ДВУХМО́ЎНЫ СЛО́ЎНІК, перакладны слоўнік,

тып лінгвістычнага даведніка, у якім змест слоў адной мовы перадаецца сродкамі іншай мовы. Часцей за ўсё гэта робіцца шляхам перакладу: напр., «Практычны расійска-беларускі слоўнік» М.​Я.​Байкова і М.​І.​Гарэцкага (1924). Больш глыбокая і навук. семантызацыя зместу рэестравых слоў ажыццяўляецца ў тых Д.с., якія змяшчаюць да слоў адной мовы разгорнутыя дэфініцыі на іншай (напр., «Кароткі эканамічны слоўнік», 1993). Існуюць і больш апасродкаваныя спосабы семантызацыі, напр. у Д.с. ідэаграфічнага тыпу; так, у «Тэматычным руска-беларускім слоўніку мовы навуковых справаздач» (1993) словы не толькі перакладаюцца, але і ілюструюцца эквівалентнымі па зместу тэкставымі фрагментамі на рус. і бел. мовах, дзе гэтыя словы ўжываюцца. Існуюць Д.с., у якіх сумяшчаюцца ўсе магчымыя спосабы семантызацыі рэестравых слоў: «Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» В.​Ластоўскага (1990).

Паводле характару рэестравых адзінак адрозніваюць Д.с. агульныя («Руска-беларускі слоўнік», т. 1—3, 6-е выд., 1995; «Беларуска-рускі слоўнік», т. 1—2, 2-е выд., 1988—89) і спецыяльныя або тэрміналагічныя («Руска-беларускі слоўнік матэматычных, фізічных і тэхнічных тэрмінаў» М.​М.​Касцюковіча, У.​В.​Люшціка, В.​К.​Шчэрбіна, 1995). Паводле прызначэння вылучаюць агульныя і школьныя Д.с. (напр., «Руска-беларускі слоўнік», 6-е выд., 1993, і «Беларуска-рускі слоўнік», 3-е выд., 1991, С.​М.​Грабчыкава; «Руска-беларускі слоўнік: Для пачатковых класаў» А.​К.​Кобызевай, Г.​П.​Хаткевіч і М.​Я.​Шчарбун, 1985). Паводле характару інфармацыі аб рэестравых словах адрозніваюць агульныя і аспектныя, сярод апошніх Д.с. моўных цяжкасцей, паралексічныя Д.с. (гл. адпаведныя арт.).

В.​К.​Шчэрбін.

т. 6, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДВАРО́ТНЫ СЛО́ЎНІК,

інверсійны слоўнік, тып лінгвістычнага даведніка, у якім рэестравыя словы размяшчаюцца ў алфавітным парадку з улікам іх палітарнага прачытання справа налева, а не злева направа, як у звычайных алфавітных слоўніках. Рэестравыя адзінкі адваротнага слоўніка выраўноўваюцца ў наборы па правым краі:

самба

бомба

пломба

клумба і г.д.

Побач размяшчаюцца словы з аднолькавымі канчаткамі і суфіксамі, што дазваляе высвятляць словаўтваральную і марфемную структуру слова, вызначаць тып словазмянення рэестравай адзінкі, выяўляць прадукцыйнасць пэўнага словаўтваральнага тыпу, распрацоўваць рыфмаў слоўнікі і інш. Адваротныя слоўнікі падзяляюцца на слоўнікі-індэксы і слоўнікі з самаст. рэестрамі. Адваротны слоўнік створаны больш чым для 30 моў. На матэрыяле бел. мовы распрацаваны: адваротны слоўнік мікратапонімаў (змешчаны ў слоўніку «Мікратапанімія Беларусі», 1974), «Адваротны слоўнік сучаснай беларускай мовы» А.​Барташэвіча і І.​Камендацкай (т. 1—4, 1988—89), які падае каля 100 тыс. слоў з акад. «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84); «Адваротны слоўнік беларускай мовы» Л.​М.​Вардамацкага і В.​І.​Несцяровіча (1994).

В.​К.​Шчэрбін.

