і бел. феадалаў. Міжусобная вайна паміж Вітаўтам і Ягайлам скончылася Востраўскім пагадненнем 1392, паводле якога Вітаўт стаў вял. князем літ. [1392—1430], ВКЛ гарантавалася самастойнасць у саюзе з Польшчай. Умацаваўшы сваю ўладу, Вітаўт ліквідаваў некалькі ўдзельных княстваў (у Полацку, Віцебску, Кіеве і інш.). У войнах з Тэўтонскім ордэнам Вітаўт страціў б.ч. Жамойціі (1398). Пасля бітвы на Ворскле 1399, дзе войска ВКЛ было разгромлена ардынскім войскам, Вітаўт вымушаны быў заключыць Віленска-Радамскую унію 1401, паводле якой ВКЛ прызнавалася пажыццёвым уладаннем Вітаўта, а Ягайла захоўваў тытул вярхоўнага князя. У 1404 ВКЛ канчаткова падпарадкавала Смаленскае княства, потым Вярхоўскія княствы (бас. верхняй Акі). У час Грунвальдскай бітвы 1410 войска Тэўтонскага ордэна было разбіта саюзнымі войскамі, Жамойція пераходзіла ў пажыццёвае ўладанне Вітаўта (канчаткова далучана да ВКЛ у 1422).
Нямецкая агрэсія на У была спынена. Гарадзельская унія 1413 замацавала паліт. саюз Польшчы і ВКЛ. У 1416 Вітаўт дамогся выбрання і зацвярджэння асобнага мітрапаліта правасл. царквы ў ВКЛ Грыгорыя Цамблака, падпарадкаванага канстанцінопальскаму патрыярху. Пасля смерці Вітаўта вял. князем быў выбраны малодшы брат Ягайлы Свідрыгайла [1430—32], праціўнік дзярж. уніі з Польшчай, з якой адбыўся канфлікт. У выніку змовы літ. баяр, не згодных з палітыкай Свідрыгайлы, які абапіраўся на буйных бел. і ўкр. феадалаў, ён быў скінуты ў вер. 1432 з велікакняжацкага пасада і ўцёк у Полацк. Вял. князем быў абвешчаны малодшы брат Вітаўта Жыгімонт Кейстутавіч [1432—40]. Пачалася феад.грамадз. вайна 1432—39. 15.10.1432 Жыгімонт аднавіў унію з Польшчай. Пасля выдання Жыгімонтам прывілея аб ураўнаванні асабістых і маёмасных правоў баяр-католікаў і праваслаўных (6.5.1434) Свідрыгайла страціў падтрымку большасці бел. феадалаў. 1.9.1435 у бітве пад Вількамірам войска Свідрыгайлы было разбіта. 20.3.1440 Жыгімонт у выніку змовы быў забіты і вял. князем выбраны малодшы брат польск. караля Уладзіслава III Казімір IV Ягелончык [1440—92]. У 1447 Казімір выбраны і каралём Польшчы. Прывілеем 1447вял. князь гарантаваў усім баярам асабістую недатыкальнасць, скасаваў натуральныя і грашовыя павіннасці з маёнткаў на карысць дзяржавы, перадаў баярам права судзіць і караць сваіх сялян. Прывілей паслужыў кансалідацыі ўсяго баярскага саслоўя ВКЛ. Казімір выдаў судзебнік 1468, у якім былі змешчаны юрыд. нормы, пераважна крымінальнага права. Пасля смерці Казіміра вял. князем стаў яго сын Аляксандр [1492—1506]. У час яго панавання велікакняжацкая ўлада аслабела. Паны-рада (вышэйшы кіруючы орган) дамагліся выдання Аляксандравага прывілея 1492, паводле якога ўсе найважнейшыя дзярж. справы вял. князь павінен быў вырашаць разам з радай. У гэты час адбылася серыя войнаў ВКЛ з Маскоўскім вял. княствам, якое паступова пашырала сваю тэр. на захад. Адначасова саюзнікі вял. князя маскоўскага Івана III крымскія татары пачалі напады на Украіну і Беларусь, асабліва моцныя набегі былі ў 1505 і 1506. Гэтыя нашэсці спыніліся пасля разгрому татарскага войска ў Клецкай бітве 1506. Перамога войска ВКЛ у Аршанскай бітве 1514 у час вайны з Маскоўскай дзяржавай 1512—22 дазволіла стабілізавацьусх. граніцу. У час панавання вял. князя Жыгімонта I Старога [1506—48] прыняты адзін з першых у Еўропе сістэматызаваных збораў законаў — Статут Вялікага княства Літоўскага 1529. Пры сыне Жыгімонта Старога вял. князю Жыгімонце II Аўгусце [1548—72] у ВКЛ праведзены важныя паліт. і эканам. рэформы. Паводле адм. рэформы 1565—66 утвораны паветы і павятовыя сеймікі, якія вырашалі мясц. пытанні і выбіралі па 2 паслы (дэпутаты) на агульнадзярж. сейм, і павятовыя суды — гродскія, земскія і падкаморскія. У выніку рэформы шляхецкае саслоўе (баяры з 2-й чвэрці 16 ст. пачалі называцца шляхтай) стала пануючым у дзяржаве, адхіліўшы магнатаў і князёў ад манапольнага кіравання дзяржавай. У Лівонскую вайну 1558—83рас. цар Іван IV Грозны намагаўся захапіць Лівонію. У лютым 1563 яго войска захапіла Полацк. У Ульскай бітве 1564 і Аршанскай бітве 1564рас. войскі пацярпелі паражэнне. Далейшы ход вайны паказаў, што аднаму ВКЛ без саюзнікаў не перамагчы. На палявым сейме каля Віцебска 13.9.1562 шляхта прыняла акт і накіравала яго вял. князю з просьбай заключыць новую, больш цесную дзярж. унію з Польшчай. Супраць выступіла асн. частка магнатаў на чале з М.Радзівілам Чорным, якая не хацела страціць свае паліт.пазіцыі ў кіраванні дзяржавай і грамадскія прывілеі. Жыгімонт Аўгуст, які не меў нашчадкаў, намагаўся аб’яднаць абедзве дзяржавы і падтрымліваў унітарную ідэю. Ён абапіраўся на шляхту ВКЛ. Быў прыняты Статут Вялікага княства Літоўскага 1566, які замацаваў грамадска-паліт. змены, што адбыліся ў ВКЛ у 1530—60-я г. 1.7.1569 асобна дэпутатамі польскага сейма і сейма ВКЛ пад прысягаю быў прыняты акт аб уніі (гл.Люблінская унія 1569), паводле якой абедзве дзяржавы на аснове роўнасці аб’ядноўваліся ў федэратыўную дзяржаву — Рэч Паспалітую. Былыя прывілеі шляхты захоўваліся ў кожнай дзяржаве, абедзве краіны захоўвалі суверэнітэт, асобныя дзярж. адміністрацыі, войскі, скарб і права эмісіі аднолькавай манеты, кіраванне, адм. і судовы апарат, свае законы і сваю мытную сістэму. Кожная краіна мела сваю дзярж. мову: Польшча лацінскую, ВКЛ беларускую. Люблінская унія была кампрамісам шляхты Польшчы і ВКЛ, у выніку якога стварылася больш моцная дзяржава. Яна ўмацавала паліт. еднасць абедзвюх дзяржаў, узмацніла працэсы іх эканам., паліт. і культ. збліжэння, уплыў зах.-еўрап. культуры на бел. землі.
Пасля Люблінскай уніі (з 1569 да канца 18 ст.). Пасля смерці Жыгімонта II Аўгуста каралём стаў Генрык Валезы [1573—74], потым Стафан Баторый [1576—86]. Працягваючы Лівонскую вайну, ён у 1579 адваяваў Полацк і нанёс некалькі паражэнняў войскам цара. Вайна скончылася падпісаннем Ям-Запольскага мірнага дагавора 1582, паводле якога Расія адмовілася на карысць Рэчы Паспалітай ад Лівоніі, Полацкай зямлі і Веліжа, а Рэч Паспалітая вяртала заваяваныя крэпасці на рас. тэрыторыі. Наступным польск. каралём і вял. князем літ. быў выбраны Жыгімонт III Ваза (1587—1632), які імкнуўся мець падтрымку бел.-літ. шляхты. Ён зацвердзіў Статут Вялікага княства Літоўскага 1588, які падкрэсліваў самастойнасць ВКЛ і забараняў польск. шляхце атрымліваць у ВКЛдзярж. землі і пасады. Была пацверджана самастойнасць дзярж. устаноў ВКЛ, адасобленасць фінансаў і заканадаўства. Жыгімонт падтрымаў Брэсцкую унію 1596, але і далучыўся да пастаноў сеймаў 1609, 1618 і 1631, якія гарантавалі правы праваслаўных. Кароль захапіўся планам далучыць Маскоўскую дзяржаву да Рэчы Паспалітай у якасці члена федэрацыі або заключыць з Расіяй саюз з каралевічам польскім у якасці цара. З гэтай мэтай былі падтрыманы Лжэдзмітрый I (гл.Ілжэдзмітрый I) і Лжэдзмітрый II (гл.Ілжэдзмітрый II), а потым пачата вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, якая скончылася падпісаннем Дэулінскага перамір’я 1618. Да ВКЛ адышла Смаленшчына. Пасля смерці Жыгімонта Вазы польск. каралём і вял. князем літ. выбраны яго сын Уладзіслаў IV [1632—48]. Выкарыстаўшы міжуладдзе ў Рэчы Паспалітай, цар Міхаіл Фёдаравіч пачаў вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. Рас. войскі асадзілі Смаленск, але горад вытрымаў аблогу. Маскоўская армія была акружана войскам Рэчы Паспалітай на чале з каралём і капітулявала. Палянаўскі мір 1634 пацвердзіў умовы Дэулінскага перамір’я аб пераходзе Смаленскага ваяв. ў склад ВКЛ. У канцы 16 — пач. 17 ст. ўскладнілася становішча на Украіне. Адным з самых буйных антыфеад. казацка-сял. выступленняў было Налівайкі паўстанне 1594—96. Адступаючы з Украіны, паўстанцы адышлі на бел. Палессе, дзе да іх далучыліся мясц. сяляне, мяшчане і дробная шляхта, захапілі Петрыкаў, Слуцк, Магілёў, пасля адышлі на Валынь. Новым каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Ян II Казімір [1648—68]. У 1648 на Украіне пачалася нац.-вызв. вайна, якую ўзначаліў Б.Хмяльніцкі. На Беларусі яна выклікала антыфеадальную вайну 1648—51. Улетку 1654 пачалася вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У час кампаніі 1654 была занята рас. войскамі ўся паўн. і ўсх. Беларусь, у час кампаніі 1655 — астатняя частка Беларусі (акрамя Брэсцкага пав. і Навагрудскага ваяв.), Вільня, Коўна. У час ваен. дзеянняў былі разрабаваны і спалены многія гарады, мястэчкі і вёскі, шмат людзей загінула або трапіла ў палон, дзесяткі тысяч сялян і тысячы гараджан вывезены ў Расію. Шляхце, якая прысягнула цару, рас. ўрад захаваў маёнткі і саслоўныя правы. Была забаронена дзейнасць рымска-каталіцкай і уніяцкай цэркваў. Гарады Беларусі атрымалі граматы на дазвол рамесніцка-гандлёвай дзейнасці. Сяляне, якіх раздавалі шляхце, абкладаліся дадатковымі павіннасцямі на карысць войска. У 1660 рас. войскі сталі цярпець паражэнні. У шэрагу гарадоў (Магілёў, Дзісна, Себеж, Гомель і інш.) адбыліся паўстанні мяшчан супраць рас. гарнізонаў. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 Расія захавала Смаленскае ваяв., Левабярэжную Украіну і Кіеў. Расчараваны няўдачамі ў войнах і ва ўнутр. палітыцы, кароль Ян Казімір у 1668 адрокся ад трона. Новым каралём польск. і вял. князем ВКЛ быў выбраны Міхал Вішнявецкі [1669—73]. Паводле пастановы сейма 1673, кожны трэці сейм (акрамя тых, што выбіралі караля) збіраўся ў ВКЛ у Гродне. Наступным каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Ян III Сабескі [1674—96], якога падтрымлівалі магнаты і шляхта прафранцузскай арыентацыі. «Вечны мір» 1686 паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй замацаваў дзярж. граніцы і стварыў умовы для сумесных дзеянняў супраць Турцыі і Крымскага ханства. Але 9-ы артыкул гэтага дагавора даваў магчымасць царызму пад выглядам абароны праваслаўя пастаянна ўмешвацца ва ўнутр. справы Рэчы Паспалітай.
Супраць караля выступілі Сапегі, якія мелі намер узначаліць самастойнае ВКЛ. Супраць іх у 1696 пачалася адкрытая барацьба бел. і літ. шляхты на чале з Р.Агінскім. Шляхце ВКЛ удалося правесці на канфедэрацыйным сейме 29.8.1696 канчатковае ўраўнаванне яе правоў з правамі польскай шляхты. Гэтай жа пастановай замест афіцыйнай бел. мовы ў дзярж. установах ВКЛ уводзілася польская мова. Новым каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Аўгуст II Моцны [1697—1706, 1709—33], падтрыманы Расіяй і Аўстрыяй. У гэты час канфлікт паміж Сапегамі і б.ч. шляхты набыў характар грамадз. вайны. У ліст. 1700 пад Алькенікамі (каля Вільні) атрады шляхты разбілі войска Сапегаў. Аўгуст II уступіў у Паўночную вайну 1700—21 як саюзнік Пятра I і як курфюрст Саксоніі. Рэч Паспалітая спачатку ў вайне не ўдзельнічала. У пач. 1702 шведскія войскі прайшлі праз Гродна ў Польшчу, дзе ваен. дзеянні ішлі некалькі гадоў. Скліканая вясной 1703 генеральная канфедэрацыя ВКЛ абвясціла саюз з Расіяй. Шведскі кароль Карл XII арганізаваў у Польшчы канфедэрацыю, якая дэтранізавала Аўгуста II і выбрала каралём польск. і вял. князем літ.Станіслава Ляшчынскага [1704—09, 1733]. У 1706 Аўгуст II, пацярпеўшы паражэнне, заключыў Альтранштацкі дагавор, паводле якога адмовіўся ад кароны на карысць Ляшчынскага. Наступныя ваен. дзеянні адбываліся на тэр. Беларусі. У бітве пад Лясной 1708 армія Пятра I разграміла шведскі корпус А.Левенгаўпта. Пасля перамогі рас. войск пад Палтавай 8.7.1709 Аўгуст II вярнуўся ў Польшчу і зноў заключыў саюз з Пятром I. Вайна прычыніла вял. страты Беларусі, колькасць насельніцтва зменшылася з 2,2 млн.чал. да 1,5 млн.чал. Пасля Паўн. вайны паліт. ўплыў Расіі на частку магнатаў і шляхты ВКЛ узмацніўся. Пасля смерці Аўгуста II 12.9.1733 шляхта зноў выбрала каралём польск. і вял.кн.літ. Станіслава Ляшчынскага, але гэта не адпавядала інтарэсам Расіі. На тэр. Рэчы Паспалітай былі ўведзены рас. войскі, арганізаваны новыя выбары і 5.10.1733 новым каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Аўгуст III [1733—63]. У час яго панавання адбылося далейшае паглыбленне паліт. крызісу Рэчы Паспалітай. Пасля смерці Аўгуста III па прапанове рас. імператрыцы Кацярыны II быў выбраны апошні кароль польскі і вял. князь літ.Станіслаў Аўгуст Панятоўскі [1764—95], які пачаў праводзіць палітыку памяркоўных рэформаў дзярж. ладу, што выклікала незадаволенасць Расіі і Прусіі. Пры падтрымцы рас. пасла кн. М.В.Рапніна ў 1767 былі створаны пратэстанцкая шляхецкая канфедэрацыя ў Торуні і кальвінісцка-праваслаўная Слуцкая канфедэрацыя 1767, якія імкнуліся ўраўнаваць правы дысідэнцкай шляхты з каталіцкай. На дапамогу канфедэратам Кацярына II накіравала 40-тысячную армію. Сейм 1768 ураўнаваў правы некаталіцкай шляхты з каталіцкай і пад націскам Кацярыны II замацаваў анархічны лад дзяржавы. Патрыятычна настроеная шляхта выступіла супраць чужаземнага ўмяшання ва ўнутр. справы дзяржавы і арганізавала Барскую канфедэрацыю. Пасля яе разгрому ў Пецярбургу быў падрыхтаваны першы падзел Рэчы Паспалітай 1772, паводле якога Расія, Прусія і Аўстрыя далучылі часткі тэр. Рэчы Паспалітай. Расіі адышлі тэрыторыі на Пн ад Зах. Дзвіны, на У ад Друці і Дняпра. У 1770—80-я г. ў Рэчы Паспалітай былі праведзены некаторыя рэформы, накіраваныя на паляпшэнне гандлю і развіццё прам-сці. Больш грунтоўныя рэформы праводзіў Чатырохгадовы сейм 1788—92. Была прынята Канстытуцыя 3 мая 1791. Рэакцыйныя колы магнатаў і шляхты, незадаволеныя прагрэс. зменамі, звярнуліся да Кацярыны II з просьбай аб дапамозе. У Пецярбургу пад наглядам імператрыцы 27.4.1792 складзены акт канфедэрацыі і да граніцы з Рэччу Паспалітай перакінуты рас. войскі. Пасля пераходу граніцы ва ўкр.мяст. Таргавіца быў абвешчаны акт Таргавіцкай канфедэрацыі. Рас. войскі з баямі занялі тэр. Беларусі і Правабярэжнай Украіны, разам з прускімі войскамі акупіравалі Польшчу. Канстытуцыя 3 мая і рэформы Чатырохгадовага сейма былі адменены. Таргавіцкая канфедэрацыя фактычна падрыхтавала другі падзел Рэчы Паспалітай 1793. Канвенцыя аб гэтым падпісана ў Пецярбургу паміж Расіяй і Прусіяй 23.1.1793. Расія ўзяла сабе цэнтр. частку Беларусі, а таксама Правабярэжную Украіну. Гродзенскі сейм 1793 зацвердзіў падзел Рэчы Паспалітай. Ва ўмовах рас. і прускай акупацыі было падрыхтавана нац.-вызв. паўстанне 1794 на чале з Т.Касцюшкам. Паўстанне было задушана рас. войскамі пад камандаваннем ген. А.В.Суворава. Рэч Паспалітая была поўнасцю акупіравана рас., прускімі, потым і аўстр. войскамі. 24.10.1795 у Пецярбургу падпісана канвенцыя аб трэцім падзеле Рэчы Паспалітай 1795. Расія далучыла землі Зах. Беларусі, б.ч. Літвы і Курляндыю. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі адмовіўся ад трона на карысць Кацярыны II. Рэч Паспалітая спыніла сваё дзярж. існаванне.
Дзяржаўны і палітычны лад. ВКЛ была феад. манархіяй. У першыя стагоддзі свайго існавання гэта дзяржава з моцнай уладай вял. князя (гаспадара) у цэнтр. раёнах і аўтаномнымі княствамі і землямі са сваім паліт. жыццём, якія падпарадкоўваліся вял. князю. У канцы 14 ст. Вітаўт ліквідаваў буйныя ўдзельныя княствы, але невял. княствы захоўваліся да 1520-х г. З канца 14 ст. збіраўся пастаянны кансультатыўны орган пры вял. князю — паны-рада (гл.Рада Вялікага княства Літоўскага). З 1492 рада мела заканадаўчыя і распарадчыя функцыі (асабліва ў час адсутнасці вял. князя ў дзяржаве). У 15 ст. сфарміраваўся сейм — прадстаўнічы орган шляхецкага саслоўя. У пач. 16 ст. ён набыў значэнне заканадаўчага і кантрольнага органа. На пасады цэнтр. кіравання назначэнне рабіў вял. князь. Найважнейшымі былі пасады маршалка земскага (потым — вялікага), канцлера, падскарбія, гетмана найвышэйшага (потым — вялікага) і інш. Асобнымі землямі кіравалі намеснікі, старосты, а з 15 ст. і ваяводы, якія мелі шырокія паўнамоцтвы. Акругамі кіравалі дзяржаўцы, а ніжэйшае звяно дзярж. кіравання да 16 ст. складалі прадстаўнікі мясц. насельніцтва — валасныя старцы, соцкія, дзесяцкія. У 1413 былі ўтвораны вял. па тэрыторыі Віленскае і Трокскае ваяв., куды ўваходзілі ўсх.-літ. землі і землі Зах. і Цэнтр. Беларусі. Ваяводы віленскі і трокскі і іх намеснікі — кашталяны — таксама належалі да найвышэйшых саноўнікаў дзяржавы. Паводле адм. рэформы ў 1565—66 у ВКЛ было ўтворана 13 ваяводстваў, якія падзяляліся на паветы. Павет стаў асн.адм.-тэр. адзінкай са сваім прадстаўнічым органам — шляхецкім сеймікам і павятовымі шляхецкімі судамі (гл.Земскі суд, Гродскі суд, Падкаморскі суд). У 1581 быў арганізаваны Трыбунал Вялікага княства Літоўскага, вышэйшы апеляцыйны суд. Члены судоў і дэпутаты Трыбунала выбіраліся шляхтай. Да 17—18 ст. у некаторых мясцовасцях захоўваўся нар. традыцыйны копны суд, які дзейнічаў пад кантролем дзярж. або панскай адміністрацыі. Прывілеем 1447 вял. князь Казімір Ягелончык перадаў права суда над насельніцтвам феадалам — панам і баярам, на чыёй зямлі жылі залежныя ад іх сяляне і гараджане. З 15 ст. мяшчане гарадоў, што атрымалі самакіраванне паводле магдэбургскага права, вызваляліся ад феад. павіннасцей, суда і ўлады ваявод і старостаў, мелі свае войтаўска-лаўніцкія суды. У 16 ст. былі распрацаваны сістэматызаваныя зборы законаў, выдадзеныя на бел. мове, — Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588. Яны аб’ядноўвалі юрыд. нормы міжнар., дзярж., саслоўнага, маёмаснага, сямейнага і інш. права.
Рэлігійныя адносіны. Большасць насельніцтва ВКЛ у 13 ст. належала да правасл. царквы, літоўцы і жэмайты былі яшчэ язычнікамі. У 1387 Ягайла правёў хрышчэнне літоўцаў паводле каталіцкага абраду. Хрышчэнне жэмайтаў расцягнулася яшчэ на стагоддзе. Паступова каталіцкая царква пры дапамозе вял. князёў пашырала свае пазіцыі. З 1458 правасл. царква ў ВКЛ мела сваю самаст. мітраполію. У сярэдзіне 16 ст. на Беларусі вял. ўплыў мела Рэфармацыя ў яе розных плынях. 9.10.1596 абвешчана Брэсцкая унія, акт аб арганізацыйным аб’яднанні на тэр. Беларусі і Украіны правасл. царквы з каталіцкай. Вернікі уніяцкай царквы ў канцы 18 ст. складалі 75% насельніцтва Беларусі (у вёсцы 80%), праваслаўнымі заставалася 6,5% насельніцтва.
Сельская гаспадарка і становішча сялян. У 13—14 ст. вярхоўным уласнікам усёй зямлі ў ВКЛ лічыўся вял. князь. Прыватнаўласніцкія маёнткі падзяляліся на 2 групы: вотчыны, якія належалі спадчынна княжацкім і буйным феад. (панскім) сем’ям, і двары (маёнткі), якія раздаваліся баярам на ўмоўным праве, за службу (у асн. вайсковую). Пачынаючы з прывілея 1447, права спадчыннай уласнасці на зямлю было пашырана на ўсё саслоўе баяр (шляхты). Гэта права як манаполія саслоўя феадалаў было заканадаўча замацавана Статутамі ВКЛ. У 14—16 ст. сялянства юрыдычна падзялялася на групы: чэлядзь нявольная, людзі пахожыя, людзі непахожыя, сяляне-слугі. Вышэйшай групай сялян-слуг былі вайсковыя сяляне, што выходзілі ў паход разам з панам, — панцырныя, путныя і конныя баяры. Частка іх увайшла ў 15—16 ст. у ніжэйшую групу шляхецкага саслоўя або замацавалася ў нешматлікай групе вольных людзей — зямян, выбранцаў, баяр, якія былі васаламі вял. князя, магнатаў, буйной шляхты. У час вайны яны служылі ў войску, у мірны час плацілі грашовы чынш. Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588 юрыдычна замацавалі прыгоннае права. Розныя групы сялян у 1-й пал. 17 ст. канчаткова ператварыліся ў асабіста залежных ад феадала людзей. У 14—15 ст.асн. павіннасцю быў натуральны аброк. З канца 15 ст. ў сувязі з павелічэннем попыту на с.-г. прадукцыю ў Зах. Еўропе феадалы ВКЛ пашыралі ворныя землі ў маёнтках, стваралі фальваркі, шырока ўводзілі паншчыну. З сярэдзіны 16 ст. ў велікакняжацкіх (дзяржаўных) маёнтках пачала актыўна праводзіцца зямельная рэформа (гл.Валочная памера, «Устава на валокі» 1557). У 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. рэформа праведзена ва ўладаннях феадалаў Літвы, зах. і цэнтр. Беларусі, да сярэдзіны 17 ст. — усх. і паўд. Беларусі. Стварэнне фальваркаў суправаджалася ўзбуйненнем часткі вёсак, іх перапланіроўкай і наразаннем сялянам валочных надзелаў (1 валока — 21,36 га). Пашыраўся 3-польны севазварот, павялічылася ўраджайнасць. Паводле павіннасцей сяляне падзяляліся на 2 асн. катэгорыі: цяглыя сяляне і асадныя сяляне. Сяляне з невял. ўчасткамі зямлі (агароднікі, халупнікі, каморнікі) да сярэдзіны 17 ст. зліліся з цяглымі сялянамі, надзелы якіх зменшыліся да паўвалочных. У час ваен. дзеянняў сярэдзіны 17 ст. гаспадарка ВКЛ была разбурана. Для яе аднаўлення ў 2-й пал. 17 — 1-й пал. 18 ст. феадалы, пераважна ў каралеўскіх маёнтках, пераводзілі значную частку сялян з паншчыны на грашовы чынш. У магнацкіх маёнтках паншчына ў асн. захоўвалася. Да сярэдзіны 18 ст. сялянская гаспадарка дасягнула некаторых поспехаў у развіцці агратэхнікі, павысілася ўраджайнасць, павялічылася пагалоўе жывёлы. У 2-й пал. 18 ст. пачаўся перыяд разлажэння феадалізму і зараджэння капіталіст. адносін. Пашырыўся ўнутр. рынак, развіваліся таварна-грашовыя адносіны. Усё гэта адбілася на дзярж. палітыцы пашырэння фальварковай гаспадаркі ў каралеўскіх эканоміях (рэформы К.Тызенгаўза).
Культура і асвета. Бел. мова з часу ўтварэння ВКЛ была афіцыйнай дзяржаўнай і мовай міжэтнічных зносін. На ёй вялося справаводства і судаводства, выдаваліся велікакняжацкія прывілеі і дыпламат. дакументы, сеймавыя пастановы, статуты, пісаліся летапісы, хронікі, маст. і царк.-рэліг. творы. З 15 ст. на бел. мове ствараецца свецкая арыгінальная і перакладная літаратура. На бел. мове Ф.Скарына надрукаваў першыя ва ўсх. славян 22 кнігі Бібліі, заснаваў першую ў ВКЛ друкарню. На лацінскай мове ў 1523 выйшла паэма М.Гусоўскага «Песня пра зубра». Новы ўздым у культ. і грамадска-паліт. жыцці быў звязаны з рэфармац. рухам 2-й пал. 16 ст. Высокага ўзроўню дасягнула кнігадрукаванне. Паслядоўнікамі Скарыны былі С.Будны, І.Фёдараў, П.Мсціславец. Друкарні дзейнічалі ў Брэсце, Нясвіжы, Вільні, Заблудаве, Еўі, Куцейне, Магілёве. Вял. ўклад у развіццё бел. культуры зрабілі В.Цяпінскі, Л.Зізаній, браты Мамонічы, М.Сматрыцкі, браты Вашчанкі і інш. Вышэйшай навуч. установай у ВКЛ была Віленская акадэмія, заснаваная ў 1578. У Літве і Беларусі існавала сетка сярэдніх навуч. устаноў з высокім узроўнем навучання. У 18 ст. ўзніклі піярскія вучылішчы, у 1773—75 пачала дзейнасць Адукацыйная камісія з сеткай дзярж. школ у кожным павеце. Паспяхова развівалася муз. мастацтва. Падрыхтоўка спевакоў вялася ў манастырскіх і брацкіх школах. З 17 ст. пры калегіумах і дварах магнатаў існавалі капэлы, якія складаліся з аркестра і групы вакалістаў. Яны суправаджалі спектаклі тэатраў, балі, рэлігійныя службы, вайсковыя парады. У 18 ст. ў прыватнаўласніцкіх гарадах існавалі прыдворныя т-ры з балетнымі трупамі. У 16—18 ст. дзейнічалі школьныя т-ры. Значнага развіцця ў 14—16 ст. дасягнула буд-ва абарончых збудаванняў (замкі ў Новагародку, Гродне, Крэве, Лідзе, Вільні, Нясвіжы, Міры, Троках) і цэркваў-крэпасцей (у Сынковічах, Супраслі, Мураванцы). Магнацкія замкі і рэзідэнцыі ў 17—18 ст. ператварыліся ў палацава-замкавыя ансамблі. У выяўл. мастацтве спачатку пераважаў іканапіс, з 16 ст. пашырыліся партрэтны і батальны жанры. Дасягнулі росквіту драўляная разьба і скульптура. У 18 ст. на мануфактурных прадпрыемствах выраблялі унікальныя ўзоры прыкладнога мастацтва — шпалеры, слуцкія паясы, урэцкае шкло і інш.
Літ.:
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994;
История Литовской ССР. (С древнейших времен до нашнх дней). Вильнюс, 1978;
Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литовско-русского государства ко времени издания первого Литовского статута: Ист. очерки. [М., 1892];
Яго ж. Литовско-русский сейм. М., 1900;
Довнар-Запольский М. Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягеллонах. Т. 1. Киев, 1901;
Пресняков А.Е. Лекции по русской истории. Т. 2, вып. 1. М., 1939;
Пичета В.И. Белоруссия и Литва XV—XVI вв. М., 1961;
Мальцев А.Н. Россия и Белоруссия в середине XVII в. М., 1974;
Шабульдо Ф.М. Земли Юго-Западной Руси в составе Великого княжества Литовского. Киев, 1987;
Пашуто В.Т. Образование Литовского государства. М., 1959;
Ермаловіч М.І. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990;
Яго ж. Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд.Мн., 1994;
Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992;
Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Давед. Камент. Мн., 1989;
Францыск Скарына і яго час: Энцыкл.давед.Мн., 1988;
Morzy J. Kryzys demograficzny na Litwie i Białorusi w II połowie XVII wieku. Poznań, 1965;
Lowmiański H. Studia nad dziejami Wielikogo Ksiestwa Litewskiego. Poznań, 1983.
А.П.Грыцкевіч.
Герб Вялікага княства Літоўскага «Пагоня». Малюнак 1575.«Трыбунал Вялікага княства Літоўскага». Тытульны ліст. Вільня. 1586.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Рэзідэнцыя вялікіх князёў ВКЛ і Верхні замак у Вільні. Малюнак Ю.Камараўскаса.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Люблінская унія. Карціна Я.Матэйкі.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Від Гродна. Гравюра канца 16 ст.Першая старонка Статута Вялікага княства Літоўскага. 1529.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Інтэр’ер Нясвіжскага касцёла. 16—18 ст.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Абраз «Пакланенне вешчуноў» з в. Дрысвяты Браслаўскага раёна. 1-я пал. 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НДЫЯ (на мове хіндзі Бхарат), Рэспубліка Індыя (Republic of India),
дзяржава ў Паўд. Азіі на п-ве Індастан і прылеглых тэрыторыях. Па плошчы 7-я, па колькасці насельніцтва 2-я краіна ў свеце. Мяжуе на ПнЗ з Пакістанам, на Пн з Кітаем, Непалам і Бутанам, на У з М’янмай і Бангладэш. На ПдЗ абмываецца Аравійскім м., на ПдУ — Бенгальскім залівам; на Пд Манарскі зал. і Полкскі прал. аддзяляюць І. ад Шры-Ланкі. Падзяляецца на 25 штатаў і 7 саюзных тэрыторый. Пл. 3287,6 км². Нас. 944,6 млн.чал. (1996). Сталіца — г.Дэлі (афіцыйна — яго ч. Нью-Дэлі). Афіц. мовы — хіндзі і англійская (часова), афіцыйна выкарыстоўваюць таксама 17 рэгіянальных моў асобных штатаў і мёртвую мову санскрыт. Нац. святы — Дзень незалежнасці (15 жн.) і Дзень рэспублікі (26 студз.).
Дзяржаўны лад. І. — федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1950 (са шматлікімі дапаўненнямі). Уваходзіць у Садружнасць. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбіраюць члены парламента і заканад. сходаў штатаў тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканадаўчы орган — двухпалатны Кангрэс: ніжняя палата — Нар. палата (не больш за 547 дэпутатаў, з якіх 545 выбіраюцца насельніцтвам, 2 назначаюцца прэзідэнтам ад англа-інд. абшчыны), верхняя палата — Савет штатаў (не больш за 150 дэпутатаў, 12 з іх назначаюцца прэзідэнтам, астатнія выбіраюцца шляхам ускосных выбараў). Агульны тэрмін паўнамоцтваў ніжняй палаты 5, верхняй — 6 гадоў. Выканаўчы орган — Савет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам. Заканад. і выканаўчая ўлада ў штатах належыць заканад. сходам штатаў сумесна з губернатарамі, якіх назначае прэзідэнт, у саюзных тэрыторыях — лейтэнант-губернатарам, гал. камісарам і адміністратарам (таксама назначае прэзідэнт) і заканад. сходам і ўрадам. Суд. сістэма ўключае Вярх. суд, які з’яўляецца органам канстытуцыйнага нагляду, вышэйшыя суды штатаў і шэраг судоў ніжэйшых інстанцый у акругах.
Прырода. Паводле характару паверхні І. падзяляецца на 3 часткі: пласкагор’е Дэкан на Пд, горы Гімалаі і Каракарум на Пн, Інда-Гангская раўніна паміж імі. Пласкагор’е Дэкан займае амаль увесь п-аў Індастан. Складзена з метамарфічных і вывергнутых парод, вапнякоў і пясчанікаў. На У абмежавана невысокімі гарамі Усх. Гатамі (да 1680 м), на З — Зах. Гатамі (да 2633 м). На Пд паўвострава горы Кардамонавы і Анаймалай (да 2695 м). Паміж Гатамі і морам вузкімі палоскамі (да 20—30 км) цягнуцца прыбярэжныя хвалістыя нізіны. Гімалаі і Каракарум — складаныя сістэмы гор і хрыбтоў мезазойскага і альпійскага ўзросту, парушаныя разломамі. Гімалаі ўздымаюцца на Пн трыма вял. ступенямі: горы Сівалік (800—1200 м), М. Гімалаі (2500—3000 м) і Вял. Гімалаі (5500—6000 м). Найвышэйшая ў межах І. вяршыня Гімалаяў — г. Канчэнджанга (8585 м), у Каракаруме — г. Чагары (8611 м). У гарах значныя ледавікі. Снегавая мяжа на выш. 5100—5300 м. Ледавікі спускаюцца да выш. 4000—3000 м. Інда-Гангская алювіяльная раўніна размешчана на месцы тэктанічнага прагіну, слаба нахілена да нізоўяў рэк Інд (на З) і Ганг (на У). Запоўнена марскімі адкладамі і рачнымі наносамі. Карысныя выкапні ў асноўным на ПнУ краіны (жал., марганцавыя, уранавыя і торыевыя руды, храміты, слюда, вугаль, нафта). У цэнтр. І. — руды каляровых металаў і вугаль, на Пд — баксіты, манацытавыя пяскі, золата, буры вугаль, на З — нафта і прыродны гаручы газ. Запасы каменнага вугалю ацэньваюцца ў 121,4 млрд.т, жал. руды — у 22,4 млрд.т. Клімат субтрапічны (на Пн) і трапічны (на Пд), мусонны. Сярэдняя т-растудз. ад 15 °C (каля падножжа Гімалаяў) да 27 °C (на Пд), мая — на б.ч. краіны 28—30 °C, у цэнтры Дэкана да 35 °C. Макс. колькасць ападкаў на У краіны (каля 2000—3000 мм, у Чэрапунджы сярэдняя за шмат гадоў каля 12000 мм). На астатняй тэрыторыі выпадае ў сярэднім 1000—1500 мм ападкаў за год. Засушлівыя раёны на ПнЗ Інда-Гангскай раўніны і ў цэнтры Дэкана (100—300 мм). Сезоны адрозніваюць па атм. ападках: зімовы (снеж.—люты) сухі, халаднаваты; веснавы (сак.—май) найб. гарачы, засушлівы; летні (чэрв.—ліст.) вельмі вільготны (каля 90% ападкаў за год) і менш гарачы. У гарах клімат горны субтрапічны і высакагорны. Рачная сетка на б.ч. тэрыторыі густая. Найб. рэкі: Ганг, Брахмапутра, Інд, Нармада, Гадавары, Крышна. Выкарыстоўваюцца для арашэння, буд-ваГЭС і суднаходства. На б.ч. ўнутраных пласкагор’яў пераважаюць розныя тыпы чырваназёмных і чарназёмападобных (рэгуры) глеб. Рэгуры фарміруюцца на вулканічных пародах, вызначаюцца ўрадлівасцю. На Інда-Гангскай раўніне і на прыморскіх нізінах — урадлівыя алювіяльныя глебы. У Гімалаях — вышынная пояснасць горных глеб. Расліннасць багатая і разнастайная, амаль усюды змененая чалавекам, у некат. раёнах прыродная расліннасць знішчана. У засушлівых раёнах Дэкана і на З Інда-Гангскай раўніны — саванная расліннасць з рэдкімі лясамі і калючымі хмызнякамі. На наветраных схілах Зах. Гатаў, ва ўсх.ч. Гімалаяў — вечназялёныя трапічныя лясы (сал, чорнае і чырвонае дрэвы і інш.) з мноствам эпіфітаў і ліян. На падветраных схілах Зах. Гатаў, на ПнУ Індастана і на У Інда-Гангскай раўніны — мусонныя (лістападныя) лясы. У Гімалаях добра выражана вертыкальная пояснасць расліннага покрыва ад трапічных лясоў да альпійскіх лугоў. Лясы займаюць 24% тэр. краіны. Жывёльны свет багаты і разнастайны: малпы, тыгры, гіены, леапарды, шакалы, дзікія сланы, дзікія быкі гаур і бантэнг, кракадзілы, чарапахі, змеі, яшчаркі. Шмат птушак і насякомых. Каля 100 ахоўных тэрыторый, у т. л.нац. паркі Казіранга, Гірскі Лес, Манас, шматлікія рэзерваты.
Насельніцтва. І. — шматнацыянальная краіна, больш за 500 народнасцей і плямён. Пераважаюць нацыі і народнасці індаеўрапейскай (72%) і дравідыйскай (25%) моўных груп. Да індаеўрапейскай групы адносяцца (млн.чал., 1992): хіндустанцы — 244, біхарцы — 92,5, бенгальцы — 80, маратхі — 66,5, гуджаратцы — 46, орыя — 32,2, раджастанцы — 19,9, сікхі — 16,5, асамцы — 14,6, пенджабцы — 9; усе жывуць на Пн краіны. На Пд — народы дравідыйскай групы (млн.чал., 1992): тэлугу — 74,5, тамілы — 61, канара — 35, малаялі —35 і інш. Народы мунда (санталы, мунда, хо і інш.) жывуць у гарах Цэнтр. І. На мовах тыбета-бірманскай групы гавораць горныя плямёны і народнасці на Пн і ПнУ. Сярод вернікаў пераважаюць індуісты (83%) і мусульмане (11%). Ёсць хрысціяне (3%), сікхі (2%), будысты, джайны, парсы і інш. Сярэдняя шчыльн. 287 чал. на 1 км², на Інда-Гангскай раўніне і марскіх узбярэжжах — да 1000 чал., у гарах і засушлівых раёнах на З — менш за 50 чал. З 1977 ажыццяўляецца праграма планавання сям’і, аднак сярэднегадавы прырост складае 1,8% і насельніцтва павялічваецца штогод больш як на 15 млн.чал. У гарадах жыве 26% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж. з прыгарадамі, 1996): Бамбей — 15138, Калькута — 11923, Дэлі — 9948, Мадрас — 6002, Хайдарабад — 5477, Бангалор — 4799, яшчэ ў 11 гарадах больш за 1 млн.ж. У сельскай гаспадарцы занята 65%, у прам-сці і абслуговых галінах — 35% насельніцтва.
Гісторыя. У І. сфарміравалася адна з найб.стараж. цывілізацый свету. Паводле археал. даследаванняў у 3-м тыс. да н.э. ў даліне р. Інд існавала развітая культура, створаная, верагодна, дравідыйскімі народамі. Каля 15 ст. да н.э. ў І. прыйшлі плямёны арыйцаў, якія займаліся жывёлагадоўляй і земляробствам, былі знаёмы з рамёствамі. Яны паступова занялі тэрыторыі ў далінах рэк Інд і Ганг, часткова знішчылі, часткова ўвабралі ў сябе пэўныя элементы мясц. культур і навязалі мясц. народам уласную культуру і рэлігію (гл.Брахманізм). Правадыры мясц. плямён пачалі ствараць невял. самаст. дзяржавы (бхаратаў і інш.), што стала прычынай войнаў (напр., бітва 10 цароў у канцы 2-та тыс. да н.э., якая скончылася перамогай цара бхаратаў). З 6 ст. да н.э. сярод шматлікіх індаарыйскіх дзяржаў найб. значэнне набылі Магадха і Кашала. Імкненне арыйцаў адасобіцца ад мясц. насельніцтва прывяло да ўзнікнення варнаў (саслоўяў), унутры якіх вылучыліся замкнёныя групы — касты. Сац. няроўнасць, падзел на варны паспрыялі ўзнікненню каля 6 ст. да н.э. новых рэліг.-этычных кірункаў — будызму і джайнізму. У 327 да н.э. ў даліну Інда ўварваліся войскі Аляксандра Македонскага, але ў 325 да н.э. вымушаны былі адступіць. Пры дынастыі Маур’яў Магадха валодала амаль усёй тэр. І. і ч. сучаснага Афганістана. Росквіт дзяржавы прыпадае на часы Ашокі, які ў 3 ст. да н.э. значна ўзмацніў пазіцыі будызму і ўстанавіў шырокія гандл. сувязі з інш. краінамі. Унутр. супярэчнасці і ўварванне ў І. бактрыйскіх грэкаў (гл.Грэка-Бактрыйскае царства) прывялі да распаду дзяржавы Маур’яў. З 1—2 ст.н.э. большасць паўн. І. пад уладай Кушанскай дзяржавы. Пасля яе распаду ў пач. 4 ст. ўлада ў паўн. І. перайшла да дынастыі Гуптаў (гл.Гуптаў дзяржава), якая падпарадкавала сабе і паўд. землі. Гэты час лічыцца залатым векам у гісторыі І., бо высокага ўзроўню дасягнулі навука, л-ра, мастацтва. У канцы 5 ст. дзяржава гуптаў распалася пад націскам гунаў. Кароткачасовае аб’яднанне паўн. І. адбылося ў 1-й пал. 7 ст. пры ўладару Харшы. З гэтага часу пануючай рэлігіяй стаў індуізм. У перыяд панавання ўладароў з раджпуцкіх родаў (гл.Раджпуты) пачаліся шматлікія набегі мусульман (з 712), якія ў канцы 10 ст. стварылі ў Газні дзяржаву пад уладай дынастыі Газневідаў Уладар дзяржавы Махмуд (11 ст.) ажыццявіў шэраг грабежніцкіх паходаў у І. і захапіў Пенджаб. Улада мусульман у І. ўмацавалася ў выніку заваяванняў у канцы 12 ст. Мухамеда Гуры (гл.Гурыды). На захопленых тэрыторыях у 1206 узнікла дзяржава са сталіцай у Дэлі (гл.Дэлійскі султанат). З яе ўтварэннем у І. ўзмацніўся і пашырыўся іслам. У 1398 султанат захапілі войскі Цімура, яго нашчадкі (дынастыя Саідаў) правілі да 1451, пазней уладарыла мусульм. дынастыя Лодзі. На Пд існавалі незалежныя інд. дзяржавы, найб. моцнымі з якіх былі Бахманідскі султанат і Віджаянагар.
Адкрыццё ў 1498 партуг. мараплаўцам Васка да Гамай марскога шляху ў І. прывяло да з’яўлення тут еўрапейцаў. На зах. узбярэжжы І. пачалі ўзнікаць факторыі, у 1510 партугальцы захапілі в-аў Гоа. У 1526 у паўн. І. ўварваўся ўладар Кабула З.М.Бабур, нашчадак Цімура і заснавальнік дзяржавы Вялікіх Маголаў. Пры яго пераемніках дзяржава Вял. Маголаў ператварылася ў адну з наймацнейшых і найвялікшых у гісторыі І. Вяршыні сваёй магутнасці яна дасягнула пры Акбары (1556—1605), які аб’яднаў амаль усю І. (акрамя паўд.ч.). Партугальцаў, што кантралявалі амаль увесь гандаль з І., з сярэдзіны 16 ст. пачалі выцясняць англічане (у 1600 засн.брыт.Ост-Індская кампанія, якая мела шырокія паліт. паўнамоцтвы) і французы (у 1664 засн.франц. Ост-Індская кампанія). На працягу 17 ст.англ. і франц. фарты і факторыі ператварыліся ў вял. гарады. Еўрап. каланізацыя, узмацненне сепаратызму ў асобных правінцыях, сутычкі паміж феадаламі прывялі да аслаблення краіны. Эканам. заняпад, галеча насельніцтва (пераважна сельскага), унутр. барацьба, справакаваная рэліг. нецярпімасцю правіцеля Аўрангзеба [1658—1707], выклікалі супраціўленне сялян, а таксама феадалаў і свяшчэннікаў (паўстанне ў Пенджабе, арганізаванае сектай сікхаў). Са смерцю Аўрангзеба настаў паліт. і эканам. заняпад І.
Унутр. разлажэнне дзяржавы Вял. Маголаў суправаджалася пашырэннем еўрап. каланізацыі. Абвастрэнне ў 1-й пал. 18 ст. саперніцтва паміж еўрап. дзяржавамі (асабліва Англіяй і Францыяй) прывяло да сямігадовай вайны 1756—63, якая закончылася перамогай англічан, Правадніком англ. палітыкі ў І. стала Ост-Індская кампанія. У 1757 захоплены Бенгалія і Біхар, у ходзе англа-майсурскіх войнаў (1767—99) да ўладанняў кампаніі далучана значная ч.паўд. І., княствы Майсур, Хайдарабад і інш. ператвораны ў англ. васалаў. Сітуацыю ў краіне пагоршыў голад 1769, у выніку якога вымерла каля 1/3 насельніцтва. У 1772 губернатарам Бенгаліі стаў У. Гастынгс (з 1773 ген.-губернатар). Ён рэарганізаваў падатковую сістэму, прызначыў кіраўнікамі буйных акруг англічан, увёў грамадз. і крымін. суды. Цэнтрам англ.калан. улад у І. стала Калькута. Парламенцкі акт 1784 падпарадкаваў І. непасрэдна брыт. ўраду. У выніку англа-маратхскіх войнаў (1775—1818) ліквідавана дзяржава пешв, ч. княстваў трапіла ў васальную залежнасць. Да сярэдзіны 19 ст. англічане шляхам анексій падпарадкавалі 2/3тэр. І. Яны правялі суд. рэформу (на некат. пасады былі прызначаны індусы), рэарганізавалі на еўрап. ўзор пошту, тэлеграф, правялі першую чыгунку, стварылі дэпартамент асветы, які павінен быў арганізоўваць школы для індусаў, англ. мову абвясцілі афіцыйнай. Адначасова англічане заахвочвалі сепаратысцкія тэндэнцыі ў інд. грамадстве, мясц. і племянны нацыяналізм, правакавалі спрэчкі паміж індуістамі і мусульманамі. Паступова І. ператварылася ў сыравінную базу і рынак збыту для англ. тавараў. Інтэнсіўная эксплуатацыя зямель, вял. падаткі і знішчэнне традыц. сувязей паміж рамяством і сельскай гаспадаркай разаралі інд. сялянства. Гэта стала адной з прычын Індыйскага народнага паўстання 1857—59. Пасля задушэння паўстання англ. ўладанні ў І. падпарадкаваны непасрэдна брыт. кароне. 1.1.1877 у Дэлі каралева Вікторыя ўрачыста абвешчана імператрыцай І.; ад яе імя правіў віцэ-кароль.
Прыток англ. капіталу на рубяжы 19—20 ст. паскорыў прамысл. развіццё І., паспрыяў росту нац. буржуазіі. У 1885 створана партыя ліберальна-памешчыцкіх колаў і інтэлігенцыі Індыйскі нацыянальны кангрэс (ІНК). Хутка ў ёй аформілася радыкальная плынь на чале з Б.Тылакам, якая пасля падзелу Бенгаліі паводле рэліг. прыкмет (1905) узначаліла нац.-вызв. рух. Брыт. ўлады вымушаны былі правесці шэраг рэформ і адмяніць закон аб падзеле Бенгаліі (1911). З мэтай расколу вызв. руху яны ініцыіравалі стварэнне Мусульманскай лігі (1906). У 1-ю сусв. вайну Вялікабрытанія актыўна эксплуатавала матэрыяльныя і чалавечыя рэсурсы І. Збядненне насельніцтва, голад і эпідэміі выклікалі ў 1918—22 уздым вызв. руху, які ўзначаліла інд. буржуазія. ІНК узяў на ўзбраенне ідэі і метады М.К.Гандзі (масавыя ненасільныя дзеянні, непадпарадкаванне англ. уладам). Прыняцце законаў, скіраваных супраць удзельнікаў вызв. руху і на замацаванне калан. становішча І., выклікалі масавы пратэст і прывялі да кровапраліцця (расстрэл мітынгу ў Амрытсары ў крас. 1919). Па закліку Гандзі ІНК пачаў у 1920 кампанію грамадз. непадпарадкавання, якая была падмацавана забастоўкамі рабочых і паўстаннямі сялян. Уплыў ІНК узрос, ён ператварыўся ў масавую партыю, а гандзізм стаў яго афіц. ідэалогіяй. У 1927 у ІНК склалася левае крыло на чале з Дж.Нэру і С.Ч.Босам, пад націскам якога Кангрэс высунуў у 1929 лозунг поўнай незалежнасці для І. Радыкальныя настроі ў вызв. руху знайшлі ўвасабленне ў стварэнні Камуніст. партыі І. (КПІ, з 1925), шэрагу рабоча-сял. партый (1926—27), успышцы тэрарызму ў канцы 1920-х г.
Сусв. эканам. крызіс 1929—33 рэзка абвастрыў супярэчнасці паміж інд. грамадствам і брыт. каланіялізмам. ІНК правёў некалькі кампаній грамадз. непадпарадкавання, у княствах Кашмір і Алвар адбыліся сял. паўстанні. Брыт. ўлады рэпрэсіямі і ўступкамі спрабавалі стабілізаваць сітуацыю (гл.«Круглага стала» канферэнцыі). У 1935 прыняты новы закон (канстытуцыя) аб кіраванні І., які пашырыў прадстаўніцтва маёмных слаёў у выбарных органах, але захаваў калан. ўладу. У 2-й пал. 1930-х г. краіну ахапілі забастоўкі рабочых і сял. выступленні супраць феад. дэспатыі князеў.
У вер. 1939 І. была ўцягнута ў 2-ю сусв. вайну. Інд. буржуазія выкарыстала антываен. рух для націску на ўлады Вялікабрытаніі і запатрабавала надання І. незалежнасці. Мусульм. ліга выступіла за стварэнне асобнай мусульм. дзяржавы Пакістан У сак. 1942 брыт. ўрад прапанаваў падзяліць пасля вайны І. на 2 дамініёны, але без стварэння нац. ўрада. У адказ ІНК пачаў новую кампанію грамадз. непадпарадкавання, але калан. ўлады арыштавалі яго лідэраў (жн. 1942). У краіне ўспыхнуў антыбрыт. рух пад лозунгам «Прэч з Індыі!». Вясной 1944 лідэры ІНК вызвалены, у 1945 падпісана пагадненне з Мусульм. лігай аб прынцыпах фарміравання часовага нац. ўрада. Брыт. ўрад быў вымушаны пайсці на ўступкі. У жн. 1946 сфарміраваны часовы ўрад на чале з Нэру, а 15.8.1947 І. падзелена на 2 дамініёны — Інд. саюз і Пакістан (гл.Маўнтбетэна план). Падзел І. на рэліг. аснове выклікаў узбр. сутыкненні мусульман і індусаў (у час аднаго з іх забіты Гандзі), стварыў праблему бежанцаў, прывёў да тэр. спрэчак. У 1947—49 адбыўся ваен. канфлікт з Пакістанам з-за Кашміра.
26.1.1950 паводле новай канстытуцыі І. стала рэспублікай, абвешчаны дэмакр. свабоды, адменены розныя віды дыскрымінацыі і прымусовай працы. На першых усеагульных выбарах у пач. 1950-х г. перамог ІНК. У эканоміцы быў узяты курс на стварэнне магутнага дзярж. сектара, заахвочванне нац. і абмежаванне замежнага прыватнага капіталу, планаванне. З дапамогай замежных дзяржаў пабудаваны буйныя металург. прадпрыемствы, створаны новыя галіны прам-сці, закладзены асновы энергетыкі. У сельскай гаспадарцы ішло паступовае абмежаванне памешчыцкага землеўладання, пачалі стварацца кааператывы. У 1950-я г. штаты рэарганізаваны на нац. або лінгвістычнай аснове, а княствы ліквідаваны; асновай знешняй палітыкі абвешчаны пазітыўны нейтралітэт на базе пяці прынцыпаў мірнага суіснавання. І. стала адным з арганізатараў і лідэраў Руху недалучэння, актыўна падтрымлівала антыкалан. барацьбу інш. народаў. У 1950—60-я г. яна дамаглася вяртання шэрагу сваіх тэрыторый ад Францыі і Партугаліі.
На рубяжы 1950—60-х г. актывізаваліся правыя бурж. і рэліг.-абшчынныя партыі, адбыліся сутыкненні мусульман і індусаў у Пенджабе, Асаме, Мадх’я-Прадэш. Абвастрэнне інда-кіт. канфлікту прывяло да ўвядзення ў кастр. 1962 надзвычайнага становішча, рэпрэсій супраць КПІ (раскалолася ў 1964). Пасля смерці Нэру (1964) у краіне абвастрылася паліт. барацьба. Унутры ІНК аформіліся 2 групоўкі, якія павялі барацьбу за ўладу ў партыі і краіне. Перамаглі левацэнтрысты на чале з І.Гандзі, што ў 1966 узначаліла ўрад. Пачалася рэалізацыя «праграмы 10 пунктаў» (умацаванне дзярж. сектара, сац.-эка нам. меры ў інтарэсах шырокіх слаёў насельніцтва), прыняты шэраг важных законаў (аб дзярж. кантролі, ліквідацыі прывілеяў б. князёў і інш.). Вайна з Пакістанам (1971) і сусв.эканам. крызіс 1973—75 прывялі да зніжэння тэмпаў росту прамысл. і с.-г. вытв-сці, абвастрэння сац. супярэчнасцей. Масавыя стачкі і забастоўкі 1972—74 суправаджаліся ўзмацненнем рэліг.-абшчынных і сепаратысцкіх выступленняў у штатах Андхра-Прадэш, Гуджарат, Біхар, тэрарызмам. У ліп. 1975 уведзена надзвычайнае становішча, арыштаваны лідэры апазіцыі. Адначасова ўрад абвясціў праграму шырокіх сац.-эканам. мерапрыемстваў. Абмежаванне грамадз. свабод, празмернае ўзмацненне выканаўчай улады, рэпрэсіі супраць левых партый і інш. выклікалі чарговы раскол ІНК і паражэнне яго на выбарах 1977 ад блока Джаната парты.
Але супярэчлівая эканам. палітыка, рост сац. напружанасці, раскол блока прывялі да адстаўкі ўрада і ўпэўненай перамогі ІНК на датэрміновых выбарах. Гал. задачамі новага ўрада Гандзі былі: пашырэнне эканам. і сац. інфраструктуры, ліквідацыя галечы і забеспячэнне занятасці, у паліт. жыцці — умацаванне ўплыву ІНК, барацьба супраць сепаратызму і экстрэмізму. Сепаратысцкія выступленні ў Асаме і Пенджабе падаўлены з дапамогай арміі (у т. л. штурм «Залатога храма» ў Амрытсары). У адказ сікхскія сепаратысты 31.10.1984 забілі І.Гандзі. Яе сын Р.Гандзі ўзначаліў урад і ІНК. Яго ўрад прыняў жорсткія захады супраць тэрарызму, узяў курс на мадэрнізацыю дзяржсектара эканомікі, прыцягненне замежнага капіталу і найноўшых тэхналогій, распрацаваў маштабныя сац. праграмы. Аднак пагаршэнне эканам. паказчыкаў у 1987—88, паліт. крызіс у кіраўніцтве ІНК прывялі да зніжэння яго папулярнасці. У 1988 пяць апазіц. партый стварылі Нац. фронт, які склаў моцную канкурэнцыю ІНК на выбарах 1989. Кааліцыйны ўрад, сфарміраваны на чале з лідэрам Нац. фронту В.П.Сінгхам, у ліст. 1990 пайшоў у адстаўку. У сак. 1991 у адстаўку падаў наступны кааліцыйны ўрад Ч.Шэкхара. У час перадвыбарнай кампаніі, прызначанай на май 1991, тэрарысты забілі Р.Гандзі. Новым старшынёй ІНК выбраны Н.П.В.Раа, які перамог на выбарах і ўзначаліў урад. Прэзідэнтам у 1992 абраны Шанкар Даял Шарма. Павольнае і супярэчлівае ажыццяўленне новай эканам. палітыкі, незадаволенасць часткі мясц. буржуазіі засіллем замежнага капіталу, крывавыя сутычкі на рэліг. глебе, рэзкае абвастрэнне адносін І. з суседнімі мусульм. краінамі прывялі да адстаўкі ўрада і прыходу да ўлады ў 1996 урада левацэнтрысцкай кааліцыі пад кіраўніцтвам І.К.Гуджрала. ІНК напачатку падтрымаў гэты ўрад, што дазволіла яму заставацца на чале ўлады да канца 1997. Спыненне падтрымкі ІНК прывяло да адстаўкі ўрада Гуджрала і правядзення у лют. 1998 парламенцкіх выбараў. І. чл.ААН (з 1945), Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены крас. 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Інд.нац. кангрэс — самая ўплывовая паліт. партыя ў краіне, Бхаратыя джаната парты, Джаната дал, Камуніст. партыя І., Камуніст. партыя І. (марксісцкая). Асн.прафс. аб’яднанні: Інд.нац. кангрэс прафсаюзаў, Усеінд. кангрэс прафсаюзаў, Саюз інд. рабочых, Цэнтр інд. прафсаюзаў, Кангрэс аб’яднаных прафсаюзаў, Саюз рабочых І.
Гаспадарка. І. — аграрна-індустр. краіна, мае значныя поспехі ў сац.-эканам. развіцці. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) дасягнуў 1,41 трыльёна дол. (1996), на аднаго чалавека прыпадае каля 1500 долараў. Эканам. адсталасць у асобных сферах эканомікі суседнічае з найноўшымі дасягненнямі сусв. навукі і тэхнікі. Дзярж. сектар адыгрывае важную ролю ў развіцці эканомікі, забяспечвае вытв-сць 39% прадукцыі. У сельскай гаспадарцы (разам з лясной гаспадаркай і рыбалоўствам) ствараецца 30,3%, а ў прам-сці (разам з буд-вам) — 28,2% ВУП. Сельская гаспадарка выкарыстоўвае 55% тэрыторыі — каля 181 млн.га, у т. л. пад ворывам каля 145 млн.га. Кліматычныя ўмовы дазваляюць збіраць па 2—3 ураджаі за год. 35 млн.га засяваюцца двойчы за год. Узровень механізацыі і хімізацыі нізкі, у якасці цяглавай сілы шырока выкарыстоўваюць жывёлу. Ураджаі на значных плошчах залежаць ад колькасці і тэрмінаў выпадзення ападкаў. Арашаецца каля палавіны земляробчых плошчаў. Сельская гаспадарка мае раслінаводчы кірунак. «Зялёная рэвалюцыя» 1960—70-х г. (зямельная рэформа, механізацыя, шырокае выкарыстанне мінер. угнаенняў і пестыцыдаў) была накіравана на ліквідацыю пагрозы голаду. Амаль паўсюдна вылучаюцца 2 с.-г. сезоны: харыф (летні) і рабі (зімовы). Культуры харыф маюць патрэбу ў працяглым гарачым надвор’і і вял. колькасці вільгаці. Вялікія адрозненні ў прыродных умовах выклікаюць тэр. дыферэнцыяцыю с.-г. вытв-сці. Усюды пераважаюць харч. збожжавыя культуры, збор 182 млн.т (1993/94). Рысу збіраюць 79 млн.т (гал. культура У і Пд краіны). Пшаніцу (57,7 млн.т) вырошчваюць на раўнінах штатаў Пенджаб і Хар’яна, у бас.р. Ганг, арашальных раёнах штата Раджастхан. Збор кукурузы 9,4 млн.т. Прасяныя вырошчваюць як непаліўныя культуры. Сярод іх: джавар (блізкі да сорга) — 11,7 млн.т, баджра — 5 млн.т, рагі — 2,9 млн.т. Важнае месца ў пераважна вегетарыянскім харчаванні насельніцтва займаюць бабовыя: грэм — 5,1 млн.т, тур — 2,7 млн.т і інш. Павялічваецца вытв-сцьтэхн. культур (збор млн.т, 1993/94): цукр. трыснягу — 250, бавоўны — 2,1, арахісу — 5,3, сланечніку — 1,4, тытуню — 0,58, чаю — 0,7. Цукр. трыснёг вырошчваюць пераважна ва ўсх.ч. басейна р. Ганг і на Пд краіны, бавоўнік — на ПнЗ, джут — у вільготных раёнах на У, арахіс — на плато Дэкан і ў штаце Гуджарат, сланечнік, рапс і гарчыцу — на Пн, кунжут і тытунь — усюды, чай — у перадгор’ях Гімалаяў у штаце Асам. Менш значныя зборы кавы і натуральнага каўчуку. І. — традыцыйны і буйнейшы пастаўшчык на сусв. рынак спецый і вострых прыпраў (чорны і чырвоны перац, кардамон, імбір, гваздзіка і інш.). Разнастайнае гасп. значэнне мае какосавая пальма, пасадкі (каля 1 млн.га) размешчаны па ўзбярэжжах на Пд (найб. у штаце Керала). Вырошчваюць фрукты і агародніну; найб. апельсіны, бананы, манга, папайю, гуаву. Жывёлагадоўля развіта параўнальна слаба. Па рэліг. матывах многія індыйцы не забіваюць жывёлу і не ядуць мяса. Таварная жывёлагадоўля не мае шырокага развіцця. Сял. гаспадаркі трымаюць валоў, у вільготных і гарачых раёнах — буйвалаў. Ад буйваліц і кароў атрымліваюць малако і маладняк. Пагалоўе жывёлы слаба забяспечана кармамі, пад лугамі і пашай каля 10% тэрыторыі, пад фуражнымі культурамі каля 5% пасяўных плошчаў. Карова дае каля 400—500 л малака за год. Пагалоўе (1996, млн. гал): буйн. раг. жывёлы —196 (1-е месца ў свеце), буйвалаў — 80,1, коз — 120, авечак — 45,4, свіней — 11,9, птушкі — каля 150. Шаўкаводства. Рыбалоўства ў рэках і морах. Улоў рыбы 4,3 млн.т (1993).
І. дасягнула значных поспехаў у развіцці прамысловасці, асабліва такіх галін, як чорная металургія, машынабудаванне, тэкст., нафтаперапр., фармацэўтычная, вытв-сць угнаенняў і інш. У выніку супрацоўніцтва з вядучымі індустр. краінамі пабудаваны шматлікія прадпрыемствы, узніклі новыя цэнтры апрацоўчай прам-сці. У глыбінных раёнах развіваецца горназдабыўная прам-сць. Развіццё прам-сці грунтуецца на багатых запасах жал. і марганцавых руд, баксітаў, каменнага вугалю, урану, меднай руды і інш.Найб. здабываецца (1993/94, млн.т): вугалю — 245 (штаты Біхар, Зах. Бенгалія), жал. руды — 56,4 (штаты Біхар, Арыса), марганцавай руды — 1,8 (цэнтр.ч. краіны), баксітаў — 5 (пераважна штаты Арыса і Мадх’я-Прадэш), меднай руды — 5,2 (штаты Біхар, Раджастхан). Вытв-сць электраэнергіі 398,3 млрд.кВт∙гадз (1995), пераважаюць ЦЭС на вугалі і ГЭС; ёсць АЭС. Здабыча нафты 32 млн.т (1994) у штатах Асам і Гуджарат. Перапрацоўка нафты больш за 100 млн.т за год, найб. з-ды ў Бамбеі, Мадрасе, Вішакхапатнаме, каля Дэлі і Калькуты. У 1994 выплаўлена 18,2 млн.т сталі. Сучасныя металургічныя камбінаты ў Дургапуры, Рауркеле, Бакары, Дург-Бхілаінагары. Алюмінію выплаўляюць 466 тыс.т (1993), буйнейшыя з-ды ў Корбе, Ратнагіры. Развіваецца каляровая металургія. Буйныя станкабуд. прадпрыемствы ў Бангалоры, Ранчы, Мадрасе, Бамбеі. Развіта цяжкае (у гарадах Ранчы, Дургапур, Вішакхапатнам) і агульнае (штаты Махараштра, Гуджарат, Тамілнад) машынабудаванне. Судна- і аўтамабілебудаванне (у Бамбеі, Мадрасе, Калькуце, Джамшэдпуры). Вытв-сць (1993/94, млн.шт.): аўтобусаў і джыпаў — 0,24, матацыклаў — 1,76, веласіпедаў — 7,7. Развіта с.-г. машынабудаванне. Цэнтры самалётабудавання Бангалор і Канпур. Вытв-сць абсталявання для тэкст., цукр., цэм., хім. прам-сці (Бхопал, Хайдарабад), эл.-тэхн.прам-сць (Бамбей, Мадрас, Дэлі, Калькута, Раніпур). Вытв-сць радыёпрыёмнікаў 264 тыс.шт. (1993/94). Развіта ваен.прам-сць. Сінт. смолы і пластмасы, сінт. валокны (679 тыс.т, 1994) выпускаюць прадпрыемствы ў Бамбеі і Дургапуры. Угнаенні (9,9 млн.т, 1992/93) вырабляюць у Сіндры, Нангале, Бамбеі. І. займае 3-е месца ў свеце па вытв-сці тканін (штогод каля 13—14 млрд.м) і з’яўляецца адным з вядучых экспарцёраў тэкстылю. Буйнейшыя цэнтры па вытв-сці баваўняных тканін у Бамбеі, Ахмадабадзе, Мадрасе, джутавая вытв-сць у раёне Калькуты, прадпрыемствы шарсцяной прам-сці ў Канпуры, Амрытсары, Срынагары, Ахмадабадзе і інш., гарбарна-абутковай у Канпуры, Агры, Мадрасе. Шмат разнастайных прадпрыемстваў харч. прам-сці. Выпуск цукру 15,8 млн.т (1994/95), асн. заводы ў штатах Утар-Прадэш і Махараштра, вытв-сць алею з арахісу і баваўнянага семя на пласкагор’і Дэкан і ў штаце Гуджарат. Развіваюцца тытунёвая, папяровая і шкляная прам-сць. Усюды развіта разнастайная саматужная вытв-сцьмаст. вырабаў і сувеніраў з каляровых металаў, дрэва, слановай косці. Вял. значэнне мае здабыча і апрацоўка каштоўных камянёў. Рамёствы і паўсаматужная вясковая прам-сць даюць парчу, ювелірныя вырабы, кераміку, мэблю, высакаякасны шоўк (муслін). У баваўнаводчых раёнах пашыраны саматужнае прадзенне і ткацтва. Найб. развітыя эканам. раёны: Паўночна-Усходні (цэнтр Калькута) і Заходні(цэнтр Бамбей). Асн. від транспарту чыгуначны. Даўж. чыгунак 62462 км, у т. л. 11793 км электрыфікавана (1996). Гал. чыгункі Амрытсар—Дэлі—Калькута, Дэлі—Бамбей, Дэлі—Мадрас, Калькута—Бамбей. Аўтамаб. дарог 2037 тыс.км, у т. л. 981,8 тыс.км з цвёрдым пакрыццём (1996). Даўж.ўнутр. водных шляхоў 16 180 км. Развіваецца авіяц. транспарт. У краіне 288 аэрапортаў і аэрадромаў. З міжнар. аэрапортаў найб. значэнне маюць аэрапорты Дэлі, Калькуты, Бамбея. Марскі транспарт абслугоўвае пераважна міжнар. сувязі. Гал. парты: Бамбей, Калькута, Мадрас, Вішакхапатнам, Кочын. Танаж гандл. флоту 6,8 млн. брута рэгістравых т (1996). Даўж. трубаправодаў 7,4 тыс.км, у т. л. нафтаправодаў 3 тыс.км, прадуктаправодаў 2,7 тыс.км, газаправодаў 1,7 тыс.км (1996). І. наведвае штогод каля 2 млн. турыстаў.
