ВАЛЕНТЫ́НА (Valentino) Рудольф [сапр. Гульельмі ды Валентына

(Guqlielmi di Valentino) Радольфа; 6.5.1895, Кастэланета, каля г. Таранта, Італія — 23.8.1926], амерыканскі акцёр. У ЗША з 1913. У кіно з 1918. Здымаўся ў нямых фільмах 1920-х г. («Чатыры коннікі Апакаліпсіса», «Шэйх», «Кроў і пясок», «Сын шэйха», «Кобра» і інш.),

дзе стварыў вобраз экзатычнага «лацінскага палюбоўніка», ракавога спакусніка, рамантычнага шукальніка прыгод, што прынесла яму сусветную вядомасць. Валентына — адна з легенд кінематографа, герой раманаў, п’ес, муз. твораў. У 1977 англ. рэж. К.​Расел зняў пра яго маст. фільм «Валентына».

т. 3, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́БІХТ ((Abicht) Рудольф) (9.8.1850, г. Намыслаў, Польшча — 12.2.1921),

нямецкі філолаг-славіст, адзін з першых даследчыкаў і папулярызатараў бел. культуры ў Германіі. З 1900 праф. слав. філалогіі Вроцлаўскага (Брэслаўскага) ун-та. У працах «Паказальнік крыніц Супрасльскага рукапісу» (1893—98), «Слова аб палку Ігаравым» (1895) даследаваў стараж.-бел. помнікі. Бел. матэрыялы і пераклады друкаваў у газ. «Гоман», «Deutschland» («Германія»), «Wilensker Zeitung» («Віленская газета») і інш. У сааўт. з Я.​Станкевічам выдаў бел. буквар «Просты спосаб стацца ў кароткім часе граматным» (Вроцлаў, 1918); пры яго садзейнічанні выйшаў зб. «Беларусь» (Берлін, 1919).

т. 1, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЛЬФЕРДЫ́НГ ((Hilferding) Рудольф) (10.8.1877, Вена — 10.2.1941),

адзін з лідэраў аўстр. і герм. сацыял-дэмакратыі, тэарэтык аўстр. марксізму. У 1907—15 15 рэдактар герм. с.-д. газеты «Vorwärts» («Наперад»). У працы «Фінансавы капітал» (1910) даў тэарэт. аналіз імперыялізму. У 1918—22 адзін з лідэраў Незалежнай с.-д. партыі, потым Аб’яднанай с.-д. партыі, прапаведаваў тэорыю арганізаванага капіталізму. У 1923, 1928—29 міністр фінансаў ва ўрадзе Веймарскай рэспублікі. Пасля прыходу да ўлады фашыстаў эмігрыраваў у Швейцарыю, Францыю. У 1941 урад «Вішы» выдаў яго гестапа. Памёр у турме.

т. 5, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́НКЕН ((Oncken) Герман) (16.11.1869, г. Ольдэнбург, Германія — 28.12.1945),

нямецкі гісторык. Праф. новай гісторыі Чыкагскага (ЗША, 1905—06), Гісенскага (1906), Гайдэльбергскага (з 1907), Мюнхенскага (з 1923) і Берлінскага (з 1928) ун-таў. У сваіх гіст. поглядах прытрымліваўся ідэй Л. фон Ранке. У 1935 звольнены з пасады нацыстамі. Аўтар прац «Ласаль» (1904), «Рудольф Бенігсен» (т. 1—2, 1910), «Рэйнская палітыка імператара Напалеона III, 1863—70» (т. 1—3, 1926), «Германская імперыя і перадгісторыя сусветнай вайны» (т. 1—2, 1933), «Кромвель», «Нацыя і гісторыя: Прамовы і артыкулы, 1919—1935» (абедзве 1935) і інш.

т. 11, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́РХАЎ ((Virchow) Рудольф) (13.10.1821, Шыфельбайн, Германія, цяпер г. Свідвін, Польшча — 5.9.1902),

нямецкі прыродазнавец, анатам і патолаг, грамадскі дзеяч; заснавальнік паталагічнай анатоміі. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1881). Скончыў Берлінскі ун-т (1843). З 1849 у Вюрцбургскім ун-це (з 1856 праф.), адначасова дырэктар Ін-та паталогіі. Навук. працы па тэорыі цэлюлярнай (клетачнай) паталогіі, у адпаведнасці з якой паталаг. працэс — сума парушэнняў жыццядзейнасці асобных клетак арганізма. Апісаў патамарфалогію і растлумачыў патагенез асн. агульнапаталагічных працэсаў. Займаўся антрапалогіяй, археалогіяй і этнаграфіяй. У апошнія гады жыцця праціўнік эвалюц. вучэння Ч.​Дарвіна. У 1880—93 чл. рэйхстага, адзін з заснавальнікаў і лідэраў ням. бурж.-ліберальнай прагрэс. партыі (1861, з 1884 — Партыя свабодамысных).

