ГЕ́НДЭЛЬ ((Händel) Георг Фрыдрых) (23.2.1685, г. Гале, Германія — 14.4.1759),

ням. і англ. кампазітар, арганіст, дырыжор. Музыку вывучаў у Гале. У 1702 вучыўся ў ун-це і працаваў арганістам у гальскім саборы. З 1703 скрыпач, клавесініст і кампазітар Гамбургскай оперы. У 1706—10 удасканальваўся ў Італіі, выступаў як віртуоз-арганіст, клавесініст. У 1710—16 прыдворны капельмайстар у Гановеры (Германія). З 1712 жыў пераважна ў Лондане, з 1720 узначальваў Каралеўскую акадэмію музыкі. Пастаноўкі опер «Агрыпіна» (1709, Венецыя) і «Рынальда» (1711, Лондан) замацавалі за ім славу аднаго з буйнейшых оперных кампазітараў Еўропы. З канца 1730-х г. пісаў пераважна араторыі (найб. вядомыя «Ізраіль у Егіпце», 1739; «Месія», 1742; «Іуда Макавей», 1747). Працуючы над апошняй араторыяй «Іеўфай» (1752), страціў зрок, аднак да апошніх дзён рыхтаваў свае творы да друку. Гендэль стварыў новы тып вак.-інстр. твораў, якія спалучаюць у сабе маштабнасць (магутныя хары) і строгую архітэктанічнасць. Яго творам уласцівы манум.-гераічны стыль, аптымістычны, жыццесцвярджальны пачатак, які гарманічна аб’ядноўвае ў адно цэлае героіку, эпіку, лірыку, трагедыйнасць, пастаральнасць. Як драматург ён імкнуўся да стварэння муз. драмы ў рамках оперы і араторыі, шляхам кантрастнага супастаўлення драматургічных пластоў дасягаў напружанага развіцця дзеяння. Мастак эпохі Асветніцтва, Гендэль абагульніў дасягненні муз. барока, прадвызначыў шляхі да муз. класіцызму. Яго творчасць значна паўплывала на І.​Гайдна, В.​А.​Моцарта, Л.​Бетховена, М.​Глінку, а араторыі паслужылі ўзорамі для рэфарматарскіх опер К.​В.​Глюка. У розных краінах засн. Гендэлеўскія т-вы. У 1986 у г. Карлсруэ створана Міжнар. Гендэлеўская акадэмія. Сярод твораў: 46 опер, у т. л. «Зменлівасць царскага лёсу, або Альміра, каралева Кастыльская» (1705), «Амадыс» (1715), «Радаміст» (1720), «Юлій Цэзар», «Тамерлан» (абедзве 1724), «Радэлінда» (1725), «Адмет» (1727), «Партэнопа» (1730), «Пор» (1731), «Аэцый» (1732), «Раланд» (1733), «Арыядант», «Альцына» (абедзве 1735), «Ксеркс» (1738), «Дэідамія» (1741); 32 араторыі, у т. л. «Трыумф Часу і Праўды» (1707), «Ацыс і Галатэя» (1732), «Эсфір» (1720), «Гафалія» («Аталія», 1733), «Саул» (1739), «Самсон» (1743), «Тэадора» (1750); каля 100 кантат (1707—09, 1740—59); царкоўная музыка, у т. л. Te Deum (5), антэмы, псалмы; аркестравая музыка: 18 Concerti grossi; для інструментаў з арк., у т. л. 20 арганных, 3 для габоя, для валторны; уверцюры, сюіты для выканання на вольным паветры («Музыка феерверка», 1749, і інш.); трыо-санаты, санаты для клавіра; вак. дуэты і тэрцэты; песні, арыі; музыка да драм. спектакляў і інш.

Літ. тв.: Werke. Bd. 1—100. Leipzig, 1858—94.