Экспарт краіны 29,96 млрд.дол., імпарт 33,5 млрд.дол. (1995). Асн. экспартныя тавары: прадукцыя машынабудавання і металаапрацоўкі, тканіны, каштоўныя камяні і ювелірныя вырабы, адзенне, скуры і вырабы з яе, жал. руда, чай, камп’ютэрныя праграмы. Імпартныя тавары: нафта і нафтапрадукты, машыны і абсталяванне, угнаенні і сыравіна для іх вытв-сці, каляровыя металы, хім. прадукты. Асн.гандл. партнёры: ЗША, Японія, Германія, Вялікабрытанія, Саудаўская Аравія. Беларусь у 1996 экспартавала ў І. тавараў на 6,6 млн.дол., імпартавала на 14,6 млн.дол. (у 1995 адпаведна 4 і 11,8 млн.дол.). І. атрымлівае дапамогу ад міжнар. арг-цый і асобных краін. Адной з крыніц паступлення валюты з’яўляюцца пераводы ад грамадзян, якія працуюць за мяжой (штогод 0,8—1 млрд.дол.). Знешні доўг 97,9 млрд.дол. (1995). Грашовая адзінка — інд. рупія.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт, непасрэднае кіраўніцтва войскамі ажыццяўляюць міністр абароны (цывільная асоба) і к-т начальнікаў штабоў. У 1997 налічвалі 1,2 млн.чал., рэзерв — каля 0,7 млн.чал. У сухап. войсках 1,1 млн.чал., 11 армейскіх карпусоў, 36 агульнавайск. дывізій, 16 асобных брыгад і інш. злучэнні, часці, каля 3,2 тыс. танкаў, 1,5 тыс. баявых машын пяхоты, 3,9 тыс.артыл. гармат, 2,5 тыс. мінамётаў, 1,7 тыс. зенітных сродкаў і інш. У ВПС 40 авіяц. крылаў, у складзе якіх 45 эскадрылляў баявой авіяцыі (каля 800 самалётаў), 43 эскадрыллі дапаможнай авіяцыі (каля 600 самалётаў і верталётаў), 5 крылаў зенітных кіроўных ракет. У ВМС 3 ваен.-марскія камандаванні, авіяцыя флоту і падраздзяленні берагавой артылерыі, каля 80 баявых караблёў, у т. л. 2 авіяносцы, 18 дызельных падводных лодак, 16 ракетных і 20 супрацьлодачных караблёў, каля 40 баявых катэраў. Ваен.-марскія базы Бамбей, Кочын і інш. Камплектуюцца з добраахвотнікаў. Пераўзбраенне і рэфармаванне ўзбр. сіл вядзецца ў рамках праграмы «Армія —2000».
Ахова здароўя. Пытанні аховы здароўя належаць да кампетэнцыі дзяржавы. Існуе развітая сетка мед. цэнтраў, асн. задача якіх — прадухіленне распаўсюджвання эпідэмій праказы, малярыі, туберкулёзу. У сферы дзейнасці дзяржавы ўваходзіць і кантроль за ўзроўнем нараджальнасці. Распрацаваны 2 праграмы планавання натуральнага прыросту (1952, 1986) з мэтай зменшыць яго да 1,2%. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 59,5, жанчын 60,8 гадоў. Смяротнасць 9 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 1357 чал., урачамі — 1 на 2173 чал. Узровень нараджальнасці — 25 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць 69 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі І. уніфікавана, аднак у некат. штатах ёсць адрозненні. Уключае дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—5 гадоў (дашк. выхаванне развіта слаба і ў асноўным прыватнае), агульнаадук. школу, прафес.-тэхн.навуч. ўстановы, ВНУ. У большасці штатаў дзейнічае школьная сістэма: 5-гадовая пач. школа (для дзяцей з 6 да 11 гадоў, у некат. штатах з 5 гадоў), 3-гадовая няпоўная сярэдняя (6—8-ы кл.; завяршае абавязковае навучанне), 2-гадовая вышэйшая сярэдняя школа (9—10-ы кл.). Навучанне ў дзярж.пач. школах вядзецца на родных мовах вучняў (бясплатнае), у прыватных — пераважна на англ. мове і платнае. У ліку асн. прадметаў — хіндзі (дзярж. мова). У дзярж. няпоўных сярэдніх школах (за выключэннем некалькіх штатаў) навучанне таксама бясплатнае і на роднай мове, хіндзі і англ. мовы выкладаюцца як прадметы. У поўнай сярэдняй школе навучанне платнае. Прадметы ў ёй падзяляюцца на абавязковыя (агульнаадук.) і на выбар (спецыяльныя), аб’яднаныя ў цыклы (гуманіт., прыродазнаўчых навук, тэхн., сельскай гаспадаркі, камерцыйны, мастацтва, хатняй гаспадаркі); выкладаюцца і прыкладныя дысцыпліны: ткацтва, гарбарная і ганчарная справа, рукадзелле і інш. Выпускнікі поўнай сярэдняй школы маюць права паступаць у галіновыя ВНУ. Для паступлення ва ун-т неабходна прайсці падрыхтоўчы курс або скончыць вышэйшую сярэднюю школу. Сістэма прафес.-тэхн. падрыхтоўкі ўключае 3-гадовыя малодшыя тэхн. і 2-гадовыя індустр. вучылішчы і школы (на базе няпоўнай сярэдняй школы), сярэднія тэхн.навуч. ўстановы, курсы падрыхтоўкі кадраў для прам-сці і сельскай гаспадаркі. У сістэме вышэйшай адукацыі — ун-ты (у склад некат. уваходзяць каледжы) і ін-ты. Навучанне 5—6 гадоў, платнае. У 1996/97 навуч.г. ў І. 169 ун-таў і 32 ін-ты. Буйнейшыя ВНУ: Калькуцкі, Бамбейскі, Мадраскі (усе з 1857), Дэлійскі (з 1922) ун-ты; Кхарагпурскі, Бамбейскі, Мадраскі, Канпурскі тэхн. ін-ты. Буйнейшыя б-кі: Нац. (з 1902) у Калькуце, Публічная (з 1951) у Дэлі, Цэнтр. публічная (з 1896) у Мадрасе, Б-ка ўсходняй л-ры (з 1924) у Патне. Буйнейшыя музеі: Нац. музей І. (з 1949), Нац. галерэя сучаснага мастацтва ( 1954), Мемар. музей і б-ка Дж.Нэру, Мемар. музей М.Гандзі — усе ў Дэлі; Інд. музей (з 1814) у Калькуце, Дзярж. музей (з 1851) і Нац.маст. галерэя (з 1951) у Мадрасе. Навук. даследаванні праводзяцца ў ВНУ і спец.навук. цэнтрах, прамысл. даследчых лабараторыях; у галіне прыродазнаўчых навук у асноўным сканцэнтраваны ва ун-тах, а таксама ў асобных навук. цэнтрах. Буйнейшыя з іх — Ін-т фундаментальных даследаванняў у Бамбеі, Атамны даследчы цэнтр і інш.
Друк, радыё, тэлебачанне. У І. выходзіць больш за 35 тыс.перыяд. выданняў на 93 мовах, пераважна на англійскай. Большасць выданняў прыватныя або належаць буйнейшым выдавецкім кампаніям «Таймс оф Індыя», «Індыян экспрэс», «Хіндустан таймс», «Ананда базара патрыка». Сярод штодзённых газет найб. тыраж маюць «Indian Express» («Індыйскі экспрэс», з 1932, на англ. мове), «Наў бхарат таймс» («Час новай Індыі, з 1947, на мове хіндзі), «The Hindu» («Індус», з 1878, на англ. мове). Інфармацыйныя агенцтвы друку: Прэс Траст оф Індыя (з 1947), Юнайтэд Ньюс оф Індыя (з 1960), Хіндустан Самачар (з 1948), Індыя Прэс Эйджэнсі (з 1957). Радыё дзейнічае з 1927, з 1930 кантралюецца дзяржавай; адно з буйнейшых у свеце: 102 вяшчальныя цэнтры, 42 рэгіянальныя радыёстанцыі штодзённа трансліруюць 273 інфарм. бюлетэні на 24 мовах і 36 дыялектах. Тэлебачанне з 1957 (эксперым. праграмы ў Дэлі), агульнанац. з 1965, з 1981 — каляровае. Кантралюецца і фінансуецца ўрадам, мае 280 гадз вяшчання штотыднёва. Дзейнічаюць 18 тэлевізійных і 9 рэлейных станцый.
Літаратура. Найб. старажытным помнікам інд. л-ры з’яўляюцца Веды (канец 2-га — 1-я пал. 1-га тыс. да н.э.) — рэліг. гімны на санскрыце. Каля 6—5 ст. да н.э. ў вуснай творчасці на нар. мовах (пракрытах) пачало складвацца ядро вял. эпічных паэм «Махабхарата» і «Рамаяна», якія ў першых стагоддзях, н.э. прынялі канчатковы выгляд на санскрыце. У 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. на мовах палі і пракрытах створана будыйская л-ра, у т. л. джатакі, дзе рэліг. дыдактыка спалучаецца з фалькл. сюжэтамі. У 4—3 ст. да н. э. запісана кніга нар. казак на санскрыце «Панчатантра». Яна была вельмі пашырана на Усходзе і ў сярэдневяковай Еўропе. На рубяжы новай эры намеціўся пераход да індывід. творчасці, складваліся самаст.літ. віды і формы: пракрыцкая лірыка Халы (4 ст.), санскрыцкія драмы Ашвагхашы (2 ст.), Бхасы (4 ст.), тамільская ліра-эпічная паэзія, а пазней творчасць Калідасы (5 ст.) і Дандзіна (6—7 ст.) на санскрыце. Вяршыня стараж.-тамільскай л-ры — кніга афарызмаў «Тырукурал» Тырувалувара (4—5 ст.). Каля 7 ст. побач з санскрыцкай і тамільскай узніклі л-ры на мовах канада, тэлугу, асамскай, бенгальскай, гуджарацкай, арыйскай, пенджабскай, хіндзі, урду і інш. Стварэнне дзяржаў з пануючымі мусульм. вярхамі і пашырэнне ісламу выклікалі ўзнікненне інд. персамоўнай л-ры (Амір Хасроў Дэхлеві, 13 ст.; М.А.Бедыль, 17 ст. і інш.; гл. таксама раздзел Літаратура ў арт.Іран). Нар. антыфеад. рух пад рэліг. лозунгам бхакці (літар. адданасць) спрыяў развіццю л-ры 15—17 ст., накіраванай супраць класавага і каставага прыгнёту. У паэзіі бхакці побач з дэмакр. (Кабір, пенджабскі паэт Нанак, 16 ст.; маратхскі паэт Тукарам, 17 ст.; паэты хіндзі Сурдас і Дадудаял, 16 ст.) адзначаецца і кансерватыўная (паэт хіндзі Тулсідас, 17 ст.) тэндэнцыя. Адзін з вял. помнікаў паэзіі бхакці — «Адыгрантх» («Пачынальная кніга», пач. 17 ст.) — анталогія рэфарматарскай паэзіі народаў Паўн. І. Яна ўключае творы буйнейшых паэтаў-бхактаў, у т. л. заснавальніка рэліг.-рэфарматарскага руху сікхізм (пазней стаў рэлігіяй) Нанака. Заваяванне І. Вялікабрытаніяй у 18 ст. прывяло да заняпаду інд. л-ры і ўзмацнення эпігонства. У 19 ст. ў шэрагу л-р паяўляюцца асветніцкія тэндэнцыі. Каля вытокаў асветніцкага руху «Маладая Бенгалія» стаялі першы англамоўны паэт Г.Л.В.Дэрозіо і пачынальнік бенгальскай прозы А.Рай. Інд.нар. паўстанне 1857—59, рост нац. самасвядомасці інд. народаў і аб’яднанне іх у барацьбе супраць брыт. каланіялізму паскорылі развіццё інд. л-ры. Сац. тэматыка заняла гал. месца ў творах бенгальца М.Дота (камедыя «І гэта называецца цывілізацыя?»), Д.Мітра (сатыр. камедыі, драма «Люстэрка індыга») і Б.Чатападхая (гіст. і сац.-быт. раманы), драматурга і публіцыста хіндзі Бхаратэнду Харышчандра, раманіста урду Р.Саршара («Аповесць пра Азада»), маратхскага пісьменніка В.Чыплункара, драматурга Г.Б.Дэвала, паэта К.К.Д.Кешаўсута, заснавальніка гуджарацкай прозы Нармадшанкара і інш. У 1920-я г.цэнтр. тэмай інд. л-ры стала барацьба за нац. незалежнасць (творчасць М.Гупты, М.Чатурведзі, Ш.Чатападхая, Б.Бандападхая, Гурбахша Сінгха і інш.). У 1936 па ініцыятыве Прэмчанда, М.Р.Ананда і С.Саджада Захіра створана Асацыяцыя прагрэс. пісьменнікаў І. Вял. ўплыў на л-ру зрабіў гандзізм. Вышэйшая ступень развіцця крытычнага рэалізму — творчасць Р.Тагора і Прэмчанда. Вядомасць набылі лірыка паэта урду Э.Х.А.Вафы, раманы бенгальскага пісьменніка Г.Халдара, проза і публіцыстыка пісьменніка хіндзі Яшпала. Абнаўляліся паэт. формы, інтэнсіўна развівалася проза. З’явіліся фрэйдысцкі раман І.Джошы «Ладжа», містычная паэзія паэтэсы Махадэві Вармы (абодва хіндзі). Заваяванне І. дзярж. незалежнасці вывела наперад сац. тэматыку, садзейнічала ўмацаванню адзінства шматнац. л-р краіны. Узмацнілася цяга да адлюстравання людзей працы, барацьбітоў за сац. справядлівасць (празаік канада Ніранджана, малаялец Такажы Шывашанкара Пілай і інш.). Экзістэнцыялісцкая філасофія адлюстравалася ў творчасці пісьменніка хіндзі Аг’еі і раманіста тэлугу Б.Крышнарао. Вылучаецца творчасць паэтаў хіндзі Д.Бхараці, маратхскіх паэтаў Б.С.Мардхекара і Ш.М.Муктыбодха. Побач з л-рамі на нац. мовах развіваецца інд.л-ра на англ. мове (паэты Дэрозіо, К.Гхош, Т.Дат, у 19 — пач. 20 ст. — А.Гхош, С.Найду, Чатападхай, празаікі Ананд, Р.К.Нараян, Чатападхай і інш.). На бел. мове асобнымі выданнямі выйшлі зб.інд.нар. казак «Чароўная чаша» (1957), зб. апавяданняў інд. пісьменнікаў «Дрэва вады» (1959), «Выбранае» К.Чандра (1957), раманы «Садоўнік» (1927) і «Крушэнне» (1958), «Выбранае» (1976) Тагора друкаваліся таксама паасобныя творы Тагора, Прэмчанда, Чатападхая, Ананда і інш.
Архітэктура. Найб.стараж. ўзоры архітэктуры І. — абарончыя, гасп. і жылыя пабудовы г. Махенджа-Дара і Харапа (3—2-е тыс. да н. э.). У 2-м — сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. пачалі складвацца ўстойлівыя формы і тыпы нар. дойлідства, правілы забудовы і геам. планіроўкі вёсак і гарадоў. У дзяржаве Маур’яў (4—2 ст. да н.э.) ствараліся багатыя жылыя дамы і палацы, будыйскія культавыя збудаванні: мемар. стаўпы («стамбха» ў Сарнатху), манум. паўсферычныя пабудовы (ступа ў Санчы), пячорныя храмы (чайцья) у Кондане, Аджанце і Карлі, манастыры. Пазней узніклі новыя арх. вырашэнні (вежападобны храм Махабодхі ў в. Будх-Гая, храм у Санчы, 5 ст.). З 6—7 ст. храмы стараж. тыпаў (скальны храм у Элоры, 8 ст.) саступаюць месца на Пн вежападобным круглаватым будынкам (у Бхубанешвары, Кхаджураха, 10—12 ст.), на Пд — храмам у выглядзе ўсечаных пірамід (у Махабаліпураме, 7 ст.), з канцэнтрычнымі агароджамі і надбрамнымі вежамі (у Танджавуры, пач. 11 ст.). Раскошай вызначаюцца джайнскія храмы 11—12 ст. (храм Вімала на гары Абу) з белага мармуру, інкруставаныя ўнутры каштоўнымі камянямі. З 13 ст. ў Дэлійскім султанаце архітэктура набыла геам. дакладнасць, пашырыліся стральчатыя аркі, плоскасная паліхромная арнаментацыя, будаваліся мячэці, купальныя пахавальні, мінарэты (Кутб-Мінар у Дэлі, каля 1200). Яна дасягнула росквіту ў дзяржаве Вял. Маголаў у 16—17 ст.: умацаванні і мармуровыя палацы Агры і Дэлі, мячэці, маўзалей Тадж-Махал. На Пд па-ранейшаму будавалі аздобленыя скульптурай храмы (у Мадураі, 17 ст.), у Раджастхане ствараліся палацы-крэпасці, «вежы перамогі». Будавалі гарады з мураванымі дамамі. Англ. каланізатары пачалі ўкараняць эклектычныя формы архітэктуры. Гарады (Бамбей, Калькута, Дэлі) забудоўваліся дамамі еўрап. тыпу, узнікалі рэзкія кантрасты раёнаў стараж. архітэктуры, багатых еўрапеізаваных кварталаў і трушчобнага жылля беднаты. Хутка раслі партовыя гарады (Калькута, Мадрас, Бамбей), дзе ўжо з 17 ст. англічане ўзводзілі фарты, докі і хрысц. цэрквы. У 18 — сярэдзіне 19 ст.адм., дзелавыя будынкі і прыватныя рэзідэнцыі будавалі ў формах англ. класіцызму і неаготыкі. Прыклад горадабудаўніцтва калан. перыяду — Нью-Дэлі (забудоўваўся ў 1912—30-я г.). На мяжы 19—20 ст. з развіццём нац.-вызв. руху і абуджэннем цікавасці да нац. культуры пашырылася стылізацыя пад традыц. формы інд. дойлідства (ун-т у Хайдарабадзе, 1918). Пасля заваявання незалежнасці ў І. разгарнулася грандыёзнае па маштабах буд-ва, звязанае з індустрыялізацыяй краіны. У 1950—60 пры дапамозе замежных спецыялістаў узводзілі гідраэнергет. комплексы (Бхакра-Нангал і інш.), металургічныя камбінаты (у Бхілаі) і інш. Вакол буйных прадпрыемстваў будавалі пасёлкі і гарады (Чандыгарх, 1951—56, група замежных і інд. архітэктараў пад кіраўніцтвам Ш.Э.Ле Карбюзье). Жылыя і грамадскія будынкі ў буйных гарадах узводзяць у формах сучасных зах.-еўрап. стыляў (пераважна функцыяналізму): банк у Калькуце (1969, арх. А.Гупта), а таксама ў спалучэнні традыц. і сучасных тэхн. прыёмаў і аб’ёмна-прасторавых вырашэнняў (Ін-т індалогіі ў Ахмадабадзе, 1960—63, арх. Б.Дошы).
Выяўленчае мастацтва. Найб.стараж. помнікі маст. культуры захаваліся з 3—2-га тыс. да н.э. (скульптура і кераміка з Махенджа-Дара і Харапы). Росквіту мастацтва І. дасягнула з утварэннем дзяржавы Маур’яў (4—2 ст. да н.э.), спалучыўшы ўплыў культур краін Міжземнамор’я і Персіі: капітэль калоны Ашокі з г. Сарнатх («Ільвіная капітэль», каля 243 да н.э.) — нац. эмблема сучаснай І., статуя багіні ўрадлівасці («якшыні») з Дыдарганджа (верагодна, 2 ст. да н.э.) і інш. Ідэяй невычэрпнасці і разнастайнасці свету прасякнуты шматфігурныя рэльефы на сюжэты паданняў пра Буду на агароджы і брамах-«торана» ступа ў Бхархуце (2 ст. да н.э.) і браме ступа № 1 у Санчы (1 ст. да н.э.). У маст. культуры дзяржавы Гуптаў (4—5 ст.) з’явіліся строгія ідэалізаваныя вобразы (статуі Буды з Сарнатха і з Гандхары), наскальныя рэльефы (Удаягіры), пышная скульптура і размалёўкі пячорных храмаў Аджанты. У сярэдневякоўі атрымаў развіццё мініяцюрны жывапіс. Гуджарацкія мініяцюры (пераважна ілюстрацыі да рэліг. кніг) вызначаюцца плоскасным адлюстраваннем чалавечых фігур, лакальнымі фарбамі. У 16 ст. склалася школа магольскай мініяцюры (ілюстрацыі да гіст. трактатаў, партрэтны і анімалістычны жанры). З сярэдзіны 16 ст. развівалася раджпуцкая школа, пазней — школа Пахары, для якіх характэрны гучны каларыт, вытанчаны лінейны рытм, лірычная пранікнёнасць У перыяд англ. каланізацыі стараж. традыцыі выяўл. мастацтва заняпалі. У 1850-я г.брыт. адміністрацыя стварыла некалькі маст. школ у розных гарадах І. з навучаннем на еўрап. ўзор, што адыграла важную ролю ў фарміраванні новага прафес. мастацтва. Буйнейшы прафес. жывапісец Р.Варма ў духу зах.-еўрап. акадэмізму пісаў карціны на тэмы жыцця народа. На мяжы 19—20 ст. група мастакоў на чале з А.Тагорам і мастацтвазнаўцам Э.Б.Хавелам стварыла аб’яднанне «Бенгальскае Адраджэнне» з эстэт. праграмай незалежнасці ад еўрап. акадэмізму і звароту да нац. каранёў. Асн. тэматыка мастакоў гэтай плыні (Н.Бос, С.Гупт, С.Укіл) — сцэны вясковага жыцця і эпізоды з міфаў. Нягледзячы на майстэрства і лірычную тонкасць твораў, з прычыны аддаленасці ад рэалій жыцця яны не пазбеглі стылізатарства і рамантызацыі і хутка вычарпалі свае магчымасці. Аднак «Бенгальскае Адраджэнне» адыграла значную культ.-гіст. ролю, абудзіла цікавасць да нац. спадчыны. У 20 ст. асяродкам новага кірунку ў мастацтве стаў ун-т Вішвабхараты, засн. Р.Тагорам. У 1930—40-я г. мастакі А.Шэр-Гіл (спалучэнне традыцый жывапісу Аджанты і постімпрэсіянізму) і Дж.Рой (традыцыі бенгальскага лубка) заснавалі новую рэаліст. школу мастацтва (жывапісец А.Бос, скульпт. В.П.Кармаркар). У мастацтве незалежнай І. склалася шмат плыней: традыцыі «Бенгальскага Адраджэння» працягваў Б.Укіл, рэаліст. мастацтва — скульпт. і жывапісец С.Кхастгір, графік Х.Дас, традыцыі інд. і еўрап. мастацтва 20 ст. спалучалі жывапісцы і графікі К.К.Хебар, Ш.Чаўда, С.Мукерджы, скульпт. Ч.Кар, П.Д.Гупта і інш. На мяжы 1950—60-х г. узмацніліся мадэрнісцкія кірункі (М.Ф.Хусейн, Чаўда, С.Гуджрал). У дэкар.-прыкладным мастацтве развіваюцца старадаўнія віды саматужнай вытв-сці: ткацтва, разьба па дрэве, косці, камені і мармуры (Агра), апрацоўка металу (Джайпур, Бідар), прыгатаванне лакаў і размалёўка імі (штат Махараштра), ганчарства (Джайпур, Бамбей), пляценне, вышыўка (Кашмір).
Музыка. Раннія этапы фарміравання музыкі І. адносяцца да 3—2-га тыс. да н.э. У сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. склалася традыцыя т. зв. ведыйскіх песнапенняў — своеасаблівае напеўнае рэчытаванне свяшчэнных тэкстаў Ведаў (найб. значныя Рыгведа — веда гімнаў і Самаведа — веда мелодый). На мяжы н.э. ў муз. культуры І. сфарміраваўся шэраг «высокіх» муз., муз.-танц. (бхарат нацья), муз.-тэатр. (санскрыцкая драма) жанраў; пачалося развіццё муз. навукі: трактаты «Гіталанкара» (каля 1 ст.н.э.), «Нацьяшастра» Бхараты (2—4 ст.н.э.), «Брыхадэшы» Матангі (5—7 ст.), «Сангітаратнакара» Шарнгадэвы (13 ст.), «Сварамелакаланідхі» Рамамацьі (16 ст.). Асновы фундаментальных канцэпцый інд. класічнай музыкі — рага (ладамеладычнае разгортванне) і тала (метрарытмічная арганізацыя). Характэрная рыса класічнай маст. культуры І. — сангіт, сінтэз муз., вак. і харэаграфічнага мастацтва, на аснове якога сфарміраваліся формы інд.муз.т-ра — джатра, якшагана, тамаша і інш. Узорамі муз.т-ра з’яўляюцца і класічныя стылі інд. танца — бхарат нацья, катхакалі, катхак, маніпуры. У 13—14 ст. сістэма інд. музыкі падзялілася на 2 вял. рэгіянальныя традыцыі: паўн. (хіндустані, зазнала розныя ўплывы) і паўд. (карнатак, захавала нац. стыль). У 15—16 ст. у межах хіндустані сфарміравалася прыдворная вак. форма дхрупад (Міян Тансен і Свамі Харыдас), у 18 ст. дасягнуў росквіту рамантычна-віртуозны кхаял — вак., потым і інстр. жанр, які актывізаваў развіццё гар.муз. культуры і фарміраванне лакальных выканальніцкіх школ — гхаранаў. У карнацкай вак. музыцы дзейнічала традыцыя крыці, прадстаўленая буйнейшымі інд. музыкантамі 2-й пал. 18—1-й пал. 19 ст. Ш.Шастры, Цьягараджы і М.Дыкшытара. Муз. спадчына Р.Тагора стала самаст.маст. кірункам — т. зв. Рабіндрасангіт (песні Рабіндраната). Важным стымулам кампазітарскай творчасці стала кінамузыка з відавочнымі тэндэнцыямі да аб’яднання прынцыпаў стылістыкі нац. і зах.-еўрап. школ (А.Бісвас, Х.Кумар, С.Чаўдхуры, Р.Барман, С.Бхаскар і інш.). Сярод выканаўцаў 20 ст. дырыжор З.Мета, інструменталісты Р.Шанкар (сітар), Б.Хан (шэхнаі), Х.Чаўрасья (флейта), Ш.Шарма (сантур), З.Хусейн (табла), спевакі браты Д. і К.Гандхарва, Г.Алі Хан, Б.Чатурведзі, спявачкі П.Султана, Субулакшмі, Ш.Гурці. Працуюць: Муз. акадэмія ў Мадрасе (з 1928), Цэнтр мастацтва Кералы (з 1930), Муз.ін-т Гандхарва Махавідзьялая (з 1939), Акадэмія музыкі, танца і драмы ў Дэлі, Нац. цэнтр выканальніцкіх мастацтваў у Бамбеі, муз. школы, каледжы, муз. ф-ты пры ун-тах; выдаюцца муз. часопісы.
Тэатр. Інд.т-р узнік у старажытнасці з 2 відовішчных форм: культавай містэрыі ведыйскай эпохі, звязанай з прадстаўленнямі ў гонар бога-грамавержца Індры, і імправізаванага смехавага прадстаўлення, якое таксама ўзнікла на глебе культавых свят. Пазней гэтыя формы зліліся. Найб. раннія ўпамінанні пра «ната» (дапаможнікі па акцёрскім мастацтве) змешчаны ў граматыцы Паніні (4 ст. да н.э.). Узнікненню класічнага інд.т-ра (сярэдзіна 1-га тыс. да н.э.) папярэднічаў нар. традыцыйны т-р, які меў шмат форм, вядомых і ў сучаснай І.: на Пн — муз.-танц. драма ліла (ліла—ігра), заснаваная на сюжэтах стараж.-інд. легенд, міфаў і эпічных твораў «Махабхарата» і «Рамаяна»; на Пд — танц. драма катхакалі (катха — апавяданне, калі — муз. інтэрпрэтацыя), якая ў 18 ст. ператварылася ў высокаразвітую тэатр. форму са сваёй драматургіяй, якшагана аб’яднала танец, дыялог, дэкламацыю і спевы; у Зах. Бенгаліі і Арысе — джатра і інш. Да інд.нар. камедыі належаць прадстаўленні быт. сцэнак кашмірскімі скамарохамі — бхандамі. Для інд.тэатр. традыцыі характэрны кансерватызм і сінтэтычнасць. Сістэма выяўл. сродкаў уключае паэт. слова, вак. і інстр. музыку, танец, пантаміму, драм. мастацтва. Формы нар.т-ра паўплывалі на класічны інд.т-р, які фарміраваўся на працягу 5—1 ст. да н.э. Першы санскрыцкі трактат аб т-ры — «Нацьяшастра» Бхараты («Навука пра тэатр»; 2—4 ст.н.э.) змяшчае звесткі пра паходжанне т-ра, драмы, музыкі, танца, пра арганізацыю сцэнічнай прасторы, маст.-выяўл. сродкі і інш. Распрацавана канцэпцыя раса (вучэнне аб эмоцыі), паводле якой кожнай расе адпавядаў пэўны сюжэт і персанажы. Дэтальна распрацавана мова жэстаў мудра, якая мае больш за 500 сімвалаў і праз чаргаванне, камбінацыі і паставы рук выражае розныя прадметы, дзеянні, эмоцыі, абстрактныя паняцці. У інд. класічнай драме 2 асн. жанры: натака — высокая драма на міфалагічны сюжэт і пракарна, звязаная з нар. смехавым прадстаўленнем. На санскрыце гавораць «высокія» мужчынскія персанажы, на пракрыце — жаночыя і «нізкія» мужчынскія персанажы. Росквіту інд. класічная драма дасягнула ў перыяд імперыі Гуптаў (4—5 ст.; драматургі Бхаса, Шудрака і Калідаса). Акцёраў запрашалі на прыдворныя святы, у палацах будавалі тэатр. залы, ствараліся і ўласныя трупы, часта жаночыя, гарэмныя.
У сярэдневяковай драме працягваліся стараж. традыцыі, аднак жанравыя каноны трансфармаваліся. Папулярным стаў жанр націка — «лёгкая» натака, пабудаваная на захапляльнай інтрызе. У сярэдзіне 19 ст. ўзмацнілася ўздзеянне на інд.т-реўрап. культуры. Адзін са значных тэатр. дзеячаў І. новага часу Р.Тагор, імкнучыся аб’яднаць усх. і зах.тэатр. традыцыі, адкрыў эксперым.тэатр. школу (1891; пазней — ун-т Вішвабхараты). У 1872 бенгальскі драматург Г.Гхош заснаваў Нац. т-р. З 2-й пал. 19 ст. пачала актыўна развівацца драматургія на новаінд. мовах: бенгальскай (Тагор, Д.Мітра, Р.Таркаротна і інш.), хіндзі (Б.Харышчандра, Дж.Прасад, Р.Варма і інш.). Тэатр. жыццё І. актывавалася ў 1940-я г., калі ўзніклі прафес. і аматарскія калектывы. Важнае значэнне мела адкрыццё Акадэміі музыкі, танца і драмы (1953), пры якой з 1959 пачала працаваць першая дзярж.тэатр. школа. Тэатр. жыццё 1970-х г. вызначалася імкненнем да сінтэзу традыц.нац.т-ра з формамі і метадамі зах.-еўрап. т-раў. Папулярны т-р лялек. У сучаснай І. працуюць буйныя прафес. т-ры ў Дэлі, Калькуце, Бамбеі, Мадрасе, Катацы, Бенарэсу і інш., якія звяртаюцца да твораў інд. класічнай і сучаснай драматургіі, сусв. класікі. Спектаклі ставяцца на мовах народаў І. (бенгалі, хіндзі, орыя, гуджараці, канада і інш.).
Кіно. Пачаткам кінавытворчасці ў І. была творчасць мастака-літографа Д.Г.Пхалке [фільм «Раджа Харышчандра» (1913) паводле стараж. міфа пра высакароднага цара], які ўвасобіў на экране прынцыпы традыц.інд.тэатр. драмы (джатры). Ён зняў каля 100 фільмаў на сюжэты міфаў (у т. л. з эпасу «Махабхарата» і «Рамаяна»), якія ўзнімалі нац. годнасць ва ўмовах жорсткай брытанскай цэнзуры. Паслядоўнікі Пхалке — рэж. Б.Пейнтэр і Дж.Ф.Мадан праклалі 2 шляхі інд. кіно: першы імкнуўся да гіст. дакладнасці, другі — да відовішчнасці ў камерцыйных мэтах. Буйнейшымі цэнтрамі кінавытворчасці былі і застаюцца гарады Бамбей, Калькута, Мадрас. Найб. значныя фільмы 1920-х г.: «Светач Азіі» Х.Раі і Ф.Остэна, «Толькі зараз з Англіі» Д.Н.Гангападхая; 1930-х г.: «Прыгажосць свету» А.Ірані (першы гукавы фільм, а таксама фільмы на гіст.-міфалагічныя і сац. тэмы рэж. Д.Бошу, Н.Бошу, П.Ч.Баруа, В.Шантарама, Мехбуба, С.Мадзі. У 1930-я г. склаліся сістэма «зорак» і традыцыя ўключаць у сюжэтнае дзеянне муз.-танц. нумары. Абвяшчэнне ў 1950 Рэспублікі І. дало моцны імпульс для развіцця інд. кіно. Былі экранізаваны творы і сцэнарыі пісьменнікаў М.Р.Ананда, К.Чандра, Прэмчанда, Яшпала і інш. Кіно рэалістычнага кірунку прадстаўлялі рэж. Х.А.Абас [ «Дзеці зямлі», 1946, «Спадарожнік» (у сав. пракаце «Ганга») і «Муна», 1952, «Тысяча начэй на ложку з камення» і «Чужаземец» (у сав. пракаце «Хаджэнне за тры моры»), 1956], Б.Рой [«Два бігхі зямлі», 1953, «Суджата» (у сав. пракаце «Недатыкальная»), 1959, «Нявестка Бірадж» (у сав. пракаце «Бірадж Баху»), 1960, і інш.]. Сусветна вядомыя кінематаграфісты І. 1950—80-х г.: прадстаўнік т.зв. калькуцкай школы, рэж., сцэнарыст, кампазітар С.Рэй («Песня дарогі», «Музычны пакой», «Праціўнік», «Шахматысты», «Алмазнае каралеўства» і інш.); рэж. М.Сен («Дзень вяселля», «Пасляслоўе», «Чужое дзіця», «Гутарка», «Калькута-71», «Радавы», «Хор» (у сав. пракаце «30 000!»)]; рэж. Ш.Бенегал [«Канец ночы», «Абуджэнне», «Роля» (у сав. пракаце «Цяжкая роля»), «Вар’яцтва», «Стагоддзе Калі, або Машынная эра», «Сардары Бегам» і інш.]; акцёр, рэж., прадзюсер Р.Капур (з дынастыі Капураў), які ў 1947 засн. уласную студыю ў Бамбеі, рабіў стаўку на масавыя жанры, у якіх праводзіў гуманіст. ідэі («Бадзяга», «Пан—420», «Чысцільшчык абутку», «Сангам», «Маё імя — клоун», «Бобі», «Любоўная немач» і інш.). Рэжысёры 1980—90-х г.: А.Гапалакрышнан, К.Мехта, А.К.Каўль, М.Ратхам, С.Камал, Г.Ніхлані, К.Ладжмі. Сусв. вядомасць атрымала рэж.-жанчына М.Наір («Салям, Бамбей!», «Місісіпі Масала», «Сям’я Перэз», «Камасутра»). Кіназоркі 1980—90-х г.: Х.Маліні, Ш.Азмі, З.Аман, Рэкха, Шрыдэві, М.Дыксіт, Дж.Чаўла, С.Патыл, Нілам, Р.Агніхотры, А.Бачан, М.Чакраборці, Гавінда, А.Капур. Д.Шорф, Ч.Пандэй. У І. на дзярж. і прыватных кінастудыях здымаецца рэкордная колькасць маст. фільмаў у свеце (у 1990—970 фільмаў) на 15—16 мовах (пераважна на хіндзі). Дзярж.арг-цыя «Філмс дывіжэн» стварае дакумент., анімацыйныя, вучэбныя фільмы.
Літ.:
Антонова К.А., Бонгард-Левин Г.М., Котовский Г.Г. История Индии. 2 изд. М., 1979;
Альбедиль М.Ф. Протоиндийская цивилизация: Очерки культуры. М., 1994;
Шарма Р.Ш. Древнеиндийское общество: Пер. с англ.М., 1987;
Медведев Е.М. Очерки истории Индии до XIII в.: [Сб. ст.]. М., 1990;
Ашрафян К.З. Средневековый город Индии XIII — середины XVIII в.: (Пробл. эконом. и социальн. истории). М., 1983;
Ванина Е.Ю. Идеи и общество в Индии XVI—XVIII вв. М., 1993;
Политическое развитие и общественная мысль Индии в новое и новейшее время: [Сб. ст]. М., 1976;
Празаускас А.А. Этнос, политика и государство в современной Индии. М., 1990;
Краткая история литератур Индии. Л., 1974;
Калинникова Е.Я. Англоязычная литература Индии. М., 1974;
Проблемы индийского романа. М., 1974;
Художественные направления в индийской литературе XX в.: [Сб. ст.], 1977;
Челышев Е.П. Современная индийская литература. М., 1981;
Шептунова И.И. Живопись Бенгальского возрождения. М., 1978;
Потабенко С.И. Изобразительное искусство Индии в новое и новейшее время (конец XVIII — сер. XX в.). М., 1981;
Дева Б.Чайтанья. Индийская музыка: Пер. с англ.М., 1980;
Менон Рагхава Р. Звуки индийской музыки: Путь к раге: Пер. с англ.М., 1982;
Музыкальная эстетика стран Востока. М., 1967. С. 35—139;
Виноградов В.С. Индийская рага. М., 1976;
Котовская М.П. Синтез искусств: Зрелищные искусства Индии. М., 1982;
Кино Индии. М., 1988.
М.С.Вайтовіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.М.Пісараў (гісторыя Індыі ў 20 ст.), Р.Ч.Лянькевіч (узбр. сілы), В.М.Навумчык (асвета, навук. ўстановы), Я.Ф.Шунейка (выяўл. мастацтва), А.М.Гарахавік (музыка), А.М.Міхеева (тэатр), А.П.Бабкова (кіно).
Герб і сцяг Індыі.Да арт.Індыя. Узбярэжжа Аравійскага мора ў штаце Гоа.Да арт.Індыя. Вёска ў перадгор’ях Гімалаяў.Да арт.Індыя. Рысавыя палі на Інда-Гангскай раўніне.Да арт.Індыя. Металургічны камбінат у г. Дург-Бхілаінагар.Да арт.Індыя. Ландшафт на пласкагор’і Дэкан.Да арт.Індыя. Памятны знак на месцы крэмацыі М.Гандзі.Да арт.Індыя. Алеевыціскальшчыкі. Гравюра 18 ст.Да арт.Індыя. Фрагмент фасада храма Кандар’я Махадэо ў в. Кхаджураха. Каля 1000.Да арт.Індыя. У цэнтры Бамбея.Да арт.Індыя. Джайнскі храм Вімала на гары Абу ў Раджастхане. 11 ст.Да арт.Індыя. А.Тагор. Развітанне з сынам. 20 ст.Да арт.Індыя. «Ільвіная капітэль» калоны Ашокі з г. Сарнатх. Каля 243 да н.э.Да арт.Індыя. Буда. Размалёўка ў комплексе Аджанта. 6 ст.Да арт.Індыя. Птушкі. Магольская мініяцюра. 17 ст.Да арт.Індыя. Ілюстрацыя да «Бабурнамэ». 16 ст.Да арт.Індыя. Галава Буды з Гандхары. 5 ст.Да арт.Індыя. Радха і Крышна. Школа Пахары. 18 ст.Да арт.Індыя. Індыйскія танцы ў класічных стылях (злева направа): маніпуры, бхарат нацья, катхак.Да арт.Індыя. Выканаўцы на сітары і табла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БССР У МІЖВАЕННЫ ПЕРЫЯД
Утварэнне СССР. Ваенна-палітычны саюз БССР і РСФСР, заключаны ў час грамадзянскай вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20, не адпавядаў новым умовам. Пытанне пра заключэнне новага саюзнага дагавора неаднойчы абмяркоўвалася ў ЦКВКП(б) і ЦБКП(б)Б. 16.1.1921 паміж РСФСР і БССР падпісаны новы дагавор, паводле якога: прызнаваліся суверэнітэт і незалежнасць Беларусі; ствараліся аб’яднаныя наркаматы ваенных і марскіх спраў, ВСНГ, знешняга гандлю, фінансаў, працы, шляхоў зносін, пошты і тэлеграфа; для каардынацыі дзейнасці ў галіне гасп. і культ. будаўніцтва створана прадстаўніцтва БССР пры ўрадзе РСФСР. Аднак канчаткова адносіны паміж дзяржавамі не былі вызначаны. Толькі пасля кастр. (1922) пленума ЦК РКП(б), які падтрымаў план Леніна (у яго аснове ляжаў прынцып федэрацыі), кіраўніцтва КП(б)Б атрымала больш ясныя паліт. арыенціры. IV Усебел. з’езд Саветаў (14—18.12.1922) прыняў рашэнне пра неабходнасць утварэння Саюза ССР і выбраў дэлегацыю на X Усерас. з’езд Саветаў у складзе 33 чал. Сярод дэлегатаў былі А.Р.Чарвякоў (старшыня ЦВК і СНКБССР), В.А.Багуцкі, Ш.Ш.Ходаш, А.С.Славінскі, Я.А.Адамовіч, У.М.Ігнатоўскі і інш.
I Усесаюзны з’езд Саветаў 30.12.1922 прыняў Дэкларацыю і Дагавор аб утварэнні Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік у складзе РСФСР, УССР, БССР і ЗСФСР. У выбраны з’ездам ЦВКСССР ад БССР увайшло 7 чалавек. Да кампетэнцыі вышэйшых органаў улады СССР адышлі знешняя палітыка, граніцы, узбр. сілы, транспарт, сувязь, планаванне нар. гаспадаркі, фінансы, аб’яўленне вайны і заключэнне міру. Асн. палажэнні Дагавора зацвердзіла Канстытуцыя СССР, прынятая на II з’ездзе Саветаў СССР у 1924.
У склад БССР, абвешчанай 31.7.1920, уваходзіла 6 няпоўных паветаў Мінскай губ.Бел. дзеячы культуры, сав. і парт. кіраўніцтва БССР, найперш А.Р.Чарвякоў, У.М.Ігнатоўскі і інш., неаднаразова ставілі ў ЦК РКП(б) пытанне пра вяртанне ў склад БССРусх.-бел. зямель. Вяртанне гэтых тэрыторый у склад БССР адбывалася ў складаных унутр. і знешнепаліт. абставінах. На фоне актыўнага супраціўлення губернскіх улад і адсутнасці масавай падтрымкі з боку мясц. насельніцтва пры вызначэнні межаў рэспублікі найбольшая роля адводзілася знешнепаліт. фактару. Далучэнне да БССР раёнаў з большасцю бел. насельніцтва супрацьпастаўлялася палітыцы нац. ўціску і прыгнёту, якая праводзілася Польшчай у Заходняй Беларусі. Пашыраная Сав. Беларусь павінна была стаць адзіным цэнтрам прыцягнення бел.нац.-вызв. і рэв. руху за мяжой. Пры пастаноўцы тэр. пытання кіраўніцтва БССР прытрымлівалася тактыкі паслядоўных зваротаў і пошуку прыхільнікаў у цэнтр.парт., сав. і гасп. органах. І ў 1924, і ў 1926 праблема граніц БССР напачатку разглядалася ў ЦК РКП(б), і толькі пасля вырашэння пытання ў парт. парадку прынятая пастанова праводзілася праз саюзныя, рэсп. і губ. Саветы.
У выніку ўзбуйнення ў 1924 тэр.Сав. Беларусі павялічылася больш чым у 2 разы і склала 110 584 км², колькасць насельніцтва дасягнула 4,2 млн.чал. У выніку 2-га ўзбуйнення ў 1926 тэр. рэспублікі павялічылася яшчэ на 15 727 км², а насельніцтва — на 649 тыс.чал. У пач. 1927 тэр.БССР склала 125 950 км², а насельніцтва каля 5 млн.чал., 80% з якіх складалі беларусы.
Сацыяльна-эканамічнае становішча БССР у 1920-я г. Новая эканамічная палітыка. Прамысловасць і сельская гаспадарка знаходзіліся ў запушчаным стане. У выніку войнаў і інтэрвенцый плошча пад пасевамі збожжавых у параўнанні з 1913 скарацілася на 40%, пад бульбай — на 55%. З 815 буйных прамысл. прадпрыемстваў не працавала 470. Прамысл. вытворчасць скарацілася ў 5 разоў, валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі складала крыху больш за палавіну даваеннай. Гаспадарчую разруху дапаўнялі паліўны крызіс, катастрафічнае становішча сувязі і транспарту, гіперінфляцыя.
Цяжкія матэрыяльныя ўмовы побач з паспешлівымі мерамі, якія прымаліся ўладамі для выпраўлення становішча, выклікалі незадаволенасць усіх сац. пластоў грамадства. Тавараабарот паміж горадам і вёскай амаль поўнасцю спыніўся. У гарадах адбываліся забастоўкі рабочых, сяляне супраціўляліся канфіскацыі збожжа. Цяжкае становішча рэспублікі ўзмацнялася паліт. і крымінальным бандытызмам. Сяляне да мерапрыемстваў сав. улады ставіліся насцярожана, праяўлялі актыўнасць антысав. фарміраванні, колькасць якіх на тэр.БССР хутка расла (у маі 1921 яны налічвалі, 2 тыс. чалавек, а ў чэрвені — 3,5 тыс., за 1921—22 учынена больш за 2,1 тыс. бандыцкіх нападаў). У вёсках ставіліся ваен. пасты, у чэрв. 1921 уведзена ваен. становішча ў Мінску.
Паварот да новай эканамічнай палітыкі [нэп; абвешчана на X з’ездзе РКП(б), люты—сак. 1921] быў зроблены па прычыне незадаволенасці насельніцтва і напачатку меў на мэце рэфармаванне толькі эканам. адносін. Адным з гал. стрыжняў нэпа стала замена харчразвёрсткі натуральным падаткам (ад 13 да 18 відаў прадуктаў), які ўскладаўся не на ўсю вёску, а на кожную асобную гаспадарку дыферэнцыравана (у залежнасці ад колькасці ворнай зямлі і едакоў у сям’і, ураджайнасці). Збор харчпадатку лічыўся адказным заданнем, у распараджэнне харчовых органаў вылучаліся падраздзяленні чырвонаармейцаў.
Дэкрэтам ВЦВК РСФСР ад 17.3.1922 з 1 жніўня ўводзіўся адзіны натуральны падатак, які павінен быў здавацца шасцю відамі прадукцыі. Сем’ям чырвонаармейцаў, інвалідам, беднаце даваліся льготы. У 1923 усе віды натуральнага падаткаабкладання на вёсцы заменены адзіным с.-г. падаткам, які выплачваўся часткова прадуктамі, часткова грашыма, што дазваляла сялянам вызначаць кірунак развіцця сваёй гаспадаркі з пазіцый эканам. мэтазгоднасці.
Прынцып падатковай палітыкі быў класавы. Калі першапачаткова плацілі ўсе, то ў 1923 амаль 26 тыс. бядняцкіх гаспадарак у розным памеры вызваляліся ад падатку, а сума скідак раскладвалася на заможных. Гэта дрэнна адбівалася на развіцці прадукцыйнасці сял. гаспадарак і падрывала веру значнай часткі сялян у справядлівасць сав. улады. Да таго ж падатковая палітыка ўключала ў сябе як адзін з элементаў сваёй сістэмы празмерна нізкія цэны на хлеб, што пазней прывяло да дысбалансу ў эканам. адносінах паміж горадам і вёскай.
Прадугледжаны Дэкрэтам аб зямлі падзел памешчыцкіх і інш. зямель паміж сялянамі ў сувязі з ням. і польскай акупацыямі на большай частцы тэр.БССР пачаўся толькі ў 1920. У першую чаргу зямлёй забяспечваліся беззямельныя і малазямельныя сяляне. Тым не менш каля 40% гаспадарак не былі забяспечаны мінімальнай спажывецкай нормай. У сувязі са спыненнем перасялення і слабым паглынаннем яго прамысловасцю лішак вясковага насельніцтва з года ў год павялічваўся.
У 1925 Наркамат земляробства БССР распрацаваў план аднаўлення сельскай гаспадаркі (пазней гэта палітыка атрымала назву «прышчэпаўшчына» ад прозвішча наркома земляробства Дз.Ф.Прышчэпава). План прадугледжваў: вырашэнне праблемы аграрнай перанаселенасці, скарачэнне скрытага беспрацоўя ў вёсцы праз ліквідацыю групы беззямельных і малазямельных сялян; развіццё прадукцыйных сіл сял. гаспадаркі, ліквідацыю яе спажывецкага характару і перавод на рэйкі таварна-грашовых адносін; каапераванне сельскай гаспадаркі. Землеўпарадчымі работамі планавалася ахапіць да 60% тэрыторыі. З мэтай інтэнсіфікацыі сельскай гаспадаркі прадугледжвалася: развіццё жывёлагадоўлі; ліквідацыя 3-польнай сістэмы паляводства; пашырэнне вырошчвання тэхн. і кармавых культур, травасеяння; развіццё садаводства і пчалярства; наладжванне агранамічнай і ветэрынарнай работы. Меры па развіцці прадукц. сіл уключалі зніжэнне на 40% агульнай сумы с.-г. падатку, прадастаўленне дадатковых дзярж. сродкаў сістэме с.-г. крэдыту, палягчэнне найму працоўнай сілы, пашырэнне права здачы зямлі ў арэнду, на якой дазвалялася выкарыстоўваць наёмную рабочую сілу, ліквідацыю адм. перашкод дробнаму сял. гандлю, зніжэнне цэн на с.-г. машыны і павелічэнне працягласці крэдыту на іх куплю, прадастаўленне ўсім сялянам права ўдзелу ў кааперацыі. Аднолькава законнымі прызнаваліся сял. арцель, абшчына, індывідуальнае карыстанне зямлёй у выглядзе хутароў і адрубоў.
Дробная арэнда і наём рабочай сілы дазвалялі больш поўна выкарыстоўваць працоўныя рэсурсы і сродкі вытворчасці. Аднак арэнда ў сял. гаспадарцы БССР не набыла вял. пашырэння: у 1925 ёй карысталася каля 7,7%, у 1927—11% сялян, што тлумачылася адсутнасцю буйных прыватнаўласніцкіх гаспадарак, падатковай і сац. палітыкай у адносінах да заможных сялян.
У 1929 у сельскай і лясной гаспадарцы БССР працавала 81,1 тыс. наёмных работнікаў, большасць з іх складалі малазямельныя сяляне-беднякі, якія не маглі пражыць са сваёй зямлі.
Да 1928 агульная колькасць сялян, якія выйшлі на хутары і адрубы, перасягнула 25% усіх гаспадарак (прыкладна палова з іх перасялілася яшчэ ў час правядзення Сталыпінскай рэформы), ім належала каля 20% зямлі. Усяго ў 1921—29 землеўпарадкавана да 44% агульнай плошчы сял. землекарыстання; у 1925—28 у раёны Сібіры і Д. Усходу выехала 74,8 тыс.бел. сялян. Аднак у цэлым перасяленне сялян не змяніла забяспечанасці зямлёй бел. вёскі, тым больш што частка іх вярнулася назад.
Ажыўленне ў сельскай гаспадарцы абумовіла рост зацікаўленасці сялян у сродках вытворчасці і крэдытах, прымусіла іх шукаць рынкі збыту сваёй прадукцыі. Пачаўся рост крэдытных кааператываў, ствараліся малочна-жывёлагадоўчая, садова-агародніцкая, насенняводчая, меліярацыйная і інш. віды кааперацыі. На пач. 1928 у БССР дзейнічала 1869 с.-г. кааператыўных т-ваў, якія аб’ядноўвалі 331,4 тыс. членаў. Колькасць кааператыўных аб’яднанняў вытворчага тыпу [камуны, таварыствы апрацоўкі зямлі (ТАЗы), арцелі] знізілася з 710 у 1921 да 611 у 1928, яны аб’ядноўвалі каля 5,2 тыс.сял. двароў. Нерэнтабельныя гаспадаркі, у т. л. слабыя саўгасы, ліквідоўваліся.
У сярэдзіне 1920-х г. колькасць бяднейшых сялян скарачалася, адбывалася ўраўноўванне вёскі, скарачэнне колькасці крайніх груп (прадпрымальнікаў і батракоў). У 1927 беднякі складалі 46,5%, сераднякі — амаль 51%, заможныя сяляне, т.зв. кулакі, — 2,5% агульнай колькасці сялян. Аднак ураўноўванне ішло па ўзроўні ніжэй сярэдняга. Частка батракоў хоць і атрымала зямельныя надзелы, але наймацца не перастала з-за недахопу зямлі або сродкаў вытворчасці, частка з іх вымывалася з вёскі. Заможнае сялянства ўяўляла сабой сац. праслойку дробнай сельскай буржуазіі. Забарона ў 1929 найму рабочай сілы і арэнды наогул зрабіла немагчымым яго далейшае існаванне.
У выніку праведзеных мерапрыемстваў спачатку даволі хутка павышаўся дабрабыт сялян, аднаўляліся памеры пасяўных плошчаў, павялічыўся прыток прадукцыі сельскай гаспадаркі ў гарады. Хоць зямля і заставалася нацыяналізаванай, дзяржава ў пэўнай ступені гарантавала правы сялян на яе ўладанне. У 1925 сельская гаспадарка ў асноўным дасягнула даваеннага ўзроўню. У 1926 кошт усёй валавой прадукцыі перасягнуў сярэднегадавыя паказчыкі 1911—13 амаль на 10%.
Нягледзячы на землеўпарадкаванне, на большай частцы захоўвалася цераспалосіца, культура земляробства была нізкая. Не ўдалося спыніць драбленне сял. гаспадарак і памяншэнне іх надзелаў. У 1928 памер сярэдняга сял. надзелу зноў знізіўся да ўзроўню 1917. Зусім нязначнай была забяспечанасць сельскай гаспадаркі трактарамі і іншай тэхнікай (у 1929 у БССР мелася 237 трактароў).
Вызваленне сельскай гаспадаркі ад палітыкі «ваеннага камунізму» дало штуршок рэформам у галіне прамысловасці, гандлю, фінансаў. Палітыка сав. улады была скіравана на падтрымку дробнай вытворчасці, здольнай у кароткі перыяд ліквідаваць таварны голад, пашырыць тавараабарот паміж горадам і вёскай. Дазвалялася дзярж. арэнда і арганізацыя прыватных дробнапрамысловых прадпрыемстваў, уводзілася права ўласнасці на жыллёвыя пабудовы, фабрычна-заводскія прадпрыемствы, с.-г. і прамысл. прадукты і інш. У руках дзяржавы засталіся буйная прамысловасць, чыг. і рачны транспарт, банкаўская сістэма, амаль увесь оптавы гандаль, вял. частка жыллёвага фонду, зямля, лясы, нетры. Рынак прымусіў перавесці прамысл. прадпрыемствы на гасп. разлік і здзейсніць т.зв. трэстафікацыю. Аднак звычайным стала ўмяшанне парт. органаў у работу прамысловасці, а гасп. разлік падрываўся сістэмай дзярж. фінансавання для больш буйных прадпрыемстваў і трэстаў. Каля 80% несельскагаспадарчых сектараў эканомікі заставаліся нацыяналізаванымі. Дзяржбанк меў манаполію крэдыту, стаўкі па ім ён павышаў ці паніжаў паводле загадаў парт. кіраўніцтва. Пасля 1923 «кантрольныя лічбы» і прагнозы развіцця вытворчасці вызначаў Дзяржплан. Усё гэта стварала тэндэнцыю дзярж. цэнтралізацыі. Адзінай формай дзярж. капіталізму ў БССР была арэнда ў прамысловасці, бо канцэсіі і акцыянерныя т-вы развіцця не атрымалі.
У 1921—22 пачаў працаваць 1-ы дзярж. машынабудаўнічы і чыгуналіцейны з-д «Энергія», з-д «Метал» у Мінску, аднавілі дзейнасць шклозавод «Стрэва», хрусталёвая ф-ка «Барысаў», лесазавод у Бабруйску, фанерны з-д і запалкавая ф-ка «Дняпро» (Рэчыцкі пав.) і інш. У 1923—27 адноўлены і пабудаваны дзесяткі фабрык і з-даў, у т. л. ў Мінску кафельна-керамічны і гарбарны з-ды, шпалерная ф-ка. Выключна важнае значэнне для развіцця прамысл. патэнцыялу БССР мела павелічэнне яе тэрыторыі ў 1924 і 1926. Колькасць цэнзавых прадпрыемстваў у 1926/27 гасп.г. дасягнула 410, а занятых на іх рабочых — 32 137 чал. На працягу 1924—28 аб’ём валавой прамысл. прадукцыі вырас у БССР у 2,3 раза. Аснову прамысловасці рэспублікі, як і ў дарэвалюцыйны час, складалі харчовая, дрэваапрацоўчая і гарбарная галіны, на долю якіх прыпадала асн. частка агульнага аб’ёму валавой прадукцыі. Сярод галін, што развіваліся найб. дынамічна, былі тарфяная, металаапрацоўчая, электраэнергетыка.
Нэп спрыяў хуткаму росту лёгкай прамысловасці. Яна спажывала большую таварную частку прадукцыі сял. гаспадаркі і забірала залішнюю рабочую сілу. Стаўка рабілася на стымуляванне развіцця дробных і сярэдніх прадпрыемстваў, якія гістарычна пераважалі на Беларусі, што ў хуткім часе дазволіла забяспечваць шырокія слаі насельніцтва харч. і прамысл. таварамі. Паводле перапісу 1923 у гарадах і гар. пасёлках рэспублікі дзейнічала 10 367 прадпрыемстваў, у т. л. 35% дзяржаўных. У 1926 у БССР было 60 178 дробных прамысл. прадпрыемстваў, на якіх працавала 100 725 чал. (з іх прыватных 58 034 з 10 295 наёмнымі работнікамі). Пераважная большасць прадпрыемстваў працавала без наёмных рабочых. У 1926 дробнасаматужная вытворчасць складала 42,1% усёй прамысл. прадукцыі рэспублікі, на яе прадпрыемствах было занята каля 70% рабочых.
Прыватныя прадпрыемствы з самага пачатку былі пастаўлены ў няроўныя ўмовы з дзяржаўнымі, якія мелі цэнтралізаванае забеспячэнне, гарантаваныя дзярж. заказы і закупкі. У горшых умовах знаходзіліся арэндныя прадпрыемствы. Тэрміны арэнды (ад 1 да 6 гадоў), адсутнасць упэўненасці ў заўтрашнім дні не спрыялі распрацоўцы доўгатэрміновай стратэгіі і значным капіталаўкладанням з боку прадпрымальнікаў. Праводзіліся пераважна арэндныя здзелкі, разлічаныя на хуткае ўзбагачэнне без вялікіх затрат, каля 3/4 арэндных дагавораў заключалася толькі на 1 год. Нэпман 1920-х г. аддаваў перавагу рознічнаму, паўаптоваму гандлю, пасрэдніцкай дзейнасці.
Рэалізацыя нэпа накладвала адбітак і на жыццё рабочых: адмянялася абавязковая працоўная павіннасць часоў грамадз. вайны, скасоўваліся абмежаванні па перамене месца працы, у 1923—24 адбыўся пераход на здзельную аплату і выплату заробку грашыма. Тым не менш сярэдняя заработная плата не задавальняла нават самыя сціплыя запатрабаванні. Складанымі былі і жыллёвыя ўмовы рабочых. Павелічэнне кватэрнай платы і камунальных плацяжоў абумовілі фактычную ліквідацыю вынікаў «жыллёвага перадзелу» перыяду «ваеннага камунізму».
Да аграрнай перанаселенасці вёскі, адсутнасці пастаянных заняткаў у значнай часткі гар. і местачковага насельніцтва дадаліся частковы перавод прамысловасці на капіталіст. прынцыпы гаспадарання, закрыццё шэрагу прадпрыемстваў, што выклікала рост беспрацоўя. У 1921 у БССР афіцыйна зарэгістравана 7,8 тыс., у 1924—25,9 тыс. беспрацоўных. З далучэннем Гомельскага і Рэчыцкага пав. (1926) іх колькасць, нягледзячы на аднаўленне прамысловасці, у 1928 дасягнула 64,4 тыс. чал.
Цэнтр. звяном нэпа стала свабода гандлю, дзе і дасягнуты найб. адчувальныя вынікі, звязаныя з паляпшэннем матэрыяльнага становішча людзей. Вял. сетка біржаў і кірмашоў, гандл. прадпрыемстваў звязвалі прамысловасць з рынкам і сялянамі. Існавалі розныя віды гандлю: прыватны, кааператыўны, дзяржаўны. У 1922/23 г. на долю прыватніка прыпадала 90% усіх гандлёвых прадпрыемстваў і 85% тавараабароту. Умацаванне грашовай сістэмы (рэформа 1922—24), стварэнне камерцыйных банкаў, т-ваў узаемнага крэдыту, ашчадных кас спрыялі эканам. росту прыватніка. Адным з паказчыкаў фін. стабілізацыі, даверу да дзяржавы стала хуткае павелічэнне колькасці ўкладчыкаў і памераў укладаў. Аднак становішча прыватніка ўскладнялася высокімі падаткамі і трансп. расходамі, фактычнай немагчымасцю атрымання крэдытаў.
У перыяд станаўлення нэпа краіна перажыла некалькі дысбалансаў прамысл. і с.-г. цэн. Так, у 1922 рынак быў выбіты з раўнавагі дарагоўляй с.-г. прадуктаў і лішкам прамысл. тавараў, у выніку чаго рэзка знізіўся дзярж. прыбытак. У 1923 у сялян была перавытворчасць, а фабрыкі зменшылі выпуск прадукцыі, што пазбавіла сялян прыбытку («нажніцы цэн»), Дзярж. маніпуліраванне крэдытамі дазволіла ліквідаваць крызіс і стабілізаваць сітуацыю. Крызіс збыту ў 1923—24 стаў прычынай наступлення ўлад на нэпманаў. На прыватны гандаль распаўсюджвалася нарміраванне рознічных цэн, за парушэнне якіх гандляроў прыцягвалі да адказнасці.
Лінія на выцясненне прыватнага гандлю запаволіла продаж прамысл. тавараў, што вяло да фін. цяжкасцей у прамысловасці. Кіраўніцтва краіны даволі хутка адрэагавала на крызіс 1925 і прыняло рашэнне аб пераглядзе гасп. планаў. Курс у адносінах да прыватніка быў крыху падкарэкціраваны: лягчэй было атрымаць гандлярам крэдыты ад дзяржавы і тавары ад дзярж. прамысловасці; палепшана забеспячэнне сыравінай; саматужнікам і рамеснікам даваліся льготы.
У 1926 пачалося новае наступленне на нэпманаў. Пастанова ад 26.8.1926 «Аб дзяржаўным рознічным гандлі» прапаноўвала павялічыць долю каап. і дзярж. гандлю за кошт прыватнага. Скарачаўся водпуск тавараў і сыравіны, зніжаліся крэдыты, ліквідоўваліся таварныя біржы, расло падаткаабкладанне, павышалася квартплата для ўладальнікаў гандлёвых і прамысл. прадпрыемстваў. Доля прыватніка ў валавой прамысл. прадукцыі з 1925/26 па 1927/28 гасп.г. зменшылася з 49,2 да 28,6%, а на 1.10.1928 у БССР засталіся толькі 4 прыватныя цэнзавыя прадпрыемствы. У дробнай вытворчасці прыватныя прадпрыемствы яшчэ выпрацоўвалі больш за 3/4 прадукцыі, але аб’ём яе хутка скарачаўся. Толькі за 1927/28 гасп.г. закрыта каля 5 тыс. гандлёвых прадпрыемстваў, крыніцы існавання былі пазбаўлены каля 20 тыс.чал. Меры супраць гандлю адразу ж адбіліся на саматужна-рамеснай прамысловасці, узніклі цяжкасці з набыццём сыравіны і збытам прадукцыі. У 2-й пал. 1920-х г. зноў ствараліся глаўкі па галінах, якія паўтаралі арганізацыю кіравання пры «ваенным камунізме», павялічылася ўмяшанне дзяржавы ў тавараабарот. На 1926/27 гасп.г. прынята новае палажэнне абс.-г. падатку — ён павялічваўся амаль у 2 разы для заможных гаспадарак, ім абмяжоўвалася выдача крэдытаў.
З аднаго боку, нэп садзейнічаў уздыму эканомікі, а з другога — вёў да росту сац. дыферэнцыяцыі. Вострай праблемай гарадоў стала беспрацоўе. Цяжкія матэрыяльныя і жыллёвыя ўмовы, рост бюракратызму, новы віток сац. расслаення грамадства ўзмацнялі негатыўныя настроі. Рабочыя выказвалі незадавальненне высокімі, на іх погляд, акладамі спецыялістаў. Сярод работнікаў парт. і дзярж. апарату, дзе заставалася нямала прыхільнікаў ідэалогіі і метадаў часоў «ваеннага камунізму», зноў стала пераважаць думка пра несумяшчальнасць выкарыстання прыватнага капіталу з задачамі сац. будаўніцтва.
Крызіс 1927—28 у адрозненне ад папярэдняга быў не толькі эканам., але і сац.-палітычным. Нягледзячы на нядрэнны ўраджай, збожжа было нарыхтавана амаль удвая менш, чым у 1926. Для збожжанарыхтовак прыцягнуты органы АДПУ і міліцыі, на вёску камандзіравана вял. колькасць парт. і сав. працаўнікоў з гарадоў. Комплекс надзвычайных мер дазволіў значна павялічыць нарыхтоўкі, аднак рэзка пагоршыліся адносіны часткі сялян да сав. улады. Пастановай Палітбюро ЦКВКП(б) ад 14.2.1929 уведзена картачная сістэма на хлеб, а пазней і на інш. тавары. Карткі выдаваліся толькі працуючым у дзярж. сектары эканомікі і іх утрыманцам. Насельніцтва прамысл. гарадоў і пасёлкаў атрымала перавагу ў параўнанні з жыхарамі неіндустрыяльных гарадоў; працуючыя на індустрыяльных аб’ектах — перад тымі, хто працаваў на другарадных вытворчасцях. Па-за дзярж. сістэмай забеспячэння апынуліся сяляне (каля 80% насельніцтва краіны) і пазбаўленыя паліт. правоў («лішэнцы»). Прамысл. тавары ў вёску завозілі ў значна меншых памерах і ў асноўным у канцы года. Аднак дзярж. забеспячэнне не гарантавала пражытачнага мінімуму нават гар. насельніцтву.
