БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (БНК),

орган паліт. прадстаўніцтва бел. нац. руху ў сак.—ліп. 1917. Створаны ў Мінску з’ездам беларускіх нацыянальных арганізацый для выпрацоўкі ў кантакце з Часовым урадам асноў аўтаноміі Беларусі ў складзе Рас. федэратыўнай рэспублікі і падрыхтоўкі выбараў у Бел. краёвую раду. У склад БНК на з’ездзе выбраны Р.​А.​Скірмунт (старшыня), П.​П.​Аляксюк, У.​С.​Фальскі (нам. старшыні), Б.​А.​Тарашкевіч (сакратар), Л.​Заяц (скарбнік), А.​А.​Смоліч, Э.​А.​Будзька, В.​Гадлеўскі, Я.​С.​Канчар, І.​І.​Краскоўскі, А.​Л.​Бурбіс, К.​К.​Кастравіцкі (Карусь Каганец), Бабарыкін, Ф.​Г.​Шантыр, М.​С.​Кахановіч, В.​Л.​Іваноўскі, Л.​І.​Дубейкаўскі, З.​Х.​Жылуновіч. БНК меў права кааптацыі іншых членаў. Склікаў краёвы сялянскі з’езд (крас. 1917), які падтрымаў агр. праграму Беларускай сацыялістычнай грамады і выказаўся за заснаванне на месцах сял. арг-цый пад эгідай БНК. Для перагавораў з Часовым урадам накіраваў у Петраград дэлегацыю на чале са Скірмунтам з прапановамі абвясціць Расію федэратыўнай рэспублікай, дэмакратызаваць органы мясц. самакіравання, увесці ў школах краю бел. мову, гісторыю Беларусі і інш. краязнаўчыя дысцыпліны, кампенсаваць насельніцтву страты, прычыненыя ваен. дзеяннямі. Часовы ўрад згадзіўся наладзіць з БНК пастаянны кантакт, аднак паліт. платформу к-та не падтрымаў. Адсутнасць выразнай пазіцыі па агр. пытанні і знаходжанне на чале к-та Скірмунта, які быў вядомы як прыхільнік памешчыцкага землеўладання, давалі паліт. апанентам падставу абвінавачваць БНК у ахове інтарэсаў памешчыкаў, пазбаўляла яго адчувальнай падтрымкі з боку народа. 1-ы з’езд сял. дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ. (крас. 1917) і з’езд настаўнікаў Мінскай губ. (май 1917) адхілілі прапановы БНК адносна будучага дзярж. і культ. статуса Беларусі. У маі 1917 са згоды Часовага ўрада БНК прызначыў юрыстаў Г.​В.​Багдановіча і Я.​Л.​Бруевіча сваімі прадстаўнікамі ў Асобую нараду па распрацоўцы палажэння аб выбарах ва Устаноўчы сход. БНК займаўся культ.-асв. дзейнасцю, пад яго эгідай заснавана Т-ва бел. культуры, 24—25.6.1917 к-т правёў «Дні вольнай Беларусі». Друк. орган — газ. «Вольная Беларусь». Скасаваны з’ездам беларускіх арганізацый і партый.

С.​С.​Рудовіч.

т. 2, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМАДЗЕ́ЙНАЕ ВЫЯЎЛЕ́НЧАЕ І ДЭКАРАТЫ́ЎНА-ПРЫКЛАДНО́Е МАСТА́ЦТВА,

аматарская творчасць у галіне жывапісу, скульптуры, графікі і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Займае важнае месца ў духоўным развіцці грамадства як структурны элемент маст: культуры і сродак далучэння да яе шырокіх слаёў насельніцтва; эфектыўная форма фарміравання гарманічна развітой асобы. У адрозненне ад прафес. маст. творчасці менш звязана з маст.-вобразнымі і стылістычнымі традыцыямі эпохі, агульнапрынятымі, гістарычна сфарміраванымі канонамі; спалучае маст. формы фальклору, нар. і прафес. мастацтва. Існуе ў арганізаваных (студыі, клубы, гурткі пры палацах і дамах культуры, дамах рамёстваў, навуч. установах і інш.) і неарганізаваных формах.