т. 4, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЎБЕ ((Laube) Генрых Рудольф Канстанц) (18.9.1806, Шпротаў, Германія — 1.8.1884),

нямецкі пісьменнік, тэатр. дзеяч. Вывучаў тэалогію і л-ру ва ун-тах Гале і Брэслаў (1826—30). Кіраўнік венскага «Бургтэатра» (1849—67), працаваў у Лейпцыгскім (1869—70) і Венскім гар. (1872—80) т-рах. Чл. групы пісьменнікаў «Маладая Германія». Лепшы раман «Маладая Еўропа» (1833—38), напісаны пад уражаннем Ліпеньскай рэвалюцыі 1830 у Францыі і паўстання 1830—31, пра прыгнечаную Польшчу, яе сац. і нац. праблемы. Аўтар рамана «Графіня Шатабрыян» (1843), драм «Вучні школы Карла» (1847, пра маладога Ф.​Шылера), «Граф Эсекс» (1856), тэатразнаўчых прац. Як рэжысёр паўплываў на развіццё рэаліст. традыцый аўстр. і ням. т-раў.

т. 9, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́СЛЕНІКАЎ (Аляксей) (Альберт) Дзмітрыевіч (н. 9.9.1929, г. Новачаркаск Растоўскай вобл., Расія),

расійскі спявак (лірычны тэнар). Нар. арт. Расіі (1973). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1956, клас А.Катульскай). З 1956 саліст, з 1986 рэжысёр Вял. т-ра ў Маскве. Сярод партый: Ленскі («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Юродзівы і ’Самазванец («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Берандзей («Снягурачка» М.​Рымскага-Корсакава), Фін («Руслан і Людміла» М.​Глінкі), Уладзімір Ігаравіч («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Рудольф, Пінкертон («Багема», «Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні), Вертэр («Вертэр» Ж.​Маснэ), Альфрэд («Травіята» Дж.​Вердзі), Фауст («Фауст» Ш.​Гуно), Аляксей Іванавіч («Гулец» С.​Пракоф’ева). Інтэрпрэтатар вак. твораў Дз.​Шастаковіча і Г.​Свірыдава. Дзярж. прэмія Расіі 1977.

т. 10, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ЙЧАЎ (Пётр) (9.3.1887, г. Варна, Балгарыя — 30.8.1960),

балгарскі спявак (лірыка-драм. тэнар), оперны рэжысёр. Нар. арт. Балгарыі (1949). Вучыўся ў Сафіі, Маскве (да 1911). Выступаў у еўрап. і рас. т-рах. Спяваў разам з Ф.​Шаляпіным, Т.​Даль Монтэ, Цітам Руфа. З 1936 саліст Сафійскай нар. оперы. У 1950—58 праф. Балгарскай кансерваторыі. Сярод партый: Герман («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Садко («Садко» М.​Рымскага-Корсакава), Шуйскі («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ), Альфрэд («Травіята» Дж.​Вердзі), Рудольф («Багема» Дж.​Пучыні), Фауст («Фауст» Ш.​Гуно). Паставіў больш за 20 опер у Балгарыі і за яе межамі. Аўтар мемуараў «Жыццё і песня» (1951). Дзімітроўская прэмія 1950.

т. 13, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́РЫНЬШ ((Zariņš) Карліс) (н. 6.7.1930, Рыга),

латышскі спявак (драм. тэнар). Нар. арт. Латвіі (1972), нар. арт. СССР (1976). Скончыў Латв. кансерваторыю (1960), з 1972 выкладае ў Латв. муз. акадэміі (праф. з 1983). З 1960 саліст Нац. оперы Латвіі. Сярод партый: Тотс («Іграў я, скакаў» І.​Калніньша), Віжут («Банюта» А.​Калніньша), Кангар («Агонь і ноч» Я.​Медыньша), Рыгор («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Герман («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Тангейзер, Зігмунд («Тангейзер», «Валькірыя» Р.​Вагнера), Радамес, Атэла, Манрыка («Аіда», «Атэла», «Трубадур» Дж.​Вердзі), Рудольф, Калаф («Багема», «Турандот» Дж.​Пучыні), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ), Пітэр Граймс («Пітэр Граймс» Б.​Брытэна); сола тэнара ў рэквіемах В.​А.​Моцарта і Вердзі, «Месіі» Г.​Ф.​Гендэля, 9-й сімфоніі Л.​Бетховена. Дзярж. прэмія Латвіі 1974.

т. 6, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛА́ЎМАН ((Blaumanis) Рудольф Мацісавіч) (1.1.1863, пас. Эрглі Мадонскага р-на, Латвія — 4.9.1908),

латышскі пісьменнік. Скончыў Рыжскую гандл. школу (1881). Друкаваўся з 1882. Тонкі бытапісальнік лат. вёскі, псіхолаг, майстар стылю і кампазіцыі. Узнімаў сац.-псіхал. праблемы, характары раскрываў праз складаныя духоўныя перажыванні. Аўтар навел і апавяданняў «Пустазелле» (1887), «У Спіенах» (1888), «Раўдупіетэ» (1889), «Веснавыя замаразкі» (1898), «Андрыксон» і «У цені смерці» (1899), драм «Злы дух» (1891), «Блудны сын» (1893), «Індраны» (1904), «У агні» (1905), камедый «Грахі Трыны» (1891), «Дні краўцоў у Сілмачах» (1902) і інш. Вядомы і як паэт-лірык, сатырык і гумарыст. На бел. мову творы Блаўмана перакладала Х.​Лялько.

Тв.:

Kopoti raksti. Sēj. 1—8.Riga, 1958—60;

Бел. пер. — у кн.: Песня Даўгавы. Мн, 1986;

Рус. пер. — Танец втроем: Рассказы. Рига, 1988.

Э.​Кнопэ.

т. 3, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)