струхле́ць, ‑ее; зак.
Стаць трухлявым, ператварыцца ў парахню; сатлець, згніць. [Дзядзька:] — А вось наша хата адно што ліпіць. Як скажуць у сяло пераносіць то хоць плач. Палавіну дакладу трэба, па самыя вокны ўсё струхлела. Дамашэвіч. Паркан за гады струхлеў, хістаўся ад ветру, і Платон узяўся ставіць новы. Ракітны. Залатыя паляны пачарнелі, апалае лісце струхлела і ўжо не шамацела пад нагамі. Хомчанка. // перан. Страціць жыццёвасць. Стары свет дашчэнту прагніў, струхлеў. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спра́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. спрах, ‑ла; зак.
Сатлець, збуцвець, ператварыцца ў парахню. Папера спрахла. / у перан. ужыв. Нібы ў сне, прадчуваючы, як зараз канчаткова рухне і спрахне ягонае жыццё, Рыбак пераступіў парог і ўпёрся позіркам у магутную печ-галанку. Быкаў.
•••
Каб ты (ён, яна і пад.) спрах — ужываецца як праклён, вырашэнне крайняй незадаволенасці кім‑, чым‑н. — Цьфу, каб ты спрах, — вылаяўся Тульба. Радкевіч. [Лявон:] — Толькі, от каб яно спрахла, дзе тая паперка? Гроднеў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перагарэ́ць, ‑ры́ць; зак.
1. Сапсавацца ад доўгага гарэння, моцнага награвання. Лямпачка перагарэла. // Згарэўшы ў якім‑н. месцы, распасціся на часткі. Нітка перагарэла.
2. Згарэўшы, ператварыцца ў попел; згарэць поўнасцю. Вуголле перагарэла.
3. Сатлець, сапрэць. Гной перагарэў. // Знікнуць, прапасці ў выніку застою і пад. (пра малако ў жанчын і некаторых млекакормячых). Табе нельга хвалявацца, — паўшчувала яе бабка — Ціткова Рыпіна, — а то малако перагарыць. Чыгрынаў. Старшы тут над усімі, памяркоўны стары, гаварыў: — Папсаваўся статак. Малако перагарэла. А такія малочныя былі каровы... Няхай.
4. перан. Знікнуць, прайсці, прытупіцца (аб пачуццях, перажываннях і пад.). Гнеў перагарэў. □ Не варта абуджаць у сэрцы тое, што перагарэла, адышло і пакінула толькі пачуццё жалю аб незваротным. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)