т. 1, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯЛЕ́КТНЫ СЛО́ЎНІК, абласны слоўнік,

жанр рознатыповых лінгвістычных даведнікаў, у якіх падаецца мясц. лексіка абмежаванага тэрытарыяльнага пашырэння. Паводле прынцыпаў адбору рэестравай лексікі Д.с. падзяляюцца на: поўныя (сістэмныя),

якія апісваюць усю без выключэння лексіку пэўнай гаворкі; дыферэнцыяльныя (гл. ў арт. Дыферэнцыяльны слоўнік); зводныя (агульныя), што змяшчаюць дыялектную лексіку розных рэгіёнаў ці розных гаворак пэўнай нац. мовы (напр., «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча», т. 1—5, 1979—86; «Беларускае дыялектнае слова» Л.​Ф.​Шаталавай, 1975, і інш.; своеасаблівая разнавіднасць зводнага Д.с. — дыялекталагічны атлас); рэгіянальныя (абласныя, краёвыя), што падаюць мясцовыя словы пэўнай гаворкі, групы гаворак ці пэўнага рэгіёна, якімі гэтыя гаворкі адрозніваюцца ад інш. бел. гаворак [напр., «Віцебскі краёвы слоўнік» М.​І.​Каспяровіча, 1927, «Краёвы слоўнік Лагойшчыны» А.​Варлыгі, 1970, «Тураўскі слоўнік», т. 1—5, 1982—87, і інш.]. Паводле характару рэестравых адзінак адрозніваюць Д.с.: мясцовай лексікі (большасць бел. Д.с.); народна-дыялектнай фразеалогііСлоўнік беларускай народнай фразеалогіі», Е.​С.​Мяцельскай і Я.​М.​Камароўскага, 1972; гл. таксама ў арт. Фразеалагічны слоўнік); парэміялагічныя («Беларускія народныя прыказкі і прымаўкі» Ф.​М.​Янкоўскага, 1957, «Паслухай, што людзі кажуць» В.​І.​Рабкевіча, 1985, і інш.); анамастычныя (напр., «Мікратапанімічныя назвы» Я.​М.​Адамовіча, 1971); словаўтваральныя (напр., «Народная лексіка і словаўтварэнне» П.​У.​Сцяцко, 1972, «Народнае вытворнае слова: 3 гаворкі Мсціслаўшчыны» Г.​Ф.​Юрчанкі, вып. 1—3, 1981—85). У залежнасці ад прынцыпаў семантызацыі выкарыстаных рэестравых слоў вылучаюцца Д.с.: тлумачальныя (большасць бел. Д.с.), перакладныя (напр., «Слоўнік беларускай мовы» І.​І.​Насовіча, факс. выд., 1983), сінанімічныя (напр., «Народная сінаніміка» Юрчанкі, 1969), тэматычныя (напр., «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак», т. 1. Раслінны і жывёльны свет, 1993). Большасць бел. Д.с. складаліся на матэрыяле палявых запісаў дыялектных слоў, але існуюць і такія, лексіка якіх адбіралася з літ. крыніц: «Дыялектызмы ў творах беларускіх савецкіх пісьменнікаў: Кароткі слоўнік-даведнік» М.​В.​Абабуркі (1979), і інш.

Літ.:

Крывіцкі А.А. Сучасная беларуская дыялектная лексікаграфія: Стан і перспектывы // Македонски jазик. 1980. Т. 31.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 6, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРФЕ́МНЫ СЛО́ЎНІК, слоўнік марфемнай члянімасці слоў,

тып аднамоўнага слоўніка, які адлюстроўвае марфемную структуру слоў. Словы ў ім падзелены на марфемы.

Апісвае слова як моўную адзінку, якая складаецца з мінімальных значымых элементаў — марфем. У бел. лексікаграфіі першы слоўнік такога тыпу — «Марфемны слоўнік беларускай мовы» (складальнікі А.​М.​Бардовіч і Л.​М.​Шакун, 1975; 2-е выд. 1989). Падзел слоў на марфемы зроблены з пункту погляду сучаснага разумення марфемнай будовы слова, з улікам яго словаўтваральнай структуры. М.с. адрозніваецца ад словаўтваральнага і тлумачальнага слоўнікаў марфем. М.с. — дапаможнік пры вывучэнні словаўтваральнай сістэмы мовы, структуры слоў, іх правапісу.

А.​А.​Лукашанец.

т. 10, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЛЬНЫ СЛО́ЎНІК,

лінгвістычны даведнік, што тлумачыць або перакладае толькі тую лексіку, якой адрозніваюцца слоўнікавыя склады 2 блізкароднасных моў або слоўнікі адной і той жа мовы. Першыя Д.с. бел. мовы — «Слоўнік беларускай мовы» І.​І.​Насовіча (1870) і рукапісны «Беларускі слоўнік» С.​Мядзведскага (1910), якія перакладалі на рус. мову тыя бел. словы, што лексічна і семантычна адрозніваліся ад адпаведных рус. слоў. Падобны двухмоўны Д.с. — слоўнікавы дадатак «Кароткі дыферэнцыяльны руска-беларускі слоўнік» да практычнага дапаможніка «Беларуская мова для небеларусаў» А.​А.​Крывіцкага, А.​Я.​Міхневіча, А.​І.​Паддужнага (1973).

