дубро́ва, ‑ы, ж.

Невялікі лісцевы лес; гай. Дарога вілася між густых дуброў, але часта насустрач нам нечакана выбягаў малады сасоннік. Хведаровіч. Праз дарогу цягнуліся калгасныя палеткі, дзе-нідзе перарэзаныя невялікімі бярозавымі пералескамі ці дубровамі. Шчарбатаў. // Дубовы лес. Дубнячок, што некалі.. ледзь дасягаў чалавечага росту, цяпер .. стаў суцэльнай дубровай. Ракітны. Усё ж шыракалістыя пароды сустракаюцца, а месцамі нават утвараюць невялікія дубовыя ляскі, так званыя дубровы. Гавеман.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крыжня́к Сасоннік паміж дзвюх дарог (Карм. Зап. Аддз. гум. н., кн. II БАН. Працы 11, 1930, 420).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

падгаёк Невялікі малады сасоннік на краю лесу (Ст.-дар.).

□ ур. Падгайкі́ Малы́е (лес) каля в. Пасека Ст.-дар.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Дубро́ва ’дуброва’ (БРС, Бяльк.). У Яшкіна дубро́ва ’дубовы лес, гай’, ’лісцевы лес, мяшаны лес’, ’бярэзнік’, ’сасоннік, хваёвы лес’, ’трава, якая расце ў лесе або від кармавых траў’, ’балота’. Падрабязны агляд семантыкі слова гл. у Талстога, Геогр., 44–48; гл. яшчэ Трубачоў, Эт. сл., 5, 93–94 (з вялікай літ-рай). Прасл. форма рэканструюецца як *dǫbrava, *dǫbrova (лексема вядома ва ўсіх слав. мовах). Звычайна слова звязваецца з *dǫbъ, але гл. удакладненні ў Трубачова (сувязь з *dǫbъ мае больш шырокую семантычную аснову). Гл. яшчэ Фасмер, 1, 548.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

схіл, ‑у, м.

1. Нахіленая паверхня чаго‑н.; пакаты спуск. Схіл узвышша. Схіл даху. □ Па крутых схілах рова калісьці рос каржакаваты альшэўнік. Асіпенка. На гару ўзышоў Андрэй пясчанай дарожкай праз малады густы сасоннік, які вырас на схілах за час вайны. Пестрак.

2. перан. Канец. Прыгадаем паэтычны малюнак схілу лета, стылістыка якога вызначаецца вобразнасцю, істотна ўдаленай ад стыхіі чыста сялянскага жыцця, светабачання. Навуменка. З нарады аграном дамоў На схіле дня вяртаўся. Прануза. Гадоў, што скронь мне пабялілі, Жыцця, што йдзе на схіл сягоння, Мне зор гарачых не зацьмілі Туманы, ўзнікшыя на ўлонні. Буйло.

•••

На схіле дзён (гадоў, год) — у старасці, пры набліжэнні старасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Мярэча ’буралом і гушчыня лесу, праз якія цяжка прайсці’ (Мядзв., Касп.; крый., слаўг., Яшк.), паўн.-усх. мірэчча, слаўг. мярэчча (Яшк.), ’непралазнае балота’ (Бяльк.), ’цяжкапераходнае месца’ (Мат. Маг.), смал. мярэча ’рэдкі сасоннік на імшары’ (Максімаў), мерэч ’гушчар’ (ТС), чарніг.-сумск. палес. мереч, мяреча, мяреччя ’густы зараснік’, ’густыя кусты ў балоцістай нізіне’, ’непраходны лес’, хмероча, хмернеча ’густы цёмны лес на забалочанай нізіне’, арл. меречь ’грузкае балоцістае месца з драбналессем’; польск. mrocz ’змрок, цемра’ і інш. Да прасл. тогкъ, merkia, роднаснымі да якіх будуць літ. merkti, sumarkyti, лат. merkt, mėrcet ’мачыць, намочваць’, märks ’сажалка на лузе’, гальск. εμβρεκτον ’намочаны кавалак ежы’, лац. marcidus ’вялы, слабы’ (Траўтман, 182; Мюленбах-Эндзелін, 2, 584 і 619; Патабня, РФВ, 3, 99; Брукнер, KZ, 45, 103; Фасмер, 2, 602–603).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

лес / на вялікім абшары: пушча / на вялікім абшары ў Сібіры, пераважна хвойны: тайга / малады лісцевы: гай / хваёвы: бор, сасняк, сасоннік, хвойнік / яловы: ельнік / дубовы: дуброва, дубняк / бярозавы: бярэзнік / асінавы: асіннік / альховы: алешнік

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

хво́йнік

1. Сасновы лес, сасоннік (БРС). Тое ж хвоя (Глуск. Янк. I, Жытк.), хвайня́к (Ветк., Кузн. Касп.), хваі́на, хвоя (Маг. губ. вед., 1854, № 49, 884, Палессе Талст.).