Індустрыялізацыя. У сярэдзіне 1920-х г. Беларусь мела 3,4% насельніцтва СССР, а выпускала ўсяго 1,6% прамысл. прадукцыі. У рэспубліцы пераважалі дрэваапрацоўчая, харчовая і лёгкая галіны прам-сці. Рабочыя, занятыя ў саматужна-рамеснай прам-сці, складалі амаль 3/4 рабочых рэспублікі. Удзельная вага інжынераў і тэхнікаў складала менш за 2% агульнай колькасці занятых. Умовы, у якіх знаходзілася рэспубліка, дыктавалі неабходнасць больш інтэнсіўнага прамысл. развіцця.
Курс на індустрыялізацыю ўзяты на XIV з’ездзе ВКП(б) і X з’ездзе КП(б)Б (снеж. 1925). У сав. мадэлі індустрыялізацыі акцэнт рабіўся на развіццё перадавых на той перыяд галін, матэрыяльнай асновы ваен.-прамысл. комплексу. Аднак з сярэдзіны 1920-х г. і да канца 1-й пяцігодкі ў БССРасн. ўвага аддавалася развіццю лёгкай і харч. прамысловасці, што было абумоўлена дастатковымі запасамі мясц. сыравіны, кадрамі, традыцыямі. Асн. сродкі накіроўваліся ў паліўную, дрэваапрацоўчую, папяровую, гарбарную і харч. галіны, бо развіццё іх патрабавала менш выдаткаў і часу. Частка капіталаўкладанняў накіравана на развіццё энергетыкі, машынабудаўнічай прам-сці і на вытворчасць буд. матэрыялаў.
Курс на індустрыялізацыю патрабаваў велізарных капіталаўкладанняў, пераразмеркавання сродкаў на карысць прамысловасці, тым больш, што грашовая эмісія звяла да нуля станоўчыя вынікі грашовай рэформы. З паскарэннем індустрыялізацыі ў канцы 1920-х г. адбывалася перапампоўванне сродкаў з агр. сектара ў прамысловы. Былі зведзены да мінімуму невытворчыя расходы, выкарыстоўваліся працоўны энтузіязм народа, «добраахвотна-прымусовыя» пазыкі ў працоўных.
З 1928 эканоміка і культура БССР развіваліся ў адпаведнасці з 5-гадовымі перспектыўнымі планамі. За гады 1-й пяцігодкі ў рэспубліцы пабудавана 78 буйных, 480 дробных і сярэдніх прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. швейныя ф-кі «Сцяг індустрыялізацыі» (Віцебск), імя Камінтэрна (Гомель), імя Валадарскага (Магілёў), імя Дзяржынскага (Бабруйск), панчошна-трыкатажная ф-ка імя КІМ (Віцебск), Магілёўская ф-ка штучнага валакна, «Гомсельмаш», найбуйнейшая ў рэспубліцы электрастанцыя БелДРЭС і інш. Прадукцыя металаапрацоўчай галіны вырасла ў 3,8, харчовай — у 4,7, гарбарна-абутковай — у 6, швейнай — амаль у 13 разоў. На Беларусі былі створаны паліўная, машынабудаўнічая, хімічная галіны прам-сці, наладжана вытв-сць штучнага валакна, трыкатажу. У 1932 у рэспубліцы выпушчана 1500 металарэзных станкоў і больш за 13 тыс. розных с.-г. машын. Аднак планавыя паказчыкі пяцігодкі не былі выкананы. Аб’ём прамысл. вытворчасці БССР за пяцігодку павялічыўся ў 2,7 раза замест планавых 3,7 раза, план капітальнага буд-ва выкананы на 68,1%.
Да пач. 1930 ліквідавана беспрацоўе ў гарадах, аднак у выніку перазаключэння калектыўных дагавораў, тарыфнай рэформы, перагляду норм выпрацоўкі павялічылася ўраўнілаўка, што выклікала незадавальненне рабочых, якое парт.-дзярж. кіраўніцтва накіроўвала супраць «буржуазных» кадраў.
Каб стрымаць падзенне жыццёвага ўзроўню рабочых, яшчэ з пач. 1920-х г. пры фабрыках і заводах ствараліся сельскія дапаможныя гаспадаркі, сетка рабочых кааператываў і аддзелаў рабочага забеспячэння, якія ў пач. 1934 ахоплівалі больш за 100 тыс. рабочых і служачых. У 1934 дапаможныя гаспадаркі прадпрыемстваў рэспублікі мелі 27 тыс.га зямлі, пад калектыўнымі агародамі — каля 8 тыс.га; з агульнай колькасці рабочых сем’яў прамысл. гарадоў 22% мелі індывідуальныя ўчасткі, плошча якіх складала 6,9 тыс.га.
У 1931 — сярэдзіне 1932 эканам. палітыка была ўдасканалена. Пачала выкараняцца ўраўнілаўка на вытворчасці, уводзіўся гасп. разлік, разгортваўся калгасны гандаль. У канцы 1932 уведзены кантроль за фондам заработнай платы і дысцыплінай на прадпрыемствах, пашпартная сістэма ў гарадах прыгранічных раёнах.
Лістападаўскі пленум (1934) ВКП(б) прыняў рашэнне аб адмене ў СССР з 1.1.1935 картачнай сістэмы на хлеб. Неўзабаве былі адменены карткі на мясныя і рыбныя прадукты, тлушч, цукар і бульбу, на прамысл. тавары. Аднак праблема не была вырашана. З-за недахопу харчовых і спажывецкіх тавараў у гарадах выстройваліся вял. чэргі.
Пастановай ЦКВКП(б) і СНКСССР з 25.7.1936 устаноўлены нормы водпуску тавараў у адны рукі. Сітуацыя з таварным дэфіцытам асабліва абвастрылася ў канцы 1930-х г. У Гомелі, Віцебску, Барысаве і інш. месцах хлеб прадавалі па спісах.
У гады 2-й і 3-й пяцігодак прамысловасць рэспублікі развівалася дастаткова высокімі тэмпамі. Аб’ём валавой прадукцыі за 1932—37 вырас амаль у 1,9 раза. Пабудаваны такія буйныя прадпрыемствы, як Аршанскі льнокамбінат, Крычаўскі цэментны, Гомельскі шкляны, Магілёўскі аўтарамонтны з-ды, 2-я чарга БелДРЭС і інш. Аднак другі 5-гадовы план быў выкананы на 77%.
Значную ролю ў вытворчасці прадметаў спажывання ў 1930-я г. працягвалі адыгрываць саматужнікі, хаця колькасць іх хутка скарачалася: у 1926 іх налічвалася 89 066, у 193 5 — толькі 6385.
У сувязі з пагаршэннем міжнар. становішча ў канцы 1930 — пач. 1940-х г. былі прыняты новыя законы ў прам-сці і сельскай гаспадарцы, якія прадугледжвалі больш цяжкія меры пакарання за парушэнне прац. дысцыпліны. Адноўлены 8-гадзінны прац. дзень і 7-дзённы прац. тыдзень.
Да канца 1930-х г.БССР ператварылася з аграрнай краіны ў аграрна-індустрыяльную. У 1929—40 у рэспубліцы ўведзены ў дзеянне і рэканструяваны 1863 прадпрыемствы, якія выпускалі 90% прадукцыі. Беларусь вывозіла ў значных памерах прамысл. прадукцыю ў інш. раёны СССР. Змянілася і сац. структура насельніцтва. У адпаведнасці з перапісам насельніцтва 1939 доля рабочых у складзе насельніцтва дасягнула 21,9%, доля інтэлігенцыі — 14,5%. На аснове індустрыялізацыі фактычна быў ліквідаваны сац. пласт дробных прадпрымальнікаў, гандляроў, рамеснікаў і інш. прадстаўнікоў прыватнай сферы.
Калектывізацыя. У канцы 1920-х г. рост с.-г. вытворчасці стаў запавольвацца. Узнікла ідэя вырашыць збожжавую праблему на базе калгасаў і саўгасаў, тым больш, што ў 1928 паказчыкі іх вытв-сці былі больш высокія, чым у аднаасобным сектары.
Першыя калектыўныя гаспадаркі ва ўсх. Беларусі з’явіліся ў канцы 1917 — пач. 1918. Аднак у гады нэпа цікавасць да калектыўных форм гаспадарання знізілася. У 1927 на тэр.БССР існавала 416 калгасаў, створаных у асноўным на памешчыцкіх і царкоўных землях. Сярод іх членаў пераважалі беззямельныя сяляне і батракі, колькасць сялян, што ўступалі ў калгасы са сваімі зямельнымі надзеламі, не перавышала 1/5. Адначасова ствараліся саўгасы, у 1925 у БССР іх было 154.
Пытанне аб калектывізацыі сельскай гаспадаркі як асноўнай задачы на вёсцы пастаўлена на XV з’ездзе ВКП(б) (снеж. 1927). Нягледзячы на шырокую агітацыю за стварэнне калгасаў, адм. меры да неплацельшчыкаў падаткаў і ўкрывальнікаў збожжа, рост падаткаў у адносінах да заможных сялян, матэрыяльную і фін. дапамогу калектыўным гаспадаркам, стварэнне новых калгасаў і ўступленне ў іх аднаасобнікаў у 1928—1-й пал. 1929 не набыло шырокіх памераў. Колькасць калгасаў за гэты час у БССР павялічылася з 611 да 1543, а сялян у іх — з 8 да 12,9 тыс.чал. (удзельная вага калектывізаваных гаспадарак — каля 1,5%). Сярод членаў калгасаў бяднейшыя сяляне складалі каля 69%, сераднякі — 31%.
У ліст. 1929 узяты курс на фарсіраваную калектывізацыю. Наркамзем БССР быў падвергнуты крытыцы за адсутнасць дакладнай лініі ў правядзенні калектывізацыі, забаронены хутарская і дробнапасялковая формы землекарыстання. У абставінах гонкі тэмпаў калектывізацыі, нарастаючага націску зверху, разгарнулася «спаборніцтва» мясц. арг-цый за хутчэйшае правядзенне калектывізацыі. Да пач. 1930 працэнт калектывізацыі ў БССР узняўся да 20,9% (165,3 тыс.сял. гаспадарак). Да 1.3.1930 у БССР у калгасах лічылася 58% сял. гаспадарак. 10.2.1930 ЦККП(б)Б накіраваў у ЦКВКП(б) дакладную запіску з прапановаю прызнаць БССР рэспублікай суцэльнай калектывізацыі. Празмерна хуткае стварэнне велізарнай колькасці калгасаў пры адсутнасці вопыту іх вядзення, недахопе кадраў сельскіх кіраўнікоў, спецыялістаў і тэхнікі выклікалі дэзарганізацыю ў сельскай гаспадарцы. Рэакцыяй сялян на фарсіраванне тэмпаў калектывізацыі і прымусовае абагульненне сродкаў вытворчасці стаў масавы забой жывёлы (да мая 1930 пагалоўе коней і буйн. раг. жывёлы скарацілася больш чым на чвэрць).
У студз. 1930 усім акругкомам і райкомам КП(б)Б разасланы цыркуляр «Аб ліквідацыі кулацтва як класа», паводле якога «прыём кулакоў у члены ўсіх відаў кааперацыі» забараняўся. Дырэктывамі цэнтр. органаў кіравання, прынятымі ў студз.—лют. 1930, колькасць раскулачаных па раёнах вызначалася ў 3—5‰ усіх сял. двароў, а па рэспубліцы ў цэлым — 4,2% (34 тыс.), што было значна больш за рэальную колькасць заможных гаспадарак (каля 2%). У раскулачаныя траплялі сераднякі і беднякі, якія не жадалі ўступаць у калгасы. Паводле афіц. звестак да канца мая 1930 у БССР раскулачана 15 629 кулацкіх гаспадарак. Выяўленне і высяленне кулакоў праводзілі органы дзярж. бяспекі, мясц. органы ўлады і іх актыў. Раскулачванне нярэдка мела характар не толькі экспрапрыяцыі іх асн. сродкаў вытворчасці, але і канфіскацыі ўсёй маёмасці, уключаючы прадметы асабістага ўжытку.
Задачам стымулявання суцэльнай калектывізацыі была падпарадкавана і падатковая палітыка краіны. Пастановай ЦВК і СНКСССР аб адзіным с.-г. падатку ад 23.2.1930 устанаўліваліся 3 сістэмы абкладання: калгасаў і калгаснікаў, аднаасобных гаспадарак, кулацкіх гаспадарак. Для першых быў вызначаны прынцып прапарцыянальнага абкладання даходаў, аднаасобныя і кулацкія гаспадаркі абкладаліся падаткам у індывідуальным парадку па спец. прагрэсіўнай шкале. Акрамя с.-г. падатку апошнія павінны былі плаціць яшчэ самаабкладанне і т.зв. культзбор. Кулацкія гаспадаркі, якія не выконвалі ўстаноўленыя для іх сельсаветам нормы цвёрдага задання ў належны тэрмін, падлягалі адказнасці ў крымінальным парадку. Калектывізацыя і раскулачванне выклікалі незадавальненне і супраціўленне сял. мас. Толькі за 3 першыя месяцы 1930 у рэспубліцы зарэгістравана каля 520, за 1-ю пал. 1931 — не менш як 1169 выступленняў супраць калектывізацыі.
Усю віну за «перагібы» ў правядзенні калектывізацыі І.В.Сталін усклаў на мясц. работнікаў (арт. «Галавакружэнне ад поспехаў», газ. «Правда» ад 2.3.1930). Рэзалюцыя Бюро ЦККП(б)Б ад 17.4.1930 «Аб барацьбе з перагібамі ў калгасным руху» адзначала небальшавіцкі падыход да серадняка, указвала, што асобныя члены партыі даходзілі да грубага прымусу, дапускалі арышты тых, хто не жадаў уступаць у калгас, а раскулачванне ў шэрагу выпадкаў закранала серадняка. Сяляне ўспрынялі гэта як змену курсу і пачалі выходзіць з калгасаў. Да мая 1930 працэнт калектывізацыі знізіўся да 11%.
Студзеньскі (1931) пленум ЦККП(б)Б зноў адзначыў неабходнасць павышэння тэмпаў калектывізацыі. Да 1.1.1932 яе працэнт падняўся да 50,4% агульнай колькасці сял. гаспадарак. Вясной 1932 была зроблена спроба стварыць матэр. стымулы для працаўнікоў сельскай гаспадаркі шляхам увядзення здзельнай аплаты працы. У пастанове ЦКВКП(б) ад 14.3.1932 асуджалася прымусовае абагульненне жывёлы калгасамі, больш таго, паводле яе калгасы павінны былі памагаць бескароўным калгаснікам у набыцці кароў.
Паводле пастановы СНКСССР і ЦКВКП(б) ад 6 і 10.5.1932 дазваляўся гандаль па цэнах, што складваліся на рынку, даходы калгасаў і калгаснікаў ад продажу на рынку прадукцыі ўласнай вытворчасці не абкладаліся падаткам, а з аднаасобніка бралася не больш за 30%. Аднак гандаль дазваляўся толькі пасля выканання дзярж. плана, стварэння насеннага і інш. фондаў. Статут с.-г. арцелі 1930 дазваляў калгасніку мець невял. асабістую дапаможную гаспадарку, хоць не вызначаў яе памеры і ўмовы функцыянавання. У выніку сяляне самавольна пашыралі ўчасткі і вялі на іх дробнатаварную гаспадарку. У сак. 1933 ЦКВКП(б) указаў кіраўнічым органам Беларусі на недапушчальнасць такога становішча, і СНКБССР прыняў пастанову, паводле якой участак не павінен быў перавышаць 0,5 га і мог засявацца толькі агароднымі культурамі ці ранняй бульбай.
Паводле закону ад 7.8.1932 «Аб ахове маёмасці дзяржаўных прадпрыемстваў, калгасаў і кааперацыі і ўмацаванні грамадскай (сацыялістычнай) уласнасці» (празваны ў народзе закон «Аб пяці каласках») за крадзеж калгаснай і кааператыўнай маёмасці прызначаўся расстрэл, а пры змякчальных абставінах — зняволенне не менш як на 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасці, без права на амністыю. Паводле гэтага закона ў БССР на працягу 1933—34 асуджана больш за 10 тыс.чал. У канцы 1932 органам ДПУ і судовым органам загадвалася ўзмацніць работу па спагнанні цвёрдых заданняў з заможных і кулакоў. Камуністы, якія не забяспечылі выкананне норм збожжанарыхтовак, аб’яўляліся памагатымі кулакоў і падлягалі дэпартацыі разам з імі або турэмнаму зняволенню на 5—10 гадоў, нават расстрэлу. Калгасы, прызнаныя сабатажнікамі, заносіліся на «чорную дошку». У такія калгасы спыняўся завоз тавараў, забараняліся кааператыўны і калгасны гандаль, крэдытаванне, датэрмінова спаганяліся крэдыты, зачыняліся ўсе млынавыя прадпрыемствы.
Вынікам калектывізацыі і неабгрунтаванай эканам. палітыкі стаў масавы голад у СССР у 1932—33. У БССР ад голаду загінула некалькі тысяч чалавек (найбольш на Палессі).
Адной з мэт законаў аб абавязковых пастаўках дзяржаве збожжа, сланечніку, бульбы і жывёлы калгасамі і аднаасобнікамі (1933), аб закупках збожжа спажывецкай кааперацыяй (1934) было павышэнне зацікаўленасці калгаснікаў і аднаасобнікаў у вытворчасці с.-г. прадукцыі, стварэнне больш спрыяльных умоў для росту ўраджайнасці і развіцця калгаснага гандлю. Збожжа, якое заставалася пасля выканання абавязковых паставак (а для калгасаў — і натуральнай платы МТС) пакідалася ў распараджэнні вытворцаў. Паводле пастановы СНКСССР і ЦКВКП(б) ад 19.1.1934 закупкі збожжа ў насельніцтва праводзіліся толькі на аснове добраахвотнасці. Аднак дырэктывай ад 31.8.1934 калгасы, якія выканалі планы збожжанарыхтовак і натураплаты, абавязваліся да размеркавання даходаў па працаднях ствараць фонды для выканання плана дзярж. закупак.
У калгасах былі створаны паліт. аддзелы пры МТС, якія былі арыентаваны на правядзенне ў вёсцы надзвычайных мер. Сельсаветам і нават райкомам партыі было прадпісана выконваць задачы, пастаўленыя перад імі палітаддзеламі. У 1933—34 у БССР створаны 72 палітаддзелы. Паводле дырэктывы пленума ЦК і ЦККВКП(б) (студз. 1933) яны кантралявалі кадры калгасаў і МТС.
З мая 1932 да мая 1933 з рэспублікі выслана 35 тыс. сялянскіх сем’яў, на працягу 1933 у калгасах «выкрыта» і выключана 2700 «кулакоў-шкоднікаў», за «варожую» дзейнасць зняты 1544 работнікі. З агульнай колькасці рэпрэсіраваных і высланых за гэты час каля 10 тыс. складалі т.зв. сацыяльна чужыя і контррэвалюцыйныя элементы, каля 2,5 тыс. былыя калгаснікі. У такіх умовах з 1.1.1933 па 10.9.1934 зарэгістравана 1163 тэрарыстычныя акты на вёсцы, у т. л. 117 забойстваў актывістаў і 861 падпал калгасных двароў. З 2-й пал. 1934 узмацніліся тэмпы калектывізацыі: у студз. 1935 яе працэнт склаў 72,6%, у канцы года — 85,6%. Збожжапастаўкі 1934 былі выкананы, што дазволіла ўладам паставіць пытанне пра адмену картачнай сістэмы забеспячэння гараджан.
У сярэдзіне 1930-х г. частка аднаасобных сялян стала на шлях прадпрымальніцтва, павысіла прадукцыйнасць сваіх зямельных надзелаў, мела дапаможны заробак (праца на лесараспрацоўках, саматужны промысел, рамізніцтва і г.д.) і выконвала ўсе дзярж. павіннасці. У 1934—35 стаўкі падатку для аднаасобных гаспадарак зноў перагледжаны. З 1935 дадатковаму абкладанню падлягалі і калгаснікі, якія мелі пастаянныя даходы ад саматужных промыслаў.
У адпаведнасці з прыкладным статутам с.-г. арцелі, прынятым на 2-м Усесаюзным з’ездзе калгаснікаў-ударнікаў (люты 1935), калгаснікі атрымалі пэўную юрыдычную гарантыю ад дзяржавы на вядзенне прысядзібнай гаспадаркі. У залежнасці ад рэгіёна калгасніку дазвалялася мець ад 0,25 да 0,5 га прысядзібнай зямлі і 1—3 каровы, неабмежаваную колькасць дробнай жывёлы і птушкі. Надзелы адыгрывалі важную ролю ў валавой вытворчасці жывёлагадоўлі і гародніны, а да канца 2-й пяцігодкі значна апярэдзілі калгасы і па колькасных і па якасных паказчыках. У 1938 яны займалі 3,8% усіх плошчаў, а давалі 45% усёй с.-г. прадукцыі. Статут замацаваў прынцып размеркавання калгаснай прадукцыі па працаднях, былі палегчаны ўмовы прыёму ў калектыўныя гаспадаркі.
У 1939 у калгасах уведзены пэўны мінімум працадзён (для БССР 80), што фактычна рабіла дысцыпліну ў калгасах больш жорсткай. Рэкамендавалася скараціць прысядзібныя надзелы калгаснікаў, уводзіўся дадатковы падатак на сял. сады; калгаснікам забаранілі касіць для сваіх кароў сена на калгасных лугах; павялічаны нормы паставак збожжа і мяса. У выніку натуральная аплата працадзён была зніжана без грашовай кампенсацыі.
Завяршэнню калектывізацыі на Беларусі перашкаджала хутарская сістэма землекарыстання, таму быў узяты курс на ліквідацыю апошніх хутарскіх гаспадарак. За 2 даваенныя гады пераселена або зусім ліквідавана 192 тыс. хутароў. У 1920—30-я г. ў БССР рэпрэсіравана і выслана за межы рэспублікі больш за 250 тыс. сялян.
З далучэннем да БССР у вер. 1939 Зах. Беларусі парт.-сав. ўлады прынялі меры па правядзенні там калектывізацыі. Да чэрв. 1941 на тэр.зах. абласцей Беларусі арганізавана 1115 калгасаў, якія аб’ядноўвалі 49 тыс.сял. двароў (6,7% агульнай іх колькасці). У той час калгасам належала 7,8% усёй зямлі. На землях памешчыцкіх маёнткаў ствараліся саўгасы (у 1-й пал. 1940 іх арганізавана 28). Адначасова з калектывізацыяй праводзілася абрэзка зямель т.зв. кулацкіх гаспадарак, высылка асаднікаў і інш.
Да пачатку Вял.Айч. вайны ступень абагуленасці гаспадарак ва ўсх. Беларусі дасягнула 93,4%, а па пасяўной плошчы — 96,2%. У 1932—40 сярэдні памер с.-г. арцелі павялічыўся з 36 двароў да 75, пасяўная плошча — з 215 да 367 га. Прыкладна такімі ж былі і саўгасы. Да 1941 у БССР іх было 132 і яны валодалі 0,9% усёй плошчы с.-г. угоддзяў. У 1940 ва ўсх. абласцях БССР было 236 МТС, трактарны парк складаў 9,7 тыс. машын. Калектывізацыя прывяла да карэнных змен у арганізацыі с.-г. працы, сацыяльна-бытавых і грамадска-культурных адносін на вёсцы.
Грамадска-палітычнае жыццё Беларусі. Паводле рашэння II Усебеларускага з’езда Саветаў (1920) вышэйшым органам дзярж. улады ў БССР з’яўляўся з’езд Саветаў Беларусі, а ў перыяд паміж з’ездамі — ЦВК і яго Прэзідыум. Старшыня ЦВК адначасова прызначаўся і старшынёй Савета Народных Камісараў (да 1924). 2-я сесія ЦВКБССР (5.2.1921) зацвердзіла палажэнне аб Савеце Народных Камісараў, паводле якога яму належала права выдаваць «дэкрэты, распараджэнні, інструкцыі і ўвогуле прымаць усе меры, неабходныя для правільнага і хуткага цячэння дзяржаўнага жыцця». Для кіраўніцтва рознымі галінамі нар. гаспадаркі і культуры прадугледжвалася ўтварэнне 15 нар. камісарыятаў. Утварэнне СССР і прыняцце Канстытуцыі СССР 1924 выклікала неабходнасць змен і ў канстытуцыйным заканадаўстве БССР, што вырашыў VI Усебел. (Надзвычайны) з’езд Саветаў (сак. 1924). VIII Усебел. з’езд Саветаў (11.4.1927) зацвердзіў Канстытуцыю БССР 1927, у якой пацвярджалася, што БССР «ёсць сацыялістычная дзяржава дыктатуры пралетарыяту», а носьбіт вярхоўнай улады — Усебеларускі з’езд Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Фактычна ж адбывалася зліццё парт. і савецкага дзярж. апаратаў (дзярж. кіраўнікі ўваходзілі ў склад парт. органаў, а парт. кіраўнікі ў склад дзярж. савецкіх устаноў). Паводле Канстытуцыі БССР 1937 замест з’езда Саветаў і выбранага ім ЦВК і яго Прэзідыума вышэйшым органам улады з’яўляўся Вярхоўны Савет БССР і Прэзідыум Вярхоўнага Савета. БССР абвяшчалася сацыяліст. дзяржавай рабочых і сялян, паліт. аснову якой складаюць Саветы дэпутатаў працоўных, а эканам. аснову — сацыяліст. сістэма гаспадаркі і сацыяліст. ўласнасць на прылады і сродкі вытворчасці. Усе найважнейшыя пытанні дзярж. жыцця адносіліся да кампетэнцыі саюзных органаў.
Адзінай кіруючай і накіроўваючай сілай была Камуністычная партыя. X з’езд РКП(б) (8—16.3.1921) прыняў спец. рэзалюцыю «Аб адзінстве партыі», паводле якой фракцыі ў РКП(б) былі забаронены. Пачаліся ліквідацыі апазіцыйных партый, увядзенне цэнзуры і інш. У 1921 арыштавана 860 актыўных членаў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р), у чэрв. 1924 адбыўся яе самароспуск. У 1921 самаліквідаваўся Бунд, распалася Яўрэйская камуніст. партыя. Напачатку ўдзельнікі небальшавіцкіх партый і рухаў маглі адмовіцца ад сваіх паліт. поглядаў, уступіць у кампартыю і працаваць у розных установах і ведамствах. Да сярэдзіны 1920-х г. у СССР сфарміравалася аднапартыйная сістэма. Крайні цэнтралізм улады і кіравання прывёў да разрастання апарата. Камуніст. партыя таксама падвяргалася перыядычным праверкам наяўнага складу членаў і «чысткам», вялася барацьба з апазіцыямі ўнутры партыі. У 1921 колькасць выключаных з КП(б)Б дасягнула амаль 20%, у 1924—4,2%, у 1929—3717 чалавек.
У 1920-я г. з’явіліся законы па забеспячэнні свабод і правоў грамадзян, ствараліся кодэксы, у т. л. грамадзянскі, працоўны і крымінальны; пашыраліся выбарчыя правы, праводзілася судовая рэформа, фарміравалася адвакатура і пракуратура. ВЧК была рэарганізавана ў АДПУ з ранейшымі функцыямі. У кастр. 1922 ДПУ зноў дазволена выкарыстанне пазасудовых рэпрэсій.
Большасць новых палажэнняў і законаў адлюстроўвалі класавы і парт. прынцыпы. Прадстаўнікі рабочага класа прыцягваліся ў выбарныя дзярж. і парт. органы, прафесійныя, камсамольскія і інш. грамадскія арг-цыі, карысталіся прывілеямі пры ўступленні ў бальшавіцкую партыю. Сяляне выбіралі ў Саветы ўсіх узроўняў сваіх прадстаўнікоў у параўнанні з рабочымі па квоце 1:5. Усеагульнае, роўнае і прамое выбарчае права пры тайным галасаванні ўпершыню абвешчана ў Канстытуцыі БССР 1937.
У 1920-я г. пэўная частка асоб была выключана з паліт. і грамадскага жыцця — т.зв. «лішэнцы» (выхадцы з былых прывілеяваных саслоўяў, гандляры, святары, царскія супрацоўнікі праваахоўных органаў, дзеці прадстаўнікоў гэтых пластоў грамадства і г.д.). Яны не мелі права не толькі выбіраць і быць выбранымі, але займаць дзярж. ці грамадскія выбарныя пасады, быць членамі прафсаюза, атрымліваць дапамогу па беспрацоўі і г.д.
Рэчаіснасцю сав. жыцця была вял. колькасць урачыстасцей, састаўной часткай якіх былі шматтысячныя дэманстрацыі, парады, мітынгі і інш. Да ранейшых 12 рэлігійных (выключаны з календара ў 1930) дадаліся шматлікія новыя святы і памятныя даты: 1 мая, гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, Парыжскай камуны, Міжнар. юнацкі дзень, Міжнар. дзень жанчын, дэманстрацыі ў падтрымку сав. улады, бягучых рэв. падзей у Еўропе і г.д. Вуліцам, прадпрыемствам, навуч. установам даваліся новыя назвы. Гербы і старыя эмблемы саступалі месца сав. сімволіцы, здымаліся манархічныя помнікі, адкрываліся новыя ў памяць рэвалюцыянераў.
У пач. 1920-х г. у БССР сталі з яўляцца розныя культ.-асв. т-вы і суполкі, грамадскія аб’яднанні навук., творчага і прафес. кірунку: эканамічныя, гісторыі і старажытнасцей, бібліяфілаў, мед., пед. т-вы, літ. арг-цыі; прафес. аб’яднанні мелі юрысты, музычныя працаўнікі, мастакі, зубныя ўрачы і інш. Акрамя таго, працавалі рэліг. абшчыны, дзейнічалі мусульманскае дабрачыннае т-ва, яўр.гар.к-т і інш.
У пачатку нэпа была дазволена свабода друку (дзейнічалі прыватныя выдавецтвы і выданні), аднак паводле парт. і ўрадавых пастаноў 1922—23 уводзілася цэнзура практычна ўсіх друкаваных выданняў, пад кантроль дзяржавы пастаўлены грамадскія аб’яднанні. Дазвол на існаванне атрымлівалі аб’яднанні, якія ставілі за мэту ўдзел у сацыяліст. будаўніцтве, найб. буйныя з іх узначальвалі вядомыя парт. і дзярж. дзеячы. Членства ў іх паступова з добраахвотнага станавілася абавязковым.
З 1924 афіц. палітыкай нац.-дзярж. і культ. будаўніцтва ў БССР стала беларусізацыя. Першыя крокі ў яе ажыццяўленні зроблены ў 1919—20 (дзяржаўнасць бел. мовы, стварэнне бел. школ). У КП(б)Б улілося шмат дзеячаў нац.-вызв. руху, многія з якіх пазней увайшлі ў склад вышэйшых парт. і дзярж. органаў БССР і сталі ініцыятарамі беларусізацыі (А.Р.Чарвякоў, З.Х.Жылуновіч, У.М.Ігнатоўскі, А.Л.Бурбіс, А.В.Баліцкі). Яе правядзенню спрыялі і рашэнні ВКП(б) па нац. палітыцы пач. 1920-х г. Наркаматы БССР пераводзілі справаводства на бел. мову, для падрыхтоўкі кадраў стваралася шырокая сетка курсаў беларусазнаўства. У 1921 пацверджаны дэкрэт урада Літ.-Бел. ССР (1919) пра раўнапраўе ў якасці дзяржаўных бел., рус., яўр. (ідыш) і польскай моў. У 1921 адкрыты БДУ, у 1922 — Ін-тбел. культуры, на базе якога ў 1929 створана Бел. акадэмія навук. Аб’яўленая ў ліп. 1923 ЦВКСССР і ЦВКБССР амністыя ўдзельнікам антысавецкіх нац. арг-цый і фарміраванняў, бел.паліт. і культ. дзеячам, членам бел.нац. урадаў і бел. партый, якія не прымалі актыўнага ўдзелу ва ўзбр. барацьбе супраць сав. улады і заявілі аб лаяльных да яе адносінах, дала ім магчымасць далучыцца да нац.-культ. будаўніцтва. 2-я сесія ЦВКБССР (15.7.1924) спец. пастановай «Аб практычных мерапрыемствах па правядзенні нацыянальнай палітыкі» ўзняла беларусізацыю на дзярж. ўзровень. Побач з вывучэннем гісторыі, культуры, нац. і эканам. асаблівасцей Беларусі ажыццяўляўся перавод працы навучальна-выхаваўчых, навуковых і адм. устаноў на бел. мову. Калі ў 1925 у рэсп. установах бел. мовай валодала толькі 22% супрацоўнікаў, а ў акруговых і раённых — 36%, то ў 1926 — адпаведна 54% і 42%, а ў 1927—80% і 70%. Адным з кірункаў нац. палітыкі была т.зв. каранізацыя, згодна з якой на партыйную, сав. і грамадскую работу вылучаліся кадры з карэннага насельніцтва. З сярэдзіны 1920-х г. пачаўся даволі паспяховы перавод навучання ва ўсіх тыпах устаноў на родныя мовы навучэнцаў. Бел. мова стала абавязковым прадметам выкладання ў рус., яўр., польскіх і інш.нац. школах рэспублікі. На ўсіх дзярж. мовах выдаваліся газеты, часопісы, л-ра.
У святле гэтых падзей Берлінская канферэнцыя Рады БНР (кастр. 1925) аб’явіла аб роспуску сваіх паліт. цэнтраў і спыненні барацьбы з сав. уладай і прызнала БССР месцам кансалідацыі бел. народа. Важнай паліт. падзеяй у жыцці БССР стала Акадэмічная канферэнцыя па рэформе бел. правапісу ў Мінску (ліст. 1926) — першае міжнар.навук. мерапрыемства па беларусазнаўстве. У ёй удзельнічалі супрацоўнікі навук. і навуч. устаноў БССР, грамадскія дзеячы, вядомыя вучоныя Літвы, Латвіі, Германіі, Польшчы, Украіны і Расіі, прадстаўнікі бел. культуры, якія знаходзіліся за межамі БССР (В.Ластоўскі, К.Езавітаў, А.Галавінскі, У.Жылка, У.Пігулеўскі). Некаторыя з іх таксама прызналі Мінск адзіным цэнтрам нац.-культ. развіцця Беларусі і засталіся тут працаваць.
Згортванне нэпа суправаджалася адступленнямі ад праведзеных рэформ і ў паліт. сістэме. Ліберальная інструкцыя 1925 па выбарах у Саветы ў ліп. 1926 адменена, новыя інструкцыі зноў значна пашыралі катэгорыі асоб, пазбаўленых выбарчых правоў. У 2-й пал. 1920-х г. узмоцнены кантроль Саветаў над сходамі сялян, у якіх маглі ўдзельнічаць толькі тыя, хто меў выбарчыя правы. Узмацняўся кантроль партыі за дзейнасцю Саветаў. Спісы кандыдатаў у Саветы складаліся парт. арг-цыямі і ўзгадняліся ў райкомах партыі. Скліканню кожнага з’езда Саветаў БССР ці сесіі ЦВК папярэднічалі пленумы ЦККП(б)Б, якія вызначалі парадак дня і прымалі на ім праекты рашэнняў. Такі ж парадак устанаўліваўся і ў адносінах мясц. Саветаў. Функцыі Саветаў абмяжоўваліся гасп. і культ.-арганізац. пытаннямі. Камсамол і прафсаюзы таксама дзейнічалі пад парт. кантролем, узмацнілася цэнзура. У канцы 1920-х г. адмаўленне ад удзелу ў выбарах ужо разглядалася як негатыўныя адносіны да партыі і сав. улады.
З сярэдзіны 1920-х г. узмацніўся кантроль за паліт. паводзінамі грамадзян. Да паліт. злачынства прыраўноўвалася не толькі антысав. дзеянне, але і яго тэарэт. магчымасць. У пач. 1930-х г. значна павялічыўся рэпрэсіўны апарат, утвораны пазасудовы орган — асобая нарада замест судовай калегіі АДПУ.
З канца 1920-х г. пачалася барацьба з т.зв. бел. нацыянал-дэмакратызмам, які разглядаўся як антысавецкая плынь. Рэпрэсіраваны ўдзельнікі бел.нац. руху 1917—24, якія засталіся жыць на тэр.СССР. Пачатак гэтаму пакладзены дзейнасцю ў БССР у маі—чэрв. 1929 камісіі ЦКВКП(б) на чале з У.П.Затонскім па абследаванні практыкі правядзення нац. палітыкі. Вынікам дзейнасці камісіі стала т.зв. справа «Саюз вызвалення Беларусі» (СВБ): арыштаваны 108 прадстаўнікоў бел. інтэлігенцыі, у т. л. акадэмікі Бел.АН В.Ю.Ластоўскі, Я.Ю.Лёсік, С.М.Некрашэвіч, прафесары А.А.Смоліч і У.І.Пічэта, наркомы земляробства (Дз.Ф.Прышчэпаў) і асветы (А.В.Баліцкі), пісьменнікі М.Гарэцкі, У.Дубоўка, Я.Пушча. Пасля закрытага кастр. (1930) пленума ЦККП(б)Б, які ўхваліў дзеянні АДПУ і прапановы бюро ЦК, арыштаваныя па абвінавачванні ў прыналежнасці да «СВБ» былі засуджаны на розныя тэрміны зняволення або высланы за межы БССР. Адначасова паводле рашэнняў пленума пачалася чыстка партыі ад т.зв. нацыянал-ухілістаў, найперш у яе кіруючых звёнах. Усё гэта прывяло да згортвання палітыкі беларусізацыі.
У 1931 супрацоўнікі АДПУ правялі аперацыю супраць «контррэвалюцыйных шкодніцкіх арганізацый»: «Беларускі філіял працоўнай сялянскай партыі» (БФПСП), «Беларускі філіял меншавікоў», «Беларускі філіял прампартыі». Іх ячэйкі «выяўлены» ў Дзяржплане БССР, ВСНГБССР, ЦСУ, Наркамземе, Наркамаце забеспячэння, Белсельсаюзе, Белкалгасцэнтры, Белсельтрэсце, Белсельбанку, НДІ сельскай і лясной гаспадаркі, Белбудаб’яднанні, Белметалаб’яднанні, Белскураб’яднанні, спажывецкай кааперацыі і інш.
У 1933 супраць бел. інтэлігенцыі спецорганамі праведзены справы «Беларуская народная грамада» (з’яўлялася працягам «СВБ», праходзіла 68 чалавек пераважна бел. пісьменнікаў, настаўнікаў, студэнтаў) і «Беларускі нацыянальны цэнтр» (праходзіў 161 чал., пераважна дзеячы нац.-вызв. руху Зах. Беларусі, якія перабраліся ў БССР). Ячэйкі арганізацый былі «выяўлены» спецорганамі ў Дзяржплане, наркаматах асветы, аховы здароўя, сувязі, Акадэміі навук, БДУ, Бел.с.-г. акадэміі, Саюзе пісьменнікаў, Бел. ваеннай акрузе, у шэрагу гарадоў і раёнаў БССР.
Паводле пастановы Прэзідыума ЦВКСССР ад 1.12.1934 справы па паліт. абвінавачаннях разбіраліся ў пазасудовым парадку з выкарыстаннем вышэйшай меры пакарання. У 1929—30, 1933 праведзены парт. чысткі. Калі на 1.1.1933 кампартыя Беларусі налічвала 65 040 чал., то ў 1934—37 909. У выніку праверкі партдакументаў за 1935—36 выключана з партыі і знята з работы 17% старшынь райкомаў і 14% іх намеснікаў, 22% сакратароў райвыканкомаў і інш.; у партыі засталося 31 937 членаў. Вынікам «вялікага тэрору» 1937 стала наступнае скарачэнне колькасці партыйцаў да 31 603 чал., нягледзячы на новыя прыёмы, якія ішлі паралельна. Аднаўленне складу КП(б)Б пачалося з 1938, на 1.1.1941 яна налічвала ўжо 72 177 членаў. Выбары 1937 і 1938 у Вярхоўны Савет СССР і Вярхоўны Савет БССР мелі адпаведна працэнт удзелу 97,4% і 99,65%, практычна ўсе з тых, хто галасаваў, аддалі свае галасы за «кандыдатаў блока камуністаў і беспартыйных».
У 1937—38 ва ўсіх сферах нар. гаспадаркі выкрыты т.зв. «контррэвалюцыйныя, шкодніцкія» арг-цыі. Праведзены паліт. працэсы над удзельнікамі «Аб’яднанага антысавецкага падполля», «Беларускай аўтакефальнай царквы», «Беларускай народнай грамады», «Беларускага нацыянальнага цэнтра», «Беларускай філіі меншавікоў», «Беларускага філіяла Прампартыі», «Беларускага філіяла Працоўнай сялянскай партыі», Польскай арганізацыі вайсковай, «Саюзнага бюро РСДРП (меншавікоў)», «Партыі вызвалення сялян» і інш.; арыштаваны і расстраляны старшыні ЦВК і СНКБССР, іх намеснікі, члены ЦВК і СНК, сакратары ЦККП(б)Б, былі рэпрэсіраваны амаль усе наркомы, прафсаюзныя і камсамольскія дзеячы, кіраўнікі нар. гаспадаркі, 26 акадэмікаў і 6 членаў-карэспандэнтаў Бел.АН, больш за 100 бел. пісьменнікаў, супрацоўнікі праваахоўных органаў і інш. Большасць з іх была прыгаворана пазасудовымі органамі да вышэйшай меры пакарання.
У 1937 была звернута ўвага на факты дэспатызму і здзекаў над калгаснікамі і аднаасобнікамі з боку мясц. органаў улады. У БССР для разбору «шкодніцкай» дзейнасці прыбылі нам. старшыні Камісіі парт. кантролю пры ЦКВКП(б) і адначасова заг. с-г. аддзела ЦК Я.А.Якаўлеў і заг. аддзела кіруючых парт. органаў ЦКВКП(б) Г.М.Малянкоў. Пры іх удзеле адбыўся ліпеньскі (1937) пленум ЦККП(б)Б. Недахопы ў развіцці сельскай гаспадаркі, масавыя незадавальненні і пратэсты сялян супраць падатковай палітыкі, невыкананне планаў шэрагам прадпрыемстваў тлумачыліся контррэв. дзеяннямі антысавецкага падполля. З 24 прамоўцаў на пленуме ў далейшым рэпрэсіраваны 20 чалавек.
У выкананне пастановы СНКСССР і ЦК ВКП(б)Б ад 2.8.1937 «Аб аказанні дапамогі калгаснаму сялянству Беларускай ССР і ліквідацыі шкодніцтва ў справе калгаснага ўладкавання», дырэктыў партыі і ўрада аб ліквідацыі наступстваў шкодніцтва ў галіне судовай працы Вярхоўным судом БССР былі перагледжаны больш за 50 тыс. спраў адносна каля 70 тыс. асуджаных у 1934—37 калгаснікаў, аднаасобнікаў і сельскага актыву за невыкананне дзяржабавязкаў. З 50% асуджаных адразу была знята судзімасць. У шэрагу раёнаў БССР восенню 1937 праведзены адкрытыя працэсы над раённымі кіраўнікамі, прыцягнуты да адказнасці работнікі органаў пракуратуры і суда.
Пастанова СНК і ЦКВКП(б) «Аб арыштах, пракурорскім наглядзе і вядзенні следства» ад 17.11.1938 азначала адыход ад масавых рэпрэсій. Органам НКУС і Пракуратуры забаранялася праводзіць масавыя аперацыі па арыштах і высяленні, а самі арышты прадпісвалася здзяйсняць у адпаведнасці з Канстытуцыяй толькі паводле пастановы суда ці з санкцыі пракурора. Ліквідаваліся «тройкі», справы неабходна было перадаваць на разгляд судоў ці Асобай нарады пры НКУС.
Адмова ад масавых рэпрэсій праходзіла без шырокага асвятлення ў друку, рэабілітацыя арыштаваных была частковай і непаслядоўнай. У дакладной у ЦКВКП(б) ад 7.7.1939 П.К Панамарэнка асудзіў адкрытыя працэсы 2-й пал. 1937 — пач. 1938 над раённымі кіраўнікамі. У выніку быў спынены шэраг спраў (Бялыніцкая, Кармянская, Бярэзінская, Пухавіцкая, Клічаўская, Чавуская, Мазырская, Аршанская і інш.).
Паводле афіц. звестак у 1935—40 ад паліт. рэпрэсій у БССР пацярпелі 86 168 чал., з іх 28 425 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання і расстраляны. У агульную лічбу каля 600 тыс. ахвяр паліт. рэпрэсій уваходзіць таксама больш за 100 тыс. жыхароў рэспублікі, рэпрэсіраваных у адм. парадку на тэр.Зах. Беларусі ў 1939—41, 1944—53.
У выніку масавых чыстак адбылася практычна поўная змена кіруючых кадраў усіх узроўняў. Да ўлады прыйшло новае пакаленне ўпраўленцаў, падрыхтаванае савецкай сістэмай адукацыі. На 1.1.1941 у БССР працавалі 27,7 тыс. спецыялістаў з вышэйшай і каля 60 тыс. з сярэдняй адукацыяй. Аднак забяспечанасць спецыялістамі гаспадаркі і культуры заставалася недастатковай, узровень падрыхтоўкі кадраў быў мінімальны. У дзярж. і гасп. органы, установы культуры і школы пасля невялікай падрыхтоўкі і нават без яе, прыцягваліся работнікі з агульнай сярэдняй і 7-гадовай адукацыяй. Яны складалі больш як 1/3 працаўнікоў разумовай працы.
Адукацыя, навука, культура. Першыя дэкрэты сав. улады па пытаннях адукацыі былі накіраваны на ліквідацыю царскай школьнай сістэмы і распрацоўку асноўных прынцыпаў сав. школы. «Палажэнне аб адзінай працоўнай школе» і пастанова 1-й Парт. нарады (1921) дэкларавалі сувязь школы з палітыкай Камуніст. партыі, бясплатную абавязковую агульную і політэхн. адукацыю, адзіную для ўсіх грамадзян свецкую школу, дэмакр. арганізацыю навучання працоўнага характару. Навучанне павінна было складаць 9 гадоў. З 1922 асн. школай БССР стала 7-гадовая школа, аднак масавай у 1920-я г. была пачатковая 4-гадовая. У адпаведнасці з задачай політэхнізацыі 7-гадовыя школы набылі вытворчы ўхіл. На вёсцы ствараліся школы сялянскай моладзі, у горадзе пры фабрыках і заводах — фабрычна-заводскія сямігодкі. Да сярэдзіны 1920-х г. сярэдняя школа на Беларусі адсутнічала, праграму сярэдняй адукацыі выконвалі рабочыя факультэты, агульнаадук. курсы, з 1926—9-гадовыя школы і школы 2-й ступені (8—9-ы класы). У 1930-я г. вялася уніфікацыя школы ў межах усяго СССР. Пастановай СНКСССР і ЦКВКП(б) «Аб структуры пачатковай і сярэдняй школы ў СССР» (15.5.1934) усталёўвалася адзіная сістэма агульнаадук. школы: пачатковая (1—4-ы класы), няпоўная сярэдняя (1—7-ы класы), сярэдняя (1—10-ы класы).
У час беларусізацыі выкладанне ў школах праводзілася на роднай мове навучэнцаў, у праграмы ўведзены прадметы краязнаўчага цыкла, бел. мова стала абавязковым прадметам выкладання ва ўсіх нац. школах, пры паступленні ў тэхнікумы і ВНУ патрабавалася веданне бел. мовы. Пастановай СНК і Прэзідыума ЦВКБССР ад 7.4.1926 у рэспубліцы ўводзілася ўсеагульнае пачатковае навучанне, з 1932/33 навуч.г. — няпоўнае сярэдняе. Адначасова з сістэмы адукацыі пачалі знікаць школы нац. меншасцей.
У 1920-я г. побач з агульнаадукацыйнай існавала прафес.-тэхн. школа, асн. тыпамі якой былі школа фабрычна-заводскага вучнёўства, прафшкола, прафклас, с.-г. школа, вучэбна-практычныя майстэрні, школы с.-г., саўгаснага і трактарнага вучнёўства. У 1940 пачалася перабудова сістэмы прафес.-тэхн. адукацыі, стваралася сістэма працоўных рэзерваў.
У 1920—30-я г. ў БССР разгорнута сетка школ і пунктаў па ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці сярод дарослых (у 1928/29 навуч.г. 309 ліквідацыйных пунктаў і 319 школ малапісьменных). Працавалі вячэрнія школы для дарослых. Паводле перапісу насельніцтва ў снеж. 1926 пісьменных у рэспубліцы ва ўзросце ад 9 да 49 гадоў было 53,1%, у 1940/41 навуч.г. — каля 85% насельніцтва.
З уз’яднаннем Зах. Беларусі з БССР у 1939 там пачалося ўвядзенне сав. школьнай сістэмы, усеагульнага бясплатнага навучання ў аб’ёме сямігодкі, ствараліся нац. школы. У 1940/41 навуч.г. на тэр. Беларусі працавалі 12 294 школы ўсіх відаў, у якіх навучалася 1 737,1 тыс. чалавек і працавала 56,9 тыс. настаўнікаў.
У 1920-я г. актыўна развівалася сетка сярэдніх спец. навучальных устаноў.
Адкрыты тэхнікумы: Віцебскі механіка-будаўнічы, Мінскі арх.-будаўнічы, Полацкі лясны, Мінскія гідратэхнікум і палітэхнікум, Магілёўскі культ.-асветны, Аршанскі чыг. і інш. У 1930 у БССР працавала 58 сярэдніх спец.навуч. устаноў (11,2 тыс. навучэнцаў). Адначасова адбывалася станаўленне вышэйшай школы Беларусі. У пач. 1920-х г. у БССР працавалі Горы-Горацкі земляробчы ін-т, Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археал. ін-та, Віцебскі дзярж.маст.-практычны ін-т (у 1923 рэарганізаваны ў мастацкі тэхнікум), Віцебскі, Магілёўскі і Мінскі пед. ін-ты. У 1920 Мінскі політэхнічны тэхнікум пераўтвораны ў ВНУ, а ў 1922 рэарганізаваны ў інстытут сельскай і лясной гаспадаркі. 30.10.1921 адбылося ўрачыстае адкрыццё БДУ (3 ф-ты, 1250 студэнтаў). У выніку ўзбуйнення Беларусі ў 1924 сетка ВНУ рэспублікі пашырылася, што не адпавядала матэрыяльным магчымасцям краіны. Шэраг навуч. устаноў падлягаў рэарганізацыі і зліццю: Віцебскі, Мінскі і Магілёўскі вышэйшыя пед. ін-ты аб’ядноўваліся з пед. ф-там БДУ; Мінскі і Горацкі с.-г. ін-ты — у Бел.дзярж. акадэмію сельскай гаспадаркі. У 1924 пачаў працу ветэрынарны ін-т у Віцебску. Падрыхтоўкай кадраў парт. і сав. работнікаў займаліся сав. і парт. школы, якія працавалі ў Мінску, Віцебску, Гомелі і Магілёве. У 1925 Мінская вышэйшая парт. школа рэарганізавана ў Камуніст. універсітэт імя У.І.Леніна, а ў 1932 пераўтворана ў Вышэйшую камуністычную с.-г. школу Беларусі. З правядзеннем беларусізацыі з мэтай надання краязнаўчага ўхілу ва ўсіх ВНУ засноўваліся спец. кафедры па вывучэнні Беларусі. У 1925/26 навуч.г. для падрыхтоўкі навукова-пед. кадраў пры ВНУ ствараліся аспірантуры. У 1930—31 Мінскі, Віцебскі і Магілёўскі пед. тэхнікумы рэарганізаваны ў педінстытуты; пачалі працу Аршанскі і Гомельскі пед. ін-ты. Да канца 1920-х г. у сістэму адукацыі ўведзена вышэйшае завочнае навучанне, экстэрнат. У 1930 адкрыты 4 новыя ВНУ: электратэхнічны, хіміка-тэхналагічны, будаўнічы ў Мінску і механічны ў Гомелі. У 1930/31 навуч.г. ўстановы рэарганізаваліся па галіновай прыкмеце, на базе асобных ф-таў ствараліся самастойныя ВНУ і перадаваліся ў падпарадкаванне гасп. аб’яднанняў, для якіх яны рыхтавалі спецыялістаў. Сетка ВНУ значна пашырылася, толькі на базе с.-г. акадэміі створана 11 ВНУ. Драбленне матэрыяльнай базы прывяло да стварэння маламоцных ін-таў: у 1925 працавалі 4 ВНУ з 4342 студэнтамі, а ў 1931—32 з 10 547 студэнтамі. У 1933 ВНУ з вузкай спецыялізацыяй зноў аб’яднаны, аднавілі працу с.-г. акадэмія і політэхн. інстытут. У 1932 пачала дзейнічаць Мінская кансерваторыя. У 1935—37 створаны 2-гадовыя настаўніцкія ін-ты ў Мінску, Віцебску, Гомелі, Магілёве, Оршы і Рагачове, а пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР — у Баранавічах, Гродне, Пінску. У 1937 адкрыты Мінскі ін-тфіз. культуры. У 1939/40 навуч.г. ў БССР дзейнічалі 22 вышэйшыя (15,4 тыс. студэнтаў) і 102 сярэднія спец.навуч. ўстановы (133,6 тыс. навучэнцаў), каля 20 тыс. займалася на завочных аддзяленнях і курсах.
Навука. У 1921 створана Навукова-тэрміналагічная камісія, на базе якой у 1922 арганізаваны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт). Старшынямі Інбелкульта былі С.Некрашэвіч, з 1924 — У.Ігнатоўскі; у яго дзейнасці ўдзельнічалі Я.Дыла, З.Жылуновіч, У.Пічэта, Я.Карскі, Я.Купала, Я.Колас, Я.Лёсік і інш. У 1923 у Мінску створана Бел. доследная станцыя па ахове с.-г. культур, у 1924 — Мінская лясная доследная станцыя, Цэнтральнае бюро краязнаўства. У 1926 у БССР дзейнічала 240 краязнаўчых арганізацый з ахопам каля 10 тыс. чалавек. Значную навук. работу праводзілі вучоныя БДУ і Бел. ін-та сельскай і лясной гаспадаркі. 1.1.1929 на аснове Інбелкульта адкрыта Акадэмія навук. У 1932 у яе складзе налічвалася 14 НДІ, працавалі 22 правадзейныя члены Бел.АН, 150 навук. работнікаў. Усяго ў рэспубліцы ў канцы 1930-х г. дзейнічала 40 н.-д. устаноў, у якіх было занята больш за 1,5 тыс.навук. супрацоўнікаў.
У 1920—30-я г. адкрыты шэраг культ.-асветных устаноў — рабочых клубаў, хат-чытальняў, чырвоных куткоў, дамоў культуры, бібліятэк (у 1927 у рэспубліцы налічвалася 271 хата-чытальня і 95 нар. дамоў). У кастр. 1921 пачала працаваць Бел.дзярж. бібліятэка. У 1937 у рэспубліцы было 14 музеяў. У сав.гіст. навуцы пераўтварэнні ў галіне культуры ў міжваенны перыяд атрымалі назву культурнай рэвалюцыі.
Літ.:
Партийная этика: Дискуссии 20-х гг.М., 1989;
История Отечества: люди, идеи, решения: Очерки истории Сов. государства. М., 1991;
Хлевнюк О.В. 1937-й: Сталин, НКВД и советское общество. М., 1992;
Яго ж. Политбюро. Механизм политической власти в 30-е годы. М., 1996;
Зеленин И.Е. Политотделы МТС — продолжение политики «чрезвычайщины» (1933—1934) // Отечеств. история. 1992. №6;
Яго ж. Коллективизация и единоличник (1933 — первая половина 1935 г.) // Там жа. 1993. № 3;
Адамушка У. Палітычныя рэпрэсіі 1920—50-х гадоў на Беларусі. Мн., 1994;
Ивницкий Н.А. Коллективизация и раскулачивание (начало 30-х годов). М., 1994;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995;
Революция и человек: быт, нравы, поведение, мораль. М., 1997;
Голанд Ю. Кризисы, разрушившие НЭП. Валютное регулирование в период НЭПа. М., 1998;
Бяспалая М.А. Беларуская вёска ў першыя гады нэпа (1921—1923). Мн., 1999;
Касцюк М. Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі. Мн., 2000;
Платонаў Р.П. Беларусь у міжваенны перыяд.Мн., 2001;
НЭП в контексте исторического развития России XX века. М., 2001;
Перед крутым поворотом: Тенденции в полит. и духов. жизни Беларуси (1925—1928 гг.): Отражение времени в арх. док. Мн., 2001;
Раманава І. «Зона»: Бел. памежжа па сав. бок дзярж. кардону ў 1930-я гг. // Спадчына. 2001. №1—2;
Яе ж. Голад 1932—1934 гг. і Беларусь // Там жа. 2004. №1;
Яе ж. Рэпрэсіі супраць нацыянальных меншасцей Беларусі ў міжваенны перыяд // Беларусь у XX стагоддзі. Мн., 2002. Вып. 1;
Гісторыя Беларусі. Ч. 2. Мн., 2002.
І.М.Раманава.
Заворванне былога балота.Віцебская панчошна-трыкатажная фабрыка ў час будаўніцтва.Мокрапрадзільны ватэрны цэх Віцебскай ільнопрадзільнай ф-кі «Дзвіна».Мінскі фармацэўтычны завод.Віцебскі камбінат па вытворчасці алею.Галоўны корпус і рабочы пасёлак Асінаўскай электрастанцыі.Галоўны корпус і сілавая станцыя Магілёўскага гарбарнага завода.Упаковачны цэх Барысаўскай запалкавай фабрыкі.Дыскаванне глебы. Сельгаскамуна імя БВА. Любанскі раён.Фрэзер для глебы. Сельгаскамуна імя БВА. Любанскі раён.Трактарная калона «Інтэрнацыянал».Сыраварня. Калгас «Рассвет». 1930-я г.Мінск. Вуліца Савецкая. 1929.Чытальныя залы Віцебскага латышскага і Мінскага польскага клубаў.Універсітэцкі гарадок у Мінску.Школа фабрычна-заводскага вучнёўства пры Віцебскай ільнопрадзільнай ф-цы «Дзвіна».Сямігадовая школа ў в. Дукора Пухавіцкага раёна.Вырабы керамічнага аддзялення Віцебскага мастацкага тэхнікума.Туберкулёзны санаторый «Сасноўка». Віцебскі раён.Цэнтральная бульбяная станцыя ў Мінску.Клуб у калгасе «Рассвет».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУСЬ У СКЛАДЗЕ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА І РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ. 13—18 ст.
Палітычнае развіццё ў 2-й пал. 13—1-й пал. 16 ст. Да сярэдзіны 13 ст. ў Панямонні ўтварылася новая дзяржава са сталіцай у Новагародку (Навагрудку) — Вялікае княства Літоўскае і Рускае (з сярэдзіны 15 ст. — і Жамойцкае). Па запрашэнні мясцовага баярства тут стаў княжыць Міндоўг [сярэдзіна 1230-х г. — 1263]. У склад гэтай дзяржавы ўвайшлі бел. землі Панямоння (асноўнае ядро — Наваградскае княства), землі па верхнім цячэнні Віліі і бліжэйшыя землі Аўкштайціі. Па паліт. матывах, каб спыніць вайну з Лівонскім ордэнам і Галіцка-Валынскім княствам, Міндоўг прыняў хрышчэнне паводле каталіцкага абраду і 6.7.1253 у Новагародку каранаваны каралеўскай каронай ад імя папы рымскага біскупам хелмінскім Генрыкам. Аднак у 1260 ён вярнуўся ў язычніцтва. Наступныя ўладары дзяржавы насілі тытул вял. князя. У 2-й пал. 13—1-й пал. 14 ст. ішоў працэс мірнага аб’яднання бел. і літ. зямель (без Жамойці) шляхам пагадненняў вял. князя з мясц. князямі і баярамі ў адзіную феад. дзяржаву «рускіх» (беларусаў) і літоўцаў паводле прынцыпу «мы старыны не рухаем і навіны не ўводзім». Тэр.ВКЛ значна пашырылася ў перыяд панавання вял.кн.Гедзіміна [1316—41], які называў сябе ў граматах вял. князем «літоўцаў і рускіх». У 1320 у склад ВКЛ увайшла Віцебская зямля, у 1220—30-я г. — Берасцейская зямля, Менскае княства і Турава-Пінская зямля. Сталіцай дзяржавы з 1323 стала Вільня. У час панавання Альгерда [1345—77] у склад ВКЛ увайшлі бел. падняпроўскія землі, Мазырская і Брагінская воласці, Бранскае княства, Кіеўская, Чарнігаўская і Падольская землі. Было падначалена і Смаленскае княства. На захадзе барацьба супраць Тэўтонскага ордэна ішла з пераменным поспехам. Альгерд намагаўся аб’яднаць пад сваёй уладай усе землі б. Кіеўскай Русі і праводзіў актыўную палітыку на ўсходзе. У 13—14 ст. сыны і браты вял. князя атрымлівалі ў сваё кіраванне ўдзелы, і дзяржава ўяўляла сабой федэрацыю зямель, а мясц. князі знаходзіліся ў васальнай залежнасці ад вял. князя. Аднак паступова ўлада гаспадара (вял. князя) умацавалася ў цэнтр. раёнах дзяржавы, а аўтаномныя княствы і землі засталіся на перыферыі.
Пасля смерці Альгерда абвастрыўся канфлікт паміж яго сынам Кейстутам і братам Ягайлам; апошні стаў вял. князем [1377—92], Гэта скарысталі крыжакі, каб распаліць у ВКЛ міжусобную вайну, якая скончылася перамогай Ягайлы. З мэтай процідзеяння знешняй небяспецы з боку Тэўтонскага ордэна, што пагражала не толькі ВКЛ, але і Польшчы, і для ўмацавання сваёй улады Ягайла заключыў з Польшчай Крэўскую унію 1385, паводле якой ён перайшоў у каталіцтва, прыняў імя Уладзіслаў, ажаніўся з каралевай Ядвігай і быў абвешчаны польскім каралём; ён абяцаў правесці хрышчэнне язычнікаў-літоўцаў паводле каталіцкага абраду і далучыць да Польшчы землі ВКЛ. У 1387 створана Віленскае біскупства і пачалося хрышчэнне літоўцаў. Касцёлы пачалі будаваць і на бел. землях. Супраць падпарадкавання ВКЛ Польшчы выступіў Вітаўт. Міжусобная вайна паміж Вітаўтам і Ягайлам скончылася Востраўскім пагадненнем 1392, паводле якога Вітаўт стаў вял. князем [1392—1430]; ВКЛ гарантавалася самастойнасць у саюзе з Польшчай, а Ягайла захоўваў намінальны тытул вярхоўнага князя ВКЛ. У канцы 14 ст.вял. князь Вітаўт ліквідаваў буйныя ўдзельныя княствы, але невял. ўдзельныя княствы (Пінскае, Гарадзецкае, Клецкае і інш.) захаваліся да 1520-х г. Слуцкае княства як удзел існавала да пач. 17 ст., потым захавала пэўныя формы ўдзельнага княства да 1791.
Нямецкая агрэсія на землі ВКЛ была спынена з разгромам войска Тэўтонскага ордэна ў Грунвальдскай бітве 1410. Паліт. саюз Польшчы і ВКЛ замацавала Гарадзельская унія 1413, якой уведзены прывілеяваныя правы для баяр-католікаў. Пасля смерці Вітаўта вял. князем выбраны на сойме (з’ездзе) баяр малодшы брат Ягайлы Свідрыгайла [1430—32], праціўнік дзярж. уніі з Польшчай, з якой адбыўся канфлікт з-за Валыні. У выніку змовы літ. баяр, не згодных з палітыкай Свідрыгайлы, які абапіраўся на буйных бел. і ўкр. феадалаў, ён быў скінуты з велікакняжацкага пасада ў вер. 1432 і ўцёк у Полацк. Вялікім князем быў абвешчаны малодшы брат Вітаўта Жыгімонт Кейстутавіч [1432—40], прыхільнік саюзу з Польшчай. Пачалася феад. вайна 1432—39. Уладу Жыгімонта прызнала Жамойць, Літва і больш цесна звязаныя з ёю прынёманскія воласці, Берасцейская і Менская землі, Падляшша. Свідрыгайлу падтрымалі Полацкая, Віцебская, Смаленская, Ноўгарад-Северская і Кіеўская землі, Валынь і Падолле. Вайна суправаджалася знішчэннем гарадоў і сёл, рабаваннем насельніцтва. Так, у 1433 Свідрыгайла ў час паходу загадаў спаліць Заслаўе і Менск, а Жыгімонт знішчаў гарады ва ўсх. Беларусі. Жыгімонт Кейстутавіч аднавіў дзярж. унію з Польшчай і выдаў прывілей 1434, якім ураўнаваў асабістыя і маёмасныя правы правасл. баяр з правамі баяр-католікаў. Улетку 1436 Полацкая і Віцебская землі перайшлі на бок Жыгімонта, які пацвердзіў гэтым землям іх ранейшыя прывілеі. У канчатковай фазе вайны Свідрыгайла страціў і ўкр. землі і эмігрыраваў. Замацаваўшыся ў ВКЛ, Жыгімонт пачаў праводзіць самаст. палітыку ў адносінах да Польшчы. Супраць Жыгімонта выступіла апазіцыя літ. знаці, незадаволеная рэпрэсіямі Жыгімонта і тым, што на дзярж. пасады ён прызначаў прадстаўнікоў дробнага і сярэдняга бел. і літ. баярства. У выніку змовы Жыгімонт 20.3.1440 забіты, вял. князем выбраны малодшы брат польскага караля Уладзіслава III Казімір IV [1440—92]. У 1447 ён выбраны і каралём Польшчы. Прывілеем 1447вял. князь гарантаваў усім баярам асабістую недатыкальнасць, скасаваў ранейшыя натуральныя і грашовыя павіннасці з маёнткаў на карысць дзяржавы, перадаў баярам права судзіць і караць сваіх сялян. Прывілей паслужыў кансалідацыі ўсяго баярскага саслоўя ВКЛ. З таго часу пачаўся рост уплыву і значэння баяр у жыцці краіны. Пазней Казімір выдаў Судзебнік 1468, у якім змешчаны юрыд. нормы пераважна крымінальнага права. Большую частку свайго жыцця Казімір Ягайлавіч правёў у Польшчы. У ВКЛ у час яго адсутнасці вял. значэнне ў кіраванні дзяржавай набыў вышэйшы кіруючы орган — паны-рада, які складаўся з вышэйшых асоб цэнтр. і мясц. адміністрацыі. У гэты ж час феад. апазіцыя спрабавала зрабіць дзярж. перавароты, выстаўляючы кандыдатамі на велікакняжацкі пасад нашчадкаў старэйшага сына Альгерда Уладзіміра — слуцкіх князёў Алелькавічаў. Апошняя змова апазіцыйных правасл. князёў, сваякоў Казіміра, Міхаіла Алелькавіча, Фёдара Бельскага, а таксама кн. Івана Гальшанскага скончылася няўдачай, бо іх не падтрымалі сярэднія і дробныя феадалы.
Пасля смерці Казіміра вял. князем на сойме абраны яго сын Аляксандр [1492—1506]. Пры яго абранні паны-рада паставілі ўмовы пра абмежаванне велікакняжацкай улады: усе найважнейшыя дзярж. справы — абарона краіны, міжнар. адносіны, выданне законаў, разгляд найважнейшых судовых спраў — вял. князь павінен быў вырашаць разам з радай паноў. Паны-рада дамагліся ад вял. князя Аляксандра выдання прывілея 1492, у якім былі замацаваныя гэтыя абмежаванні правоў вял. князя. Рэзка нарастаў уплыў вышэйшай групоўкі феад. саслоўя — магнатаў.