Літ.:

Роллан Р. Гендель // Роллан Р. Музыкально-историческое наследие: Пер. с фр. М., 1987. Вып. 2;

Проблемы музыкального стиля И.​С.​Баха, Г.​Ф.​Генделя. М., 1985;

Chrysander F. G.F.Händel. Bd. 1—3. 2. Aufl. Leipzig, 1919;

Lang P.H. G.F.Handel. New York, 1966;

Siegmund-Schultze W. G.F.Händel. 4. Aufl. Leipzig, 1980.

Г.Ф.Гендэль. З мініяцюры Плецьера. 1710-я г.

т. 5, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІМАЛІСТЫ́ЧНЫ ЖАНР (ад лац. animal жывёла),

жанр выяўленчага мастацтва і літаратуры, творы якога адлюстроўваюць жывёльны свет; спалучае прыродазнаўчую і маст. аснову. У выяўленчым мастацтве пашыраны ва ўсіх відах: жывапісе, скульптуры, графіцы, дэкар. мастацтве.

Прыкметы анімалістычнага жанру мае першабытнае мастацтва: малюнкі жывёл на сценах пячор, дробная пластыка. У 1-м тыс. да н.э. ў мастацтве скіфаў склаўся т.зв. «звярыны стыль». У Стараж. Егіпце сімвалічныя манум. вобразы жывёл. Анімалістычны кампанент сустракаецца ў ант. скульптуры, мазаіках і вазапісе; пашыраны ў рэльефах, мініяцюрах і станковых кампазіцыях Кітая (7—13 ст.), рэльефах Індыі (7 ст.), мазаіках, фрэсках і ўжытковым мастацтве Ірака, Сірыі і Палесціны (8—9 ст.). У еўрап. мастацтве Адраджэння практыкаваліся натурныя замалёўкі жывёл, іх выявы сустракаюцца ў фрэсках і станковых карцінах Пізанела, Леанарда да Вінчы, А.​Дзюрэра; найб. яскрава праявіўся ў жывапісе Галандыі. Сярод анімалістаў 17—18 ст. А.​Кёйп, П.​Потэр (Галандыя), Ф.​Снайдэрс, Я.​Фейт (Фландрыя), Ж.​Б.​Удры (Францыя), І.​Ф.​Грост (Расія), Маруяма Окія (Японія). У 19—20 ст. у анімалістычным жанры заявілі пра сябе К.​Труаён, А.​Л.​Бары (Францыя), Ф.​Марк, А.​Гаўль (Германія), Б.​Лільефорс (Швецыя), К.​Томсен (Данія), А.​Сцяпанаў, П.​Клот, Я.​А.​Лансерэ, В.​Ватагін (Расія), Моры Сосэн (Японія), Сюй Бэй-Хун (Кітай).

На Беларусі стылізаваныя выявы жывёл сустракаюцца ў мегалітычных знаходках. Да перыяду неаліту адносяцца надзвычай рэаліст. творы дробнай пластыкі (крамянёвыя і гліняныя скульптуры звяроў, птушак). У 16—17 ст. выявы жывёл адлюстраваны ў мініяцюрах і гравюрах (гравюры ў Бібліі Ф.​Скарыны «Самсон і Леў», «Данііл з ільвамі»), кніжнай ілюстрацыі (іл. Т.​Макоўскага да кн. К.​Дарагастайскага «Гіпіка», 1620). У мастацтве 20 ст. анімалістычны жанр прадстаўлены станковымі творамі В.​Ціхановіча, Г.​Лойкі, Т.​Стагановіч. Анімалістыку выкарыстоўваюць у сваёй творчасці ілюстратары дзіцячых кніг (Ю.​Зайцаў, Я.​Кулік, А.​Лось, Н.​Паплаўская і інш.), мастакі дэкар.-прыкладнога і нар. мастацтва (В.​Альшэўскі, Л.​Багданаў, Р.​Багінскі, В.​Гаўрылаў, Л.​Главацкая, У.​Жохаў, М.​Звярко, Г.​Лінкевіч, В.​Луцэнка, І.​Пухоўскі, Дж.​Сакажынскі).