На Беларусі найб. масавы характар набыло ў 1920-я г. У першыя гады сав. улады гурткі і студыі мелі пераважна агітацыйна-прапагандысцкую накіраванасць, ствараліся пры заводах і фабрыках, установах, часцях Чырв. Арміі. Многія мастакі-аматары ўдзельнічалі ў ажыццяўленні т.зв. Ленінскага плана манум. прапаганды, стваралі бюсты паліт. і грамадскіх дзеячаў, помнікі, якія ўслаўлялі свабодную працу, працавалі над афармленнем вуліц і плошчаў, агітпаяздоў, агітпараходаў, агітпавозак (агітпараход і агітпоезд на Гомельшчыне ў 1919, мінскі агітпоезд на Віцебшчыне ў 1934). Значная работа вялася па наладжванні навуч. працэсу ў галіне самадз. выяўл. мастацтва. У Гомелі ў 1919—21 працавалі студыя выяўл. мастацтва імя М.​Урубеля (сярод яе выхаванцаў нар. мастак Расіі Г.​Ніскі), студыя пры Чангарскай кавалерыйскай дывізіі, студыя скульптуры пад кіраўніцтвам Ф.​Валяро. У 1920-я г. створаны студыі выяўл. мастацтва ў Мінску, Оршы, Полацку, Гарадку. На выстаўцы твораў С.в. і д.-п.м. (1919) экспанаваліся работы рамеснікаў і мастакоў Бабруйска. У 1920—30-я г. развіваліся пераважна разьба па дрэве, аплікацыя саломкай, размалёўка, вышыўка, лозапляценне, кераміка. У 1936 у Мінску адбылася выстаўка работ самадз. мастакоў, у 1937 і 1938 — выстаўкі самадз. і нар. маст. творчасці. Іх развіццю садзейнічалі створаныя ў канцы 1930-х г. дамы нар. творчасці (з 1979 навукова-метадычныя цэнтры нар. творчасці і культурна-асветнай работы).

У Вял. Айч. вайну самадз. мастакі Беларусі актыўна ўдзельнічалі ў выданні і афармленні друкаваных і рукапісных падпольных перыядычных выданняў, змяшчалі ў іх партрэты нар. мсціўцаў, пейзажныя замалёўкі, сатыр. малюнкі. У канцы 1940-х—1950-я г. колькасць новых студый і гурткоў павялічылася, праводзіліся творчыя семінары самадз. мастакоў, актывізавалася выставачная дзейнасць. У 1947, 1952, 1959 адбыліся рэсп. выстаўкі самадз. і нар. мастацкай творчасці, у 1955 выстаўка на Дэкадзе бел. мастацтва і л-ры ў Маскве. Значнае месца ў творчасці мастакоў-аматараў займалі тэмы Вял. Айч. вайны, адраджэння нар. гаспадаркі, роднага краю. У 1960—70-я г. актывізавалася дзейнасць арганізацыйна-метадычных устаноў, створаны дамы маст. самадзейнасці (з 1978 дамы самадзейнай творчасці).

На развіццё С.в. і д.-п.м. на Беларусі значна паўплываў удзел самадз. мастакоў і майстроў дэкар.-прыкладнога мастацтва ў рэсп. і ўсесаюзных фестывальных выстаўках-конкурсах, прысвечаных розным знамянальным падзеям, рэсп. выстаўкі дзіцячай выяўл., дэкар.-прыкладной і тэхн. творчасці. Іх творчасці ўласцівы разнастайнасць манер і тэхніка-выканаўчых прыёмаў, актыўны пошук індывід. формы, шырыня жанрава-тэматычнага дыяпазону, паўната адлюстравання жыцця. У драўлянай скульптуры значнае месца займалі фалькл. матывы. Сярод вядомых майстроў С.в. і д.-п.м. Беларусі 1960—90-х г. І.​Абравец, Т.​Агафоненка, В.​Альшэўскі, В.​Аляксеенка, К.​Арцёменка, Г.​Асіпкова, Л.​Бабровіч, П.​Букасаў, В.​Бусараў, С.​Бык, Л.​Галаенка, Н.​Ганчарова, Г.​Ганчаронак, П.​Гатоўка, В.​Гаўрылюк, Ф.​Генкін, В.​Гвоздзеў, П.​Гольцаў, У.​Гулякевіч, В.​Дабраквашын, Ф.​Дудо, М.​Ерафееў, В.​Жарнасек, І.​Занковіч, М.​Засінец, Л.​Казачонак, С.​Какшынскі, В.​Кандраценка, І.​Кішкурна, М.​Корабаў, Дз.​Крупеня, З.​Ляйко, А.​Міхеенка, М.​Няхай, А.​Пупко, В.​Рудовіч, Л.​Саланенка, В.​Самойленка, С.​Серак, Ф.​Сухавіла, Дз.​Сырамятнікаў, Б.​Тарасенка, Л.​Трахалёва, Дз.​Цубер, С.​Шаўроў, А.​Шышанкоў і інш. У 1990-я г. ліквідаваны Рэсп. навукова-метадычныя цэнтры нар. творчасці і культурна-асветнай работы, у некат. раённых гарадах, гар. пасёлках, калгасах і саўгасах яны заменены дамамі (цэнтрамі) рамёстваў (на 2001 больш за 40). Лепшым самадз. студыям і клубам надаецца званне «народны» (гл. Народныя студыі і клубы выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва).

