Знойдзены ў 1977 у в.Вял. Сяло Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. Ухаваны ў канцы 1610-х г. Складаўся з 321 сярэбранай і білоннай манеты канца 15 — пач. 17 ст.ВКЛ, Польшчы, Рэчы Паспалітай, Венгрыі, Расіі, Прусіі і інш. дзяржаў. Скарб зберагаецца ў нумізматычным кабінеце БДУ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАДРУ́ЦКІ СКАРБ,
манетны скарб, знойдзены ў 1893 на беразе Дняпра каля в. Задруцце Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. Ухаваны ў 13 ст. У гліняным гаршку знаходзілася 89 цэлых і 3 фрагменты сярэбраных грыўняў-зліткаў 13 ст. агульнай масай 14,5 кг. Імператарская археал. камісія (Пецярбург) размеркавала знаходку паміж музеямі Расіі, Германіі, ЗША і распрадала прыватным асобам. 13 зліткаў у 1929 перададзены Эрмітажу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУ́СКІ СКАРБ.
Знойдзены ў г.п.Глуск у 1960 у збане з чырв. медзі. Ухаваны ў канцы 1750-х г. Вядома 760 сярэбраных і білонных манет 1587—1733 Рэчы Паспалітай, 1640—1786 Прусіі, 1611—54 Шведскай Прыбалтыкі. Асаблівую цікавасць маюць літ. шастак, выпушчаны ў 1706 Гродзенскім манетным дваром, і польскі шастак 1678(?) з кантрамаркай у выглядзе вензеля аднаго з князёў Патоцкіх. Часткова скарб захоўваецца ў Магілёўскім абл. краязнаўчым і Бабруйскім краязнаўчым музеях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯГЦЯ́НСКІ СКАРБ Знойдзены ў 1957 на ўскраіне в. Дзягцяны Капыльскага р-на Мінскай вобл. Ухаваны каля 1050. Складаўся з 21 фрагмента сярэбраных ювелірных вырабаў з дробным зярненнем і сканню, 320 дэнарыяў Англіі (10 экз.), Венгрыі (3), Герм. імперыі (165), Даніі (1), Чэхіі (123), нявызначаныя (4), імітэты манет Англіі (3) і Германіі (9), фрагменты куфіцкіх дырхемаў Арабскага халіфата (2). Па колькасці чэшскіх дэнарыяў скарб не мае аналагаў на тэр.Усх. Еўропы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ СКАРБ,
манетны скарб, знойдзены ў Віцебску ў 1926. У гліняным гаршку былі 792 грошы пражскія сярэдзіны 14 — пач. 15 ст. Сярод манет Вацлава IV [1378—1419] 2 экз. з кантрамаркай г. Аўгсбурга, 1 — Рэгенсбурга. Грош часоў праўлення Іржы Падэбрада [1458—71] — адзіная знаходка на тэр. Беларусі. Большая частка скарбу (767 манет, 2000 г) захоўвалася ў Віцебскім аддз.Бел.дзярж. музея, астатняя — у Бел.дзярж. музеі (г. Мінск). Пасля 1941 лёс скарбу невядомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІКО́ЎСКІ СКАРБ,
манетны скарб, знойдзены ў в. Лікоўка Гродзенскага р-на ў 1953. Ухаваны ў канцы 17 — сярэдзіне 18 ст. Адзін з буйнейшых скарбаў медных солідаў Яна II Казіміра Вазы. Захавалася 190 сярэбраных, 2 нізкапробнага серабра, 6636 медных (з іх 544 фальшывыя) манет. Гал. частку скарбу складаюць медныя соліды Рэчы Паспалітай: манеты ВКЛ 1660 (26 экз.), 1661 (299), 1663 (141), 1664 (314), 1665 (718), 1666 (1325), 166X (767), Каралеўства Польскага 1660 (137), 1661 (169), 1663 (382), 1664 (706), 1665 (432), 166X (651), з зацёртымі гербамі 166X (24). Захоўваецца ў Гродзенскім гіст.-археал. музеі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМУДАР’І́НСКІ СКАРБ.
Знойдзены ў 1877 на гарадзішчы Тахці-Кувад у вярхоўях р. Амудар’я на Пд Таджыкістана. Датуецца 5—4 ст. да н.э. Захавалася 178 залатых і сярэбраных прадметаў: аб’ёмныя фігуркі, посуд, рэльефныя рэчы, пласцінкі з адціснутымі выявамі, пярсцёнкі і пячаткі, бранзалеты, дробныя ўпрыгожанні, манета Ахеменідаў. Большасць рэчаў зроблена майстрамі Ахеменідскай дзяржавы і Бактрыі. Асобныя рэчы адлюстроўваюць традыцыі мідыйскага мастацтва, звярынага стылю стэпавых плямёнаў Еўразіі. Захоўваецца ў Брытанскім музеі і Музеі Вікторыі і Альберта ў Лондане.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́НКАВІЦКІ СКАРБ.
Знойдзены ў 1961 у г. Калінкавічы. Ухаваны ў 2-й пал. 17—1-й пал. 18 ст. У тканіне было загорнута больш за 2,5 тыс. манет, сярод якіх некалькі сярэбраных паўтаракаў Рэчы Паспалітай і герцагства Прусіі 1620-х г., медныя соліды Рэчы Паспалітай. Захавалася 2051 медная манета, у т. л. 78 фальшывых (падробкі солідаў ВКЛ і Каралеўства Польскага). Адна з найб. знаходак медных солідаў Яна II Казіміра Вазы. Захоўваецца ў Мазырскім краязнаўчым музеі, 513 манет скарбу перададзены ў музей мясц. школы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОВАЧАРКА́СКІ СКАРБ Выяўлены ў 1864 у пахавальным кургане Хахлач каля г. Новачаркаск (Расія). Датуецца 1—2 ст.н.э. Ювелірныя вырабы Н.с. належалі сармацкай царыцы. Сярод упрыгожанняў залатая дыядэма з выявамі аленяў, птушак і дрэў, аздобленая залатымі прывескамі, рознакаляровымі камянямі і жэмчугам, а таксама пагруднай выявай жанчыны з аметысту; залатыя каралі, бранзалеты, флаконы для духмяных рэчываў, кубкі, нашыўныя бляхі для адзення і інш. Усе знаходкі належаць да сармацкага мастацтва, у якім спалучаюцца скіфскі «звярыны стыль» і паліхромнае мастацтва. Вырабы розных ант. цэнтраў, у т. л. італійскіх, прадстаўлены залатой статуэткай Эрота, сярэбранымі і бронзавымі пасудзінамі і інш.