З канца 15 ст. пачалася серыя войнаў ВКЛ з Маскоўскім вял. княствам (1492—94, 1500—03, 1507—08, 1512—22, 1534—37), у выніку якіх Маскоўскае вял. княства паступова пашырала сваю тэрыторыю на захад. У 1494 ВКЛ страціла Вязьму і Казельск, у 1503 — Таропец, Дарагабуж, Бранск, Курск, Ноўгарад-Северскі, Чарнігаў, у 1514 — Смаленск, у 1537 — Себеж. Адначасова саюзнікі вял. князя маскоўскага Івана III крымскія татары ўчынялі напады на Украіну і Беларусь; асабліва моцныя набегі адбыліся ў 1505 і 1506. Гэтыя нашэсці спыніліся пасля разгрому татарскага войска ў Клецкай бітве 1506.
Пасля смерці Аляксандра на велікакняжацкі трон выбраны яго малодшы брат Жыгімонт I Стары [1506—48]. Каб захаваць персанальную унію паміж дзвюма дзяржавамі, польская шляхта праз 3 месяцы выбрала Жыгімонта і сваім каралём. У час панавання Жыгімонта адбылася Аршанская бітва 1514, у ходзе якой войска ВКЛ на чале з К.І.Астрожскім (30 тыс.чал.) разграмілі 80-тысячную маскоўскую армію І.А.Чалядніна і М.І.Булгакава-Голіцы (паводле рус. летапісаў). Перамога ў Аршанскай бітве дазволіла стабілізавацьусх. граніцу ВКЛ, аднак Смаленск вернуты не быў. У гэты ж час быў прыняты адзін з першых у Еўропе сістэматызаваных збораў законаў — Статут Вялікага княства Літоўскага 1529.
Яшчэ пры жыцці Жыгімонта Старога на сойме ў Вільні ў 1529 вял. князем літоўскім быў абраны яго 9-гадовы сын Жыгімонт II Аўгуст. Праз 2 месяцы і польскі сойм выбраў яго польскім каралём. Гэтыя двайныя выбары мелі на мэце стварыць умовы для спадчыннай манархіі ў абедзвюх дзяржавах і забяспечыць умацаванне уніі паміж імі. Далейшым развіццём гэтай палітыкі была перадача ўлады ў ВКЛ Жыгімонту Аўгусту на Берасцейскім сойме ў кастр. 1544. Жыгімонт Стары захаваў тытул вярхоўнага князя, а сын атрымаў усю паўнату ўлады ў ВКЛ на перыяд адсутнасці бацькі. Пры Жыгімонце II Аўгусце [1548—72] у ВКЛ праведзены важныя паліт. і эканам. рэформы. Паводле адм. рэформы 1565—66 у складзе новых і старых ваяводстваў былі ўтвораны паветы. На павятовых сойміках вырашалі мясц. пытанні і выбіралі па 2 паслы (дэпутаты) ад павета на агульнадзярж. сойм, а таксама павятовыя суды — гродскія (замкавыя), земскія і падкаморскія (суддзяў выбірала мясц. шляхта). У выніку рэформы шляхецкае саслоўе (баяры з 2-й чвэрці 16 ст. пачалі называцца шляхтай) стала пануючым у дзяржаве, адхіліўшы магнатаў і князёў ад манапольнага кіравання дзяржавай.
Сацыяльна-эканамічны лад. Асновай сац.-эканам. ладу ВКЛ была сельская гаспадарка. Вярхоўным уласнікам зямлі лічыўся вял. князь (гаспадар), яму належалі гаспадарскія землі (велікакняжацкі дамен), якія ў 16 ст. мелі статус дзяржаўных. Вял. князь раздаваў гаспадарскія землі шляхце і магнатам у часовае трыманне і ва ўласнасць. Большасць прыватных уладанняў знаходзілася ў больш населеных зах. і цэнтр. раёнах Беларусі. Там былі і больш урадлівыя глебы і развітая сетка дарог. Меліся таксама і царкоўныя маёнткі. Пасля перамогі войск Польшчы і ВКЛ пад Грунвальдам, адкрыцця гандлёвых шляхоў па Нёмане і Зах. Дзвіне да Балтыйскага мора, росту попыту на с.-г. прадукты ў Зах. Еўропе ў канцы 15—1-й пал. 16 ст. адбыўся значны ўздым сельскай гаспадаркі ў ВКЛ. З сярэдзіны 16 ст. двары (цэнтры для вытворчасці прадукцыі для асабістых патрэб феадалаў і ўтрымання адміністрацыі), што існавалі ў некат. прыватных і царкоўных маёнтках і ў многіх дзярж. уладаннях, ператвараліся ў фальваркі, дзе значная частка прадукцыі была прызначана для гандлю, гал. чынам знешняга. Першай аграрную рэформу ў сваіх маёнтках (Клецкае і Пінскае староствы) правяла ў 1552—55 каралева польская і вял. княгіня літоўская Бона, жонка Жыгімонта Старога. Былі асвоены і заселены новыя землі, уведзены новыя формы землекарыстання сялян і новыя павіннасці з мэтай павелічэння прыбыткаў. Вопыт гэтай рэформы быў выкарыстаны пры правядзенні валочнай памеры і выданні «Уставы на валокі» 1557 у гаспадарскіх маёнтках (рэформа Жыгімонта Аўгуста). У фальварках, якія ствараліся ў дзярж. уладаннях і сял. гаспадарках з надзелам у 1 валоку (21,36 га), зямля падзялялася на 3 роўныя палі. Такім чынам замацоўвалася трохполле з прымусовым севазваротам, ліквідоўваліся цераспалосіца, далёказямелле і стракатасць у памерах сялянскіх надзелаў. Акрамя падворнага надзелу сялянам адводзіліся землі агульнага карыстання: сенажаці, выганы, дубровы і інш. «Устава на валокі» 1557 была накіравана на максімальнае пашырэнне збожжавай гаспадаркі, а там, дзе яна адсутнічала, — на яе арганізацыю. Пад фальваркі адводзіліся лепшыя землі, адабраныя ў сялян. Для апрацоўкі ворнай зямлі да панскіх фальваркаў прымацоўваліся сяляне з разліку на адну фальварачную зямлю «по семи волок оседлых... з волы и с клячами... которые по 2 дни в тыдень служити мають с чим уряд расскажет». Акрамя таго, сяляне абавязаны былі выходзіць на талокі і гвалты згодна з нормамі, прадугледжанымі ўставай. Паводле ўставы сялянскі надзел лічыўся патомным, спадчынным дзяржаннем. Акрамя цяглых сялян, якія адбывалі паншчыну ў фальварках, існавала і вял. катэгорыя асадных (аброчных, чыншавых) сялян. Замест 2-дзённай паншчыны ў тыдзень і 4 цяглых талок у год яны давалі 30 грошаў чыншу і працавалі 12 талок і гвалтаў у год. Асадныя сяляне былі менш залежныя ў сваёй гаспадарчай дзейнасці, чым цяглыя. Невял. група агароднікаў, з былой чэлядзі нявольнай і збяднелых сялян, атрымала надзелы ў 9—15 маргоў ворнай зямлі, за якія працавалі ў двары па 3 дні на тыдзень. Вышэйшай групай сельскага насельніцтва былі сяляне-слугі, якія выконвалі розныя спец. работы і неслі службу за надзелы зямлі па 2 валокі. Найб. прывілеяванай катэгорыяй сялян-слуг былі вайсковыя — панцырныя і путныя баяры, якія выконвалі кур’ерскую службу, а ў час вайны ішлі на службу з поўным узбраеннем за ўласны кошт. Аграрная рэформа ў дзярж. маёнтках Беларусі была праведзена неадначасова. Ва ўсх. Беларусі і на Палессі яе правядзенне расцягнулася да сярэдзіны 17 ст. На працягу 2-й пал. 16 ст. аграрная рэформа праведзена і ў прыватнаўладальніцкіх маёнтках на захадзе і ў цэнтры Беларусі. Такім чынам, фальваркова-паншчынная сістэма гаспадаркі стала асноўнай. У гаспадарскіх маёнтках даходы ад новай сістэмы гаспадарання павялічыліся ў 3 разы.
Гарады, культура, рэлігія. У 15—16 ст. у эканам. і грамадскім жыцці Беларусі вял. ролю адыгрывалі гарады. У 15 ст. станавіліся гандлёвымі і рамеснымі цэнтрамі былыя крэпасці, замкі, некат. гаспадарскія і панскія двары. Яны ўсё болей адыгрывалі ролю і фінансавых асяродкаў. Вярх. ўлада была зацікаўлена ў развіцці гарадоў, бо яны прыносілі ў дзярж. скарб больш грашовых прыбыткаў, чым скарб атрымліваў ад жыхароў сельскай мясцовасці. У 15—16 ст. ствараліся і мястэчкі — невял. паселішчы гар. тыпу, дзе таксама развіваліся гандаль і рамёствы, але ў меншай ступені, чым у гарадах. Гараджане, асабліва ў мястэчках, займаліся і сельскай гаспадаркай. Жыхары гарадоў і мястэчак вылучаліся з навакольнага насельніцтва сваім юрыд. становішчам — яны былі вольнымі людзьмі, мелі правы мяшчан. Мяшчане дамагаліся выхаду з-пад юрысдыкцыі велікакняжацкай адміністрацыі і стварэння сваёй сістэмы самакіравання і суда. Гэта было замацавана ўвядзеннем у большасці гарадоў і мястэчак самакіравання паводле магдэбургскага права. Значная частка гарадоў і мястэчак утварылася ў прыватнаўладальніцкіх латыфундыях і маёнтках. Вышэйшай уладай у такіх гарадах быў уладальнік горада. Значная частка прыватнаўладальніцкіх гарадоў таксама атрымала самакіраванне паводле магдэбургскага права. Нягледзячы на асабістую свабоду, мяшчане знаходзіліся ў сістэме феад. грамадства, феад. дзяржавы, выконвалі дзярж. павіннасці, а ў прыватнаўладальніцкіх гарадах — павіннасці і падаткі на карысць уладальніка горада. Гарадам і мястэчкам перадаваліся ў «вечнае» карыстанне і с.-г. землі. Гарады былі і асяродкамі культуры.
З-за больш высокага ўзроўню эканам. і паліт. фактараў у развіцці бел. зямель у першыя стагоддзі існавання ВКЛ вядучую ролю тут адыгрывала бел. («руская») культура. На рэліг. жыццё і на культуру ў гэты перыяд мела пэўны ўплыў візантыйская культура. З канца 14 ст. разам з увядзеннем каталіцтва ў літ. землях пачынаецца і заходнееўрапейскі ўплыў на развіццё бел. культуры. На бел. мове ў ВКЛ вялося дзярж. справаводства і судаводства, выдаваліся граматы, прывілеі, статуты, пастановы соймаў і паноў-рады, ствараліся летапісы, хронікі і маст. творы. Сярод пісараў велікакняжацкай канцылярыі і павятовых органаў улады і судоў пераважалі прадстаўнікі мясцовага насельніцтва, што спрыяла развіццю бел. мовы і ў літ. землях; паўсюдна пратаколы гар. рад пісаліся па-беларуску (нават у Жамойці). Пры буйных манастырах дзейнічалі рукапісныя майстэрні (скрыпторыі), цэнтры кніжнай пісьменнасці. Такімі ж асяродкамі пісьменства былі двары магнатаў. Пры манастырах існавалі бібліятэкі. Моладзь з ВКЛ з канца 15 ст. накіроўвалася на вучобу ў Кракаўскі і інш. ун-ты ў Еўропе.
У час агульнага ўздыму культуры ў Зах. Еўропе — Рэнесансу — значны рост попыту ў ведах абумовіў і бел.Адраджэнне 16 ст. Заснавальнікам бел. кнігадрукавання быў выдатны гуманіст і асветнік Ф.Скарына. У 1517—19 ён выдаў у Празе Псалтыр і 22 кнігі Старога запавету Бібліі. У 1522 Скарына заснаваў першую ва Усх. Еўропе друкарню ў Вільні і выдаў «Малую падарожную кніжку», а ў 1525 — «Апостал». Яго традыцыі развіў С.Будны, дзеяч Рэфармацыі, адзін з заснавальнікаў Нясвіжскай друкарні, які ў 1560-х г. выдаў на бел. мове першыя навучальныя і палемічныя творы. Дзеячы Рэфармацыі заснавалі друкарні ў Брэсце, Нясвіжы, Вільні і інш. гарадах, выдалі дзесяткі кніг, у т. л. «Брэсцкую Біблію» (1563).
У гэты час узніклі лацінамоўная паэма Яна Вісліцкага «Пруская вайна» з апісаннем перамогі пад Грунвальдам (1516), паэма Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра» (1523). Неўзабаве пасля Аршанскай бітвы 1514 узнікла летапісная «Пахвала гетману Канстанціну Астрожскаму».
У 14—1-й пал. 16 ст.асн. тыпам манументальных збудаванняў на Беларусі былі замкі. Іх размяшчалі на натуральных узвышшах (Навагрудскі замак, Гродзенскі Стары замак). Напачатку замкі былі драўляныя, з 15 ст. драўляныя сцены замяняліся мураванымі. Некат. замкі адразу будавалі мураванымі (Крэўскі замак, Лідскі замак). У 15—16 ст. пашырылася будаўніцтва драўляных і мураваных прыватнаўладальніцкіх замкаў. Найвышэйшым дасягненнем абарончага дойлідства Беларусі стаў Мірскі замак магнатаў Іллінічаў. У выяўленчым мастацтве пераважаў іканапіс, а з 16 ст. пашырыўся партрэтны жанр. У 1520-х г. намалявана першая батальная карціна «Бітва пад Оршай». Развіваліся драўляная разьба і скульптура.
Рэліг. жыццё ў ВКЛ у 13 — сярэдзіне 16 ст. ўскладнілася. Бел. насельніцтва ВКЛ было праваслаўным з пэўнымі традыцыямі. Літоўцы былі язычнікамі да 1387, калі ў раёне Вільні яны былі ахрышчаны паводле каталіцкага абраду; іх хрышчэнне ў Жамойці працягвалася і ў 1-й пал. 15 ст. У 13—14 ст. шмат хто з князёў літ. паходжання прыняў праваслаўе. Правасл. царква на Беларусі захоўвала прывілеяванае становішча да канца 14 ст. Пасля Крэўскай уніі 1385 прывілеяванае становішча ў ВКЛ пачаў займаць каталіцкі касцёл. Паступова каталіцтва пашырала свой уплыў на зах. раёны Беларусі. Аднак і правасл. царква захоўвала свае пазіцыі ў гэтым рэгіёне. Так, імператарскі пасол З.Герберштэйн у 1517 адзначаў, што ў сталіцы ВКЛ Вільні «храмаў рускіх значна больш, чым рымскай канфесіі». На працягу 1387—1550 на тэр. Віленскай дыяцэзіі (біскупства) было заснавана 259 парафій, у т. л. 93 — на бел. землях. Размяшчаліся яны пераважна на захадзе Беларусі, да лініі Браслаў—Паставы—Будслаў—Менск—Нясвіж—Пінск. На ўсход ад гэтай лініі да сярэдзіны 16 ст. існавалі адзінкавыя касцёлы (Полацк, Віцебск, Абольцы, Гайна, Слуцк). Правасл. царква працягвала панаваць у цэнтры і на ўсходзе Беларусі. Ва ўсх. раёнах (Магілёў, Мсціслаў, Орша) касцёлаў увогуле не было да пач. 17 ст. У 1550—60-х г. на Беларусі пачала пашырацца Рэфармацыя, у асноўным кальвінізм.
Лівонская вайна 1558—83. Люблінская унія 1569. Вял. ўплыў на далейшы лёс Беларусі зрабіла Лівонская вайна 1558—83. Рас. цар Іван IV намагаўся далучыць да Расіі Лівонію, атрымаць новых прыгонных сялян і гарады на Балтыйскім моры для гандлю з Еўропай. Паводле дагавора з магістрам ад 31.8.1559 Лівонскі ордэн пераходзіў пад пратэктарат Жыгімонта Аўгуста, да дагавора далучаўся і рыжскі арцыбіскуп. Паколькі пазіцыя Польшчы ў лівонскім пытанні была асцярожнай, ВКЛ уступіла ў вайну з Іванам IV без саюзніка. У 1562 ваенныя дзеянні адбываліся ўжо на тэр. Беларусі. У пач. 1563 цар з гал. сіламі рас. войска асадзіў Полацк. Невял. гарнізон 2 тыдні адбіваў атакі, але вымушаны быў капітуляваць. Далейшыя ваен. дзеянні на Беларусі адбываліся на поўдзень ад Полацка, аднак вял. гарадоў царскаму войску захапіць не ўдалося. 26.1.1564 10-тысячнае (паводле інш. звестак 4-тысячнае) войска вял. гетмана ВКЛ М.Радзівіла Рудога разбіла 30-тысячнае войска князя І.Шуйскага на Чашніцкіх палях на р. Ула. Праз некалькі дзён атрымана перамога каля Оршы. Улетку 1564 войскі Івана IV мелі поспехі ў раёне Мсціслава, Крычава і Магілёва. У адказ войска ВКЛ зрабіла ў 1565 рэйды пад Вялікія Лукі і Смаленск. На заваяванай тэрыторыі паводле загаду Івана IV пабудаваны замкі Усвят, Ула, Сокал, Суша і інш. У 1567 ваен. дзеянні аднавіліся, у ліпені 2-тысячны конны атрад польнага гетмана ВКЛ Р.Ф.Сангушкі разграміў лагер маскоўскіх войск пад Чашнікамі (9 тыс.чал.), у верасні ён разбіў 9-тысячнае маскоўскае войска на маршы, у верасні 1568 штурмам узяў замак Ула, а віцебскія казакі на чале з С.Бірулем спалілі замкі Усвят і Веліж. У адказ рас. войскі спрабавалі ўзяць Віцебск, але толькі спалілі гар. прадмесці. Ход вайны паказаў, што аднаму ВКЛ без саюзнікаў не перамагчы такую моцную дзяржаву, як Расія. Шляхта, ратуючы сваю краіну і свае маёнткі, на палявым сойме каля Віцебска 13.9.1952 прыняла акт і накіравала яго вял. князю з просьбай заключыць новую дзярж. унію з Польшчай. Яна намагалася мець агульныя соймы з Польшчай, сумесна з польскай шляхтай выбіраць караля (ён жа вял. князь літоўскі), а галоўнае — карыстацца аднолькавымі правамі і разам змагацца з ворагам. Супраць уніі з Польшчай выступіла асн. частка магнатаў на чале з віленскім ваяводам, канцлерам і маршалкам земскім М.Радзівілам Чорным, якая не хацела страціць свае паліт. пазіцыі і свае грамадскія прывілеі. Пытанне аб уніі разглядалася на соймах Віленскім 1563, Варшаўскім 1563—64, Бельскім 1564, Берасцейскім 1566, на палявым сойме ў Лебедзеве. У час падрыхтоўкі да уніі быў прыняты Статут Вялікага княства Літоўскага 1566, які замацаваў новы адм.-тэр. падзел дзяржавы, новую сістэму судоў, пашырыў правы шляхты.
1.7.1569 на сумесным сойме ў Любліне асобна дэпутатамі Польскага сойма і сойма ВКЛ быў прыняты акт аб уніі (гл.Люблінская унія 1569), паводле якога ўрачыста абвяшчалася аб’яднанне на аснове роўнасці Польшчы (Кароны) і ВКЛ (Літвы, або Княства) у федэратыўную дзяржаву — Рэч Паспалітую. На чале дзяржавы быў кароль польскі (ён жа вял. князь літоўскі), якога выбірала пажыццёва шляхта «абодвух народаў». Ствараўся агульны для ўсёй дзяржавы магнацка-шляхецкі сойм з 2 палат: Сената (магнаты, прадстаўнікі цэнтр. і мясц. адміністрацыі, вярхі каталіцкай царквы) і Пасольскай Ізбы, у якую выбіраліся па 2 паслы ад кожнага павета. Сойм прымаў асобныя законы для Польшчы і ВКЛ. Абедзве дзяржавы захоўвалі аўтаномію ва ўнутр. справах, асобныя дзярж. адміністрацыі, войскі, скарб і права эмісіі аднолькавай манеты, адм. і судовы апарат, свае законы і мытную сістэму. Кожная краіна мела сваю дзярж. мову: Польшча — лацінскую, ВКЛ — беларускую (у крыніцах — «рускую»). Асобным актам 3.8.1569 Курляндыя была абвешчана васалам Польшчы і ВКЛ, Ліфляндыя — іх сумесным уладаннем (кандамініумам). У час Люблінскага сойма 1569 шляхта ўкр. ваяводстваў і Падляшскага ваяв. добраахвотна прыняла акты аб далучэнні сваіх ваяводстваў да Польшчы. Калі шляхта Кіеўскага ваяв. вырашала пытанне аб выхадзе са складу ВКЛ і далучэнні да Польшчы, соймік Мазырскага пав. не згадзіўся на гэта і пакінуў павет у складзе ВКЛ, далучыўшы яго да Менскага ваяв. Люблінская унія была кампрамісам шляхты Польшчы і ВКЛ, у выніку якога стваралася больш моцная федэратыўная дзяржава. Адной з гал. прычын паліт. збліжэння ВКЛ і Польшчы была ўсё больш небяспечная для ВКЛ палітыка ўсх. суседа, пастаянны націск з яго боку, серыя войнаў канца 15—16 ст. Усё гэта скіроўвала інтарэсы Польшчы на ўсход, каб абараніць свайго пастаяннага саюзніка. Люблінская унія ўмацоўвала паліт. еднасць абедзвюх дзяржаў, узмацніла працэсы іх эканам., паліт. і культ. збліжэння, узмацніла ўплыў еўрапейскай культуры на бел. землі.
Органы ўлады, гаспадарка і культура ў 2-й пал. 16—18 ст. Вышэйшым органам улады ў Рэчы Паспалітай быў сойм, які складаўся з Сената і Пасольскай Ізбы. Кароль польскі (ён жа вял. князь літоўскі, рускі і жамойцкі), які выбіраўся соймам пажыццёва, лічыўся таксама ў складзе сойма як асобная юрыд. персона. Соймы звычайныя і надзвычайныя склікаліся каралём. Для выбрання новага караля прымас — галава каталіцкай царквы — склікаў соймы: канвакацыйны, на якім вызначаліся час і месца выбараў караля, мяркуемыя кандыдаты на каралеўскі пасад, выпрацоўваліся ўмовы дагавору з кандыдатам; элекцыйны (выбарчы), на якім заключалася пагадненне аб умовах выбрання і праводзіліся выбары; каранацыйны, у час якога кароль каранаваўся і прыносіў прысягу захоўваць права і ўмовы пагаднення. Пры абранні на каралеўскі пасад у 1573 Генрыка Валезы былі прыняты агульнадзярж. акты — Пакта канвента і Генрыкавы артыкулы. Пакта канвента заключаліся паміж шляхтай і новаабраным каралём пры кожным канкрэтным выбары. Генрыкавы артыкулы былі агульнадзярж. актам з 18 пунктаў, якія абмяжоўвалі ўладу караля ўвогуле. Кароль абавязваўся кіраваць дзяржавай без спадчыннага замацавання трона, склікаць кожныя 2 гады сойм, правіць разам з радай з 18 сенатараў, без згоды сойма не абвяшчаць вайну і не заключаць мір, не ўводзіць новых падаткаў і інш. Пры парушэнні каралём гэтых артыкулаў шляхта мела права адмаўляцца ад паслушэнства яму, склікаць канфедэрацыі і са зброяй у руках адстойваць свае правы. 28.1.1573 на канвакацыйным сойме быў прыняты акт Варшаўскай канфедэрацыі, паводле якога абвяшчалася рэлігійная талерантнасць у дзяржаве ў адносінах да ўсіх веравызнанняў. З сярэдзіны 17 ст. на соймах уведзена правіла аднагалоснага прыняцця законаў і пастаноў («ліберум вета»), Заява хоць аднаго дэпутата аб яго нязгодзе з праектам закона была ўмовай непрыняцця яго, а сойм распускаўся. Толькі ў час канфедэрацый ці соймаў, якія абвяшчалі сябе канфедэрацыйнымі, законы і пастановы прымаліся большасцю галасоў. У паветах дзейнічалі павятовыя соймікі, на якіх шляхта прымала рашэнні як адносна спраў свайго павета, так і агульнадзяржаўных. Соймік выбіраў па 2 паслы (дэпутаты) на соймы. Аднак шляхце не забаранялася прымаць удзел і ў пасяджэннях сойма. Рашэнні на сойміках спачатку таксама прымаліся аднагалосна, аднак ужо з 1613 па некат. пытаннях прымаліся большасцю галасоў, а ў 18 ст. прымаліся і аднагалосна, і большасцю галасоў. Падчас бескаралеўя і адсутнасці соймаў (гал. чынам з-за іх зрыву) соймікі вырашалі дзярж. пытанні, у т. л. фінансавыя. У 2-й пал. 17—18 ст. усё большае значэнне ў кіраванні вайсковымі і фінансавымі справамі дзяржавы набывалі павятовыя соймікі, якім было перададзена права збіраць некат. падаткі і распараджацца імі, а таксама назначаць новыя падаткі. Соймікі прысвойвалі сабе функцыі заканадаўчай і судовай улады, давалі сваім дэпутатам на сойм інструкцыі, якіх трэба было прытрымлівацца, а потым даваць справаздачу. Кароль польскі і вял. князь літоўскі Жыгімонт III Ваза, абраны на трон 29.1.1588, каб атрымаць падтрымку магнатаў і шляхты ВКЛ, выдаў у Кракаве прывілей, якім зацвярджаў трэці Статут ВКЛ. Статут 1588 захаваў усе юрыд. нормы, якія падкрэслівалі самастойнасць ВКЛ. У артыкуле 12 забаранялася даваць пасады ў дзяржаве і маёнткі чужаземцам, у т. л. польскай шляхце, якая не мела права атрымліваць зямлю нават у якасці падарунка. Статут ВКЛ быў надрукаваны на бел. мове. Ён меў 14 раздзелаў і 487 артыкулаў, у якіх выкладзены нормы дзярж., грамадзянскага, сямейна-шлюбнага, зямельнага, саслоўнага і крымінальнага права, а таксама судаводства. Дзейнічаў Статут ВКЛ 1588 і пасля таго, як Беларусь і Літва былі ўключаны ў склад Рас. імперыі. Толькі ў 1831 дзейнасць Статута была спынена ў Віцебскай і Магілёўскай губ., указам Мікалая I ад 25.6.1840 ён скасаваны ў Мінскай, Гродзенскай, Віленскай і Ковенскай губ., Беластоцкай вобл. і губернях Правабярэжнай Украіны.
У 2-й пал. 16 ст. на Беларусі пашырылася Рэфармацыя ў яе розных плынях. Да Рэфармацыі далучыліся магнацкія і шляхецкія сем’і, частка гараджан. Пераважная большасць прыхільнікаў Рэфармацыі належала да кальвіністаў. Узначальвалі Рэфармацыю ў 16 і 17 ст. прадстаўнікі роду Радзівілаў (у 2-й пал. 16 ст. М.Радзівіл Чорны і М.Радзівіл Руды, а ў 17 ст. — Я. і Б. Радзівілы). У сувязі з наступам контррэфармацыі ў канцы 16 — пач. 17 ст. большасць магнатаў, шляхты і мяшчан, пакінула рэфармацкія суполкі і перайшла ў каталіцтва (і былыя католікі, і былыя праваслаўныя). У 17—18 ст. прыхільнікі Рэфармацыі складалі нязначную меншасць вернікаў. Рэлігійную сітуацыю на Беларусі рэзка змяніла абвяшчэнне 9.10.1596 Брэсцкай уніі — акта пра арганізацыйнае аб’яднанне на тэр. Рэчы Паспалітай правасл. царквы з каталіцкай. Брэсцкая унія была праведзена на аснове ўзаемных уступак: прызнавалася вяршэнства папы рымскага, у царк. догматах зыходжанне Святога Духа не толькі ад Бога-Айца, але і ад Бога-Сына (каталіцкі догмат), у той жа час захоўваліся ўсе правасл. абрады, богаслужэнне і казанні на царкоўнаслав. (потым на бел.) мове. Унію прыняла значная частка правасл. насельніцтва Беларусі, але ў некат. раёнах яна не замацавалася (Слуцкае княства, наваколле Пінска і Магілёва). Супраціўленне царкоўнай уніі часта прымала актыўныя формы (забойства полацкага архіепіскапа І.Кунцэвіча ў 1623). Рэліг. канфлікты мелі месца і ў інш. гарадах Беларусі. Паступова уніяцкая царква на Беларусі ахапіла сваёй дзейнасцю шырокія масы гар. і асабліва сельскага насельніцтва. Вернікі уніяцкай царквы ў канцы 18 ст. складалі 75% насельніцтва Беларусі (у вёсцы 80%), праваслаўнымі заставалася 6,5% насельніцтва. Каталіцкая царква займала прывілеяванае становішча.
У сельскай гаспадарцы Беларусі адбыліся значныя змены. У 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. аграрная рэформа (валочная памера) была праведзена ва ўладаннях магнатаў і шляхты Літвы, зах. і цэнтр. Беларусі. Стварэнне фальваркаў суправаджалася ўзбуйненнем вёсак, іх перапланіроўкай і наразаннем сялянам валочных надзелаў. Пашыраўся 3-польны севазварот, павялічылася ўраджайнасць. Сяляне паводле павіннасцей падзяляліся на 2 асн. катэгорыі: цяглых і асадных сялян. У час ваенных дзеянняў сярэдзіны 17 ст. гаспадарка Беларусі была разбурана. Для яе аднаўлення ў 2-й пал. 17—1-й пал. 18 ст. феадалы, пераважна ў каралеўскіх маёнтках, пераводзілі значную частку сялян з паншчыны на грашовы чынш. У магнацкіх маёнтках паншчына ў асноўным захоўвалася. Да сярэдзіны 18 ст.сял. гаспадарка дасягнула некаторых поспехаў у развіцці агратэхнікі, павысілася ўраджайнасць, павялічылася пагалоўе свойскай жывёлы. Пашырыўся ўнутраны рынак, развіваліся таварна-грашовыя адносіны. Усё гэта адбілася на дзярж. палітыцы пашырэння фальварковай гаспадаркі ў каралеўскіх эканоміях (рэформа А.Тызенгаўза).
Зрухі адбыліся і ў гар. жыцці. Замацавалася сістэма гар. самакіравання паводле магдэбургскага права, цэхавая сістэма, кірмашы і гандл. традыцыі. Гарады і ў пэўнай ступені буйныя мястэчкі выконвалі эканам., адм. і вайсковую функцыі, былі культ. і рэліг. цэнтрамі. У сярэдзіне 17 ст. на Беларусі было 42 гарады і 425 мястэчак. У 18 ст. — 50 гарадоў, з іх 25 прыватнаўладальніцкіх. У час войнаў сярэдзіны 17 і пач. 18 ст. большасць гарадоў і мястэчак разбурана і прыйшла ў заняпад. У 18 ст. гарады і мястэчкі аднаўляліся. Уздым гаспадаркі гарадоў Беларусі прыпадае на 2-ю пал. 18 ст.
Бел. культурнае адраджэнне ў 16 ст. абумоўлена бел. дзяржаўнасцю, культ. сувязямі з Зах. Еўропай, гуманістычным светапоглядам дзеячаў культуры Беларусі. Новы ўздым у культ. і грамадска-паліт. жыцці быў звязаны з рэфармацыйным рухам 2-й пал. 16 ст. Высокага ўзроўню дасягнула кнігадрукаванне. Паслядоўнікамі Скарыны былі Будны, І.Фёдараў, П.Мсціславец. Друкарні дзейнічалі ў Брэсце, Нясвіжы, Вільні, Заблудаве, Еўі, Куцейне, Магілёве. Вял. ўклад у развіццё бел. культуры зрабілі В.Цяпінскі, П.Зізаній, Мамонічы, М.Сматрыцкі, Вашчанкі і інш. Вышэйшай навуч. установай у ВКЛ была Віленская акадэмія, заснаваная ў 1578. На Беларусі існавала сетка сярэдніх навуч. устаноў езуітаў з высокім узроўнем навучання. У 18 ст. ўзніклі піярскія вучылішчы, у 1773 пачала дзейнасць Адукацыйная камісія з сеткай дзярж. школ у кожным павеце. Развівалася музычнае мастацтва. Падрыхтоўка спевакоў вялася ў манастырскіх і брацкіх школах. З 17 ст. пры калегіумах і дварах магнатаў існавалі капэлы, якія складаліся з аркестра і групы вакалістаў. Яны суправаджалі тэатральныя спектаклі, балі, рэліг. службы, вайсковыя парады. У 18 ст. ў прыватнаўладальніцкіх гарадах існавалі прыдворныя тэатры з балетнымі трупамі. У 16—18 ст. дзейнічалі школьныя тэатры. Магнацкія замкі і рэзідэнцыі ператварыліся ў палацава-замкавыя ансамблі. У выяўл. мастацтве пашырыліся партрэтны і батальны жанры. Дасягнулі росквіту драўляная разьба і скульптура. У 18 ст. на мануфактурных прадпрыемствах выраблялі унікальныя ўзоры прыкладнога мастацтва — шпалеры, слуцкія паясы, вырабы са шкла (Урэцкая і Налібоцкая мануфактуры) і інш.
Палітычнае развіццё ў 2-й пал. 16—1-й пал.17 ст. Пасля Люблінскай уніі 1569 бел. землі амаль цалкам засталіся ў складзе ВКЛ і падзялялі лёс гэтай дзяржавы. Пасля адм.-тэр. рэформы 1565—66 і Люблінскай уніі ў складзе ВКЛ на бел. землях засталіся: Віленскае ваяв. з паветамі Ашмянскім, Браслаўскім, Лідскім і часткай Віленскага; Гродзенскі пав. Троцкага ваяв.; Полацкае ваяв., Навагрудскае ваяв. з паветамі Ваўкавыскім, Слонімскім і Навагрудскім, у склад якога ўваходзіла і Слуцкае княства (у 1791 пераўтворана ў Случарэцкі пав.); Віцебскае ваяв. з Віцебскім і Аршанскім пав.; Брэсцкае ваяв. з Брэсцкім і Пінскім пав.; Мсціслаўскае ваяв.; Мінскае ваяв. з Мінскім, Мазырскім і Рэчыцкім пав. У 1611—67 існавала Смаленскае ваяв. са Смаленскім і Старадубскім пав., але паводле перамір’я 1667 яно адышло да Расіі. (Шляхце, што выехала са Смаленскага ваяв., на бел.-літ. памежжы былі дадзены маёнткі; Смаленскае ваяв. і 2 яго паветы фармальна існавалі на тэр. Віленскага, 2 яго павятовыя соймікі выбіралі ў сойм па 2 дэпутаты.).
Пасля нядоўгага панавання караля польскага і вял. князя літоўскага Генрыка Валезы [1574] новым каралём і вял. князем выбраны князь Трансільваніі Стафан Баторый [1576—86]. Выкарыстаўшы нестабільнасць паліт. становішча ў Рэчы Паспалітай, цар Іван IV пачаў наступленне ў Лівоніі, і яго войскі занялі тэр. ад Дынабурга (цяпер Даўгаўпілс) да Рыгі. У ліп. 1579 40-тысячнае польскае і бел.-літ. войска Стафана Баторыя разам з венгерскімі і нямецкімі наёмнікамі рушыла да Полацка. Перадавыя бел.-літ. атрады пад камандаваннем вял. гетмана М.Радзівіла Рудога занялі замкі Казяны, Сітна і Краснае; пасля 26-дзённай аблогі 30.8.1579 вызвалены Полацк, 4 вер. ўзята крэпасць Сокал, праз месяц — Суша. У наступную кампанію 1580 войскі Стафана Баторыя занялі Усвят, Веліж, Вялікія Лукі, Невель, Завалочча, Езярышча, Холм і Старую Русу. У 1581 у адказ рас. войскі спустошылі ваколіцы Дуброўны, Оршы, Копысі, Шклова, Магілёва і Мсціслава. 26.8.1581 войскі Стафана Баторыя асадзілі Пскоў, але аблога не дала вынікаў. 15.1.1582 Рэч Паспалітая і Расія падпісалі Ям-Запольскае перамір’е на 10 гадоў, паводле якога Расія адмаўлялася ад Лівоніі, Полацкай зямлі і Веліжа, а Рэч Паспалітая вяртала ёй заваяваныя гарады на рас. тэрыторыі.
Пасля смерці Стафана Баторыя польскім каралём і вял. князем літоўскім выбраны шведскі каралевіч Жыгімонт Ш Ваза [1587—1632], які імкнуўся атрымаць падтрымку літ.-бел. магнатаў і шляхты. 28.1.1588 ён выдаў прывілей, якім зацвярджаўся Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. Пасля смерці свайго бацькі (1592) Жыгімонт заняў і шведскі трон. У сваёй палітыцы ён намагаўся знішчыць у Рэчы Паспалітай Рэфармацыю і вярнуць былыя пазіцыі каталіцкаму касцёлу пры падтрымцы ордэна езуітаў. У час абвяшчэння Брэсцкай уніі 1596 Жыгімонт падтрымаў іерархію і царкоўны сабор уніяцкай царквы. Як шчыры католік, Жыгімонт усяляк падтрымліваў ідэю царкоўнай уніі і дапамагаў ажыццяўляць яе, але як палітык і кіраўнік дзяржавы вымушаны быў лічыцца з рэальным становішчам у краіне і за яе межамі, таму ён далучыўся да пастаноў соймаў Рэчы Паспалітай 1609, 1618 і 1631, якія гарантавалі правы праваслаўных. Выступаючы супраць абсалютысцкіх планаў караля-католіка, шведскія дваране-пратэстанты на сойме пазбавілі Жыгімонта трона і каралём Швецыі абвясцілі яго дзядзьку Карла. З-за намаганняў Жыгімонта Вазы вярнуць шведскі трон у 1600 пачалася вайна Рэчы Паспалітай са Швецыяй, якая цягнулася да 1629.
У пач. 17 ст. кароль захапіўся новым планам, прапанаваным групай магнатаў і шляхты, — далучыць Маскоўскую дзяржаву да Рэчы Паспалітай у якасці члена федэрацыі або заключыць саюз з царом, якім меў быць каралевіч польскі. З гэтай мэтай кароль разам з магнатамі і шляхтай падтрымалі Лжэдзмітрыя I і Лжэдзмітрыя II, але калі апошняму не ўдалося захапіць Маскву, Жыгімонт пачаў рыхтавацца да вайны. У час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18 польскае і літ. войска, разбіўшы 4.7.1610 каля Клушына рас.-шведскае войска, падышло да Масквы, дзе адбыўся пераварот, і сын Жыгімонта каралевіч Уладзіслаў быў абвешчаны рас. царом. Польскае і літ. войска заняло Маскву. Жыгімонт не адпусціў сына ў Расію, бо схіляўся да дзярж. уніі Рэчы Паспалітай з Расіяй. 22—26.10.1612 другое апалчэнне пад кіраўніцтвам К.Мініна і Дз.Пажарскага вызваліла Маскву, а ў лют. 1613 земскі сабор выбраў на царскі трон Міхаіла Фёдаравіча Раманава. У 1617—18 каралевіч Уладзіслаў, які меў тытул цара маскоўскага і ўсяе Русі, сам узначаліў паход на Маскву, рас. ваяводы здавалі яму гарады «на імя царскае», але вычарпаныя баявыя рэсурсы і вял. страты ў людзях прымусілі абодва бакі пайсці на перагаворы. Паводле Дэулінскага перамір’я 1618 да ВКЛ адышлі землі Смаленшчыны з гарадамі Смаленск, Белая, Дарагабуж, Сярпейск, Рослаўль, Старадуб і Трубчэўск, а да Польшчы — Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі і Северская Украіна. Каралевіч Уладзіслаў захаваў тытул рас. цара, але і Міхаіл Раманаў застаўся на троне.
Пасля смерці Жыгімонта Вазы польскім каралём і вял.кн. літоўскім выбраны яго сын Уладзіслаў IV Ваза [1632—48]. Яшчэ да абрання караля, выкарыстаўшы міжуладдзе ў Рэчы Паспалітай, рас. цар Міхаіл Фёдаравіч пачаў вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. Рас. войскі асадзілі Смаленск, але горад вытрымаў аблогу. Рас. войска было акружана польскім і бел.-літ. войскамі, якія ўзначальваў кароль Уладзіслаў, і капітулявала. Палянаўскі мір 1634 пацвердзіў умовы Дэулінскага перамір’я пра пераход Смаленскага ваяв. ў склад ВКЛ. Кароль Уладзіслаў вымушаны быў адмовіцца ад тытула рас. цара і вярнуў крыжацалавальную грамату масквічоў 1610 аб выбранні яго царом.
У канцы 16 — пач. 17 ст. ўскладнілася становішча на Украіне. Інкарпарацыя ўкр. ваяводстваў Польшчай стварыла магчымасць для пранікнення на Украіну польскай шляхты і каталіцкага духавенства, што прывяло да запрыгоньвання дзесяткаў і соцень тысяч укр. сялян, узмацнення нац. прыгнёту і рэліг. супярэчнасцей. Няўстойлівая пазіцыя іерархаў правасл. царквы садзейнічала канфрантацыі, асабліва з боку казацтва, якое было абмежавана ў правах і хацела пазбавіцца кантролю з боку польскіх улад. У канцы 16 ст. адбыўся шэраг казацкіх выступленняў і паўстанняў, да якіх далучаліся найб. актыўныя і вольналюбівыя сяляне. Казакі выступалі як абаронцы «простага народу» («людзей паспалітых») — сялян і гараджан. Адным з найбольшых антыфеад. казацка-сял. выступленняў на Украіне і на паўд.-ўсх. Беларусі было Налівайкі паўстанне 1594—96. Адступаючы пад націскам 7-тысячнага войска рэестравых (запісаных на каралеўскую службу) казакоў, паўстанцы адышлі на Палессе, дзе да іх далучыліся мясц. сяляне, мяшчане і дробная шляхта, захапілі Петрыкаў і Слуцк. Пасля паражэння пад Капылём 2-тысячны атрад казакоў і сялян заняў Магілёў, але пасля Буйніцкай бітвы 1595 паўстанцы зноў адступілі на Палессе і праз Тураў і Пінск адышлі на Валынь.
У апошнія гады жыцця Уладзіслаў Ваза распрацоўваў планы вял. вайны супраць Турцыі і Крымскага ханства, войскі якіх рабілі набегі на ўкр. і польскія землі. Ён разлічваў на саюз з Расіяй і на ўкр. казацтва, але гэта выклікала незадавальненне магнатаў і заможнай шляхты. Уладзіслаў вымушаны быў адмовіцца ад планаў вайны з Турцыяй. Казакі тым часам працягвалі рыхтавацца да вайны, толькі супраць польскай шляхты. У студз. 1648 гетманам запарожскага войска быў выбраны Б.Хмяльніцкі, які заключыў саюзны дагавор з крымскім ханам і на чале казацкага войска і 4-тысячнага атрада крымскіх татараў разграміў польскія войскі каля Жоўтых Водаў і Корсуня, што стала сігналам для нар. паўстання ва ўсх. і цэнтр. частках Украіны. Пачалася антыфеадальная вайна 1648—51. 20.5.1648 памёр кароль Уладзіслаў. Скарыстаўшы перыяд міжуладдзя, казацкія войскі занялі ўсю Левабярэжную Украіну і Кіеў. 20.11.1648 каралём і вял. князем літоўскім быў выбраны малодшы брат Уладзіслава Ян II Казімір [1648—68], які заключыў з Хмяльніцкім перамір’е.
У дачыненні да Беларусі ў Хмяльніцкага былі асобныя планы. Ён хацеў адцягнуць ад наступлення на Украіну войскі Рэчы Паспалітай і звязаць іх ваен. дзеяннямі на тэр. Беларусі, а пры спрыяльнай сітуацыі далучыць частку Беларусі (асабліва Палессе і Падняпроўе) да Украіны. Улетку 1648 на поўдні Беларусі з’явіліся казацкія загоны (атрады) Галавацкага, А.Нябабы, Крывашапкі, Гаркушы, Міхненкі, Паддубскага і інш., якія рабавалі панскія маёнткі, касцёлы і кляштары, знішчалі фінансавыя дакументы, забівалі каталіцкіх святароў і манахаў. Да казакоў далучаліся сяляне і частка гараджан. Паўстанцы захапілі Гомель, Лоеў, Брагін, Мазыр, Тураў, Пінск, Бабруйск. У канцы 1648 у раёне Брэста сабралася войска пад камандаваннем гетмана польнага Я.Радзівіла, якое, рухаючыся ўздоўж Прыпяці на ўсход, авалодала Туравам, Мазыром, Бабруйскам, Рэчыцай. Вясной 1649 на Беларусь былі накіраваны новыя казацкія атрады Галоты, Падбайлы, Гаркушы, цераз Дняпро пераправіўся вял. казацкі атрад М.Крычэўскага, да якога далучыліся сяляне. З 1.7.1649 аб’яднанае казацка-сял. войска Крычэўскага было акружана, але з вял. стратамі (загінуў сам Крычэўскі) часткова выйшла з аблогі. У 1651 адбыліся паўстанні ў раёнах Мсціслава, Прапойска, Чачэрска і Горваля, якія былі падаўлены ўрадавым войскам, бо на дапамогу ім казацкія атрады ўжо не прыйшлі: Хмяльніцкі ў выніку паражэння заключыў з Польшчай Белацаркоўскі мірны дагавор. У ліп. 1651 войска Я.Радзівіла накіравалася на Украіну, па дарозе каля лоеўскіх перапраў разбіла 15-тысячнае казацкае войска М.Нябабы (сам Нябаба загінуў) і заняло Кіеў.
Вайна 1654—67. У кастр. 1653 земскі сабор у Маскве прыняў пастанову аб далучэнні Левабярэжнай Украіны да Расіі, а ў студз. 1654 Пераяслаўская рада зацвердзіла гэту пастанову. Улетку 1654 пачалася вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Цар Аляксей Міхайлавіч выставіў 80—83 тыс.чал. супраць 10-тысячнага войска ВКЛ. З поўдня на Беларусь наступала 20-тысячнае казацкае войска. У кампанію 1654 рас. войскі занялі Смаленск, Мсціслаў, Шклоў, Оршу, Дуброўну; казакі І.Залатарэнкі занялі Гомель, Чачэрск, Новы Быхаў і аблажылі Стары Быхаў, 24 жн. здаўся Магілёў. На поўначы Беларусі армія В.П.Шарамецева заняла Невель, Полацк, Дзісну, Друю, Усвят, у ліст. 1654 Віцебск. Рас. войскі наступалі таксама ў Інфлянтах і разам з укр. казакамі — на Украіне. У канцы 1654 — пач. 1655 войскі Я.Радзівіла, А.Гансеўскага, П.Сапегі, Е.Глябовіча, С.Аскеркі перайшлі ў наступленне: у снежні 1654 знята аблога Старога Быхава, вызвалены Копысь, Дуброўна і Орша, зроблена спроба заняць Магілёў. Аднак улетку 1655 рас. войска і ўкр. казакі правялі паспяховае наступленне: занялі ўсю цэнтр. і значную частку зах. Беларусі; зноў захапілі Дуброўну, Оршу, Копысь, у ліпені — Свіслач, Барысаў, Мінск, у жніўні — Вільню, Гродна і Коўна, казацкія атрады занялі Прынямонне. Не здолеўшы авалодаць Старым Быхавам і Слуцкам, армія А.М.Трубяцкога рэйдам прайшла па Беларусі, заняла і спаліла Клецк, Ляхавічы, Мыш, Сталовічы, Слонім, Навагрудак, дзе злучылася з казацкім атрадам В.Залатарэнкі і на зваротным шляху спаліла Нясвіж, Капыль, зноў безвынікова імкнулася авалодаць Слуцкам. На поўдні атрад Валконскага захапіў і спаліў Тураў, Давыд-Гарадок, Столін і Пінск.
Улетку 1655 армія шведскага караля Карла X Густава напала на Польшчу і заняла амаль усю яе тэр. (за выключэннем усх. і ўкр. ваяводстваў). Шведскі кароль прапанаваў Аляксею Міхайлавічу план падзелу Рэчы Паспалітай, аддаючы цару тэр. на ўсход ад лініі Слуцк—Мінск—Докшыцы—Дзісна, але цар адмовіўся, бо рас. войскі і без таго займалі бел. і літ. землі. Частка феад. знаці вырашыла захаваць дзяржаўнасць ВКЛ у саюзе са Швецыяй. 20.10.1655 Я.Радзівіл, яго стрыечны брат Б.Радзівіл з вял. групай шляхты (пераважна з Жамойці) заключылі Кейданскі дагавор 1655 аб уніі ВКЛ са Швецыяй, прызнаючы Карла X Густава вял. князем літоўскім. Шляхце і каталіцкаму касцёлу пакідаліся ранейшыя прывілеі. Частка шляхты выказалася за Аляксея Міхайлавіча ў якасці вял. князя літоўскага, частка шляхты працягвала барацьбу з рас. і шведскімі войскамі, выступаючы за захаванне дзярж. уніі з Польшчай. Рыхтуючыся да вайны супраць Швецыі за Прыбалтыку, рас. цар заключыў з Рэччу Паспалітай Віленскае перамір’е 1656.
На захопленай тэр. Беларусі была ўстаноўлена рас. адміністрацыя, у буйныя гарады былі прызначаны рас. ваяводы. Шляхце, якая прысягнула цару, рас. ўрад захаваў маёнткі і саслоўныя правы. Тыя шляхціцы, што аказвалі супраціўленне ці былі ўзяты ў палон, пазбаўляліся маёнткаў. За правасл. царквой захоўваліся ўсе ўладанні і правы. Была забаронена дзейнасць рымска-каталіцкага касцёла і уніяцкай царквы, зачынены касцёлы і кляштары, каталіцкія навуч. ўстановы. Гарады Беларусі, разрабаваныя і абязлюджаныя, атрымалі граматы на дазвол рамесніцка-гандлёвай дзейнасці. У гарадах з магдэбургскім правам на час вайны дазвалялася самакіраванне, але пад кантролем рас. ваявод. Асабліва пагоршылася становішча сялян, бо дваране з рас. войска вывозілі іх у свае маёнткі ў Расіі. Укр. казацкая старшына намагалася далучыць усх. частку Беларусі да Украіны. Казацкія войскі на Беларусі ўзначальваў І.Нячай. Пасля Гадзяцкага дагавора 1658 Нячай з казакамі перайшоў на бок Рэчы Паспалітай і заняў значную частку ўсх. Беларусі (Быхаў, Чавусы, Мсціслаў, Рослаўль і інш.) і некат. паўд. раёны. 14.2.1659 рас. войскі штурмам узялі Стары Быхаў, дзе знаходзіўся апорны пункт казакоў Нячая, і жорстка расправіліся з кіраўнікамі казацкіх атрадаў. Толькі па просьбе новага гетмана Украіны Ю.Хмяльніцкага Нячай быў памілаваны і высланы ў Табольск.
Увосень 1659 на Беларусь была кінута моцная рас. армія пад камандаваннем І.А.Хаванскага, якая ў снежні авалодала Гроднам, 15.1.1660 заняла Брэст, у сак. 1660 аблажыла ўмацаваную крэпасць П.Я.Сапегі — Ляхавічы. Аб’яднанае войска ВКЛ пад камандаваннем Сапегі і польскае войска пад камандаваннем С.Чарнецкага ў бітве 28.6.1660 каля Палонкі (Слонімскі пав.) перамаглі армію Хаванскага. 3.7.1660 войскі Сапегі і Чарнецкага занялі Мінск і вызвалілі тэр. на захад ад Бярэзіны. Хаванскі з рэшткамі войска пацярпеў паражэнне каля Чарэі і адступіў у Полацк. 8.10.1660 аб’яднаныя войскі Рэчы Паспалітай сустрэлі каля Чавус рас. войска Ю.А.Далгарукага і не дапусцілі аб’яднання яго з войскамі Хаванскага. 12.2.1661 гараджане Магілёва за адну ноч знішчылі 3-тысячны гарнізон стральцоў, такія ж паўстанні адбыліся ў Дзісне, Себежы, Гомелі і інш. гарадах. 2.12.1661 вызвалена Вільня. Ваен. дзеянні прыпыніліся на 2 гады, бо больш чым палове войска ВКЛ не выплацілі жалавання. Але Расія ўжо не магла скарыстаць сітуацыю. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 Расія захавала Смаленскае ваяв., Левабярэжную Украіну і Кіеў. Вайна 1654—67 была нац. трагедыяй бел. народа. Большасць гарадоў, вёсак і мястэчак была разрабавана і зруйнавана, сельская гаспадарка, рамёствы і гандаль прыйшлі ў заняпад. Колькасць насельніцтва Беларусі скарацілася напалову (у 1650 на Беларусі жыло 2,9 млн.чал., у 1667—73—1,4 млн.чал.). Найб. скарацілася колькасць насельніцтва ва ўсх. і цэнтр. Беларусі: у Полацкім, Віцебскім, Мсціслаўскім і Мінскім ваяводствах на 60—70%, у Навагрудскім, Брэсцкім і Віленскім ваяводствах на 35—45%. Эканоміка Беларусі апынулася ў стане глыбокага заняпаду.
Палітычнае развіццё ў 2-й пал. 17 — сярэдзіне 18 ст. Расчараваны ў выніках войнаў у час яго панавання і ў марнасці рэфармавання дзярж. ладу Рэчы Паспалітай, кароль Ян II Казімір Ваза ў 1668 адрокся ад трона. Новым польскім каралём і вял. князем літоўскім выбраны Міхал Вішнявецкі [1669—73]. Паводле пастановы сойма 1673, кожны трэці сойм (акрамя тых, што выбіралі караля) збіраўся ў ВКЛ у Гродне. Наступным каралём польскім і вял. князем літоўскім быў выбраны Ян III Сабескі [1674—96], якога падтрымлівалі магнаты і шляхта прафранцузскай арыентацыі. «Вечны мір» 1686 паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй замацаваў дзярж. граніцы і стварыў умовы для сумесных дзеянняў супраць Турцыі і Крымскага ханства. Але 9-ы артыкул гэтага дагавора даваў магчымасць царызму пад выглядам абароны праваслаўя пастаянна ўмешвацца ва ўнутр. справы Рэчы Паспалітай.
У асяроддзі магнатаў усё больш разгаралася барацьба за вярхоўную ўладу ў ВКЛ. Каралеўская ўлада намагалася супрацьпаставіць адну групоўку магнатаў другой. У 1660—1-й пал. 1670-х г. найбольшага паліт. ўплыву на Беларусі дамагліся Пацы — кіраўнікі шляхецкай прааўстрыйскай групоўкі. Пасля выбрання каралём Яна III Сабескага Пацы ўзначалілі апазіцыю каралю. Яны атрымлівалі грашовыя субсідыі ад Аўстрыі і Брандэнбурга, наладзілі сувязі з Расіяй. Кароль жа падтрымаў сем’і Сапегаў і Агінскіх, якія выступалі супраць Пацаў. Гэтае саперніцтва скончылася перамогай Сапегаў (1-я пал. 1680-х г.), якія атрымалі ад Яна III Сабескага высокія пасады ў дзяржаве. Умацаваўшы сваё становішча, Сапегі выступілі супраць караля, маючы намер стаць на чале самастойнай ВКЛ. Аднак у асяроддзі бел. і літ. шляхты расла незадаволенасць усеўладдзем і злоўжываннямі Сапегаў. У 1696 супраць іх пачалася адкрытая барацьба бел. і літ. шляхты. Канфедэрацыйны сойм 29.8.1697 канчаткова ўраўнаваў правы шляхты ВКЛ з правамі шляхты Польшчы. На элекцыйным сойме 1697 ураўнаванне правоў было зацверджана з узмацненнем кантролю шляхты над дзейнасцю вышэйшых службовых асоб у ВКЛ. Адным з пунктаў гэтай пастановы была замена бел. мовы як афіцыйнай у ВКЛ на польскую, але з захаваннем юрыдычнай моцы ранейшых дзярж. актаў на бел. мове. На практыцы кандыдаты на ўсе судовыя пасады павінны былі валодаць бел. мовай, каб дакладна ведаць і тлумачыць ранейшыя дзярж. акты, а таксама розныя дакументы. Аднак увядзенне польскай мовы як афіцыйнай садзейнічала паланізацыі мясцовай шляхты і вярхоў мяшчанства.
Выбраны пры падтрымцы Аўстрыі і Расіі каралём і вял. князем літоўскім Аўгуст II [1697—1706, 1709—33], курфюрст саксонскі, імкнуўся прымірыць варагуючыя бакі. Аднак канфлікт паміж Сапегамі і большай часткай шляхты Беларусі і Літвы на чале з Р.А.Агінскім і Вішнявецкімі набыў характар вайны. У ліст. 1700 пад Алькенікамі (паблізу Вільні) адбылася вырашальная бітва паміж атрадамі Сапегаў і шляхты; войска Сапегаў было разбіта. Аўгуст II скарыстаў гэта, каб умацаваць сваю ўладу ў ВКЛ. Яго прыхільнікі на чале з Агінскім, а таксама праціўнікі Сапегаў — Радзівілы, Пацы і Вішнявецкія, выступілі з праектам выхаду ВКЛ са складу Рэчы Паспалітай і стварэння спадчыннай манархіі для Аўгуста II і яго нашчадкаў. У Беларусь і Літву былі ўведзены саксонскія войскі для «прымірэння бакоў», быццам бы для аховы гэтай тэр. ад шведскіх войск.
У Паўночную вайну 1700—21 Аўгуст II уступіў як курфюрст Саксоніі і як саюзнік Пятра I. Напачатку Рэч Паспалітая не ўдзельнічала ў вайне. У пач. 1702 войскі шведскага караля Карла XII праз Гродна прайшлі ў Польшчу. А ў Беларусі і Літве працягвалася барацьба паміж большай часткай шляхты і Сапегамі, якія перайшлі на бок шведаў. Сапегі арганізавалі казацка-сялянскія атрады, што дзейнічалі ва ўсх. частцы Беларусі (Дуброўна, Галоўчын, Быхаў), пакуль не былі разбіты ў лютым 1702. Прадстаўнікі шляхты ’падпісалі дагавор з Расіяй, паводле якога Пётр I абяцаў ваен. і грашовую дапамогу ВКЛ. Скліканая вясной 1703 генеральная канфедэрацыя ВКЛ абвясціла саюз з Расіяй. Карл XII арганізаваў канфедэрацыю, якая 13.7.1704 выбрала каралём польскім і вял. князем літоўскім пазнанскага ваяводу Станіслава Ляшчынскага. Увосень 1704 60-тысячная рас. армія пад камандаваннем А.І.Рапніна ўвайшла ў Беларусь, да лета 1705 частка арміі заняла Гродна, другая частка — раёны Мінска і Слуцка. Карл XII вярнуўся з Польшчы на Беларусь і аблажыў Гродна, але рас. войску ў сак. 1706 удалося вырвацца і праз Брэст адысці ў Кіеў. Шведскае войска разам з атрадамі К.Я.П.Сапегі прайшло па цэнтр. Беларусі, руйнуючы маёнткі шляхты. Пацярпеўшы паражэнне, Аўгуст II паводле ўмоў Альтранштацкага дагавора 1706 адмовіўся ад кароны на карысць Станіслава Ляшчынскага, на бок якога перайшлі Радзівілы, Пацы, Вішнявецкія і частка шляхты. Аднак Сандамірская канфедэрацыя ў Польшчы і генеральная канфедэрацыя ВКЛ не прызналі гэтага дагавора, іх падтрымліваў Пётр I. У студз. 1708 шведскія войскі зноў увайшлі ў Беларусь, занялі Гродна і рушылі на ўсход. 15.7.1708 каля мяст. Галоўчын адбылася бітва паміж рас. і шведскімі войскамі, у ходзе якой корпус Рапніна быў разбіты. Шведы занялі Магілёў і рушылі на ўсход. У баях каля вёсак Добрае і Раеўка (Мсціслаўскае ваяв.) у вер. 1708 авангард шведскай арміі панёс страты. Карл XII накіраваў сваё войска на Украіну. 9.10.1708 каля в. Лясная армія Пятра I разбіла шведскі корпус графа А.Левенгаўпта, які ішоў на дапамогу Карлу XII. Пасля перамогі рас. войск у бітве пад Палтавай 8.7.1709 на тэр. Беларусі адбываліся ваен. дзеянні паміж рас. войскамі і канфедэратамі, з аднаго боку, і прыхільнікамі Станіслава Ляшчынскага, з другога. Аўгуст II вярнуўся ў Польшчу і зноў заключыў саюз з Пятром I. Паўн. вайна прычыніла вял. страты Беларусі, шмат якія гарады былі спалены, колькасць насельніцтва зменшылася (з 2,2 млн.чал. да вайны да 1,5 млн.чал.). Неўзабаве пасля вяртання Аўгуста II на Беларусі пачалася барацьба паміж прыхільнікамі гетмана вялікага ВКЛ Л.К.Пацея, які пры падтрымцы Пятра I яшчэ раней фактычна сканцэнтраваў у сваіх руках уладу ў ВКЛ, і прыхільнікамі караля на чале з гетманам польным ВКЛ С.Э.Дэнгафам. Віленская канфедэрацыя 1716 выступіла супраць абсалютысцкіх планаў караля. «Нямы» сойм 1717 пад дыктоўку Пятра I абмежаваў уладу караля і гетманаў, пацвердзіў права «ліберум вета», польскае войска скарачалася да 18 тыс.чал., войска ВКЛ — да 6 тыс.чал., аднак замест войск часовага набору стваралася пастаяннае войска. З таго часу ўплыў Расіі на паліт. жыццё ў Рэчы Паспалітай стаў пастаянным. Пасля смерці караля Аўгуста II, шляхта выбрала 12.9.1733 каралём польскім і вял. князем літоўскім Станіслава Ляшчынскага, стаўленіка Францыі, што не адпавядала інтарэсам Расіі. Маршам праз Беларусь на тэр. Польшчы ўвайшлі рас. войскі. Рас. камандаванне і дыпламаты арганізавалі новыя выбары. 5.10.1733 новым каралём польскім і вял. князем літоўскім выбраны Аўгуст III [1733—63], курфюрст Саксоніі, сын Аўгуста II. У час яго кіравання ішло далейшае паглыбленне паліт. крызісу Рэчы Паспалітай, соймы пастаянна зрываліся, што паралізавала дзейнасць цэнтр. улады. Пасля смерці Аўгуста III па прапанове Кацярыны II на выбарчым сойме выбраны апошні кароль польскі і вял. князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі [1764—95], які пачаў праводзіць палітыку памяркоўных рэформ дзярж. ладу, што выклікала незадаволенасць урадаў Расіі і Прусіі, інтарэсам якіх адпавядала слабая Рэч Паспалітая.
Падзелы Рэчы Паспалітай. Карыстаючыся правам абароны правоў праваслаўных у Рэчы Паспалітай, Кацярына II, а таксама прускі кароль Фрыдрых II, які да яе далучыўся, прапанавалі праект ураўнавання ў паліт. правах шляхты-дысідэнтаў (некатолікаў) з каталіцкай шляхтай. Калі сойм адхіліў гэты праект, у Рэч Паспалітую былі ўведзены рас. войскі. Пры падтрымцы рас. пасла М.В.Рапніна шляхта-дысідэнты ў 1767 стварылі пратэстанцкую канфедэрацыю ў Торуні і кальвінісцка-праваслаўную Слуцкую канфедэрацыю 1767, якія пры падтрымцы Расіі і Прусіі імкнуліся ўраўнаваць правы дысідэнцкай шляхты з каталіцкай. Абедзве канфедэрацыі былі прыняты пад «найвысачэйшую пратэкцыю» Кацярыны II, якая прыслала ім на дапамогу 40-тысячную армію. Сойм пад націскам Расіі ў 1768 згадзіўся прыняць пастанову аб ураўнаванні правоў некаталіцкай шляхты з каталіцкай. Патрыятычна настроеная шляхта і праціўнікі ўраўнавання правоў арганізавалі Барскую канфедэрацыю 1768, якая выступала за цэласнасць і незалежнасць дзяржавы. Атрады канфедэратаў дзейнічалі ў Брэсцкім і Мсціслаўскім ваяводствах, Ашмянскім, Аршанскім, Браслаўскім і Ваўкавыскім паветах. У кастр. 1768 рас. войскі разграмілі канфедэратаў пад Дзярэчынам (Слонімскі пав.) і занялі Нясвіжскую і Слуцкую крэпасці. У 1769 атрад канфедэратаў перамог рас. войскі ў баях пад Бераставіцай, Слонімам, Мышшу. У чэрв. 1770 з Літвы на Беларусь перайшоў атрад Ш.Касакоўскага, які складаўся пераважна з дробнай шляхты, а таксама сялян. Ён дзейнічаў у раёнах Мядзела, Радашковіч, Мінска. Зноў узнялася на барацьбу шляхта ў Ашмянскім і Браслаўскім паветах, у Мсціслаўскім і Полацкім ваяводствах. Неўзабаве атрад Касакоўскага быў разбіты пад Навагрудкам. У вер. 1771 на бок канфедэратаў перайшоў гетман вялікі ВКЛ М.К.Агінскі, але яго 3-тысячны атрад быў разбіты войскам А.В.Суворава пад Сталовічамі. Вынікам разгрому барскіх канфедэратаў была дамоўленасць паміж урадамі Расіі і Прусіі (сакрэтная канвенцыя ад 5.8.1772; пазней далучылася і Аўстрыя) пра першы падзел Рэчы Паспалітай. Паводле канвенцыі Прусія атрымала паўн.-зах. частку Польшчы, Аўстрыя — паўд. частку Польшчы і большую частку зах. Украіны са Львовам (Галіцыю). Да Расіі былі далучаны землі ўсх. і паўн. Беларусі на поўнач ад Зах. Дзвіны, на ўсход ад Друці і Дняпра, а таксама Інфлянцкае ваяводства.
У 1770—80-я г. ўрад Рэчы Паспалітай правёў некаторыя рэформы, накіраваныя на паляпшэнне гандлю і прававога становішча мяшчан, развіццё прамысловасці. Была створана Адукацыйная камісія, рэарганізавана сістэма адукацыі. Патрыятычныя колы на Чатырохгадовым сойме 1788—92 правялі некалькі наспелых рэформ, хоць і палавінчатых. У 1791 сойм змяніў адміністрацыйны падзел у дзяржаве (з 34 паветаў у ВКЛ 20 было на тэр. Беларусі). Была прынята Канстытуцыя 3 мая 1791, якая захавала правы і прывілеі шляхты, аднак падкрэслівала неабходнасць збліжэння яе з мяшчанствам. Сял. саслоўе абвяшчалася пад заступніцтвам закона, але пры існаванні дагавора сялян з панам прыгоннае права не адмянялася. Права «ліберум вета» і канфедэрацыі скасоўваліся, усе рашэнні на сойме павінны былі прымацца большасцю галасоў. Канстытуцыя абвяшчала ўтварэнне унітарнай дзяржавы, аднак у Беларусі і Літве захоўваліся асобныя дзярж. пасады, працягвала існаваць войска ВКЛ. Канстытуцыя мела прагрэсіўны характар, яна ліквідавала феад. анархію і стварала спрыяльныя ўмовы для развіцця капіталіст. адносін. Рэакцыйныя колы магнатаў і шляхты, якіх падтрымала беззямельная шляхта, што знаходзілася пад уплывам магнатаў і была пазбаўлена выбарчых правоў, звярнуліся да Кацярыны II з просьбай аб дапамозе ў барацьбе супраць Канстытуцыі. 27.4.1792 у Пецярбургу складзены акт канфедэрацыі і да граніцы з Рэччу Паспалітай перакінуты рас. войскі. У памежным мяст. Таргавіца (Украіна) быў апублікаваны акт Таргавіцкай канфедэрацыі. Рас. войскі з групай канфедэратаў пачалі прасоўвацца на тэр. Беларусі і Правабярэжнай Украіны. Пасля некалькіх бітваў войскі ВКЛ і Польшчы адступілі ў ліп. 1792 за Зах. Буг. Кароль далучыўся да канфедэрацыі. Канфедэрацыі ВКЛ і Польшчы аб’ядналіся. Канстытуцыя і іншыя рэформы Чатырохгадовага сойма адмяняліся. Таргавіцкая канфедэрацыя фактычна падрыхтавала другі падзел Рэчы Паспалітай. 23.1.1793 у Пецярбургу падпісана новая канвенцыя паміж Расіяй і Прусіяй. Апошняя атрымала зах. частку польскіх зямель з г. Познань; Расія — цэнтр. частку Беларусі з гарадамі Барысаў, Мінск, Бабруйск, Слуцк, Мазыр, Пінск, а таксама Правабярэжную Украіну. У складзе Рэчы Паспалітай засталася частка польскіх зямель, зах. Беларусь, Валынь, Падляшша, Літва, Жамойць і Курляндыя. Гродзенскі сойм 1793 маўкліва прыняў рашэнне аб другім падзеле Рэчы Паспалітай. Асн. маса магнатаў, шляхты і духавенства прысягнулі Кацярыне II, аднак патрыятычныя колы шляхты і мяшчан, шматлікая дробная шляхта, прагрэсіўнае афіцэрства і духавенства зрабілі спробу захаваць незалежнасць дзяржавы, вярнуць страчаныя тэрыторыі і працягваць рэформы.