У літаратуры жывёльны эпас вядомы са стараж. часоў і існуе ва ўсіх народаў свету — стараж.-грэч. паэма 6—5 ст. да н.э. «Вайна мышэй і жаб», паданні ў інд. зб. «Панчатантра», сярэдневяковыя франц., ням., нідэрл. і інш. казкі. На Беларусі самыя стараж. творы анімалістычнага жанру — казкі пра жывёл. Праз алегарычныя вобразы жывёл у іх раскрываюцца разнастайныя праявы ўзаемаадносін і характараў, уласцівыя людзям: смеласць і баязлівасць, адданасць і здрада, бескарыслівасць і прагнасць. Элементы анімалістычнага жанру ёсць у творах стараж. л-ры («Песня пра зубра» М.​Гусоўскага), л-ры 19—20 ст. (алегарычныя вобразы лісіцы і гадзюкі-мядзянкі ў паэме «Кепска будзе» Ф.​Багушэвіча, жорава ў апавяд. «Міхаська» Цёткі). Выдатныя ўзоры анімалістычнага жанру стварылі Я.​Колас (раздзел «Воўк» у паэме «Новая зямля»), Э.​Самуйлёнак («Паляўнічае шчасце»), К.​Крапіва (байкі) і інш. Асабліва пашыраны гэты жанр у л-ры для дзяцей («Вавёрчына гора» В.​Віткі, «Дзед і Жораў» В.​Вольскага).

Літ.:

Ватагин В.А. Изображение животного. М., 1957.

М.​Л.​Цыбульскі, М.​Р.​Міхайлаў (літаратура).

Да арт. Анімалістычны жанр. М.​Звярко. Леў. 1970-я г.
Да арт. Анімалістычны жанр. Г.​Лойк а. Совы. Сангіна, вугаль. 1974.
Да арт. Анімалістычны жанр. Л.​Главацкая. Певень. 1976.
Да арт. Анімалістычны жанр. Т.​Стагановіч. Чыкары (сям’я рыжай вавёркі). 1963.
Да арт. Анімалістычны жанр. П.​Потэр. Каровы на пашы. 1655.

т. 1, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́МБРАНТ [Rembrandt; сапр. ван Рэйн (van Rijn) Рэмбрант Харменс; 15.7.1606, г. Лейдэн, Нідэрланды —4.10.1669],

