АДНАЗНА́ЧНАСЦЬ СЛО́ВА,

тое, што монасемія.

т. 1, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНАГАЗНА́ЧНАСЦЬ СЛО́ВА,

тое, што полісемія.

т. 10, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЛАДА́НАЕ СЛО́ВА, кампозіт,

слова, утворанае шляхам злучэння двух ці некалькіх слоў або ўтваральных асноў (гл. Словаскладанне). Асновы злучаюцца інтэрфіксамі — галоснымі «а», «о», «е», «я» («вадохрышча», «глыбокапаважаны», «палявод») або непасрэдна («двухмесны», «сабекошт»). Шырока прадстаўлены сярод назоўнікаў і прыметнікаў, радзей — сярод дзеясловаў і прыслоўяў. Адносіны паміж кампанентамі С.с. суадносныя са злучальнымі («беларуска-нямецкі») або падпарадкавальнымі («дрэваапрацоўка») адносінамі ў свабодных сінтакс. словазлучэннях. Шматскладовыя С.с. могуць мець дадатковы націск («рыбало́ў», але «ле́санарыхто́ўшчык»). Да С.с. адносяцца і падваенні («сіні-сіні», «ледзь-ледзь»).

Літ.:

Шакун Л.М. Словаўтварэнне. Мн., 1978;

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 14, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РО́ДНАЕ СЛО́ВА»,

навукова-метадычны ілюстраваны часопіс. Выдаецца з 1988 у Мінску на бел. мове штомесячна. Да 1992 наз. «Беларуская мова і літаратура ў школе». Асвятляе пытанні літ., мовазнаўчай і культуралагічнай адукацыі ў сярэдняй школе і ВНУ. Змяшчае матэрыялы па гісторыі нац. культуры, пра сучасны літ. працэс, лінгвіст. праблемы, міжмоўныя сувязі, адметнасць бел. мовы. У раздзелах «Філалогія», «Методыка і вопыт», «На ростанях», «Калі закончыўся ўрок», «Культура Беларусі» і інш. адлюстроўвае шляхі развіцця нац. школы, пед. майстэрства бел. славеснікаў, дасягненні філал. навукі, узаемасувязь л-ры, мовы, выяўл. мастацтва, музыкі, т-ра і кіно, дзейнасць літ. музеяў і інш. Друкуе творчыя партрэты бел. мовазнаўцаў, літаратараў і дзеячаў культуры, архіўныя дакументы, звязаныя з іх дзейнасцю. Адзначае юбілеі дзеячаў культуры, публікуе паэт. і вакальныя творы, рэцэнзіі на філал., культуралагічныя і пед.-метадычныя выданні.

М.​М.​Шавыркін.

Вокладка часопіса «Роднае слова».

т. 13, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАРО́ДНАЕ СЛО́ВА»,

грамадска-паліт. газета, орган Віцебскага абл. Савета дэпутатаў і выканкома. Выходзіць з 4.1.1991 у Віцебску на бел. і рус. мовах 3 разы на тыдзень. Асвятляе грамадска-паліт., эканам. і культ. жыццё Віцебска і вобласці. Друкуе матэрыялы на тэмы маралі, асвятляе вострыя сац. з’явы ў грамадстве, рэформы ў галіне эканомікі.

т. 11, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЕ СЛО́ВА»,

газета. Выдавалася ў 1943—44 у Віцебску (друкавалася ў Дзвінску) на бел. мове пад кантролем герм. акупац. улад. Выходзіла 2—3 разы ў месяц. Асноўны змест газеты — інфармацыя аб падзеях на франтах, міжнар. адносінах, пытанні гісторыі Беларусі, нац.-культ. жыцця, адукацыі. Друкавала тэатр. рэцэнзіі, крытычныя агляды бел. л-ры, метадычныя рэкамендацыі для настаўнікаў, маст. творы бел. аўтараў. Выйшаў не менш як 61 нумар.

С.​У.​Жумар.