24.3.1794 на кракаўскім рынку быў абвешчаны акт паўстання 1794, начальнікам якога прызначаны ген. У.Касцюшка, па паходжанні шляхціц з Брэсцкага пав. У красавіку да паўстання далучыліся Літва і Беларусь. 23.4.1794 утворана Найвышэйшая Літоўская рада — часовы рэв. ўрад Літвы і зах. Беларусі. Спачатку паўстанне мела некаторы поспех. У гарадах і паветах Беларусі і Літвы былі створаны органы паўстанцкай улады. Сяляне верылі Найвышэйшай радзе, якая абяцала скасаваць прыгоннае права, і таксама прынялі ўдзел у паўстанні або дапамагалі паўстанцам. 7.5.1794 Паланецкім універсалам Касцюшка абвясціў сялян свабоднымі, але зямлю пакідаў панам, ператвараючы сялян у арандатараў. Асн. маса заможнай шляхты сабатавала гэты універсал, што адштурхнула сялян ад паўстання. Каб адцягнуць сялян ад паўстання, рас. генералы абвясцілі амністыю сялянам-паўстанцам. Акрамя таго, узніклі супярэчнасці паміж Касцюшкам і Найвышэйшай Літоўскай радай. Абвінаваціўшы раду ў дзеяннях супраць «уніі братніх народаў», Касцюшка распусціў яе і ўтварыў Цэнтральную дэпутацыю Вялікага княства Літоўскага, якая складалася з больш памяркоўных элементаў (са жніўня да кастр. знаходзілася ў Гродне). У чэрвені—жніўні найб. актыўныя ваенныя дзеянні адбываліся на Гродзеншчыне і Віленшчыне. У жніўні атрад С.Грабоўскага прабіўся ў Мінскую губ., але ў Любанскім баі быў разбіты і капітуляваў. Разгром паўстання на Беларусі давяршыў корпус Суворава (12 тыс.чал.), які нанёс паражэнне 17 вер. корпусу К.Серакоўскага і атраду К.Князевіча (5 тыс.чал.) у час Крупчыцкага бою. І.Е.Ферзен нанёс паражэнне паўстанцам у Мацяёвіцкай бітве (10.10.1794), дзе паранены Касцюшка трапіў у палон. Паўстанне скончылася паражэннем. Рэч Паспалітая была акупіравана рас., прускімі і аўстрыйскімі войскамі. 24.10.1795 у Пецярбургу падпісана канвенцыя аб трэцім падзеле Рэчы Паспалітай. Расія далучыла да сваіх уладанняў землі зах. Беларусі, большую частку Літвы (на поўнач і ўсход ад Нёмана), Курляндыю і Валынь. Мазовія з Варшавай, Падляшша з Беластокам і Бельскам, Занёманская Літва (на поўдзень ад Коўна) аддадзены Прусіі. Аўстрыя атрымала Малую Польшчу з Кракавам і Люблінам і паўд. частку Падляшша, а таксама зах. частку Брэсцкага ваяв. (за Зах. Бугам). Кароль і вял. князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі 25.11.1795 адмовіўся ад трона і перавезены ў Гродна. Рэч Паспалітая спыніла сваё дзярж. існаванне.
Літ.:
Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого Литовского статута: Ист. очерки. [М., 1892];
Яго ж. Литовско-русский сейм. М., 1900;
Яго ж. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно. 2 изд. М., 1915;
Довнар Запольский М. Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягеллонах. Т. 1. Киев, 1901;
Яго ж. История Белоруссии. Мн., 2003;
Лаппо И.И. Великое княжество Литовское за время от заключения Люблинской унии до смерти Стефана Батория (1569—1586). Т. 1. СПб., 1901;
Максимейко Н.А. Сеймы Литовско-Русского государства до Люблинской унии 1569 г. Харьков, 1902;
Sierzputowski T. Pierwsza próba reformy polityczny w Polsce. Warszawa, 1905;
Малиновский И. Рада Великого Княжества Литовского в связи с боярской думой древней России. Ч. 2, вып. 2. Томск, 1912;
Halecki O. Dzieje unii Jagiellońskiej. T. 1—2. Kraków, 1919—20;
Feldman J. Polska w dobie wielkiej wojny północnej, 1704—1709. Kraków, 1925;
Kolankowski L. Dzieje Wielkiego Księstwa Litewskiego za Jagiellonów. T. l.Warszawa, 1930;
Пресняков А.Е. Лекции по русской истории: (читанные автором в 1908—1910 гг.). Т. 2, вып. 1. М., 1939;
Пичета В.И. Аграрная реформа Сигизмунда-Августа в Литовско-Русском государстве. 2 изд. М., 1958;
Яго ж. Белоруссия и Литва XV—XVI вв. М., 1961;
Пашуто В.Т. Образование Литовского государства М., 1959;
Bardach J. Studia z ustroju i prawa Wielkiego Księsiwa Litewskiego XIV—XVII w. Warszawa, 1970;
Яго ж. O dawnej i niedawnej Litwie. Poznań, 1988;
Morzy J Kryzys demograficzny na Litwie i Białorusi w II połowie XVII wieku. Poznań, 1965;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;
Łowmiański H. Studia nad dziejami Wielkiego Księstwa Litewskiego. Poznań, 1983;
Ігнатоўскі У.М. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. 5 выд.Мн., 1991;
Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992;
Насевіч В. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. Мн., 1993;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994;
Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя. Мн., 2001;
Краўцэвіч А.К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. 2 выд. Rzeszów, 2000;
Ермаловіч М.І. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. 2 выд.Мн., 2001;
Яго ж. Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае. 2 выд.Мн., 2003;
Дзмітрачкоў П.Ф. Беларусь у складзе Вялікага княства Літоўскага: (Другая палова XIII — першая палова XVII стст.). Магілёў, 2003.
А.П.Грыцкевіч.
Грунвальдская бітва 1410. Карціна Я.Матэйкі.Статут ВКЛ 1529.Люблінская унія 1569. Карціна Я.Матэйкі.Скроневыя кольцы і іншыя ўпрыгожанні крывічоў. Знаходкі з курганнага могільніка Казлоўцы.Скроневыя кольцы і іншыя ўпрыгожанні дрыгавічоў. Знаходкі з курганнага могільніка Каласы.Скроневыя кольцы і іншыя ўпрыгожанні радзімічаў. Знаходкі з курганнага могільніка Ветачка.Захоп Мінска паўднёварускімі князямі пасля Нямігскай бітвы 1067 і ўгон жыхароў у палон. Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу.Тураў у 12—13 ст. Рэканструкцыя П.Ф.Лысенкі, мастак Я.Г.Каробушкін.Берасцяная грамата 13—14 ст. з Мсціслава.Інтэр’ер дома з фрэскамі 12 ст. ў Навагрудку. Рэканструкцыя В.Сташчанюка паводле матэрыялаў Ф.Д.Гурэвіч.Грунвальдская бітва 1410. Карціна Я.Матэйкі.Статут ВКЛ 1529.Люблінская унія 1569. Карціна Я.Матэйкі.Аблога Брэста шведамі ў 1657. Гравюра Э.Дальберга.Карыкатура на 1-ы падзел Рэчы Паспалітай. 1772.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́Я, Расійская Федэрацыя,
дзяржава ва Усх. Еўропе і Паўн. Азіі. На ПнЗ мяжуе з Нарвегіяй і Фінляндыяй, на З з Эстоніяй, Латвіяй, Літвой, Польшчай, Беларуссю, на ПдЗ з Украінай, на Пд з Грузіяй, Азербайджанам, Казахстанам, на ПдУ з Кітаем, Манголіяй і КНДР. На Пн абмываецца водамі Паўн. Ледавітага ак. (Баранцава, Белае, Карскае, Лапцевых, Усх.-Сібірскае і Чукоцкае моры), на У — Ціхага ак. (Берынгава, Ахоцкае і Японскае моры), на З і ПдЗ — Атлантычнага ак. (Балтыйскае, Чорнае і Азоўскае моры). Працягласць сухапутных граніц 20,3 тыс.км, марскіх — каля 38 тыс.км. Пл. 17 075,4 тыс.км² (найбуйнейшая краіна свету). Нас. 145 561 тыс.чал. (2000; 6-е месца ў свеце). Дзярж. мова — руская. Сталіца — г.Масква. Падзяляецца на 89 суб’ектаў федэрацыі, у т. л. 21 рэспубліку, 10 аўт. акруг, 1 аўт. вобласць, 6 краёў, 49 абласцей, гарады федэральнага значэння Масква і С.-Пецярбург (гл.табл., а таксама асобны арт. пра кожны суб’ект). Усе 89 суб’ектаў згрупаваны ў 7 федэральных акруг (Далёкаўсходнюю, Паўднёвую, Прыволжскую, Паўн.-Заходнюю, Сібірскую, Уральскую, Цэнтральную). Нац. свята — Дзень незалежнасці (12 чэрв.). На тэр. Р. 11 гадзінных паясоў.
Дзяржаўны лад. Р. — дэмакр. федэратыўная прававая дзяржава з рэсп. формай праўлення. Дзейнічае Канстытуцыя 1993. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад. Старшыню ўрада назначае прэзідэнт са згоды Дзярж. думы. Прадстаўнічы і заканад. орган — двухпалатны Федэральны Сход (Савет Федэрацыі і Дзярж. дума). У Савет Федэрацыі ўваходзяць па 2 прадстаўнікі ад кожнага суб’екта федэрацыі: па аднаму ад прадстаўнічага і выканаўчага органаў дзярж. улады. Дзярж. дума складаецца з 450 дэпутатаў, палавіна якіх выбіраецца па аднамандатных акругах, другая палавіна — па парт. спісах на аснове прапарцыянальнай сістэмы прадстаўніцтва. Рэспублікі, якія ўваходзяць у склад Рас. Федэрацыі, маюць уласныя канстытуцыі і органы заканад. і выканаўчай улады.
Прырода. Паверхня пераважна раўнінная. На ЗУсх.-Еўрапейская раўніна, у межах якой чаргуюцца невысокія (да 250—500 м) узвышшы (Валдайскае, Сярэднярускае, Прыволжскае, Ціманскі краж) і нізіны (Окска-Данская, Прыкаспійская, ч. якой на 28 м ніжэй узр. м.). На Пн і ПнЗ раўніны знаходзяцца горы Хібіны і ўзвышшы Карэліі, на Пд Каўказскія горы (найвышэйшы пункт Р. г. Эльбрус, 5642 м), на У Уральскія горы (выш. да 1895 м, г. Нарадная). На У ад Урала Зах.-Сібірская раўніна. Паміж рэкамі Енісей і Лена — Сярэднесібірскае пласкагор’е (выш. 500—700 м), якое на Пн акаймоўвае плато Путарана (выш. да 1701 м). На п-ве Таймыр горы Быранга і Паўн.-Сібірская нізіна. На Пд і У ад Сярэднесібірскага пласкагор’я пераважаюць горныя вобласці паўд. і паўн.-ўсх. Сібіры і Д. Усходу: Алтай (выш. да 4506 м, г. Бялуха), Кузнецкі Алатау, Зах. і Усх. Саян, хрыбты Перадбайкалля і Забайкалля, горы Тывы, хрыбты Станавы, Верхаянскі, Чэрскага, Бурэінскі і Джугджур, Каракскае нагор’е, горы Сіхатэ-Алінь, Камчаткі (выш. да 4750 м, вулкан Ключаўская Сопка). Большую ч. Р. займаюць Усх.-Еўрап. і Сібірская платформы, Зах.-Сібірская пліта. У іх будове вылучаюць ніжнюю ч., прадстаўленую ў асн.крышт. і метамарфічнымі дакембрыйскімі пародамі, і верхнюю, складзеную з палеазойскіх і мезазойскіх асадкавых парод. У межах Балтыйскага і Алданскага шчытоў і Анабарскага падняцця пароды дакембрыю выходзяць на паверхню. Шырока распаўсюджаны горныя складкавыя сістэмы — каледонскай (Саяны, Кузнецкі Алатау, горы Тывы), герцынскай (Урал, Алтай), кімерыйскай (Сіхатэ-Алінь, горы ПнУ Сібіры), альпійскай (Каўказ, горы Камчаткі, Сахаліна, ПнУ Сібіры) складкавасцей. Значная ч.тэр. Р. сейсмічная. Землетрасенні сілай да 8 балаў бываюць на Камчатцы, Сахаліне, Курыльскіх а-вах, у Перадбайкаллі і Забайкаллі, на Пд Алтая, у перадгор’ях Каўказа. На Камчатцы актыўная вулканічная дзейнасць. Р. поўнасцю забяспечана амаль усімі відамі мінер. сыравіны. На яе тэр. сканцэнтравана больш за палавіну сусв. запасаў вугалю і торфу, 1/3 нафты і прыроднага газу, 2/5жал. руд і калійных солей, 1/4 фасфарытаў і апатытаў. 90% паліўна-энергет. рэсурсаў Р. знаходзяцца ў яе паўн. і ўсх. частках. 2/3 запасаў нафты і газу прыпадае на Заходне-Сібірскую нафтагазаносную правінцыю. Радовішчы нафты і газу ёсць таксама ў Паволжы, на Урале (Волга-Уральскі нафтагазаносны басейн), Паўн. Каўказе, Сахаліне. Асн. запасы каменнага вугалю ў Кузнецкім вугальным басейне, усх.ч.Данецкага вугальнага басейна, Пячорскім вугальным басейне, Ленскім вугальным басейне, Тунгускім вугальным басейне і інш. Буры вугаль у Падмаскоўным вугальным басейне, Канска-Ачынскім вугальным басейне, Алданскім. Кізелаўскім і інш. басейнах. Каля 75% запасаў торфу прыпадае на Зах. Сібір і Урал. Запасы гаручых сланцаў у Паўн.-Зах. раёне і Паволжы. Агульныя балансавыя запасы жал. руды 65 млрд.т, у т. л. больш за 30 млрд.т — багатыя руды, якія маюць у сабе да 50% і больш жалеза. Асн. запасы прымеркаваны да Курскай магнітнай анамаліі. Жал. руды залягаюць таксама на Кольскім п-ве, Урале, у Карэліі, Горнай Шорыі, ніжнім цячэнні Ангары, Забайкаллі, на Д. Усходзе і інш. Р. багатая запасамі руд каляровых металаў. Руды, як правіла, комплексныя, маюць у сабе золата, серабро, цынк. кобальт і інш. элементы. Медныя руды — на Урале, у Чыцінскай вобл. і Краснаярскім краі, свінцова-цынкавыя — у Кузбасе, Забайкаллі, на Д. Усходзе. Для вытв-сці алюмінію ёсць буйныя паклады баксітаў на Урале, у Ленінградскай і Архангельскай абласцях, нефелінаў — у Кемераўскай вобл. і Краснаярскім краі. Асн. запасы золата — у Саха (Якуція), Магаданскай вобл., на Д. Усходзе, Урале, Алтаі і Іркуцкай вобл. Ёсць вял. паклады апатытаў (Хібіны), фасфарытаў (Кіраўская вобл.), каменнай солі (Усх. Сібір, Арэнбургская вобл., азёры Эльтон і Баскунчак), слюды [Іркуцкая вобл., Карэлія, Саха (Якуція)], азбесту (Урал), алмазаў Саха (Якуція), Урал], разнастайная сыравіна для вытв-сці буд. матэрыялаў і інш. Р. размешчана ў арктычным, субарктычным, умераным і субтрапічным паясах. У арктычным поясе, які ахоплівае большую ч. астравоў Паўн. Ледавітага ак., пануе халоднае арктычнае паветра. Т-раліп. каля 0 °C (пры адмоўнай сярэднегадавой т-ры). Субарктычны пояс распасціраецца да Паўн. палярнага круга ў еўрап. частцы і да 60°паўн. ш. ў азіяцкай частцы краіны. Сярэднія т-ры ліп. ад 5 да 12 °C, ападкаў 200—400 мм за год. Большая ч. Р. размешчана ва ўмераным поясе, дзе клімат зменьваецца ад умерана кантынентальнага на З да рэзка кантынентальнага на У, на Пд Д. Усходу — умераны мусонны. Сярэднія т-ры студз. ад 0 °C у Перадкаўказзі да -50 °C на У Сібіры, дзе ў раёне Верхаянска—Аймякона зафіксавана самая нізкая т-ра ў Еўразіі -72,2 °C. Т-раліп. ад 12 °C на Пн зоны да 25 °C на Пд і ў перадгор’ях Каўказа. Ападкаў выпадае ад 600—650 мм за год на З да 400—450 мм на У. Мінім. колькасць ападкаў прыпадае на паўпустынныя раёны Прыкаспійскай нізіны (каля 170 мм), макс. — на горныя раёны Каўказа (да 3200 мм) і Пд Д. Усходу (да 2000 мм). Суровы клімат і маласнежныя зімы — прычына фарміравання ў раёнах Сібіры і Д. Усходу вечнай мерзлаты. Невял. паласа на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа (ад Туапсэ да Адлера) мае субтрапічны клімат. На тэр. Р. густая рачная сетка — каля 120 тыс. рэк з даўж. больш за 10 км і агульнай працягласцю 2,3 млн.км. Большасць рэк належаць да бас.Паўн. Ледавітага ак. — Паўн. Дзвіна, Пячора, Об з Іртышом, Енісей, Хатанга, Алянёк, Лена, Індыгірка, Калыма і інш. (пл. вадазбору 12,8 млн.км², 75% тэр. Р.); да бас. Ціхага ак. — Амур, Анадыр, Пенжына і інш.; Атлантычнага ак. — Нява, Дон, Кубань; да бяссцёкавага Каспійскага м. — Волга, Урал, Церак. Жыўленне рэк пераважна снегавое і дажджавое. Ледастаў ад 1—2 месяцаў на Пд да 8 месяцаў у Сібіры. Рэкі багатыя гідраэнергіяй (гідраэнергет. патэнцыял 340 млн.кВт), выкарыстоўваюцца для суднаходства і арашэння. Азёр каля 2 млн., пераважна на ПнЗУсх.-Еўрапейскай раўніны і ў Зах. Сібіры. Найб. азёры: Каспійскае, Байкал (самае глыбокае на Зямлі — 1640 м), Ладажскае, Анежскае, Таймыр, Ханка і інш. Буйныя вадасховішчы: Куйбышаўскае, Брацкае, Рыбінскае, Валгаградскае, Цымлянскае, Зейскае, Краснаярскае, Усць-Ілімскае і інш. Глебы і расліннасць на раўнінах падпарадкаваны шыротнай занальнасці, у гарах — вышыннай пояснасці. У зоне арктычных пустынь (астравы Паўн. Ледавітага ак. і паўн.ч. ўзбярэжжа Таймыра) прымітыўныя арктычныя глебы заняты перарывістым покрывам з лішайнікаў і імхоў. У зоне тундры з глеевымі глебамі акрамя імхоў і лішайнікаў трапляюцца нізкарослыя хмызнячкі (карлікавая бяроза, вярба). Для лесатундравай зоны характэрна чаргаванне мохавых, лішайнікавых і хмызнячковых тундраў з рэдкалессем з бярозы, елкі, а ў Сібіры — лістоўніцы. Тут пераважаюць тундравыя глеевыя, слабападзолістыя глебы. Каля 65% тэр. Р. прыпадае на лясную зону, якая падзяляецца на падзоны цемнахвойнай тайгі на З і лістоўнічнай на У на падзолістых глебах, мяшаных хвойна-шыракалістых лясоў на дзярнова-падзолістых глебах у сярэдняй паласе Усх.-Еўрап. раўніны і на Пд Д. Усходу і далей на Пд шыракалістых лясоў. На Пд Д. Усходу мяшаныя лясы ўключаюць элементы маньчжурскай флоры (ільм, амурскі аксаміт, карэйскі кедр, ліяны і інш.). Агульныя запасы драўніны Р. 80,7 млрд.м³ — палавіна запасаў драўніны на Зямлі. На Пд лясная зона пераходзіць у лесастэпавую і стэпавую зоны з шэрымі ляснымі і чарназёмнымі глебамі, з разнатраўна-злакавай і злакавай расліннасцю, у лесастэпе з астраўкамі дуброў у еўрап.ч. і бярозава-асінавых колкаў на ПдЗах. Сібіры. На ПдУУсх.-Еўрап. раўніны — паўпустынная зона з разрэджаным расл. покрывам з палыну, салянак, стэпавых злакаў на светла-каштанавых і бурых глебах. У горных абласцях вышынная пояснасць розных тыпаў, якая найб. выразная ў гарах Каўказа і Алтая. Жывёльны свет вельмі разнастайны. На палярных астравах і ў морах Паўн. Ледавітага ак. жывуць белы мядзведзь, цюлень, морж, з птушак — чысцікі, люрыкі, гагі і інш. У тундры водзяцца пясец, паўн. алень, лемінг, палярная сава, белая курапатка і інш. Для лясной зоны характэрны лось, буры мядзведзь, рысь, расамаха, вавёрка, бурундук, лісіца; у лясах Сібіры — собаль, марал, кабарга; на Д. Усходзе — усурыйскія тыгр і мядзведзь, янотападобны сабака; на астравах Ціхага ак. — лежбішчы марскіх коцікаў; з птушак — цецярук, глушэц, рабчык, крыжадзюб, сініца і інш. У лесастэпавай і стэпавай зонах пераважаюць грызуны — суслікі, тушканчыкі, хамякі, суркі, з птушак — драфа, арол, стрэпет і інш. Моры, што акружаюць Р., багатыя рыбай (траска, селядзец, камбала, палтус, скумбрыя, асятровыя, ласасёвыя і інш.). У Р. ахоўваемыя тэр. займаюць каля 2,5% плошчы. У краіне 99 запаведнікаў агульнай пл. 35,8 млн.га. Найб. вядомыя: Алтайскі, Астраханскі запаведнік, Баргузінскі запаведнік, Варонежскі запаведнік, Каўказскі запаведнік, Прыокска-тэрасны запаведнік, Пячора-Ілыцкі запаведнік і інш. Створаны 34 нац. паркі агульнай пл. 6,6 млн.га (1999).
Насельніцтва. Р. — шматнацыянальная краіна, дзе пражывае больш за 100 нацыянальнасцей і народнасцей, у т. л. рускія складаюць 83%, татары — 3,8, украінцы — 2,4, чувашы — 1,2, башкіры — 0,9, беларусы — 0,7, мардва — 0,6, немцы — 0,5, удмурты — 0,5, армяне — 0,5, аварцы — 0,4, марыйцы — 0,4% і інш. (паводле мікраперапісу і бягучага ўліку насельніцтва, 1999). Асн.нац. меншасці ўтвараюць рэспублікі, аўт. акругі і аўт. вобласць. Рэлігія большасці насельніцтва — праваслаўнае хрысціянства. Ёсць прадстаўнікі ісламу, будызму, каталіцызму, іудаізму і інш. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 8,5 чал. на 1 км², найб. ў Падмаскоўі (да 300 чал. на 1 км²), найменшая — у паўн. і паўн.-ўсх. раёнах Сібіры (0,1 чал. на 1 км²). Больш за 75 усяго насельніцтва пражывае ў еўрап.ч. (укл. Урал). Для Р. характэрна зніжэнне колькасці насельніцтва. Натуральны прырост адзначаецца толькі ў рэспубліках Паўн. Каўказа і некат. раёнах Паволжа, Сальда міграцыі дадатнае, у 1999 у Р. прыбыло 367 тыс.чал., выбыла 215 тыс.чал.Гар. насельніцтва 73%. У Р. 1092 гарады і 1875 пасёлкаў гар. тыпу (2000). Найб. гарады (тыс.ж., 2000): Масква —8537, С.-Пецярбург — 4694, Новасібірск — 1399, Ніжні Ноўгарад — 1357, Екацярынбург — 1266, Самара — 1156, Омск — 1149, Казань — 1100 і інш. Эканамічна актыўнае насельніцтва ў 1999 складала 69,7 млн.чал., занятае — 60,6 млн.чал. У прам-сці занята 22% насельніцтва, у сельскай і лясной гаспадарцы — 13,8, у буд-ве — 7,7, на транспарце — 6,3, у сувязі — 1,3, гандлі і грамадскім харчаванні — 14,9%.
Гісторыя. Першабытны чалавек пранік на еўрап.тэр. Р. з Закаўказзя ў раннім палеаліце; у сярэднім палеаліце (100—35 тыс.г. назад) паселішчы неандэртальцаў пашыраліся да нізоўяў Дона і Сярэдняга Паволжа. У познім палеаліце (35—10 тыс.г. назад), калі пачаў раставаць ледавік і ўсталёўваўся блізкі да сучаснага клімат, на тэр. Р. сталі пашырацца паселішчы людзей сучаснага тыпу (краманьёнцы). Удасканальвалася тэхніка вырабу каменных і касцяных прылад, пачалі фарміравацца мастацтва і рэлігія. Вынайдзеныя ў мезаліце (12—10—7—5 тыс.г. да н.э.) лук і стрэлы дазволілі людзям весці індывід. паляванне і ствараць запасы харчавання. У неаліце (7—6—2 тыс. да н.э.) пачаўся пераход да вытв. гаспадаркі — земляробства і жывёлагадоўлі. Адбываўся працэс аб’яднання родаў у плямёны, з 3-га тыс. да н.э. пачалося фарміраванне плем. саюзаў. Вынікам пашырэння ў 1-й пал. 1-га тыс. да н.э. апрацоўкі жалеза (акрамя паўн. і паўн.-ўсх. раёнаў) стала рэзкае павышэнне прадукцыйнасці працы, узнікненне прыватнай уласнасці, паскарэнне распаду першабытнаабшчыннага ладу. Першыя дзярж. ўтварэнні на тэр. Р. ўзніклі ў 6—5 ст. да н.э. ў Паўн. Прычарнамор’і (грэч. калоніі Фанагорыя, Германаса на Таманскім п-ве, Баспорская дзяржава). Разлажэнне родаплем. ладу суправаджалася складваннем этн. супольнасцей, з якіх утварыліся некаторыя народнасці сучаснай Р. З 3—6 ст.н.э. пачалося рассяленне славян па Усх.-Еўрап. раўніне. Гэты працэс працягваўся і ў наступныя стагоддзі. Славяне паступова занялі пануючае становішча сярод мясц. этнасаў (балтаў, фіна-угорскіх, цюркскіх і інш.), некат. з іх цалкам асіміляваны. У 8—9 ст. на тэр.бас. рэк Дняпро, Зах. Дзвіна, Сож, Дзясна, каля вытокаў Волгі і на воз. Ільмень жыло да 15 усх.-слав.плем. саюзаў (у кожным да 10—12 плямён). Славяне спалучалі розныя віды гасп. дзейнасці пры дамінуючай ролі земляробства. У 9—10 ст. упершыню ўпамінаюцца ў летапісах усх.-слав. гарады Кіеў, Ноўгарад, Полацк, Ладага, Растоў, Смаленск і інш.Усх. славяне былі язычнікамі, пакланяліся божаствам, што ўвасаблялі сілы прыроды. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», у 862 наўгародскія славене і крывічы пры ўдзеле варагаў стварылі вакол Ноўгарада буйны цэнтр стараж.-слав. дзяржаўнасці. У 882—885 наўгародскі кн.Алег падпарадкаваў сабе ўсх.-слав.плем. саюзы палян (цэнтр у Кіеве), драўлян, севяран, полацкіх крывічоў, да 907 — вяцічаў, дулебаў, ціверцаў. У выніку ўтварылася буйная раннефеад. манархічная дзяржава на чале з велікакняжацкай дынастыяй Рурыкавічаў і з цэнтрам у Кіеве — Кіеўская Русь (гл. таксама Русь). У 988 пры вял.кн.Уладзіміру Святаславічу [980—1015] афіц. рэлігіяй стала хрысціянства ўсх. абраду, пачалося выкараненне язычніцтва. Асаблівасць феадалізму на. Русі — адсутнасць класічнай формы васальна-сеньярыяльных адносін. У ролі гал. землеўладальніка выступала дзяржава. Кіеўская Русь была нетрывалым ваен.-паліт. аб’яднаннем. Пад уплывам моцных цэнтрабежных тэндэнцый у сярэдзіне 11 ст. пачаўся яе распад на асобныя княствы і землі, які канчаткова адбыўся пасля смерці вял.кн.Мсціслава Уладзіміравіча [1125—32]. Настаў перыяд т.зв. феад. раздробленасці (пач. 12 — пач. 16 ст.), калі цэнтр гаспадарчага, паліт. і культ. жыцця перамясціўся ў вотчыны. З княстваў і зямель, што ўтварыліся на месцы Кіеўскай дзяржавы, на тэр. Р. знаходзіліся Уладзіміра-Суздальскае княства, Разанскае княства, Смаленскае княства (акрамя зах.ч.), б.ч.Чарнігаўскага княства (без Чарнігава), Наўгародская феадальная рэспубліка, Пскоўская феадальная рэспубліка, асобныя часткі інш. княстваў і зямель. Працэс драбнення княстваў працягваўся і ў 13—14 ст. Буйныя княствы (наз. «вялікімі») падзяляліся на ўдзельныя, залежнасць якіх ад вял. князя рабілася ўсё больш намінальнай. Некат. ўдзельныя княствы (Маскоўскае, Цвярское) з цягам часу сталі «вялікімі». Паліт. раздробленасць Русі спрыяла эканам. і культ. развіццю асобных зямель, але аслабіла яе абараназдольнасць. Паміж княствамі і землямі вяліся амаль няспынныя войны. У выніку мангола-тат. нашэсця 1237—40 (гл.Мангольскія заваяванні) о.ч. Русі трапіла пад уладу Залатой Арды (гл.Мангола-татарская няволя на Русі), што надоўга затрымала яе эканам., сац., культ. і паліт. развіццё. Неабходнасць выплаты Ардзе вял. даніны (гл.Ясак) абумовіла ўзмацненне ролі княжацкай улады. Перамогі наўгародцаў на чале з кн.Аляксандрам Неўскім над шведамі ў Неўскай бітве 1240 і над ням. крыжакамі ў Лядовым пабоішчы 1242 надоўга спынілі іх агрэсію на У і захавалі за Руссю выхад да Балт. мора. У 14 ст. акрэсліліся тэндэнцыі да пераадолення раздробленасці і паліт. аб’яднання ўсх. славян. На ПнУ Р. гэты працэс узначаліла Маскоўскае вялікае княства, на З — Вял. княства Літоўскае (ВКЛ), якое часам называлі «другой Руссю». У 2-й пал. 14 — пач. 15 ст. пры вял.кн.літ.Альгердзе і Вітаўце мірным і ваен. шляхамі да ВКЛ далучаны Смаленшчына, Браншчына, Севершчына, Курска-Белгародскі рэгіён, вярхоўі рэк Ака, Зах. Дзвіна, Волга, якія раней належалі Вял. княству Уладзімірскаму. За Уладзімірскі велікакняжацкі прастол вялі ўпартую барацьбу з цвярскімі і ніжагародска-суздальскімі князямі маскоўскія вял. князі, якія дамагаліся «вяртання» б. уладзімірскіх зямель, што адышлі да ВКЛ. Да канца 15 ст.асн. задачамі маскоўскіх князёў былі: дасягненне паліт. гегемоніі ў Паўн.-Усх. Русі і вызваленне ад мангола-тат. няволі (пачатак пакладзены разгромам вял.кн.Дзмітрыем Іванавічам Данскім правіцеля Залатой Арды Мамая ў Кулікоўскай бітве 1380). Гэтыя задачы ў значным аб’ёме выкананы пры вял.кн.Іване III [1462—1505], які далучыў да маскоўскіх уладанняў Наўгародскую зямлю (1478) і Цвярское княства (1485), канчаткова скінуў мангола-тат. няволю ў выніку «стаяння на Угры» 1480. Аб’яднанне Паўн.-Усх. Русі вакол Масквы завяршыў вял.кн.Васіль III [1505—33], які далучыў да Маскоўскай дзяржавы Пскоўскую зямлю (1510) і Разанскае княства (1521). Пасля падзення Візантыйскай імперыі была сфармулявана тэорыя «Масква — трэці Рым», якая сцвярджала значэнне Масквы як сусв.паліт. і царк. цэнтра. Першым агульнарас. зводам законаў стаў Судзебнік 1497. На базе Маскоўскага вял. княства ў канцы 15 — пач. 16 ст. ўтварылася Руская цэнтралізаваная дзяржава. У адрозненне ад Зах. Еўропы дзярж. цэнтралізацыя тут базіравалася не на развіцці капіталіст. адносін, а на ўмацаванні феадалізму, у прыватнасці, інстытута прыгоннага права, якое афіцыйна аформлена Саборным улажэннем 1649. Імкненне маскоўскіх вял. князёў «вярнуць» б. ўладзімірскія і кіеўскія «вотчыны» вылілася ў канцы 15 — пач. 16 ст. ў шматлікія войны Маскоўскай дзяржавы (з канца 15 ст.наз. таксама Расія) з ВКЛ — 1492—94, 1500—03, 1507—08, 1512—22, 1534—37 (пра кожную гл. асобны арт.). У выніку да Маскоўскай дзяржавы адышлі Смаленшчына, Севершчына, Чарнігаўшчына, вярхоўі Акі і Волгі. У час праўлення Івана IV [1533—84], які ў 1547 прыняў царскі тытул, пачалося стварэнне структур цэнтралізаванай дзяржавы: адменена «кармленне», стваралася сістэма прыказаў, праведзены губная рэформа і земская рэформа Івана IV, пачалі збірацца земскія саборы, прыняты Судзебнік 1550, ліквідаваны амаль усе ўдзельныя княствы. Сац. апорай самадзярж. ўлады станавілася дваранства Дваранскае апалчэнне і стральцы складалі аснову ўзбр. сіл адзінай дзяржавы. Апрычніна (1565—72) і інш. надзвычайныя захады Івана IV, накіраваныя на ўмацаванне яго самаўладдзя, былі спробай фарсіраванай цэнтралізацыі дзяржавы, суправаджаліся масавымі рэпрэсіямі, у т. л. пакараннямі смерцю, зямельнымі канфіскацыямі. Пры Іване IV тэр. Р. значна пашырылася: заваяваны і далучаны Казанскае (1552) і Астраханскае (1556) ханствы, пачалося далучэнне Сібіры. Аднак войскі Крымскага ханства працягвалі спусташэнне паўд. зямель; няўдалай была Лівонская вайна 1558—83, што разам з апрычнінай падарвала эканоміку краіны. Гал. падзеяй царавання Фёдара Іванавіча [1584—98] было заснаванне Маскоўскага патрыярхату правасл. царквы (1589); у Швецыі адваявана частка прыбалт зямель (1595). Са смерцю Фёдара Іванавіча (1598) дынастыя Рурыкавічаў спынілася. Пачалася шматгадовая «Смута», у час якой Р. апынулася на мяжы нац. катастрофы. Цяжкую сітуацыю грамадз. вайны (гл.Балотнікава паўстанне 1606—07) узмацніла ваен. інтэрвенцыя Рэчы Паспалітай (гл.Вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18) і Швецыі. Рас. прастол займалі выбарныя цары — Барыс Гадуноў [1598—1605], Васіль Іванавіч Шуйскі [1606—10), сын Гадунова Фёдар Барысавіч [крас.-чэрв. 1605], самазванец Ілжэдзмітрый I [1605—06], а з 1610 (намінальна) сын караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта 111 Уладзіслаў (гл.Уладзіслаў IV). Значная ч. краіны, у т. л. Масква, была акупіравана інтэрвентамі. Патрыят. ўздым насельніцтва (гл.Першае апалчэнне 1611, Народнае апалчэнне 1612) дазволіў аднавіць адзінства і суверэнітэт дзяржавы, хоць былі страчаны значныя тэрыторыі: да Швецыі адышлі землі на балт. узбярэжжы, да Рэчы Паспалітай (Дэулінскае перамір’е 1618) — Смаленская, Чарнігаўская, Ноўгарад-Северская землі. Дынастычны крызіс быў пераадолены выбраннем Земскім саборам 1613 на рас. прастол Міхаіла Фёдаравіча [1613—45] — прадстаўніка новай дынастыі Раманавых. У наступныя дзесяцігоддзі царскі абсалютызм узмацняўся. З сярэдзіны 17 ст. амаль не склікаліся земскія саборы, згортвалася дзейнасць Баярскай думы. Адмена месніцтва ў 1682 аслабіла пазіцыі вышэйшай арыстакратыі на карысць дваранства. У супрацьстаянні з патрыярхам Ніканам цар Аляксей Міхайлавіч [1645—76] зацвердзіў перавагу свецкай улады над царкоўнай. Сац. канфлікты 17 ст. выліліся ў шматлікія нар. «бунты», сярод якіх найб. вядомыя маскоўскія «саляны» (1648) і «медны» (1662), сялянская вайна 1670—71 пад кіраўніцтвам С.Ц.Разіна, Паступова адраджалася эканоміка, складваўся адзіны ўсерас. рынак. З 1630-х г. знешняя палітыка Р. набыла наступальны, імперскі характар: пастаўлена задача далучэння да Р. ўсіх усх.-слав. («рускіх») зямель і заваяванне выхаду да мораў. Гал. вынікам вайны з Рэччу Паспалітай 1632—34 была адмова караля Уладзіслава IV ад правоў на рас. прастол. У выніку вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Р. вярнула сабе Смаленшчыну, Чарнігаўшчыну, Севершчыну, далучыла Левабярэжную Украіну і Кіеў. Войны са Швецыяй (1656—58) за выхад да Балт. мора і з Турцыяй (1676—81) былі малапаспяховымі, як і паходы на Крым 1687 і 1689. У 17 — пач. 18 ст. да Р. далучаны Усх. Сібір і многія раёны Д. Усходу. Пётр I [1682—1725, з 1721 імператар] пачаў сістэмную мадэрнізацыю Р. на аснове вопыту зах. краін. Яго рэформы, нягледзячы на вял. выдаткі, спрыялі інтэнсіўнаму эканам. і культ. развіццю краіны. Створаны вышэйшы дзярж. орган Сенат (1711), калегіі (1718—21, замянілі прыказы), краіна падзелена на губерні і правінцыі; створаны рэгулярная армія і ваен. флот; табель аб рангах (1722) рэгуляваў сістэму грамадз. і ваен. службы. У выніку скасавання патрыяршаства створаны Сінод (1721). У 1721 Р. абвешчана імперыяй. Сталіца ў 1712 перанесена ў г.Санкт-Пецярбург (засн. ў 1703). Вызначальная роля дзяржавы ў рас. эканоміцы выяўлялася ў буд-ве казённых мануфактур і строгай рэгламентацыі эканам. дзейнасці. Шырокае выкарыстанне ў прам-сці паднявольнай працы (злачынцы, прыпісныя сяляне, пасэсійныя сяляне) прадвызначыла ў далейшым эканам. адставанне Р. Дваранства кансалідавалася як клас уласнікаў зямлі і сялян (указ 1714 зліў памесці з вотчынамі), але было прымушана да абавязковай службы. Пётр I імкнуўся еўрапеізаваць культуру і быт.Асн. вынік яго знешняй палітыкі — далучэнне да Р. балт. ўзбярэжжа ад Выбарга да Рыгі ў выніку Паўночнай вайны 1700—21. Агульны вынік войнаў з Турцыяй 1686—1700 і 1710—13 быў няўдалым: паражэнне ў Пруцкім паходзе 1711 прымусіла Пятра I вярнуць туркам г.Азоў. Цяжар праводзімых рэформ выклікалі нар. хваляванні, у т. л.Астраханскае паўстанне 1705—06, Булавінскае паўстанне 1707—09 У пераваротаў дварцовых эпоху (1725—62), якая настала пасля смерці Пятра I, дваранства ўмацавала сваё пануючае становішча. У 1725—27 прастол займала ўдава Пятра І Кацярына I, пры якой фактычна правіў кн. А.Д.Меншыкаў У час царавання Пятра II [ 1727—30] старая маскоўская знаць паспрабавала скасаваць рэформы Пятра 1, але яны ўжо сталі неабарачальныя. Драпежніцкім праўленнем прыбалт. немцаў і іншаземцаў характарызаваўся рэжым Э.І.Бірона, фаварыта імператрыцы Ганны Іванаўны [1730—40] (гл.Бірокаўшчына). Дачка Пятра I Лізавета Пятроўна [1741—62] адрадзіла нац.-дзярж. курс бацькі. Кароткае цараванне Пятра III у 1762 адзначана выданнем Маніфеста аб вольнасці дваранства 1762, які вызваліў дваран ад абавязковай ваен. (у мірны час) і грамадз. службы. Праўленне Кацярыны II [1762—96] — перыяд адноснай паліт. стабілізацыі. Рэарганізаваны Сенат (1762), секулярызаваны ўладанні манастыроў (1763—64), скасавана гетманства на Украіне (1764), рэфармаваны губерні (1775). Даравальная грамата дваранству (1785) замацавала за ім шырокае кола прывілеяў. Важнае значэнне набыло фарміраванне дзярж.ідэалаг. дактрыны асветнага абсалютызму, зараджэнне вальнадумства (А.М.Радзішчаў, М.І.Навікоў). Рост сац. напружанасці ў сувязі з узмацненнем прыгонніцтва выліўся ў сялянскую вайну 1773—75 пад кіраўніцтвам Е.І.Пугачова Р. ўдзельнічала ў Сямігадовай вайне 1756—63, у выніку рус.-тур. войнаў 1768—74 і 1787—91 замацавалася на Чорным м., далучыла Паўн. Прычарнамор’е і Крым. Падзелы Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795), праведзеныя з удзелам Р., прывялі да ўваходжання ў яе склад Правабярэжнай Украіны, бел., літ., зах.ч.лат. зямель. Канчаткова тэр.Рас. імперыі сфарміравалася ў 19 ст.: у яе склад увайшлі Фінляндыя, б.ч. Польшчы, Каўказ, Казахстан, Сярэдняя Азія, але ў 1867 прададзены ЗША рас. ўладанні ў Паўн. Амерыцы. У часы царавання Аляксандра І [1801—25) уведзены мін-вы (1802—11), створаны Дзяржаўны савет (1810), Сенат стаў вышэйшай адм.-суд. установай, зроблены частковыя захады па вырашэнні сял. пытання (указ 1803 аб вольных хлебаробах, скасаванне прыгоннага права ў 1816—19 у Эстляндыі, Ліфляндыі і Курляндыі). Да пач. 1820-х г. ліберальны курс урада Аляксандра I змяніўся антыліберальным рэжымам аракчэеўшчыны. У пач. 19 ст. вырасла грамадская актыўнасць. Дваранскія рэвалюцыянеры — дзекабрысты — імкнуліся мадэрнізаваць Р. на ўзор зах.-еўрап. дэмакратый. Спробы дзекабрыстаў у канцы 1825 — пач. 1826 узняць паўстанні ў Пецярбургу і на Украіне скончыліся іх поўным разгромам. Цараванне Мікалая І [1825—55], — «апагей самадзяржаўя». Асн. намаганні ўлад былі накіраваны на кансервацыю існуючага рэжыму, назіраўся працэс бюракратызацыі і цэнтралізацыі дзярж. апарата Паліт. вышук ажыццяўляла «Трэцяе аддзяленне» імператарскай канцылярыі (1826—80). Праследаваліся дэмакр. аб’яднанні, рухі, выданні Падаўлена паўстанне 1830—31 на польскіх, бел., укр. і літ. землях, абмежавана (1832) аўтаномія Каралеўства Польскага. Станоўчыя вынікі эпохі — пачатак выдання «Поўнага збору законаў Расійскай імперыі» (1830), рэформа дзяржаўных сялян 1837-41. У цэнтры грамадскай думкі 1830—50-х г. была вострая палеміка пра далейшыя шляхі развіцця краіны паміж прыхільнікамі формулы «самадзяржаўе, праваслаўе, народнасць», заходнікамі, славянафіламі і рэв. дэмакратамі (А.І.Герцэн) Міжнар. аўтарытэт Р. ўзрос пасля яе перамогі ў вайне 1812 і замежных паходаў рускай арміі 1813—14, якія адыгралі вял. ролю ў крушэнні імперыі Напалеона І і вызваленні народаў Еўропы ад франц. панавання Аляксандр I у 1815 ініцыіраваў стварэнне Свяшчэннага саюза Аўстрыі, Прусіі і Р. для барацьбы з рэв. рухам. З 1820-х г. асаблівае месца ў знешняй палітыцы Р. займала «ўсходняе пытанне» Каб умацаваць свае паз шыі на Чорным м., Балканскім п-ве і Б. Усходзе, яна правяла паспяховыя войны з Турцыяй (1828—29) і Персіяй (1826—28), Каўказскую вайну 1817—64. Але ў Крымскай вайне 1853—56 супраць кааліцыі еўрап. дзяржаў і Турцыі яна пацярпела паражэнне, што выявіла неабходнасць рэфармавання яе адсталай прыгонніцкай сістэмы У часы царавання Аляксандра II [1855—81) праведзены бурж. рэформы: Сялянская рэформа 1861 (адмена прыгоннага права), судовая 1864, гарадская 1870—75, ваен. 1862—74 (гл. адпаведныя арт.) і інш. Краіна стала на шлях ператварэння феад. манархіі ў буржуазную Імператар Аляксандр III (1881—94) праводзіў палітыку зацвярджэння «непахіснасці самадзяржаўя», ажыццявіў шэраг «контррэформ». Тым не менш да канца 19 — пач. 20 ст. захоўваліся створаныя рэформамі спрыяльныя ўмовы для развіцця эканомікі. У пач. царавання Мікалая II [1894—1917], у многім, дзякуючы дзейнасці С.Ю.Вітэ (вінная манаполія 1894, грашовая рэформа 1897, дзярж. падтрымка цяжкай прам-сці і чыг.буд-ва), Р. па шэрагу паказчыкаў эканам. развіцця наблізілася да вядучых індустр. дзяржаў свету. У парэформенны перыяд актывізавалася грамадскае жыццё краіны, хоць пераважная большасць насельніцтва прытрымлівалася кансерватыўных традыцый. Пашыралася кола прыхільнікаў ліберальных ідэй (земскі рух), на аснове рэв.-дэмакр. ідэалогіі Герцэна і М.Г.Чарнышэўскага сфарміравалася народніцтва. Прадстаўнікі яго найб. радыкальнай арг-цыі «Народная воля» ў сак. 1881 забілі імператара Аляксандра II у 1880—90-х г. пашыраўся рабочы рух. Пранікненне ў Р. ідэалогіі марксізму прывяло да заснавання ў 1898 у Мінску Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (РСДРП), якая ў 1903 раскалолася на бальшавікоў і меншавікоў Паслядоўнікі народніцтва ў 1901—02 аб’ядналіся ў партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў). Гал. дасягненнем рас. знешняй палітыкі 2-й пал. 19 ст. была ліквідацыя наступстваў паражэння ў Крымскай вайне на Лонданскай канферэнцыі 1871 і ў выніку перамогі ў рус.-тур. вайне 1877—78. Ва ўмовах абвастрэння міжнар. абставін на рубяжы 19—20 ст. Р. з Вялікабрытаніяй і Францыяй стварылі у 1907 антыгерм. ваен.-паліт. блок Антанта. Сусв.эканам. крызіс пач. 20 ст. (спад вытв-сці, беспрацоўе, нізкія заробкі), нявырашанасць зямельнага пытання, паражэнне ў руска-японскай вайне 1904—05 сталі прычынамі рэвалюцыі 1905—07 у Расіі, у час якой царызм быў вымушаны даць насельніцтву пэўныя грамадз. і паліт. правы і свабоды (гл.Маніфест 17 кастрычніка 1905). Узніклі паліт. партыі акцябрыстаў, кадэтаў (гл.Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя) і інш., легалізаваліся прафсаюзы. Хоць рэвалюцыя была задушана царызмам, стварэнне выбарнага заканад. органа Дзяржаўнай думы (1906), нават з абмежаванымі правамі, азначала змену паліт. ладу Рас. імперыі. Ажывіўся і нац.-вызв. рух на ўскраінах. П.А.Сталыпін (старшыня Савета Міністраў у 1906—11) зрабіў спробу ліквідаваць архаічныя і неадпаведныя ўмовам капіталіст. развіцця абшчынныя формы землекарыстання (гл.Сталыпінская аграрная рэформа).
У выніку бурнага росту прамысл. і с.-г. вытв-сці ў 1912—14 Р. выйшла на самыя высокія ў яе гісторыі сац.-эканам. паказчыкі. У сувязі з гэтым асабліва востра адчуваўся цяжар першай сусветнай вайны 1914—18, у якой Р. пасля першых перамог пачала цярпець паражэнні (у 1915 герм. і аўстра-венг. войскі акупіравалі Каралеўства Польскае, Літву, Зах. Беларусь, зах. Латвію, ч. Правабярэжнай Украіны). У 1915—16 узнікла апазіцыя самадзяржаўю ў Дзярж. думе і Дзярж. савеце (гл.Прагрэсіўны блок), нарастала незадаволенасць у народзе Чарговы агульнарас. крызіс канца 1916 — пач. 1917 (харч. цяжкасці ў Петраградзе, кампраметацыя царскай сям’і Р.Я.Распуціным, «міністэрская чахарда» і інш.) выліўся ў Лютаўскую рэвалюцыю 1917, у выніку якой у Р. ліквідавана манархія. 2(15) 3.1917 Мікалай II адрокся ад прастола. У той жа дзень Часовы камітэт Дзяржаўнай думы сфарміраваў Часовы ўрад (да склікання Устаноўчага сходу) з прадстаўнікоў акцябрыстаў і кадэтаў Паколькі Часовы ўрад не мог дзейнічаць без падтрымкі Саветаў, узнікла двоеўладдзе. У краіне дзейнічалі больш за 50 паліт. партый, праходзіла вострая паліт. барацьба, адбыліся красавіцкі, чэрвеньскі і ліпеньскі паліт. крызісы. Пасля красавіцкага крызісу 1917 у склад Часовага ўрада ўвайшлі лідэры меншавікоў і эсэраў, у выніку ліпеньскага крызісу 1917 паўната ўлады перайшла да Часовага ўрада (з ліп. 1917 старшыня А.Ф.Керанскі), скончылася двоеўладдзе. У жн. (вер.) задушаны Карнілава мяцеж 1917. 1(14) 9.1917 Р. абвешчана рэспублікай. Няздольнасць Часовага ўрада стабілізаваць. сітуацыю ў краіне і неадкладна вырашыць набалелыя пытанні (спыненне вайны, ліквідацыя памешчыцкага землеўладання і сял. малазямелля, скасаванне нац. прыгнёту, барацьба з ваен. разрухай і інш.) выклікала масавую незадаволенасць. На гэтай хвалі значную папулярнасць набылі бальшавікі. Яны (разам з левымі эсэрамі) заваявалі большасць у Саветах, у выніку Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 улада перайшла да бальшавікоў. Другі Усерасійскі з’езд Саветаў [7—9.11(25—27.10).1917] абвясціў пераход усёй улады ў краіне да Саветаў, утварыў ВЦВК і часовы ўрад — Савет народных камісараў (СНК) на чале з лідэрам бальшавікоў У.І.Леніным, прыняў дэкрэты аб міры (прапанова ўсім урадам пачаць перагаворы аб спыненні 1-й сусв. вайны) і зямлі (скасаванне прыватнай уласнасці на зямлю і памешчыцкага землеўладання). Прынцыпы новай нац. палітыкі (роўнасць, суверэнітэт і самавызначэнне народаў Р.) былі сфармуляваны ў зацверджанай СНК 2(15)11.1917 Дэкларацыі правоў народаў Расіі. Устаноўчы сход, дзе пераважалі меншавікі і эсэры, 5(18).1.1918 адмовіўся санкцыяніраваць устанаўленне ўлады Саветаў і быў распушчаны бальшавікамі. III Усерас. з’езд Саветаў (10—18(23—31).1.1918] аб’яднаў Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў з Саветамі сял. дэпутатаў, выключыў слова «часовы» з назвы сав. ўрада, абвясціў Р. Рас.Сацыяліст. Федэратыўнай Сав. Рэспублікай (РСФСР), прыняў Дэкларацыю правоў працоўнага і эксплуатуемага народа. Пасля працяглых спрэчак у бальшавіцкім кіраўніцтве, за час якіх герм. і аўстра-венг. войскі ў парушэнне перамір’я акупіравалі Латвію, Эстонію, большую ч.тэр. Беларусі і Украіны, падпісаны Брэсцкі мір 1918 (3.3.1918) на вельмі цяжкіх для Р. ўмовах (ануляваны 13.11.1918 у сувязі з рэвалюцыяй у Германіі). Вясной 1918 пачаўся працэс афармлення нац. дзяржаўнасці народаў РСФСР 10.7.1918 V Усерас. з’езд Саветаў прыняў 1-ю сав. канстытуцыю. Летам 1918 як вынік нязгоды ч.рас. грамадства з Кастр. рэвалюцыяй, Брэсцкім мірам і сац.-эканам. курсам бальшавікоў (нацыяналізацыя зямлі, прам-сці, буйных нерухомасцей і інш.) разгарнулася грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22, якая ў асн. завяршылася ў 1920 перамогай бальшавікоў. Вайна суправаджалася тэрорам з абодвух бакоў супраць паліт. і класавых праціўнікаў. Комплекс надзвычайных захадаў сав. ўрада па мабілізацыі ўсіх сіл на вядзенне вайны (паскораная нацыяналізацыя, канфіскацыя лішкаў харчавання ў сялян шляхам харчразвёрсткі і інш.) атрымаў назву «ваеннага камунізму». Незадаволенасць гэтай палітыкай выклікала шматлікія хваляванні, сярод якіх найб. небяспечнымі для бальшавікоў былі Кранштацкае паўстанне 1921, Антонава паўстанне 1921 (на Тамбоўшчыне), Заходнесібірскае паўстанне 1921 Вынікі 1-й сусв., грамадз. войнаў і інтэрвенцыі былі для Р. спусташальнымі. У 1920 прамысл.вытв-сць складала 1/7 ад узроўню 1913, с.-г.вытв-сць — 62%. У баях грамадз. вайны і інтэрвенцыі, ад тэрору, голаду і хвароб загінулі 8 млн.чал., 2 млн.чал. эмігрыравалі 3 пач. 1920-х г. партыя бальшавікоў (з 1925 ВКП(б), з 1952 КПСС) была адзінай паліт. арг-цыяй, якая кіравала краінай да 1991. Аднаўленне нар. гаспадаркі ажыццяўлялася на базе новай эканамічнай палітыкі, якая азначала адыход ад «ваен. камунізму» і частковае вяртанне да рыначных метадаў гаспадарання. Імкненне бальшавікоў (перш за ўсё рас.) захаваць фактычнае паліт. і эканам. адзінства тэр.б.Рас. імперыі прывяло да аб’яднання (30.12.1922) юрыдычна незалежных сав. рэспублік (РСФСР, Украіна, БССР і Закаўказская Федэрацыя) у новую дзяржаву — Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР), з існаваннем якога (1922—91) непарыўна звязаны наступны перыяд рас. гісторыі.
У 1920—30-я г.тэр. РСФСР значна зменшылася ў выніку вылучэння ў самаст. саюзныя рэспублікі Туркменіі, Узбекістана (1924), Таджыкістана (1929), Кіргізіі, Казахстана (1936) і Карэла-Фінскай Рэспублікі (1940, у 1956 вернута ў склад Р.) Калектывізацыя і індустрыялізацыя ў РСФСР праходзілі вельмі супярэчліва, аднак у выніку іх была створана новая машынна-тэхн. база краіны, якая істотна змяніла сац. структуру насельніцтва. Да пач. 1940-х г. агульны аб’ём прамысл. вытв-сці на тэр. РСФСР у 8,7 разу перасягнуў адпаведны паказчык 1913. У адрозненне ад інш. саюзных рэспублік, РСФСР не мела асобнай рэсп.камуніст. партыі, асобнай АН і інш. Унутры РСФСР шмат этнасаў атрымалі свае нац.-дзярж. або нац.-адм. ўтварэнні ў выглядзе аўт. рэспублік, абласцей і нац. акруг (з 1977 аўт. акругі). Трагічнымі для лёсу народаў Р. былі рэпрэсіі палітычныя.
Народы Расіі зрабілі вял. ўклад у перамогу СССР у Вялікай Айчыннай вайне 1941—45. На яе тэр. выпускалася 80% усёй індустр. прадукцыі, адбыліся вырашальныя бітвы — Маскоўская (1941—42), Сталінградская (1942—43) і Курская (1943). 2 373 068 воінаў з Р. ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. Матэрыяльныя страты РСФСР ад акупацыі ням.-фаш. захопнікамі шэрагу яе абласцей склалі ў тагачасных цэнах 249 млрд.руб. з 679 млрд. па ўсім СССР. У час вайны да РСФСР далучана (1944) тэр. Тувінскай Нар. Рэспублікі (з 1961 АССР). Пасля перамогі ў вайне ў склад РСФСР уключаны: на Пн вобласць Пячэнга, на Д. Усходзе Паўд. Сахалін і Курыльскія а-вы, на З — г. Кёнігсберг (пераназваны ў Калінінград) з прылеглай ч.б.Усх. Прусіі (цяпер Калінінградская вобл.). Пасляваен. аднаўленне гаспадаркі ў асн. завершана да 1950. У 1954 у гонар 300-годдзя ўз’яднання Украіны з Р. са складу РСФСР у склад Украіны перададзена Крымская вобл. У пасляваен. перыяд РСФСР заставалася найб. эканамічна магутнай рэспублікай СССР. У пач. 1980-х г. яна вырабляла 62% электраэнергіі, 100% збожжаўборачных камбайнаў, здабывала 91% нафты. Вялікія дасягненні зроблены ў развіцці навукі, атамнай энергетыкі, у асваенні космасу (першым касманаўтам свету стаў Ю.А.Гагарын). У перыяд перабудовы (з крас. 1985) у СССР пачалі складвацца новыя цэнтры рэальнай улады ў выглядзе рэсп. з’ездаў нар. дэпутатаў і Вярх. Саветаў, выбраных на дэмакр. умовах. 1-ы з’езд нар. дэпутатаў РСФСР (май—чэрв. 1990) выбраў старшынёй Вярх. Савета Б.М.Ельцына і абвясціў 12.6.1990 дзярж. суверэнітэт Р. Рас. кіраўніцтва падтрымлівала сепаратызм асобных саюзных рэспублік, каб выкарыстаць яго ў барацьбе з саюзным цэнтрам. Пачалася паскораная дэзінтэграцыя СССР. На агульнасаюзным рэферэндуме 17.3.1991 расіяне выказаліся за захаванне СССР як адзінай дзяржавы і за ўвядзенне пасады прэзідэнта РСФСР, 12.6.1991 прэзідэнтам выбраны Ельцын. Ельцын і Вярх. Савет Р. ўзначалілі барацьбу супраць Дзярж.к-та па надзвычайным становішчы (19—21.8.1991), які імкнуўся сарваць падпісанне новага саюзнага дагавора і захаваць старыя парадкі. Пасля яго ліквідацыі ўказам ад 6.11.1991 Ельцын распусціў КПСС. 8.12.1991 лідэры Р., Украіны і Беларусі ў выніку Белавежскіх пагадненняў 1991 заявілі аб дэнансацыі Саюзнага дагавора 1922 і спыненні існавання СССР, замест якога стварылася Садружнасць Незалежных Дзяржаў (СНД). 10—12.12.1991 Пагадненне пра ўтварэнне СНД ратыфікавана Вярх. Саветамі Беларусі, Р. і Украіны. Са студз. 1992 у Р. пачалася радыкальная рыначная рэформа эканомікі. Урад вызваліў цэны на большасць тавараў ад дзярж. кантролю, з восені 1992 пачаў прыватызацыю дзярж. маёмасці. Распад СССР стварыў пагрозу распаду Р. Аўт. рэспублікі і аўт. вобласці (акрамя Яўрэйскай) адмовіліся ад аўт. статуса і абвясцілі сябе суверэннымі суб’ектамі федэрацыі. У сак. 1992 паміж федэральным цэнтрам і суб’ектамі падпісаны Федэратыўны-дагавор, які згладзіў вастрыню гэтага пытання, але не зняў яго цалкам. Асобныя Рэспублікі спрабавалі ўзяць курс на паступовы выхад з Р. (Татарстан, Башкортастан, Якуція), а кіраўніцтва Чэчэнскай Рэспублікі парвала ўсе сувязі з федэральным цэнтрам. 11.12.1994 федэральныя войскі ўвайшлі ў Чэчню з мэтай узяць яе пад кантроль, што паклала пачатак узбр. канфлікту, які дагэтуль не затушаны. У час абмеркавання новай Канстытуцыі абвастрыліся супярэчнасці паміж заканад. і выканаўчай уладай. 21.9.1993 прэзідэнт Ельцын выдаў указ аб роспуску З’езда нар. дэпутатаў і Вярх. Савета, правядзенні 12.12.1993 рэферэндуму па новай Канстытуцыі. Вярх. Савет абвясціў гэты ўказ неканстытуцыйным, а прэзідэнта пазбаўленым пасады. Аднак Ельцына падтрымалі ўзбр. сілы, сілавыя структуры і асн. сродкі масавай інфармацыі. Дзеянні абаронцаў Вярх. Савета, блакіраваных у сваім будынку, 3—4 кастр. набылі характар узбр. выступлення, якое было ліквідавана з дапамогай ваен. сілы. У кастр. 1993 указамі прэзідэнта ліквідавана сістэма Саветаў. 12.12.1993 на рэферэндуме прынята новая Канстытуцыя Р., якая ўсю рэальную ўладу аддавала прэзідэнту; праведзены выбары ў 5-ю Дзярж. думу. На чарговых выбарах у Дзярж. думу ў снеж. 1999 большасць месцаў заваявалі паліт. сілы правай і цэнтрысцкай арыентацыі («Адзінства», «Саюз правых сіл», «Айчына — уся Расія» і інш.), самай вял. фракцыяй засталася фракцыя Камуніст. партыі Рас. Федэрацыі (КПРФ, засн. ў 1992 як правапераемніца КПСС). 31.12.1999 добраахвотна пайшоў у адстаўку прэзідэнт Ельцын. 26.3.2000 прэзідэнтам Р. выбраны У.У.Пуцін, які заявіў пра намер працягваць рыначныя рэформы, умацоўваць федэрацыю і ажыццяўляць незалежную знешнюю палітыку ў інтарэсах народаў Р. Р. — член ААН (з 1991) і, як правапераемніца СССР, пастаянны чл. Савета Бяспекі ААН; уваходзіць у многія інш.міжнар. арг-цыі, у т. л. ў Савет Еўропы (з 1997), а таксама ў СНД. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 25.6.1992. У 1995 заключаны рас.-бел. дагавор аб дружбе, добрасуседстве і супрацоўніцтве і Мытны саюз, да якога ў 1996 далучыліся Казахстан і Кыргызстан, у 1999 — Таджыкістан. Р. і Беларусь падпісалі Дагавор аб супольніцтве Беларусі і Расіі 1996 і Дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі 1997. 8.12.1999 Р. заключыла з Беларуссю дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Р. і Беларусі.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Сістэма паліт. партый у Р. з канца 1980-х г. знаходзіцца ў стадыі фарміравання. Адзінай масавай партыяй з’яўляецца КПРФ. Большым уплывам, чым партыі, у 1990-я г. карысталіся грамадска-паліт. рухі і аб’яднанні, некат. з якіх зараз знаходзяцца на стадыі пераўтварэння ў паліт. партыі. Акрамя КПРФ, найб. значныя паліт. арг-цыі: «Саюз правых сіл», Ліберальна-дэмакр. партыя, Агр. партыя, Сял. партыя, Партыя эканам. свабоды, Рас. аб’яднаная прамысл. партыя, партыя «Адзінства», аб’яднанні «Яблык», «Айчына — уся Расія», Народна-патрыят. саюз і інш. Найбуйнейшыя прафс. аб’яднанні: Федэрацыя незалежных прафсаюзаў Р., Усеагульная канфедэрацыя працы.