Існуюць і інш. разнавіднасці Д.с.: дыферэнцыяльна-дыялектныя або абласныя даведнікі (у адрозненне ад поўных дыялектных слоўнікаў уключаюць толькі тыя дыялектызмы, якімі дадзеная гаворка або група гаворак адрозніваюцца ад слоўнікавага складу літ. мовы, напр., «Краёвы слоўнік Чэрвеньшчыны» М.​В.​Шатэрніка, 1929, «Слоўнік Гродзенскай вобласці» Т.​П.​Сцяшковіч, 1983); дыялектныя даведнікі, што ўводзяць у навук. ўжытак упершыню лексікаграфічна зафіксаваныя лексічныя і фразеалагічныя адзінкі, якія адсутнічалі ў папярэдніх рэгіянальных слоўніках (напр., «З народнай фразеалогіі: Дыферэнцыяльны слоўнік» І.​Я.​Лепешава, 1991). Асобныя даследчыкі (Крывіцкі, Г.​А.​Цыхун) вылучаюць змяшаны (дыферэнцыяльна поўны) тып дыялектнага слоўніка.

Літ.:

Норман Б.Ю. Гипотеза Сэпира-Уорфа и белорусско-русский дифференциально-семантический словарь // Актуальные проблемы лексикологии. Мн., 1970.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 6, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМО́НІМАЎ СЛО́ЎНІК,

аспектны даведнік, які апісвае пары і групы амонімаў. У артыкулах амонімаў слоўніка падаюцца семантычныя, граматычныя, спалучальныя, стылістычныя і інш. адрозненні паміж словамі ў аднолькавых парах і групах амонімаў (у адрозненне ад інш. слоўнікаў, дзе загаловачнае слова-амонім толькі пазначаецца надрадковай арабскай лічбай). Напр., «Слоўнік амонімаў беларускай мовы» В.​Дз.​Старычонка (1991) змяшчае 1265 аманімічных пар і груп слоў у асн. частцы і больш як 750 у раздзеле «Субстантыўная аманімія». Для практычнага вырашэння праблем міжмоўнай аманіі (і параніміі) створаны спец. слоўнік дыферэнцыяльнага тыпу: «Кароткі дыферэнцыяльны руска-беларускі слоўнік» у кн. «Беларуская мова для небеларусаў» А.​А.​Крывіцкага, А.​Я.​Міхневіча і А.​І.​Падлужнага (3-е выд., 1990), «Міжмоўныя амонімы і паронімы. Спроба руска-беларускага слоўніка» С.​М.​Грабчыкава (1980), «Беларуска-рускі паралексічны слоўнік-даведнік» (1985) і інш.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 1, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМАТЫ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,

1) аспектны даведнік, асноўнай мэтай якога з’яўляецца апісанне граматычных (фармальных і зместавых) уласцівасцей рознаўзроўневых моўных адзінак. Падзяляюцца на наступныя тыпы. Марфемныя слоўнікі падаюць марфемную будову слоў («Марфемны слоўнік беларускай мовы» А.​М.​Бардовіча, Л.​М.​Шакуна, 2 выд., Мн., 1989); змяшчаюць вычарпальны пералік марфем, уласцівых пэўнай мове («Слоўнік марфем рускай мовы» А.​І.​Кузняцовай, Т.​Ф.​Яфрэмавай, М., 1986); адлюстроўваюць прадуктыўнасць (частотнасць) марфем і іх спалучальнасць («Марфемная дыстрыбуцыя ў беларускай мове: Дзеяслоў» В.​У.​Мартынава, П.​П.​Шубы, М.​І.​Ярмаш, Мн., 1967). Лексічныя даведнікі граматычнага характару апісваюць словы пэўных часцін мовы з паказам семантычных і грамат. адносін паміж рознымі формамі аднаго і таго ж рэестравага слова («Рускі дзеяслоў і яго дзеепрыметныя формы: Тлумачальна-граматычны слоўнік» І.​К.​Сазонавай, М., 1989); тлумачаць словы службовых часцін мовы шляхам падачы да кожнага рэестравага слова пераліку агульных семантыка-сінтаксічных функцый, якія выконваюцца гэтым словам у сказе («Тлумачальны слоўнік беларускіх прыназоўнікаў» П.​П.​Шубы, Мн., 1993). Сінтаксічныя слоўнікі змяшчаюць пералік сінтаксем пэўнай мовы з тэкставымі ілюстрацыямі да іх («Сінтаксічны слоўнік: Рэпертуар элементарных адзінак рускага сінтаксісу» Г.​А.​Золатавай, М., 1988). Стылістычныя даведнікі граматычнага характару падаюць пералік і частотнасць грамат. варыянтаў слоў і словазлучэнняў («Граматычная правільнасць рускага маўлення. Спроба частотна-стылістычнага слоўніка варыянтаў» Л.​К.​Граўдзінай, В.​А.​Іцковіча, Л.​П.​Катлінскай, М., 1976); тлумачаць і ілюструюць прыкладамі з тэкстаў адрозненні паміж варыянтнымі сінтаксічнымі канструкцыямі з аднолькавым апорным словам («Кіраванне ў беларускай і рускай мовах: Слоўнік-даведнік» Г.​У.​Арашонкавай, В.​П.​Лемцюговай, Мн., 1991). Граматычны слоўнік ўсіх тыпаў падаюць рэестравыя адзінкі ў прамым алфавітным парадку.

