АРХІРЭ́ЙСКІЯ ШКО́ЛЫ, епархіяльныя школы,
ніжэйшыя агульнаадукацыйныя саслоўныя (пераважна для дзяцей святароў) навуч. ўстановы. Існавалі ў Расіі ў 1721—37. Выкладаліся: чытанне, граматыка, рэлігія, у некаторых школах — таксама арыфметыка, лац., грэч., славянская, стараж.-яўрэйская мовы. З 1737 паступова пераўтвораны ў духоўныя семінарыі.
Г.В.Сегянюк.
т. 1, с. 527
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
папае́здзіць, ‑езджу, ‑ездзілі, ‑ездзіць; зак.
Разм. Ездзіць доўга, неаднаразова. [Юра:] — Ох, і люблю я на конях ездзіць! Я як гасціў гэтым летам у дзядзькі Міхася, — .. дык і папаездзіў! Васілевіч. Дарогу на Нясвіж Мікола ведаў добра: за тры гады вучобы ў семінарыі ён тут папахадзіў і папаездзіў. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
семінары́ст, ‑а, М ‑сце, м.
1. Навучэнец семінарыі. У гэты час [вучобы ў настаўніцкай семінарыі] дапытлівы семінарыст [А. Я. Багдановіч] знаёміцца з нелегальнай літаратурай. «Полымя».
2. Чалавек, які закончыў семінарыю. Адзінокі, ужо не малады халасцяк-інтэлігент, вясковец па паходжанню, семінарыст па адукацыі, Мікола ўсе свае сілы аддаваў нацыянальна-вызваленчай барацьбе беларускага народа. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ЗРАЖЭ́ЎСКІ (Васіль Іванавіч) (20.4.1776—3.1.1837),
бел. архітэктар. Прадстаўнік класіцызму. Скончыў Пецярбургскую АН (1797). У 1805—12 Магілёўскі губ. архітэктар. Аўтар праектаў у Магілёве — астрога і дома для рэктара і прэфекта (тып гар. жылога дома; гл. Магілёўскай духоўнай семінарыі будынкі, 1808), мураваных цэркваў, у Мсціславе — Троіцкага сабора (каля 1810).
т. 7, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДА ЗЛУЧЭ́ННЯ»,
бел. рэліг. газета грэка-католікаў у Зах. Беларусі. Выдавалася ў 1932—37 у Вільні на бел. мове (рэдакцыя знаходзілася ў Слоніме, з 1934 — у Папскай духоўнай семінарыі ў г. Дубна Ровенскай вобл.). Друкавала хроніку рэліг. жыцця, Евангелле, артыкулы пра неабходнасць адраджэння уніі на Беларусі. Выйшла 60 нумароў.
Г.В.Бабкін.
т. 5, с. 556
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКАЕ РЭА́ЛЬНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА Засн. ў 1872 у г. Пінск на базе мужчынскай гімназіі; першае рэальнае вучылішча на Беларусі. Уваходзіла ў Віленскую навучальную акругу. Мела 7 класаў. На чале з дырэктарам працавалі 16 выкладчыкаў, 3 законанастаўнікі, інспектар. Выкладаліся рус., польск., ням. і франц. мовы, геаграфія, хімія, гісторыя, матэматыка, законазнаўства, касмаграфія, маляванне, чарчэнне, пач. ваен. навука, музыка, рамёствы, гімнастыка і інш. Выпускнікі мелі перавагу пры паступленні ў вышэйшыя тэхн. і с.-г. навуч. ўстановы, на фіз.-матэм. ф-ты ун-таў. Сярод выкладчыкаў былі выхаванцы вучылішча, выпускнікі Мінскай духоўнай семінарыі, Віленскага настаўніцкага ін-та, ун-таў Масквы, Юр’ева, Кіева, Лейпцыгскай філал. семінарыі і інш. У 1785 вучылася 185 юнакоў, у 1911—368. У 1915 вучылішча пераведзена ў Мазыр. У 1918 скасавана.
Літ.:
Краткий список учреждений и учебных заведений Виленского учебного округа на 1917 г. Могилев, 1917;
Памятная книжка Виленского учебного округа на 1911/1912 учеб. г. Вильна, 1912;
Пастухова З.А. Среднее образование в дореволюционной Белоруссии. Мн., 1963.
А.Ф.Самусік.
т. 12, с. 366
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІПРЫЯНО́ВІЧ (Рыгор Якаўлевіч) (1851, в. Крайск Лагойскага р-на Мінскай вобл. — пасля 1915),
царкоўны гісторык, педагог. Магістр багаслоўя (1873). Скончыў Літоўскую духоўную семінарыю, Пецярбургскую духоўную акадэмію (1869). Выкладаў у Літ. духоўнай семінарыі, Віленскай гімназіі і Віленскім жаночым вучылішчы духоўнага ведамства. Друкаваўся пераважна ў «Литовских епархиальных ведомостях». Аўтар прац, прысвечаных гісторыі праваслаўя, каталіцызму і уніяцтва ў Беларусі і Літве.
В.М.Чарапіца.
т. 8, с. 274
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРО́ЗКА (сапр. Бэта) Генрык, бел. святар. Родам з-пад Сухаволі Сакольскага пав. (Беласточчына). У 1920-я г. рэктар духоўнай семінарыі ў Ломжы. Папулярызаваў пчалярства, якое лічыў адным са сродкаў паляпшэння дабрабыту селяніна. У 1911 выдаў у Пецярбургу на бел. мове брашуру «Пчаліна — жывёлка малая, а карысці дае многа», у якой змясціў чарцяжы вулля, апісаў віды работ пчаляра ў залежнасці ад пораў года.
І.У.Саламевіч.
т. 3, с. 412
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЖЭ́ШКА (Арэшка) Фларыян
(Фларэнцій) Феліксавіч (1833, Кобрынскі пав. — 1905),
удзельнік паўстання 1863—64 на Беларусі. З роду Ажэшкаў. Скончыў Пецярбургскую медыка-хірург. акадэмію (1861). Уваходзіў у Кобрынскую паўстанцкую арг-цыю. У крас. 1863 уступіў у атрад Р.Траўгута, удзельнічаў у баях. Пасля разгрому атрада спрабаваў яго аднавіць. 5.7.1863 арыштаваны. У 1864 сасланы ў Томск. З 1878 23 гады працаваў урачом томскай турмы, потым урачом духоўнай семінарыі.
т. 1, с. 149
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫРО́ВІЦКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР.
Існаваў у сярэдзіне 18 ст. пры базыльянскай семінарыі ў мяст. Жыровічы (цяпер вёска ў Слонімскім р-не Гродзенскай вобл.). Пастаўленыя ў ім драмы на лац. і польск. мовах з бел. інтэрмедыямі карысталіся папулярнасцю ў гледачоў. Вядома пра пастаноўкі ў тэатры лац. трагедыі «Цыцэрон» С.Навіцкага з музыкай мясц. кампазітара Б.Згіроўскага (1752), польска-бел. уніяцкай інтэрмедыі «Сляпы, кульгавы, потым пан і селянін» (1751) і інш.
т. 6, с. 472
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)