Р.​Ф.​Шаура.

Да арт. Самадзейнае выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Г.​Асіпкова. Песня. 1976.
Да арт. Самадзейнае выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. В.​Бусараў. Ганчар. 1984.
Да арт. Самадзейнае выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. М.​Засінец. Маці. 1976.
Да арт. Самадзейнае выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. С.​Бык. Партрэты М.​Багдановіча, Я.​Коласа, Я.​Купалы.
Да арт. Самадзейнае выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Л.​Трахалёва. Дзот. 1989.
Да арт. Самадзейнае выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. В.​Жарнасек. У прадмесці Лепеля. 1978.

т. 14, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ ГРАМАДА́ (БСГ),

нацыянальная партыя леванародніцкага кірунку. Створана ў канцы 1902 пад назвай Бел. рэв. грамада (БРГ) на аснове гурткоў бел. студэнцкай і вучнёўскай моладзі ў Мінску, Вільні, Пецярбургу. Стваральнікі і кіраўнікі: браты І.І. і А.​Луцкевічы, А.​Пашкевіч (Цётка), А.​Бурбіс, К.​Кастравіцкі (Карусь Каганец), В.​Іваноўскі і інш. На 1-м з’ездзе (Вільня, 1903) БРГ прыняла праграму, у якой характарызавала сябе як арганізацыю «беларускага працавітага народа». Сваёй канчатковай мэтай абвясціла знішчэнне капіталіст. ладу і пераход у грамадскую ўласнасць зямлі, сродкаў вытв-сці, бліжэйшай задачай — звяржэнне самадзяржаўя ў Расіі. У нац. пытанні формай забеспячэння нац. свабоды прызнавала незалежную дэмакр. рэспубліку. Выступала за прамое, агульнае, роўнае выбарчае права з тайным галасаваннем, нар. заканадаўства, раўнапраўе ўсіх людзей незалежна ад полу, нацыянальнасці і веравызнання, свабоду слова, друку, сходаў, забастовак, 8-гадзінны рабочы дзень, бясплатную мед. дапамогу. У агр. пытанні праграма прадугледжвала скасаванне прыватнай зямельнай уласнасці, абвяшчала права кожнага чалавека на апрацоўку зямлі сваімі рукамі. У праграме спалучаўся рэв. дэмакратызм з народніцкім (сялянскім) сацыялізмам. Дакладны час перайменавання БРГ у БСГ не высветлены (па адных звестках у 1903, па другіх — у 1906). У 1903—04 БСГ узаемадзейнічала з Польскай партыяй сацыялістычнай (ППС), Партыяй сацыялістаў-рэвалюцыянераў (ПСР), Літоўскай с.-д. партыяй, выдавала разам з імі нелегальную л-ру. З канца 1905 у Мінску дзейнічала падп. друкарня БСГ. На 2-м з’ездзе (студз. 1906, Мінск) прынята новая праграма партыі. У ёй канчатковай мэтай БСГ абвясціла замену капіталіст. ладу сацыялістычным, бліжэйшай задачай — звяржэнне самадзяржаўя і ўтварэнне Расійскай федэратыўнай дэмакр. рэспублікі з свабодным самавызначэннем і культ.-нац. аўтаноміяй народнасцяў. Для Беларусі яна патрабавала аўтаноміі з мясц. сеймам у Вільні. У агр. пытанні патрабавала адчужэння памешчыцкай зямлі і надзялення сялян зямлёю на правах пажыццёвай арэнды. Ажыццяўленне ўсіх паліт. і сац. пераўтварэнняў з’езд звязваў са скліканнем Устаноўчага сейма Беларусі.