т. 2, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НА́ША СЛО́ВА»,

грамадска-асветная газета. Выдавалася з сак. 1990 на бел. мове Т-вам бел. мовы імя Ф.​Скарыны ў Мінску як штомесячны бюлетэнь, са студз. 1991 да крас. 1997 — штотыднёвая газета. Змяшчала інфарм., публіцыстычныя, гіст., палемічныя, агітац. і мовазнаўчыя матэрыялы па праблемах бел. мовы і культуры. З ліст. 1997 выходзіць у Лідзе на бел. мове як прыватная штотыднёвая газета для дзяцей старэйшага ўзросту. Друкуе пераважна агітац., інфарм. і мовазнаўчыя матэрыялы.

У.​У.​Панада.

т. 11, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЕ СЛО́ВА»,

штотыднёвая грамадска-палітычная і літаратурная газета ў Зах. Беларусі. Выдавалася з 3.2.1926 да 9.2.1928 у Вільні на бел. мове. Выдавец — Часовая бел. рада, з № 20 за 1926 — Бел. нац. рада. У праграмных артыкулах заяўляла пра нац. адраджэнне, тэрытарыяльную і культ.-нац. аўтаномію Беларусі, перадачу зямлі сялянам, шырокі дэмакратызм, нац. царкву, барацьбу з камунізмам і далучэнне Усх. Беларусі да Заходняй. Асвятляла пытанні бел. школьніцтва, працаўладкавання бел. інтэлігенцыі, зямельнай справы і інш. Крытыкавала праграмы Бел. сялянска-работніцкай грамады, Бел. сялянскага саюза, Бел. хрысціянскай дэмакратыі. Выйшлі 74 нумары.

В.​І.​Дзяшко.

т. 2, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЕ СЛО́ВА»,

штодзённая паліт., літ. і эканам. газета. Орган Гродзенскага бел. нац. к-та, з 23.11.1920 — Цэнтр. бел. нац. к-та. Выдавалася з 2.10.1920 да 7.1.1921 у Гродне на бел. мове. Інфармавала пра падзеі на Беларусі, у Польшчы, міжнар. падзеі. Паліт. жыццё асвятляла з пазіцый барацьбы за нац. вызваленне бел. народа, у гэтай сувязі палемізавала з польск. афіц. прэсай. Крытыкавала палітыку нац. ўціску ў Польшчы: зняволенне ў турмы бел. інтэлігенцыі, рабункі і фізічныя пакаранні сялян польск. салдатамі, надзяленне бел. і ўкр. землямі польск. вайскоўцаў, праследаванні бел. настаўнікаў, паланізацыю школы. Асвятляла сац.-паліт. жыццё ў СССР і БССР. Выйшла 78 нумароў.

А.​М.​Пяткевіч.

т. 2, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВАБО́ДА СЛО́ВА,

адно з асн. асабістых правоў чалавека і паліт. правоў грамадзян, састаўная частка больш агульнага права, якое атрымала назву «свабода інфармацыі». Уяўляе сабой магчымасць публічна (вусна, у пісьмовай форме, з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі) выказваць сваё меркаванне (думкі). Заканадаўства і суд. практыка ў дэмакр. краінах выпрацавалі сістэму абмежаванняў С.с. і карыстання інфармацыяй з мэтай не дапускаць злоўжывання імі і абароны гонару і годнасці грамадзян. Забараняецца выкарыстанне С.с. для заклікаў да гвалтоўнага звяржэння законнай дзярж. улады, выдавання дзярж. і інш. тайнаў, якія ахоўваюцца законам, для падбухторвання да ўчынення злачынстваў, для распальвання нац., расавай, рэліг. і інш. варожасці, абраз і паклёпаў на інш. асоб, пасяганне на грамадскую мараль. Пералік абмежаванняў на С.с. можа быць пашыраны ў перыяд дзеяння рэжымаў надзвычайнага і ваен. становішча. У Рэспубліцы Беларусь С.с. і права на атрыманне і распаўсюджванне інфармацыі замацаваны ў арт. 34 Канстытуцыі. Манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай, грамадскімі аб’яднаннямі або асобнымі грамадзянамі, а таксама цэнзура не дапускаюцца. Гл. таксама Галоснасць, Інфармацыя.

І.​І.​Катляр.

т. 14, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)