Гаспадарка. Р. — індустрыяльна-агр. краіна. Сучасны этап яе эканам. і сац. развіцця звязаны з карэннымі зменамі, якія выкліканы пераходам да рыначных адносін. Адаптацыя Р. да рыначнай эканомікі праходзіць дастаткова цяжка. У 1992—98 назіраўся спад вытв-сці, што было звязана з парушэннем гасп. сувязей, незабяспечанасцю матэрыяльнымі рэсурсамі, фін. цяжкасцямі, зносам асн. фондаў. З 1999 пачаўся рост вытв-сці. У выніку рыначных рэформ эканоміка стала шматукладнай. Доля акц. прадпрыемстваў пераважае над дзярж. (па колькасці, выпуску прадукцыі, колькасці занятых). Аб’ём валавога ўнутр. прадукту (ВУП) у 1999 склаў 593,4 млрд. долараў (14-е месца ў свеце), каля 4,2 тыс.дол. на душу насельніцтва. Недзярж. сектар дае каля 70%. Прамысловасць — важная састаўная ч.гасп. комплексу Р., на яе долю прыпадае 26,8% ВУП. У 1999 у Р. мелася каля 160 тыс.прамысл. прадпрыемстваў. Зах. раёнам краіны (укл. Урал) належыць 72% кошту прамысл. вытв-сці, усх. (Сібір і Д. Усход) — 28%. Адной з гал. галін прам-сці з’яўляецца паліўна-энергет. комплекс (32,5% паводле кошту прадукцыі, 1998). Гандаль энерганосьбітамі — адзін з гал. профіляў спецыялізацыі Р. ў міжнар. падзеле працы. Здабыча нафты разам з газавым кандэнсатам у 1999 склала 305 млн.т (3-е месца ў свеце). Нафту здабываюць пераважна ў Зах. Сібіры (каля 70%), Паволжы, на Урале. Нафтаперапрацоўчыя з-ды размешчаны і ў раёнах здабычы нафты (Самара, Сызрань, Уфа, Саратаў, Табольск), і ў месцах спажывання нафтапрадуктаў (Масква, Ніжні Ноўгарад, Яраслаўль, Хабараўск, Камсамольск-на-Амуры і інш.). У нафтавай прам-сці дзейнічае шэраг нафтавых кампаній, найб. з іх: «Лукойл» (53 млн.т, 18% агульнай здабычы Р., 1999), «Сургутнафтагаз» (37 млн.т, 12%), «ЮКОС» (34 млн.т, 11%), «Татнафта» (24 млн.т, 9%), «Сіданко» (20 млн.т, 7%) і інш. Здабыча прыроднага газу ў 1999 склала 591 млрд.м³ (1-е месца ў свеце). 90% прыроднага газу здабываюць у Зах. Сібіры. Найб. карпарацыя краіны — Рас.акц.т-ва «Газпрам». У Р. здабываюць 249 млн.т (5-е месца ў свеце, 1999) каменнага і бурага вугалю, пераважна ў Кузнецкім (27%), Канска-Ачынскім (15%), Пячорскім, Іркуцкім, Данецкім басейнах. Здабыча торфу ў Цэнтр., Волга-Вяцкім і Уральскім р-нах, сланцаў — у Ленінградскай вобл.Вытв-сць электраэнергіі 848 млрд.кВт∙гадз (4-е месца ў свеце, 1999). Пераважае цеплавая электраэнергетыка (69,6% агульнай магутнасці і 68% вытв-сці электраэнергіі), на долю гідраэнергетыкі прыпадае адпаведна 20,5% і 19%, атамнай энергетыкі — 9,9% і 13%. Гал.ЦЭС (млн.кВт): Рафцінская (3,8), Кастрамская (3,6), Канакоўская (3,6), Сургуцкая (3,1), Троіцкая (2,4); ГЭС: Саяна-Шушанская (6,4) і Краснаярская (6) на р. Енісей, Брацкая (4,5) і Усць-Ілімская (4,3) на р. Ангара, Волжская (2,5, г. Валгаград), Волжская (2,3, г. Самара); АЭС: Ленінградская (4), Курская (4), Балакоўская (3), Смаленская (3), Калінінская (2), Новаваронежская (1,8), Кольская (1,7). Вытв-сць, размеркаванне і экспарт. электраэнергіі ажыццяўляе Рас.акц.т-ва «Адзіная электраэнергет. сістэма Расіі». Чорная металургія (7,7%) поўнасцю забяспечана жал. рудой і коксам, марганец і хром завозяць з Украіны і Казахстана. Асаблівасць галіны — высокая канцэнтрацыя вытв-сці. У Р. сфарміраваліся 3 металургічныя базы: Уральская (46% вытв-сці металу), дзе працуюць буйныя металургічныя камбінаты поўнага цыкла ў Магнітагорску, Ніжнім Тагіле, Наватроіцку, Чэлябінску і пераробныя ў Іжэўску, Златаусце, Сярове і інш.; Цэнтральная з камбінатамі поўнага цыкла ў Ліпецку, Старым Асколе і пераробнымі з-дамі ў Маскве, Электрасталі, Арле і інш.; Сібірская з камбінатамі поўнага цыкла ў Новакузнецку і пераробнымі ў Новасібірску, Краснаярску, Пятроўск-Забайкальску і інш. Буйны камбінат поўнага цыкла ў Чарапаўцы, пераробныя з-ды ў Валгаградзе, Ніжнім Ноўгарадзе, Колпіне і інш.Вытв-сць (млн.т, 1999) чыгуну 40,1 (4-е месца ў свеце), сталі 51,5 (5-е месца), пракату 40,9 (6-е месца). Каляровая металургія (7,6%) працуе пераважна на ўласнай сыравіне, у ёй выплаўляецца больш за 70 відаў разнастайных металаў. Вытв-сць медзі сканцэнтравана ў асн. на Урале (Краснаўральск, Кіраўград, Раўда, Карабаш, Меднагорск), з-ды па рафінаванні медзі ў Маскве, С.-Пецярбургу, Кальчугіне. Свінец і цынк выплаўляюць у Чэлябінску, Уладзікаўказе, Бялове, Дальнягорску; нікель — у Нарыльску, Орску, Уфалеі, Манчагорску. Алюмініевая прам-сць прымеркавана да буйных ГЭС, якія вырабляюць танную электраэнергію, — у Краснаярску, Брацку, Саянску, Валгаградзе, Кандалакшы, Волхаве і інш. Здабыча алавянага канцэнтрату ў паўн.-усх. раёнах Сібіры, выплаўка волава ў Новасібірску і Падольску. На Долю Р. прыпадае каля 10% сусв. экспарту каляровых металаў. Машынабудаванне (18%) вызначаецца шматгаліновым характарам (цяжкае, агульнае, сярэдняе, вытв-сць прылад, станкоў і інш.) і паўсюдным пашырэннем па тэр. краіны. Сярод галін машынабудавання вылучаецца вытв-сць абсталявання для металургіі (Орск, Екацярынбург, Краснаярск, Іркуцк, Сызрань), горна-шахтавага (Кемерава, Краснаярск, Чарамхова, Капейск), для нафтавай і газавай прам-сці (Валгаград, Самара, Цюмень, Екацярынбург і інш.), энергет. (С.-Пецярбург, Новасібірск, Екацярынбург, Валгадонск, Барнаул і інш.), кавальска-прэсавага і цяжкіх станкоў (Колпіна, Іванава, Варонеж, Ульянаўск і інш.), ваеннай тэхнікі і боепрыпасаў (Масква, С.-Пецярбург, Екацярынбург, Тула, Іжэўск, Ніжні Ноўгарад і інш.). Вытв-сць лакаматываў у Мураме, Каломне, Бранску, Людзінаве; электравозаў у Новачаркаску, грузавых вагонаў у Ніжнім Тагіле, Абакане, Цверы, Алтайску, Калінінградзе; пасаж. вагонаў у С.-Пецярбургу, Цверы; вагонаў для метрапалітэна ў С.-Пецярбургу і Мыцішчах. Буйныя цэнтры марскога суднабудавання — С.-Пецярбург, Выбарг, Калінінград, Архангельск, Уладзівасток, Севераморск; рачнога — Ніжні Ноўгарад, Валгаград, Цюмень, Краснаярск і інш.; вытв-сці самалётаў — Смаленск, Варонеж, Саратаў, Іркуцк, Камсамольск-на-Амуры; верталётаў — Казань, Растоўна-Доне. Вытв-сць грузавых аўтамабіляў (175 тыс.шт., 1999) у Маскве, Ніжнім Ноўгарадзе, Набярэжных Чаўнах, Міясе; легкавых (954 тыс.шт.) у Маскве, Ніжнім Ноўгарадзе, Ульянаўску, Іжэўску, Елабузе, Серпухаве; аўтобусаў (50 тыс.шт.) у Лікіно-Дулёве, Паўлаве, збожжаўборачных камбайнаў (2 тыс.шт.) у Растове-на-Доне, Таганрогу, Краснаярску; ільноўборачных у Бежацку; бульбаўборачных у Туле, Разані; сіласаўборачных у Люберцах; трактароў (15,4 тыс.шт., 1999) у Валгаградзе, Чэлябінску, Уладзіміры, Чэбаксарах, С.-Пецярбургу і інш. Выпуск металарэзных станкоў (7,7 тыс.шт.) у Маскве, Іванаве, Саратаве, Самары, Екацярынбургу, С.-Пецярбургу і інш.Вытв-сць радыёпрыёмнікаў (332 тыс.шт.) і тэлевізараў (281 тыс.шт.), халадзільнікаў і маразільнікаў (1173 тыс.шт.), электрапыласосаў (745 тыс.шт.), пральных машын (999 тыс.шт.). Электронная прам-сць у Маскве, Арле, Самары, Пензе і інш.Хім.прам-сць (7,3%) поўнасцю забяспечана мясц. сыравінай і вызначаецца шырокім асартыментам прадукцыі. Развіта прам-сцьмінер. угнаенняў (11,5 млн.т у пераліку на 100%-нае ўтрыманне дзейных рэчываў; 5-е месца ў свеце, 1999), хім. валокнаў (136 тыс.т), сінт. смол і пластмас (2,2 млн.т), шын (28 млн.шт.), сернай к-ты (7,1 млн.т), кальцыніраванай (1,9 млн.т) і каўстычнай (1 млн.т) соды. Вытв-сць угнаенняў: азотных у Новамаскоўску, Ніжнім Тагіле, Кемераве, Вял. Ноўгарадзе, Тальяці, Нявіннамыску і інш.; калійных у Беразніках, Салікамску; фосфарных у Васкрасенску, Бранску, Пермі, Краснаўральску і інш.; хім. валокнаў у Энгельсе, Балакове, Цверы, Кліне, Серпухаве, Разані і інш.; пластмас у Ніжнім Тагіле, Цюмені, Уфе, Казані, Мыцішчах; соды ў Беразніках, Салікамску, Стэрлітамаку, Каменск-Уральску і інш. Лясная, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая прам-сць (3,9%) мае трывалую сыравінную базу. Вытв-сць дзелавой драўніны (69,8 млн.м³, 4-е месца ў свеце), піламатэрыялаў (19,1 млн.м³, 6-е месца), паперы (3 млн.т), кардону (1,6 млн.т), фанеры (1,3 млн.м³) у Паўн.-Заходнім (Котлас, Сыктыўкар, Кондапага, Себеж), Уральскім (Краснакамск, Салікамск, Перм), Волга-Вяцкім (Балахна, Праўдзінск) і Зах.-Сібірскім раёнах. Развіта вытв-сць мэблі, драўнянавалакністых і драўнянастружкавых пліт. Вял. значэнне мае прам-сцьбуд. матэрыялаў, доля якой у структуры прам-сці, разам са шкляной, складае 4,2%. Ва ўсіх эканам. раёнах пашырана вытв-сць цэменту (28,5 млн.т), зборных жалезабетонных канструкцый і дэталей (14,2 млрд.м³), буд. цэглы (10,5 млрд.шт., 2-е месца ў свеце). З цэнтраў шкляной прам-сці вылучаецца г. Гусь-Хрустальны (каля 50% вытв-сці шкла Р.). Эканам. крызіс, які ахапіў усе галіны прам-сці, у найб. ступені адбіўся на лёгкай прам-сці, асабліва на тэкст. галіне, якая страціла сыравінную базу ў Сярэдняй Азіі. Вытв-сць тканін усіх відаў у 1999 склала 1657 млн.м² (5-е месца ў свеце па вытв-сці баваўняных і 14-е месца па вытв-сці шарсцяных тканін), абутку — 29,9 млн. пар, шкарпэтачных вырабаў — 251 млн. пар, трыкат. вырабаў — 79,2 мн. шт.Асн. раёнам вытв-сці тканін з’яўляецца Цэнтральны (70%) — Іванава, Масква, Уладзімір, Яраслаўль, Кінешма, Нара-Фамінск. У харч. прам-сці (13,7%) вядучыя галіны — малочная, мясная, цукровая, алейная, рыбная і рыбакансервавая, мукамольная, масларобная, спіртавая, піваварная і інш.Вытв-сць малака 5,5 млн.т, цукру 6,8 млн.т (2-е месца ў свеце), алею 845 тыс.т (1999). Мясная прам-сць развіта ў Цэнтр. і Паўн.-Каўказскім р-нах, цукр. і алейная ў Цэнтр.-Чарназёмным, Паўн.-Каўказскім і Паволжскім р-нах, рыбная і рыбакансервавая ў гарадах Мурманск, Архангельск, Калінінград, Астрахань, Уладзівасток і інш.
На долю сельскай гаспадаркі прыпадае 5,5% ВУП. У структуры валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі доля раслінаводства складае 51,8%, жывёлагадоўлі — 48,2% (1999). Вядучая роля ў вытв-сці збожжа, цукр. буракоў, сланечніку (адпаведна 92%, 93,8%, 86,1%) належыць с.-г. прадпрыемствам; бульбы, агародніны, мяса і малака (адпаведна 93%, 79,1%, 61,3%, 50,9%) фермерскім і асабістым гаспадаркам насельніцтва. Узровень развіцця сельскай гаспадаркі Р. не забяспечвае патрэбы насельніцтва ў асн. прадуктах харчавання. Р. імпартуе мяса і малочныя прадукты пераважна з краін Зах. Еўропы. Агульная пл.с.-г. угоддзяў 222 млн.га, у т. л. 132 млн.га займаюць ворныя землі, 90 млн.га сенажаці і паша. Вял. масівы меліяраваных зямель. Пл. пасяўных зямель у 1999 склала 88,3 млн.га, у т. л. пад збожжавымі культурамі 52,7%, тэхн. 8,5%, кармавымі 34%, бульбай і агароднінай 4,8%. Аснова сельскай гаспадаркі Р. — вытв-сць збожжа, гал. культура — пшаніца (1/3пл.). Яе вырошчваюць у Цэнтр.-Чарназёмным, Паўн.-Каўказскім, Паволжскім, Зах.-Сібірскім р-нах, жыта, ячмень, авёс, грэчку сеюць у лясной зоне, кукурузу, проса — у лесастэпавай і стэпавай, рыс — на Д. Усходзе і Паўн. Каўказе (нізоўі рэк Кубань і Церак), сою — на Д. Усходзе. Гал.тэхн. культуры — цукр. буракі, сланечнік — вырошчваюць пераважна ў Цэнтр.-Чарназёмным р-не, на Паўн.-Каўказе, у Паволжы, лён-даўгунец — у Цэнтр. і Паўн.-Заходнім р-нах, бульбу і агародніну — амаль усюды. Пладова-ягадныя і вінаградныя насаджэнні пераважна на Паўн. Каўказе. Збор (млн.т, 1999) збожжа 54,7 (ураджайнасць 11,7 ц/га), цукр. буракоў 15,2 (169 ц/га), сланечніку 4,1 (7,4 ц/га), лёну-даўгунцу 23,7 (2,3 ц/га), бульбы 31,3 (96 ц/га), агародніны 12,3 (142 ц/га). Жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку Пагалоўе (млн. галоў, 2000) буйн. раг. жывёлы 27,5, у т. л. кароў 12,9, свіней 18,3, авечак і коз 14, птушак 350. Вял. пагалоўе буйн. раг. жывёлы ў Паволжы, Цэнтр. р-не, Зах. Сібіры, свіней у Цэнтр.-Чарназёмным р-не, Паволжы, на Паўн. Каўказе, авечак і коз у Паволжы, на Паўн. Каўказе, Усх. Сібіры. Аленегадоўля ў зоне тундры і лесатундры, пчалярства ў Татарстане, Башкортастане, на Алтаі, Д. Усходзе. Зверагадоўля і паляванне. Рыбалоўства ў навакольных морах, унутр. вадаёмах, сажалках. Улоў рыбы ў 2000 склаў 4,7 млн.т. Здабываюць таксама крэветак, крабаў, малюскаў, водарасці. Па эканам. і прыродных асаблівасцях у Р. вылучаецца 10 эканам. раёнаў: Паўн.-Заходні, Цэнтр., Волга-Вяцкі, Цэнтр.-Чарназёмны, Паволжскі, Паўн.-Каўказскі, Уральскі, Зах.-Сібірскі, Усх.-Сібірскі, Далёкаўсходні.
Транспарт. У Р. развіты ўсе віды транспарту. Доля яго ў ВУП складае 6,6% (1999). Асн. віды транспарту — чыгуначны, марскі, рачны, паветраны, трубаправодны — утвараюць адзіную трансп. сістэму, дзе кожны від мае сваю рацыянальную сферу выкарыстання. У грузаабароце краіны доля чыг. транспарту 36,3%, марскога 3,6%, рачнога 1,9%, аўтамаб. 0,7%, трубаправоднага 57,5%. У пасажыраабароце вядучае месца належыць аўтамаб. (36,5%), чыг. (30%) і паветранаму (і 1,3%) транспарту. Даўж. чыгунак 86,2 тыс.км (3-е месца ў свеце, пасля ЗША і Канады), у т. л. каля 30% электрыфікавана. Асн.чыг. магістралі маюць шыротны напрамак і лініі, што злучаюць Маскву з рэгіёнамі Расіі. Гал. пасажырапатокі на чыг. лініях паміж Масквой і С.-Пецярбургам, Масквой і курортнымі гарадамі Каўказа. Марскому транспарту належыць асн. роля ў знешніх эканам. сувязях. У Р. 695 суднаў, агульны танаж іх 3,9 млн. рэгістравых т (1999). 90% знешняга грузаабароту прыпадае на Балт. і Азова-Чарнаморскі марскія басейны. Гал. парты С.-Пецярбург, Выбарг, Калінінград, Новарасійск, Уладзівасток, Находка, Туапсэ і інш. Агульная даўж. рачных суднаходных шляхоў 89,1 тыс.км. Усе буйныя рэкі еўрап.ч. пры дапамозе каналаў утвараюць адзіную глыбакаводную сістэму. На долю р. Волга і яе прытокаў прыпадае больш за 60% грузаабароту рачнога транспарту. Вял. значэнне мае рачны транспарт для абслугоўвання паўн. раёнаў Сібіры. Даўж. аўтадарог 573,5 тыс.км, у т. л. 517,4 тыс.км з цвёрдым пакрыццём. Аўтамагістралі веерам разыходзяцца ад Масквы да буйных гарадоў і партоў. Паветраны транспарт выкарыстоўваецца пераважна для перавозкі пасажыраў, хуткапсавальных грузаў і для дастаўкі грузаў у аддаленыя раёны Поўначы. У Р. 845 аэрапортаў, з іх 66 федэральнага і 45 міжнар. значэння. Гал. аэрапорты ў Маскве, С.-Пецярбургу, Новасібірску, Екацярынбургу, Адлеры, Мінеральных Водах, Краснаярску, Растове-на-Доне. У Р. створана адзіная сетка нафта- і газаправодаў, якая злучае асн. раёны здабычы нафты і прыроднага газу з прамысл. цэнтрамі Р. і краінамі Зах. Еўропы. Даўж. трубаправодаў 213,8 тыс.км, у 1999 перамешчана 802 млн.т грузаў. Агульны аб’ём знешняга гандлю Р. ў 1999 склаў 123,6 млрд.дол., у т. л. экспарт 75,4 млрд.дол., імпарт 48,2 млрд. долараў. Сярод экспартуемых тавараў пераважаюць нафта і нафтапрадукты, прыродны газ, электраэнергія, чорныя і каляровыя металы, кашт. камяні, машыны і абсталяванне, узбраенне, хім. прадукцыя і інш. Сярод імпартуемых пераважаюць машыны і абсталяванне, харч. тавары і с.-г. прадукцыя, хім. прадукцыя, чорныя і каляровыя металы, кашт. камяні і вырабы з іх. Гал.гандл. партнёры: Германія (8,3% экспарту і 12,7% імпарту), Беларусь (6,4 і 10,4), Украіна (7,7 і 7,4), ЗША (7,4 і 9,5), Італія (4,5 і 4,2), Вялікабрытанія (4,1 і 2,8) і інш. Аб’ём знешняга гандлю Р. з Беларуссю ў 1999 склаў 7 млрд.дол., у т. л. экспарт 3,8 млрд.дол., імпарт 3,2 млрд. долараў. Р. экспартуе ў Беларусь нафту, прыродны газ, каменны вугаль, электраэнергію, цэлюлозу, паперу і кардон, чорныя металы, легкавыя і грузавыя аўтамабілі, станкі і інш.: імпартуе грузавыя аўтамабілі, трактары, тэлевізары, халадзільнікі і маразільнікі, радыёпрыёмнікі, пракат, тавары нар. спажывання і інш. Важнымі формамі эканам. супрацоўніцтва Р. з інш. краінамі з’яўляюцца сумесныя прадпрыемствы (больш за 25 тыс., 1999) і свабодныя эканам. зоны, якія створаны ў С.-Пецярбургу, Выбаргу, на Сахаліне, у Кузбасе, Калінінградскай вобл. і інш. У Р. дзейнічае каля 8 тыс. турыстычных фірм, 15,8 млн. турыстаў наведалі краіну ў 1998, прыбытак ад турызму склаў 7,1 млрд. долараў. Грашовая адзінка — рубель.
Узброеныя сілы. Падзяляюцца на віды: сухап. войскі, ВПС і ППА, ВМФ, а таксама роды войск, якія не ўваходзяць у віды ўзбр. сіл: ракетныя войскі стратэг. прызначэння, касмічныя войскі; у ваен.-адм. адносінах — на 6 ваен. акруг: Ленінградская (С.-Пецярбург), Маскоўская (Масква), Паўн.-Каўказская (Растоў-на-Доне), Прыволжска-Уральская (Екацярынбург), Сібірская (Чыта), Далёкаўсходняя (Хабараўск). Рэгулярныя ўзбр. сілы налічваюць 1 млн. 265 тыс.чал. (2001). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Кіраванне ўзбр. сіламі ажыццяўляюць міністр абароны цераз мін-ва абароны і Ген. штаб. Камплектаванне на аснове прызыву на ваен. службу — па экстэрытарыяльным прынцыпе, а таксама па кантракце. Тэрмін абавязковай службы 2 гады, для некат. катэгорый — 1 год. У сухап. войсках каля 370 тыс.чал., каля 7 тыс. танкаў, 7,2 тыс. баявых машын пяхоты, каля 2,5 тыс. бронетранспарцёраў, больш за 7 тыс.артыл. сістэм калібру 100 мм і больш (артыл. гарматы, мінамёты, рэактыўныя сістэмы залпавага агню), зенітныя ракетныя комплексы, армейская авіяцыя (каля 1 тыс. верталётаў розных класаў). У ВПС і ППА 161,3 тыс.чал., 5,5 тыс. самалётаў, у т. л. 3,6 тыс. баявых, зенітныя ракетныя комплексы С-300 і інш. У ВМФ 135,2 тыс.чал., 168 баявых надводных караблёў, 62 баявыя падводныя лодкі, 300 самалётаў, каля 43 верталётаў, а таксама танкі, баявыя машыны пяхоты, бронетранспарцёры і артылерыя. У паветр.-дэсантных войсках 30,3 тыс.чал., 1100 баявых машын пяхоты, больш за 500 бронетранспарцёраў, больш за 300 артыл. сістэм калібру 100 мм і больш, 23 верталёты. Кантынгенты войск Р. знаходзяцца і па-за яе межамі: на тэр. Закаўказзя, Украіны, Таджыкістана, Прыднястроўскага рэгіёна Рэспублікі Малдова, а таксама Югаславіі і інш.Ваен. дактрына Р. мае абарончы характар, але прадугледжвае выкарыстанне ядз. зброі ў адказ на ядз. нападзенне ці прымяненне інш. відаў зброі масавага знішчэння, буйнамаштабную агрэсію з выкарыстаннем звычайных узбраенняў. Паводле Дагавора аб калектыўнай бяспецы (1992) і інш. Р. праводзіць сумесную з Рэспублікай Беларусь абарончую палітыку.
Ахова здароўя. Існуе адзіная федэратыўная сістэма аховы здароўя. З агульных расходаў насельніцтва на мед. дапамогу 45% аплачваецца з бюджэту, 15% — за кошт абавязковага мед. страхавання (дзейнічае 90 тэр. фондаў), 7% — за кошт добраахвотнага мед. страхавання і платных паслуг; 33% складае аплата пацыентамі прыватных мед. паслуг. Асн. ўвага аддаецца развіццю першаснай медыка-сан. дапамогі на базе муніцыпальнай сістэмы аховы здароўя, ін-ту ўрачоў агульнай (сямейнай) практыкі, рэалізацыі мер па зніжэнні захворванняў на сацыяльна-значныя хваробы і інш.; спецыялізаванай службай распрацоўваюцца мерапрыемствы па рэабілітацыі дзяцей і інвалідаў. Першасную мед. дапамогу аказваюць 6250 амбулаторна-паліклінічных устаноў, 1708 паліклінік, у т. л. 591 дзіцячая; дзейнічаюць 54 гаспадарча-разліковыя паліклінікі, 48 кансультацыйна-дыягнастычных цэнтраў, 3135 станцый хуткай мед. дапамогі, 9264 фельчарскіх пунктаў, 942 стаматалагічныя паліклінікі (1999). Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 59 жанчын 71,8 года. Вял. праблема — высокі ўзровень смяротнасці працаздольнага насельніцтва. Смяротнасць у 2000 склала 13,8 на 1 тыс.чал. (у 1970-я — 8,7). Натуральны прырост адмоўны: -0,478%. У 1970-я нараджальнасць на 1 тыс.чал. склала 15,1 чал., у 2000—9 чал. Высокая ўдз. в. дзяцей у насельніцтва рэгіёнаў з традыц. пашыранай мнагадзетнасцю (Дагестан, Інгушэція, Калмыкія, Саха, Алтай). За апошнія 10 гадоў агульная колькасць бальнічных устаноў скарацілася на 14,5%. Забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 85 чал., урачамі — 1 на 215 чал. Дзіцячая смяротнасць у 2000—16,5 на 1 тыс. народжаных. У адпаведнасці з Канцэпцыяй (1997) прадугледжваюцца распрацоўка і рэалізацыя мер па зніжэнні захворванняў насельніцтва, гарантаваная мед. дапамога і інш.
Асвета і навуковыя ўстановы. Сістэма адукацыі Р. арганізавана як непарыўная паслядоўнасць узроўняў, або ступеняў, адукацыі. Яна ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. школы, прафесійныя, сярэднія прафес. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Дашкольная адукацыя неабавязковая, ахоплівае дзяцей 3—6(7)-гадовага ўзросту. Агульная сярэдняя ўключае базавую сярэднюю школу, якая дае пач. і базавую сярэднюю адукацыю, і поўную сярэднюю школу, якая дае пач., базавую і закончаную сярэднюю адукацыю. Пач. адукацыя (1-я ступень агульнай сярэдняй адукацыі) — 3—4 гады навучання. Большасць дзяцей паступае ў пач. школу з 7-гадовага ўзросту (каля 20% — з 6 гадоў, калі яны вучацца па 11-гадовай праграме сярэдняй школы). Базавая сярэдняя адукацыя (ніжэйшая сярэдняя; асн. школа) — абавязковая, тэрмін навучання 5 гадоў пасля пач. школы. Поўная сярэдняя — 2-гадовы курс пасля базавай адукацыі. Вышэйшую ступень сярэдняй адукацыі даюць гімназіі. Больш за 20 млн. школьнікаў Р. атрымліваюць адукацыю на рус. мове. Для больш чым 1,1 млн. вучняў выкладанне вядзецца на іх роднай мове. Пач.прафес. адукацыю можна набыць у школах прафес. адукацыі, у т. л. ліцэях на базе асн. школы без атрымання сярэдняй адукацыі (тэрмін навучання 1—2 гады), на базе асн. школы з атрыманнем сярэдняй адукацыі (3—4 гады навучання) і на базе сярэдняй школы (1—2 гады навучання). Сярэдняя прафес. адукацыя забяспечваецца праз сетку тэхн. прафесійных і сярэдніх спец.навуч. устаноў тэхн., гуманітарнага, мед., мастацкага і інш. профіляў (тэхнікумы, каледжы і інш.прафес. школы). Навучэнцы з базавай адукацыяй у сярэдніх прафес. установах адначасова атрымліваюць спец. і агульнаадук. падрыхтоўку. У сістэме вышэйшай адукацыі ун-ты, акадэміі, ін-ты. Акрамя дзярж. устаноў адкрываюцца і недзярж. (прыватныя, сацыяльныя, рэліг. канфесій). Вышэйшая адукацыя мае 3 узроўні: 1-ы — няпоўная вышэйшая прафес. адукацыя (2-гадовы курс навучання, пасля якога можна атрымаць дыплом аб няпоўнай вышэйшай адукацыі або прадоўжыць вучобу); 2-і ўзровень — вышэйшая прафес. адукацыя (4-гадовы курс навучання дае ступень бакалаўра або сертыфікат «спецыяліста»); 3-і — вышэйшы ўзровень прафес. падрыхтоўкі (6 гадоў навучання — ступень магістра, пасля 5 — спецыяліст шырокага профілю). У 1996/97 навуч.г. ў Р. 68,6 тыс. дашкольных устаноў (5,6 млн. дзяцей); больш за 70,2 тыс.дзярж.агульнаадук. школ (больш за 21 млн. вучняў), больш за 500 недзярж.; сярод дзённых школ пач. — 17,1 тыс., асн. — 13,7 тыс., поўных сярэдніх — 35,6 тыс. З агульнай колькасці вучняў у поўных сярэдніх школах вучылася больш за 19 млн.; адкрыты гімназіі (больш за 900, у іх 730 тыс. навучэнцаў), ліцэі (больш за 560 з 390 тыс. навучэнцаў). У сістэме прафес. адукацыі больш за 4,2 тыс.пач. і больш за 2,6 тыс. сярэдніх навуч. устаноў (у іх 3,7 млн. навучэнцаў). У больш як 560 дзярж.ВНУ, у т. л. 75 ун-таў (разам з прафіляванымі), больш за 2,6 млн. студэнтаў, у 200 недзярж. — 25 тыс. студэнтаў. Найбуйнейшыя ВНУ: Маскоўскі універсітэт, Маскоўская дзяржаўная кансерваторыя, Маскоўская дзяржаўная акадэмія харэаграфіі, Расійская акадэмія тэатральнага мастацтва — усе ў Маскве; Растоўскі дзяржаўны універсітэт, Санкт-Пецярбургскі універсітэт, Санкт-Пецярбургская кансерваторыя, Санкт-Пецярбургскі інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры, тэхн., шляхоў зносін (з 1809), аграрны, Горны, электратэхн., эканомікі і фінансаў, архітэктурна-буд., тэхнал., марскі, Рас.пед.ун-т і інш. ун-ты ў С.-Пецярбургу; Казанскі (з 1804), Томскі (з 1888), Саратаўскі (з 1904), Пермскі (з 1916), Іркуцкі (з 1918), Уральскі (з 1920; у Екацярынбургу), Новасібірскі (з 1959) ун-ты. У Маскве: Рас.ун-т дружбы народаў, ун-тміжнар. адносін, тэхн.ун-т імя Баўмана; радыётэхнікі, электронікі і аўтаматыкі, авіяцыйны, энергетычны, аўтадарожны, інжынерна-фізічны, электронікі і матэматыкі і інш. — ін-ты са статусам тэхн. ун-та; тэхн.ун-т грамадзянскай авіяцыі, Рас. хіміка-тэхнал.ун-т, ін-т сталі і сплаваў (тэхнал.ун-т), тэхнал.ун-т «СТАНКІН», буд., пед., лінгвістычны, Горны, Рас.мед.ун-т, нафты і газу і інш. ун-ты; ін-ты: мед. стаматалагічны, эканоміка-фін., літ. імя М.Горкага і інш.; акадэміі: Маскоўская духоўная (г. Сергіеў Пасад), Санкт-Пецярбургская духоўная, тэатр. мастацтва, лесатэхн. і інш. ў С.-Пецярбургу, Рас. музыкі, Рас.мед., с.-г. імя Ціміразева, Рас.эканам., Рас.фіз. культуры, тонкай хім. тэхналогіі, вет. медыцыны і біятэхналогіі, фінансава-юрыд., лёгкай прам-сці, прыборабудавання і інфарматыкі (усе ў Маскве) і інш. Найбуйнейшыя б-кі: Расійская дзяржаўная бібліятэка ў Маскве, Расійская нацыянальная бібліятэка, Расійскай Акадэміі навук бібліятэка ў С.-Пецярбургу; Усерас. замежнай л-ры, Маскоўскага ун-та, гіст., Рас. дзіцячая, Рас. па мастацтве, навукова-тэхн., навукова-мед., грамадска-паліт., с.-г., Рас. для сляпых, Рас. юнацкая (усе ў Маскве) і інш. Найбуйнейшыя музеі: музейнае аб’яднанне «Траццякоўская галерэя», Музей выяўленчых мастацтваў імя Пушкіна, музеі Маскоўскага Крамля (у т. л.Аружэйная палата), Музей Усходу, Гістарычны музей, Музей народнага мастацтва, Політэхнічны, Дарвінаўскі, Палеанталагічны, сучаснай гісторыі Расіі, Музей архітэктуры імя А.Шчусева і інш. ў Маскве; Эрмітаж, Рускі музей, Расійскі этнаграфічны музей, Аляксандра-Неўская лаўра, комплекс Петрапаўлаўскай крэпасці, н.-д. музей Рас. акадэміі мастацтваў (С.-Пецярбургскага ін-та жывапісу, скульптуры і архітэктуры), ваенна-марскі і інш. ў С.-Пецярбургу; палацы-музеі 18—19 ст. з паркавымі ансамблямі Гатчына, Паўлаўск, Петрадварэц, у г.Пушкін і інш. прыгарадах С.-Пецярбурга; гіст.-архітэктурны музей-запаведнік Каломенскае, музеі-сядзібы Астанкіна, Кускова ў Маскве, Абрамцава (каля г. Сергіеў Пасад), Л.М.Талстога ў Яснай Паляне (Тульская вобл.); музей-запаведнік А.С.Пушкіна (Пушкінскія Горы, Пскоўская вобл.), нар. драўлянага дойлідства і этнаграфіі Карэліі на в-ве Кіжы; музейнае аб’яднанне «Мастацкая культура» рускай Поўначы (г. Архангельск); гіст.-архітэктурныя і мастацкія, выяўл. мастацтваў, драўлянага дойлідства, музеі-запаведнікі і інш. «Залатога кальца Расіі» ў гарадах Сергіеў Пасад, Пераслаўль-Залескі, Растоў, Яраслаўль, Кастрама, Суздаль, Уладзімір; музей зброі ў г. Тула і інш.Навук. даследаванні праводзяцца ў Рас.АН (з 1724) і яе аддзяленнях: Далёкаўсходнім з навук. цэнтрамі (Прыморскі, Амурскі, Камчацкі, Сахалінскі, Паўночна-Усходні, Хабараўскі); Сібірскім з навук. цэнтрамі (Новасібірскі, Бурацкі, Іркуцкі, Кемераўскі, Краснаярскі, Омскі, Томскі, Цюменскі, Якуцкі); Уральскім з навук. цэнтрамі (Пермскі, Комі, Удмурцкі, Чэлябінскі), а таксама ў інш.навук. цэнтрах Рас.АН, у т. л. С.-Пецярбургскім, Дагестанскім, Кабардзіна-Балкарскім, Казанскім, Карэльскім, Кольскім, Самарскім, Саратаўскім, Уфімскім і інш.Навук. даследаванні праводзяць ун-ты, Рас. акадэмія с.-г. навук, Рас. акадэмія адукацыі, Рас. акадэмія мед. навук, Рас.навук. цэнтр «Курчатаўскі ін-т» і інш.Рас. вучоныя эфектыўна выкарыстоўваюць навук.-тэхн. патэнцыял, створаны за гады сав. улады ў СССР. Сусв. ўзроўню дасягнулі іх даследаванні ў галіне прыродазнаўчых (матэматыка, фізіка, у т. л. ядзерная, хімія, геалогія і акіяналогія, біялогія, медыцына), тэхнічных (авіяцыя, ракетабудаванне і касманаўтыка, электратэхніка і электроніка, кібернетыка і выліч. тэхніка), грамадскіх (гісторыя, археалогія, педагогіка, мастацтва- і літаратуразнаўства) і інш.навук.Асн. з гэтых напрамкаў працягваюць паспяхова развівацца. За адкрыцці ў галіне квантавай фізікі паўправаднікоў рас. вучонаму бел. паходжання Ж.Алфёраву ў 2000 прысуджана Нобелеўская прэмія.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 2000 у Р. каля 10 тыс.перыяд. выданняў, у т. л. каля 5 тыс. газет. Буйнейшыя агульнарас. газеты: «Российская газета» (з 1990), «Комсомольская правда», «Труд», «Известия», «Красная звезда» (з 1924), «Независимая газета» (з 1990), «Российские вести» (з 1992), «Правда», «Общая газета» (з 1991), «Сегодня» (з 1993), «Рабочая трибуна» (з 1990), «Коммерсант-daily» (з 1992), «Советский спорт» (з 1924), «Советская Россия» (з 1956); штотыднёвікі — «Аргументы и факты», «Московские новости» (з 1930 для замежных чытачоў, з 1980 на рус. мове), «Литературная газета», «Литературная Россия» (з 1958, да 1963 «Литература и жизнь»), «Экономика и жизнь» (з 1918, назва мянялася, сучасная з 1990), «Культура» (з 1929, да 1991 «Советская культура»). Выдаюцца таксама газеты рэсп., краявыя, абл. і інш. на рус. і нац. мовах. Інфарм. агенцтвы: ІТАР—ТАСС, Расійскае інфармацыйнае агенцтва «Навіны», Інтэрфакс, Пастфактум (з 1989).
Радыёвяшчанне з 1919 (рэгулярнае з 1924). Дзейнасць радыё каардынуе Рас.дзярж. радыёвяшчальная карпарацыя (створана ў 1995 на базе Рас.дзярж. тэлерадыёкампаніі «Астанкіна», з 1991), у складзе якой федэральныя станцыі «Радыё Расіі», «Маяк», «Радыё-1», «Юнацтва», «Арфей», «Голас Расіі» (вядзе перадачы на рус. і 32 замежных мовах на ўсе рэгіёны свету), «Славянка», рэгіянальныя кампаніі «Масква» і «Масковія» (для Маскоўскай вобл.). Працуе Агульнарас. дзярж. радыёвяшчальная кампанія «Маяк» (створана ў 1997 на базе станцый «Маяк» і «Юнацтва—Маладзёжны канал»). Дзейнічаюць камерцыйныя і прыватныя («Еўропа плюс», «Рускае радыё», Радыё Расіі «Настальжы», «Рэха Масквы», «Наша радыё» і інш.), грамадскія («Радыё АРТ», «Радыё РОКС», «Аўтарадыё») і інш. станцыі.
Тэлебачанне з 1932 (рэгулярнае з 1939, каляровае з 1967). Найбуйнейшыя тэлекампаніі Р. — Адкрытае акц.т-ва «Грамадскае расійскае тэлебачанне» (ААТ «ГРТ», з 1994), Усерас.дзярж. тэлевізійная і радыёвяшчальная кампанія (РТР, з 1990), Агульнарас. дзярж. тэлевізійны канал «Культура» (з 1997), Незалежная тэлевізійная кампанія (НТВ, з 1993), Маскоўская незалежная вяшчальная карпарацыя «ТВ-6. Масква» (з 1993), тэлевізійная кампанія «ТВ-Цэнтр» (з 1997). Працуюць 90 рэгіянальных, больш за 600 камерцыйных і прыватных кампаній і мясцовыя (муніцыпальныя) у гарадах і раённых цэнтрах. Дзейнічаюць 75 тэлецэнтраў, развіваюцца кабельнае вяшчанне, тэлерадыёвяшчанне ў камп’ютэрнай сетцы Інтэрнет, тэлевізійныя сеткі, якія спалучаюць спадарожнікавае тэлебачанне і розныя інш. формы, зарыентаваныя пераважна на краіны далёкага замежжа («РТР-тэлесетка», «НТВ плюс», «Сусветнае рускае ТВ»). У 1995 створана Нац. асацыяцыя тэлевяшчальнікаў.
Літаратура. Рус.л-ра — адна з найважнейшых галін духоўнай культуры рус. народа. Глебай для яе развіцця паслужыў фальклор, які бытаваў у розных жанравых формах (казкі, быліны, гераічныя песні, абрадавая паэзія), жывіў пісьмовую л-ру ідэямі, вобразамі і прыёмамі маст. творчасці. Пад яго ўздзеяннем складваліся найважнейшыя асаблівасці рус. л-ры, што ў далейшым сталі яе традыцыямі, — сувязь з жыццём, уменне ацэньваць падзеі з пункту гледжання народа, гарманічнае адзінства зместу і формы. Рус.л-ра спрыяла станаўленню і развіццю інш.нац. л-р, у т. л. суседніх — бел. і ўкр., адначасова ўзбагачаючыся і за іх кошт.
Вытокі рус. л-ры, як і бел., і ўкр., у л-ры Кіеўскай Русі — агульнай спадчыне ўсх.-слав. народаў. Помнікі л-ры 11—12 ст. неслі на сабе адбітак царкоўнасці, кніжнасці, былі вытрыманыя ў традыцыях хрысціянскай культуры (Астрамірава евангелле), але часам выходзілі за межы рэлігійнасці і адлюстроўвалі грамадскія інтарэсы (Павучанне Уладзіміра Манамаха, «Аповесць мінулых часоў», «словы» Кірылы Тураўскага, «Слова пра закон і дар божы» Іларыёна). У гэтых і інш. творах, асабліва ў «Слове аб палку Ігаравым», выдатным помніку ўсх.-слав. л-ры, і сёння гучаць усхваляваныя галасы людзей, занепакоеных лёсам роднага краю, змагароў за захаванне высокіх маральных законаў грамадскага жыцця, лепшых традыцый чалавечых паводзін і духоўных каштоўнасцей. Л-ра 13—14 ст. натхнялася ідэямі патрыятызму («Жыціе Аляксандра Неўскага», «Задоншчына» і інш.). Гэтыя творы пакінулі прыкметны след у літ. працэсе, паўплывалі на далейшы лёс л-ры. У перыяд утварэння рус. народнасці, складвання і ўмацавання Рус. дзяржавы (14—16 ст.) развіваліся жанры легендарна-гіст. аповесці, дасягнула росквіту рус. летапісанне. Пачалося кнігадрукаванне. Першая дакладна датаваная рус. друкаваная кніга «Апостал» надрукавана ў 1564 у Маскве І.Фёдаравым і П.Мсціслаўцам. Вядомыя жанры (хаджэнні, словы, падарожжы, летапісы, прытчы) папоўніліся творамі грамадз. характару: «Дамастрой», «Ступенная кніга». З’явілася свецкая публіцыстыка (М.Грэк, І.Перасветаў). У 17 ст. пашырыліся сатыр. і бытавая аповесць («Пра Шамякаў суд»), паэзія і драматургія, узнік жанр аўтабіяграфіі («Жыціе пратапопа Авакума»). У гэты час л-ра імкнулася перагледзець ранейшыя пастулаты, актыўна засвойвала традыцыі фальклору, выкарыстоўвала магчымасці перакладу на рус. мову твораў зах.-еўрап. л-р. Уклад у станаўленне рус. л-ры гэтага перыяду зрабілі пісьменнікі — выхадцы з Беларусі (Сімяон Полацкі) Паглыбіліся сувязі л-ры з рэчаіснасцю, з бытавой сферай жыцця чалавека, сюжэты некат. твораў наблізіліся да рэальнасці; на жывую размоўную стыхію пачала арыентавацца мова. Л-ра 18 ст. развівалася пад уплывам канонаў класіцызму, іх паступовага пераадолення, з’яўлення высокапатрыят. прафес. пісьменніцкай дзейнасці. Рус.л-ра адчула на сабе ўплыў замежнага мастацтва, далучылася да выяўленых у ім новых тэндэнцый. Пашыралася яе тэматыка, з’явіліся новыя жанры (ода, балада, трагедыя, сатыра), мастацтва слова ўсё больш індывідуалізавалася, узніклі розныя літ. кірункі і школы. У 1730—70-я г. дасягнуў росквіту класіцызм (В.Традзьякоўскі, М.Ламаносаў, А.Сумарокаў). Ён спрыяў развіццю патрыят. тэматыкі, выхаванню грамадз. сумлення, ухваленню подзвігаў у імя Радзімы. Пісьменнікі спрабавалі тыпізаваць пэўныя з’явы, выкрывалі адмоўнае ў жыцці. Дысцыплінаваўся працэс творчасці, культывавалася ўзбагачэнне нац. л-ры здабыткамі інш. л-р, найперш антычнай як узору сапраўднага мастацтва. У 1780-я г. выявіўся крызіс класіцызму («мяшанне» стыляў і жанраў у паэзіі Г.Дзяржавіна, пераадоленне статычнасці вобразаў, тэм, канфліктаў у камедыях Дз.Фанвізіна, публіцыстыцы М.Навікова, сатыр. творах і артыкулах І.Крылова). Дзяржавін стаў выразнікам суб’ектыўнага пачатку ў новай рус. паэзіі, надаў ёй яскравы нац. характар. Камедыяй «Недаростак» Фанвізін даў плённы кірунак далейшаму літ. працэсу, даказаў, што ўсё звязанае з жыццём чалавека можа быць крыніцай прыгожага, пашырыў магчымасці сатыры. Паступова нараджаўся рус.сентыменталізм («Бедная Ліза» М.Карамзіна, жанры падарожжа, элегіі і інш.). «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» А.Радзішчава — яркі ўзор патрыят., антыпрыгоннага твора, сведчанне пераадолення тэматычнай і жанравай «вузкасці» новага літ. кірунку. У 19 ст.рус.л-ра пераадольвала абстрактнасць і кананічнасць, высокую пафаснасць класіцызму, ідэйна-вобразную «камернасць» сентыменталізму і лёгкай паэзіі, павучальнасць Асветніцтва. Яна развівалася ў рэчышчы сінтэзу «высокасці» і «бунтоўнасці» рамантызму (В.Жукоўскі, К.Бацюшкаў, Я.Баратынскі, А.Адоеўскі і У.Адоеўскі, ранні А.Пушкін, М.Лермантаў) і праўдападобнасці і гіст. канкрэтнасці рэалізму. Рус. рамантызм даў сапраўдныя ўрокі грамадзянскасці і вальналюбства, суб’ектывізаваў і індывідуалізаваў мастацтва слова, паглыбіў яго спавядальны, маналагічны характар. Ён адкрыў новага героя — змагара за свабоду, вызваліў л-ру ад класіцысцкай нарматыўнасці. Пісьменнікі-рамантыкі ўважліва ставіліся да выкарыстання фальклору, да стварэння ў л-ры нац. каларыту, аднаўлення гераічных старонак нар. гісторыі. У іх творах выразна акрэслівалася асоба мастака як творчай індывідуальнасці, самаахвярнага змагара за ідэалы свабоды і братэрства.
Творчасць Крылова і А.Грыбаедава спрыяла развіццю выпрацаваных раней рэаліст. тэндэнцый, складванню іх у сістэму ідэйна-эстэт. асваення рэчаіснасці, якая і прадвызначыла рэалізм як маст. кірунак. Байкі Крылова — узор беражлівых адносін да нар. поглядаў, маралі, этыкі. У іх — непаўторнасць характару народа, яго мудрасць і годнасць. Камедыя Грыбаедава «Гора ад розуму» — адзін з самых надзённых і вольналюбівых твораў драматургіі 19 ст. Пачынальнік новай рус. л-ры Пушкін упершыню паставіў многія вядучыя праблемы рус. л-ры: народ як гіст. сіла і маральны крытэрый («Барыс Гадуноў»); асоба ў яе ўзаемаадносінах з асяроддзем і абставінамі («Яўген Анегін», «Медны коннік»), лёс «маленькага чалавека» (цыкл «Аповесці Белкіна»); улада грошай над чалавечымі душамі («Пікавая дама») і інш. Лермантаў сінтэзаваў прынцыпы рамант. і рэаліст. мастацтва ў паэмах «Мцыры» і «Дэман», стварыў першы ў рус. л-ры псіхал. раман «Герой нашага часу». М.Гогаль замацаваў традыцыі рэаліст. метаду, яго новай мадыфікацыі — крытычнага рэалізму, стаў прадвеснікам мадэрнісцкіх пошукаў у слоўнай творчасці. Крытык В.Бялінскі падтрымаў і тэарэтычна абгрунтаваў наяўнасць у тагачасным мастацтве рэв.-грамадзянскага і маральна-пошукавага кірункаў. Першы кірунак быў прадстаўлены рэв. дэмакратамі М.Чарнышэўскім (раман «Што рабіць?»), М.Дабралюбавым (крытыка), творамі М.Някрасава (грамадз. лірыка, паэмы «Чыгунка», «Каму на Русі жыць добра»), М.Салтыкова-Шчадрына (нарысы, казкі, раманы «Гісторыя аднаго горада», «Паны Галаўлёвы»), часткова У.Гаршына, М.Ляскова, Дз.Маміна-Сібірака, М.Памялоўскага, Ф.Рашэтнікава, В.Сляпцова, а ў канцы 19 ст. — пралетарскімі пісьменнікамі, у першую чаргу М.Горкім. Другі кірунак прадстаўлялі сваімі раманамі І.Ганчароў, І.Тургенеў, Ф.Дастаеўскі, Л.Талстой, апавяданнямі і п’есамі А.Чэхаў, п’есамі А.Астроўскі. Тургенеў, Ганчароў, Дастаеўскі змагаліся супраць зла, сцвярджалі ідэі дабра і справядлівасці, даследавалі складаны духоўны свет чалавека. Дзякуючы ім на перадавыя пазіцыі ў літ. працэсе выйшаў раман, неад’емнай рысай мастацтва стаў глыбокі псіхалагізм. Рэв. ідэям Талстой проціпаставіў ідэю маральнага ўдасканалення чалавека і чалавецтва ў цэлым, устаноўку на пошук гармоніі нерэв. шляхам (раманы «Вайна і мір», «Ганна Карэніна», «Уваскрэсенне», аповесць «Хаджы-Мурат» і інш.). Блізкім да яго быў шлях у л-ры Чэхава, які маральнае зло ставіў вышэй за сацыяльнае і выводзіў адно з аднаго. У п’есах Астроўскага выкрывалася змрочнае царства цемры. Ф.Цютчаў замацаваў і развіў традыцыі філас. лірыкі Яскравую старонку рус. л-ры склала творчасць А.Фета, Г.Успенскага, У.Караленкі, І.Аксакава, С.Аксакава, К.Лявонцьева. У канцы 19 ст. ў л-ру прыйшлі «малодшыя рэалісты» І.Бунін, А.Купрын, В.Верасаеў, Л.Андрэеў, І.Шмялёў, Б.Зайцаў і інш.; пісьменнікі сацыяліст. арыентацыі М.Горкі, А.Серафімовіч, пралетарскія паэты, а таксама дэкадэнты (раннія сімвалісты). У 1910-я г. пачалася творчасць «неарэалістаў» А.М.Талстога, М.Прышвіна, К.Транёва, В.Шышкова, «новасялянскіх» паэтаў М.Клюева, С.Ясеніна і інш. На аснове рэаліст. традыцыі развівалася сатыра (А.Аверчанка, Н.Тэфі, С.Чорны). Зарадзіўся футурызм. Рэакцыяй на пазітывізм і эмпірызм стаў сімвалізм, які грунтаваўся на метафіз., інтуітыўным спасціжэнні тайнаў светабудовы праз суб’ектыўнае ўспрыманне творцы. Старэйшыя сімвалісты (Дз.Меражкоўскі, З.Гіпіус, В.Брусаў, К.Бальмонт, У.Салаўёў) спадзяваліся на рэліг. ператварэнне свету, «младасімвалісты» (А.Блок, А.Белы, В.Іванаў і інш.) — на яго эстэт. пераўтварэнне па законах прыгажосці На змену сімвалізму прыйшоў акмеізм (М.Гумілёў, Г.Ахматава, В.Мандэльштам, С.Гарадзецкі), які вярнуў паэзію ад абагульненай сімволікі да прадметна-канкрэтнай вобразнасці. Сімвалізм і акмеізм узбагацілі л-ру эстэт. адкрыццямі, паэт. культурай, засвоенай спадчынай айч. і сусв. л-ры. Футурызм вылучаўся агрэсіўна-прагматычным характарам, гуманіст. пафасам і антыбурж. скіраванасцю, разрывам з класічнай традыцыяй, «разбурэннем эстэтыкі», але футурысты (асабліва В.Хлебнікаў і У.Маякоўскі) адкрылі нявыкарыстаныя рэсурсы паэт. мовы, рэфармавалі вершаваную сістэму. Для л-ры да 1917 характэрны барацьба і ўзаемадзеянне рэаліст. і нерэаліст. тэндэнцый, узнікненне прамежкавых маст. з’яў: сінтэз рэалізму і рамантызму ў ранніх творах М.Горкага, рэалізму і экспрэсіянізму ў творчасці Андрэева, рэалізму і імпрэсіянізму ў ранніх Буніна і Зайцава, неакласічныя тэндэнцыі ў творчасці М.Валошына, У.Хадасевіча. Гэта сведчанне разнастайнасці і унікальнасці рус. л-ры таго перыяду.
Пасля 1917 у Расіі пачаўся працэс фарміравання новай л-ры. У перыяд грамадз. вайны л-ра выконвала пераважна агітацыйна-прапагандысцкую функцыю, але яе змест не абмяжоўваўся рэв. тэматыкай. Рэвалюцыя і грамадз. вайна паказваліся ў гіпербалічных, алегарычных, сімвалічных вобразах («Дванаццаць» Блока, рэв. паэмы Ясеніна, «150 000 000» і «Містэрыя-буф» Маякоўскага), у масавых тэатр. «дзействах», у абстрактных вобразах паэзіі Пралеткульта. У 1-й пал. 1920-х г.рус.л-ра развівалася ва ўмовах адноснай свабоды творчасці, суіснавання літ. груп («Серапіёнавы браты», «ЛЕФ», «Перавал», Расійская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў, канструктывісты), розных кірункаў (рэалізм, рамантызм, сімвалізм), эксперыментавання ў галіне мовы. Неадназначна вырашаліся асн. праблемы часу: рэвалюцыя і гуманізм, стыхійнасць і свядомасць, герой і народ, асоба і грамадства. Грамадз. вайна паказвалася з класавых пазіцый («Жалезны паток» Серафімовіча, «Разгром» А.Фадзеева, «Чапаеў» Дз.Фурманава, «Данскія апавяданні» М.Шолахава) і з пазіцый надкласавых, агульначалавечых («Белая гвардыя» М.Булгакава, «Лебядзіны стан» М.Цвятаевай, вершы пра грамадз. вайну Валошына). З творчымі пошукамі звязаны тэмы рэвалюцыі і інтэлігенцыі («Гарады і гады» К.Федзіна, «Зайздрасць» Ю.Алешы, «Вар’яцкі карабель» В.Форш, «Севастопаль» А.Малышкіна і інш.), рэвалюцыі ў вёсцы (Л.Лявонаў, У.Іванаў, А.Нявераў, Л.Сейфуліна і інш.). У гады нэпа ў вострай палеміцы вырашаліся праблемы маралі, кахання, сям’і. У пэўных межах дапускалася сатыра на бюракратызм і мяшчанства (Булгакаў, М.Зошчанка, Ільф і Пятроў, Маякоўскі). Але з сярэдзіны 1920-х г. узмацніўся класавы падыход да рэчаіснасці, сцвярджалася перамога рэв. абавязку над пачуццём («Любоў Яравая» Транёва, «Сорак першы» Б.Лаўранёва). Гіст. мінулае ацэньвалася з пункту гледжання класавай барацьбы, гіст. проза 1920-х г. грунтавалася на антыцарскай канцэпцыі («Апрануты каменем» Форш, «Кюхля» Ю.Тынянава, «Разін Сцяпан» А.Чапыгіна). Раманам «Цэмент» Ф.Гладкова пачалася распрацоўка наватарскай тэмы працы. Дасягненне прозы 1920-х г. — зараджэнне жанру рамана-эпапеі («Жыццё Кліма Самгіна» М.Горкага, 2 кнігі трылогіі «Блуканне па пакутах» А.М.Талстога, 2 кнігі «Ціхага Дона» Шолахава). Рамантычна-абагульнены стыль прозы першых паслярэв. гадоў змяніўся рэаліст. паказам характараў і падзей. Адкрыццём у паэзіі з’явіліся наватарскія лірыка і «лірычны эпас» Маякоўскага. Значны ўклад у паэзію Ясеніна, М.Асеева, Э.Багрыцкага, М.Забалоцкага, У.Лугаўскога; Б.Пастарнака, І.Сяльвінскага, М.Ціханава і інш. Ранняя сав. драматургія, пераадолеўшы абстрактнасць і побытавасць, раскрывала гіст. падзеі праз лёс асобы і ўзаемадзеянне характараў («Браняпоезд 14—69» У.Іванава, «Разлом» Лаўранёва і інш.). 1930-я г. — перыяд складанага і супярэчлівага развіцця рус. л-ры. Негатыўны ўплыў зрабіў нарматыўны метад сацыялістычнага рэалізму. Аднак насуперак яго канонам былі створаны значныя творы, лепшыя з якіх адлюстравалі самаадданую працу, масавы энтузіязм народа, раскрылі філас., маральную і эстэт. значнасць працы («Соць» Лявонава, «Людзі з глухамані» А.Малышкіна, апавяданні А.Платонава, «Узнятая цаліна» Шолахава, творы пра гармонію чалавека з прыродай Прышвіна, К.Паустоўскага) і інш. У л-ры сцвердзілася канцэпцыя гераічнай асобы, якая фактычна ігнаравала яе самакаштоўнасць. Небяспеку стандартызацыі чалавека ў таталітарнай дзяржаве прадказваў Я.Замяцін у антыутопіі «Мы». Супраць міфа пра сацыяліст. рай, супраць пабудовы сацыялізму любой цаной скіраваны антыутопіі «Катлаван», «Чавянгур», «Ювенільнае мора» Платонава. На агульным фоне шматлікіх твораў пра грамадз. вайну, пра правадыроў і герояў асабліва вылучыўся «Ціхі Дон», у якім Шолахаў паказаў, што жыццё больш універсальнае і багатае, чым ідэі класавай барацьбы, што вольналюбівы чалавек здольны супраціўляцца гвалту над сабой. А.М.Талстой у эпапеі «Блуканне па пакутах» пайшоў на кампраміс з уладай і сфальсіфікаваў некат. моманты грамадз. вайны; у рамане «Пётр Першы» ён пераадолеў антыцарскую канцэпцыю, паказаў і адмоўны, і прагрэсіўны бакі рас. дзяржаўнасці. Шырокім ахопам падзей вылучаліся рэв.-гіст. і ваен.-гіст. раманы «Угрум-рака» Шышкова, «Емяльян Пугачоў» і «Цусіма» А.Новікава-Прыбоя, «Гарачая пара ў Севастопалі» С.Сяргеева-Цэнскага. У паэзіі ўзмацніліся рысы эпічнасці (паэмы А.Твардоўскага, П.Васільева, Л.Мартынава). У драматургіі распрацоўвалася героіка-рэв. тэматыка («Першая Конная» і «Аптымістычная трагедыя У.Вішнеўскага, «Чалавек з ружжом» і «Крамлёўскія куранты» М.Пагодзіна), псіхал. драма («Таня» А.Арбузава, «Машачка» А.Афінагенава). Развівалася дзіцячая л-ра (К.Чукоўскі, С.Маршак, А.Гайдар і інш.). Л-ра канца 1930-х г. усё глыбей напаўнялася антываен. і антыфаш. пафасам (творы Афінагенава, Ціханава, І.Эрэнбурга). Яна паказвала трыумф, але прыхоўвала трагедыю часу — масавыя рэпрэсіі. У гэтыя гады цяжка складваўся лёс многіх таленавітых пісьменнікаў.
Вызначальная рыса рус. л-ры часоў Вял.Айч. вайны — аптымізм, вера ў перамогу над ворагам, гуманізм. Масаваму гераізму народа, подзвігам воінаў і партызан прысвечаны публіцыст. артыкулы і нарысы А.М.Талстога, Шолахава, Лявонава, Эрэнбурга, Фадзеева, К.Сіманава і інш., аповесці «Няскораныя» Б.Гарбатава, «Дні і ночы» Сіманава, «Валакаламская шаша» А.Бека, раман «Маладая гвардыя» Фадзеева, паэмы «Пулкаўскі мерыдыян» В.Інбер, «Сын» П.Антакольскага, «Зоя» М.Алігер, вершы Дз.Беднага, В.Лебедзева-Кумача, М.Ісакоўскага, С.Шчыпачова, А.Суркова, Сяльвінскага і інш.Л-раваен. гадоў прадаўжала гераічныя традыцыі рус. класічнай л-ры і фальклору («Рускі характар» А.М.Талстога, «Навука нянавісці», «Яны змагаліся за Радзіму» Шолахава). Вышэйшым увасабленнем самасвядомасці народа з’явіліся паэма-эпапея «Васіль Цёркін» Твардоўскага. Традыцыям рус. воінскай славы прысвечаны «Порт-Артур» А.Сцяпанава, часткі «Брусілаўскі прарыў» і «Пушкі выстаўляюць» эпапеі «Ператварэнне Расіі» Сяргеева-Цэнскага.
Л-ра пасляваен. 10-годдзя прадаўжала маст. асэнсаванне подзвігу народа ў Вял.Айч. вайну: «Аповесць пра сапраўднага чалавека» Б.Палявога, «Зорка» Э.Казакевіча, «У акопах Сталінграда» В.Някрасава, «Бура» Эрэнбурга, паэзія К.Ваншэнкіна, Ю.Друнінай, М.Луконіна, С.Нараўчатава, Р.Пажаняна, М.Старшынава і інш. Аднаўленне разбуранай вайной гаспадаркі, працоўныя будні горада і вёскі паказаны ў раманах «Далёка ад Масквы» В.Ажаева, «Кружыліха» В.Пановай, «Вадзіцелі» А.Рыбакова, «Вышыня» Я.Вараб’ёва, «Журбіны» У.Кочатава, «Жніво» Г.Нікалаевай і інш., у нарысах «Раённыя будні» В.Авечкіна. Дасягненнем пасляваен. прозы стаў раман Лявонава «Рускі лес», які адыграў вял. ролю ў выхаванні патрыятызму, разумных адносін да прыроды. Найб. актуальныя тэмы тагачаснай паэзіі — пераход ад вайны да мірнай працы («Дом ля дарогі» Твардоўскага, «Рабочы дзень» Луконіна), барацьба за мір (цыклы вершаў Сіманава, Ціханава, Суркова і інш.). На развіццё л-ры, асабліва драматургіі, тады адмоўна паўплывалі тэорыі станоўчага героя і бесканфліктнасці.
Літ. жыццё актывізавалася на мяжы 1950—60-х г. на хвалі дэмакр. ўздыму пасля развянчання культу асобы Сталіна. Актам маральнага прасвятлення грамадства стала публікацыя аповесці «Адзін дзень Івана Дзянісавіча» А.Салжаніцына. Апавяданне Салжаніцына «Матронін двор» паклала пачатак т.зв. вясковай прозе (Ф.Абрамаў, В.Бялоў, Б.Мажаеў, В.Распуцін) з яе суровай праўдай пра жыццё вёскі і становішча сялянства. Раманы «Рускі лес» Лявонава, «Асударава дарога» Прышвіна, «Майстар і Маргарыта» Булгакава садзейнічалі развіццю філас. рамана. У раманах «Цар-рыба» В.Астаф’ева, «Камісія» С.Залыгіна, аповесцях У.Цендракова і інш. ставіліся пытанні ўзаемаадносін чалавека з прыродай і людзьмі, праблемы творчасці. Змяніўся характар прозы пра Вял.Айч. вайну. Пачынаючы з «Жывых і мёртвых» Сіманава, вайна стала паказвацца ў яе гераічнай і трагічнай цэльнасці, на ўзроўні філас. абагульненняў і маральнага падыходу, паглыбленага псіхалагізму. Пашырыўся лірычны кірунак (В.Бергольц, Паустоўскі, У.Салаухін, С.Круцілін, Ю.Казакоў). Настрой «шасцідзесятнікаў» энергічна выявіла маладая паэзія (Б.Акуджава, А.Вазнясенскі, У.Высоцкі, Я.Еўтушэнка, Р.Раждзественскі). Творчым развіццём фалькл. тэм і вобразаў, песеннасцю пазначана паэзія У.Сакалова, А.Дзяменцьева, М.Дарызо, Л.Ашаніна, С.Вікулава, М.Трапкіна і інш.Філас.; лірыку ўзбагацілі Антакольскі, Асееў, Твардоўскі, Мартынаў, Маршак, Я.Вінакураў, М.Святлоў, А.Таркоўскі, Д.Самойлаў і інш. Спалучэнне глыбока асабістага з роздумам пра Радзіму і час характэрна для паэзіі С.Арлова, А.Жыгуліна, А.Межырава, Нараўчатава, Салаухіна, Б.Слуцкага, Я.Смелякова, В.Тушновай, В.Фёдарава, А.Яшына і інш. Імкненне асэнсаваць супярэчнасці стагоддзя і пошукі новай гармоніі ўласцівы паэзіі Л.Васільевай, Ю.Кузняцова, М.Рубцова, А.Чухонцава і інш. У 1960—70-я г. дасягнула апагея ваен. проза, пашырыла сферу паказу і дамаглася жанрава-стылявой разнастайнасці («Гарачы снег» і «Бераг», Ю.Бондарава, аповесці і апавяданні Р.Бакланава, Б.Васільева, В.Кандрацьева і інш.). «Гарадская проза» (Р.Кірэеў, У.Маканін, Ю.Трыфанаў і інш.) выявіла сімптом бездухоўнасці, мяшчанскай псіхалогіі ў жыцці інтэлігенцыі. Гэта была рэакцыя на грамадскі застой, які пачаўся з 2-й пал. 1960-х г.Л-ра дыягнаставала сац. хваробы грамадства («Сумны дэтэктыў» Астаф’ева, «Пажар» Распуціна). Пашырылі межы і навукова-сац. фантастыка (К.Булычоў, А. і Б. Стругацкія, І.Яфрэмаў і інш.), прыгодніцкая і дэтэктыўная л-ра (А. і Г. Вайнеры, Ю.Сямёнаў і інш.). Дзіцячая л-ра прадстаўлена прозай В.Драгунскага, А.Ліханава, С.Міхалкова, В.Мядзведзева, М.Носава, Рыбакова, паэзіяй С.Баруздзіна, В.Берастава, Б.Захадэра, Міхалкова, І.Такмаковай, Э.Успенскага і інш. Сфарміраваліся л-ра трэцяй хвалі пісьменніцкай эміграцыі (В.Аксёнаў, Г.Уладзімаў, С.Даўлатаў, У.Максімаў і інш.), авангардызм (І.Жданаў, Дз.Прыгаў, Л.Рубінштэйн і інш.) і постмадэрнізм.
Асабліва дынамічны і драм. перыяд развіцця рус. л-ры з канца 1980-х г. выкліканы зменамі паліт. і эканам. ладу ў Расіі. Вызваленне ад цэнзуры, легалізацыя забароненай і эмігранцкай л-ры надалі л-ры шырокае дыханне. Пасля публікацыі «Архіпелага ГУЛАГа» Салжаніцына актывізавалася «лагерная тэма» (В.Шаламаў, Рыбакоў, Ю.Дамброўскі). У канцы 1980-х г. упершыню апублікаваны «Рэквіем» Ахматавай, «Па праву памяці» Твардоўскага, «Доктар Жывага» Пастарнака, «Жыццё і лёс» В.Гросмана, «Факультэт непатрэбных рэчаў» Дамброўскага, антыутопіі Платонава, сатыр. аповесці Булгакава. Даступнымі сталі творы да таго часу невядомых ці забытых пісьменнікаў (М.Алданаў, Валошын, Гумілёў, Г.Іванаў, У.Набокаў, В.Розанаў, А.Рэмізаў, Хадасевіч і інш.). Вярнуліся з эміграцыі І.Адоеўцава, У.Вайновіч, А.Зіноўеў, Салжаніцын і інш. Крытыка пераглядала традыц. тэмы сав. л-ры, найперш тэму калектывізацыі. Радыкальная пераацэнка творчасці М.Горкага, Маякоўскага, А.М.Талстога, Шолахава паступова змянілася аб’ектыўным падыходам. Побач з шырока разгалінаванай маст. сістэмай рэалізму сфарміравалася маст. сістэма постмадэрнізму з яго варыянтамі («мета-метафарызм», канцэптуалізм, сац-арт і інш.). Жывы струмень постмадэрнізму ўзбагаціў л-ру таленавітымі творамі («Школа для дурняў» С.Сакалова, «Масква—Петушкі» Венядзікта Ерафеева, «Амон Ра», «Жыццё насякомых» В.Пялевіна), але і дыскрэдытаваў чалавека, проціпаставіў розуму культ цела, фізіялогію, паталогію (Віктар Ерафееў, Ю.Мамлееў, У.Сарокін).