галандскі жывапісец, рысавальшчык і афартыст; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў галандскага барока і сусв. маст. культуры. Вучыўся ў Лейдэнскім ун-це (1620), жывапісу — у Я. ван Сваненбюрха ў Лейдэне (каля 1620—23), у П.​Ластмана ў Амстэрдаме (1623). У творчасці імкнуўся да філас. асэнсавання жыцця, багацця і разнастайнасці ўнутр. свету чалавека. Пісаў пераважна партрэты, у т. л. групавыя, біблейскія і міфалагічныя сцэны. У 1625 адкрыў сваю майстэрню ў Лейдэне, хутка дасягнуў шырокага прызнання. Раннія творы, у якіх адчувальны ўплыў Ластмана і галандскіх караваджыстаў, вызначаліся рэзкай паліхроміяй і экспрэсіўнасцю вобразаў: «Пакутніцтва св. Стэфана» (1625), «Валаам», «Товій і Анёл» (абодва 1626), «Прынясенне ў храм» (каля 1628—29), «Давід і Галіяф» і інш. Пазней пісаў больш глыбокія і вытанчаныя карціны, якім уласцівы гармонія цёплых чырвона-карычневых тонаў і таямнічыя эфекты святлаценю: «Уцёкі ў Егіпет» (1627), «Самсон і Даліла» (1628), «Сімяон у храме» (1631) і інш. З 1631 жыў у Амстэрдаме, пісаў пераважна заказныя партрэты, аўтапартрэты і партрэты сваіх блізкіх. Творы адметныя пластычнасцю, эксперыментамі ў пошуках псіхал. выразнасці, дэтальнай перадачай рысаў твару, адзення, каштоўнасцей, часам тэатралізаванымі эфектамі. У карціне «Урок анатоміі доктара Н.​Цюлпа» (1632) па-наватарску вырашыў праблему групавога партрэта праз наданне кампазіцыі дынамічнай разняволенасці партрэтаваных і аб’яднанне іх адзіным дзеяннем. У «Аўтапартрэце з Саскіяй» («Вясёлая кампанія», каля 1635), які вызначаецца свабоднай манерай жывапісу, мажорным, напоўненым святлом залацістым каларытам, адышоў ад тагачасных маст. канонаў, выявіўшы жыццёвую непасрэднасць кампазіцыі. У карціне «Даная» (1636) проціпаставіў рэнесансавым пачуццёва-цялесным ідэалам прыгажосці адухоўленасць і цеплыню інтымнага чалавечага пачуцця. Сярод інш. твораў гэтага перыяду: партрэты «Вытанчаная пара ў інтэр’еры», «Партрэт бургграфа», «Саскія ўсміхаецца» (усе 1633), рэліг. і міфалагічныя карціны «Святая сям’я» (1631), «Выкраданне Еўропы» (1632), серыя «Пакуты Хрыстовы» (1633—39), «Ахвярапрынашэнне Аўраама», «Выкраданне Ганімеда» (абедзве 1635), «Асляпленне Самсона» (1636), «Вяселле Самсона» (1638) і інш. З 1639 жыў у Брэстраце (цяпер Рэмбрантхёйс). У 1640-я г. паміж творчасцю Р. і эстэт. патрабаваннямі тагачаснага грамадства адбыўся канфлікт, апагеем якога стала непрыняцце заказчыкамі групавога партрэта «Начная варта» (1642), вырашанага праз героіка-прыўзнятую кампазіцыю, больш уласцівую для гіст. карціны. Творчасць гэтага перыяду страціла знешнюю эфектнасць і мажорнасць, работам уласцівы нарастанне інтэнсіўнасці светлавых эфектаў, якія запаўняюць усю кампазіцыю і вызначаюць форму і фактуру выяў, пастознасць пісьма, цікавасць да пабудовы і архітэктонікі прасторы: «Давід і Іанафан» (1642), «Дзяўчына каля акна», «Святая сям’я» (абодва 1645), «Пакланенне вешчуноў» (1648), «Хрыстос у Эмаўсе» (1648), «Партрэт старога ў чырвоным» (1652—54), «Вірсавія», «Партрэт жонкі брата мастака» (абодва 1654), «Бласлаўленне Іакава» (1656), «Сын Цітус чытае» (1657), «Асур, Аман і Эсфір» (1660), «Змова Юлія Цывіліса» (1661), «Давід і Урыя» (1665) і інш. Каля 1668—69 стварыў манум. палатно «Вяртанне блуднага сына», у якім віртуозна перадаў складаную гаму глыбокіх чалавечых пачуццяў. Аўтар афортаў «Прадавец пацучынага яду» (1632), «Тры дрэвы» (1643), «Хрыстос вылечвае хворых» («Аркуш у сто гульдэнаў», 1649), «Тры крыжы» (1653) і інш., малюнкаў. Іл. гл. таксама да арт. Даная, Нідэрланды.

Літ.:

Рембрандт: Художеств. культура Западной Европы XVII в. М., 1970;

Лазарев В.Н. Рембрандт-портретист // Лазарев В.Н. Старые европейские мастера. М., 1974;

Егорова К.С. Портрет в творчестве Рембрандта. М., 1975;

Ротенберг Е.И. Рембрандт// Ротенберг Е.И. Западноевропейская живопись 17 в.: Тематич. принципы. М., 1989.

Я.​Ф.​Шунейка.

Рэмбрант. Аўтапартрэт з Саскіяй. Каля 1635.
Рэмбрант. Вяртанне блуднага сына. Каля 1668—69.

т. 14, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)