2. Зараснік хвоі, ельнік (Крыч., Лёзн., Нясв., Слаўг., Ст.-дар.). Тое ж хвайня́к (Ветк., Слаўг.), цёмны ле́с (Арш., Гор., Сен., Чав. пав. Дэмб., т. 2, 1884. Карта Могил. губ. почв и лесов).

3. Сасновы і яловы лес (Ветк., Ст.-дар., Стаўбц., Хойн.).

□ ст. Цёмны Лес Гор.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

дубро́ва

1. Дубовы лес, гай (БРС). Тое ж дуброўкі, дуброўнае месца (Слаўг.).

2. Лісцёвы лес (Зах. і Усх. Палессе Талст., Ст.-дар.).

3. Змешаны лес (Краснап. Бяльк., Крыч., Сал.).

4. Бярэзнік (Смарг.).

5. Сасоннік, хваёвы лес (Ст.-дар.). Тое ж дуброўка (Краснап. Бяльк.).

6. Трава, якая расце ў лесе або від кармавых траў (Цэнтр. Палессе Талст.).

7. Балота (Уш.).

□ ур. Белая Дуброва (поле) каля в. Прудок Слаўг., ур. Дуброва (хваёвы лес) каля в. Пасека Ст.-дар.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Сон 1 ‘спанне’, ‘тое, што сніцца’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Бяльк., Сл. ПЗБ). Параўн. укр., рус. сон, польск., чэш., славац. sen, в.-луж. són, н.-луж. són, славен. sën, серб.-харв. са̏н, балг. сън, макед. сон, ст.-слав. сънъ. Прасл. *sъnъ з *sъpnъ, роднаснага спаць (гл.). Роднасныя: літ. sãpnas ‘сон; тое, што сніцца’, лат. sapnis ‘тое, што сніцца’, ст.-інд. svápnas ‘сон; тое, што сніцца’, лац. somnus ‘сон’. Гл. Фасмер, 3, 716–713 з літ-рай; Махэк₂, 541; Шустар-Шэўц (1334); Глухак, 540.

Сон 2 ‘травяністая расліна з вялікімі ліловымі кветкамі-званкамі, якая цвіце рана ўвесну’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк., Мат. Гом., Жыв. сл., Сл. ПЗБ, ТС), ‘розныя віды расліны Pulsatilla L.’ (Кіс., Меер Крыч.), сон-трава ‘расліна сон’ (Байк. і Некр., Касп., Нар. лекс., Кіс.), сонь ‘тс’ (Сл. ПЗБ), со́нчык ‘тс’ (гродз., Кіс., Сл. ПЗБ), сасо́ннік ‘тс’ (Шат.), бабі́н сон ‘расліна Crocus Heuffelianus Herb.’ (Бейл.). Укр. сон, сон‑зі́лля, сон-трава́ ‘расліны Anemone pulsatilla L. і Anemone pratensis L.’, рус. сон, сон‑дре́ма ‘расліна Pulsatilla palena, сон’, таксама сон, сон-трава́ ‘расліна Atrapa belladonna’. Назвы раслін у іншых славянскіх мовах: польск. sasanka, ст.-польск. sesenki, sasenki, sesanki, чэш., славац. sasanka ‘анемона’, серб.-харв. са́са ‘тс’, балг. са́са́н, съ́сън ‘анемона’ і ‘пралеска, Hepatica triloba’, дыял. съса́нка, саса́нка ‘анемона’. Этымалогія няпэўная. Дурыданаў (Зб. Лер-Сплавінскаму, 81 і наст.) славянскія словы лічыць звязанымі з ст.-егіп. s‑šš‑n ‘лотас’, араб. susan ‘лілія’, тат. susan ‘касач’. Яны былі запазычаны з ст.-грэч. σουσον ‘лілія’ і ў праславянскай набылі формы *sъsъnъ, *sъsьnъ або *sъsenъ. Пасля вакалізацыі ераў паводле народнай этымалогіі былі звязаны з *sъnъ ‘сон’, што не беспадстаўна, таму што некаторыя віды раслін, напрыклад Pulsatilla patens L., у беларускай народнай медыцыне ўжываюцца як заспакаяльны і снатворны сродак (гл. Лекарственные растения и их применение. Минск, 1976, 482), а ў Сафійскім краі ў Балгарыі кветкі расліны кладуць у калыску дзецям. Іншая версія звязана з тым, што расліны роду Anemone у час дажджу і ноччу закрываюць кветкі, што звешваюцца ўніз (нібы спяць), гл. Краўчук, БЛ, 6, 66–67. Ва ўсходнеславянскіх мовах слова, відаць, было поўнасцю атаясамлена з сон 1. Гл. яшчэ Махэк₂, 537–538; ЕСУМ, 5, 352.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)