Проза канца 20 — пач. 21 ст. выяўляе сац. супярэчнасці, адкрывае новыя псіхал. тыпы (нуварыш, аўтсайдэр, бомж), герояў «безгеройнага» часу, засяроджваецца гал. чынам на цяжкім лёсе «маленькага» і «сярэдняга» чалавека, паступова пераадольвае ранейшую бязвыхаднасць, песімізм, бытапісанне і падыходзіць да задачы «аднаўлення» чалавека. У асобных выпадках проза ўздымаецца да «вечных тэм» быцця, грунтуецца на дыхатаміі Дабра і Зла, Хрыста і Антыхрыста (раман Лявонава «Піраміда», апубл. ў 1994, які паставіў пытанне пра чалавечую цывілізацыю, што апынулася на ракавой мяжы самазнішчэння). Значны ўклад у сучасную прозу А.Бітава, В.Ганічава, М.Кураева, Ю.Палякова, Л.Петрушэўскай, А.Праханава, Т.Талстой, В.Токаравай і інш. Развіваецца гіст. проза (Дз.Балашоў, Л.Барадзін, А.Сегень, Ю.Фёдараў і інш.). Драматургія спрабуе асэнсаваць канфлікты часу перабудовы (У.Аро, А.Галін, А.Казанцаў, М.Каляда, М.Арбатава, В.Рысееў і інш.). У сучаснай паэзіі працуюць Б.Ахмадуліна, Ваншэнкін, Р.Казакова, Кузняцоў, П.Кошаль, С.Куняеў, В.Ліпневіч, І.Ляпін, Ю.Морыц, В.Сарокін, У.Фірсаў, І.Шклярэўскі і інш.
Руска-беларускія літаратурныя ўзаемасувязі маюць даўнія традыцыі. Бел. і рус.стараж. л-ры развіваліся ў межах адных і тых жа літ. жанраў, на агульнай жыццёвай аснове. Значную ролю ў станаўленні л-р абодвух народаў у стараж. часы адыгралі агульныя літ. помнікі: «Слова аб палку Ігаравым», «словы» Кірылы Тураўскага, рэгіянальныя летапісы, перакладная л-ра. Вял. значэнне для ўмацавання сувязей мела дзейнасць заснавальніка ўсх.-слав. і бел. кнігадрукавання Ф.Скарыны. Традыцыі «Слова аб палку Ігаравым» адчувальныя ў помніку стараж.бел. л-ры — паэме Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра». Агульная для бел. і рус. л-р 2-й пал. 17—18 ст. была творчасць Сімяона Полацкага і Андрэя (Яна) Белабоцкага. Фанвізін у лістах з дарогі ў Парыж апісаў гарады Мінск, Оршу, Стоўбцы, Мір, Слонім і інш. Яму належала в. Лісна (Верхнядзвінскі р-н), дзе ён працаваў над апошняй сваёй камедыяй «Выбар гувернёра». На Беларусі пасля яе далучэння да Расіі (канец 18 ст.) распаўсюджваліся творы рус. пісьменнікаў. Літ. сувязі паміж народамі-суседзямі ніколі не перапыняліся, асабліва ўмацаваліся яны ў 19 ст., калі Вільня і Пецярбург сталі асяродкамі шматнац. культуры і л-ры. У гэты час многія рус. і бел.маст. творы з’явіліся на агульнай аснове («Энеіда навыварат» В.Равінскага і падобны рускамоўны твор М.Осіпава). Паэма «Тарас на Парнасе» арыентуе чытача на ўспрыманне і высокую ацэнку творчасці класікаў рус. л-ры Пушкіна, Лермантава, Жукоўскага, Гогаля. Асветніцкія, гуманістычныя ідэалы польскамоўнай л-ры Беларусі (А.Міцкевіч, У.Сыракомля, Я.Чачот і інш.) жывіліся творчасцю рус. класікі. З жыццём беларусаў былі знаёмыя Дзяржавін, Вяземскі, Рылееў, А.Бястужаў-Марлінскі, Глінка. Бел. зямля — радзіма Дастаеўскага і Ф.Булгарына. Першыя выступленні ў друку Грыбаедава звязаны са службай у Кобрыне і Брэсце, дзе ён знаёміўся з побытам і вуснай нар. творчасцю беларусаў, назіраў за будучымі прататыпамі сваіх твораў. Жыццём бел. народа цікавіліся Пушкін (сюжэт і лёс гал. героя рамана «Дуброўскі» ўзяты з бел. жыцця), Лермантаў (паводле бел. гісторыі напісаны паэмы «Ліцвінка» і «Баярын Орша»), Рылееў (дума «Рагнеда»), Гогаль. Някрасаў адзін з першых у рус. паэзіі стварыў вобраз беларуса (паэма «Чыгунка»). З глыбокай павагай пісаў пра беларусаў Дабралюбаў. У арт. «Рысы для характарыстыкі рускага простанароддзя» ён выкрываў выдумкі пра «забітасць» і адсталасць бел. сялянства. На рус. мову перакладалі бел. фальклорныя творы А.Майкаў, М.Гербель. Ляскоў падарожнічаў з В.Каратынскім па Беларусі, на бел. матэрыяле напісаў антынігілістычныя раманы «Няма куды» (пра паўстанцаў 1863—64) і «На нажах». На бел. матэрыяле створаны і некат. творы Рашэтнікава, І.Лажэчнікава, К.Масальскага, У.Крастоўскага. Ад падарожных нататкаў, успамінаў, артыкулаў, паліт. трактатаў, вершаў і гісторыка-этнагр. нарысаў л-ра пераходзіла да стварэння абагульненага вобраза бел. народа, да маст. ўвасаблення яго духоўнага свету. Традыцыі рус. рэалістычнай вольналюбівай л-ры шанавалі і выкарыстоўвалі Ф.Багушэвіч, А.Гурыновіч, Я.Лучына і інш. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. вывучэнне бел. краю на навук. аснове вялі М.Без-Карніловіч, П.Шпілеўскі, І.Насовіч, Е.Раманаў, Я.Карскі, П.Шэйн, М.Нікіфароўскі, якія знаёмілі рас. чытача з маст. л-рай, звычаямі, фальклорам беларусаў. На працы Без-Карніловіча і Шпілеўскага адгукнуўся ў друку Чарнышэўскі. Для прапаганды бел. л-ры ў рас. друку шмат зрабіў А.Пагодзін, у полі зроку якога апынулася творчасць Багушэвіча, Я.Лучыны, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча. У Пецярбургу Я.Купала пад уплывам сімвалістаў напісаў драму «Раскіданае гняздо», пазней — паэмы «На Куццю», «Адвечная песня» (уплыў Андрэева). Свой зб. «Шляхам жыцця» ён падпісаў Брусаву і Бальмонту. У многіх творах Цёткі паказана жыццё пецярбургскіх студэнтаў і рабочых. У Пецярбургу была створана выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша аконца», дзе выдадзены першыя кнігі Я.Купалы («Жалейка») і Я.Коласа («Песні-жальбы»), у 1912—14 дзейнічаў Беларускі навукова-літаратурны гурток. Важнае значэнне мелі прызнанне і высокая ацэнка творчасці Я.Купалы і Я.Коласа М.Горкім, які адзначыў прастату, народнасць, меладычнасць іх твораў, пераклаў на рус. мову верш Я.Купалы «А хто там ідзе?», прыраўняўшы яго да гімна беларусаў. Я.Купала, Цётка, Ц.Гартны прызнавалі ўплыў на сваю творчасць Пушкіна, Лермантава, Някрасава, Гогаля, Л.Талстога. Багдановіч частку твораў напісаў на рус. мове, пераклаў на яе зб. вершаў «Вянок», апублікаваў артыкулы на рус. мове пра творчасць Ламаносава, Баратынскага, С.Дрожжына і інш.рус. пісьменнікаў. Творчасцю бел. паэтаў цікавіўся Брусаў. Ён стаў адным з першых перакладчыкаў вершаў Я.Купалы на рус. мову. Творы Я.Купалы ў дакастр. час. перакладаў і А.Карынфскі. Служба на тэр. Беларусі ў гады 1-й сусв. вайны адбілася на творчасці Блока. У канцы 19 ст. зроблены першыя пераклады на бел. мову асобных твораў рус. паэзіі (вершы Пушкіна, Някрасава, А.К.Талстога, байкі Крылова ў перакладах Гурыновіча, Багушэвіча, А.Абуховіча; апавяданне «Сігнал...» У.Гаршына). У 1903 М.Косіч выдала ў Чарнігаве зборнік вольных наследаванняў «Пералажэнне некаторых баек Крылова на беларускую мову». Бел. тэматыкай цікавіўся Бунін. Газ. «Наша ніва» друкавала ў перакладзе на бел. мову творы Л.Талстога, Тургенева, Чэхава, М.Горкага, Караленкі, Брусава, урыўкі з артыкулаў Бялінскага, адзначала юбілеі Л.Талстога, Гогаля і інш. Артыкулы пра творчасць рус. пісьменнікаў, іх творы змяшчалі газеты, што выходзілі на Беларусі («Северо-Западный край», «Голос провинции», «Минский курьер» і інш.).
Пасля 1917 літ. сувязі паміж Беларуссю і Расіяй паглыбіліся. Больш частымі сталі творчыя кантакты (прыезды на Беларусь Маякоўскага, Пастарнака, Сіманава і інш. пісьменнікаў). Плённымі формамі сувязей сталі ўзаемныя пераклады твораў, святкаванні юбілеяў, з’езды пісьменнікаў, дэкады л-ры і мастацтва і інш. Я.Купала зрабіў пераклады на бел. мову «Слова аб палку Ігаравым» — празаічны (1919) і вершаваны (1921). Бел. газеты і часопісы («Звязда», «Беларуская вёска», «Маладняк», «Полымя» і інш.) друкавалі творы Маякоўскага, Дз.Беднага, «камсамольскіх паэтаў» А.Жарава, А.Безыменскага, Святлова. У 1920—30-я г. творы рус. пісьменнікаў перакладалі З.Астапенка («Маці» М.Горкага), П.Броўка («Уладзімір Ільіч Ленін» Маякоўскага), М.Гарэцкі (апавяданні М.Горкага, «Разгром» Фадзеева), М.Грамыка (творы Л.Талстога), І.Дварчанін і А.Дудар («Дванаццаць» Блока), М.Зарэцкі («Цэмент» Гладкова), Я.Колас («Палтава» Пушкіна), К.Крапіва (творы Фанвізіна, Крылова, Пушкіна, Гогаля, Астроўскага, Маякоўскага), Я.Купала («Медны коннік» Пушкіна), А.Куляшоў («Цыганы» Пушкіна), Р.Лынькоў і В.Вітка («Добра!» Маякоўскага), М.Багун, С.Баранавых, Р.Бахта, М.Клімковіч, Я.Скрыган, Ю.Таўбін, К.Чорны, А.Якімовіч і інш. Засваенне традыцый рус. класікі стала важным фактарам развіцця бел. л-ры. Пушкін паўплываў на станаўленне бел. паэзіі (Я.Купала, Я.Колас, Багдановіч), рус. класічны раман садзейнічаў нараджэнню гэтага жанру ў бел. л-ры (Ц.Гартны, К.Чорны, П.Галавач і інш.). Філас. пошукі К.Чорнага абумовілі яго цікавасць да творчасці Дастаеўскага, М.Горкага. Горкаўскія традыцыі шмат у чым паўплывалі на творчасць М.Чарота, Ц.Гартнага, Зарэцкага. Моцнае ўздзеянне на паэзію М.Чарота, Броўкі, Куляшова зрабіў Маякоўскі; творчасць яго і Дз.Беднага садзейнічала развіццю бел. сатыры. Уплыў Ясеніна адчуваецца ў паэзіі П.Труса, Я.Пушчы і інш. маладнякоўцаў. Плённай традыцыяй рус. л-ры стала імкненне знаёміць сваіх чытачоў са здабыткамі бел. л-ры. У 1919 у Маскве выйшла кніга Я.Купалы «Выбраныя вершы ў перакладах рускіх паэтаў» (складальнік і рэдактар І.Белавусаў). У 1920—30-я г. на рус. мове выдадзены творы Я.Коласа «У палескай глушы», М.Чарота «Апавяданні», Ц.Гартнага «Трэскі на хвалях» і «Аповесці і апавяданні», Галавача «Праз гады», А.Александровіча «Шчаслівая дарога»; «Анталогія беларускай літаратуры» і зб. «Паэзія Савецкай Беларусі». У 1931 М.Горкі рэкамендаваў выдаць у серыі «Бібліятэка паэта» творы В.Дуніна-Марцінкевіча, Я.Коласа, Багдановіча. Серафімовіч у прывітанні 1-му з’езду БелАПП прадказаў росквіт бел. л-ры, раіў перакладаць яе на інш. мовы. Умацаванню рус.-бел. сувязей садзейнічалі 1-ы Усесаюзны з’езд сав. пісьменнікаў (1934), усенар. святкаванне юбілею Пушкіна (1937), 750-годдзя «Слова аб палку Ігаравым» (1938). У 1936 у Мінску адбыўся 3-і пленум праўлення Саюза сав. пісьменнікаў СССР, прысвечаны бел. і башкірскай л-рам, у перакладзе на бел. мову выйшла «Анталогія рускай савецкай паэзіі». Наладжваліся творчыя кантакты бел. пісьменнікаў з пісьменнікамі Масквы, Смаленска і інш. гарадоў. Вял. Айч. вайна вызначыла агульнасць тэм, ідэй, вобразаў у творах рус. і бел. пісьменнікаў. На рус. мове выдадзены кніга Я.Купалы «Народ-мсцівец», зб-кі твораў бел. пісьменнікаў «За Савецкую Беларусь» і «Беларусь змагаецца», кнігі вершаў Я.Коласа, Броўкі, П.Панчанкі, паэма Куляшова «Сцяг брыгады», зб-кі «Апавяданні» і «Васількі» М.Лынькова.
У пасляваенны час узаемадзеянне рус. і бел. л-р узмацняецца, пашыраюцца кантакты паміж пісьменнікамі і перакладчыцкая дзейнасць. На рус. мове выдаюцца найб. значныя творы бел. празаікаў, паэтаў, драматургаў (зб. «Паэты Беларусі», 1947; «Анталогія беларускай паэзіі», 1952; зб. «Беларускія апавяданні», 1955, і інш.). Адначасова на бел. мове выдадзены зб-кі «Паэты Ленінграда» (1948), «Рускія асілкі. Быліны» (1950), «Апавяданні ленінградскіх пісьменнікаў» (1951), анталогія «Руская савецкая паэзія» (1953) і інш. Актывізавалася вывучэнне ўзаемадзеяння рус. і бел. л-р (кн. М.Клімковіча «Аб жыватворчым уплыве рускай літаратуры на беларускую літаратуру», 1955; В.Івашына «М.Горкі і беларуская літаратура пачатку XX ст.», 1956). Шмат увагі бел. л-ры аддаваў Фадзееў. У 1943 ён пісаў пра «Выбраныя творы» Я.Купалы, што «даўно не чытаў больш чыстай кнігі»; у 1950-я г. ў лістах да І.Мележа, П.Пестрака, М.Паслядовіча, А.Вольскага выказваў свае думкі і заўвагі пра раманы «Мінскі напрамак», «Сустрэнемся на барыкадах», «Святло над Ліпскам» і п’есу «Несцерка». Вял. роля ў папулярызацыі бел. л-ры належыць Твардоўскаму. Ён прысвяціў Беларусі вершы «Запрашэнне гасцей», «Мінская шаша», «Зяць і цешча» і інш., нарысы «У Віцебску», «Першы дзень у Мінску», «Сэрца народа», «Пра ластаўку», «Паездка ў Гродна», «Лявоніха», «Слаўны дзед», перакладаў на рус. мову бел.нар. песні, творы Я.Купалы, Я.Коласа, Куляшова, М.Засіма, М.Сурначова і інш. На бел. мову яго творы перакладалі Броўка, А.Бялевіч, М.Калачынскі, К.Крапіва, Куляшоў, Р.Няхай, А.Русак, М.Танк і інш. Твардоўскі прызнаваў уплыў на яго творчасць Я.Купалы, сведчыў, што паэма Куляшова «Сцяг брыгады» паўплывала на яго паэму «Дом ля дарогі». Творчасці Куляшова ён прысвяціў арт. «Паэма «Сцяг брыгады» і «Сталасць таленту». Памяці Твардоўскага прысвечана паэма «Варшаўскі шлях» Куляшова. Побач з перакладчыцкай дзейнасцю інтэнсіўна развіваліся інш. формы літ. узаемасувязей, рэгулярна праводзіліся дэкады, тыдні, дні л-ры і мастацтва. У 1965 пачаў дзейнічаць Савет па бел. л-ры пры Саюзе пісьменнікаў СССР, які каардынаваў работу па літ. узаемасувязях. У перакладзе на рус. мову выдадзены зборы тв. Я.Купалы (т. 1—3, 1982), Я.Коласа (т. 1—4, 1951—52; т. 1—4, 1982—83), Броўкі (т. 1—4, 1981—82), В.Быкава (т. 1—4, 1985—86) і інш. Творы рус. пісьменнікаў выдаваліся на Беларусі і ў арыгінале. Над перакладамі твораў бел. л-ры актыўна працавалі і працуюць рус. паэты Ісакоўскі, Пракоф’еў, М.Рыленкаў, С.Гарадзецкі, М.Галодны, Дз.Кавалёў, М.Камісарава, К.Шавялёва, І.Шклярэўскі, перакладчыкі — А.Астроўскі, М.Гарбачоў, П.Кабзарэўскі, Я.Мазалькоў, Я.Хелемскі, В.Шчадрына і інш. Сведчанне сталасці бел. перакладчыцкай школы — зварот да тонкай лірыка-псіхал. прозы Паустоўскага, Казакова, метафарычнай паэзіі Ясеніна.
Многія рус. пісьменнікі звярталіся і звяртаюцца да бел. тэматыкі. Пра жыццё бел. народа, яго ўдзел у Вял.Айч. вайне, працоўныя будні пісалі Л.Абухава (аповесці «Глыбінь-Гарадок» і «Віцьбічы»), В.Кажэўнікаў (нарыс «Па дарогах Беларусі»), І.Шток (п’еса «Гастэла»), Л.Ракоўскі (аповесць «Канстанцін Заслонаў»), Б.Касцюкоўскі (аповесць «Нітка Арыядны»), Вараб’ёў (раман «Зямля, да запатрабавання») і інш.Ваен. дарогі і памяць пра вайну навек зраднілі з бел. зямлёю Сіманава. Ён не раз прыязджаў на Беларусь, прысвяціў ёй многія старонкі свайго дзённіка «Розныя дні вайны» і раман «Апошняе лета», пераклаў на рус. мову паэму Таўлая «Таварыш». Бел. матэрыял выкарыстаны ў раманах «Касцёр» К.Федзіна, «Вёрсты любві» А.Ананьева, «Момант ісціны» У.Багамолава, «Вайна» Стаднюка. Шырокі водгук у рус. л-ры атрымала гераічная абарона Брэсцкай крэпасці («Крэпасць над Бугам», «Брэсцкая крэпасць» і «Героі Брэсцкай крэпасці» С.Смірнова, «Бессмяротны гарнізон» Сіманава, «Дзяўчына з Брэста» Ю.Якаўлева, «Пеця Клыпа» М.Лісянскага, «У спісах не значыўся» Васільева, зб-кі вершаў «Рэха ў граніце» і «Табе, Беларусь»). Беларусі прысвечаны вершы Дз.Беднага, Вазнясенскага, Ю.Воранава, Гарадзецкага, Я.Далматоўскага, Ісакоўскага, Камісаравай, Кошаля, Куняева, Ляпіна, Пракоф’ева, Смелякова, Шавялёвай, паэма В.Саянава «Белавежская аповесць» і інш. Вобраз Расіі паўстае ў вершах Я.Купалы, Я.Коласа, А.Вялюгіна, Я.Каршукова, Куляшова, Е.Лось, Панчанкі, Г.Пашкова, А.Пысіна, Ю.Свіркі, У.Скарынкіна, Э.Скобелева, Б.Спрынчана, В.Спрынчана, М.Танка, Я.Янішчыц і інш.
У 1999 у выд-ве «Беларуская Энцыклапедыя» выйшла кніга «Роднасць: Анталогія братэрства», у якой змешчаны вершы, літ., публіцыст. эсэ бел. паэтаў пра Р., рус. паэтаў — пра Беларусь. На Беларусі жылі і працавалі рускамоўныя пісьменнікі Ю.Багушэвіч, М.Гарулёў, М.Герасімаў, М.Кругавых, У.Машкоў, І.Мяла, Г.Папоў, П.Харкоў, К.Цітоў, І.Шапавалаў, М.Аляксееў, працуюць А.Дракахруст, А.Скарынкін, Скобелеў, Б.Спрынчан, В.Спрынчан, М.Чаргінец, Э.Ялугін, С.Яўсеева і інш.
Шматгранныя сувязі рус. і бел. л-р удасканальваюцца, набываюць новыя формы, напр., творчае супрацоўніцтва пісьменнікаў («Блакадная кніга» Адамовіча і Граніна, ч. 1—2, 1977—81), літ.-знаўчыя даследаванні. У вывучэнне бел. л-ры зрабілі ўклад рус. даследчыкі Мазалькоў («Янка Купала», 1949, 5-е выд. 1961; «Якуб Колас», 1960; «Зямля, якая спявае», 1965), А.Аўчарэнка («Сучасны беларускі раман», 1971, 2-е выд. 1978), І.Вішнеўская («Камедыя на арбіце», 1979), Л.Лазараў («Васіль Быкаў», 1979), І.Дзядкоў («Васіль Быкаў», 1980). У сучасным літ.-знаўстве літ. ўзаемасувязі — прадмет і сродак вывучэння заканамернасцей літ. працэсу. Кожная праблема вывучаецца з улікам узаемасувязі і ўзаемадзеяння братніх л-р, найб. дэталёва даследуюцца традыцыі і наватарства, творчая індывідуальнасць пісьменнікаў, тыпалагічная агульнасць і адрозненні. Вывучэнню рус.-бел. сувязей прысвечаны працы Н.Перкіна «У сям’і братніх літаратур» (1967), М.Ларчанкі «Яднанне братніх літаратур» (1974), Р.Бярозкіна «Звенні», А.Ленсу «Дакастрычніцкая творчасць Я.Купалы ў святле літаратурных сувязей і традыцый» (абедзве 1976), В.Гапавай «Беларуска-рускае паэтычнае ўзаемадзеянне» (1979). Глыбока вывучаюцца традыцыі Л.Талстога і Дастаеўскага ў бел. прозе (Адамовіч «Кузьма Чорны: Урокі творчасці», 1977; «Леў Талстой і беларуская літаратура: (Вайна і чалавек)», 1978), выявілася цікавасць даследчыкаў да шолахаўскай традыцыі ў творчасці Мележа і інш. празаікаў, да традыцыі Фадзеева, у творчасці якога спалучаліся трагедыйнасць і рамант. пафас. Рус. л-ру даследавалі і даследуюць бел.літ.-знаўцы А.Жакаў, В.Івашын, Л.Кароткая, Ф.Куляшоў, А.Лемешаў, Г.Няфагіна, І.Скарапанава, А.Станюта, С.Чубакоў, А.Шалемава і інш. Вывучэнне традыцый памагае глыбей зразумець наватарства і нац. спецыфіку бел. л-ры. Засвоіўшы вопыт. рус. л-ры, бел.л-ра ў сваю чаргу ўзбагаціла яе самабытнай паэзіяй, арганічна звязанай з фальклорам, наватарскімі адкрыццямі ў ваен. прозе (шырокі паказ партыз. вайны, захаванне памяці пра нар. вайну — «Я з вогненнай вёскі...» Адамовіча, Брыля, У.Калесніка, 1975; аповесці Быкава і інш.). Да 200-годдзя з дня нараджэння Пушкіна выдадзены кнігі «Аляксандр Пушкін і Якуб Колас» М.Тычыны, «А.С.Пушкін і Беларусь = А.С.Пушкин и Беларусь» (абедзве 1999) і інш. Выдатным дасягненнем бел.літ.-знаўцаў пад эгідай Ін-та л-ры імя Я.Купалы з’яўляецца даследаванне «Нарысы па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей» (т. 1—4, 1993—95).
Архітэктура. З эпохі палеаліту даследчыкамі выяўлены паселішчы з прымітыўнымі жытламі зямляначнага ці паўзямляначнага тыпу. У неаліце пашырыліся наземныя пабудовы, паселішчы на палях. У эпоху энеаліту і бронз. веку рабілі пабудовы з бярвення. У 8—7 ст. да н.э. пашырыўся тып паселішча, абкружанага валам і частаколам. З 10 ст. ў рамках мастацтва Кіеўскай Русі развіваліся мясц.арх. школы (гл.Наўгародская школа дойлідства, Пскоўская школа дойлідства, Уладзіміра-Суздальская школа дойлідства). Перапыненае мангола-татарскім нашэсцем развіццё стараж.-рус. архітэктуры з канца 13 ст. аднавілася як працэс фарміравання ўласна рус.маст. культуры. Асаблівага росквіту дасягнула наўгародская школа, у пабудовах якой быў выпрацаваны новы тып храма з 3-лопасцевым або шчыпцовым завяршэннем. Будаваліся велічныя манастырскія ансамблі: Аляксандра-Неўская лаўра, Андронікаў манастыр, Валаамскі манастыр, Данскі манастыр, Кірыла-Белазерскі манастыр, Новадзявочы манастыр, Новаіерусалімскі манастыр, Ноўгарад-Северскі Спаса-Праабражэнскі манастыр, Пскова-Пячорскі манастыр, Салавецкі манастыр, Ферапонтаў манастыр і інш. Вызначальная роля ў развіцці архітэктуры з 14 ст. належыць Маскве, якая сінтэзавала дасягненні мясц. школ (гл.Маскоўская школа дойлідства). У канцы 14 — пач. 15 ст. склаўся маскоўскі тып храма з павышанымі падпружнымі аркамі і ярусамі какошнікаў (Успенскі сабор «на Гарадку» ў г. Звянігарад). Да пач. 16 ст. склаўся велічны ансамбль Крамля Маскоўскага, у 16—17 ст. — Пскоўскага крамля, Растоўскага крамля, пабудаваны крамлі ў Волагдзе, Зарайску, Каломне, Ніжнім Ноўгарадзе, Серпухаве, Смаленску, Туле і інш. У 16 ст. ў маскоўскім дойлідстве ўзнік своеасаблівы тып каменнага храма — вежа, крытая шатром (царква Ушэсця ў Каломенскім, Васіля Блажэннага храм у Маскве), будаваліся 4-стоўпныя мураваныя храмы з 5 купаламі (сабор Новадзявочага манастыра ў Маскве). Дамінавала драўлянае дойлідства: у свецкай архітэктуры найб. пашырыўся тып ізбы-зруба пад двухсхільным дахам, у культавай — кубічнага храма, унутр. прастора якога члянілася на паралельныя нефы слупамі, што падтрымлівалі скляпенні і 1—5 купалаў. У мураванай царк. архітэктуры пераважалі невял. цагляныя ці каменныя храмы без слупоў, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі.
З 17 ст. склаўся тып палаца-харомаў, які складаўся са зрубаў-церамоў, аб’яднаных пераходамі (царскі палац у Каломенскім, 1667—81). Зменшылася адрозненне паміж культавым і свецкім дойлідствам: унутр. прастора вырашалася як вял. светлая зала, узмацнілася роля лесвіц і аздобленых шатрамі ганкаў. У 2-й пал. 17 ст. архітэктура цэркваў набывала ўсё больш маляўнічы, «узорысты» характар (рэльефная муроўка, кафляныя ўстаўкі і інш.), асабліва ў пабудовах нарышкінскага барока. Узнік новы ярусны тып храма (царква Пакрова ў Філях пад Масквой, 1693—94, і інш.). Новыя гарады і крэпасці будаваліся на Пд і ў Сібіры. Высокім маст. узроўнем вызначаліся пабудовы ў Архангельску (Гасціны двор), Калузе (дом Корабавых), Пераслаўлі-Залескім, Пскове (палаты Паганкіных і дом Лапіна), Яраслаўлі (царква Іаана Прадцечы ў Талчкове) і інш. У 17—18 ст. вельмі цікавае своеасаблівае драўлянае дойлідства (арх. ансамбль на в-ве Кіжы, цэрквы ў Кондапазе). Пераўтварэнні Пятра I прывялі да карэнных змен у архітэктуры: з’явілася рэгулярная планіроўка ў духу еўрап. горадабудаўніцтва, выкарыстоўвалася ордэрная сістэма і інш. Пачалося буд-ва Пецярбурга, для чаго былі запрошаны еўрап. архітэктары Ж.Б.Леблон, Д.Трэзіні, А.Шлютэр і інш. У 1-й пал. 18 ст. дамінавала барока, на 2-ю пал. 18—1-ю чвэрць 19 ст. прыпадае станаўленне і росквіт рус. класіцызму і ампіру. Выдатныя ансамблі стварылі В.Бавэ, В.Бажэнаў, М.Бенуа, А.Вараніхін, Д.Жылярдзі, А.Захараў, Ч.Камерон, М.Казакоў, А.Какорынаў, Дж.Кварэнгі, І.Корабаў, М.Львоў, В.Растрэлі, К.Росі, І.Староў, В.Стасаў, Дз.Ухтамскі, С.Чавакінскі і інш. (гл. таксама Адміралцейства, Зімні палац, Ісакіеўскі сабор, Казанскі сабор, Летні сад, Петрадварэц, Петрапаўлаўская крэпасць, Смольны). У буйных загарадных сядзібах ясная і строгая класіцыстычная архітэктура палацаў спалучалася з характэрнымі для таго часу рэгулярнымі і пейзажнымі паркамі (гл.Абрамцава, Астанкіна, Кускова). У архітэктуры 2-й пал. 19 ст. пераважалі эклектыка і стылізацыя. У канцы 19 — пач. 20 ст. узніклі новыя горадабудаўнічыя ідэі: пасёлкі тыпу горада-сада (арх. У.Сямёнаў), праекты новых раёнаў (І.Фамін) і частковай рэканструкцыі (Л.Бенуа) Пецярбурга. Пэўныя змены ў аблічча гарадоў унеслі мадэрн (Ф.Лідваль, Ф.Шэхтэль) і кірункі, якія выкарыстоўвалі традыцыі стараж.-рус. дойлідства (У.Пакроўскі, А.Шчусеў у класіцызму (Фамін), рэнесансу (І.Жалтоўскі). У 1920-я г. ствараліся новыя тыпы жылых і грамадскіх пабудоў — дамы-камуны, рабочыя клубы і інш. Пашырыліся плыні, якія распрацоўвалі функцыянальна-канструктыўныя ідэі, пабудовы вызначаліся геаметрычнасцю і строгасцю аб’ёмаў, рацыянальнасцю планіровачных і канструктыўных вырашэнняў. Узніклі новыя прамысл. цэнтры — Магнітагорск, Новакузнецк і інш. Архітэктура 2-й пал. 1930-х г. вызначалася паваротам да манументалізаваных вобразаў, засн. на класічнай традыцыі. Вяліся рэканструкцыя гарадоў, комплексная забудова жылых раёнаў, пачаў будавацца маскоўскі метрапалітэн. Аднак нятворчае стаўленне да спадчыны часта прыводзіла да эклектызму і халоднай параднасці. Сярод вядучых архітэктараў Р.Бархін, А., В. і Л. Весніны, А.Гегела, У.Гельфрэйх, М.Гінзбург, І. і П. Голасавы, Б.Іафан, І.Леанідаў, К.Мельнікаў, І.Нікалаеў, Л.Руднеў, У.Шчуко і інш. У канцы 1940-х — 1950-я г. значнымі сталі аднаўленне і рэканструкцыя гарадоў (К.Алабян, Г.Арлоў, М.Баранаў, Бархін, Г.Гольц, В.Каменскі, А.Навумаў, В.Сімбірцаў і інш.), стварэнне вышынных будынкаў у Маскве (Гельфрэйх, М.Мінкус, А.Мндаянц, М.Пасохін), адмаўленне ад пераймання гіст. стыляў, пашырэнне індустр. канструкцый, перанос гал. акцэнту на жыллёвае буд-ва. Асаблівая ўвага звярталася на ўзаемасувязі прамысл. і жылых раёнаў, развіццё трансп. артэрый і комплексаў абслугоўвання; у буд-ве асобных будынкаў — на выкарыстанне функцыянальна апраўданых форм, адпаведных спецыфіцы матэрыялаў, актыўнае ўвядзенне ў фарміраванне арх. аблічча твораў дэкар.-прыкладнога мастацтва. У 1960—80-я г. тыпалогія буйнапанэльнага домабудаўніцтва набыла большую разнастайнасць, змешаная забудова раёнаў будынкамі розных паверхаў дазволіла пераадолець аднастайнасць масавай жылой архітэктуры і ўзмацніць выразнасць арх. комплексаў, у т. л. і грамадскіх (напр., Астанкінская тэлевізійная вежа ў Маскве). Сярод вядучых архітэктараў Л.Баталаў, Я.Белапольскі, С.Галаджава, С.Еўдакімаў, А.Жук, Б.Злобін, С.Ісмаілаў, Ю.Лапаткін, І.Пакроўскі, А.Палянскі, Б.Рубаненка, Р.Семярджыеў, С.Спяранскі, Я.Стома, Б.Тхор, М.Улас, Ю.Шавярдзяеў і інш. У 1990-я г. ўзрасла эстэт. выразнасць забудовы, лаканічнасць і яснасць форм, пашырылася буд-ва жылых дамоў палепшанай планіроўкі, дзярж., грамадскіх, прыватных банкаўскіх, офісных і інш. будынкаў у рэчышчы сучасных кірункаў зах. архітэктуры, культавых пабудоў у традыц. канфесіянальных формах. У 1983 створаны Саюз архітэктараў Р.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. Р. выяўлены помнікі культуры палеаліту (размалёўкі Капавай пячоры на Урале, каменныя і касцяныя статуэткі з Касцёнак у Варонежскай вобл. і Мальты каля Іркуцка і інш.) і неаліту (наскальныя выявы ў Карэліі і Сібіры, арнаментаваная кераміка, разьбянае драўлянае начынне і інш.). З энеаліту і бронз. веку вядомы манум. каменная скульптура, арнаментаваныя вырабы з бронзы (зброя, статуэткі і інш.). У 8—7 ст. да н.э. быў пашыраны звярыны стыль. З 9—10 ст. развівалася культура ўсходнеслав. плямён у межах культуры Кіеўскай Русі. Уласна рус. мастацтва пачало складвацца з канца 13 ст. Развіваўся жывапіс, пачалі складвацца маст. школы: Наўгародская школа жывапісу, Пскоўская школа жывапісу, Уладзіміра-Суздальская школа жывапісу. У 2-й пал. 14 — пач. 15 ст. высокім маст. узроўнем вызначаліся творы Феафана Грэка, Данііла Чорнага, А.Рублёва, у канцы 15 — пач. 16 ст. — Дыянісія, скульптуры В.Ярмоліна. З 2-й пал. 15 ст. цэнтрам рус.маст. культуры стала Масква, у якой для аздаблення храмаў і палацаў былі сканцэнтраваны буйныя творчыя сілы, у т. л. з Беларусі (старцы Арсеній і Іпаліт, К.Міхайлаў, С.Палубес і інш.; гл. таксама Беларуская рэзь). У 16 ст. гарманічная стройнасць і святочная ўрачыстасць жывапісу змянілася імкненнем да алегарычнасці і павучальнасці, рабіліся спробы звязаць іканапіс з рэальнай гісторыяй (абраз «Царква ваяўнічая», напісаны ў гонар узяцця Казані). Пачала развівацца гравюра (дрэварыты да кн. «Апостал», 1564). На мяжы 16—17 ст. склалася Строганаўская школа жывапісу з яе вытанчана-мініяцюрным пісьмом. У іканапісе 17 ст. павялічылася цікавасць да больш рэаліст. перадачы прасторы, аб’ёму і святлаценю (С.Ушакоў). Манум. жывапісу ўласцівы апавядальнасць сюжэтаў і яркая дэкаратыўнасць (размалёўкі храмаў Кастрамы, Масквы, Яраслаўля і інш.). Пачало складвацца свецкае мастацтва, узнік партрэтны жанр — парсуна Інтэнсіўна развівалася дэкар.-прыкладное мастацтва: ювелірная справа, разьба па дрэве і камені, кераміка, вышыўка, маст. апрацоўка металу. У 18 ст. пачало дамінаваць свецкае мастацтва: развіваўся партрэтны жанр у жывапісе (А.Антропаў, І.Аргуноў, У.Баравікоўскі, І.Вішнякоў, Л.Каравак, Дз.Лявіцкі, А.Мацвееў, І.Нікіцін, Ф.Рокатаў) і скульптуры (Б.К.Растрэлі, Ф.Шубін) узніклі гіст. (А.Дасенка, Р.Угрумаў), быт. (І.Фірсаў, М.Шыбанаў, І.Ермянёў) і пейзажны (Ф.Аляксееў, С.Шчадрын) жанры. Пашыраліся відавая і батальная гравюра, дэкар. размалёўка. 2-я пал. 18—1-я чвэрць 19 ст. — перыяд станаўлення рус. класіцызму, прынцыпы якога вызначала Пецярбургская акадэмія мастацтваў. Грамадз. пафас класіцызму найб. ярка выявіўся ў станковай (М.Казлоўскі, І.Пракоф’еў), мемарыяльнай (Ф.Гардзееў, І.Мартас), манум.-дэкар. (В.Дэмут-Маліноўскі, С.Піменаў, Э.Фальканэ, Ф.Шчадрын) скульптуры.
У 1-й пал. 19 ст. побач з класіцыстычным жывапісам (А.А.Іванаў, А.І.Іванаў, В.Шабуеў) узнікла мастацтва, прасякнутае павевамі рамантызму (партрэты К.Брулова, А.Кіпрэнскага, В.Трапініна, жывапіс і графіка А.Арлоўскага, пейзажы М.Вараб’ёва, М.Лебедзева, Шчадрына, пазней — І.Айвазоўскага). Увагай да нар. жыцця адзначаны творы А.Венецыянава і яго школы. У жывапісе П.Фядотава, графіцы А.Агіна і Я.Бярнардскага зараджалася мастацтва крытычнага рэалізму, якое ў 1860-я г. развілося ў жывапісе жанрыстаў І.Пранішнікава, В.Пярова і інш., а пазней у творчасці перасоўнікаў. Іх лепшыя дасягненні — партрэты І.Крамскога, жанравыя творы А.Карзухіна, У.Макоўскага, Р.Мясаедава, К.Савіцкага, М.Ярашэнкі, карціны В.Васняцова, М.Ге, М.Неўрава, В.Паленава, В.Пукірава, І.Рэпіна, В.Сурыкава, В.Якобі — адметныя асаблівай сілай маст. абагульнення, глыбокім дэмакратызмам. З дзейнасцю перасоўнікаў звязаны і новы этап у развіцці рус. пейзажа (Ф.Васільеў, М.Клот, А.Куінджы, І.Левітан, А.Саўрасаў, І.Шышкін). У батальным жанры блізкі да перасоўнікаў В.Верашчагін. У скульптуры 2-й пал. 19 ст. развіваліся малыя формы, склаўся тып станковай скульптуры, прызначанай для музея ці выстаўкі (М.Антакольскі). На манум. пластыку паўплывала станковая скульптура (А.Апякушын). У дэкар.-прыкладным мастацтве ў 18—19 ст. пачаўся выраб рус. фарфору, новы ўздым адбыўся ў маст. шкле. На аснове стараж.-рус. традыцый развівалася нар. мастацтва (гл.Багародская разьба, Валагодскія карункі, Гжэльская кераміка, Дымкаўская цацка, Жостаўская размалёўка, Мсцёрская мініяцюра, Палехская мініяцюра, Таржоцкае залатое шыццё, Хахламская размалёўка). На мяжы 19—20 ст. традыцыі перасоўнікаў прадаўжалі жывапісцы А.Архіпаў, С.Іванаў, М.Касаткін, С.Каровін, П.Малявін, М.Несцераў, А.Рабушкін, у пач. 20 ст. паявіўся стыль мадэрн, у жывапісе да яго блізкія вытанчана-паэт. палотны В.Барысава-Мусатава, В.Сярова, М.Урубеля, а таксама творчасць групы «Свет мастацтва» (Л.Бакст, А.Бенуа, М.Дабужынскі, Б.Кустодзіеў, Я.Лансерэ, З.Серабракова, К.Сомаў), адзначаныя рысамі стылізацыі і рэтраспектыўнасці. Рысы імпрэсіянізму выявіліся ў творчасці жывапісцаў І.Грабара, К.Каровіна, скульпт. П.Трубяцкога, рамантычна-сімвалічны кірунак — жывапісцаў К.Багаеўскага, А.Рылова, М.Рэрыха. Уплывам сімвалізму вызначаны творы мастакоў аб’яднання «Блакітная ружа» (П.Кузняцоў, М.Сар’ян і інш.) і К.Пятрова-Водкіна. Развівалася творчасць майстроў, што зазналі ўплыў кубізму (мастакі аб’яднання «Бубновы валет»: П.Канчалоўскі, А.Лянтулаў, І.Машкоў), стваральнікаў лучызму (Н.Ганчарова, М.Ларыёнаў), прадстаўнікоў абстракцыянізму (В.Кандзінскі, К.Малевіч). Росквіту дасягнулі тэатр.-дэкар. мастацтва (Бакст, А.Галавін, К.Каровін) і кніжная графіка (Бенуа, І.Білібін). Паспяхова развівалася і скульптура (М.Андрэеў, Г.Галубкіна, А.Мацвееў, С.Канёнкаў). Пасля 1917 асаблівае значэнне набылі плакат і карыкатура (В.Дэні, Дз.Маор, У.Маякоўскі, М.Чарамных).
Выяўл. мастацтва 1920-х г. развівалася ў вострай барацьбе розных творчых груповак; у маст. жыцці аформіліся прынцыпы сацыялістычнага рэалізму як вызначальнага метаду сав. мастацтва. Гісторыка-рэв. і быт. тэматыку распрацоўвалі чл.Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыйнай Расіі (І.Бродскі, М.Грэкаў і інш.), новыя індустр. рытмы спрабавалі адлюстраваць у мастацтве майстры «Т-ва мастакоў-станкавістаў» (А.Дайнека, Ю.Піменаў і інш.). Развіваўся партрэт (С.Малюцін, у скульптуры — Андрэеў, Галубкіна, С.Лебедзева), пейзаж (В.Бакшэеў, Грабар, М.Крымаў, А.Купрын, Рылоў, К.Юон і інш.), нацюрморт (Канчалоўскі, Машкоў і інш.). У графіцы плённа працавалі Г.Астравумава-Лебедзева, У.Канашэвіч, А.Краўчанка, М.Купрыянаў, І.Нівінскі, І.Паўлаў, У.Фаворскі, у манум. і станковай скульптуры — М.Манізер, В.Мухіна, С.Мяркураў, М.Тырса, І.Шадр, Л.Шэрвуд і інш. Шэраг мастакоў, імкнучыся да арганізацыі новых форм побыту, перайшлі да маст. канструявання (Л.Лісіцкі, Л.Папова, А.Родчанка, У.Татлін). У жывапісе вылучаліся гісторыка-рэв. і жанравыя палотны Бродскага, С.Герасімава, Дайнекі, Б.Іагансона, К.Істоміна, А.Маравава, Пятрова-Водкіна, А.Самахвалава, У.Сярова, Д.Штэрэнберга, Дз.Шмарынава; партрэты А.Герасімава і М.Несцерава; пейзажы Грабара, Г.Ніскага; нацюрморты А.Асмёркіна, Канчалоўскага, Лянтулава, Машкова і інш., у графіцы — ілюстрацыі Я.Кібрыка, Я.Чарушына; карыкатуры Кукрыніксаў, Б.Яфімава. У тэатр.-дэкарацыйным мастацтве традыц. формы (Галавін, В.Сімаў) спалучаліся з тэндэнцыямі канструктывізму (Н.Альтман, У. і Г.Стэнбергі). Да лепшых узораў рас. мастацтва перыяду Вял.Айч. вайны належаць творы жывапісцаў і графікаў М.Авілава, А.Вярэйскага, Г.Вярэйскага, П.Корына, А.Пахомава, А.Пластава, М.Рамадзіна, Л.Сайферціса, І.Сярэбранага, скульптараў К.Белашовай, Я.Вучэціча; асаблівае значэнне набылі плакат і карыкатура (А.Какарэкін, В.Карэцкі, Кукрыніксы).
Дасягненне выяўл. мастацтва пасляваен. перыяду — жанравыя і гіст. палотны А.Бубнава, А.Лакціёнава, Ю.Няпрынцава, Пластава, Р.Шагаля і інш., партрэты (у жывапісе Корына, у скульптуры — Канёнкава), пейзажы Герасімава, манум. пластыка М.Анікушына, Вучэціча, Л.Кербеля, А.Кібальнікава, М.Томскага, У.Цыгаля, графіка Вярэйскіх, А.Ганчарова, Б.Прарокава. Разам з творамі, якія апявалі подзвіг народа ў Вял.Айч. вайне, пашыралася тэматыка працы і мірнага жыцця.
Разнастайнасцю творчых пошукаў вызначаецца мастацтва 2-й пал. 1950—60-х г., для якога характэрны пластычна абагульненыя эмацыянальна насычаныя вобразы: у станковым жывапісе — М.Андронаў, П.Асоўскі, А.Грыцай, Дз.Жылінскі, Г.Коржаў, А.Мыльнікаў, Ніскі, Ф.Рашэтнікаў, А. і П.Смоліны, А. і С.Ткачовы, Ю.Тулін, у скульптуры — Ю.Аляксандраў, А.Комаў, А.Полагава, у графіцы — І.Галіцын, Г.Захараў і інш. У асобную плынь у жывапісе вылучыўся т.зв. суровы стыль (В.Папкоў і інш.), кніжная ілюстрацыя развівала пераважна традыцыі 1930-х г. (А.Вярэйскі, Ганчароў, Герасімаў, Кукрыніксы, Фаворскі і інш.). Побач з афіц. мастацтвам развівалася неафіцыйнае (андэграўнд), у якім найб. вылучалася творчасць маст. груп «Ліянозаўская» (М.Вячтомаў, Л.Крапіўніцкі, Я.Крапіўніцкі, Л.Масцяркова, О.Рабін і інш.), «Срэценскі бульвар» (А.Брусілоўскі, І.Кабакоў, Э.Неізвесны, Ю.Собалеў і інш.), мастакоў А.Зверава, Э.Булатава, У.Галіцкага, У.Грыгаровіча. Я.Есауленкі, В.Сідура, І.Чуйкова, У.Якаўлева і інш. Творчасць мастакоў 1970—90-х г. вызначаецца паглыблена-прадметнай трактоўкай з’яў, вастрынёй успрыняцця асаблівасцей прыроднага і прадметнага асяроддзя, імкненнем да метафарычнасці і эмац. стрыманасці, стварэння значнага, канкрэтна-індывідуальнага вобраза: у жывапісе — І.Арлоў, І.Глазуноў, Б.Дамашнікаў, М.Малюцін, Мыльнікаў, Т.Назарэнка, А.Нікіч, А.Шылаў; у скульптуры — Ю.Аляксандраў, Л.Галаўніцкі, В.Клыкаў, А.Комаў, Л.Крамнёва, Л.Ланкінен, Неізвесны, Б.Плёнкін, Полагава, А.Рукавішнікаў, С.Санакоеў, Ю.Чарноў, М.Шамякін; у графіцы — І.Абросаў, Ю.Васняцоў, Галіцын, Захараў; у манум. жывапісе — Андронаў, А.Васняцоў, Ю.Каралёў, Б.Тальберг; у манум. скульптуры — А.Анікушын, Ю.Арэхаў, П.Бандарэнка, А.Кібальнікаў, А.Лягін, С.Малькоў, А.Файдыш, Цыгаль, З.Цэрэтэлі; у тэатр.-дэкарацыйным мастацтве — А.Васільеў, Б.Волкаў і інш. У 1960 створаны Саюз мастакоў Р.
Музыка. Вытокі рус.муз. культуры ў рытуальна-абрадавай культуры ўсх.-слав. фальклору (працоўныя, каляндарна- і сямейна-абрадавыя, працяжныя, пахавальныя песні). Устойлівасць абрадавых муз. традыцый абумоўлена гіст. ўмовамі; для стылістыкі характэрны паўторнасць і варыянтнасць вузкааб’ёмных формул-папевак. У Стараж. Русі існавалі мужчынскія і жаночыя плачы-галашэнні, гераічны песенны эпас, быліны (старыны). З часам развіўся самабытны стыль лірычнай песні з уласцівай ёй меладычнай шырынёй, падгалосачнай поліфаніяй, вольным вар’іраваннем напеву. Муз. своеасаблівасцю вызначалася творчасць скамарохаў. Сярод рус.нар. інструментаў: струнныя — балалайка, гуслі, домра, ліра, гудок; духавыя — дуда, дудка, кугіклы (жалейка), рог, труба, ражкі, сапель; язычковыя — варган, гармонік і інш. У княжацкім побыце выкарыстоўвалася мастацтва іншаземных «іграцоў» на арфе, лютні, флейце. Афіц. святы і паходы суправаджаліся ратнай музыкай (трубы, бубны). Пачаткам прафес. мастацтва з канца 10 ст. стала музыка хрысц. культу. Яе муз. аснова — песнапенні і літургічныя кампазіцыі Візантыі, якія з 11—12 ст. ператварыліся ў самабытную культуру правасл. малітоўнага спеву. Аднагалосыя напевы запісвалі з дапамогай арыгінальнай неўменнай натацыі (крукі, ці знамёны, адсюль знаменны спеў). Культавая правасл. музыка ўключала стыхіры, ірмасы, трапары, кандакі (адрозніваліся значнай распеўнасцю), каноны, псалмы. З сярэдзіны 16 ст. знаменны спеў дасягае найвыш. росквіту, яго сістэматызацыя замацавана ў «Азбуцы» А.Мезянца. З сярэдзіны 17 ст. ва ўлонні царквы пачало развівацца шматгалоссе, арыентаванае на еўрап. акордава-гарманічны склад.Тэарэт. асновы партэсных спеваў абгрунтаваў М.Дылецкі ў трактаце «Граматыка мусікійская» (1675). Асн. жанр — партэсны канцэрт (майстры маскоўскай школы духоўнага канцэрта 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. Н.Бавыкін, С.Бяляеў, І.Ігнацьеў, М.Калашнікаў, П.Нарыцын, С.Пекаліцкі, І.Пратапопаў, В.Цітоў і інш.). Шырокае распаўсюджанне атрымалі быт. шматгалосыя канты і псальмы на рэліг., пазней на лірычныя, патрыят. тэксты (сярод аўтараў тэкстаў Сімяон Полацкі, Дз.Растоўскі,
В.Традзьякоўскі). Рэформы Пятра I спрыялі паяўленню ў Расіі італьян., франц., ням. опер, таксама гастрольных оперных труп. У 2-й пал. 18 ст. ствараліся публічныя т-ры, з’явіліся рус. оперныя спевакі (Л.Белаградская, Л.Сандунова, П.Жамчугова), развівалася канцэртнае мастацтва (І.Хандошкін, В.Трутоўскі). Узрасла цікавасць да фальклору. Пачалося фарміраванне рус. кампазітарскай школы, з’явіліся першыя рус. оперы (М.Сакалоўскі, В.Пашкевіч, Е.Фамін); найвыш. росквіту дасягнуў рус. духоўны канцэрт (Дз.Бартнянскі, М.Беразоўскі). Пад уздзеяннем сентыментальнай паэзіі, салонных танцаў і лірычнага канта ўзнік рус.раманс («расійская песня»; Ф.Дубянскі, В.Казлоўскі, Р.Цяплоў). Росквіт рус. класічнай музыкі пачаўся з 19 ст. Новага маст. ўзроўню дасягнуў раманс: на глебе апасродкаванага ўплыву цыганскай культуры ўзнік жанр «жорсткага раманса», выкананне якога вызначаецца большай экспрэсіўнасцю. З’явіліся новыя жанры: сімфонія, уверцюра, канцэрт, саната. На глебе быт.гар. песеннасці праявіліся рысы рамантызму ў творчасці А.Аляб’ева, А.Варламава, А.Вярстоўскага, А.Гурылёва. Заснавальнік рус.муз. класікі М.Глінка, абапіраючыся на нац.муз. традыцыі, увасобіў у оперных творах героіка-патрыят. тэму, вобразы айч. міфалогіі; высокім еўрап. узроўнем вызначаюцца яго сімф. творы. На рэаліст., сац. і лірыка-псіхал. вобразнасці грунтавалася творчасць А.Даргамыжскага, што набліжала яго да натуральнай школы ў л-ры і жывапісе. Вывучэнню і папулярызацыі нац. мастацтва спрыяла муз.-крытычная дзейнасць У.Адоеўскага, Г.Лароша, У.Стасава, А.Сярова і інш.Вял. ролю адыграла адкрыццё А. і М.Рубінштэйнамі кансерваторый у Пецярбургу (1861) і Маскве (1866), што стала пачаткам падрыхтоўкі музыкантаў-прафесіяналаў. Муз.-асв. работу ў Пецярбургу вяла Бясплатная муз. школа (1862), якую ўзначальвалі М.Балакіраў і Г.Ламакін. У пач. 1860-х г. вакол Балакірава згуртавалася садружнасць кампазітараў «Магутная кучка», якая адлюстравала абнаўляльныя маст. тэндэнцыі часу. Рус. оперы 2-й пал. 19 ст. ўласцівы глыбокі псіхалагізм, рэалізм і ахоп тэм з нац. гісторыі, эпасу, нар. побыту, жыццёвая і псіхал. змястоўнасць, наватарства форм: нар. драмы М.Мусаргскага: оперы-казкі, быліны, паданні М.Рымскага-Корсакава і А.Барадзіна, лірыка-псіхал. драмы П.Чайкоўскага. Сімфонія была прадстаўлена эпічнай (Барадзін) і драм. (Чайкоўскі) лініямі; шырокае развіццё набыла праграмная музыка. Чайкоўскі рэфармаваў балет шляхам яго сімфанізацыі. Своеасаблівая галіна быт. культуры 2-й пал. 19 ст. — эстр. раманс і выканальніцтва (Н.Вяльцава, А.Давыдаў, В.Паніна, Н.Плявіцкая).
На мяжы 19—20 ст. класічныя муз. традыцыі развівалі А.Арэнскі, А.Глазуноў, В.Каліннікаў, А.Лядаў, С.Ляпуноў, С.Танееў і інш. Значнай з’явай сталі новыя кірункі харавой музыкі рус. царквы. Літургічная музыка набыла канцэртныя рысы (харавыя творы А.Архангельскага, А.Грачанінава, М.Іпалітава-Іванава, Каліннікава, А.Кастальскага, А.Нікольскага, С.Рахманінава, У.Рэбікава, М.Чарапніна, А. і П.Часнаковых). Неарамант. рысамі вылучалася творчасць М.Метнера, наватарствам стылю — музыка А.Скрабіна. Новыя шляхі інтэрпрэтацыі фальклору і муз.-тэатр. жанраў адкрыў І.Стравінскі. Сярод прадстаўнікоў выканальніцкай культуры 19 — пач. 20 ст. спевакі А.Няжданава, В. і Г.Пятровы, Л.Собінаў, Ф.Стравінскі, Ф.Шаляпін, піяністы Рахманінаў, А.Рубінштэйн, М.Рубінштэйн, В.Сафонаў, Скрабін, Метнер, скрыпачы і віяланчэлісты школ Л.Аўэра і К.Давыдава. Рус. мастацтва прапагандаваў за мяжой С.Дзягілеў. У 1-й трэці 20 ст. праявіліся рысы маст. авангардызму (творы І.Вышняградскага, А.Лур’е, М.Рослаўца, М.Мацюшына, Н.Обухава). Уклад у развіццё рус.муз. школы ў 20 ст. зрабілі Дз.Кабалеўскі, М.Мяскоўскі, С.Пракоф’еў, Рахманінаў, І.Стравінскі, Г.Свірыдаў, Ю.Шапорын, Дз.Шастаковіч, якія абнавілі ўсе важнейшыя муз. жанры. Даніну рэв. настроям эпохі ў харавых творах аддалі А.Аляксандраў, В.Белы, Дз.Васільеў-Буглай, А.Давідзенка. Тыповай з’явай рус.сав. мастацтва стала папулярная масавая песня (М.Блантэр, І.Дунаеўскі, У.Захараў, Б.Макравусаў, А.Новікаў, Дз.Пакрас, А.Пахмутава, В.Салаўёў-Сядой, Д.Тухманаў) і песенная па стылі опера на рэв.-дэмакр. тэматыку (І.Дзяржынскі, Ц.Хрэннікаў). У 2-й пал. 20 ст. жанры оперы і балета развівалі А.Пятроў, С.Сланімскі, Б.Цішчанка, Р.Шчадрын. Значныя дасягненні сімфаністаў М.Вайнберга, Г.Галыніна, М.Пяйко, А.Салманава, Г.Уствольскай, Б.Чайкоўскага. Самабытныя рысы рус. лірыкі і эпасу ўвасоблены ў кантатах, араторыях, харах, рамансах К.Волкава, В.Гаўрыліна, Пятрова, Салманава, Свірыдава, Шчадрына. Эксперыментальныя памкненні поставангарду апошняй трэці 20 ст. спрыялі зліццю фундаментальных якасцей рус. школы і новых сродкаў выразнасці, якія праявіліся ў творчасці С.Губайдулінай, Э.Дзянісава, А.Шнітке. Значнае дасягненне рус. культуры 1980—90-х г. — актыўнае развіццё традыцый духоўнай музыкі новага кірунку пач. 20 ст. ў рэчышчы шматвяковых пеўчых архетыпаў і літургічных жанраў кампазітарамі розных пакаленняў і стыляў. У хар., тэатр., інстр. творах Э.Арцем’ева, Ю.Буцко, Губайдулінай, Дзянісава, М.Карэтнікава, Свірыдава, М.Сідзельнікава і інш.стараж. напевы выкарыстоўваюцца ў розных жанрах, узаемадзейнічаюць з традыцыямі оперы, сімфоніі, кантаты, араторыі. Сярод таленавітых выканаўцаў 20 ст.: піяністы Л.Аборын, У.Ашкеназі, Дз.Башкіраў, А.Гальдэнвейзер, Э.Гілельс, У.Горавіц, М.Грынберг, Я.Зак, К.Ігумнаў, Г.Нейгаўз, Л.Нікалаеў, С.Рыхтэр, У.Сафраніцкі, П.Серабракоў, Я.Фліер, М.Юдзіна; скрыпачы Л.Аўэр, Л.Коган, Д.Ойстрах, М.Палякін, В.Траццякоў, Я.Цымбаліст; віяланчэлісты А.Брандукоў, А.Вержбіловіч, Р.Гарбузава, Н.Гутман, С.Казалупаў, С.Кнушавіцкі, Г.Пяцігорскі, М.Растраповіч, Д.Шафран; спевакі А.Абразцова, Н.Абухава, І.Архіпава, В.Барсава, Г.Вішнеўская, К.Дзяржынская, І.Казлоўскі, С.Лемешаў, Я.Несцярэнка, А.Няжданава, Р. і А.Піраговы, І.Пятроў, М.Рэйзен, Л.Собінаў, Б.Штокалаў, І.Яршоў; дырыжоры М.Галаванаў, А.Гаўк, В.Гергіеў, У.Дранішнікаў, І.Кандрашын, С.Кусявіцкі, М.Малько, А.Мелік-Пашаеў, Я.Мравінскі, А.Пазоўскі, Г.Раждзественскі, С.Самасуд, Я.Святланаў, У.Співакоў, В.Сук, Ю.Фаер, Ю.Цемірканаў; харавыя дырыжоры Аляксандраў, М.Данілін, М.Клімаў, А.Свешнікаў, У.Чарнушэнка, А.Юрлоў. Прадстаўнікі шматлікіх кірункаў эстр. трактоўкі быт. раманса і песні: А.Вярцінскі, В.Козін, Л.Русланава, К.Шульжэнка, І.Юр’ева і інш.Найб. вядомыя рас.муз. т-ры: у Маскве — Вялікі тэатр Расіі, Маскоўскі акадэмічны музычны тэатр імя К.С.Станіслаўскага і У.І.Неміровіча-Данчанкі, Маскоўскі акадэмічны дзіцячы музычны тэатр, Маскоўскі музычны камерны тэатр, у С.-Пецярбургу — Марыінскі тэатр оперы і балета, Малы т-р імя Мусаргскага, а таксама т-ры ў Новасібірску, Екацярынбургу, Пермі, Ніжнім Ноўгарадзе. Сярод найб. вядомых выканальніцкіх калектываў — Дзяржаўны сімфанічны аркестр Расіі, Дзяржаўны акадэмічны вялікі сімфанічны аркестр імя П.І.Чайкоўскага, Дзярж.акад.сімф. аркестр С.-Пецярбургскай філармоніі, Сімф. аркестр Маскоўскай філармоніі, С.-Пецярбургская акад. капэла імя Глінкі, Рэсп.рус. харавая капэла імя Юрлова, Ансамбль песні і танца Расійскай арміі імя Аляксандрава, Рускі народны хор імя Пятніцкага, Дзяржаўны акадэмічны рускі хор, Дзярж.рус.нар. аркестр імя Андрэева, Дзярж.рус.нар. аркестр імя Осіпава.
На 2001 у Р.: 10 кансерваторый, Рас. і Кемераўская акадэміі музыкі, муз.-пед. ін-ты, шэраг ін-таў культуры з муз. аддзяленнямі, шырокая сетка муз. вучылішчаў, ліцэяў і інш. Праводзяцца муз. конкурсы, найбуйнейшы — Міжнар. конкурс музыкантаў-выканаўцаў імя Чайкоўскага. У 1960 створаны Саюз кампазітараў Р.
Тэатр. Узнікненне элементаў рус.тэатр. мастацтва звязана з працоўнай дзейнасцю, нар. культавымі абрадавымі дзеяннямі і святочнымі гульнямі. Першыя прафес. носьбіты рус.тэатр. культуры — скамарохі. Мелі пашырэнне лялечныя прадстаўленні. У 16 ст. ўзнік рус.царк.т-р, але вял. развіцця не атрымаў. У 1672—76 пры двары цара Аляксея Міхайлавіча створаны першы прыдворны т-р, у рэпертуары якога былі п’есы на біблейскія і міфалагічныя тэмы. Па ўказанні Пятра I у Маскве ў 1702—06 працаваў першы дзярж.т-р пад кіраўніцтвам І.Х.Кунста, для якога на Краснай плошчы быў пабудаваны «Камедыйны хорам» на некалькі соцень гледачоў. У 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. набыў папулярнасць школьны тэатр. аматарскія трупы якога ствараліся ў буйных свецкіх навуч. установах (Славяна-грэка-лацінская акадэмія, Хірургічная школа ў Маскве, Дваранскі кадэцкі корпус у С.-Пецярбургу). Стварэнне і развіццё рус. школьнага т-ра цесна звязана з імем Сімяона Полацкага. Набыла папулярнасць і такая форма нар.т-ра, як вусная нар. драма («Цар Максімілян», «Лодка»). У 1-й пал. 18 ст. развіваецца аматарскі т-р «ахвочых камедыянтаў». Найб. вядомай у сярэдзіне 18 ст. стала яраслаўская трупа пад кіраўніцтвам Ф.Волкава, якая ў 1752 была запрошана ў С.-Пецярбург. У 1730—40 пры двары гастраліравалі замежныя трупы (італьян., ням.т-р К.Нейбер, франц.драм.т-р). У 1756 паводле загаду імператрыцы Лізаветы засн. «Рускі для прадстаўлення трагедый і камедый тэатр». Яго аснову склалі выпускнікі Дваранскага кадэцкага корпуса з ліку яраслаўскай аматарскай трупы Волкава (І.Дзмітрэўскі, Я.Шумскі і інш.), першым дырэктарам прызначаны А.Сумарокаў. Для развіцця рус. сцэны апошняй чвэрці 18 ст.вял. значэнне мела творчасць драматургаў-паслядоўнікаў Сумарокава — Ф.Казельскага, Я.Княжніна, В.Майкава, А.Ржэўскага, М.Хераскава, а таксама сатырычныя камедыі Дз.Фанвізіна і В.Капніста. У 1757 пры Маскоўскім ун-це засн. Універсітэцкі т-р, у 1780 на яго базе — Пятроўскі т-р. У 1770—80-я г. ўзніклі т-ры ў Калузе, Пензе, Тамбове, Туле і інш. губернскіх гарадах. З 1779 у Пецярбургу ў т-ры на Царыцыным лузе пачала выступаць рус. трупа антрэпрэнёра К.Кніпера. У канцы 18 — пач. 19 ст. сталі пашырацца прыватныя прыгонныя тэатры, якія заклалі асновы рус. правінцыяльнай сцэны. Высокім майстэрствам вызначалася творчасць прыгонных акцёраў П.Жамчуговай, Т.Шлыкавай-Гранатавай і інш. У 1-й чвэрці 19 ст.вял. поспехам карысталіся трагедыі У.Озерава, камедыі М.Загоскіна, І.Крылова, П.Плавільшчыкава, А.Шахаўскога, пачалі перакладацца і ставіцца п’есы У.Шэкспіра, Ф.Шылера. Ігра трагедыйных акцёраў пач. 19 ст. А.Якаўлева, К.Сямёнавай узрушала гледачоў высокай культурай выканання. У 1826—82 Дырэкцыя імператарскіх т-раў (існавала з 1766) увяла дзярж. манаполію на т-ры. Ставіліся перакладныя вадэвілі і меладрамы, п’есы П.Абадоўскага, Н.Кукальніка і інш.