Першым друкаваным органам БСГ і першым легальным перыяд. выданнем на бел. мове стала газ. «Наша доля» (1-ы нумар выйшаў 14.9.1906). Газета мела рэв.-дэмакр. характар, таму з 6 яе нумароў 5 былі канфіскаваны, а № 7 забаронены і раскіданы ў наборы. У ліст. 1906 БСГ пачала выдаваць новую легальную газету на бел. мове «Наша ніва». Асн. аб’ектам дзейнасці БСГ было бел. сялянства. Яе ўплыў на гар. рабочых, за выключэннем Мінска і Вільні, быў нязначны. У рэвалюцыю 1905—07 БСГ дзейнічала сярод сялян і сельскіх рабочых у паветах Мінскай, Віленскай і Гродзенскай губ., арганізавала шэраг паліт. сходак і мітынгаў у вёсках, удзельнічала ў правядзенні сял. забастовак. Ва ўмовах наступу рэакцыі нелегальная дзейнасць грамады спынена. З 2-й пал. 1907 лідэры БСГ засяродзілі сваю дзейнасць на выданні газ. «Наша ніва», якая стала ідэолагам і арганізатарам бел. нац.-культ. руху, разгарнула на сваіх старонках прапаганду нац. свядомасці, ідэі нац.-культ. адзінства беларусаў, дамагалася прызнання самастойнасці бел. нацыі, змагалася за ўвядзенне бел. мовы ў школе, царкве і касцёле. У 1-ю сусв. вайну на акупіраванай немцамі тэр. дзейнічала створаная членамі БСГ Беларуская сацыял-дэмакратычная работніцкая група. На неакупіраванай тэр. БСГ аднавіла дзейнасць пасля Лют. рэвалюцыі 1917. Яе паліт. курс у новай гіст. сітуацыі адлюстроўваў інтарэсы і настроі сярэдніх слаёў насельніцтва, якія былі зацікаўлены ў ажыццяўленні дэмакр. пераўтварэнняў. Канферэнцыя БСГ (сак. 1917, Мінск) выступіла ў падтрымку Часовага ўрада, выставіла патрабаванне аўтаноміі Беларусі ў складзе федэратыўнай Рас. рэспублікі, выказалася за агульнанародную ўласнасць на зямлю, 8-гадзінны рабочы дзень. У сак. 1917 прадстаўнікі БСГ удзельнічалі ў рабоце з’езда беларускіх нацыянальных арганізацый у Мінску, атрымалі 10 месцаў у Беларускім нацыянальным камітэце. Грамада пашырыла свой уплыў сярод інтэлігенцыі, сялян, гараджан, бежанцаў, ваеннаслужачых, рабочых; яе арганізацыі ўзніклі ў Мінску, Бабруйску, Слуцку, Віцебску, Гомелі, Петраградзе, Маскве і інш. Да сярэдзіны 1917 БСГ налічвала каля 5 тыс. членаў і спачуваючых, у маі—чэрв. 1917 выдавала газ. «Грамада», мела прадстаўнікоў у Саветах рабочых і салдацкіх дэпутатаў і гар. думах Мінска, Петраграда, Бабруйска. У чэрв. 1917 канферэнцыя БСГ выбрала часовы ЦК, у які ўвайшлі П.​Бадунова, А.​Бурбіс, Я.​Варонка, К.​Душэўскі, З.​Жылуновіч, У.​Ігнатоўскі, Я.​Колас, А.​Смоліч. БСГ была ініцыятарам склікання ў ліп. 1917 з’езда беларускіх арганізацый і партый, займала кіруючае становішча ў Цэнтральнай радзе беларускіх арганізацый, Вялікай беларускай радзе, актыўна ўдзельнічала ў скліканні Усебеларускага з’езда 1917. У кастр. 1917 БСГ налічвала каля 10 тыс. членаў. Аднак у ёй нарасталі ўнутр. супярэчнасці паміж прыхільнікамі рэфармісцкага шляху і тымі, хто быў гатовы перайсці на леварадыкальныя пазіцыі, блізкія да бальшавіцкіх. У вер. 1917 частка левага крыла БСГ вылучылася і ўтварыла арганізацыю бальшавіцкага кірунку — Беларускую сацыял-дэмакратычную рабочую партыю. У пач. 1918 адбыўся раскол БСГ. Прыхільнікі стварэння самастойнай бел. дзяржавы прынялі ўдзел у абвяшчэнні Беларускай Народнай Рэспублікі. Петраградская і Маскоўская арг-цыі сталі на шлях утварэння бел. дзяржаўнасці на савецкай аснове. Да лета 1918 БСГ распалася на Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю, Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў і Беларускую партыю сацыялістаў-федэралістаў. Выхадцы з левага крыла БСГ удзельнічалі ў рабоце Беларускага нацыянальнага камісарыята, некаторыя ўступілі ў беларускія секцыі РКП(б). На пач. 1919 у Вільні пэўны час дзейнічала Левая фракцыя Бел. сацыяліст. грамады. Пераемніцай традыцый БСГ з 1991 стала Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада.

Літ.:

Турук Ф. Белорусское движение: Очерк истории нац. и рев. движения белорусов. М., 1921 (репр. изд. Мн., 1994);

Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928): Успаміны аб працы першых бел. паліт. арг.: Бел. рэв. грамада, Бел. сац. грамада. Вільня, 1928;

Тое ж. Мн., 1991.

М.​В.​Біч, С.​С.​Рудовіч.

т. 2, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)