2) Аспектны даведнік па словазмяненні пэўнай мовы, у якім рэестравыя словы падаюцца ў адваротным алфавітным парадку (гл. Адваротны слоўнік), што дазваляе змяшчаць побач вял. масівы слоў з аднолькавым ці падобным тыпам словазмянення; да кожнага рэестравага слова змяшчаецца поўны набор звестак аб словазмяняльных формах («Граматычны слоўнік рускай мовы. Словазмяненне» А.​А.​Залізняка, 3 выд., М., 1987).

В.​К.​Шчэрбін.

т. 5, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАРЫ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,

1) слоўнік эвалюцыі лексікі пэўнай мовы, які паказвае змены ў семантыцы і словаўтваральнай структуры рэестравых слоў ад моманту іх з’яўлення ў мове (што збліжае яго з этымалагічным слоўнікам) да часу іх поўнага ці частковага выхаду з ужытку. Ахоплівае ўсю пісьмова-засведчаную лексіку пэўнай мовы на працягу яе пісьмовай гісторыі і падае абавязковую тэкставую ілюстрацыю для кожнага рэестравага слова: напр., «Новы гістарычны слоўнік англійскай мовы» (т. 1—13, 1928; т. 1—20, 2-е выд. 1989).

2) Слоўнік, які дае гарызантальны зрэз лексікі пэўнай мовы, змяшчае разнастайныя звесткі (дэфініцыі, цытаты-ілюстрацыі, варыянты напісання, формы словазмянення, спалучальнасць і інш.) аб словах, што выкарыстоўваліся ў храналагічна дакладна вызначаны перыяд развіцця гэтай мовы. Вылучаюцца: агульнафілалагічныя, тэзаўруснага тыпу, гістарычныя слоўнікі (напр., «Гістарычны слоўнік беларускай мовы», вып. 1—14, 1982—96, выданне працягваецца; створаны на аснове бел. пісьмовых помнікаў 14—18 ст.); аспектныя гістарычныя слоўнікі, найб. стараж. — слоўнікі-анамастыконы, слоўнікі-сімволікі, т.зв. прыточнікі, слав.-бел. ці старабел. лексіконы (напр., «Лексіс» Л.​Зізанія, 1596; «Лексіконъ славенороскій и именъ тлъкованіе» П.​Бярынды, 1627, і інш.). У залежнасці ад прынцыпу адбору лексікі аспектныя гістарычныя слоўнікі падзяляюцца на слоўнікі мовы аднаго помніка (напр., слоўнікавы дадатак да «Рускай праўды», 1930, складзены Я.​Ф.​Карскім); слоўнікі мовы пісьмовых помнікаў пэўнага жанру (напр., «Слоўнік старажытнай актавай мовы Паўночна-Заходняга краю і Царства Польскага» М.​І.​Гарбачэўскага, 1874); акцэнталагічныя гістарычныя слоўнікі («Акцэнталагічны слоўнік старажытнарускай мовы XIV стагоддзя» В.​Я.​Ушакова, 1982); гістарычныя слоўнікі запазычанняў (напр., «Даўнія запазычанні беларускай мовы» А.​М.​Булыкі, 1972) і інш. У некаторых выпадках да аспектных гістарычных слоўнікаў адносяць слоўнікі мовы пісьменніка (напр., «Слоўнік мовы Скарыны» У.​В.​Анічэнкі, т. 1—3, 1977—94) і тэрміналагічныя слоўнікі (напр., «Даведачны слоўнік юрыдычных тэрмінаў старажытнай актавай мовы Паўднёва-Заходняй Расіі» І.​П.​Навіцкага, 1871—72).

Літ.:

Старабеларускія лексіконы /Склад. А.​А.​Яскевіч. Мн., 1992.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 5, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

паралексічны слоўнік

т. 12, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

паронімаў слоўнік

т. 12, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)