У 1824 у Маскве засн.Малы тэатр. У 1832 у Пецярбургу ўзведзены будынак Александрынскага тэатра. За новы рэпертуар рус.т-ра актыўна выступалі В.Бялінскі і М.Гогаль, якія сцвярджалі неабходнасць адлюстравання ў т-ры праўды жыцця, звароту да важнейшых тагачасных праблем. Лепшыя творы рус. драматургіі з цяжкасцямі траплялі на сцэну, часта са значнымі цэнзурнымі праўкамі і скажэннямі («Гора ад розуму» А.Грыбаедава, 1831; «Барыс Гадуноў» А.Пушкіна, 1866). Доўгі час пад забаронай былі рамант. драмы В.Гюго, шэраг п’ес Шэкспіра, Шылера. Вял. грамадскай і тэатр. падзеяй стала пастаноўка ў 1836 «Рэвізора» Гогаля. Станаўленне 2 асн. кірункаў рус.т-ра — рамантызму і рэалізму — звязана з дзейнасцю акцёраў Малога т-ра П.Мачалава і М.Шчэпкіна. Творчы метад Шчэпкіна стаў вызначальным для развіцця рус. акцёрскага мастацтва, ён развіты і паглыблены акцёрам Александрынскага т-ра А.Мартынавым і інш. Класіцыстычны кірунак у рус. т-ры 1-й пал. 19 ст. несла ў сабе прасякнутая манументальнай параднасцю творчасць В.Каратыгіна. Сярод лепшых акцёраў 1-й пал. 19 ст. В.Асенкава, М.Дзюр, В.Жывакіні, Якаўлеў і інш.Вял. ўплыў на т-р зрабілі вызв. рух 1850-х г., бурны эканам. рост краіны, філас.-публіцыст. думка. Узрасла цікавасць да рус. драматургіі, якая адлюстроўвала тагачасную рэчаіснасць. Меладрама і вадэвіль саступілі месца драме і камедыі. Новы этап развіцця рус.т-ра звязаны з творчасцю А.Астроўскага, п’есы якога найлепш увасабляліся на сцэне Малога т-ра. На аснове пастановак яго п’ес вырасла плеяда акцёраў (С. і П. Васільевы, Л.Нікуліна-Касіцкая, П., М. і В.Садоўскія), фарміравалася школа сцэн. майстэрства. Сярод вядучых акцёраў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. К.Варламаў, У.Давыдаў, М.Савіна, І.Самарын, Р.Фядотава, С.Шумскі, А.Южын, М.Ярмолава. Пашыралася дзейнасць правінцыяльных т-раў, у якіх выступалі акцёры В.Андрэеў-Бурлак, М.Іваноў-Казельскі, М.Лісараў, М.Рыбакоў, П.Стрэпетава і інш. З 1882 пачынаюць актыўна стварацца прыватныя т-ры, у т. л.Маскоўскі тэатр Корша. Прагрэсіўнасцю вызначалася дзейнасць акцёра і рэжысёра Малога т-ра А.Ленскага, які імкнуўся да абнаўлення тэатр. мастацтва, выхавання акцёраў высокай культуры. У 1898 К.Станіслаўскі і У.Неміровіч-Данчанка стварылі Маскоўскі Мастацкі тэатр (МХТ), творчасць якога фарміравалася пераважна на драматургіі А.Чэхава і М.Горкага. Стваральнікі МХТ ажыццявілі эстэт. рэформу рэпертуару, рэжысуры і акцёрскага мастацтва (гл.Станіслаўскага сістэма). Грамадскую значнасць меў створаны ў 1904 В.Камісаржэўскай Драм.т-р у Пецярбургу, на сцэне якога ставіліся п’есы М.Горкага і драматургаў, што групаваліся вакол выд-ва «Веды» (С.Найдзёнаў, Л.Андрэеў і інш.). У 1910-я г. ў рус.тэатр. мастацтве развіваліся разнастайныя плыні і кірункі: рэжысёрскае мастацтва У.Меерхольда звязана з паэтыкай сімвалізму, А.Таірава — з мадэрнісцкімі тэндэнцыямі і інш. Узнік шэраг эксперыментальных тэатр. студый: Ф.Камісаржэўскага (1910), 1-я студыя МХТ (1912), Я.Вахтангава (1913) у Маскве, Меерхольда ў Петраградзе (1914) і інш. У 1917 паводле дэкрэта Саўнаркома т-ры перададзены Нар. камісарыяту асветы, у 1919 нацыяналізаваны. У першыя паслярэв. гады класічны рэпертуар часта трактаваўся ў плане «сугучнасці рэвалюцыі», у драматургіі пераважалі паліт., прасякнутыя духам рэв. рамантыкі п’есы («Містэрыя-буф» У.Маякоўскага і інш.). Пашырыліся агітац. т-ры, своеасаблівай разнавіднасцю якіх былі масавыя прадстаўленні на вуліцах і плошчах. Створаны новыя т-ры: 3-я студыя МХТ (1921, цяпер Тэатр імя Я.Вахтангава), т-р РСФСР 1-ы (1920, у 1923—28 Маскоўскі тэатр імя У.Меерхольда), Т-р Рэвалюцыі (1922, цяпер Маскоўскі тэатр імя У.Маякоўскага), Т-р імя МГСПС (1923, цяпер Тэатр імя Массавета) у Маскве, Вялікі драм.т-р (1919, пазней імя М.Горкага, цяпер імя Г.Таўстаногава) у Петраградзе, т-р «Чырвоны факел» у Адэсе (1920, з 1932 у Новасібірску) і інш. У 1918—20 створаны першыя т-ры для дзяцей, у 2-й пал. 1920-х г. — тэатры рабочай моладзі (ТРАМ), у 1930-я г. — калгасна-саўгасныя тэатры. Асн. кірункам развіцця рус.тэатр. мастацтва ў 1930—80-я г. стаў метад сацыялістычнага рэалізму. У 1920—40-я г. ставіліся п’есы тагачаснай тэматыкі паводле твораў А.Афінагенава, У Біль-Белацаркоўскага, У.Вішнеўскага, В.Катаева, Маякоўскага, М.Пагодзіна, Л.Сейфулінай, К.Транёва і інш. Сярод рэжысёраў М.Акімаў, М.Ахлопкаў, Вахтангаў, А.Дзікі, Ю.Завадскі, Н.Літоўцава, Я.Любімаў-Ланской, Меерхольд, А.Папоў, І.Платон, М.Пятроў, Л.Празароўскі, Р.Сіманаў, І.Судакоў, Таіраў і інш.; акцёры — Дз.М Арлоў, А.Астужаў, М.Бабанава, Б.Бабачкін, А.Ф.Барысаў, С.Бірман, І.Бярсенеў, С.Гіяцынтава, Ю.Глізер, А.Гогалева, А.Грыбаў, Б.Дабранраваў, М.Жараў, І.Ільінскі, К.Карчагіна-Александроўская, В.Качалаў, М.Клімаў, В.Кніпер-Чэхава, А.Коанен, А.Ктораў, Л.Леанідаў, Б.Ліванаў, М.Мардвінаў, С.Марцінсон, В.Марэцкая, В.Масаліцінава, І.Масквін, В.Мічурына-Самойлава, В.Мяркур’еў, В.Пашэнная, Р.Плят, В.Лыжова, І.Пяўцоў, Ф.Ранеўская, В.Рыжова, М.Сіманаў, А.Сцяпанава, А.Тарасава, М.Тарханаў, Е.Турчанінава, М.Хмялёў, М.Цароў, М.Чаркасаў, М.Штраўх, Б.Шчукін, Ю.Юр’еў, А.Яблачкіна, К.Яланская, М.Яншын і інш. У 1941—45 дзейнасць т-раў была скіравана на духоўную мабілізацыю народа супраць фаш. агрэсіі, у рэпертуарах пераважалі героіка-патрыятычныя пастаноўкі паводле твораў А.Карнейчука, Л.Лявонава, К.Сіманава і інш. З 2-й пал. 1940-х г. ставіліся пераважна спектаклі, прысвечаныя падзеям Вял.Айч. вайны (паводле твораў Б.Лаўранёва, А.Фадзеева і інш.), п’есы тагачаснай тэматыкі, сусв. класіка. 1950-я г. адзначаны «другім нараджэннем» пастановак Маякоўскага. У 2-й пал. 20 ст.вял. ўклад у развіццё рус.тэатр. мастацтва зрабілі рэжысёры А.Васільеў, Г.Волчак, А.Ганчароў, К.Гінкас, М.Захараў, Л.Додзін, Ю.Любімаў, Б.Львоў-Анохін, В.Плучак, Б.Равенскіх, Г.Таўстаногаў, В.Фокін, А.Эфрас, А.Яфрэмаў, і інш.; акцёры Ю.Барысава, А.І.Барысаў, А.Басілашвілі, У.Высоцкі, М.Губенка, Н.Гундарава, Т.Дароніна, А.Джыгарханян, А.Дзямідава, Я.Еўсцігнееў, А.Калягін, Я.Капелян, М.Карачанцаў, К.Лаўроў, Я.Лебедзеў, Я.Лявонаў, А.Меньшыкаў, А.Міронаў, А.Мягкоў, М.Няёлава, А.Папанаў, К.Райкін, Ю. і В.Саломіны, І.Смактуноўскі, А.Табакоў, М.Церахава, І.Чурыкава, М.Улынаў, А.Фрэйндліх, С.Юрскі, Ю.Якаўлеў, А.Янкоўскі і інш. У 1990-я г. творчае аблічча рус.т-ра вызначала дзейнасць рэжысёраў і акцёраў Маскоўскага Мастацкага акадэмічнага тэатра, Маскоўскага тэатра «Ленком», Маскоўскага тэатра на Таганцы, Маскоўскага тэатра Сатыры, Маскоўскага тэатра «Сучаснік», Маскоўскага тэатра «Школа сучаснай п’есы», Маскоўскага тэатра «Сатырыкон», Санкт-Пецярбургскага Вялікага драматычнага тэатра імя Таўстаногава, т-раў Казані, Самары, Новасібірска, Ніжняга Ноўгарада, Саратава, Яраслаўля і інш. Пастаноўкам 1990-х г. уласцівы спалучэнне пераемнасці творчых традыцый і пошукаў сучаснага стылю выканання, канцэптуальны падыход, эксперыменты ў галіне формы і зместу драматургічнага матэрыялу, метафарычнасць, глыбокая распрацоўка псіхал. малюнка роляў. Тэатр. кадры рыхтуюць Расійская акадэмія тэатральнага мастацтва, Санкт-Пецярбургская акадэмія тэатр. мастацтва, Школа-студыя імя Неміровіча-Данчанкі (пры Маскоўскім маст.акад. т-ры), Тэатр. вучылішча імя Шчэпкіна (пры Малым т-ры), Тэатр. вучылішча імя Шчукіна (пры Т-ры імя Вахтангава).
У т-рах Расіі пастаўлены п’есы бел. драматургаў В.Вольскага, А.Дударава, Я.Коласа, К.Крапівы, А.Кудраўцава, Дз.Курдзіна, А.Кучара, А.Макаёнка, А.Маўзона, А.Петрашкевіча, А.Паповай, І.Шамякіна і інш.
Кіно. Першыя дакумент. кіназдымкі зроблены ў 1896 В.Сашыным-Фёдаравым і А.Фядзецкім. З 1907 прыдворныя кінааператары К. фон Ган і А.Ягельскі здымалі «царскую хроніку». У 1906 з’явіліся рус. кінафірмы: А.Ханжонкава, І.Ярмольева ў Маскве, у 1907 — кінаатэлье А.Дранкова ў Пецярбургу. Відавыя, асветніцкія фільмы, свецкую хроніку, быт. сцэны, юбілеі і інш. здымалі Дранкоў («Дзень 80-годдзя графа Л.М.Талстога», 1908), М.Казлоўскі, П.Кабцоў, Дз.Сахненка. Першы рас.маст. фільм-кіналубок — «Панізовая вольніца» («Сценька Разін і княжна», 1909, рэж. Б.Рамашкоў). Першы паўнаметражны маст. фільм, які спалучаў ігравыя і дакумент. сцэны, — «Абарона Севастопаля» (1911, рэж. В.Ганчароў і Ханжонкаў). У 1910-я г. з’явіліся стацыянарныя кінатэатры. У тэхніцы аб’ёмнай мультыплікацыі ствараў фільмы У.Старэвіч («Вясёлыя сцэнкі з жыцця насякомых», «Помста кінематаграфічнага аператара», абодва 1912).
Экранізаваліся творы рус. і сусв. л-ры, тэатр. пастаноўкі. Вытанчанасцю пластыкі, жывапіснасцю вызначаліся фільмы «Злачынная жорсткасць» (1914), «Песня пераможнага кахання» (1915), «Ямшчык, не гані коней» (1916) Я.Баўэра, «Партрэт Дарыяна Грэя» (1915, паводле О.Уайльда) У.Меерхольда, «Мікалай Стаўрогін» (1915, паводле рамана Ф.Дастаеўскага «Д’яблы»), «Пікавая дама» (1916, паводле А.Пушкіна), «Айцец Сергій» (1918, паводле Л.Талстога) Я.Пратазанава, «Паненка і хуліган» (1918) Я.Славінскага, «Палікушка» (1919) А.Саніна. Сярод лепшых акцёраў Н.Лісенка, І.Мазжухін, У.Максімаў, В.Палонскі, І.Перэстыяні, В.Праабражэнская, В.Халодная і інш. У 1919 кінематограф перададзены пад кіраўніцтва Наркамасветы РСФСР, створана Дзяржкінашкола (з 1922 назва мянялася, з 1992 Усерасійскі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі) на чале з рэж. У.Гардзіным. Пастаўленыя перад кінематографам задачы агітац. і ідэалаг. ўздзеяння прывялі да ўзнікнення масавай прадукцыі — т.зв. фільмаў-плакатаў і агітпрапфільмаў, у т. л. ігравы фільм «Серп і молат» (1921, рэж. Гардзін). Склалася плеяда рэжысёраў-наватараў, якія ў розных жанрах развівалі выразныя магчымасці кінамовы. С.Эйзенштэйн ствараў буйныя эпічныя творы з манум. героямі-тыпажамі, дынамічнымі масавымі сцэнамі («Стачка», «Браняносец «Пацёмкін», абодва 1925; «Кастрычнік», 1927); Л.Куляшоў эксперыментаваў у галіне выяўл. сродкаў кінамовы і мантажу («Незвычайныя прыгоды містэра Веста ў краіне бальшавікоў», 1924; «Паводле закону», 1926); Дз.Вертаў ствараў новыя мантажныя канструкцыі, апрабоўваў магчымасці змены рытмаў, ракурсаў, спалучаў знятыя ў розныя часы кінакадры для стварэння экспрэсіўнага відовішча («Кіна-Праўда», 1922—25; «Кіна-Вока», 1925; «Кроч, Савет!», «Шостая частка свету», абодва 1926; «Адзінаццаты», 1928); У.Пудоўкін раскрываў гіст. тэматыку праз драм. і псіхал. апавяданне («Маці», 1926; «Канец Санкт-Пецярбурга», 1927; «Нашчадак Чынгісхана», 1928). Творчае пераасэнсаванне дакумент. архіўнай кінахронікі і наданне ёй новай ідэалагічнай трактоўкі выявіла рэж. Э Шуб у гісторыка-дакумент. мантажных фільмах «Падзенне дынастыі Раманавых» (1927), «Расія Мікалая II і Леў Талстой» (1928). Традыцыі цырка, мюзік-хола, бурлеска развівалі кінематаграфісты ленінградскага аб’яднання «Фабрыка эксцэнтрычнага акцёра» Р.Козінцаў і Л.Траўберг: «Прыгоды Акцябрыны» (1924), «Мішкі супраць Юдзеніча» (1925), «Чортава кола» (1926), «С.В.Д.» (1927), «Новы Вавілон» (1929).
У жанры сатыр. камедыі працаваў Я.Пратазанаў («Закройшчык з Таржка», 1925; «Працэс аб трох мільёнах», 1926; «Свята святога Іоргена», 1930), псіхал. драмы з маральна-этычнай праблематыкай здымалі А.Роам («Трэцяя Мяшчанская», 1927) і Ф.Эрмлер («Кацька—Папяровы Ранет», 1926; «Парыжскі шавец», 1928; «Абломак імперыі», 1929). У лірычных камедыях Б.Барнета «Дзяўчына з каробкай» (1927), «Дом на Трубнай» (1928) і А.Папова «Два сябры, мадэль і сяброўка» (1928) адчуваліся інтанацыі радасці простых адносін, шчасця ўзаемнага кахання. У 1928 з’явіўся маніфест Эйзенштэйна, Пудоўкіна і Р.Аляксандрава «Будучыня гукавой фільмы. Заяўка», у якім падкрэслівалася значэнне гукава-зрокавага кантрапункта (асінхроннага спалучэння гуку і экраннага відовішча) як асн. выразніка аўтарскай ідэі ў фільме. У 1931 зняты першы гукавы фільм «Пуцёўка ў жыццё» (рэж. М.Эк). У 1930-я г. кінематограф развіваўся пад уздзеяннем эстэт. (з’яўленне гукавога кіно і адпаведнае абнаўленне кінамовы) і ідэалагічнага фактараў (пашырэнне штампаў у гіст.-рэв. фільмах, з’яўленне вобразаў т.зв. «ворагаў народа», фармалізацыя сюжэтных пабудоў). Гал. акцэнт пераносіўся рэжысуры на акцёрскае майстэрства. Зоркамі экрана сталі акцёры П.Алейнікаў, Б.Андрэеў, Л.Арлова, Б.Бабачкін, У.Гардзін, Э.Гарын, М.Жараў, В.Жызнева, І.Ільінскі, М.Кручкоў, М.Ладыніна, Макарава, В.Марэцкая, Ф.Ранеўская, Л.Цалікоўская, М.Чаркасаў, Б.Чыркоў і інш. Здымаліся героіка-патрыятычныя. фільмы («Чапаеў», 1934, рэж. Г. і С. Васільевы; «Сямёра смелых», 1936, рэж. С.Герасімаў) і лірычныя муз. камедыі, якія ідэалізавалі сав. лад. жыцця («Вясёлыя хлопцы», 1934, «Цырк», 1936, «Волга-Волга», 1938, усе рэж. Аляксандраў; «Багатая нявеста», 1938, «Трактарысты», 1939, «Свінарка і пастух», 1941, усе рэж. І.Пыр’еў), фільмы для дзяцей («Дзеці капітана Гранта», 1936, паводле Ж.Верна, рэж. У.Вайншток; «Бялее ветразь адзінокі», 1937, паводле В.Катаева, рэж. У.Лягошын; «Па шчупаковаму загаду», 1938, рэж. А.Роу), мультфільмы (І.Іваноў-Вано, А.Птушко). Пагроза вайны выклікала з’яўленне гіст.-манум. фільмаў, якія ўзнаўлялі гераічнае мінулае рус. народа: «Пётр I» (1937—39, рэж. У.Пятроў), «Аляксандр Неўскі» (1938, рэж. Эйзенштэйн), «Мінін і Пажарскі» (1939), «Сувораў» (1941, рэж. Пудоўкін).
У 1940-я г. дамінавала тэма Вял.Айч. вайны, гераізм і патрыятызм сав. народа, чалавек у экстрэмальных умовах паміж жыццём і смерцю: «Сакратар райкома» (1942), «У шэсць гадзін вечара пасля вайны» (1944, абодва рэж. Пыр’еў), «Машачка» (1942, рэж. Ю.Райзман), «Яна абараняе Радзіму» (1943, рэж. Эрмлер), «Нашэсце» (1945, рэж. Роам), «Маладая гвардыя» (1948, рэж. Герасімаў). Здымалася ваен. кінахроніка. З канца 1940-х г. фільмы ваен. тэматыкі набылі рысы манументальнасці і «прыгладжанасці» рэальнай жорсткасці вайны: «Сталінградская бітва» (1949, рэж. Пятроў), «Падзенне Берліна» (1950, рэж. М.Чыяўрэлі) і інш. У той жа час забаронена 2-я серыя фільма Эйзенштэйна «Іван Грозны» (1948), у якой рабілася спроба крытыкі ўлады, заснаванай на насіллі і рэпрэсіях. Новы этап у рас. кіно пачаўся ў 2-й пал. 1950-х г., калі павысілася ўвага да жыцця, надзей і здзяйсненняў пакалення, што перамагло ў вайне і прагнула шчасця ў мірным жыцці: «Вялікая сям’я» (1954, рэж. Х.Хейфіц), «Ляцяць жураўлі» (1957, рэж. М.Калатозаў), «Вышыня» (1957, рэж. А.Зархі), «Дом, у якім я жыву» (1957, рэж. Я.Сегель і Л.Куліджанаў), «Балада пра салдата» (рэж. Р.Чухрай), «Лёс чалавека» (паводле М.Шолахава, рэж. С.Бандарчук, абодва 1959), «Калі дрэвы былі вялікімі» (1962, рэж. Куліджанаў), «Мне 20 год» (1965, рэж. М.Хуцыеў), «Каля возера» (1970), «Любіць чалавека» (1973), «Дочкі-маці» (1975, усе рэж. Герасімаў), «Беларускі вакзал» (1971, рэж. А.Смірноў), «Яны змагаліся за Радзіму» (1975, рэж. Бандарчук), «Падранкі» (1977, рэж. М.Губенка) і інш. Вайна як трагедыя чалавека, як маральная перасцярога наступным пакаленням асэнсавана ў фільмах «Узыходжанне» (1977, рэж. Л.Шапіцька) паводле аповесці В.Быкава «Сотнікаў», «Ідзі і глядзі» (1986, рэж. Э.Клімаў, сумесна з кінастудыяй «Беларусьфільм») паводле «Хатынскай аповесці» А.Адамовіча, у дакумент.-маст. эпапеі «Звычайны фашызм» (1966, рэж. М.Ром). Экранізаваліся літ. творы рус. і сусв. класікі: «Ідыёт» (1958), «Браты Карамазавы» (1969, абодва рэж. Пыр’еў), «Злачынства і пакаранне» (1970, рэж. Куліджанаў) паводле Дастаеўскага, «Дама з сабачкам» (1960, рэж. Хейфіц), «Дзядзька Ваня» (1971, рэж. А.Міхалкоў-Канчалоўскі), «Няскончаная п’еса для механічнага піяніна» (1977, рэж. М.Міхалкоў) паводле Чэхава, «Вайна і мір» (1966—67, рэж.
Бандарчук), «Ганна Карэніна» (1968, рэж. Зархі) паводле Л.Талстога, «Дваранскае гняздо» (1969, рэж. Міхалкоў-Канчалоўскі) паводле І.Тургенева, «Ціхі Дон» (1957—58, рэж. Герасімаў) паводле Шолахава, «Бег» (1971, рэж. А.Алаў і У.Навумаў) паводле А.Булгакава, «Некалькі дзён з жыцця І.І.Абломава» (1980, рэж. Міхалкоў) паводле рамана І.Ганчарова «Абломаў», «Дон Кіхот» (1957) паводле М.Сервантэса, «Гамлет» (1964), «Кароль Лір» (1971, усе рэж. Козінцаў) паводле У.Шэкспіра і інш.Рас. песенную інтанацыю, мелодыку пакутлівай і ўзвышанай душы простага чалавека ў пошуках праўды і справядлівасці, панараму рус.нар. характараў выявіў В.Шукшын у фільмах «Жыве такі хлопец» (1964), «Ваш сын і брат» (1966), «Дзіўныя людзі» (1970), «Печкі-лавачкі» (1972), «Каліна чырвоная» (1974). Вобразы незвычайных па волі і вытрымцы герояў ва ўмовах экстрэмальных сітуацый стварыў Г.Панфілаў («У агні броду няма», 1968; «Пачатак», 1970; «Васа» паводле п’есы М.Горкага «Васа Жалязнова», 1983). Атмасферу гіст. эпохі, у якой дзейнічаюць псіхалагічна неадназначныя героі стварылі А.Герман у фільмах «Праверка на дарогах» (1970), «Дваццаць дзён без вайны» (1977), «Мой сябра Іван Лапшын» (1984). Паглыблена псіхал. стыль К.Муратавай выявіўся ў фільмах «Кароткія сустрэчы» (1968) і «Доўгія провады» (1972). С.Салаўёў распрацоўваў паэтыку «маладзёжнага фільма» з новай кінамовай — калажам, асацыятыўнымі кінацытатамі з класікі: «Сто дзён пасля дзяцінства» (1976), «Мелодыі белай ночы» (1977), «Выратавальнік» (1980), «Наследніца па прамой» (1982), «Чужая Белая і Рабы», «Аса» (абодва 1986), «Чорная ружа — эмблема смутку, чырвоная ружа — эмблема кахання» (1989). Высокім маст. узроўнем вызначаюцца фільмы А.Таркоўскага, насычаныя вобразамі рус. і сусв. мастацтва, асацыяцыямі з біблейскімі і міфалагічнымі архетыпамі, героямі літ. класікі: «Іванава дзяцінства» (1962), «Андрэй Рублёў» (1971), «Салярыс» (1972, паводле С.Лема), «Люстэрка» (1975), «Сталкер» (1980), «Настальгія» (1983), «Ахвярапрынашэнне» (1986). В.Абдрашытаў стварыў жанр сучаснай кінааповесці, у якой спалучаны рэаліст. сюжэт з архетыпічным падтэкстам: «Паляванне на лісаў» (1980), «Спыніўся цягнік» (1982), «Парад планет» (1984), «Плюмбум, або Небяспечная гульня» (1986), «Слуга» (1989). Адметныя фільмы У.Матыля «Белае сонца пустыні» (1970), У.Мяньшова «Масква слязам не верыць» (1980), Р.Балаяна «Палёты ў сне і наяве» (1983), П.Тадароўскага «Любімая жанчына механіка Гаўрылава» (1982), «Ваенна-палявы раман» (1984), К.Шахназарава «Мы з джаза» (1983), «Зімовы вечар у Гаграх» (1985), «Кур’ер» (1987) і інш.
У жанры кінакамедыі плённа працавалі Л.Гайдай, Г.Данелія, Матыль, Э.Разанаў. Сярод акцёраў Ю.Багатыроў, А.Барысаў, А.Басілашвілі, А.Баталаў, М.Булгакава, Р.Быкаў, Г.Віцын, Н.Вярцінская, П.Глебаў, М.Глуэскі, М.Грыцэнкл, Н.Гундарава, Л.Гурчанка, Т.Дароніна, У.Дваржэцкі, А.Джыгарханян, Л.Дураў, Я.Еўсцігнееў, Г.Жжонаў, У.Заманскі, П.Кадачнікаў, А.Калягін, З.Кірыенка, Л.Кураўлёў, К.Лаўроў, К.Лучко, С.Любшын, Я.Лявонаў, Я.Маргуноў, Н.Мардзюкова, Я.Мацвееў, А.Меньшыкаў, А.Міронаў, В.Мяркур’еў, Ю.Нікулін, А.Папанаў, І.Пераверзеў, Р.Плят, Г.Польскіх, А.Пятрэнка, М.Рыбнікаў, І.Савіна, А.Саланіцын, В. і Ю.Саломіны, Я.Самойлаў, У.Санаеў, І.Смактуноўскі, Т.Сёміна, А.Табакоў, М.Ульянаў, Я.Урбанскі, Л.Федасеева-Шукшына, Л.Філатаў, А.Фрэйндліх, М.Церахава, В.Ціханаў, Л.Чурсіна, І.Чурыкава, С.Шакураў, А.Янкоўскі, М.Яроменка-малодшы, А.Яфрэмаў і інш.Вял. ўклад у развіццё рас. кіно зрабілі мультыплікатары Р.Качанаў, В.Кацёначкін, В.Курчэўскі, Ю.Нарштэйн, А.Пятроў, М.Серабракоў, Ф.Хітрук, А.Хржаноўскі, кінааператары М.Ашуркоў, Б.Волчак, А.Галаўня, А.Забалоцкі, Л.Касматаў, П.Лебешаў, А.Лявіцкі, У.Манахаў, А.Масквін, Г.Рэрберг; С.Урусеўскі, Э.Цісэ, В.Юсаў; кінадраматургі Я.Габрыловіч, Н.Зархі, А.Каплер, Ю.Клепікаў, А.Міндадзе, В.Мярэжка, Г.Шпалікаў, В.Чарных, В.Яжоў; мастакі М.Багданаў, М.Гаўхман-Свердлаў, Л.Кусакова, Г.Мяснікоў, М.Серабракоў, У.Ягораў, Я.Яней; кампазітары Э.Арцем’еў, М.Багаслоўскі, Г.Гладкоў, Б.Грабеншчыкоў, С.Губайдуліна, У.Дашкевіч, І.Дунаеўскі, М.Дунаеўскі, Дз.Кабалеўскі, С.Пракоф’еў, А.Пятроў, А.Рыбнікаў, М.Тарывердыеў, А.Хачатуран, Ц.Хрэннікаў, Дз.Шастаковіч, І.Шварц, А.Шнітке, А.Эшпай і інш. У 1990-я г. адбылося скарачэнне кінавытворчасці і пракату рас. фільмаў, здымаліся тэле- і відэафільмы. У кінавытворчасці пераважала стратэгія эканам. выжывання, пашырыўся выпуск фільмаў для масавай аўдыторыі: баевікі, трылеры, забаўляльныя камедыі, тэлесерыялы на ўзор «мыльных опер» і інш. З мэтай адраджэння рас. кіно прыняты «Закон аб дзярж. падтрымцы кінематографа Расіі» (1996), указы прэзідэнта Расіі «Аб акцыяніраванні кінастудый» і «Аб акцыяніраванні кінапракату» (абодва 2001).
Сярод адметных фільмаў 1990-х г.: «Урга», «Стомленыя сонцам», «Сібірскі цырульнік» Міхалкова, «Малох», «Цялец» А.Сакурава, «Сады Скарпіёна», «Цёмная ноч» А.Кавалава, «Раманавы — венцаносная сям’я» Панфілава, «Паненка-сялянка» А.Сахарава, «Каўказскі палоннік» С.Бадрова, «Час танцора» Абдрашытава, «Анкор, яшчэ анкор» Тадароўскага, «Дзённік яго жонкі» А.Учыцеля. Вядучыя кінастудыі: «Ленфільм» (з 1917, сучасная назва з 1934) у Пецярбургу, «Масфільм», Цэнтр. студыя дзіцячых і юнацкіх фільмаў імя М.Горкага (абедзве з 1924), Цэнтр. студыя дакумент. фільмаў (з 1927), «Цэнтранавукфільм» (з 1933), «Саюзмультфільм» (з 1936) у Маскве, Свярдлоўская кінастудыя (з 1943) у Екацярынбургу і інш. Кадры кінематаграфістаў рыхтуюць Усерас.дзярж.ін-т кінематаграфіі, Вышэйшыя курсы рэжысёраў і сцэнарыстаў (з 1964). Навук. дзейнасць па праблемах кінематографа вядуць НДІ кінамастацтва, Ін-т мастацтвазнаўства, Эйзенштэйнаўскі цэнтр даследавання кінакультуры (на базе кінамузея), Усерас.дзярж.ін-т кінематаграфіі, Дзяржфільмфонд Рас. Федэрацыі, Ін-т гісторыі мастацтваў у С.-Пецярбургу і інш. Праводзяцца Маскоўскі міжнар. кінафестываль, Міжнар. кінафорум. слав. і правасл. народаў «Залаты віцязь», фестываль архіўнага кіно «Белыя слупы», кінафестываль «Ніка» ў Маскве, Міжнар. кінафестываль рас. (з 2001 — еўрап.) кіно «Кінатаўр» у Сочы, Рас. адкрыты кінафестываль краін СНД і Балтыі «Кінашок», кінафестываль дакумент. і кароткаметражных фільмаў у С.-Пецярбургу і інш. У 1991 створаны Саюз кінематаграфістаў Р.
Беларусы ў Расіі. Перасяленні з бел. зямель на Пн і ПнУ Русі прасочваюцца з сярэдніх вякоў. Ранняй міграцыі спрыялі дынастычныя шлюбы, у т. л. сына Юрыя Далгарукага Усевалада з дачкой віцебскага кн. Усяслава ў 1176, князя Аляксандра Неўскага з дачкой полацкага кн. Брачыслава ў 1238. У Неўскай бітве 1240 вызначыўся Якаў Палачанін. Жыхары бел. зямель ВКЛ перасяляліся ў рус. гарады і княствы па паліт., эканам., рэліг. і інш. прычынах. Найчасцей сюды выязджалі пакрыўджаныя ці незадаволеныя палітыкай вял. князёў ВКЛ прадстаўнікі пануючага саслоўя (часам са сваімі войскамі і сялянамі), а таксама тыя, хто пацярпеў паражэнне ў дынастычнай барацьбе за ўладу. У 1265 у Пскоў уцёк удзельнік змовы супраць Міндоўгакн.Даўмонт. Князь Нарымонт у 1333 атрымаў «у кармленне» гарады Ладагу, Арэшак, Карэлу. Князі-браты Андрэй Альгердавіч і Дзмітрый Альгердавіч удзельнічалі ў Кулікоўскай бітве 1380. Пад кіраўніцтвам мсціслаўскага кн. Сямёна Лугвена (у 1389—1407 намеснік у Ноўгарадзе) у 1392 разбіты швед. войскі на Няве. У Маскоўскае вял. княства ў 1408 перасяліўся северскі кн.Свідрыгайла, У 14—15 ст. дынастычныя шлюбы ўплывалі на прамаскоўскую паліт. арыентацыю часткі правасл. знаці ВКЛ. Пашырэнню міграцыі на У спрыяла атрыманае паводле прывілея 1447 права князёў, рыцараў, шляхты і баяр пакідаць ВКЛ. Права ўсіх свабодных людзей на выезд за мяжу (акрамя «непрыяцельскіх краін») прадугледжвалі Статуты ВКЛ 1566 і 1588. Маск. дзяржава, якая з канца 15 ст. пачала змаганне за «яднанне» пад сваёй уладай усх.-слав. зямель, заахвочвала сепаратысцкія памкненні правасл. знаці ВКЛ. У 1480—90-я г. пераходы правасл. феадалаў на бок Масквы пачасціліся Пасля выкрыцця ў 1481 змовы супраць Казіміра IV, на чале якой стаялі слуцкі кн. Міхал Алелькавіч (гл.Алелькавічы), Ф.Бельскі (гл.Бельскія) і адзін з князёў Гальшанскіх, змоўшчыкі перасяліліся ў Маск. дзяржаву (Адоеўскія, Навасельскія і інш.). З канца 15 ст. перамяшчэнні на У, найчасцей прымусовыя, выклікаліся пераходам ад памежных канфліктаў да адкрытай барацьбы за сферу ўплыву паміж Маск. дзяржавай і ВКЛ (войны 1492—94, 1500—03, 1507—08, 1512—22, 1534—37). У час першай з гэтых войнаў з памежных раёнаў ВКЛ перайшлі «на службу» ў Маскву князі С.Варатынскі, М.Мязецкі, А. і В.Бялеўскія, А.Вяземскі (гл.Вяземскія) са сваімі ўдзеламі. Паводле мірнага дагавора 1494 ВКЛ страціла Вяземскае княства і землі ў бас. Верхняй Акі. Пераходы памежных князёў разам з «дварамі», баярамі, слугамі пад уладу Масквы справакавалі ваен. канфлікт 1500—03, калі на службу да Івана III перабеглі князі С.Бельскі, В.Шамяціч, С. і І.Мажайскія і інш. вярхоўскія і чарнігава-северскія князі; да Маск. дзяржавы адышлі 29 гарадоў і 70 валасцей, у т. л. Бранск, Чарнігаў, Гомель.
Пасля паражэння Глінскіх мяцяжу 1508 у Маскву выехалі князі Міхаіл, Іван і Васіль Глінскія і іх блізкія паплечнікі. Многія са збеглай знаці ВКЛ набылі ў Маскоўскім вял. княстве значны ўплыў, былі ў блізкім сваяцтве з велікакняжацкімі, а потым і царскімі родамі (Галіцыны, Патрыкеевічы, Бельскія, Глінскія і інш.). А.Глінская была жонкай Васіля III, а пасля яго смерці — рэгентам пры сваім малалетнім сыне вял.кн. Іване IV. Сын В.Глінскага Юрый быў адным з ініцыятараў абвяшчэння Івана IV першым рас. царом. Акрамя правасл. знаці з ВКЛ на У уцякалі сяляне і гараджане, выводзіліся захопленыя ў час ваен. дзеянняў палонныя, многія з якіх потым удзельнічалі ў заваяванні і асваенні новадалучаных рас. зямель. Так, у паходзе Ермака ў Сібір (1582) удзельнічалі каля 300 выхадцаў з ВКЛ. Сярод першых пасяленцаў Цюмені, Табольска, Тары ў канцы 16 ст. было нямала жыхароў з бел. зямель ВКЛ. Праз выхадцаў з Беларусі ў Р. пашыраліся здабыткі еўрап. асветы і культуры. Бел. шляхціц І.Перасветаў, які з 1539 жыў у Маскве, быў адным з ідэйных натхняльнікаў рэформ Івана IV. Далучэнню Маскоўскай дзяржавы да друкавання кніг спрыялі І.Фёдараў (Федаровіч) і П.Мсціславец: на прывезеным з ВКЛ друкарскім абсталяванні яны выпусцілі першыя дакладна датаваныя рус. кнігі «Апостал» (1564) і два выданні «Часоўніка», па якіх навучалі пісьменнасці. Значны рост бел. перасяленцаў у Р. ў 16—17 ст. быў выкліканы ўзмацненнем прыгонніцкай эксплуатацыі сялян у ВКЛ, нац.-рэліг. уціскам бел. насельніцтва ў Рэчы Паспалітай. Маск. дзяржава заахвочвала іміграцыю беларусаў для асваення новых заваяваных на У рэгіёнаў, давала прытулак збеглым (многім прыгонным і волю), прымала іх на службу (як і палонных, што прысягнулі на вернасць), аказвала і пэўную матэрыяльную падтрымку. З улікам значнай колькасці перасяленцаў царк. сабор 1620 прыняў спец. пастанову аб перахрышчванні беларусаў, «вяртанні іх ва ўлонне сапр. веры». Шляхта, рамеснікі, гандляры, сяляне масава выводзіліся з бел. зямель у глыбінныя раёны Р. ў ходзе яе войнаў з Рэччу Паспалітай 1632—34, 1654—67. Так, летам 1633 у Томску з’явілася вял. група «літоўскіх людзей», у т. л. выхадцаў з Мсціслаўскага, Крычаўскага, Аршанскага, Магілёўскага і інш. паветаў. У час вайны 1654—67 жыхары бел. зямель прымусова перасяляліся пад Маскву, а найбольш — у Паволжа, Урал і Сібір. Баярын М Чаркаскі з Арзамаскага пав. ў 1670-я г. меў больш за 800 сялян з Беларусі. У Р. з’явіліся і асобныя бел. паселішчы. Паводле царскага ўказа 1672 у Маскве з беларусаў засн. Мяшчанская (Новамяшчанская) слабада, якая падпарадкоўвалася Пасольскаму прыказу. Па звестках гісторыка Р.Лешчанкі, у 1670-я г. ўтварыліся бел. слабоды ў Верхатур’і. У 18 ст. ў Сібіры працягвалася фарміраванне воінскіх падраздзяленняў з беларусаў-ваеннапалонных. Выхадцы з ВКЛ у 1-й пал. 18 ст. заснавалі каля 20 вёсак з 200 вядомых тады ў Томскім пав. Прыкметная прысутнасць бел. насельніцтва ў Р. абумовіла яго значны ўплыў на развіццё некат. галін яе матэрыяльнай і духоўнай культуры. Перасяленцы садзейнічалі с.-г. асваенню Паволжа і Сібіры, а «службовая літва» — замацаванню Р. на новазаваяваных землях.
Некат. перасяленцы займалі высокія дзярж. пасады, сталі военачальнікамі, заснавальнікамі купецкіх родаў. Нац.-рэліг. ўціск (наступ каталіцызму) абумовіў арыентацыю на Маскву ў 1-й пал. 17 ст. вядомых бел. пісьменнікаў, адукаваных правасл. святароў, манахаў-кніжнікаў. Значна паўплывалі на развіццё рус. культуры, асветніцтва, друкавання кніг Сімяон Полацкі, паэты А.Белабоцкі і Ф.Газвінскі, вучоны і літаратар Е.Славінецкі, Куцеінская літ. школа на чале з ігуменам І.Труцэвічам. Клопатамі Сімяона Полацкага ў Маскве створаны свецкая Верхняя друкарня, прыватны кнігазбор і Славяна-грэка-лацінская акадэмія. Важным асяродкам асветы стала вывезеная восенню 1654 паводле загаду патрыярха Нікана ў Іверскі манастыр (пад Ноўгарадам) Куцеінская друкарня (разам з майстрамі і мноствам кніг). Ураджэнец Мсціслаўшчыны Х.Капіевіч (Капіеўскі) выдаў новым рус. алфавітам у Амстэрдаме, Гданьску і Маскве каля 20 кніг (слоўнікі, падручнікі па граматыцы, арыфметыцы, астраноміі, навігацыі). Выхадцы з бел. зямель і іх нашчадкі былі сярод землепраходцаў, пачынальнікаў геагр. і этнагр. вывучэння карэнных народаў Прыуралля, Сібіры, Чукоткі, Камчаткі (А.Р Каменскі, І.Казырэўскі, Л.Сяніцкі, І.Яўрэінаў і інш.). Калектыў першага ў Р. прыдворнага т-ра (1672—76) амаль цалкам складаўся з беларусаў Мяшчанскай слабады. У 17 ст. ў Р. плённа працавалі многія бел.муз. дзеячы (А.Беражанскі, І.Дзякоўскі, І.Календа, І.Канюхоўскі, Д.Рагачэўскі, З.Гламазінскі). У 2-й пал. 17 ст. дзесяткі майстроў-рамеснікаў з Полацка, Віцебска, Оршы, Шклова, Магілёва і інш.бел. гарадоў працавалі ў Аружэйнай палаце, аздаблялі церамы Крамля Маскоўскага, палац у Каломенскім, Данскі манастыр, Новадзявочы манастыр, Новаіерусалімскі манастыр. Бел. майстры прыносілі ў Р. новыя рамёствы, адметныя стыль, матывы і тэхніку скульпт. разьбы па дрэве (гл.Беларуская рэзь), вытв-сць паліхромнай паліванай керамікі. Сучасныя даследчыкі лічаць Сімяона Полацкага і А.Белабоцкага пачынальнікамі асветніцтва на рус. і ўсх.-слав. землях і што Р. праз творы Сімяона Полацкага, В.Пазнанскага, С.Палубеса, В.Кораня пераймала маст. прынцыпы барока. Пасля далучэння ў выніку 3 падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) бел. зямель да Р. сюды высылаліся ўдзельнікі тайных т-ваў «заранаў», філаматаў, філарэтаў і паўстанняў 1794, 1830—31, 1863—64. З адменай прыгоннага права сял. міграцыя (адыходніцтва, перасяленне ў Сібір і на Д.Усход) набыла сталы, а на мяжы 19—20 ст. і масавы характар. Гэтаму спрыяла развіццё чыг. сеткі, у т. л. адкрыццё ў канцы 19 ст. Транссіб. магістралі. Паводле рас. перапісу 1897, за межамі 5 бел. губерняў (Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская) жыло 540 тыс. іх ураджэнцаў. Перасяленне беларусаў, якія афіцыйна лічыліся адгалінаваннем рус. этнасу, заахвочвалася рас. ўладамі і было выклікана расслаеннем і абеззямельваннем сялянства, адсутнасцю развітой прам-сці, здольнай паглынуць лішак рабочай сілы. У 1861—1913 каля 1,5 млн.чал. з бел. губерняў з-за цяжкага эканам. становішча выехала пераважна ў еўрап. частку Р., Сібір, на Д. Усход, пры гэтым у 1895—1900 14% іх вярнуліся на радзіму. Незавершанасць працэсу станаўлення бел. нацыі вяла да паскоранай асіміляцыі бел. мігрантаў. Але наяўнасць сярод перасяленцаў бел. інтэлігенцыі (яе прыток павялічыўся з канца 19 ст.) абумовіла з’яўленне на тэр. Р. нацыянальна арганізаванага культ. і паліт. жыцця беларусаў. Адным з яго важных цэнтраў стаў Пецярбург.
У 1840-я г. тут узнік бел.літ.-грамадскі рух (бел.-польскі грамадскі гурток Р.Падбярэскага — Я.Баршчэўскага), а пазней створаны і першыя нац. арг-цыі: асветная «Крывіцкі вязок» (1868) і палітычная «Гоман» (1884). Апошняя належала да бел. фракцыі партыі «Народная воля», адным з заснавальнікаў якой быў І.Грынявіцкі. Значную ролю ў рас.рэв.-дэмакр. руху адыгралі беларусы М.Судзілоўскі, Р.Ісаеў, С.Кавалік. Сацыяліст. ідэі прапагандаваў нелегальны Пецярбургскі гурток моладзі польска-літоўска-беларускай і маларускай (1889—93; А.Гурыновіч і інш.). Некат. з беларусаў, высланых у розныя мясціны Р., даследавалі прыроду, побыт, традыцыі, мовы народаў Сібіры, Крайняй Поўначы, Д. Усходу (І.Чэрскі, Б.Дыбоўскі, В.Кавалеўскі, Э.Пякарскі, А.Чаканоўскі, А.Янушкевіч, М.Віткоўскі, Э.Гадлеўскі). Значна паўплывалі на развіццё рас. навукі і культуры фізікі І.Яркоўскі, З.Урублеўскі, А.Садоўскі, хімік Э.Урублеўскі, географ і падарожнік, даследчык Цэнтр. Азіі М.Пржавальскі (Перавальскі), праф. С.Кутарга, рэктар Казанскага ун-та астраном Дз.Дубяга, дыпламат, даследчык Японіі і Кітая І.Гашкевіч, кампазітар В.Казлоўскі, спявачка і муз. педагог Г.Жарабцова-Андрэева, літ. крытык С.Дудышкін і інш. У 1800 артысты балета Шклоўскага т-ра Зорыча пераведзены ў балетную трупу Пецярбургскіх імператарскіх т-раў, а аркестр — у Маскву. У Маскве і Пецярбургу працяглы час жылі і працавалі мастакі І.Аляшкевіч, С.Заранка, К.Хруцкі, а В.Бялыніцкі-Біруля і С.Жукоўскі былі членамі Т-ва перасоўных выставак. Масавая прац. міграцыя з Беларусі, найвыш. ўздым якой прыпаў на перыяд пасля рэвалюцыі 1905—07, павялічыла бел. дыяспару ў Р. Да 1-й сусв. вайны па эканам. прычынах толькі ў Сібір з Беларусі накіраваліся больш за 700 тыс.чал. (пераважна сяляне). У ходзе абвешчанай з 1906 сталыпінскай аграрнай рэформы, якая суправаджалася дзярж. падтрымкай для каланізацыі Сібіры і ўскраін Рас. імперыі «рус. элементам» (да яго адносілі і правасл. беларусаў), у 1907—14 з Беларусі сюды перасялілася 335,4 тыс.чал. (але 36,5 тыс.чал. вярнуліся з-за цяжкіх умоў жыцця на новых месцах, гл.Перасяленства). Упач. 20 ст. цэнтрам бел.нац. грамадска-культ. жыцця ў Р. заставаўся Пецярбург, дзе ў 1902—04 дзейнічаў «Круг беларускай народнай прасветы і культуры». Пасля адмены ў 1905 забароны друкаваць па-беларуску тут працавалі першае легальнае бел.выд-ва«Загляне сонца і ў наша аконца» (1906—14), Беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў С.-Пецярбургскага ун-та (1912—14). У Пецярбургу пэўны час жылі Я.Купала, Ц.Гартны, А.Гурло, Б.Тарашкевіч, Цётка (А.Пашкевіч); пецярбургскімі бел. арг-цыямі кіраваў Б.Эпімах-Шыпіла. У 1911 тут выступіла з канцэртам трупа І.Буйніцкага, 9.2.1913 пастаўлена п’еса Купалы «Паўлінка», праходзілі бел.літ. вечарынкі. Бел. інтэлектуальнае асяроддзе існавала ў Ніжнім Ноўгарадзе (з 1896) і Яраслаўлі (з 1908) вакол этнографа А.Я.Багдановіча і яго сына паэта М.Багдановіча. У 1915—16 у гар.нар. ун-це імя А.Л.Шаняўскага ў Маскве вучыўся Купала. 1-я сусв. вайна выклікала значны прыток бел. насельніцтва (бежанцы і прымусова эвакуіраваныя) у цэнтр. і ўсх. губерні Р. (з 1915). Паводле афіц. звестак, у маі 1918 у рэгіёнах Р. было амаль 2,3 млн. бежанцаў з Беларусі (найб. у Тамбоўскай, Самарскай, Калужскай, Казанскай, Курскай, Саратаўскай губ., Петраградзе і Маскве). У іх падтрымку дзейнічалі Беларускае таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны (1916—18), Беларуска-ўкраінскі камітэт помачы ахвярам вайны ў Барнауле (1918—20), культ.-асв. арг-цыі «Беларуская хатка» ў Арле (1917—18), Бел.нац. гурток у Багародзіцку (1917—18), Арэнбургскі гурток беларусаў (1918) і інш. Пасля Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый 1917 паліт. і культ.-асв. працу сярод беларусаў-бежанцаў, рабочых, вайскоўцаў і інш. праводзілі Беларуская народная грамада, Беларуская сацыялістычная грамада, праэсэраўскі Беларускі абласны камітэт пры Усерас. Савеце сял. дэпутатаў у Петраградзе (старшыня Я.Канчар), секцыя беларусаў пры ЦК партыі левых эсэраў. Прыхільнікі стварэння бел. дзяржаўнасці на сав. аснове (А.Чарвякоў, А.Усціловіч, З.Жылуновіч, У.Фальскі, Я.Дыла, Дз.Чарнушэвіч, Ф.Шантыр і інш.) гуртаваліся вакол Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, Беларускага нацыянальнага камісарыята (выдаваў газ.«Дзянніца»), беларускіх секцый РКП(б), садзейнічалі абвяшчэнню БССР.
У 1918 у Маскве адбыўся Усерасійскі з’езд бежанцаў з Беларусі. Дзейнічалі Беларускі народны універсітэт (1918), Беларуская чыгуначная грамада (1918), Беларускае навукова-культурнае таварыства. (1918—19; усе ў Маскве), Беларускае вольна-эканамічнае таварыства (1918—20) і Таварыства ахвотнікаў беларускага народнага штукарства (1918) у Петраградзе, Беларуская вучнёўская грамада (1918) і гурток бел.сацыяліст. моладзі (1918) у Калузе, клубы «Беларуская хатка» ў Петраградзе (1918—19) і «Беларус» у Маскве (1919). У студз. 1919 паводле рашэння ЦК РКП(б) усх.бел. землі далучаны да РСФСР (Віцебская, Магілёўская, Смаленская губ.). Беларусы рассяляліся ў РСФСР у выніку планавых набораў рабочай сілы ў аддаленыя паўн. раёны, на новабудоўлі Урала і Сібіры. У 1924 улады СССР вярнулі БССР 15 паветаў Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губ., у 1926 — Гомельскі і Рэчыцкі паветы. Паводле перапісу 1926 у Сібіры і на Д. Усходзе налічвалася 320 тыс. ураджэнцаў Беларусі. У Заходняй (з 1937 Смаленскай) вобл. жыло 83 тыс., у Ленінградскай вобл. — 55 тыс., у Маскве і Маскоўскай вобл. — 42 тыс. беларусаў. У 1926—39 з БССР (каля 5 млн. жыхароў) выехалі, у т. л. прымусова, 617 тыс.чал. (у асн. сельскія жыхары), пераважна ў Р. У канцы 1920 — пач. 1930-х г. сюды высланы многія прадстаўнікі бел. інтэлігенцыі, абвінавачаныя ў «нацыянал-дэмакратызме». Масавыя дэпартацыі з Беларусі ў Р. ажыццяўляліся ў ходзе суцэльнай калектывізацыі, паліт. рэпрэсій 1930-х г. (гл.Дэпартацыя). У 1920-я г. ў сувязі з палітыкай беларусізацыі дзейнічалі Беларускае цэнтральнае бюро пры Народным камісарыяце асветы РСФСР, бел. секцыі пры Віцебскім (1921—24), Смаленскім (1922—23, 1925—27) і Гомельскім (1921 — пач. 1927) губернскіх аддзелах нар. асветы (гл. пра кожную адпаведны арт.), дзесяткі бел. школ, клубаў, хат-чытальняў на Смаленшчыне (тут беларусізацыя школ 1-й ступені дасягала 36%), у Зах. Сібіры, на Д. Усходзе, а з 1930 — Руднянскі бел.пед. тэхнікум і бел. рабфак у Смаленску. Існавалі Цэнтр. бюро бел. студэнцкіх арг-цый у Маскве, смаленскае і гомельскае бел. зямляцтвы, Беларуская культурна-навуковая асацыяцыя пры Пятроўскай с.-г. акадэміі ў Маскве, бел. асацыяцыі ў Ленінградзе, Смаленску, Горы-Горках. У 1921—26 у Маскве знаходзілася Беларуская драматычная студыя. 250 бел.нар. песень апрацавала Беларуская песенная камісія пры Дзярж. ін-це муз. навукі ў Маскве. У 1920-я г. пры фін. і матэрыяльнай падтрымцы ўлад існавалі Беларускае пралетарскае студэнцкае зямляцтва ў Маскве, бел. зямляцтвы ў Варонежы, Волагдзе, Казані, Ленінградзе, Растове-на-Доне, Саратаве, Томску, якія стваралі бел. б-кі, гурткі бел. мовы і гісторыі. У 1924—30 у Маскве дзейнічала Т-вапаліт. эмігрантаў з Зах. Беларусі (аддзяленні ў Смаленску і Уладзіміры). Але бел. пралетарскі зямляцкі рух паступова страчваў нац. аснову, моцна ідэалагізаваўся. Пасля змены паліт. курсу ў СССР на мяжы 1920—30-х г. нац.-культ. аўтаномія беларусаў і іх арг-цыі ў Р. ліквідаваны, апошнімі — Беларускі клуб у Маскве (1936) і Бел. студэнцкае зямляцтва ў Ленінградзе (1937).
У Вял.Айч. вайну з Беларусі ва ўсх. тылавыя раёны СССР эвакуіравана больш за 1,5 млн.чал., больш за 120 буйных прадпрыемстваў, устаноў адукацыі, навукі і культуры, вядучых творчых калектываў. Эвакуіраваныя жыхары працавалі ў прам-сці, на чыгунцы, у сельскай гаспадарцы, навук. установах РСФСР. У 1943 пад Масквой аднавіў дзейнасць Бел.дзярж.ун-т, у Яраслаўлі — Мінскі мед.ін-т. Пасля вайны шмат эвакуіраваных засталося на Урале, у Паволжы, Сібіры і інш.рас. рэгіёнах. У 1946—63 у Р. асела большасць з 530 тыс.чал., што выехалі з Беларусі праз сістэму аргнабораў. Так, у Карэліі яны склалі 11% усяго і 15% сельскага насельніцтва (1959). У аддаленыя раёны Р. былі дэпартаваны б. ваеннапалонныя, вайскоўцы польскай арміі Андэрса, вывезеныя на прымусовую працу ў Германію (остарбайтэры), заможныя сяляне з зах. абласцей БССР і інш. З 1959 да 1989 колькасць беларусаў у РСФСР павялічылася, у т. л. за кошт вярбоўкі на новабудоўлі, планавага размеркавання выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спец.навуч. устаноў, з 844 тыс. да 1206 тыс.чал. (з 0,7 да 0,8% усіх жыхароў Р.). Каля 80% іх жыло ў гарадах. Да канца 1980-х г.найб. кампактна і масава беларусы жылі ў Маскве і Маскоўскай вобл. (каля 130 тыс.), Ленінградзе і Ленінградскай вобл. (больш за 127 тыс.), Калінінградскай і Іркуцкай абл. (у кожнай каля 74 тыс.чал.), Карэліі (55,5 тыс.), Цюменскай вобл. (49 тыс.), Краснадарскім (37 тыс.) і Краснаярскім (каля 34 тыс.чал.) краях. Нямала ўраджэнцаў Беларусі і іх нашчадкаў займалі ў РСФСР значныя дзярж. пасады, сталі кіраўнікамі прадпрыемстваў, грамадскімі і культ. дзеячамі, вучонымі (напр., дыпламат А.Грамыка, даследчык Арктыкі акад. О.Шміт, заснавальнік геліябіялогіі А.Чыжэўскі, гісторык М.Улашчык, псіхолаг Л.Выгоцкі, матэматык І.Брайцаў, адзін з заснавальнікаў кібернетыкі А.Маліноўскі, авіяканструктар П.Сухі). Ігнараванне нац.-культ. патрэб уладамі і значная асіміляцыя абумовілі тое, што, паводле перапісу 1989, бел. мову лічылі роднай толькі 28—37% беларусаў Р. Ва ўмовах палітыкі перабудовы ўзніклі суполка студэнцкай моладзі «Пагоня» (1987) і Т-вабел. культуры імя Ф.Скарыны (1988) у Маскве, Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў С.-Пецярбургу (1989). На час распаду СССР (1991) у Р. было 1155 тыс. беларусаў. У 1992—99 на Беларусь вярнуліся 113,4 тыс.рас. беларусаў — 49% ад агульнай колькасці тых, хто прыехаў з гэтай дзяржавы. Цяпер у Р. склалася найбольшая бел. дыяспара ў свеце, якая ў апошнія гады папоўнілася (пераважна па эканам. прычынах) вучонымі, прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі, спартсменамі, прадпрымальнікамі, часовымі прац. мігрантамі. Працаўладкаванню беларусаў у Р. садзейнічаюць бел.-рас. пагадненне 1993 аб прац. дзейнасці і сац. абароне грамадзян на тэр. абедзвюх дзяржаў, адмена ў 1996 Федэральнай міграцыйнай службай Р. дазвольнага прынцыпу працаўладкавання грамадзян Беларусі на тэр.Рас. Федэрацыі (уведзены рэгістрацыйны парадак). Абвяшчэнне незалежнасці Беларусі, працэсы нац. адраджэння пач. 1990-х г. актывізавалі нац.культ.-асв. дзейнасць рас. беларусаў. Захаванню і папулярызацыі традыцый, мовы, гісторыі, культуры бел. этнасу спрыяюць суполкі беларусаў у Маскве, С.-Пецярбургу (гл. раздзелы пра беларусаў у арт.Масква і Санкт-Пецярбург), Петразаводску, Саснагорску, Калінінградзе, Ніжнім Ноўгарадзе, Новасібірску (гл. раздзел пра беларусаў у арт.Новасібірская вобласць), Цюмені, Арэнбургу, Омску, Краснаярску, Іркуцку (гл.Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Я.Д.Чэрскага), Цверы, Ноўгарадзе, Яраслаўлі, Петрапаўлаўску-Камчацкім.
У 1991 сябры маскоўскага Т-вабел. культуры заснавалі уніяцкую і каталіцкую суполкі. Беларусы-вернікі С.-Пецярбурга арганізавалі правасл. абшчыну (дзейнічала да 1998). Працуе бел. суполка мастакоў у С.-Пецярбургу (І.Чарнякевіч, В.Сівуха, Ю.Казак, М.Ткачэнка). Бел. культуры належыць творчая спадчына літаратара І.Ласкова (Якуцк), пісьменнікаў А.Кірвеля, А.Кавалюк, І.Сібілы (С.-Пецярбург), драматурга М.Каляды (Екацярынбург). Развіццю беларусістыкі ў Р. спрыяюць публікацыі А.Каўкі, Я.Шыраева, Л.Шчавінскай (Масква), В.Грыцкевіча, І.Маціеўскага, М.Нікалаева (С.-Пецярбург), А.Катлярчука (Бранск), М.Ількевіча (Смаленск). У рас.навук. цэнтрах праявілі сябе вучоныя-беларусы і выхадцы з Беларусі: хімік В.Капцюг, геолаг А.Трафімук, касманаўты П.Клімук і У.Кавалёнак, фізікі Ж.Алфёраў (Нобелеўская прэмія па фізіцы 2000), Б.Галёркін, В.Гальданскі, Я.Зяльдовіч, У.Міткевіч, Ф.Шапіра. У развіцці сучаснай бел. супольнасці ў Р. выявіліся 2 процілеглыя тэндэнцыі — абуджэнне да нац. жыцця, самаўсведамлення рас. беларусаў і іх паскораная асіміляцыя ва ўмовах існавання Саюза Беларусі і Р. Сведчанне гэтага — адсутнасць бел. школ, нац. друку (выдаюцца толькі бюлетэні «Шляхам Скарыны» ў Маскве і «Маланка» ў Іркуцку), амаль поўная асіміляцыя беларусаў на бел.-рас. памежжы. Пры гэтым ёсць 2 каардынацыйныя цэнтры: Міжрэгіянальнае аб’яднанне беларусаў Р. (з сак. 1999) і Федэральная нац.-культ. аўтаномія «Беларусы Р.» (з крас. 1999). Пасля набыцця Беларуссю незалежнасці змяніліся адносіны яе ўлад да бел. дыяспары, у т. л. ў Р. У адпаведнасці з дзярж. праграмай «Беларусы ў свеце» аказваецца падтрымка рас. беларусам. Прадстаўнікі бел. суполак Р. былі ўдзельнікамі Першага сходу беларусаў блізкага замежжа (снеж. 1992), Першага (ліп. 1993), Другога (ліп. 1997), Трэцяга (ліп. 2001) з’ездаў беларусаў свету. Бел.-рас. дагавор 1995 прадугледжвае магчымасць свабоднага выяўлення, захавання і развіцця для суайчыннікаў этн., культ., моўнай, рэліг. самабытнасці. У студз. 1999 Беларусь ратыфікавала дагавор з Р. аб роўных правах грамадзян. 1.3.1999 падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Дзярж. к-там па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь і Мін-вам нац. палітыкі Рас. Федэрацыі. Кіраўнікі Беларусі, урадавыя дэлегацыі пры наведванні Р. сустракаюцца з землякамі.
Літ.:
Соловьев С.М. История России с древнейших времен // Соч.М., 1988—92. Кн. 1—15;
Карамзин Н.М. История государства Российского. Т. 1—12. М., 1989—93;
Ключевский В.О. Русская история: Полный курс лекций. Кн. 1—3. М., 1993;
История Отечества: люди, идеи, решения: Очерки истории России IX — начала XX в. М., 1991;
Отечественная история: Энцикл.: В 5 т. Т. 1—3. М., 1994—2000;
у т. л.: Таймырская (Даўгана-Ненецкая аўтаномная акруга)
862,1
44
Дудзінка
Эвенкійская аўтаномная акруга
767,6
19
Тура
Курганская вобл.
71,0
1096
Курган
Курская вобл.
29,8
1311
Курск
Ліпецкая вобл.
24,1
1240
Ліпецк
Магаданская вобл.
461,4
239
Магадан
Мардовія (Рэспубліка Мардовія)
26,2
929
Саранск
Марый Эл (Рэспубліка Марый Эл)
23,2
759
Йашкар-Ала
г. Масква
47,0
8537
Масква
Маскоўская вобл.
6464
Мурманская вобл.
144,9
1001
Мурманск
Наўгародская вобл.
55,3
727
Вялікі Ноўгарад
Ніжагародская вобл.
76,9
3663
Ніжні Ноўгарад
Новасібірская вобл.
178,2
2740
Новасібірск
Омская вобл.
139,7
2164
Омск
Паўночная Асеція—Аланія (Рэспубліка Паўночная Асеція—Аланія)
8,0
670
Уладзікаўказ
Пензенская вобл.
43,2
1530
Пенза
Пермская вобл.
160,6
2956
Перм
у т. л.: Комі-Пярмяцкая аўтаномная акруга
32,9
150
Кудымкар
Прыморскі край
165,9
2173
Уладзівасток
Пскоўская вобл.
55,3
801
Пскоў
Разанская вобл.
39,9
1286
Разань
Растоўская вобл.
100,8
4341
Растоў-на-Доне
Самарская вобл.
53,6
3295
Самара
г. Санкт-Пецярбург
85,9
4694
Санкт-Пецярбург
Ленінградская вобл.
1666
Саратаўская вобл.
100,2
2709
Саратаў
Саха (Якуція) [Рэспубліка Саха (Якуція)]
3103,2
989
Якуцк
Сахалінская вобл.
87,1
599
Южна-Сахалінск
Свярдлоўская вобл.
194,8
4603
Екацярынбург
Смаленская вобл.
49,8
1128
Смаленск
Стаўрапольскі край
66,5
2660
Стаўрапаль
Тамбоўская вобл.
34,3
1270
Тамбоў
Татарстан (Рэспубліка Татарстан)
68,0
3783
Казань
Томская вобл.
316,9
1068
Томск
Тульская вобл.
25,7
1740
Тула
Тыва (Рэспубліка Тыва)
170,5
311
Кызыл
Удмурція (Удмурцкая Рэспубліка)
42,1
1629
Іжэўск
Уладзімірская вобл.
29,0
1604
Уладзімір
Ульянаўская вобл.
37,3
1463
Ульянаўск
Хабараўскі край
788,6
1506
Хабараўск
Хакасія (Рэспубліка Хакасія)
61,9
580
Абакан
Цвярская вобл.
84,1
1595
Цвер
Цюменская вобл.
1435,2
3237
Цюмень
у т. л.: Ханты-Мансійская аўтаномная акруга
523,1
1382
Ханты-Мансійск
Ямала-Ненецкая аўтаномная акруга
750,3
504
Салехард
Чувашыя (Чувашская Рэспубліка)
18,3
1359
Чэбаксары
Чукоцкая аўтаномная акруга
737,7
79
Анадыр
Чыцінская вобл.
431,5
1256
Чыта
у т. л.: Агінская Бурацкая аўтаномная акруга
19,0
79
Агінскае
Чэлябінская вобл.
87,9
3667
Чэлябінск
Чэчня (Чэчэнская Рэспубліка)
15,7
768
Грозны
Яраслаўская вобл.
36,4
1412
Яраслаўль
Яўрэйская аўтаномная вобл.
36,0
197
Бірабіджан
Герб і сцяг Расіі.Да арт.Расія. У зоне тундры.Да арт.Расія. Газаперапрацоўчы завод у Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе.Да арт.Расія. Краявід на Паўднёвым Урале.Да арт.Расія. Рака Сораць у Пскоўскай вобласці.Да арт.Расія. Возера Байкал. Бухта Пясчаная.Да арт.Расія. Абагачальная фабрыка Лебядзінскага горна-абагачальнага камбіната ў Белгародскай вобласці.Да арт.Расія. Дзмітрыеўскі сабор ва Уладзіміры. Каля 1197.Да арт.Расія. Валагодскі крэмль. Сафійскі сабор. 1568—70.Да арт.Расія. Пераслаўль-Залескі. Від часткі горада.Да арт.Расія. Астанкінская тэлевізійная вежа ў Маскве. 1960—67.Да арт.Расія. Расійскі культурны цэнтр на Краснахолмскай Стрэлцы. Арх. Ю.Гнядоўскі, В.Красільнікаў, Дз.Салопаў, М.Гаўрылава, С.Гнядоўскі. 1995.Да арт.Расія. Будынак банка ў Ніжнім Ноўгарадзе. Арх. Е.Пестаў, А.Харытонаў, І.Гольцаў, С.Палеў. 1993—95.Да арт.Расія. Абраз Маці Божай Уладзімірскай. 1-я пал. 12 ст.Да арт.Расія. І.Аргуноў. Партрэт невядомай сялянкі ў рускім касцюме. 1784.Да арт.Расія. В.Пяроў. Праводзіны нябожчыка. 1865.Да арт.Расія. І.Крамской. Невядомая. 1883.Да арт.Расія. І.Левітан. Асенні дзень. Сакольнікі. 1879.Да арт.Расія. І.Рэпін. Іван Грозны і сын яго Іван 16 лістапада 1581 года. 1885.Да арт.Расія. В.Барысаў-Мусатаў. Ізумрудныя каралі. 1903—04.Да арт.Расія. В.Кандзінскі. З чорнай дугой. 1912.Да арт.Расія. В.Сяроў. Партрэт актрысы М.Ярмолавай. 1905.Да арт.Расія. А.Дайнека. Дзяўчынка каля акна. 1931.Да арт.Расія. Я.Вучэціч. Партрэт І.Д.Чарняхоўскага. 1945.Да арт.Расія. А.Мыльнікаў. Нацюрморт. Кветкі ў сіняй вазе. 1986.Да арт.Расія. Э.Неізвесны. Жаночы торс. 1963.Да арт.Расія. А.Полагава. Белыя аблокі бясконцыя і вечныя. 1997—98.Да арт.Расія. І.Глазуноў. Беражы Бог Расію. 1999.Да арт.Расія. М.Шамякін. Фантанка. 1960.Да арт.Расія. А.Шылаў. Лётчык-касманаўт СССР П.І.Клімук. 1976.Да арт.Расія. А.Лягін, С.Малькоў. Вестка. 1996.Да арт.Расія. Вялікая зала Маскоўскай кансерваторыі.Да арт.Расія. Сцэна з оперы «Іван Сусанін» М.Глінкі. Вялікі тэатр Расіі.Да арт.Расія. Сцэна з балета «Спартак» А.Хачатурана. Вялікі тэатр Расіі.Да арт.Расія. Сцэна са спектакля А.К.Талстога «Цар Фёдар Іаанавіч». У ролі цара Фёдара І.Масквін, Ірыны — В.Кніпер. Маскоўскі маст.тэатр. 1898.Да арт.Расія. Сцэна са спектакля «Гамлет» У.Шэкспіра. Маскоўскі. тэатр імя У.Маякоўскага. 1955.Да арт.Расія. Сцэна са спектакля «Тры сястры» А.Чэхава. Маскоўскі Маст.акад.тэатр. 1980-я г.Да арт.Расія. Кадр з дакументальнага фільма «Дзень 80-годдзя графа Л.М.Талстога». 1908.Да арт.Расія. Кадр з фільма «Браняносец Пацёмкін». 1925.Да арт.Расія. Кадр з фільма «Вясёлыя хлопцы». 1934.Да арт.Расія. Кадр з фільма «Аляксандр Неўскі». 1938.Да арт.Расія. Кадр з фільма «Маладая гвардыя». 1948.Да арт.Расія. Кадр з фільма «Яны змагаліся за Радзіму». 1975.Да арт.Расія. Кадр з фільма «Вайна і мір». 1966—67.Да арт.Расія. Кадр з фільма «Некалькі дзён з жыцця Абломава» 1980.Да арт.Расія. Кадр з фільма «Белае сонца пустыні». 1970.Да арт.Расія. Кадр з фільма «Сібірскі цырульнік». 1999.Да арт.Расія. Экспазіцыя адзення беларусаў-перасяленцаў канца 19 — пачатку 20 ст. ў абласным краязнаўчым музеі ў Новасібірску. 1999.Да арт.Расія. Беларускі фальклорны ансамбль «Зязюля» вёскі Каўбаса Кыштоўскага раёна Новасібірскай вобласці. 1999.